(урывак)
1. найгоршае – краіны кшталту японіі
2. як зь іхнае дзэн-традыцыі выкрасавала агнявіца крэтынічнай тэхнакратыі
3. а кітай відаць яшчэ горшы, гэта поўныя ёлупы
4. там гэтыя тупыя амэрыкосы і астатнія злахціўцы капаюць сабе магілу
5. сэнс жыцьця – памерці як сьлед
6. усе межы – часовыя
7. фанк ю
8. недасяжна найлепшым ува ўсім гэтым сёньняшнім прагрэсе мне здаецца выпальванне кампактаў
9. як мы ўсе ведаем, добра зрабіць мінет – не абы што, гэта трэба ўмець
10. ці прынамсі мець апэтыт
11. кандовы дэмаграт томаш гарыг масярык
12. кінутыя дзеці, кінутыя бацькі, татальны крах адной эпохі
13. дзе б нам было лепей, чым тут, ёпціць
14. так, раней я хацеў быць як яны, разьбірацца ў віне, умець прыстойна жэрці ў рэстарацыях, тушыць быканы ў талерках, трындзець па-парыску, на шчасьце, адпусьціла
15. амэрыканская сыстэма заснаваная на свабодзе ці на прыгнёце, нават на гэтае элемэнтарнае пытаньнечка сёньня ніхто ня мае адказу
16. яны крэтыны, але ня горшыя за іншых крэтынаў
17. ды ну, народ, яны хворыя, гэта шалёная, хворая краіна, чаму гэта так, не пытайцеся, але гэта так
18. усё адно ім гамон надыходзіць
19. анягож, яшчэ будзе весела, дзе там канец гісторыі, ім толькі таго й падавай, канец гісторыі, вядома, але толькі для іх, адчуваюць-такі прадвесьце свайго зьнікненьня, але гэтым разам папросту не за гарамі й на практыцы, гэта ўжо не тэарэтычная магчымасьць, як за шпэнглерам ці ў фука ў шасьцідзясятых, яна зьнянацку шалёна наблізілася, ёпціць, шалёна наблізілася
20. ах як страшна
21. вы іх недаацэньваеце, яны нам яшчэ пакажуць, нашыя колішне-цяперашнія сябры зь іхным войскам тэхнікаў і навукоўцаў, яшчэ падымуць сьцяг у пытаньні нашага прадвырашанага пытаньня, яшчэ як высока, яшчэ ўсіх нас нечувана зьдзівяць так, што мы хоцькі-няхоцькі змушаныя будзем адчуць гонар і палёгку праз тое, што належым да гэтай чароўнай цывілізацыі, якая хоць і нахабна сярэ сабе ў боты й на галаву, але з усімі астатнімі яшчэ можа разабрацца як раней, у любы момант, адной левай
22. што на гэта кажа ўсясьветны авангард
23. расчараваў ён, як і ўсе авангарды
24. але ж чаланы зрабілі плойму гожых рэчаў, вазьмі любога з імпрэсіяністаў, колькі там чароўнага матэрыялу, які гэта быў пасьля двух стагодзьдзяў нудоты шык, прачытай мадэрновых мастакоў, там усё пра духоўнасьць, абстракцыя – гэта ж дзэн
25. сёньня ў авангардзе адзінкі і нулі
26. усё яшчэ плявузгаюць пра падзел чэхаславаччыны, як быццам ня ясна, што кожны падобны меней-болей народ, які мае моцнае адчуваньне, што хоча жыць у самастойнай дзяржаве і мае для гэтага гістарычныя прычыны ці там псэўдапрычыны, калі так сабе свабодна пастановіць у межах сваёй прасторы, то і бывай здароў, ну не, чым больш будзе малых дзяржаваў і рэгіёнаў, тым лепш, га, хай гэтая эўропа ўжо будзе каляровай, курва, скажы
27. скажу, ёпціць
28. але як гэтыя кідайцы, то бок кітайцы маглі з такога зыбскага народа перарабіцца ў гэтых бальшавіцкіх уябінаў, дзе ж чырвоная нітка, дзе тыя повязі, во дзе праўда цікава, а тут зь іх зноў стануць скарасьпелыя капіталісты, рабаўладаньне, як у старыя часы, праблявацца можна
