Медытацыя тыбецкага ламы
— ...что касается творца этого мира, то я с ним довольно коротко знаком.
— Вот как?
— Да-с. Его зовут Григорий Котовский, он живёт в Париже, и, судя по тому, что мы видим за окнами вашей замечательной машины, он продолжает злоупотреблять кокаином.
Виктор Пелевин
Лаўрэнцій Берыя, тыбецкі манах,
На лбе ягоным — зморшчыны, нібы прамяні сонца,
Якія шчодра дораць і святло, і цяпло.
Лаўрэнцій Берыя, тыбецкі манах,
Медытуе,
І ў медытацыі
Бачыць шамана традыцыі бон,
Што гладзіць шыпы на скуры змяі,
Шаман ласкава песціць змяю,
Ён гладзіць яе з любоўю,
Змяя адчувае ўсю пяшчоту шамана і плаціць яму
Разуменнем.
Лаўрэнцій Берыя, тыбецкі манах,
Нерухома сядзіць,
І не паварушацца зморшчыны
На ягоным абліччы:
Ён медытуе.
Бачыць, як змеі
Сплятаюцца ў палкасці,
Пад не меней палкія крыкі шамана,
Які прамаўляе малітвы і словы.
Змеі з крыламі, змеі акрыленыя пажадай,
Змеі ўтвараюць жазло пасланцаў,
І адкрываюць вароты
Паміж злом і дабром,
Пеклам і раем,
Ведай і няведай
Пад жарсныя гукі
Малітвы шамана.
Лаўрэнцій Берыя, тыбецкі манах,
Медытуе,
І ў медытацыі
Ён стаіць перад прастакутным і чорным бяздоннем —
— варотамі пекла —
За спінай любові,
У якой завязаныя вочы і звязаныя рукі.
Лаўрэнцій Берыя
Падносіць руку з маўзерам
Да патыліцы палоннай, проста да ямкі,
Што падступна залегла ў шавялюры.
Маўзер пяшчотна цалуе палонную ў ямку,
Яе цела здрыгануўшыся бязгучна падае ў яму.
Лаўрэнцій Берыя, ужо лама тыбецкі,
Пяшчотаю ззяюць ягоныя зморшчыны
Лагодна пабліскваюць шкельцы пенснэ
Лаўрэнцій Берыя, лама тыбецкі
Ўсміхаецца:
Ён
Нарэшце
Вызваліўся.
Трыумф Веры — Сабор 1946.
Камсамолка Мадонна
і айцец Гаўрыіл Кастэльнік
Палае зарніца
Над кафедральным саборам
Украінскай грэка-каталіцкай царквы
Ў Львове.
Полымем гучыць у цемры
Голас
Айца Гаўрыіла Кастэльніка —
Нібы закляцце жраца,
Быццам маланкі,
Нясуцца словы ягонае казані:
«Мы разрываем стасункі
З Рымам
Назаўжды.
Ватыкан мы пазбавім духоўнае ўлады —
Ніхто не атруціць — нават ён! — сэрцы нашых парафіянаў!
Чырвонай Русі — і Чырвонае Украіны —
Рым
Не здабудзе
Ніколі!»
Святары апладуюць стоячы
Словам айца Гаўрыіла Кастэльніка,
Нібы на з’ездзе партыі,
Нібы пад партрэтам Вождя,
А не пад прыладай ганебнага смяротнага пакарання — крыжам!
Не камсамолка — Мадонна
Падыходзіць да айца Гаўрыіла Кастэльніка,
Гулліва віхляючы сцёгнамі,
Гэты анёлак святла, вавілонская блудніца
Мірам выводзіць
Знак
прыняцця прысягі Валадарам Усходу
На чале айца,
Які разарваў стасункі з Рымам.
Гучыць голас
Айца Гаўрыіла Кастэльніка —
Рэчытатывам
Святар
Чытае лепей
За Мефістофеля:
Зварот да Дэміурга
Мае
Адбыцца
Прыгожа
І
Пышна.
