Партрэт дыктатуры. Частка другая

сучасная беларуская драматургія, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

П’еса на адну дзею (працяг)

Калі запальваецца святло, перад гледачамі паўстае вось якая карціна. Сцэну па дыяганалі, ад авансцэны злева направа, перасякае мур, так што левай кулісы не відаць зусім. Пасярэдзіне мура — вароты, з вартавымі вежамі з абодвух бакоў. Над варотамі балкон. У адной са створак варот дзверы з адкідным вакенцам. На другой — знак «STOP» і знак, на якім выява чалавека, перакрэсленага чырвонай лініяй. Там жа — нешта накшталт паштовай скрыні з надпісам «СКАРГІ». На першай вежы, той што бліжэй да гледачоў, на шасце банер на палатне «САКАЛІНАЯ КРУЧА». Справа, на даляглядзе, відаць тыя самыя шматпавярховікі, завадскія трубы і трактар, але той не дыміць і не рухаецца, бо скончылася салярка.

З-за кулісы выходзіць АПАВЯДАЛЬНІК.

АПАВЯДАЛЬНІК (вылупіўшыся на мур): Аёй, што гэта? (Падыходзіць да мура, дакранаецца, пляскае па ім далоняй. Упэўніўшыся, што мур існуе ў рэчаіснасці, а не прымроіўся, вяртаецца і сядае за столік. Пасля паўзы, апамятаўшыся:) А пляшка? Там жа во колькі (паказвае, растапырыўшы як найшырэй вялікі і ўказальны пальцы) заставалася. (Заглядвае пад столік). Сцягнулі. Эх, разява, з сабою трэба было забіраць. Але што цяпер, хоць за локаць сябе ўкусі, не вернеш. (Бярэ ў рукі аркуш, чытае.) «Раніца. Над Сакалінай кручай узыходзіць сонца».

Раніца. Над Сакалінай кручай ўзходзіць сонца. З-за правай кулісы выходзіць ДВОРНІК у памаранчавай робе, з вязанай шапачкай на галаве, з палкай у руках, на якую насаджаны дзяркач. Бярэцца месці.

ДВОРНІК (цяжка ўздыхнуўшы): Эхе-хе-хе-хе-хе... Зноў смецця як наўмысна накідалі. І адкуль яно бярэцца? Тут жа не тое, што хадзіць — дыхаць у гэты бок забаронена. Во (мяце): бляшанкі нейкія, пудэлкі, шпрыцы, абгорткі, недапалкі, гумкі. Не, хіба што толькі зверху скідваюць (спыняецца, глядзіць на мур, задраўшы ўгару галаву ) — апроч гэтага, хоць забіце, нічагуткі на розум не прыходзіць. Эхе-хе-хе-х...(Мяце.)

Ад дзвярэй аддзяляецца адкідное вечка, у дзірцы з’яўляецца морда Першага ахоўніка.

МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Гэй, ты!
ДВОРНІК (спыніўшыся) : Што?
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Пацішэй нельга?
ДВОРНІК: А што такое?
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Людзі спяць.
ДВОРНІК: Дык раніца ж, прачнуліся ўжо ўсе.
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Гэты ты, смярдзюк, прачнуўся, а ў людзей самы сон. Паняў?
ДВОРНІК: Паняў. (Мяце далей.)
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Не, ну што за храновіна!?

Морда Першага Ахоўніка знікае, вечка прывальваецца, пасля чаго адчыняюцца дзверы і выходзіць ПЕРШЫ АХОЎНІК.

ДВОРНІК (спыніўшыся, убок): Відаць, прычэпіцца, трэба ратавацца.
ПЕРШЫ АХОЎНІК (адчапляючы ад пояса дручок): Ну, ты, мужык, папаў.
ДВОРНІК: Я ўсё зразумеў, больш так не буду.
АПАВЯДАЛЬНІК (умешваецца): Даруйце, але ён насамрэч нічога такога не рабіў, я сведка.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Што, які сведка, адкуль ты ўзяўся?
АПАВЯДАЛЬНІК: Я заўсёды тут быў, я Апавядальнік.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Ясна. Дык вось, слухай, апавядальнік, сюды: раз ты апавядальнік, дык апавядай, а не лезь куды цябе не просяць. Не злуй мяне, а то... (Пагражае дручком.)
АПАВЯДАЛЬНІК: Усё, маўчу.

З дзвярэй выходзіць ДРУГІ АХОЎНІК.

ДРУГІ АХОЎНІК: Што тут адбываецца?
ПЕРШЫ БЕЛМЕНТ: Ды во (ківае галавой на Дворніка), нарабіў шуму. А гэты (ківае на Апавядальніка) заступаецца.
ДРУГІ АХОЎНІК: Абодвух у каталажку.
ДВОРНІК: Не, не, я не шумеў, падмятаў толькі, і ўсё.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Паглядзі на яго, яшчэ спрачаецца! Калі я кажу «шумеў» — значыць, шумеў, і кропка.
ДВОРНІК: Ну, хай сабе — шумеў, але гэта было ў апошні раз.
ПЕРШЫ АХОЎНІК (Другому): Бачыш, як хутка прызнаўся. А толькі што аспрэчваў.
ДРУГІ АХОЎНІК: Усе яны на адзін капыл: пакуль дручок не пакажаш, хоць язык у роце аб зубы стачы, не разумеюць.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Так, з імі па-добраму нельга.
ДВОРНІК: Але чым я вінаваты, месці ж усё роўна трэба?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Дык мяці, хто табе не дае, толькі ціха.
ДВОРНІК: А як месці ціха? Гэта ж не грыбы перабіраць ці венікі вязаць.
ДРУГІ АХОЎНІК: Як? Зараз я цябе навучу (Зрывае з галавы Дворніка шапачку і шпурляе яе яму пад ногі). Во ёю і падмятай.
ДВОРНІК: Шапкай?
ДРУГІ АХОЎНІК (паддае Дворніку нагой пад зад): На калені і пайшоў.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Ха-ха, сапраўды. Як я сам не дапёр?
АПАВЯДАЛЬНІК (схапіўшыся за галаву): Божа, што тут адбываецца, дзе я апынуўся?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Дзе? У месцы нябачнай дагэтуль свабоды.
ДРУГІ АХОЎНІК: А таксама ўсеагульнага раўнапраўя і братэрства.

