Ліст да Еўропы

Пераклад: 
сучасная шведская паэзія, вершы па-беларуску, шведская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка, пераклад

Еўропа, я аддала табе ўсё і цяпер я нішто.
Еўропа, дзвесьце шэсцьдзясят еўра і семдзясят шэсць цэнтаў, студзень 2018.
Я не трываю самой сябе.
Еўропа, калі ты скончыш вайну супраць чалавецтва?
Пайшла ты са сваім комплексам Ісуса.
Мне кепска, не назаляй.
Мне не напісаць верш, пакуль я не ў гуморы.
Еўропа, калі ты пойдзеш на пенсію?
Калі скінеш свае адзежы?
Калі глянеш на сябе з магілы?
Калі будзеш вартая мільёнаў сваіх гастарбайтэраў?
Еўропа, чаму твае бібліятэкі поўняцца слязьмі?

Гэта было доўгае лета, і засуха яшчэ пакажа сябе.
Ва ўнівермагах скончыліся вентылятары.
Хутка ў цябе не застанецца ані прыдатнага клімату, ані дабрабыту.
Мне мрояцца сцены, якія сустрэнуць цябе, калі катастрофа надыйдзе.
Еўропа, паўтарай за мной:
Футбалісты бываюць французамі, якія афрыканцы, якія французы.
Гэта зусім не складана.
Быццам бы ўсе разумеюць наступствы каланіялізму апроч цябе, якая яго спарадзіла.
Еўропа, ты авакада, гнілое яшчэ да таго, як саспее.
Ты бомбасховішча, дзе месца ёсць толькі для ўласніка.
Ты маеш тэфлонавы вобраз сябе, нічога не прыстае.
Ты завялікая ганебная пляма на карце.

Еўропа, за шэсцьдзясят тры гады да Лампедузы Сезэр пісаў, што цябе немагчыма абараняць.
Колькі ўмёрла ў Міжземным моры на гэтым тыдні?
Кожны ўцякач, які фарсіруе твае межы, − абвяшчэнне вайны.
Праклятыя гэтай зямлі захацелі дастатку, які стварылі.
Еўропа, калі ты зробіш брэксіт самой сабе?
Ты забарона чадры ў Францыі, забарона мінарэтаў у Швейцарыі, канфіскацыя ўпрыгожанняў у Даніі.
Ты міністар унутраных спраў Італіі, які цытуе Мусаліні.
Ты мігрант на прывязі ў Венгрыі.
Але найгрошая, безумоўна, Данія.
Данія − адчыненыя дзверы, якія яшчэ мала ламалі.
Аднойчы я замкну Данію з раз’ятранымі ад голаду белымі мядзведзямі Грэнландыі.
Аднойчы выкраду з гаража ўсе аўтамабілі Даніі.
Аднойчы я выраблю план па гета з Ларса Лёке Расмусэна.
Аднойчы я запатрабую помсты за ўсе спаленыя лагеры ўцекачоў.
Аднойчы ты будзеш прасіць усіх ромаў аб дараванні.
Аднойчы ахову сінагог скароцяць.
Аднойчы Дублін проста будзе назвай адной з тваіх сталіц.

Еўропа, аднойчы мы з Шорай, Мірыям і Ханнай будзем есці пірожныя.
Ніхто і бровам не варухне, калі мы завітаем у найлепшую кандытарскую.
Ніхто не звернецца да нас англійскаю мовай.
Мы будзем памешваць у філіжанках прыгожымі лыжачкамі.
Мы дазволім дочкам заказаць усё, на што ўпадзе іх погляд.
Ніхто не адвядзе вачэй, калі мы папросім дзіцячыя крэслы.
Ніхто не ўздыхне, калі дзеці абліюцца.
Еўропа, штодня белыя людзі плююць нам услед у метро.
Яны жывуць з вераю, што сідзячыя месцы − іх спадчына.
Еўропа, падобна, што ты не акрыяла ад чумы.
Еўропа, гэта ўсё мусульмане.
Гэта ўсё мусульмане і габрэі, і ромы, і афрыканцы.
І тыя, якія так выглядаюць − як мусульмане і афрыканцы, але імі не ёсць.
І тыя, хто былі габрэямі, але зрабілі ўсё, каб гэта схаваць.