На злосць каталіцкай імшы
Гучыць голас
Айца Гаўрыіла Кастэльніка:
«Мы рвём ланцугі
Векавечныя,
Нам, як і пралетарыяту,
Ужо няма чаго траціць.
Нарэшце мы разрываем стасункі з Рымам!»
І з гэтымі словамі
Святар
Зрывае з сябе крыж,
Топча яго ботамі
І скача на ім.
На момант у вачох святара
Загараецца іскра божая,
Ён падае на калені
І цалуе распяцце —
Тое, што паміж ног камсамолкі,
А не тое, што ён акурат патаптаў.
Камсамолка Мадонна гулліва смяецца
І перакульвае чашу з віном для прычасця
На халодныя пліты сабору,
Адбіваючыся нават у Полтве
Чырвонымі плямамі менструальнай крыві
Тых,
Хто не прыняў
Новае
Веры.
Зоя Касмадзям’янская
Завіруха. Зіма. Эшафот.
Пыхае холадам позірк
Палкоўніка Рыхтэра.
Зоя баіцца,
І калоціць яе
Не ад холаду «рускай зімы»,
А ад холаду позірку немца.
Рашучым як фюрэр жэстам
Палкоўнік Рыхтэр
Зрывае чырвоную вязанку
з Зоі.
Рэзка,
Як заклінанне рэінкарнацыі Шывы,
Палкоўнік Рыхтэр
Усаджвае нож у цела Зоі.
Снег чырванее пад Зояй,
Як на Вадохрышча.
Палкоўнік Рыхтэр
Нажом выразае
Чырвоную зорку на грудзях Зоі.
Зоя заходзіцца крыкам.
Перад вачыма палкоўніка Рыхтэра,
Перад халодным нямецкім жалезам
бяссільны запал камсамолкі.
Крык Зоі згасае — са словамі «мама-мама...»
Зоя памірае,
Але і гэтыя ейныя словы
Рассыпаюцца ў прах
Перад бляскам нямецкай сталі.
Смерць у Пекіне
Рашэнні з’езду — у жыццё!
Максіма
Пастанова ХІІ
Усекітайскага з’езду
Кітайскай камуністычнай партыі:
У адной сям’і — адзін дзіцёнак!
Не патрэбная кітайцам
Занадта вялікая колькасць людзей
Занадта вялікая колькасць людзей
Замінае выкананню рашэнняў
Кітайскай камуністычнай партыі.
Вельмі многія маленькія кітайцы
Не заслужылі
Чырвоны мандат на жыццё
За подпісам таварыша Гао Цян,
З партрэтам таварыша Мао Цзэдуна.
І кожны нованароджаны
Бачыць
Замест мацярынскіх грудзей
Рашучы твар хунвэйбіна.
І чуе
Ягонае маўклівае запытанне:
«МАНДАТ?!»
Няма мандату — няма жыцця.
Навошта жыццё без мандату?
І кожны кітаец,
Народжаны па-за законам,
Абавязкова адчуе
Халодны ўкол эўтаназіі,
Як пацалунак таварыша Мао.
Згодна з пастановай з’езду
Кітайскай камуністычнай партыі
Кругласуткава
Трывае ў Пекіне місія смерці —
— па радзільнях Пекіну
Рашуча крочыць
Вястун ЦК —
Чырвоны камісар — таварыш Смерць.
Радаван Караджыч глядзіць у прыцэл на Сараева
Места
Ляжыць
У калысцы руінаў
У пялюшках
З калючага дрота.
Места
Здранцвела
Ідзе навальніца.
Неба
Зацягнута
Хмарамі.
Прадвесце:
Шквальны агонь
Бязлітасны шквальны агонь,
І сотні удараў маланак.
Места
Здранцвела
Пад кіпцюрамі
Мужных арлоў.
Водбліскі сонца
Ў бязлітасных зрэнках
Жахаюць
Насельнікаў
Места.
А можа,
Водбліскі сонца
У аптычных прыцэлах
Жахаюць
Насельнікаў
Места?
Места
Ляжыць
У калысцы з агню,
Як мішэнь
Пад ударам
«Граду».