Ахоўнікі рагочуць. З’яўляецца ПРАХОЖЫ.

ПЕРШЫ АХОЎНІК: А ты што тут?
ПРАХОЖЫ (азірнуўшыся): Я?
ДРУГІ АХОЎНІК: Ты, ты, хто ж яшчэ?
ПРАХОЖЫ: Ды іду сабе, і ўсё.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Не, ну бачылі ёлупа — ідзе ён. А хіба ты не ведаеш, што тут без дазволу хадзіць забаронена?
ПРАХОЖЫ: Не.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Як не? А знак вось (паказвае пальцам на знак на варотах), на знак паглядзі. Бачыш?
ПРАХОЖЫ: Бачу, не сляпы.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Дык што ж ты, падла, ідзеш, калі бачыш?
ПРАХОЖЫ (паціснуўшы плячыма): Ну, так сабе, я ж нічога-ніякага.
ДРУГІ АХОЎНІК: Чуў: нічога ён ніякага. Во распусціліся, проста рады ніякай няма.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Мо, перацягнуць разок дзеля постраху?
ДРУГІ АХОЎНІК: Не зашкодзіла б, але каб вэрхалу тут нам не нарабіў.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Твая рацыя. (Да Прахожага.) Гэй, ты, пайшоў — і каб больш нават не думаў тут хадзіць, ці даведаешся па чым фунт ліха. Так апрацую, што маці родная не пазнае. (Да Дворніка.) І цябе гэта датычыць. Падмёў хуценька — і каб як ветрам адсюль здзьмула. (Пагражае абодвум дручком.) Я вам!

Прахожы, а за ім бачком Дворнік, выходзяць за кулісу.

АПАВЯДАЛЬНІК: Вось табе маеш! (Чэша патыліцу.) Ё-маё, што ж тут дзеецца такое?
ПЕРШЫ АХОЎНІК (да Апавядальніка): А цяпер слухай на ўсе вушы, ты, другі раз папярэджваю і апошні: будзеш задавацца — не пагляджу, што апавядальнік, атрымаеш па першае чысло.
АПАВЯДАЛЬНІК: Я і не задаюся.
ДРУГІ АХОЎНІК: І зяпу заткні.

Уваходзіць ПРАСІЦЕЛЬКА.

ПЕРШЫ АХОЎНІК: А цябе які чорт сюды прынёс, цётка?
ПРАСІЦЕЛЬКА: А сыночкі мае, а міленькіе, а родненькія..
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Карацей давай: што трэба?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Скаргу хачу падаць. (Дастае з-пад пахі аркушык.)
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Ніякіх скаргаў больш не прымаем.
ПРАСІЦЕЛЬКА: Як? Чаму?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Бо тыя, якія прынялі, яшчэ не паразглядалі, з пазамінулага году ляжаць.
ПРАСІЦЕЛЬКА: А божачкі мае, а матка нябесная, заступніца! А што ж мне рабіць?
ДРУГІ АХОЎНІК: А ты яму самому (паказвае пальцам на неба), цётка, і падай.
ПРАСІЦЕЛЬКА: Падавала, і як ужо падавала — цалюткі дзень, укленчыўшы, у царкве на халоднай падлозе выстаяла.
ДРУГІ АХОЎНІК: Гм. І што?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Нічога.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Бачыш, нават Богу твае скаргі абрыдлі. Усё, ідзі, пакуль цэлая і пры памяці, не даводзь да нервовага зрыву.

На балкон выходзіць ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР, у шыкоўным шлафроку, з філіжанкай кавы ў руках.

ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Што тут за штурхатня? У чым справа? Што гэта за старая? (Адпівае з філіжанкі).
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Прасіцелька. (Падштурхоўвае Прасіцельку рукой.) Прэч адсюль! Вон! Пайшла!
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Пачакай, не гані... Што ў цябе, цётка?
ПРАСІЦЕЛЬКА: А паночку, бацька ты наш родны, дай Бог табе ўдвая таго, што маеш, каб і дзеткам тваім, і ўнучкам, калі яны есць, і праўнучкам, якія напэўна ж будуць, не бракавала і яшчэ ўсяго-ўсенькага, чаго ты толькі пажадаеш.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР (перапыніўшы): Ну-ну, хопіць, справу кажы.
ПРАСІЦЕЛЬКА: Скаргу хачу падаць.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: На каго?
ПРАСІЦЕЛЬКА: На суседа свайго.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Гм. І што, гэты сусед твой, чым цябе пакрыўдзіў?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Пакрыўдзіў, панок, ой як пакрыўдзіў, так ужо пакрыўдзіў, што каб яму без кія кроку не ступіць, каб ён у запечку да смерці прасядзеў, каб яго намачыла ды не высушыла, каб падняло ды не апусціла, каб ён да раніцы не дажыў і света белага не бачыў.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР (затупаўшы нагамі): Усё, хопіць, хопіць, хопіць! Ты вось што, цётка, давай не размазвай, як маслам па блінцу, а вядзі да сутнасці — як менавіта, чым пакрыўдзіў?
ПРАСІЦЕЛЬКА: А менавіта вось чым. (Махае аркушыкам.) У мяне тут усё-усенька запісана — хату сваю старую на два вянца падняў.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: І што?
ПРАСІЦЕЛЬКА: І жвіру падсыпаў, пяць машын, я лічыла, каб яму на тым свеце чэрці
гэтулькі ж на галаву насыпалі.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Нічога не цямлю: хату падняў, жвіру падсыпаў. Ты гэта да чаго вядзеш, у чым твая крыўда?
ПРАСІЦЕЛЬКА: А вось у чым, даражэнькі: цяпер калі дожджык, ці паводка вясною, то толькі ў мяне пад хатай сажалка, а не як калісь, у абаіх.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Ага, вось у чым справа. Нарэшце, дапнуліся. Дык што ты хочаш?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Каб назад усё вярнуў, як было — і хату на два вянцы апусціў, і жвір вывез.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Так, так, так. (Моршчыць лоб — думае, і затым: ) А мо і ты, як ён, зрабі — падымі хату на два вянцы і гэтага самага, жвіру падсып?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Не.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Чаму?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Бо ў нас так спрадвеку жылі — у яме: і бацькі нашыя, і дзяды, і прадзеды. Дык чаму мы інакш павінны?
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Эх! Зрэшты, усё слушна. Ладна, кінь сваю скаргу, я пасля пагляджу.
ПЕРШЫ АХОЎНІК (стукнуўшы дручком па скрыні " Скаргі") : Сюды кідай.
ПРАСІЦЕЛЬКА (засунуўшы ў шчыліну аркушык): Дзякую табе вялікі, паночак! Дай божа табе здароўечка! (Адыходзіць задам налева.) І каб дзеткі твае ніколі-ніколі не хварэлі, і ўнучкі, калі ёсць, і...
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Эээ... (Пстрыкае пальцамі.) Ты вось што, цётка, ты далёка не адыходзься, тут пабудзь. Зараз Прэзідэнт выйдзе, скажа колькі слоў, пра тое, як жыцьмем і што рабіцьмем далей. Гэта вельмі важна, можна сказаць, лёсавызначальна для ўсіх вас — простых людзей.
ПРАСІЦЕЛЬКА (спыніўшыся): Як, паночак, скажаш, хоць увесь дзень і ўсю ноч прастаю,
толькі дапамажы.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Добра, добра, але гэта пасля. (Сыходзіць з балкона.)
АПАВЯДАЛЬНІК (сам сабе): Цікава, што ж ён вымудрыў такога лёсавызначальнага для ўсіх нас. (Глядзіць у аркуш.) Не можа быць!