Еўропа, калі я пачну пісаць вершы з самаўпэўненасцю пасрэднага белага мужчыны?
Колькімі ты ахвяравала ў Заліве Гуантанама?
Калі Палестына выступіць на Еўрабачанні?
Калі твае межы адліпнуць ад Уральскіх гор?
Калі я змагу пайсці ў супермаркет
і купіць што мне трэба за прыгожыя вочы?
Еўропа, як выйшла, што многія твае краіны − манархіі?
Думаеш, гэта дзіцячая казачка?
Як доўга ты прыкідацца будзеш, што Рабесп’ера ніколі не існавала?
Эразмус — найгоршае ў маёй універсітэцкай вучобе.
Я акупавала ўніверсітэт Дэні Дыдро і спала з усімі на поўнач ад ракі.
Лінгвістычны факультэт больш ніколі не чуў пра мяне.
Міна і Бахар пераехалі, думаю, яны не вернуцца.
Еўропа, я абмачылася, калі грэчаскі дальнабой звярнуў з дарогі.
Але ён проста хацеў паказаць мне антычны храм.
Ты любіш Арыстоцеля, але ты ненавідзіш грэкаў.
Ты любіш лічыць, але ты ненавідзіш арабаў.
Ты любіш паэзію Сігб’ёрна, але ты ненавідзіш саамаў.
Ты любіш упрыгожыць балкон, але ты ненавідзіш сваіх суседзяў.
Ты любіш наручнікі, але ты ненавідзіш сэкс.
Еўропа, што прыйдзе пасля цябе?
Не дзіва, што Эцы меў язву.

Еўропа, сплылі тыя дні, калі я маркоцілася па Гертрудзе на rue des Fleurus.
Авангард − проста рэкламны фокус імперыі.
Пікасо намалаваў Герніку і сказаў: Бык − гэта бык, а конь гэта конь.
Твая машынэрыя празмерная.
Ты змусіла мяне хацець ехаць чартэрам.
Павінен жа існаваць нейкі іншы спосаб прыйсці да згоды.
Еўропа, дваццаць гадоў таму мы ненавідзелі слова мультыкультуралізм, бо яно выштурхоўвала нас у адрознасць.
Цяпер мы молім цябе вітаць іншасць.
Еўропа, паўтарай за мной:
Willkommen, bienvenue, welcome.
Fremde, étranger, stranger.
Glücklich zu sehen, je suis enchante.
Happy to see you, bleibe, reste, stay.
Мяне паразіла думка: мне ж ніколі не зрабіцца Еўропай.
Я зноў гавару з сабой.

Еўропа, у дзяцінстве я была камуністкай, і не шкадую.
Я прадавала газеты ў школьным калідоры.
Мой настаўнік па біялогіі заўжды купляў, хоць ён быў і правы.
Ён казаў: усходні блок важны для захавання балансу.
Еўропа, калі я пішу гэта, у маёй галаве апускаецца жалезная заслона.
Я сумую па пятым інтэрнацыянале.
Да якога году мне аднесці здраду сацыял-дэмакратыі?
Калі я шпацырую ўздоўж Ландвер-канала, Люксембург Роза шэпча, што замярзае.

