Памяці Места

паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

У момант, калі нашаму духу надаецца чуйнасьць, у той самы момант зьяўляецца яму і Горад Божы, што ня мае канца і пачатку.

Джульяна з Норычу

                         I

Крумкача вочы і камеры вока глядзяць
На Гамэравы сьвет, ня наш. Ад спакон вякоў
Усхваляюць зямлю, адвечную
Маці багоў і людзей; калі і спакмецяць гэта
Дык хіба ў кругабегу: тыя чыняць, тыя ўміраюць,
І ва ўсіх свой маленькі лёс, а Яна
Анічога ня робіць. Тут
У журбе яе кожны груд.

Крумкач на коміне крэматорыя
І камера сочаць за бітвай,
Запамінаюць месца, дзе супыніўся час.
Справа – вёска ў агні, у мястэчку, што зьлева,
Стрэлы гучаць, сьлязьмі заліваецца мэр,
Палонных адводзяць прэч – у той час, як недзе далёка
Ва ўзбураным моры танкер ідзе на дно.
Вось гэткія справы; здавён так было і будзе:
Сьліва скідацьме кветкі на мёртвых, рык вадаспаду хавацьме
Плач пугі й каханкаў крыкі;
Пакутнае перастварэньне
Нязначнага ймгненьня ў нязрушны факт,
Што з кур’ерскаю хуткасьцю зьнікае ў зборках ляндшафту:
Адзін цешыцца славай, другі гнецца з кайлом.
Гэтаму можна, той мусіць. Вінаваціць няма каго.

Крумкача спакойныя вочы і камэры шчырае вока
Бачаць тое што бачаць – і хлусяць сваім павярхоўным зрокам.
Ня час выносіць жыцьцю прыгавор. Нават зараз, у гэтую ноч,
Між руін постантычнага места,
З хаосам магіл замест мінулага; калючы дрот
Апярэзвае прышласьць, сягаючы за далягляд.
Нашага гора няма ў трагедыях грэкаў, бо, хаваючы мерцьвякоў,
У душы вінавацім памерлых у нашых пакутах.
Лічым, што боль ня прыносіць шкоды, ня маем дазваньня
Ані да места, ні да сябе шкадаваньня.
Хто б ні патрапіў на сцэну, чаго б ні крычаў,
Ніколі не ўпадзем у адчай.

                       II

Адзін у пакоі, Папа Грыгорый шаптаў
Імпэратара ймя. І той, бяссільны нешта зьмяніць,
Назіраў за распадам сьвету, маўчаў у адказ
Авіньёнскаму гоману, ведаючы: акрамя
Шпагі й адвагі ёсьць яшчэ дом і Рым;
Ды страх незнаёмца згубіцца дарогаю ў храм.

Факты, законы Места мелі падвойны сэнс:
Кроны ставалі каронамі; флірт – жартам
Над больш трывалаю сувязьзю; у халерычных кашмарах
Ворага роду зьмянялі бязьверныя твары;
Дзеці вады зьневажалі ўласнымі позамі
Бязьмежную цярплівасьць неба;
Народжаны пад Сатурнам адчуваў на дотык змрок Суднага Дня.

Квітнелі гандляры й фарысеі; сумніўныя плямёны
Рыхтаваліся ратаваць Ерусалім ад дурнога бога,
Упарадкаваўшы лёгіку, пайшлі вызваляць мысьленьне
Ад выбрыкаў прыватнага розуму
Дзеля Места Здаровага Сэнсу; гавані, вокны,
Жывёлы, глыбокія рэкі, сады, валуны
Хлусілі, узгадаваныя ўсьмешкай пяшчотнай Мадонны.

У глухой правінцыі Лютэр выступаў палымяна
Супроць бессаромнай машыны, што даравала і абяцала ратунак
За плату; абвясьціў Грэшнаму Месту
Абрады лішнімі; прынізіў іх перад Малітвай.
Адгэтуль падзел стаўся ўмовай яе існаваньня;
Увабрала сумніў у свае плоць і кроў.
Прыхільнікі дзялілі зь ёю нястачы; было небясьпечна, але ўдалося ўстаяць.

Сьвятыя ўтаймаваліся; паэты віталі эклектычную лютасьць волі;
Непатрабавальны плебс сачыў за хадою п’есы, калі, велічныя і благія,
Ішлі руйнаваць дабрабыт пярунападобным вершам;
Разлучаныя розумам і здрадаю Места,
У пошуку згоды рытмічным гукам стваралі нябачны сьвет.
У той час дрэва і камень вучыліся бессаромным
Гульням людзей: лісьлівіць, двудушнічаць, мітусіцца.

