Маска Бяспраўя

Пераклад: 
класічная брытанская паэзія, вершы па-беларуску, брытанская літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(The Masque of Anarchy)

З нагоды манчэстэрскай разьні

Я спаў і крык пачуў у сьне,
ажно ў паўднёвай старане:
у сьвет, куды прыдумка мкне,
сон паказаў дарогу мне.

Забойства на шляху сустрэў я,
у масцы з тварам Кастэлрэя,
дагледжаным абліччам злым,
і ганчакоў сямёра зь ім.

Усе таўстыя, як адзін, —
нядзіва: ну які ж тут зьдзіў,
раз пан людзкія сэрцы ім,
што пад крысом хаваў сваім,
адно падкідваў за другім.

І Элдан зь ім — Падман, лічы, —
у гарнастаевым плашчы;
град сьлёз, што ліў ён з вышыні,
ператвараўся ў камяні.

Вакольны гурт дзяцей малых
прымаў за дыямэнты іх,
пакуль каменны град тупы
не разьбіваў ім чарапы.

Як Сідмут з твару, Крывадушша,
у цені постаць загарнуўшы,
нібы ў біблійнае сьвятло,
на кракадзіле праплыло.

Прыйшло і іншых Псотаў шмат
на той жахлівы маскарад,
паапраналіся ўсе чыста
як пэры, біскупы й юрысты.

Бяспраўе — ззаду на кані,
конь белы, з плямамі крыві,
а бледнае, што страх глядзець —
як з Апакаліпсісу Сьмерць.

Жазло й карона ўладара
на ім гарэлі, як зара,
на лбе было кляйно зь пісьмён:
«Я — Бог, я — цар, і я — закон!»

Па цэлай Англіі вярхом
Бяспраўе мчала напралом
і пэцкала ў густую кроў
натоўп натхнёных гледачоў.

І тупат быў чуваць здаля —
пад войскам аж гула зямля,
і кожны меч трымаў крывавы
ў імя Бяспраўя вечнай славы.

Па краі рушылі яны,
і кожны вершнік быў п’яны
бядою — гэткага віна
народ наш сербануў спаўна.

Па ўсёй айчыне з краю ў край
прайшоў парад ваўчыных зграй,
і сплюндравалі паўзямлі,
пакуль да Лондану дайшлі.

І страх ангельцаў-землякоў
у сэрца самае ўкалоў:
Бяспраўя покліч пераможны
пачуўшы, схамянуўся кожны.

Насустрач рушылі ў агні
й крывёй запэцканай брані
забойцаў-наймітаў шыхты:
«Закон, і цар, і бог наш — ты!

Мы зачакаліся ў журбе,
Бяспраўе любае, цябе!
Час меч ступіў, кішэнь спустошыў —
дай славы нам, крыві і грошай!»

Ксяндзы й юрысты-круцялі
паклоны білі да зямлі
і, быццам пацеры, гулі:
«Любоўю й праўдай атулі!»

І ўсе гарлалі ўва ўнісон:
«Ты цар, і бог наш, і закон!
Тваім сьвятым для нас імём
табе ж, Бяспраўе, прысягнём!»

Усім ківаў Бяспраўя чэрап,
усіх вітаў сваім ашчэрам.
Што ж, гжэчнасьць гэтая нямала
народных грошай каштавала.

І каралёў саміх жытло
Бяспраўе ў іх пераняло;
дзяржаву, скіпэтар, карону
і мантыю пазалачону.

Пасьля, рабоў паслаўшы раць
ангельскі Банк і Таўэр браць,
пайшло ў Парлямэнт — дзьве Палаты,
дзе ўсе яму штось вінаваты.

І тут дзяўчо прабегла міма, —
маўляў, яна Надзея імем,
ды ўсе ў ёй Роспач пазнавалі —
і закрычала ў нейкім шале:

«Мой бацька Час змарнеў, сьсівеў,
на прышласьць страціўшы спадзеў —
вунь ён стаіць, як бажаволак,
і пальцы рук цярэбіць кволых.

Дзіця пладзіў ён за дзіцём —
усе сышлі пад чарназём,
усіх, апроч мяне, аднёс
гаротны лёс, няўмольны лёс!»