Еўропа, нягледзячы ні на што Рыльке і Шэлі былі напраўду вялікімі паэтамі.
Сакрэ-Кёр асляпляльна прыгожая, а зяленіва ў Трансільваніі неверагоднае.
Нягледзячы ні на што я раблюся чуллівай, калі серабрыцца Дунай.
Нягледзячы ні на што непакоюся, каб Паўночнае мора не перамагло Ратэрдам.
Нягледзячы ні на што я загугліла fun facts about Albania.
Нягледзячы ні на што стрэлы ў Сараева мне бліжэй за сваю гісторыю.
Нягледзячы ні на што ў Славеніі маецца месца, што завецца Іерусалімам.
Там сяліліся крыжаносцы, калі не маглі адолець дарогу да мэты.
Еўропа, нельга аддзяліць la mission civilisatrice ад хрысціянства, хрысціянства ад феадалізму, феадалізм ад індустрыялізацыі, індустрыялізацыю ад капіталізму, капіталізм ад барбарства.
Я разумею, чаму рамантызм надыйшоў за асветніцтвам.
Я разумею, чаму Марыі Антуанэце было не да хлеба.
Я разумею, чаму Мікеланджэла ўзяў заказ па Сікстынскай капэле.
Я пастаянна блытаю Версаль і Вішы, а таксама Веймар і Ватэрлоо.
Я разумею, чаму плач сэрца Верлена як над горадам дождж.

Еўропа, аднойчы адбудзецца Лагоская канферэнцыя і Афрыка акрэсліць наноў твае межы.
Нігерыя атрымае краіны Балтыкі апроч Літвы, што адыйдзе Анголе.
Алжыр пажадае Польшчу, але без Варшавы.
Камерун возьме ўсё паміж Нармандыяй і Гібралтарам.
Дэмакратычная рэспубліка Конга і Рэспубліка Конга пагодзяцца на астатняе.
Афіцыйнымі еўрапейскімі мовамі будуць лічыцца лінгала, кіконга і суахілі.
Паўночныя краіны ніхто не захоча, лясы там павыгараюць.
З насельніцтва зробяць рабоў, гандль імі павядуць на гётэборгскім партовым рынку.
Хоць падарожжа нядоўгае, многія морам памруць.
Тых, хто выжыве, размяркуюць па кантыненце, большасць сканцэнтруюць у Паўднёвым Судане і Эрытрэі.
Вельмі хутка палова памрэ ад мясцовых хваробаў.
Але працаваць змогуць дзеці і дваццаць пяць пакаленняў скандынаваў вырастуць у рабстве.
Ніхто не захоча Англію, нарэшце Батсвана ласкава пагодзіцца.
Паводле галасавання, Самалі адыдзе Шатландыя і Ўэльс.
Свабоднай застанецца толькі адна краіна Еўропы — аб’яднаная Ірландыя.

Я раней уяўлення не мела, што Cranberries спявалі пра ІРА.
Еўропа, гэта не я, гэта сям’я не мая.
Было б лепей, каб калаўрот Джэні ніколі не вынайшлі.
Было б значна прасцей, каб Маркс і Энгельс зрабілі камінг аўт.
Еўропа, некаторыя з тых, хто хоча закрыць мяжу, каб захаваць заробкі, − дзеці траўня шэсьдзясят восьмага, якія забылі, што ў працоўных няма айчызны.
Ты проста злая ці гэта кепскі жарт такі?
Я спадзяюся, што спаленыя ў працэсах над ведзьмамі былі ў хаўрусе з д’яблам.
Я спадзяюся, што Галілей Галілео рагоча з цябе на нябёсах.
Я спадзяюся, што цюленевы тлушч сапраўды дапамагае ад коклюшу.
Я спадзяюся, што Джэсі зможа імпартаваць так шмат, колькі ёй трэба.
Я спадзяюся, што Елінэк купіць востраў на тыя грошы.
Я спадзяюся, што Чэхія не растранжырыць казну на падсветку помнікаў у Празе.
Я спадзяюся, што ніводная хрысціянска-дэмакратычная партыя не набярэ дастаткова.
Я спадзяюся, што ў гарах дагэтуль жывуць партызаны.
Я спадзяюся, што яны прыкмячаюць фашыстаў, як ты прыкмячаеш трусоў.
Я спадзяюся, што Эмі Вайнхаўс уваскрэсне і спяе на маім пахаванні.
Я спадзяюся, што Фройд назаве твой стан паводле Марын і ейнага бацькі − комплекс Ле Пэн.