Прыродзе задалі пытаньне вуснамі Прынца;
Яна прызналася: ён хацеў пачуць, што ня мае яна душы;
Між яго апантанасьцю й холадам ейным узьнік непаўторны стыль,
Іранічная ўсьмешка набыла павагу й паўсюднасьць,
Места крыху пасталела: у яго сутарэньнях
Працуе бязрукі калека, не праклінаючы лёсу –
Судзьдзя яе дзецям, бацька яе лесу.

У адной сталіцы Мірабо зь сябрамі
заатакавалі таямніцу; па спустошаных галерэях
Прамаршыравала гісторыя пад грукат чыстай ідэі
Места Розуму паставіўшы пад прыцэл, хуткая да захопу і стомы;
Яна падлашчвалася да Напалеона, каб скінуць яго потым прэч;
Яе зьнясіленыя, хворыя героі
Пачалі ўзбуджаныя пошукі дасканалага чалавека.

Пустэльні былі небясьпечнымі, рэкі – бурлівымі, іх вопратка – дзіўнай.
Часта мяняючы сваіх Беатрычэ,
Яны мала спалі, рваліся наверх,
З-за гонару ці страху перад Зіхоткім Местам адмовіліся ці забыліся
Ўзьняць сьцяг Слова на яго законнае месца;
Зьненавідзеўшы бацькоўскія цені,
Яны ўварваліся і ўзаралі пекла яе прыроднага “Я”.

Ім перашкаджалі хімеры, яны паціху слабелі ад хандры,
Самагубства абкрадала іх, яны танулі на Мысе Спажываньня,
Згубіліся ў Морах Ломкі, пацярпелі крушэньне на Астравох Трызны
Ці трапілі ў льды адчаю на Полюсе Душ.
Яны ўмёрлі, няшчасныя, адзінокія; цяпер забароненыя
І схаваныя. Акалічнасьці гэтага добра вядомыя:
Верныя бязь веры, яны памерлі за Места Сьвядомасьці.

                        III

Цераз плошчу,
Між спаленых будынкаў Суду і Паліцэйскага Ўчастку,
Міма Сабору, непрыдатнага для рамонту,
Вакол Гранд Гатэлю, адрамантавага для пражываньня рэпарцёраў,
Ля хаціны Надзвычайнага Камітэту,
              Калючы дрот ахутвае мёртвае Места.

Цераз раўніны,
Між двух пагоркаў, вёсак, дрэваў, сяброў
Цягнецца дрот – не тлумачыць, не пераконвае ні ў чым,
Разьмяжоўвае сьцежкі, чыгуначныя тупікі;
Места гумару, веры, густу
Ператворанае ў пустку.

Цераз сон наш
Таксама праходзіць мяжа: уваччу
Бачым белых авечак, ня чуючы бліжняга плач.
Таму шкадаваньне наша – ня больш фігавага лістку.
І любы жартаўнік можа быць зьвязаны путамі шлюбу.
              Гэткім чынам вядзьмаркі зь людзьмі зводзяць рахубы.

Агароджа ў люстры
Падобная да нашай Выявы;
Сьпім альбо не – няма ў ёй чым захапляцца:
Ні веку, ні полу, ні памяці, ні імя.
Кожны – палічаны, памножаны, далучаны,
Дзе і калі заўгодна з жыцьцём можа быць разлучаны.

Ці гэта наш сябра?
Не; гэта наша надзея; плачам – мы, ён жа не сумуе,
Для яго гэты дрот – гэта яшчэ не канец:
Мы ягоная плоць, ува што не паверым ніколі,
Недаўгавечная плоць, пашкадуйма ж аб сьмерці сваёй.
Ніколі ў Месьце Адама не апынуцца ёй.

Дамо Нашай Слабасьці голас.