29. а калі гэта быў такі зыбскі народ
30. кажуць, пры якой дынастыі чан
31. рэчаіснасьць абясцэньваецца, працэнты растуць
32. мда, от каб мы насамрэч былі нацыяй швэйкаў
33. індусы ўсё яшчэ на дзьвесьце гадоў наперадзе
34. не сьмяшы, там на практыцы дзейнічае той жа фашызм, як у кітаі, толькі што яны гэта называюць найвялікшая дэмакратыя ў сьвеце, і пры гэтым яшчэ часам прыкрываюцца духоўнасьцю
35. фашызм з чалавечым тварам
36. галаву задурыць умеў, а вось астатняга – з гэтым было горай
37. мы паціпу гэтай навукай спрабуем прабіцца да чагосьці, што за ёю
38. але калі так далей, то раней мы сябе зьнішчым, ёпціць, гэтая цудоўная навука пазбавіць нас усяго людзкага, арэчаўленьне ўсяго вакол пра гэта ясна сьведчыць, стануць з нас рэчы, тавар, аўтаматы
39. дык можа гэтак нам будзе лепш, я б чалавецкага чалавека надта не шкадаваў, я здольны ўявіць яго лепшым, удасканаленым, а аўтамат ну дык аўтамат, чаму б і не паспрабаваць
40. але тады будуць два кшталты людзей, выробнікі і вырабленыя, як мінімум два, можа болей, дзясяткі, сотні кшталтаў, разаўюцца касты і адгалінаваньні, выкшталтаваныя мадэлі, якія праз два гады састарэюць, гэта набярэ такія абароты, што мы ажно вочы вырачым, штучны чалавек, касавы гіт трэцяга тысячагодзьдзя
41. толькі вось яшчэ да таго адбудзецца радыкальны падзел на лепшых і горшых, эліты і плебс, што ўласна нейкі час ужо адбываецца, хіба што будзе паскарацца
42. пакажы мне дзірку ў срацы – час настаў пазабаўляцца
43. зважай на гэтыя мас-мэдыі, ёпціць, штось ты перагінаеш, гэта ўжо трэцяе інтэрвію за месяц, гэтым разам нат у якімсь часопісе з тэлепраграмай, трэба яно табе
44. так, трэба, я ўжо з сабою ў гэтым разабраўся
45. сапсуюць цябе
46. чуеш, мае рэчы альбо добрыя, альбо не, праз пару гадоў будзе цалкам побаку, ці курвіўся я з журналістамі, ці бухаў дома гарэлку, цяміш, зусім побаку
47. калі будзеш дома бухаць гарэлку, будзеш пісаць іначай, чым калі будзеш сядзець у мацюгальніку й вярзьці лухту, у такім разе будзеш як усе, як гэтая хеўра запраданцаў, куды вокам ні кінь, будзеш толькі сыравінай для іхных загрузаў, фігуркай у іхных гульнях, шызафрэнічным ідыётам
48. ды адчапіся, мы ўсе такія, ёпціць, сам маеш дома ўсе гэтыя электрычныя прыбамбасы, маеш, затарваесься ў супэркрамах супэргломаздам, затарваесься, утыкаеш у тэлік, утыкаеш, дык якога ражна, вечна хочаш гуляць у салённага апазыцыянэра ці што
49. alter kaker
50. пакуль прынамсі часткова не апусьцеюць гарады і прынамсі троху не інтэлектуалізуецца вёска, усё будзе марна, ты мусіш адабраць у іх уладу, якую яны маюць над табой, а ў гарадах яна несувымерна большая, чым калі весьці адносна самадастатковае, сьціплае існаваньне ў дабітай хатцы дзе ў замызганай чэскай сельскай мясцовасьці
51. ці міжземнаморскай, во мля
52. глядзі, каб яшчэ паўсюль не было гораду
53. як толькі правядуць інтэрнэт ці падобную срань з будучыні ў апошнюю хацінку, настане глябальны горад, ёпціць, раней казалі глябальная вёска