На сцэну з правай кулісы выходзіць гурт мужчын і жанчын. Адначасова з імі, на балконе з’яўляюцца Прэзідэнт, Генерал-маёр і апошнім — Эфектыўны Менеджар, апранаючы на хаду пінжак.

ПРЭЗІДЭНТ: Людзі! Народ! Мужыкі і бабы! Я сабраў вас тут для таго, каб паведаміць вам наступнае. Я меркаваў, што пяці год мне хопіць, каб навесці ў краіне парадак і ажыццявіць нарэшце вашую спрадвечную мару — пабудаваць сацыяльна-арыентаваную дзяржаву з моцнай квітнеючай эканомікай, з найлепшай у свеце адукацыяй і медыцынай, выдатнай культурай, адным словам — дзяржаву для жыцця. Але, як паказала практыка, пяць год для гэтага аказалася замала.
ПЕРШЫ МУЖЫК: Чаму замала? Па-мойму, у самы раз.
ДРУГІ МУЖЫК: І я так лічу — пакіраваў крыху і дай другім. А сам да жонкі ў вёску. Ці яна, можа, ужо дзе на курорце атабарылася?
ПРЭЗІДЭНТ: Не, у вёсцы сядзіць.
ДРУГІ МУЖЫК: Ну во, то ўдваіх трусамі зоймецеся. А з нас годзе.
ПРЭЗІДЭНТ: Не-не, аб гэтым ня можа быць нават гаворкі — якая вёска? Якія трусы? Я на такое нізавошта не пайду.
ПЕРШЫ МУЖЫК: Як гэта не пойдзеш? Ану, спускайся ўніз, не то мы цябе зараз сілком спусцім.
ПРЭЗІДЭНТ: Што? Пагражаць? Мне?
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (ахоўнікам, паказаўшы пальцам на Першага мужыка) : Узяць яго.
ПЕРШЫ АХОЎНІК (адчапіўшы ад пояса дручок): Гэй, ты, стой, дзе стаіш! (Наступае на Першага мужыка.) І ў вочы мне, у вочы глядзець!
ДРУГІ МУЖЫК (пераймаючы Першага ахоўніка): Ану, здай назад.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Ты што! Ты гэта мне? Ты гэта на мяне? Ды я табе зараз... (Замахваецца на Другога мужыка, але тут яго штурхае ў спіну ТРЭЦІ МУЖЫК, так што ПЕРШЫ АХОЎНІК ляціць потарч носам.)
ДРУГІ АХОЎНІК: Каравул! Ратунку! Нашых б’юць!
ПРЭЗІДЭНТ: Што, непадпарадкоўвацца ўздумалі, бунтаваць? (Тупае нагамі ). Арыштаваць! Скруціць! Пасадзіць!
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Усіх?
АПАВЯДАЛЬНІК: Чаму ўсіх? Я не бунтаваў.
ПРЭЗІДЭНТ: Чаму ўсіх? Хто працавацьме, калі ўсіх?
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Ясна. (Абярнуўшыся крычыць.) Узяць завадатараў! Выконваць! Наперад!

Разыходзяцца створкі варот, адтуль выбягае паўтузіна чарнашапачнікаў са шчытамі, якія, махаючы дручкамі налева і направа, гоняць народ з Апавядальнікам за правую кулісу, так што на сцэне застаеца
ляжаць адна затаптаная Прасіцелька.

