Варта было яму падумаць, што лепш будзе павярнуць назад у мястэчка, знайсьці тэлефонную будку й паведаміць, каб сёньня яго не чакалі, як за паваротам шашы ўзьнік гэты бар. Кавалак чорнай школьнай дошкі на ўзбочыне абяцаў марозіва. Ён згадаў першы бар свайго жыцьця, так званую дзіцячую кавярню на ўскраіне места, дзе былі сокі, малочныя кактэйлі й марозіва – відаць, з тых часоў яно стала для яго якімсьці сымбалем гасьціннасьці, таму ён адразу ж пастанавіў, што зойдзе. Калі, вядома, дойдзе – а да бару яшчэ трэба дайсьці. Заставалася мэтраў пяцьдзясят – аднак яны ўяўляліся чымсьці неадольным, ногі былі настолькі драўлянымі, што кожны крок адгукаўся ў іх тупым болем, мазалі ўжо таксама давалі сябе адчуць, хоць яшчэ, балазе, не палопаліся. Можна было падумаць, што ён ужо агораў тысячу кілямэтраў на ўцёках зь нейкага лягеру. Як ні сьмешна, усё гэта было праўдай: да ягонага дому было прыблізна тысячу кілямэтраў, і сёньня раніцай ён прачнуўся ў лягеры ўцекачоў. З таго часу ён быў у дарозе. Сто крон пайшлі на цягнік, які давёз яго толькі да найбліжэйшай буйной станцыі – на аўтобус ужо не хапіла. Ён папросту ня меў пакуль уявы, колькі тут каштуюць квіткі. Для такіх ніякага лепшага спосабу падарожжа за аўтаспын не існавала. Ён рушыў далей спынам. Пры ягоным досьведзе гэта азначала – перадусім пешкі.
Яшчэ крокаў дзесяць-дваццаць. Абы было адчынена. Трэба абавязкова пасядзець, прынамсі чвэрць гадзіны, і абавязкова набыць якога соку – вада ў летняй сьпёцы ўжо скончылася. Зрэшты, калі яго туды пусьцяць, то набыць нешта будзе так ці йначай абавязкова. Балазе, ён не аддаў рэшты грошай, каб праехаць пару прыпынкаў аўтобусам – дый гэта нічога не вырашала. Затое цяпер ён іх «як знойдзе».
Над галавою традыцыйна бразнуў званочак, крыху яго лякнуўшы. Ён павітаўся і наўмысна павольна, амаль з асалодай ускараскаўся на першы высокі табурэт каля найбліжэйшага да дзьвярэй століка. Толькі пасьля гэтага агледзеўся: у бары не было нікога, нават гаспадароў. Выглядала, што яго пару хвілін таму адчынілі. Прыемнае супадзеньне. Бар быў невялічкі, досыць ахайны, зь першага погляду можна было падумаць – прыстойны, з другога – нават дарагі. На люстэркавай паліцы ў парадным шэрагу стаялі бутэлькі з алькаголем, у асьветленай нэонам лядоўні – з астатнім. Так бы мовіць, заходзь і бяры што хочаш. Яшчэ хвілін дзесяць, патрэбных на пераадоленьне добрага выхаваньня – і ён бы так і зрабіў. Аднак ужо ў наступны момант за стойкай зьявіўся мужчына ў белай кашулі з кароткімі рукавамі – нездарма над дзьвярыма званочак. Тады ён яшчэ раз павітаўся і сказаў, што ўзяў бы нейкага пітва. Мужчына моўчкі працягнуў яму сьпіс напояў, запаяны ў плястык. Тут у яго зьявілася неадольная патрэба запаліць цыгарэту – як кліент ён ужо мог сабе гэта дазволіць. Чаго-чаго, а цыгарэт на дарогу ён меў удосталь. Да таго ж, тытунёвы дым адцягне ўвагу ад няёмкага смуроду ягоных шкарпэтак.
