Майдан гэта наш Салярыс

Пераклад: 
сучасная украінская паэзія, вершы па-беларуску, украінская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка, пераклад

***

словы што сядзяць у галаве і гуляюць у роце
гэта як вязні і злодзеі ў законе

у патрыятычным гучанні гаворкі акупантаў
хтосьці будзе смакаваць мову языком
хтосьці знойдзе дадатковы патрон
а хтосьці задрамае на запаволенай міне...

co to je, cholera? — that is the question

***

унукаў каменных баб
не адарваць ад магільнай спадніцы

сцягі напакаваныя сенам
сваю бітву згнаілі на корані
затое пераварылі пекла на варэнне

ужо адгаўкаўся ў сабаках
ціхі бунт ачэпленых зубоў
мы не ўмеем паўстаць разам
аднак гуляем у адным месцы —
на свяце сваіх магіл

так хочацца схлусіць нешта добрае
пра нашу гісторыю
але ўжо
нават 300 крывавых плям
вышылі крыжыкам на кашулі з-пад Крутаў*
каб пакрыць святой смерцю сваю бесталковасць

тым што гаворыцца ад імя народа
можна агучваць рыб

* Бой пад Крутамі — узброеная сутычка, што адбылася 16 (29) студзеня 1918 г. на чыгуначнай станцыі ў раёне сяла Круты між савецкім атрадам пад камандаваннем Р. І. Берзіна і ўзброенымі фармаваннямі Украінскай Народнай Рэспублікі, якія спрабавалі спыніць яго прасоўванне да Кіева.

***

яна —
за межамі кахання... гэта быццам жыўцом
быць на тым свеце
ён —
хіба любоў ратуе ад нябыту
наш першы крык
гэта аплакванне ўласнай смерці
потым мы будзем плакаць толькі
па страчаных дробязях
яна —
па каханні можна плакаць
але нельга страціць
каханне нібы ўспышка золку —
калі яно згасае
то пакідае святло
ён —
але ў кожнага свая столь
упрэшся позіркам у неба
і ты на дне і неба дно
адзінокі чалавек — то ўжо не для цябе
калі ты адзін — то ўжо ні для кога

па той бок кахання...
гэта значыць гарэць жыўцом
калі ніводзін прамень
не выходзіць за межы сэрца

***

крычаў крычаў
о горы горы

імем Творцы
слова ў слова след у след
ішла гара
і не ўступала ў спрэчку

крычаў крычаў
гэй гара гара

стаю на беразе Дняпра
і паўтараю свой народ
як ты Гаверла* — усе Карпаты

*Самая высокая гара на тэрыторыі Украіны.

***

адбываецца адасобленасць
у якойсьці сюррэалістычнай плыні
быццам задушаны паспех
хтосьці валачыў за ногі ў траву
праз распахнутыя насцеж рэбры

позірк праходзячы міма ўласнага я
перакрыўляецца ў грымасе
чый твар ён намагаецца прыгадаць ува мне
з тых што таксама праходзілі міма
а можа гэта і было маё я
што перакрыўляла кагосьці

я сапраўды стараюся прыстойна
з сябе выходзіць у свет
ды што не апранеш —
рукавы навыраст
каўнер на пятлю

правесці б раскопкі на тэрыторыі душы —
ці праўда нам падарылі
той скрадзены агонь
што падпаліў нашы галовы

а сэрца як дзіця
хоча збегчы шпацыруючы па небе
і я за ім быццам ланцуг
што згубіў вызвалены сабака

я бачу там фрэскі вачэй
але не ведаю ці плачуць яны
я знаходжу вішні вуснаў
але не ведаю ці маюць яны
смак пацалункаў
я кранаю грудзі
і адчуваю схаваную ў малацэ
ласкавасць рук
што махаюць мне — бывай
а сэрца...
Госпадзе дзе мне знайсці сэрца

я паспяваю сказаць люблю цябе
люблю
і чую як уцякае ўсё далей і далей за ёю мой голас
як вяртаецца поўня і зноў
і зноў паўтараецца мая доля —

вось так я ляжу ў высокай траве
гляджу на неба і закохваюся
у кожную хмарку

у крывізне маўленчых люстэркаў
тое не вівісекцыя экзістэнцыі прышэльца
людзі добрыя гэта маё жыццё
гэта як калі б сабака пісаў пра сабаку
ён не можа не выць
не смярдзець псінай
бо й душу ён можа знайсці
толькі там дзе вы
выкідаеце смецце

***

міг як вечнасць
не мае пачатку

на ўсіх заставах
я перайшоў свае межы

перад мною раздвоеная сцежка
пасля мяне расшчэплены след

***

мой фас з учора ссунуўся ў профіль
запусціў шонберга для дэзынфекцыі пакоя
і ў галаве гасцей паменшала...
хто мяне знае-ведае больш за мяне
але факты псуюць рамантычныя гісторыі

хай музыка малюе дзень —
вось куля прасвісцела і...
і барабан як у грудзі біў і...
чуеш, трубы зайгралі...
па кімсьці б’юць званы

інвалідольны прастор
па слядах падканвойных спатыканцаў
аднаўляюцца прыдворныя танцы

ты праходзіш бліскучай сцяной
пакідаючы за сабой малюнкі ў люстэрках
золата ў колеры на зубах пясок

каму назваць імя сваёй бессані?
хіба што фрэйду...