ПРЭЗІДЭНТ: І цяпер так будзе заўсёды. Жэстачайша ўсіх караць. Лібералізм скончыўся. (Да Генерал-маёра.) Запісвай. Указ. «Сходы, мітынгі, шэсці і іншыя таму падобныя зборышчы, усе мерапрыемствы з удзелам больш за трох чалавек без майго дазволу — забароненыя. Адзіночныя пікеты таксама. Непадпарадкаванне караецца штрафам, памер якога буду вызначаць я — альбо арыштам на тэрмін, вызначаны таксама мною.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (піша ў нататніку, мармычучы): «...тэрмін, вызначаны таксама мною». Выдатны ўказ, проста выдатны.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: А галоўнае — нечуваны.
ПРЭЗІДЭНТ: Гэта першае. Другое. Пішы: усе газеты, часопісы, кнігі й іншая друкаваная
прадукцыя выходзіць толькі з майго асабістага дазволу. А электронныя сродкі як масавай, так і любой іншай інфармацыі, улічна з чуткамі, плёткамі і таму падобнымі праявамі вуснай
народнай творчасці, падпарадкоўваюцца мне непасрэдна і цалкам.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (занатоўвае, мармучачы): «...падпарадкоўваюцца мне непасрэдна і цалкам». Геніяльна!
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: І своечасова.
ПРЭЗІДЭНТ: І трэцяе. У сувязі з надзвычайнымі абставінамі, я складваю з сябе паўнамоцтвы Прэзідэнта... і ўскладваю іх на сябе як на Дыктатара, таксама з вялікай літары.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: А вось гэта напраўду разумна.
ДЫКТАТАР: І апошняе. Усім маўчаць!
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (выструніўшыся): Ёсць, усім маўчаць!

Тым часам чарнашапачнікі варочаюцца «на базу», і не адны: вядуць перад сабой, трымаючы за рукі, Першага і Другога Мужыкоў. Параўняўшыся з Прасіцелькай, падбіраюць і яе, падхапіўшы пад пахі.

ДРУГІ АХОЎНІК (стоячы ля разнасцежаных варот, да Першага Мужыка): Што, папаўся,
галубок?
ПЕРШЫ АХОЎНІК (прыставіўшы дручок пад падбародак Першаму мужыку): Будзеш адказваць за супраціўленне прадстаўніку ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў. Якое за гэта прадугледжана пакаранне, ведаеш? Не? Даведаешся.
ДРУГІ АХОЎНІК (да Другога Мужыка): Вось і другая птушачка.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: А ты (злаўчыўшыся, перацягвае Другога Мужыка дручком па карку) — за замах на жыццё. Ух, ужо паквітаюся, трымайце дурнога!
АПАВЯДАЛЬНІК (выглянуўшы з-за кулісы): Ого, пападзіся такім у лапы — скалечаць.
ДРУГІ АХОЎНІК (да чарнашапачнікаў, што валакуць пад апашкі Прасіцельку): А бабу навошта забралі? Валтузіся з ёю потым.
АДЗІН З ЧАРНАШАПАЧНІКАЎ: А куды яе? Не ў шпіталь жа цягнуць.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Хоць жывая?
ДРУГІ З ЧАРНАШАПАЧНІКАЎ: А хрэн яе ведае, быццам дыхае. Ды яны трывушчыя.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (з балкона): У вязніцу ўсіх, там разбярэмся.

Чарнашапачнікі з арыштаванымі і ахоўнікі заходзяць у вароты. Тыя зачыняюцца. Усе пакідаюць балкон.

АПАВЯДАЛЬНІК (выходзячы на сцэну): Вось дык справы. (Чэша патыліцу.) Хто мог прадбачыць, што да такога дойдзе. (Ставіць на ножкі перакулены столік і збірае раскіданыя па сцэне аркушы.) Мо ўцякаць, у эміграцыю, пакуль не позна, падацца? Толькі куды? Ды й хто мяне чакае, дзе я прыдамся, пагатоў з жонкай і дзецьмі малымі? (Сядае за столік). Не, відаць, давядзецца тут гараваць.

На балконе з’яўляецца Д’ЯБАЛ з бляшанкай піва ў адной лапе, з вудай і драбінамі ў другой.

Д’ЯБАЛ: Твая рацыя: нікому ты нідзе не патрэбны, як і твае сямейнікі. (Адкладае, абапершы аб поручань, драбіны і вуду).
АПАВЯДАЛЬНІК (ускочыўшы на ногі): Цур мяне, цур! (Жагнаецца.)
Д’ЯБАЛ: А калі ўзяць пад увагу той факт, што паўсюль тое самае, дык нават казаць няма пра што. Плюнь і разатры.
АПАВЯДАЛЬНІК (засланяючыся, як ад жару, рукой): Што табе ад мяне трэба?
Д’ЯБАЛ: Чаго ты, бадай, не ўкушу. (П’е з бляшанкі.)
АПАВЯДАЛЬНІК: Хто цябе ведае, вось так папусцішся — і душу згубіш.
Д’ЯБАЛ: Вой, патрэбная мне твая душа, як іконы ў пекле. Я во проста зараз колькі захачу душаў налаўлю. (Выкінуўшы ўніз на сцэну бляшанку, разматвае вуду, на канцы лёскі якой — вялікі зыркі кручок.)
АПАВЯДАЛЬНІК (прысеўшы за столік, зацікаўлена): На што ловіш?
Д’ЯБАЛ: На пыху.(Папляваўшы на кручок закідвае вуду.)

З глыбіні сцэны, з-за мура выходзіць ПІСЬМЕННІК.

Д’ЯБАЛ: А вось і карась.
АПАВЯДАЛЬНІК: Гэта не карась, гэта нейкі (прыглядаецца)... на наліма падобны, ага, гэдакі ж слізкі. Хто ж гэта?
Д’ЯБАЛ: Пісьменнік.
АПАВЯДАЛЬНІК: Пісьменнік? Цікава. І што ён напісаў, гэты пісьменнік?
Д’ЯБАЛ: А чорт яго ведае, нешта крамзоліць, але хто там яго чытаў? (Між тым, пады- шоўшы, Пісьменнік хапае абедзьвума рукамі кручок.) Узяўся, узяўся. Гы-гы-гы...
АПАВЯДАЛЬНІК: Дык падсякай, падсякай!
Д’ЯБАЛ: Нічога, не сарвецца, ужо мой. (Адклаўшы вуду, спускае ўніз драбіну. Да Пісьменніка.) Падымайся (Пісьменнік лезе па драбіне. Нячысцік дапамагае яму саскочыць на балкон). Рады, вельмі рады.
ПІСЬМЕННІК: А я як рады! Лапку дазвольце пацалаваць.
Д’ЯБАЛ (падае лапу): Ну, пацалуй. (Пісьменнік цалуе Д’яблу лапу.) Аловак?
ПІСЬМЕННІК (ляпнуўшы сябе па грудзях ): Заўсёды са мной.
Д’ЯБАЛ: Папера?
ПІСЬМЕННІК: Здабуду адданай і руплівай працай.
Д’ЯБАЛ: Як і славу. Праўда, да аўтара «Майстра і Маргарыты» крышку не дацягнеш, але тут нічога не зробіш, бо не ўсім дадзена. Усё, ідзі.