54. я дзесь чытаў, з другога боку, што прыйшлі да высновы, што ў сусьвеце можа быць ажно 30 мільярдаў плянэт, падобных да зямлі, з вышэйшай формай жыцьця і падобным разьвіцьцём, усё такое, гэта мяне прывяло ў захапленьне, у такім разе ўсё набывае зусім іншую пэрспэктыву, нейкую лёгкасьць, ажно пачынаеш верыць, што найвялікшыя будысцкія карыфэі лётаюць туды на выходныя
55. выгляд сьвету адпавядае таму, як ты ў ім сябе паводзіш
56. шукай вялікую літару
57. выкарыстаньнем мовы мы шчасна паддаемся дзейнаму ладу
58. і фатальна аддзяляемся ад рэчаў
59. абы рэвізор не прыйшоў, любіў казаць спадар начальнік
60. чуеш, лязурны бераг так гнюсна заселены, амаль увесь забудаваны новымі хатамі, толькі на гарах выпінаюцца старыя вёскі, якія там быццам дарэчы, але і там усё скупляе немчура, галяндцы й ангельцы, таксама па-свойму вяртаньне да прыроды, кайфуюць там на пэнсіі, езьдзяць уніз на пляж у мэрсэдэсах, мовы ня ведаюць, нават ня вучаць, нічога трывалага туды не прыносяць, ніякіх звычак, ніякай працы, нічога, толькі гэтае кончанае бабло, а іхныя выблядкі ў тым краі толькі курвяць генафонд, гэта новая фішка сыстэмы, якая пасуе да агульнай стратэгіі раскладу і зьнішчэньня ўсяго прыроднага, малога, прыгожага, яны зробяць з гэтага банальнае, шэрае нападабненьне рэальнасьці, дзе краявід будзе толькі прыгожай дэкарацыяй, неабходным перажыткам, потым ужо вяртаньне да прыроды будзе зусім немагчымае, таму што прырода зьнікне, ёпціць, зьнікне
61. ізноў мы пра тое ж, мітычныя галубятні
62. так, гарныя мазанкі з садочкамі
63. а яшчэ быццам часу не існуе
64. як толькі зблытаесься ня з тымі месцамі, як толькі трапіш да гэтых курваў у кіпцюры, рыхтуеш сабе сапсаваную рэшту жыцьця, мянты і юрысты, гэтых не перахітрыць, калі табе здаецца, што ў цябе сумнае і нуднае жыцьцё, надыбай сабе які доўгацяглы судовы працэс, адразу сэнс жыцьця зьявіцца
65. fluctuat nec mergitur, ёпціць
66. я цяпер слухаю god machine ды spitirualized усё такое, чароўныя рэчы
67. spiritualized is used to treat the heart and soul
68. мяне найбольш торкае музон, дзе няўцям, як яны гэта робяць, дзе таямніца творчасьці для мяне яшчэ не раскрытая
69. яшчэ й назаўжды
70. з табою і ў пекла, каток
71. але ж і ад вялікага гораду можна атрымліваць асалоду, паўсюль столькі прыгажосьці, абсалютна ўва ўсім столькі жахліва эстэтычнага, толькі адчувай і май вочы
72. ах
73. як у хрэстаматыі
74. хрэстаматыі жыцьця, што кранае чытача
75. ілжыцьця
76. ілжыдок ілжыдоўскі
77. калі нехта мне кажа, што я штосьці мушу, гэта і ёсьць тая зручная несвабода, якая ўсім пасуе, гэтак жа як зручным ёсьць самагубства, як спраўдзіў камю, таму што чалавек нішчыць толькі сябе і нічога з таго, што падштурхнула яго да самагубства, таму ён урэшце зь неабходнасьцю паводле ўсяе лёгікі мусіць прысьвяціць сябе бунту
78. таму дзіўна, што самагубцы не здабываюць калашнікава ці базуку ці прынамсі стрэльбу на сланоў і не ідуць разьвязваць свае праблемы на вуліцу ці ўва ўстанову