Еўропа, большасць шведскіх лідэраў партый ідэнтыфікуюць сябе з Піпі Доўгайпанчохай.
А самі − выкапаныя забойцы мамы Бэмбі.
Штодня мы задаемся пытаннем, ці не зрабіць нам падвоенае грамадзянства, каб мець шлях да ўцёкаў.
Ці гэта прывядзе да таго, што нас дэпартуюць.
Я чую, што ўсё больш гавораць пра Партугалію.
Мяне не надурыць паказухай.
Мне было восем, калі грымнула вайна ў Югаславіі.
Мне было дзевяць, калі ў мяне з’явіліся баснійскія аднакласнікі.
Я не магла сцяміць, чаму яны ўцекачы, як і мы, хоць яны еўрапейцы.
У Белградзе маўзалей Ціта − направа ад амбасады Ірана.
Энна дагэтуль кажа, што размаўляе па-сербахарвацку.
Наш найменшы супольны назоўнік − пахлава.
Еўропа, трымай дыплом за найбяднейшую кулінарную культуру, сёлета ён зноў твой.

Еўропа, я прайшла ў дэманстрацыі за аборты ў Барселоне.
Мне прыснілася, што маё цела пераехалі танкі.
Я ўбачыла пустыя крэслы на плошчы ў Кракаве.
А я ж хачу не лагеры смерці наведваць, а чытаць Віктара Клемперэра.
Еўропа, словы могуць быць, як драбнюткія дозы мыш’яку.
Еўропа, калі фашысты забіваюць дзяцей, ты ўзнімаеш нацыянальныя сцягі.
Еўропа, я бясконца магу праводзіць гістарычныя паралелі.
Але ёсць вялікая розніца паміж цяпер і тады − чатыры мільёны савецкіх салдат.
Розніца паміж зімовай вайной у Фінляндыі і цяпер − восемдзясят градусаў.
Еўропа, сапраўды настала эпоха забыцця.
Я ўрэшце скончу альбо як Ульрыка Майнхаф альбо як Італія ў чэмпіянаце свету па футболе.
Мая псіхатэрапеўтка лічыць, што я маю рацыю.

Я злая на камунізм, бо ён спаскудзіў мару пра камунізм.
Я злая на Шведскую акадэмію, бо праз іх пайшла дурная пагалоска пра феадалізм.
Я злая на Ісландыю, бо мова гэта не брудная бялізна.
Я злая на Арфея, бо ён не мог датрываць.
Я злая на Лютэра, бо ён ніколі не браў адпачынак.
Я злая на Габрыэля, бо ён не пераедзе ў Багармосэн.
Я злая на Пуціна праз усё ягонае дзюдо.
Я злая на Мэркель, бо з яе так сабе Ангела.

Еўропа, тыя, хто раней ніколі не галасавалі б за лейбарыстаў, цяпер вядуць кампанію за Корбіна.
Я насамрэч спадзявалася на Сірыза, і ўсё яшчэ маю спадзеў на Падэмас.
Хоць яны падзяляюць слоган з Абамам.
Еўропа, я прывяла дачку ў Берлінскі заапарк.
Яна спалохалася жырафы, але захацела абняць ільва.
Потым мы пайшлі ў Пергамскі музей.
Мне хацелася паказаць ёй браму, што носіць ейнае імя.
Яна спала ў вазку, а мае думкі круціліся вакол рабавання Вавілоніі.
Еўропа, я адмаўляюся ад гутарак пра тэрарызм, якія не пачынаюцца з вайны за нафту.
Я пасею зброю масавага знішчэння на Даўнінг-стрыт, 10.
Еўропа, колькі нас выйшла на вуліцу ў 2003?
Колькіх ты ўсё адно забіла?