Пісьменнік сыходзіць з балкона. Д’ЯБАЛ бярэ пачак даляраў, чапляе іх на кручок і зноў закідвае вуду.

АПАВЯДАЛЬНІК: На даляры ловіш?
Д’ЯБАЛ: На іх таксама.
АПАВЯДАЛЬНІК: І добра бяруць?
Д’ЯБАЛ: Найлепш, выцягваць ледзь паспяваю.

З глыбіні сцэны, з-за мура выбягае задыханы ДЗЯЛОК.

ДЗЯЛОК: Фу, каб толькі хтось не апярэдзіў. (Ацірае далоняй лоб і азіраецца.) Здаецца, нікога пакуль няма. Во падфарціла.
Д’ЯБАЛ: Дзялок?
ДЗЯЛОК (задраўшы галаву): Так, гэта я!
Д’ЯБАЛ (торкаючы вудай): Ды вось, вось, перад носам, хапай хутчэй, пакуль канкурэнты не набеглі.
ДЗЯЛОК: А! Яны? Сапраўдныя? Аёй! (Учапіўшыся аберуч, зрывае пачак з кручка.)
Д’ЯБАЛ (да АПАВЯДАЛЬНІКа): Бачыў, як трэба? (Да Дзялка.) Аслупянеў ад шчасця, ці порткі абмачыў? Лезь ужо.
ДЗЯЛОК: (сунуўшы даляры за пазуху, узбіраецца па драбіне наверх і саскоквае на балкон). Адпрацую.
Д’ЯБАЛ: Само сабой.
ДЗЯЛОК: Не пашкадуеце.
Д’ЯБАЛ: Ведаю. (Падштурхоўвае Дзялка.) Давай, цябе чакаюць. І прывітанні там усім ад мяне перадавай.
ДЗЯЛОК: Абавязкова перадам. (Сыходзіць.)
Д’ЯБАЛ (да Апавядльніка): Дык што, такі мой бок возьме?
АПАВЯДАЛЬНІК: Гэта яшчэ не вядома, як кажуць, бабка надвое варажыла.
Д’ЯБАЛ: Памыляешся, мой заўсёды браў, і так да веку будзе.
АПАВЯДАЛЬНІК (сам сабе): Бач, які самаўпэўнены.
Д’ЯБАЛ: Тут на сёння, бадай, усё. (Змотвае вуду.) Пайду ў іншае месца закіну. (Выцягвае драбіны, якія пакідае на балконе, пасля чаго падаецца прэч.)
АПАВЯДАЛЬНІК: А драбіны? Драбіны забыўся.
ГОЛАС Д’ЯБЛА: Во памяць, ліха на яе! Але варочацца не буду: дрэнная, кажуць, прыкмета.
АПАВЯДАЛЬНІК (да гледачоў): Ну, ведаеце, каб д’ябал — і з прымхамі? (Разводзіць убакі рукамі.) Не чакаў.

З глыбіні сцэны, з-за мура выходзіць лысы, з пузанятам мужчына сярэдняга веку ў касцюме.

АПАВЯДАЛЬНІК: А гэта хто такі? (Схапіўшы аркуш, шнырыць па ім вачыма.) Так, дзе яно тут? Э, чорт, колькі прапусціў! (Бярэ другі аркуш.) Пісьменнік у нас на пыху кляваў, дзялок даляры браў. А, во! (Чытае.) «З глыбіні сцэны, з-за мура выходзіць лысы, з пузанятам мужчына сярэдняга веку ў касцюме (падымае са значэннем угару палец) — наменклатурны кадр». Ого, якія людзі падцягнуліся. Значыцца, усё тут усур’ез і надоўга.

Наменклатурны кадр падыходзіць да балкона і, уставіўшы ў рот два пальцы, свісціць. На балконе з’яўляецца Эфектыўны Менеджар.

НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: Гэта ў вас выдаюцца «Мэрсэдэсы»?
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Не, у нас толькі «Майбахі».
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: Джыпы?
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Седаны. (Спускае драбіны ўніз. Наменклатурны кадр узбіраецца на балкон.) Нарэшце! (Абдымаюцца.) Мы цябе зачакаліся.
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: А што такое, дрэнь справы?
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Не тое каб валасы на галаве рваць, але маглі б ісці і лепш. Каб яшчэ сам не ўмешваўся, а то хапаецца за ўсё адразу: сёння адно, заўтра другое, а паслязаўтра, не скончыўшы ні аднаго, ні другога, трэцяе пачынае.
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: Нічога, паправім, ёсць розныя сродкі. Найлепш, вядома, каб зусім ад спраў адсланіць, хай чым іншым заняўся б — у шашкі, напрыклад, пачаў бы гуляць, альбо вершыкі складаць, наогул нечым такім.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Не-не, гэты наўрад ці ўцягнецца, бо камандаваць любіць, як свіння гразь. (Уцягвае на балкон драбіны.) А яшчэ здараюцца прыпадкі — як пачне кулакамі махаць, то не ведаем куды, каму і дзе ратавацца. Заядлы, бляха, чорт!
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: Нічога, падлечым. На курорт выправім, да мора, альбо на лыжах у Альпы пакатацца.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: На яго як нешта нойдзе знячэўку — дык такое языком лэхціць, такую лухту гародзіць, — хоць стой, хоць падай!
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: Ну, тут ужо нічога не зробіш, такім урадзіўся. (Абодва сыходзяць.)
АПАВЯДАЛЬНІК: Вось жа як іх на той балкон цягне, як мух на гаўно. А мо і мне свіснуць, каб драбіны паставілі? (Глядзіць у аркуш.) Праўда, у сцэнарыі такога няма. Ну і што? Вось зараз дапішу, як мне драбіны спускаюць, толькі трэба прыдумаць, хто і навошта, і ўсё — і я ў смятане. (Шукае па кішэнях.) Быў жа аловак, куды падзеўся? (Знаходзіць.) Ага, знайшоў. (Схіляецца над аркушам.) Так, пішу. Не, стой! Перш адкажы, браток, на пытанне: што ты там рабіцьмеш? Ну, нап’ешся каньяку на дармаўшчыну, ну пабузіш крыху — посуд там паб’еш, афіцыянтцы пад спадніцу залезеш, альбо яшчэ нешта падобнае адмочыш. І, калі шчыра, — гэта ўсё, на што ты здатны. Дык ці варта? (Задумваецца.) Пагатоў, у цябе ж жонка, дзеці малыя. Вырастуць, запытаюцца: «Што ж ты, тата, пра нас не падумаў, калі душу сваю несмяротную закладаў?» Не, не хачу (Паклаўшы аловак у кішэнь, бярэ аркуш і чытае.) «Цямнее».