                          IV

Безь мяне Адам незваротна зрынуўся б зь Люцыферам,
І не закрычаў бы ў сьлязах O felix culpa.
Я падказала што скрасьці Праметэю; праз мяне Адоніс убачыў сьмерць.
Я чула песьню Арфея, не заўжды ад яе ў захапленьні.
Авечыя вочы Нарцыса не хвалявалі мяне; гэта я раззлавалася
На Псіхею, калі ў ёй ўспыхнуў агмень.
У Гектара я мела давер; настолькі, наколькі магчыма.
Паслухай  мяне, дык Эдып не пайшоў бы з Карынфу.
Я ня мела голасу на Арэставым судзе.
Заснула пад Дыятымавы шэпт пра каханьне. Ня выклікала
Пачвар, што спакушалі Сьвятога Антонія.
Пятае Слова ўкрыжаваны Збаўца пакінуў за мною;
Стала каменем сутыкненьня для стоікаў.
Была трэцяю лішняй на рантках Трышчана й Іжоты;
Спрабавалі мяне атруціць.
З Галахадам езьдзіла за Сьвятым Граалем;
Не разумеючы анічога, стрымала ягоную клятву.
Я была перашкодаю на вясельлі Фаўста з Элен;
Заўсёды бачу прывідаў, калі яны ёсьць.
Гамлет выводзіў мяне зь сябе; але Дон Кіхоту я даравала ўсё,
За прызнаньні, зробленыя ў возе.
Мяне не было ў нататніку Дон Жуана, за што
Ён так і не разлічыўся.
Дапамагала цырульніку Фігаро ва ўсіх ягоных інтрыгах; калі ж Прынц
Таміно дадумаўся ўрэшце, прыслужвала і яму.
Ня маю віны ў грахах Старога Марака; несупынна
Раіла Капітану Ахабу даверыцца лёсу.
Як па мне, Метраполія надта вялікае места;
Не разьдзяляю яе ілюзій.
Яе прамовы мяне не кранаюць, лічбы шчэ менш; усе, хто
Сьлізгаціць па паверхні грамадзкага люстра, –
Заўсёды ў крыўдзе і ніколі ня маюць спакою.
Паўсюль, дзе ўпадаю я ў жарсьць, зьбягаюцца яе рэпарцёры;
Але я ўздымуся зноў, каб пачуць, як вынесуць ёй прыгавор.

Чэрвень 1949

Пераклаў Сяргей Прылуцкі

ПАМЯЦІ ЦЫВІЛІЗАЦЫІ

I

Што вокам крумкач, што лінзаю камэра бачаць
сьвет часу Гамэра, ня наш. У канцы і ў пачатку
сфакусаванага кадру – Зямля, цярплівая маці
багоў і людзей, якіх аб'ектыў заўважае
хіба мімаходзь: багі дзеюць, людзі ўміраюць,
адным сваё, другім сваё, бяз розьніцы, Зямля ж
трывае ўсё – бо што ёй да пакут?
Яна адна ўсур'ёз, надоўга тут.

Як крумкач на коміне крэматорыя,
так камэра, што блукае над бітвай,
запамінаюць адно прастору, дзе няма месца часу.
Направа – палае вёска, налева – у мястэчку
страляюць салдаты, і стараста выбухае плачам,
адводзяць палонных, а там, на даляглядзе
танкер ідзе на дно нечульлівага мора. 
Такі рэчаў ход; заўсёды, спрадвеку
цьвет сьлівы цярушыць на мёртвых, а рык вадаспаду
затойвае плач злупцаваных і ўздыхі пажады,
а рэзка-жорсткае сьвятло ператварае
нязначны момант у адвечны факт,
зь якім вястун-сьвістун нырне ў цясьніну:
хто славай цешыцца, каго загнала ганьба ў спраты;
ён можа, ёй ніяк. Ня знойдзеш вінаватых. 

Нерухомы пагляд крумкача і наіўная камэры лінза
хочуць бачыць, як ёсьць – а ня бачаць хаця б і прыблізна.  
Час – ня вырак жыцьцю. Нат цяпер, у цямрэчы,
на парэштках калісьці Вэргіліевага Места,
калі наша мінуўшчына – толькі магілаў хаос,
ну а будучыня – толькі плот з калючага дроту,
што губляецца дзесьці наперадзе, на даляглядзе,
мы ня церпім, як грэкі: хаваючы нашых загіблых,
мы нутром адчуваем, што ў нашых пакутах ёсьць сэнс,
што паранены – не дэзэртыр, што ня час і ня месца
шкадаваць зараз нас альбо нашае Места:
мы – што б пражэктар ні ўхапіў,
што б рэпрадуктар ні крычаў –
ня маем права на адчай.

II

Папа Рыгор, адзін, шаптаў яму праклён,
а імпэратар – зьзяў на цэлы сьвет, чый цэнтар
быў там, дзе імпэратар. Новы Рым паўстаў
на іхным супрацьпастаўленьні – «так» і «не»
верных супернікаў. Мясцовы князь і меч
ужо былі ня ўсім; быў дом, ды быў і Рым;
суседа-чужака больш не баяўся пілігрым.