Мужчына за стойкай падрабязна вывучаў госьця, што нясьпешна пакурваў і зусім не шукаў поглядам у сьпісе ўлюбёнага напою, як робяць звычайна, а чытаў яго цалкам, паволі, і магчыма – ледзь разумеючы, наколькі можна было меркаваць паводле раўнамерных рухаў ягоных быццам незацікаўленых, гэткіх паўсонных вачэй. Госьць і сам разумеў, што павінен здавацца мужчыну падазроным. Перш за ўсё векам – гадоў дваццаць, ня болей, потым выглядам – завушніца, доўгія валасы, выгалены твар, цемнаватая скура. Акурат такія ў памежжы зарабляюць прастытуцыяй, незалежна ад полу – асабліва тыя, што падселі на наркотыкі. Гэта таксама цалкам верагодна з увагі на ягоную хударлявасьць. З погляду бармэна госьць мог быць адным з тутэйшых цыганоў, што зайшоў ці то паправіцца з бадуна, ці то незаўважна нешта ўкрасьці – вось толькі цыганы ведаюць, што ў гэтым бары яны непажаданыя, дый вымаўленьне ягонае зусім не тутэйшае. Што ж, хай пакуль сядзіць, бармэну сьпеху няма.
Чытаючы сьпіс так, быццам ён быў ранішняй газэтай, госьць паступова прыходзіў да высновы, што бар – начны. Гэта значыць, служыць як гэткая апорная кропка для загарадніх прыдарожных прастытутак, якія ў гэты час яшчэ толькі зьбіраюцца на працу. Адсюль і бармэнава зьдзіўленьне ды насьцярожанасьць. Кіньце, ён нічога ня мае ні супраць бармэна, ні прастытутак. А вось кошты маглі б быць больш адпаведныя статусу бару. Ну чаму ж, яны і ёсьць адпаведныя: багатыя заежджыя немцы на іх не глядзяць. Адзін такі немец сёньня яго падвозіў, на мэрсэдэсе. Магчыма – зь нейкай надзеяй, збачэнец. А мо і без, быў ужо досыць пажылы. Шкада, што кіраваўся ў Прагу. Дарма ўсё-ткі і ён сам не паехаў цераз Прагу: баяўся згубіцца ў горадзе, не знайсьці патрэбнага выезду з кальцавой. Таму абраў дарогу наўпрост, з выгляду ўдвая карацейшую, удоўж нямецкай мяжы. Праз гэта і ідзе паўдня пешкі: злавіў толькі пару машын. У гэтых мясьцінах неахвоча падбіраюць стопэраў, бо ў кожным бачаць нелегала, што шукае сьцежкі ў Нямеччыну. Паспрабуй яе яшчэ знайдзі, тую сьцежку. Вакол адны лясы і горы, населеных пунктаў няшмат, машын яшчэ меней. Можа, таму, што сёньня нядзеля.
Дапаліўшы цыгарэту, ён раптам выразна адчуў, чаго яму хочацца: піва! Як ён адразу не падумаў. Сок, марозіва – для дзяцей, а ён даўно не дзіця. У піве таксама калёрыі, а ён сёньня яшчэ нічога ня еў. Не, голаду няма – маладое цела яго папросту не адчувае. Дый каб паеў – то, мабыць, заснуў бы ад стомы, а трэба рухацца. Таму піва – найлепшы варыянт. Ён разьняволіцца, перастане ўвесь час думаць пра дарогу, пра абяцаньне дабрацца на месца абавязкова сёньня. Колькі ў іх тут каштуе піва? Гм, ня меней за ўсё астатняе. Малы куфаль дваццаць, вялікі – трыццаць... Амаль па-праску. Шкада, што зусім не ягоны ўлюбёны гатунак. Не, ну вы чулі! – улюбёны гатунак! Не да арыстакратычных выбрыкаў, бяры што маюць. А які ён, уласна, ягоны ўлюбёны гатунак? Сьветлае? Чорнае? Ён згадаў: ружовае! Прычым ня толькі колерам, але і смакам. Вядома ж, ёсьць такое піва: піў у Італіі, калі жыў у сям'і – прымалі чарнобыльцаў, яго ў тым ліку. Гаспадар частаваў, Фэрмо. Казаў, шатляндзкае. Бірра роса. Моцнае і горкае.