Еўропа, колькі б мы ні называлі Лондан Сярэднім Захадам, а ЗША Далёкім Захадам, паводзішся ты быццам гэта слаўныя дні за каралём Леапольдам.
Еўропа, калі белы чалавек адпусціць свой цяжар?
Я ўсё яшчэ не расказала, што ты зрабіла з нашымі бацькамі ў дзевяностыя.
Я не патлумачыла, навошта мне ў торбачцы лазерныя ўказкі.
Ці памятаеш тыя белыя рукі на лацканах?
Ці памятаеш, як узнімалі тосты ў рэстаранах Мадрыда, калі ў Піначэта здарыўся інфаркт?
Ці памятаеш, як рвалі на сабе валасы, калі Мілошэвіч памёр у турэмнай камеры?
Ці памятаеш, як танцавалі на Лонданскіх вуліцах, калі Тэтчэр хапіў удар?
Ці памятаеш бабуліну чадру колеру марской хвалі?
Ці памятаеш мяне з валасамі, заплеценымі ў коскі?

Хто заўгодна магла б уцяміць, што аб’яднанне вуглю і сталі было не для пралетарыяту.
Хто заўгодна ведае, што рабочыя маюць хіба кайданы, каб губляць.
Хто заўгодна магла б расказаць народу на Лесбасе, што лесбіянкі ўжо перамаглі.
Еўропа, мяркую, мне спадабалася б каралева Крысціна.
Але не ведаю, ці спадабалася б каралеве Крысціне я.
З усіх людзей, якія жылі тут, Спартак мой улюбёнец.
Дзе тое, што мы вучылі ў школе, а дзе рэчаіснасць − нічога агульнага.
Я хачу, каб Аджалан зрабіўся старшынём Еўрапейскай камісіі.
Я хачу, каб гісторыя пра цябе скончылася ганебна.
Я хачу, каб гісторыя пра нас скончылася, як у кінафільме «Прайд».
Я хачу, каб прафсаюзны рух пайшоў поплеч з квірактывістамі, каб квірактывісты пайшлі поплеч з мігрантамі без дакументаў, каб мігранты без дакументаў пайшлі поплеч са сваімі дзецьмі, каб дзеці пайшлі поплеч са сваімі зайчыкамі, і каб зайчыкі неслі ў заплечніках бутэлькі з вадой для дзяцей.
Я хачу, каб фермеры Камбоджы спалілі нашыя папяровыя грошы.
Я хачу забыцца на тое, што дзеля маёй свабоды выбару свет расколаты напалам.
Я хачу, каб транснацыянальнае ўдачарэнне і ўсынаўленне забаранілі.
Я хачу, каб мае дзеці належалі каму-небудзь іншаму.

Еўропа, у Клішы полымя гарыць, у Брыкстане гарыць, у Хусбю гарыць.
Гараць мне вочы, калі я чытаю газеты.
Мяркуеш, варта дазволіць правым медыям ціснуць на кнопку тваіх эмоцый?
Ды за вікінгамі існавала болей свабоднай прэсы, чым за тваімі дэмакратамі.
Еўропа, твае мазгі прамытыя ліберальнымі агіткамі.
Ты не прызнала б сваё падзенне, нават лежачы на лапатках.
Еўропа, у дзяцінстве я чытала Алена Гінзберга, я ўсё прызнаю.
Еўропа, ты ўчыніла тое, што ніхто больш не здолеў.
Ты забіла маіх братоў.

Еўропа, куды ты падзела любоў?
Як абышлася ты з дзеткам прывідам?
Куды ты схавала свае герані?
Калі служба бяспекі забярэ на дагляд твой багаж?
Калі цябе напаткае Гаагскі трыбунал?
Калі ты пачнеш слухаць мігрантаў, а не журналістаў, якія троху пааціраліся сярод мігрантаў?
Еўропа, хіба гэта не праўда?
Мая дачка − прапраўнучка ўкраінскіх габрэяў, якіх змусілі міграваць пагромы, унучка іранскіх і аргентынскіх камуністаў, якіх змусілі міграваць дыктатуры, і дзіця стомленых шведаў, якія маюць спадзеў застацца.
Еўропа, гэта ўсё блядзкія датчане.
Данія зусім ачмурэла ад прагі ўлады, хоча жэрці нас жыўцом.
Аднойчы я запачаткую рух за санкцыі супраць Даніі.
Аднойчы ўсаджу кол у самае сэрца Даніі.
Аднойчы Фарэрскія кулікі хакнуць Данію.
Аднойчы ў Даніі дазволена будзе толькі халяльная каўбаса.
Аднойчы я разбяру Данію на кубікі, як Легалэнд.