Места
Здранцвела
Пад абстрэлам
Маланкі —
Радаван Караджыч
Глядзіць скрозь прыцэл
На Сараева.
З закрытых архіваў «САЮЗМУЛЬТФІЛЬМу»
/тав. Сталін рэдагуе Джані Радары/
Як абсечаная морква,
Горда ўзносяцца ў чорныя начныя нябёсы
Чырвоныя вежы Крамля —
Нібыта нейкі з кухараў паўтыкаў іх
У неба,
Пагражаючы камусьці,
Хто жыве за яго крыштальным вечкам,
Шчодра прадзіраўленым серабрыстымі цвікамі
Зор і камет.
Іосіф Вісарыёнавіч рэдагуе Джані Радары:
Пачнём з негатыўных —
Чаму князь Лімон? Чаму шэвалье Памідор?
Чырвоны — гэта колер нашае —
— слаўнай у вяках! —
Рэвалюцыі!
А лімон —
— кіслы фрукт, —
Які працвярэжвае...
Лімоны растуць
У сонечнай Грузіі,
На паўднёвых схілах
Каўказа...
Лімон з Памідорам маюць быць разбойнікамі!
Яны рабуюць дыліжансы з золатам —
— дзеля папаўнення партыйнае касы
І шчаслівай будучыні пралетарскага класу!
/тав. Сталін піша цыдулку тав. Берыі/.
А зараз пазітыўныя: чаму Чыпаліна?
Ён жа цыбуля, якая змушае плакаць...
А камунізм ужо не за Каўказскім хрыбтом —
— і яго сустракаюць вясноваю ўсмешкаю, —
а не слязьмі!
Не вартая цыбуля ролі правадыра рэвалюцыі!
/Тав. Сталін крэмзае і крэмзае ў рукапісе/.
Канцоўка:
трэба дадаць вытворчую тэматыку —
Няхай рабочыя на заводах
у патрыятычным экстазе
кахаюцца са станкамі —
— імпэтна і зладжана —
Пяцігодку — за год!
Порнапраца
Хачу па-мацярынску абняць порнаакцёраў.
Хлопцаў.
У іх жа
Такі змучаны выгляд у гэтым кіно.
Трэба іх неяк суцешыць.
Цяжкая ў іх работа.
У дзяўчат работа лягчэйшая —
— там, у асноўным, міміка.
І вакальныя дадзеныя, канечне:
Усялякія там стогны, крыкі...
У хлопцаў работа цяжэйшая —
— працаваць, працаваць, працаваць.
За мімікай можна нават не сачыць,
Рэжысёры на гэта амаль не зважаюць.
Затое чэлес, нібы поршань,
Мусіць працаваць увесь час,
Рухацца рытмічна
Туды й сюды,
Туды й сюды,
Сюды й туды
/гэта тое, пра што вы падумалі зараз/.
Вы ўяўляеце, колькі калорый
Спальваюць хлопцы-порнаакцёры?
І чаму сярод іх няма «баравічкоў»?
/вядома, акрамя кіно
для гледачоў
са спецыфічнай прыхільнасцю да поўных/.
Вы разумееце, чаму ў іх такі змучаны выгляд?
І позірк
Занадта сур’ёзны
Нават для такой работы —
— здымацца ў порна.
Трэба неяк суцешыць
Хлопцаў-порнаакцёраў.
Можа, стварыць прафсаюз?
І выдаваць ім малако на рабоце.
Выпраўляць на лета
На аздараўленне
У санаторый.
Мы ж адпраўляем
Дэпутатаў Вярхоўнае Рады.
Чым яны лепшыя за хлопцаў-порнаакцёраў?
Ранак жалезнага Фелікса
Ранак/Світанак.
Цвёрда стаіць
Фелікс Жалезны
Ў дзвярох касцёла места Любані —
На небакраі Новае Эры і Новае Ўлады
Днее ўжо
Сімвал вечнае велічы і неўміручае славы —
Разнасцежаныя для чэкістаў
Брамы
Горада Варшавы.
Цвёрда стаіць
Фелікс Жалезны
І рэвалюцыйным агнём Кузбасу палаюць
Жалезныя вочы.