На сцэне цямнее. Таксама далейшае адбываецца на сцэне ў адпаведнасці з тэкстам, па меры яго прачытання.

АПАВЯДАЛЬНІК (чытае, углядаючыся ў аркуш): «Злева, за мурам, чуваць радасныя, шчаслівыя мужчынскія і жаночыя галасы, шчыры бесклапотны смех, гучыць лёгкая музыка». (Чытае, павярнуўшы аркуш на зал, бо на сцэне паўзмрок). «Злева, з-за мура, выпаўзае вялізная крывава-чырвоная поўня». (Паглядзеўшы на поўню.) Вой, страхоцце якое! (Чытае, углядаючыся.) «Сям-там загараюцца вокны ў шматпавярховіках справа на даляглядзе. Гучаць стрэлы, і над Сакалінай кручай ўпыхваюць каляровыя агні феервеку. Чуваць воклічы: «Ура! Няхай жыве! Слава!»

Чуваць воклічы: «Ура! Няхай жыве! Слава!» Пасярод святочнага вэрхалу адчыняюцца дзверы і выходзіць Першы Ахоўнік з дручком у руцэ.

ПЕРШЫ АХОЎНІК: Давай, выпускай па адным.
ДРУГІ АХОЎНІК (выглянуўшы з прахону): Дабро, даю. (Хаваецца.) Першы пайшоў.

Выходзіць Першы Мужык, прыціскаючы да грудзей пакалечаную руку.

ПЕРШЫ АХОЎНІК (выцягвае Першага мужыка па плячах дручком): Гэта табе на астатак, каб замала не падалося. (Першы Мужык выбягае за кулісу.) Гы-гы-гы... Давай другога.
ГОЛАС ДРУГОГА АХОЎНІКА: Вось ён, прымай.

Выходзіць Другі Мужык, моцна накульгваючы на правую нагу.

ПЕРШЫ АХОЎНІК (выцягвае Другога Мужыка дручком): А гэта на добрую памяць! (Другі Мужык адкульгвае за кулісу.)
ДРУГІ АХОЎНІК (высунуўшы галаву з прахону): Во-во-во, сама тое, каб заракліся, халопы вышывыя, бунтаваць.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Баба дзе?
ДРУГІ АХОЎНІК: Тут. (Хаваецца.)
ГОЛАС ПРАСІЦЕЛЬКІ: А сыночкі, а што я зрабіла не так, за што вы мяне?
ГОЛАС ДРУГОГА АХОЎНІКА: Каб было за што, дык прыбілі бы нахер. Давай, давай, шавяліся, качарэжка старая.

Выходзіць Прасіцелька.

ПЕРШЫ АХОЎНІК: Ну, чаго стала, як карова абдутая? (Дае Прасіцельцы каленам пад зад,
ад чаго тая, ледзь паспяваючы пераступаць нагамі, вылятае за кулісу.) І каб духу твайго тут
больш не было, а то атрымаеш па поўнай праграме. (Чапляе дручок на пояс.)
ДРУГІ АХОЎНІК: Ластаўкай паляціш. (Рагоча.) Гы-гы-гы...
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Як плюнуць.

Ахоўнікі абдымаюцца, спяваючы, заходзяць і зачыняюць за сабой дзверы.

АПАВЯДАЛЬНІК: Во, брыдота, каб вы спрахлі! Фу, не магу супакоіцца. Эх, зараз бы якіх кропляў — грамаў сто, а лепш сто пяцьдзясят. (З глыбіні сцэны, з-за мура, выходзяць дзве жанчыны.) А гэта што за феі? (Углядаецца ў аркуш.) Так, першая бландзінка, а другая брунетка. (Разглядае жанчын, што падыходзяць да дзвярэй у варотах.) Ага — яны. Цікава, што ім трэба?
БЛАНДЗІНКА (пастукаўшы ў дзверы): Адчыніце!
ГОЛАС ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Хто тут?
БЛАНДЗІНКА: Свае.
ГОЛАС ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Чым дакажаце?
БРУНЕТКА: Сукамі будзем.

Ад дзвярэй адшпільваецца вечка і ў дзірцы з’яўляецца морда Першага ахоўніка.

МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА (незадаволена): Свае ўсе на месцы, чужыя толькі шастаюць.
Што трэба?
БРУНЕТКА: Мы не чужыя, мы да самога.
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Вось проста так адразу і да яго!?
БРУНЕТКА: Так, менавіта да яго.
БЛАНДЗІНКА: Справа асаблівай важнасці.
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Асаблівай, кажаце, важнасці? Ці не здрада дзе? Добра. Чакайце. (Знікае.)
ГОЛАС ДРУГОГА АХОЎНІКА: Хто там?
ГОЛАС ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Бабы якіясь.
ГОЛАС ДРУГОГА АХОЎНІКА: Маладыя?
ГОЛАС ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Не, пацёганыя.
ГОЛАС ДРУГОГА АХОЎНІКА: Дык гані ў шыю.
ГОЛАС ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Кажуць, справу маюць ажно да самога, асаблівай, кажуць,
важнасці.
ГОЛАС ДРУГОГА АХОЎНІКА: Мо, баланду травяць?
ГОЛАС ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Непадобна. Ідзі дакладзі.