79. тыя, што ў іншых частках сьвету настальгіруюць па рэлігіі й рэвалюцыі, апярэзаныя сэмтэксам, у выніку толькі даказваюць, што тут у нас усе рэлігіі й рэвалюцыі мёртвыя, людзі здольныя забіць сябе без усякай трансцэндэнцыі, ну і ўзровень
80. спалучыць самагубства з бунтам, паводле прыкладу арабскіх чувакоў, ёсьць магчыма адзіным дзейным сродкам абароны ад інстытуцыяналізаванага забойства ня толькі іншых жывых істотаў і чалавечных чалавекаў, але й іншых ідэяў і культураў
81. во-во, калі б у кожнай культуры былі ўласныя самагубчыя камандас, у яе быў бы шанец выжыць
82. а тыбэтцам бы гэта дапамагло, мабыць не, так што вярніся ў віртуальную рэчаіснасьць
83. урэшце мо застанецца толькі бунт дзеля бунту, у якасьці acte gratuit апошніх фрустраваных дэспэрада, бо камю ня браў у разьлік экспанэнцыйны рост магутнасьці сыстэмы, што хутка звужае нашую жыцьцёвую прастору
84. затое іншыя бралі ў разьлік
85. хацелася б, ведама, верыць, што сыстэма гэтым капае сабе магілу, але мне здаецца, што яна ў стратэгічным мысьленьні нашмат нас апярэджвае, у яе для гэтага ёсьць людзі, якія ўжо доўгі час проста ведаюць, што і як будзе, ведаюць, як дасканала нас падпарадкаваць, як зрабіць з нас лічбы, а менавіта нулі
86. магчыма гэта ўжо ведаў той мастак неспадзяванага з вусікамі, зрэшты, калі б у гэтага ўёбка было паболей мастацкага таленту, усё магло быць іначай
87. думаеш, гісторыю робяць індывідуумы, га
88. пакуль жывем, можам задавацца пытаньнямі аб сьмерці, пасьля сьмерці, мажліва, у нас зьявіцца ўрэшце магчымасьць заняцца жыцьцём, і тое і тое стаіць поруч, але нам па жыцьці бракуе здольнасьці да сымультаннасьці
89. а які будзе ў жыцьці сэнс, калі мы спраўдзім яго сэнс, га
90. магчымасьць літаратуры без чытачоў, гэта мне вельмі да душы, урэшце дабраахвотнае і прадуманае зьнішчэньне твора можа быць яго давяршэньнем
91. ну-ну, адрынуць дзень, задаволіцца ноччу, гэта ільга ў адзінае фатальнае імгненьне, а потым шкада таго лета, але мы засранцы пісучыя так ня ўмеем, а тыя што ўмеюць сядзяць па вар'ятнях, кожнаму сваё, але не зашкодзіць ведаць пра сябе праўду
92. у шатль заўжды згадваю пра нэрваля, што засіліўся ў той сёньня ўжо няіснай вуліцы, нават таго газавага ліхтара пасьля яго не засталося, аўрэлія кажаце, ну згода, але ліхтара ж курвамаць болей няма
93. да трыццаці трыццаці пяці цябе возьмуць на любую працу, калі ў цябе сталёвыя нэрвы, ляяльнасьць да сыстэмы і ўмееш квакнуць па-ангельску, узрост сёньня як чырвоны партбілет, пасьведчаньне члена, гэтак жа як і мова акупантаў
94. рост росту заўжды нясе з сабой рост няроўнасьці і ўладараньня
95. я б сказаў, што спроба флябэра пісаць ні пра што ёсьць пытаньнем стылю, сілы й пераканальнасьці стылю, зьмест у такім разе падцягнецца да яго ўзроўню амаль аўтаматычна, ён калі не зусім, то амаль абыякавы, але трэба пільнавацца, бо дрэнна абраны зьмест можа цалкам пахерыць намогі дасягнуць эфэктыўнага стылю