Яна лягла пад ногі коней
на брук, чакаючы спакойна,
пакуль тудой праедзе тройца:
Падман, Бяспраўе і Забойства.

І раптам паміж ёй і імі
паўстаў абрыс нібыта ў дыме
ці ў выпарэньні раньніх рос —
сьпярша няўпэўнены, ён рос,

як хмары, што ў віхуры раптам
ператвараюцца ў гігантаў
і сыплюць іскрамі з вачэй,
за гром гаворачы грамчэй —

рос сылюэт, лускою лат
зіхцеў, нібы на сонцы гад;
праменьне зыркае іскрыла,
дажджом сачылася праз крылы.

Далёка зьзяла шлему сталь,
бы зорка раньняя амаль,
сьвятло ліла скрозь пёраў сіта,
расу пунсовую нібыта.

Як вецер, праляцела постаць
па-над галовамі, так порстка,
што людзі рух адчулі ледзьве
ўгары, ды не пасьпелі ўгледзець.

Як расьсявае кветкі травень,
як хвалі творацца вятрамі,
як зьнічкі ноч цярушыць з кос —
так прывід жмені думак нёс.

І людзі з боязьзю глядзелі:
па лужынах крыві Надзея,
дзяўчына з выглядам сьвятой,
ішла, і ў твары быў спакой.

Бяспраўя жудасная маса
упала й больш не паднялася,
і конь неўтаймаваны Сьмерці
ў пыл растаптаў картэж мардэрцы,
каб сьлед яго навечна сьцерці.

Зазьзяла з хмараў бліскавіца,
каб душаў, думак дабудзіцца,
і загучала скрозь залеву
прамова радасьці і гневу.

Нібы сама зямля-матуля
на твары, на шчаках адчула
крывю дзяцей сваіх, ангельцаў,
і скаланулася ўсім сэрцам,

і ў слова кожную крывінку
дзяцей, пралітую бязьвінна,
у праўды крык ператварыла
і так да іх загаварыла:

«Ангельскі люд, трыюмфаў творца,
аб кім храніст скупы на слоўца,
сыны і дочкі, сэрцу маці
спадзеў на будучыню дайце!

Непераможныя, як львы,
з глыбі дрымот паўстаньце вы,
страсіце як расу, як сон
ланцуг, што вас скаваў здавён:
паноў няшмат, вас — легіён.

Што ёсьць Свабода? Лепш спытацца,
чым ёсьць вам ведамае рабства —
гучыць для многіх тое слова
як рэха вашага назову.

Вам плацяць столькі, каб на працу
маглі вы ледзьве падымацца,
і ў целах мучыліся ўласных
нібы ў турме тыранаў вязьні.

Вы ім рыдлёўкай і клінком —
што хочуць, выгнуць з вас сілком —
і плуг, і кросны: паразіты,
іх барані й яшчэ кармі ты!

Няволя — калі матка млее
ад працы, а дзіця марнее
ад галадухі ў час завеі,
і з кожным мігам менш надзеі.

Вось каб крыху для тых дзяцей
прысмакаў тых, што багацей
сваім кідае тлустым псам,
нажэршыся дасхочу сам.

Няволя — калі Здань Мэталу
працоўных абдзірае стала:
нат Золата ў іх адбірала
менш у разы, хаця й нямала.

Банкноту люд — паперку гэту —
прыняў за чыстую манэту,
і за яе прадаць ня супраць
усё, што скарбы не адкупяць.

Няволя — гэта духу рабства:
астатнім падпарадкавацца
ён змушаны; між тым вы самі —
ніхто; што хочуць, робяць з вамі.

А пачняце супроць тырана
пратэставаць найперш ціхмяна,
дык ён на вас і вашых жонак
шле прыганятых у пагонах
расу крыві разьліць па гонях.

Няволя — калі ўсім нутром
карціць за зло адпомсьціць злом,
за крыўду крыўдаю, аднак
на тую помсту сілаў брак.

Пугач хаваецца ў дупло,
бо адняло яму крыло —
Зьвер у бярлог глыбей залёг
у час завей, перасьцярог.

Худобіне — сьвіньні, аслу — ім
страхі і ежы не бракуе,
ва ўсіх ёсьць дом: адны ангельцы
ня ведаюць, дзе жыць, што есьці.