Рукою сціскае Фелікс рукалатку мяча —
Рабочае паўстанне яшчэ трэба падняць —
Стары сусвет знішчаны
Яшчэ не пад корань,
Каталіцкая царква не спіць — не спіць і ЧК.
Моцна стаіць
Фелікс Жалезны
На папялішчы касцёла — пажарышчы старой веры
і старой улады.
Перад разбітым на друзачкі распяццем
Перад раструшчаным рукою чэкіста абліччам
Хрыста
У нетрах Жалезнага Фелікса
Займаецца
Адзіная думка,
Накіраваная не на ордэны й вечную славу,
А,
Як і раней у дзяцінстве,
Да ксяндза-настаўніка з горада Варшавы:
«Ойча, як мог
Б-г памерці ад ран цвікоў і дзіды?
Як Ён мог памерці
Не ў сутычцы з ворагам, не ад мяча?
Як чобат ЧК здолеў раструшчыць Хрыста?
Ойча, як мог Б-г памерці...?»
Бокс ЦКБ
Смяротна хворы Андропаў ляжыць у лякарні ў Крамлі,
І гарачае сэрца чэкіста рыдае вянознай крывёю,
Залівае яго чыстыя рукі,
І казённую бялізну
Колеру сцяга контры.
Па тэлевізары «Рубін Ц-266Д»,
Які даступны толькі наменклатуры,
Смяротна хворы Андропаў пільна
Ўглядаецца ў буржуазнае кіно —
— сагу пра шпіёна Джэймса Бонда.
У маладым, саракагадовым прыгажуне,
Куміры жанчын з краін трэцяга свету
/ і з краін залатога мільярда,
і нават з краін Варшаўскага блоку/,
Смяротна хворы Андропаў бачыць сябе —
— маладога чэкіста за мігатлівым экранам
Цуду савецкай тэхнікі
У закрытым боксе крамлёўскай лякарні
Для найвышэйшых чыноў Камуністычнай партыі.
Гэта ён! Ён!
Юны прывабны чэкіст,
Разгадвае ўсе планы НАТА,
Зрывае рэакцыю ў Чылі,
Ратуе Фідэля Кастра
і Чэ Гевару,
Збівае карэйскі лятак
І асабіста забівае Аміна.
Гэта ён спакушае Маргарэт Тэтчэр,
І абвяшчае Брытанію Савецкай Рэспублікай
На Трафалгары.
На Лубянцы
Яму ставяць помнік
Побач з Дзяржынскім
Смяротна хворы Андропаў ужо бачыць
яго з акна
Закрытага боксу крамлёўскай лякарні
Для найвышэйшых чыноў Камуністычнай партыі.
Бачачы ўсё гэта
За мігатлівым экранам —
— сябе маладога, куміра жанчын,
Смяротна хворы Андропаў плача,
Пэцкаючы вянознай крывёй
Мігатлівы экран.
Сонца над Пхеньянам
У Пхеньяне,
У месьце сонца й надзеі
Мужных паўночных карэйцаў калоны
Праходзяць радасным маршам.
Палаюць шчасцем — усе як адзін —
Абліччы мужных карэйцаў,
Нібы транспаранты яны,
На якіх напісана Веру
Ў Перамогу Карэі.
Тысячы мужных паўночных карэйцаў
У роўных як струнка калонах праходзяць перад правадыром,
Сціскаючы калашы ў рашучых руках
І ловячы кожнае слова правадыра.
На Маўзалеі стаіць сын,
Жывы Дух Бацькі Кім Ір Сэна — Кім Чэн Ір,
Грухочуць ягоныя словы,
Нібы танкі
Народнае арміі КНДР,
Неба маўчыць перад імі і ім.
Перад Маўзалеем,
Перад Правадыром іх і Бацькам,
Мужных паўночных карэйцаў калоны
Праходзяць радасным маршам.
І гукі тысячы палкоў
Зліваюцца
Плыньню
Ў адзін-адзіны покліч:
«Мы ябанём па Вашынгтону, быццам гром,
Таварыш Кім Чэн Ір, як трэба ябанём!»