Толькі падумаць, роўна год таму ён быў у Італіі. Мілян, Вэнэцыя, Крэмона, Караваджо... Італія... Дзе яна цяпер, тая Італія. А вось жа, на ім самім – майка, джынсы, красоўкі. Італьянская сям'я даслала ў лягер уцекачоў, пасьля таго, як ён напісаў ім паштоўку. Ён шмат каму дасылаў зь лягеру паштоўкі – адгукнуліся толькі яны. Прыслалі вопратку, хоць ён пра яе і не прасіў. Ні пра што не прасіў, саромеўся. У тым ліку пра тыя пяцьдзясят даляраў, якія даўно разышліся. А вопратцы зносу няма й ня хутка будзе – не абы што. Джынсы, праўда, вялікаватыя, белыя красоўкі хутка запацяваюць і сьмярдзяць, чырвоная майка з наіўным надпісам «Малібу»... Але прынамсі ня сорамна паказацца на людзях. Што зробіш, ён зьяжджаў у Эўропу – у трэці й апошні раз – ня ў летнім, а на ўсякі выпадак у цёплым і далёка не фірмовым адзеньні. А можа і не чакаў, што затрымаецца тут ажно да лета.
Невядома, за што яны тады так яго палюбілі. За смуглявы выгляд? За тое, што ўмеў сказаць ім пару словаў па-італьянску? Цяпер бы ўжо не прыгадаў. Мовы ён з таго часу так і ня вывучыў як сьлед, хоць і спрабаваў, самастойна. Найпрыгажэйшая мова Эўропы, нашая нібыта на другім месцы. Але цяпер ні да той, ні да другой. Трэба вучыць тутэйшую. Практыкавацца. Напрыклад, замовіць урэшце піва, а то ня вечна ж будуць чакаць, могуць і папрасіць...
Ён узьняў вочы ад сьпісу, які ўжо нейкі час выкарыстоўваў толькі для прыкрыцьця, на бармэна і раптам заўважыў акурат над галавою ў таго маленькую бутэлечку – было адчуваньне, быццам яна выскачыла проста зь цяперашняй згадкі. Ня можа быць! Прамовіўшы ўголас, ён учуў у ім лёгкае трымценьне, і яму зрабілася сорамна, быццам ён выдае бармэну нейкую таямніцу. Той, вядома ж, не адразу зразумеў, чаго хоча гэты пераборлівы прыхадзень. Замест лішніх тлумачэньняў ён палічыў за найлепшае проста падаць госьцю бутэлечку, на паказ. Натрэніраваны ўжо ўгляданьнем у твары кіроўцаў зрок не падвёў ані ў прыцемках бару: вадкасьць у ёй была ружовая, з пухіркамі. Ён пераклаў цэтлік: «Чырвоны цмок». Гучыць зусім па-шатляндзку. Толькі кошту не відаць – зрэшты, ну колькі за яго могуць хацець? Гэта ж 0,3 – хай нават імпартнае. Ну, трыццаць крон, хай сорак, адзін раз жывем... Што? Шэсьцьдзесят? Не, ён пачуў слушна, лічэбнікі ў славянскіх мовах вельмі падобныя... Бармэн зь яго відавочна зьдзекваўся. А можа, па вачах угадаў, што ў яго болей няма. Тым больш ён павінен цяпер купіць гэтую бутэлечку, на злосьць усяму. Што, маўляў, у гэтай краіне можна танна ўзяць толькі мясцовага піва? Ня выйдзе. Пагатоў ужо прынесьлі. Гэтак дзеля яго намагаліся. Толькі цяпер ужо з будкі не пазвоніш. А яшчэ ж ехаць... Ат, куды там ехаць. Можна падумаць, шмат ён сёньня праехаў. Прайшоў яўна болей. Хаця насамрэч мо кілямэтраў пятнаццаць. І ўжо здох. Як раней людзі пешкі па ўсёй Эўропе хадзілі? Яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. У тую ж Італію... Месяц туды, месяц назад... Неверагодна. Не бяды, зараз мы ў Італіі ўсё адно апынемся. Ён усьміхнуўся. Трэба было нечаму радавацца.