усё геніяльнае простае — будзь ідыётам
вазьмі ў рукі аўтамат
і цябе пачуюць

***

непралазныя вертыкалі зямлі
хадзіў кнігамі і там сцяна
як і ўсе хацеў знайсціся ў сабе
але ніхто станавіўся перада мной
у мяне мазалі на цемені
і галодны на розум мозг

я ў замяшаннях наасферы няўзгоднены
я кажу ўверх а яны ўніз
дзесьці ўпаў нябачны самалёт
гэта нейчая смерць прыйшла мне на абарону
і ў першую рэлігію амёбаў
адзіную запаведзь упісала — не ўваскрасай

жыццё быццам шулер гуляе ў вечнасць
ты можаш выйграць у яго толькі
калі дазволіш гуляць і сабой

але без сумневу чалавек які разбіваецца
дасягае найвышэйшай кропкі
апагей нараджэння — выбух

я — галактыка вітае сваіх пасажыраў

***

псуем прыроду ох псуем
нагледзеўшыся на людзей з-за кратаў
малпы адмовіліся эвалюцыянаваць

***

цёмна шчэ цёмна
плуг не бачыць хлеба ў чорнай разоры
цёмна шчэ цёмна
карова не бачыць свайго малака
цёмна шчэ цёмна
нават яблык не бачыць куды ўпасці
цёмна шчэ цёмна
вецер шэпча п’яненькі
чорная мая бярозка
цёмна шчэ ой цёмна
заснуць

***

ці дастаткова нарадзіцца
і быць чалавекам? — 
тры разы трэба нарадзіцца
каб стаць жабай

усё жыццё маючы
перад вачыма столь
выпушчаная канарэйка
ляціць у неба і падае
з разбітымі грудзьмі

седзячы ў клетцы або зграі
трэба жыць на крок вышэй
за ўласны дах

шчэ не пытайцеся мяне
хто я
нешта ўва мне памірае
нешта несмяротнае

***

сабака маёй маці
яшчэ з шчанюка жыў старэчым жыццём
любіў яе

апошняя радасць на гэтым свеце
што дзесьці ёсць пекла а там яшчэ горш
за госпада міласэрнага тут

спасцігнуў як злодзей пасля пакаяння —
я так улюбіў у сябе ісуса
што пойдзе і ён са мной

далей будзе...
чакайце змен у слове

***

ваш першы грэх —
з чаго пачынаць?
ваша жыццё такое нуднае
што поп на споведзі засне

вам трэба палюбіць
любіць усіх
або вялікімі шматамі —
народамі расамі нацыямі
траву вытоптваюць статкі
а рэжуць па адным
і дакладна знойдзецца хтосьці
— што б ён там ні мэкаў —
каму прапісаны на скуры
усе грахі
ад рэбраў да зубоў

толькі спачатку вызубрыце малітву
і ўжо
сабе пачынайце прыемна

***

нядзеля як неабрэзаная субота
шчэ столькі выбрыкаў а мама робіць ноч
ляжу і слухаюся
але
месяц з хмары быццам з шахты вылез
ой нядобры шкельца бляск —
вецер з цішы голым збег
а з дрэва скінуўся снайпер
як лісток зусім зялёны

***

чытаю хронікі паўстанняў...
продкі мае гераічныя
дзе ж вы тады абдрысталіся...
у сваіх князях у сваіх гетманах
вось і зноў....

сваю зямлю мы не атрымалі ў спадчыну
мы пазычылі яе ў дзяцей
і мо абакралі ўнукаў

у недавершаных будоўлях нашых размоў
цывілізацыя дзічэе
ужо з плазменнымі мячамі

я сыходжу пакідаючы вас з усмешкай
сваёй

***

майдан гэта наш салярыс
каму з’яўляюцца прывіды
каму адкрываецца дарога да сябе

тваё жыццё належыць толькі табе
твая смерць належыць Украіне

***

я слухаю як муркоча на каленях кот
яшчэ нядаўна здавалася што здох
усё менш чутно аб розуме
усё больш ведаюць як выглядае мозг
быццам у шэрым безыменным небе
шэры данецкі стэп
у шэрым безыменным небе
лёгка страціць галаву
у гэтую хатнюю псіхавізію ўмешваецца салдат
безназоўны як мара кожнага генерала
і гераічны як мара кожнай вайны
і нязручны як фатыга
хоча есці і спаць апранацца
хоча піць і гуляць кахацца
і страляе страляе страляе...
вось яно прамое трапленне снарада
і душа паўстае перад богам
разам з узорам днк

як спалоханы пылок уляглася хлусня
абяцаюць выдаць новы мундзір на жыццё
назіраць агню не адкрываць

ілавайск

ноч праплыла па-дзіцячы мамчыная...
і прыйшоў суровы як макараў
чорны дзень
прывітаўся коратка — не сцы...