Дзеі й падзеі Места мелі сэнс дваісты:
плоць стала гімнам, а жартоўныя абдымкі –
трывалай повязьзю; у халерычным шале
колішні вораг роду стаў герэтыком;
дзеці вады ў новаабрадах парадыявалі
бясконцую цярплівасьць неба; той, хто пад Сатурнам
быў зроджаны, адчуў усю жуду Апошняга суду.

Хто багацеў – шынкар і грамацей; плямёны, што ня верылі нікому,
хаўрусавалі, каб адбіць Ерусалім у бога ўпартых,
а лёгікі зь ня меншай дысцыплінай ратавалі
думку ад выбрыкаў асобнай галавы – усё
для Места Розуму; яго ў кароне з вокнаў, порцікаў, садоў,
дзікіх зьвяроў, глыбокіх рэк і голых скал
загойдвала спагадлівая ўсьмешка Богамаці.

У неўрадлівай правінцыі Лютэр пракляў мэханізм,
што за грошы грахі дараваў і душу ратаваў,
абвясьціўшы Грахоўнаму Месту, што больш рытуал
не загоіць усьмешкі-разрыву; Бог вышэйшы за Рым:
так падзел стаў для Места адной зь яго перадумоў;
не магло быць высноў без сумневаў; ад каханьня жанкі
нараджалі са страхам; і ўсё ж Рым трываў, нетрывалы.

Утаймаваўшы сьвятых, паэты ўхвалілі шалёнага Ірада Волі;
цемрашалы раўлі, калі бачылі, як на сьвецкае сцэне
гінулі ў вершаваных грымотах апосталы велічы й зла;
разарванае здрадамі й радамі розуму Места
адшукала падставу для згоды ў рытмічным гучаньні,
а дрэва й камень будаўнік навучыў бессаромнай
чалавечай гульні: дагаджаць, выхваляцца, дурэць без прычыны.  
     
Імем Уладара прыроду выклікалі на допыт;
тая прызнала, што ня мае душы – Уладар і хацеў гэта чуць;
між ягоным эшафотам і холадам Места ўзьнікла стрыманасьць стылю;
іранічная ўсьмешка зьнікла, царква аддзялілася ад сьвету,
замест этыкету галоўным стаў дабрабыт: джэнтльмэн
безь мяча, кар’ерыст, цяпер ажыцьцяўляў
правасудзьдзе над дзецьмі і ўладу над пушчамі Места.

У сталіцы пэўнае нацыі Мірабо і кампанія
разьвянчалі містэрыю; галёрка раўла асалодай,
і гісторыя рушыла маршам пад бубны Празрыстай Ідэі,
мэтай стала Разумнае Места – такое лёгка імпануе
й яшчэ хутчэй абрыдае: скарыстаўшы, яно кінула ў сьметніцу Напалеона;
новыя – бледныя, чульлівыя – героі
пачалі халерычныя пошукі чалавека да Грэхападзеньня.

На ўласную рызыку яны выпраўляліся ў пустэльню і ў мора,
апраналіся бязглузда, часта мянялі сваіх Бэатрычэ,
недасыпалі, але не здаліся, узьняўшы сьцяг Слова
па-над выспамі беззаконьня, забытымі, пра якія
баязьлівае й ганарлівае Зіхоткае Места нат чуць не хацела;
кіруючыся ненавіснымі ценямі продкаў, героі
спусьціліся ў самае пекла і ўпрагліся ў бароны.

Хімэры шматалі іх, сплін марнаваў іх намогі,
самагубствы касілі іх, яны гінулі на мысе Сухотаў,
губляліся ў акіяне П'янства, разьбіваліся аб скалы Трызьненьня
ці траплялі ў лядовую пастку адчаю на полюсе Духу,
паміралі заўчасна ў самоце; і ўсё ж нам адкрылі
таемныя, дзікія, забароненыя далячыні: вернікі бязь веры
ахвяравалі сабой дзеля Самасьвядомага Места. 

III

Праз пляц,
між спаленым Судом і Міністэрствам зыску,
між Храмам, які ўжо ня мае сэнсу аднаўляць,
і Гранд-Гатэлем, што пісакамі набіты пад завязку,
міма баракаў Камітэту Ўратаваньня ці чаго
Местам вядзе калючы дрот – руінамі яго.

Разлогай,
між двух пагоркаў, вёсак, дрэў, сяброў
калючы дрот вядзе, нам не тлумачачы нічога,
і там, дзе ён чыгуначны тупік ці пуціну аплёў,
там вынішчаны спрэс і густ, і гумар,
і рытуал, і кухня – Места зьмест, яго падмурак.