96. ага, флябэр, яго ўжо як сьлед ніхто не ацэніць, ён быў наперадзе ўсіх, і пры гэтым быццам зусім не выглядаў на нейкага авангардыста, гэтак жа як ужо не ацэняць бляншо, ягонае мысьленьне аб літаратуры вартае добрага раману
97. але ён крыху абсалютызуе, маўляў няма пісьма без свабоды, ведама, але ён забыўся дадаць, што ў пісьме заўжды роўна столькі свабоды, колькі ў аўтары
98. ці ня ёсьць урэшце ўсебакова падтрымліваная сыстэмай прага індывідуальнай свабоды тым забойчым рухам, які вядзе ў вечнае рабства, да зьнікненьня чалавецкага чалавека, да нязьменнай стэрыльнасьці а ў выніку і да канца літаратуры, га
99. з свабодаю на вуснах у невядомае, якое рыхтуюць нам тыя, што ведаюць пра свабоду ўсю праўду і ўмеюць належна скарыстаць ейны, так бы мовіць, творчы патэнцыял
100. ты ж па-твойму не параноік, ці як
101. тое, што я параноік, не азначае, што мяне не перасьледуюць
102. а гэта хто сказаў
103. усё гэта канец канцоў толькі гульня, хай сабе фатальная, на жыцьцё і сьмерць, але ў што іншае зрэшты можа гуляць сьмяротны, правілы гульні вечныя і пры гэтым падлягаюць гістарычна абумоўленым папраўкам, як і пісьмо й мысьленьне, ну чыста гегель, як я яго разумею
104. я цяпер у якасьці крайняй свабоды ўяўляю сабе, натуральна, старую добрую веру
105. найлепей будысцкага кшталту, анягож, але практыкаваць ты яе ня здольны, так што, на жаль, свабода цябе вабіць, але шлях да яе надта доўгі, а ты – надта баязьлівы й гультаяваты
106. ня вер нікому, каму яшчэ ня споўнілася прынамсі сямідзесяці
107. ад самага пачатку пісьмовай стадыі разьвіцьця заходняй цывілізацыі свабодай лічыцца яе супрацьлегласьць, то бок рух наперад, ні ў якім разе не стагнацыя, не рэгрэс, толькі таталітарны рух наперад, у мінулым стагодзьдзі гэта выявілася як нельга ясьней, свабода для кожнага амаль заўжды знаходзіцца недзе ў будучыні, часам на адлегласьці выцягнутай рукі, але ні ў якім разе не ў сапраўднасьці
108. але ж гэтая сыстэма наадварот табе ўцюхвае, што ты свабодны тут і цяпер, дык давай трасца, карыстай з гэтага
109. а заўтра ўсе на стары пляц, будуць сьцінаць галовы
110. уяві сабе, як ты насамрэч туды кіруесься тымі вулічкамі, набліжаесься па ліліёвай і карлавай, горад жыве цалкам будзённым жыцьцём, кожнага гэта ня тычыць, або наадварот паўсюль зачынена й пуста і ўсе ўжо на месцы, дачакацца ня могуць, а вось і малы пляц, вежа, куранты і поўна люду, ты далучаесься да свайго гуртка, мяркую, што і тады стаялі ў гуртках, кожны не хадзіў туды сам за сябе, як сёньня, толькі замест хакею на экране будуць усаджваць сякеру ў шыі, патыліцы, чарапы чэскай шляхты, куды ўжо кат трапіць, цяжкая работа, сёньня адсякуць скажам якіх дзесяць-пятнаццаць галоваў, што цікава робіць цела, у сэнсе тулава, ляжыць, а зь яго сьвішча крывя, торгаецца, хто ведае, ці іх прыбіралі адразу, ці яны нейкі час там валяліся, як думаеш, галаву бадай паказвалі нам, задаволеным разявакам, потым кідалі яе ў вялікі плецены кош, і да наступнага кліента, вось ці крычалі што ахвяры, якая ж гэта была атмасфэра на трыбунах і на пляцоўцы, рэальна хацеў бы даведацца