У дзірцы з’яўляецца морда Першага ахоўніка.

МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: А вы, дзяўчаты, адкуль самі будзеце?
БРУНЕТКА: З Расеі-матухны.
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Землякі, значыцца.
БРУНЕТКА: Землякі, землякі, у адной зямлянцы каторы век разам сядзім.
МОРДА ПЕРШАГА АХОЎНІКА: Ага, ваша праўда. (Прыслухоўваецца.) Ідуць.

Морда Першага ахоўніка знікае. Замест яе з’яўляецца морда Генерал-маёра.

МОРДА ГЕНЕРАЛ-МАЁРА: Хто тут?
БРУНЕТКА: Мы.
МОРДА ГЕНЕРАЛ-МАЁРА: Хто «мы»?
БРУНЕТКА: Я, брунетка, і яна, бландзінка.

Морда Генерал-маёра знікае, дзверы адчыняюцца. Выходзіць Першы Ахоўнік, за ім Генерал-маёр.

ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Што ў вас, толькі хутка: дзе здрада? Хто замешаны? Адрасы, паролі, яўкі? Выкладвайце ўсё!
БЛАНДЗІНКА: Не, нам пра здраду нічога не вядома, мы ў іншым пытанні.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (расчаравана): У якім іншым?
БРУНЕТКА: З прапановай па ўдасканальванні дзяржаўнага кіравання...

ГЕНЕРАЛ-МАЁР (махнуўшы рукой): Ээ, такіх прапаноў, як і адмыслоўцаў па іх рэалізацыі, у нас процьма, хоць дзіркі імі затыкай.
БРУНЕТКА (працягвае, як нічога-ніякага): ...і рэзкім змяншэнні дзяржвыдаткаў. З істотным, у разы, павелічэннем прыбыткаў.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Гм, гэта іншая справа. Тут ёсць над чым памаракаваць. Хадземце, адрэкамендую вас Эфектыўнаму Менеджару з Наменклатурным Кадрам, хай вырашаюць, што з вамі і вашымі прапановамі рабіць.

Усе заходзяць усярэдзіну. Дзверы з лязгатам зачыняюцца. Поўня хіліцца ўніз направа, пакуль не прападае недзе за шматпавярховікамі і завадскімі трубамі.

АПАВЯДАЛЬНІК (пазяхае): А-ва-ва-ва. Ці хутка там канец? (Бярэ аркуш.) Нічога не відаць. (Нахіляе аркуш на зал і з цяжкасцю разбірае.) «Злева, над Сакалінай кручай, загараецца зара». Так, зара. Ага. «Затым узыходзіць сонца і з правай кулісы выходзіць дворнік у памаранчавай робе, з вязанай шапачкай на галаве, з дзеркачом насаджаным на палку».

Так і адбываецца.

ДВОРНІК: Э-хе-хе... (Кладзе дзяркач і, укленчыўшы, здымае з галавы шапачку). Не жыццё, а выццё. (Падмятае шапачкай.)

У варотах адчыняюцца дзверы і выходзіць Першы Ахоўнік.

ПЕРШЫ АХОЎНІК: Во, іншая справа, а то кулі адліваў, што не падмяцеш без шума.
ДВОРНІК: А што зробіш, па скабах, нябось, не хочацца атрымаць.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: І не атрымаеш, анягож, слухайся толькі.
ДВОРНІК: Мы гэта разумеем. (Убок.) Кабыла з ваўком цягалася, хвост і грыва засталася.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: І яшчэ: калі тут справішся, не сыходзь, пачакай.
ДВОРНІК: А што такое?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Даведаешся ў свой час.

З-за правай кулісы выглядвае Прахожы — і тут жа хаваецца.

ПЕРШЫ АХОЎНІК (крычыць): Стой! Куды? Назад! (Бяжыць за кулісу.)
ДВОРНІК: Эх, дастанецца ні за што чалавеку.

З-за кулісы выходзяць Першы Ахоўнік і Прахожы.

ПЕРШЫ АХОЎНІК: Не бойся, біць не буду, хаця заслужыў.
ПРАХОЖЫ (апраўдваецца): Ды я не хацеў тут ісці, проста мне на завод сюдой прамая дарога, ну, я па звычцы і пайшоў. Але болей ужо ніколі не сунуся, абяцаю.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Хоць на лбе запішы. Пападзешся зноў — наракай на сябе. А цяпер стой тут.
ПРАХОЖЫ: Навошта?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Не твайго розуму справа, стой і ўсё.
ПРАХОЖЫ: Дык на працу ж спазнюся, вымову атрымаю, а то яшчэ хужэй — выганяць як старога сабаку з падворка, і ідзі на ўсе чатыры бакі.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Нічога, скажаш, я затрымаў.
ПРАХОЖЫ: Што, мітынг намячаецца, ці мо канцэрт?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Не, не тое і не другое. Сам (падымае са значэннем угару палец) выступацьме, з важным паведамленнем.
ПРАХОЖЫ: Ого! Няўжо вайна?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Ага, нешта накшталт таго. (На сцэну выходзіць Прасіцелька.) Як, і ты тут?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Дык, сынок, усім наказалі быць.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: От жа варона старая, наказалі ёй. А я табе што наказаў, ці мае словы для цябе пусты гук? Ну, адказвай?
ПРАСІЦЕЛЬКА: Каб і духу майго тут не было.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Дык чаго ты прыперлася, галаву пад дручок падстаўляеш?
ПРАСІЦЕЛЬКА: І так вінаватая, і гэдак.
АПАВЯДАЛЬНІК (да гледачоў, падміргнуўшы): Ці пнём па саве, ці савою аб пень — усё роўна саве смерць.
ПЕРШЫ АХОЎНІК Зрэшты, на гэты раз, так і быць — дарую.
ПРАСІЦЕЛЬКА: Дзякую, сынок, дзякую! (Кланяецца). Век за цябе Бога маліцьму.