я паўзу па зямлі
як па столі над ложкам
сон шэпча не прыбірай мяне
смерць моліць не пакідай мяне
я паўзу па раллі
як люстэрка па сцяне
у ім асляпляльнае святло
прабіла тунель

чыесьці вочы пустыя
сталі мне покрывам

***

двое няісных
паперадзе мяне і па-за мною
разам называюцца коратка і блытана
час

гадзіннік падзеўся
дзесьці яго няма таксама
і нерухомасць без бар’ераў
як сцяна ў выбуху
знайшла сабе дзверы ў бязмежжа

падаючы
у палёце азірнуўся паглядзець
туды дзе раней было неба
але зрэнкі былі пашыраныя на ўвесь зямны абсяг
і гэтая спрасаваная чарната
дазваляла бачыць ноч звонку
як жалобнае покрыва
накінутае на халоднае цела зямлі

ці гэта цень мой здранцвеў

***

ні гарэлкі ў пляшцы
ні шклянкі на стале
галава ляжыць на талерцы нічым не вінаватая
а сэрца танчыць п’янае
шчака занямела левая
з намі — так мне патлумачылі — бог
і статак як адна галава
павядзе пастухоў
ды за імі не агледзіцца голая зямля
хтосьці скажа прайшлі
ды нам няма куды далей — прыйшлі
і ў полі свае нас ужо ўбілі па плечы
таму зараз
я падстаўлю сваю правую шчаку
пад прыклад кулямёта
і націсну на гашэтку

200 па 200 на адзін глыток

душа гэта пратэз бога якога
ён спрабуе прытачыць да майго цела
замест недаробленых кіпцюроў ды іклаў
жабраў і крылаў
каб я адчуў як цяжка жыць зверам
каб зразумеў што без жывёл мне самому
давядзецца стаць зверам

жалезныя латы жалезныя крылы
я вучуся быць богам
але кроў ува мне стыне чалавечая
з укрыжаваных хлопчыкаў са згвалтаваных бабуль
я грызу гарачае жалеза данбаса
дайце мне болей крыві...
да карліка да кроплі

звярэйце звярэйце бо не станеце людзьмі

***

12 сяброў юды
Хрыстом п’яныя а сёй-той ужо і хлебу не дасць рады
з такімі кабялямі і Магдаліна стала святой
калі ў каханне ўмешваецца Бог —
буянства жыцця і пажыўны дождж
ооооооооооооооова
сырыя дровы не гараць....
ёсць недзе майстар вечнага агню?

але вячэра...
шчымлівы боль адзіноты навакольным не чуцен
лёгка п’ецца весела льецца
яны аддалі свае душы ісціне
хто каму ісціна?
непазнаная прыходзіць у душу
і азарае дабром разумнае... згаслая
дарога кліча кудысьці на сустрэчу
людзі кудысь стаяць
услухоўваюцца ў цемру
срэбнымі гукамі грае лічба
лік павялічваецца а неба святлее
з кожным апалым асінавым лістом

напэўна я адзіны захавальнік д’ябла
як выміраючага віду
гаспадар мусіць ведаць
канец вячэры і пачатак эры
у гэтай усмешцы будучай джаконды

усе страпянуліся засведчылі пакору
і цалавалі яго аблічча
я толькі хацеў абняць гэта ён пацалаваў
і пустата
як дар пасля пралёту кулі
няўжо сёння так дзіўна рэагуе люстэрка маё?
я звыкла глянуў ды вочы не ўбачылі вачэй
пейзаж віны а насупроць нацюрморт кахання

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Алесь Плотка

Хачу па-мацярынску абняць порнаакцёраў.
Хлопцаў.
У іх жа
Такі змучаны выгляд у гэтым кіно.
Трэба іх неяк суцешыць.
Цяжкая ў іх работа.

Пераклад:
Алесь Плотка

добра
што мяне тут ніхто не ведае
пагана
што ўсе хочуць даведацца
хто я

Пераклад:
Алесь Плотка

У дзяцінстве ў мяне была кніжка з малюнкамі
там лісіцы былі і фазаны
такія ж, як тут

Гэта зона баявых нагадвае мне месцы,
што адышлі з гісторыяй

З сырой хаты вунь той
хутка выйдзе нябожчык дзядуля
і пакліча з сабою

Пераклад:
Алесь Плотка

як хмара ў сонечны дзень
рэкламуе лясок на ўзвышшы

так і камар
прарэкламаваў
твой маленькі пальчык на назе
амаль незаўважны
да сёння