Ані драпежныя зьвяры,
ані дзікун у гушчары
такой ня вытрымалі б долі,
якой ня зьведалі ніколі.

Што ёсьць Свабода? Каб з магіл
рабы вам даць адказ маглі,
тады растаялі б тыраны
як жах, прысьнёны й перарваны.

Свабода, ты ня прымха-сьцень,
як кажа ўладны прыхвасьцень,
не забабон, ня водгук слабы
зь пячоры колішняе славы.

Ты для працоўных — хлеба бохан,
стол, дзе ўсяго для ўсіх патроху,
у доме чыстым і шчасьлівым,
які даступны ўсім руплівым.

Ты — вопратка, цяпло, прыпасы
для абяздоленае масы:
ці ёсьць краінаю свабоднай
зямля, дзе сьмерцю мруць галоднай,
як тут? Няма такой ніводнай!

Ты — багацею перашкода
паставіць на кадык народа
цяжэнны бот: на хвост дракона
ніхто ня ступіць беспардонна.

Ты — Справядлівасьць: за дублоны
не прадасі свае законы,
як Англія; усім пароўну
ты гарантуеш абарону.

Ты — Мудрасьць: у свабодзе людзі
ня думаюць, што бог асудзіць
усіх, хто трызьненьню сьвятош
ужо ня верыць ні на грош.

Ты — Мір: людзкую кроў і скарбы
свабодны ўрад не марнаваў бы,
як кагадзе цары, каб гвалтам
тушыць у Францыі пажар твой.

Ды хоць бы на яго паслалі
ўсясьветнага патопу хвалі:
агонь Свабоды тая сіла
ледзь суняла б, не патушыла.

Ты ёсьць Любоў: табе багаты
хай, як Хрысту, цалуе пяты
й ідзе з табой па сьвеце, сам
майно раздаўшы беднякам,

альбо ў імя тваёй любові
абвесьціць хай паход крыжовы
вайне, падману — усяму,
што несла выгаду яму.

Навука, Думка і Пісьменства —
сьвятло, што ўсім табой даецца:
таму, хто іхны спадкаемца,
у нэндзе гніць не давядзецца.

Краса, Цярплівасьць, Вольны Дух —
між цнот тваіх; ты — вечны рух,
магніт душы; у словах двух
не апісаць тваіх заслуг.

На сход склікайма ўсенародны
ўсіх, хто адважны і свабодны —
там, дзе бяскрайнія палі
сярод ангельскае зямлі.

Няхай нябёсы па-над намі
й дыван зялёны пад нагамі,
праявы вечнасьці ўсе чыста
пра нашу сьведчаць урачыстасьць.

Няхай з правінцыі, з глыбінкі,
з рыбацкай кожнае хацінкі,
з паселішч, вёсачак, мястэчак,
дзе стогны мукаў чалавечых,

з работ папраўчых і з турмы,
дзе бледныя, нібы з труны,
жанчыны, дзеці і старыя
ад сьцюжы і ад болю ныюць,

з усіх мясьцін, адкуль-хаця,
дзе йдзе штодзённы бой жыцьця,
дзе ў мітусьні і паняверцы
няшчасьцем забуцьвелі сэрцы,

урэшце, з замкаў і палацаў,
якіх ня можа дагукацца
народны боль — у іхных нетрах
ён ледзь чуваць, як водгук ветру, —

зь вязьніцаў моды і багацьця,
дзе здольны мала хто праняцца
пакутай, крыкам, плачам бедных,
зь якога іншы пабляднеў бы.

Каму зьмірыцца немагчыма,
сваімі гледзячы вачыма,
як злыдні прадаюць айчыну —
тых заклікаю я да чыну.

Няхай жа сход вялікі будзе —
там урачыста, на ўсе грудзі
«Мы — не рабы!» абвесьцяць людзі,
як хочуць Бог і правасудзьдзе.

Хай словы будуць, як мячы,
глыбока здольныя сячы,
і як шырокія шчыты
ад раззлаванай свалаты.