Праз нашы сны
ідзе калючы дрот: вось мы спаткнуліся, упалі,
і каравэла прэч плыве бяз нас, хоць плачам і ня мы;
ён прыкрывае нас як фігавы лісток на балі
Пакепнікаў, жартаўніка прывязвае да ложку,
і ў ведзьмы з галавы расьце сабе патрошку.

За ім,     
як за люстэркам, вобраз наш той самы
ў прытомнасьці і ў сьне: куміраў мы не прызнаем,
ня маем веку, веры, полу, памяці й імя мы,
ільга зьлічыць, памножыць, выкарыстаць нас
зь любою мэтай – і ў любы зьніштожыць час.

Ня сябар нам,
наш Горад – спадзяемся мы – ня церпіць    
ад нашых сьлёз, жыве на злосьць руінам і дратам:
Ён – наша плоць, у што так цяжка нам паверыць,
Плоць наша – сьмерць, ды шкадаваць яе ня варта;
Места Свайго Адам чакае ўпарта.

Няхай нашымі вуснамі прамовіць Слабасьць

IV

Безь мяне Адам быў бы навечна пракляты заадно зь Люцыфэрам;
ён ніколі ня здолеў бы крыкнуць O felix culpa.
Гэта я падбухторыў на крадзёж Прамэтэя; мая няпэўнасьць
каштавала жыцьця Адонісу.
Я чуў сьпеў Арфэя; але ён не крануў мяне так моцна, як кажуць.
Мяне не падманулі авечыя вочы Нарцыса; гэта я
злаваў на Псыхею, калі яна запаліла паходню.
Мне Гектар давяраў да самага канца.
Паслухаў бы Эдып мяне – ня зьехаў бы з Карынфу;
а на судзе з Арэстам я ўстрымаўся.
Мяне прамовай аб каханьні ўсыпіла Дыятыма; я не насылаў
пачвараў, каб спакусіць сьвятога Антонія.
Гэта мне даверыў Збаўца на крыжы Сваё Пятае Слова,
аб якое спаткнуліся стоікі.
Я быў трэцім лішнім пры сустрэчы Трыстана з Ізольдай;
і яны спрабавалі мяне атруціць.
Я скакаў з сэрам Гэлагэдам па Грааль; і сам ня ўцяміў,
што жыў, як ён, у чысьціні.
Я быў законнай перашкодай шлюбу Фаўста з Гэленай,
бо я магу адрозьніць здань ад чалавека. 
Мяне даводзіў да шалу Гамлет; а вось Дон Кіхоту
я ўсё дараваў за ягонае прызнаньне ў клетцы.
Гэта мяне прапусьцілі ў сьпісе Дон Жуана, зусім
не ягонай віной.
Я дапамагаў з інтрыгамі цырульніку Фігаро; а калі
прынц Таміно дасягнуў мудрасьці – і я не застаўся
без узнагароды.
Я не ўчыняў граху Старога Марака, і пэрыядычна
раіў капітану Ахабу пагадзіцца быць шчасным.

Што да Мэтраполісу, дык і ён – вялікае места; але
прымхі яго – не мае.
Прамовы яго, пагатоў статыстыка, мяне ня ўражваюць; усім,
хто жыве на публічным баку яго люстраў, наканавана
жыць у крыўдзе, ня ў міры.
Хай у месца, дзе я паміраю, зьбягуцца фатографы з усяго Мэтраполісу –
я нат зь мёртвых паўстану, каб сьведчыць супраць яго на судзе. 

Чэрвень 1949

Пераклаў Макс Шчур

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Таго, што здольны вырабляць Цыклёп,
агораць Чалавецтва не змагло б,
ды ён ня мае аднаго трафэя:
Цыклёп па-людзку гаварыць ня ўмее.
Па гвалтам падпарадкаваным краі,
па трупах і ня трупах, што ў адчаі,   
як гаспадар, ён крочыць, рукі ў бокі,
ды з вуснаў бздуры выпускае толькі.

Пераклад:
Макс Шчур, Сяргей Прылуцкі

Пэдагогі гадаюць, цікавіцца вуліца:
ці раскрыецца хлопчык аднойчы, як вустрыца?

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі, Макс Шчур

Побач з рыбамі хачу крычаць,
жаночыя прынады,
якімі мне распаролі жывот
ад шчэлепаў да хваста.

а яна хацела акурат таго што і атрымлівала
проста ўвагі
яна верыла што зьвяртацца да кагосьці гэта насамрэч быць зь ім
такі кшталт прафэсійнай дэфармацыі
«у праскай студыі з вамі Вольга Караткевіч»