Еўропа, я адмаўляюся кідаць сваю апантанасць.
Я адмаўляюся дакапвацца да сутнасці.
Я адмаўляюся купляць Берлінскую сцяну.
Я не казала яшчэ пра тыя мільёны бедных, што жывуць у тваіх кветкавых вазонах.
Я не казала яшчэ пра твае турмы.
Я не казала яшчэ, як Ільва закалыхвала мяне той ноччу.
Я не казала яшчэ, як разарвуцца сямейныя сувязі.
Я пакінула Чарнобыль і Чачню да іншага выпадку.
Я спадзяюся, мае пачуцці да Даніі прасвечваюць.
Еўропа, не чапай мяне, я ведаю, што раблю.
Я стамілася ад тваіх хворых патрабаванняў. Дай жанчыне жыць.
Як мне напісаць жалобную песню у тваім безнадзейным духу?
Квецень слівы ападае і тут.
Бачыла б ты, як я іду на Пазаліні.
Бачыла б ты, як я перамагаю ветракі.
Еўропа, я вывіхнула сваё квір-плячо, налягаючы ім.
Апошні адлік запушчаны.

 

Ад перакладчыцы:

Свой «Ліст да Еўропы» Атэна Фарухсад напісала як лаўрэатка-2018 фестывалю «Дні паэзіі і віна» (Птуй, Славенія), адштурхнуўшыся ад іншага вядомага тэкста − верша «Амерыка» Алена Гінзберга. «Адкрыты ліст да Еўропы» − ініцыятыва згаданага фестывалю і Allianz Kulturstiftung (Берлін, Германія). Штогод куратары выбіраюць выбітных паэтку ці паэта і прапануюць ёй або яму магчымасць, звяртаючыся да Еўропы, пагаварыць пра праблемы, якія яны лічаць найбольш актуальнымі.

«Ліст да Еўропы», апублікаваны ў газеце «Афтонбладэт» у якасці калонкі ў рубрыцы «Культура», выклікаў немалы рэзананс у Швецыі, націснуўшы на многія балючыя кропкі ў грамадстве. Амаль адразу выйшаў яго пераклад на англійскую мову. У Польшчы яго надрукавала па-польску «Газета Выборча». Нарвежская літаратурны крытык Анэ Фарсэтос, якая назвала Атэну Фарухсад адной з трох суперзорак палітычна-літаратурнага асяроддзя Еўропы, сказала: «Новае пакаленне маладых еўрапейскіх пісьменнікаў перавынаходзяць палітычную літаратуру, і народ прыслухоўваецца».

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Мікола Адам

хіба любоў ратуе ад нябыту
наш першы крык
гэта аплакванне ўласнай смерці
потым мы будзем плакаць толькі
па страчаных дробязях

Пераклад:
Алесь Плотка

добра
што мяне тут ніхто не ведае
пагана
што ўсе хочуць даведацца
хто я

Пераклад:
Алесь Плотка

Хачу па-мацярынску абняць порнаакцёраў.
Хлопцаў.
У іх жа
Такі змучаны выгляд у гэтым кіно.
Трэба іх неяк суцешыць.
Цяжкая ў іх работа.

Пераклад:
Алесь Плотка

як хмара ў сонечны дзень
рэкламуе лясок на ўзвышшы

так і камар
прарэкламаваў
твой маленькі пальчык на назе
амаль незаўважны
да сёння