Хай шлюць тыраны-ягамосьці
на вас, шалеючы ад злосьці,
бурлівы акіян разьліты
сваіх узброеных наймітаў,

хай шлюць гарматныя арудзьдзі,
што цішу мёртвую прабудзяць,
калі пратне яе наскрозь
гармідар коней і калёс.

Няхай зіхціць галодны штых,
ахвяр шукаючы людзкіх,
каб напаіць крывёй сваё
бязьлітаснае вастрыё.

Няхай арбіты кругавыя
клінкі апішуць агнявыя,
хай топяць, тушаць свае зоры
ў рацэ жалобы, сьмерці моры.

Вы ж стойце, быццам лес дрымучы —
спакойна, велічна, рашуча,
на катаў гледзячы вачыма,
што запалохаць немагчыма.

Хай страх, што мкне наперадзе
й варожых вершнікаў вядзе,
растане ценем трапяткім,
з вас не заўважаны нікім.

Плячо ў плячо, рука ў руку
на вашым хай стаяць баку
законы лепшых, даўніх дзён
і ў спрэчцы будуць вам судзьдзём.

Законы Англіі старой
зь сівою мудрай галавой,
правераныя даўніной;
хай падтрымаюць іх пісьмёны
«Свабоды!» покліч утрапёны.

На тых, хто пераступіць першы
законаў праведныя межы —
на іх сумленьні будзе кроў
ні ў чым ня вінных беднякоў.

І хай тыранавы халопы,
калі нахабнасьці ім хопіць,
калечаць вас, сякуць і колюць —
няхай выслужваюцца ўволю.

Упёршы вочы, рукі склаўшы,
без сумятні на катаў вашых
глядзіце ў нерушы і згодзе,
пакуль іх дзікі шал ня пройдзе.

Як з ганьбай вернуцца дамоў,
то ў іх прамовіць ваша кроў,
пралітая бязбожна імі,
на тварах плямамі рудымі.

І кожная жанчына пальцам
на іх пакажа, і вітацца
суседзі зь імі пабаяцца,
і адцураецца сваяцтва.

А вось сапраўдныя героі,
што помняць пекла баявое,
адчуўшы сорам за мундзір,
з народам пойдуць як адзін.

Тады ганебнае мардэрства
ў душы вулканам адгукнецца,
нязмоўчным голасам прарока
якога ўсім чуваць навокал.

І тыя словы, як грымоты,
прысудам стануць для прыгнёту,
і ў нетрах сэрцаў і мазгоў
гучацьме зноў — і зноў — і зноў:

Непераможныя, як львы,
з глыбі дрымот паўстаньце вы,
страсіце як расу, як сон
ланцуг, што вас скаваў здавён:
паноў няшмат, вас — легіён».

1819

Манчэстэрская разьня — або «Пітэрлу» — крывавая расправа брытанскай кавалерыі зь мірнымі пратэстоўцамі, што патрабавалі ўвядзеньня ўсеагульнага выбарчага права, падчас мітынгу 16 жніўня 1819 года. Загінула 18 чалавек, каля паўсотні былі параненыя.
...ажно ў паўднёвай старане — у Італіі, дзе Шэлі жыў з 1818 г.
Кастэлрэй — Робэрт Ст’юарт, лорд Кастэлрэй (1769 — 1822), міністар замежных спраў Брытаніі і кіраўнік Палаты Абшчын.
Элдан — Джон Скот, эрл Элдан (1751 — 1838), лорд-канцлер Брытаніі.
Сідмут — Генры Эдынгтан, віконт Сідмут (1757 — 1844), міністар унутраных спраў.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Канец эпохі, ціша ў сьвеце.
Век дасказаў, што меў на ўвеце —
дазьзялі слынныя прамоўцы,
сышлі ў нябыт майстры ў рыфмоўцы,
адваяваў ваяр суворы,
мысьляр дамазгаваў, акторы
дайгралі, скульптар скончыў творы,
мастак запоўніў фрэскай сьцены,
і крытык вырак, хто зь іх цэнны.

Пераклад:
Макс Шчур

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

Пераклад:
Макс Шчур

Так, дасягнуўшы росквіту, у прах
імпэрыі сыходзяць пачаргова,
бо прадчуваюць: іхны ўзьнёслы гмах
ня ёсьць, на жаль, увасабленьнем Слова.

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.