Рассмакаваўшы як сьлед першы глыток, ён зноў запаліў. Бармэн згроб са стала манэты і ўключыў тэлевізар. Дзякуй богу, бяз гуку. Паказвалі нейкае амэрыканскае радэа. Мужыкі ў каўбойскіх капелюшах ці радзей у шлемах несупынна залазілі на быкоў і несупынна падалі зь іх лычом у пясок. Недзе пасьля восьмага ці дзявятага падзеньня ён раптоўна зразумеў, што яму найбольш падабаецца ў гэтым бары – цішыня. Адсутнасьць папсовай музыкі, якая ў тутэйшых шынках лічыцца правілам добрага тону. Утульны бар. Ажно ня верыцца, што адразу за дзьвярыма, на ўзбочыне шашы, пачынаецца іншы, нашмат меней утульны сьвет. З сапраўднымі быкамі і падзеньнямі, на якія тут можна глядзець і ўсьміхацца.
Як заўжды ў такіх сытуацыях, ён падумаў, ці не дастаць яму з замызганай торбы нататнік. Толькі навошта? Што туды пісаць? Факты? Уражаньні? Факты відавочныя, уражаньняў няма. Глядзець на мапу такая ж лянота, як і совацца па ёй з хуткасьцю сьлімака – якая розьніца, дзе ён цяпер дакладна. У глыбокай правінцыі. Проста яшчэ пасядзець, пакуль ня скончыцца піва. Паглядзець на радэа. Хай ногі адпачываюць, прыемна зьвісаючы з высокага табурэту. Усё псуе толькі думка, што за свае шэсьцьдзесят крон ён мог узяць ажно два вялікія куфлі звычайнага сьветлага. Расьцягнуць асалоду. Хаця якую там асалоду, у параўнаньні з ружовым. Дый сьветлага ён столькі б ня выпіў, быў бы зусім п'яны.
Зноў бзынькнуў званочак – вось і першая заўсёдніца. Бачна паводле таго, як прывіталася з бармэнам. Запытальна кіўнула галавою ў бок адзінага госьця – можа, ейны кліент? Зірнула, што называецца, ацэначна. Не, для кліентаў яшчэ ня час, дый гэты яўна ня немец. Жанчына села да стойкі сьпінай да яго й запаліла цыгарэту. З выгляду нібыта яшчэ не старая, але для такога маладзёна як ён усё адно цётка. Срака ледзьве зьмяшчаецца на табурэце. Гутараць пра штосьці з бармэнам – незразумела. Піва заканчваецца. Спытаць у іх, дзе тут можна заначаваць? Калі б і так – то заўтра што? Тое самае. Ён зірнуў на гадзіньнік над стойкай, і яму зрабілася вусьцішна: ён страціў амаль гадзіну. Мог прайсьці пяць кілямэтраў, праехаць пры долі шацунку ў разы болей. Не-не, трэба ісьці. Яшчэ пяцьдзясят кілямэтраў – ну што гэта за адлегласьць? Меншая палова. Гэта ж ня тысячу. Да ночы цалкам можна пасьпець. Трэба пасьпець, інакш давядзецца начаваць у лесе, калі пашанцуе – на вуліцы якога мястэчка. Тут проста так у хату да людзей не пасунесься, бяз грошай.
Ён асьцярожна споўз з высокага табурэту і адразу ж адчуў, што ногі зусім перасталі гудзець. Быццам ён толькі што выйшаў. На італьянскіх красоўках нібыта вырасьлі маленькія крылцы і самі цягнулі яго на шашу. Выдатна, што ён усё-ткі зайшоў у гэты бар. Цяпер ён пасьпее.