На сцэну выходзіць гурт мужчын і жанчын. Сярод іх Першы Мужык з загіпсаванай рукой і Другі Мужык з кульбай.

ПЕРШЫ МУЖЫК: Нешта зноў прыдумаў, не можа без фокусаў.
ДРУГІ МУЖЫК: Як апошнія сокі з нас выціснуць, вось што ён прыдумаў.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Во-во, бо хіба нечага людскага ад яго дачакаешся? Толькі гаварыць мастак, а як да справы дойдзе — я не я і хата не мая.
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Маўчаць! (Падскоквае да Першага мужыка.) Мала атрымаў? Дабаўкі хочаш? (Паварочваецца да Другога мужыка.) А табе і другую нагу пакалечыць, каб у вазку вазілі? (Падскоквае да Трэцяга.) І ты ў іхнюю кампанію захацеў? (Мужыкі панура маўчаць.)
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Божачкі мой, божа! Усё маўчы і маўчы. Быдла і тое голас мае — мыкае ці бэкае, калі хоча. А мы? Што нам усё раты затыкаюць? Як жыць, навошта?
ПЕРШЫ АХОЎНІК: Ціха! Стаяць усім тут! (Заходзіць у дзверы.)
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: А з хлебам што атрымалася? Як не бачылі, так і не бачым. Мне дык і нічога, я як-небудзь, а дзеці? Так і растуць, недаядаючы. Няўжо гэта ніколі не скончыцца?
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Думаю, толькі хужэй будзе.
ПЯТЫ МУЖЫК: Кх-кх... кг-кг... (Кашляе, аж заходзіцца.) Не, х-ррр... кх... хужэй ужо няма куды.
АПАВЯДАЛЬНІК (напаўголаса): Памыляешся, браток, хужэй заўсёды ёсць куды.
ПЯТЫ МУЖЫК (да Апавядальніка): Што, што ты кажаш, я недачуў? Кх-кг...
АПАВЯДАЛЬНІК: Нічога, гэта я так, думкі ўслых, не звяртай увагі.

На балкон выходзяць Дыктатар, Эфектыўны Менеджар, Генерал-Маёр, Наменклатурны кадр, Дзялок, Пісьменнік і Бландзінка з Брунеткай.

АПАВЯДАЛЬНІК (сам сабе): Ну, хеўра ў зборы. Д’ябла толькі не хапае. (Глядзіць па баках.) Не, вунь і ён. (Паказвае на дах дальняй вежы. Д’ябал вітаецца, махае лапай Апавядальніку і затым гледачам у зале). Вось, цяпер усе.
ДЫКТАТАР (глядзіць спадылба і гаворыць павольна, быццам высякаючы кожнае слова з калодкі): Мне толькі што далажылі — вы не хочаце працаваць. Мы так не дамаўляліся. Я згадзіўся царставаць над вамі менавіта з умовай, што вы закасаеце рукавы. Бібікі біць я і сам умею. Увогуле, як сабе хочаце, а працаваць будуць усе.
ДЗЯЛОК: Правільна! (Падскоквае).
ДЫКТАТАР: І той, хто можа і хоча, і той, хто можа, але не хоча, і нават той, хто і не можа і не хоча. Кожны атрымае кайло ці лапату ў рукі. Дармаедаў я не пацярплю.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: А я ўжо даўно ставіў гэта пытанне на парадак дня!
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: Не бяды, як кажуць: лепш позна, чым ніколі.
ДЫКТАТАР (працягвае па-ранейшаму): Хто не мае рук, пойдзе гліну нагамі мясіць — мазанкі будзем ставіць. Бязногія — упярод, кашы плясці. А ў каго ні рук, ні ног, — лыка зубамі на лапці драць.
ПІСЬМЕННІК (да Дыктатара): Дазвольце гэтыя вашыя словы занатаваць, у раман устаўлю.
ДЫКТАТАР: Дазваляю.
ПІСЬМЕННІК (чыркаючы алоўкам у нататніку): Цудоўна! Нас чакае прыўкрасная будучыня.
ДЫКТАТАР: Такім чынам, ахопім усіх. Ніводны не застанецца сам і без нагляду. А цяпер слухайце дакрэт. (Дастае з кішэні пінжака цыдулку і, раз-пораз паглядаючы ў яе, працягвае.) Усе вы, пагалоўна і без выняткаў, аб’яўляецеся дармаедамі і дзеліцеся на пяць катэгорый. Першая катэгорыя. Гэта тыя, хто можа, хоча і працуе, але недастаткова інтэнсіўна і эфектыўна. Ім будзе абрэзана грашовая ўзнагарода напалову. Другая катэгорыя. Тыя, хто можа і працуе, але не хоча. Выявіўшы, такіх у двадцаць чатыры гадзіны будзем пераводзіць на баланду — па місцы ў дзень. Трэцяя катэгорыя. Гэта тыя, хто можа, але не хоча і не працуе. Іх чакае працоўны лагер. Чацьвёртая катэгорыя. Гэта тыя, хто не хоча, але не працуе, бо не можа — з розных прычын. З такіх будзем браць па дзвесце амерыканскіх даляраў штомесяц, на іхняе ўтрыманне. І, нарэшце, пятая катэгорыя. Гэта тыя, хто не можа, не працуе і не хоча працаваць. З іх брацьмем па трыста даляраў, бо мала таго, што не могуць, але і не хочуць. Дакрэт уступае ў сілу з сённяшняга дня.
ПЕРШЫ МУЖЫК: Вось табе і маеш!
ДРУГІ МУЖЫК: Што заслужылі.
ПРАСІЦЕЛЬКА: Нічога не ўцяміла: што? куды? навошта?
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: І я нешта не зразумела, якая катэгорыя.
ТРЭЦІ МУЖЫК: А што тут разумець? — дармаедка ты, і больш ніхто.
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Я, дармаедка? Ды ў мяне дваццаць пяць гадоў бесперапыннага стажу.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Усё роўна дармаедка, прычым, аказваецца, выключна з іхняй ласкі (ківае на балкон галавой) жывеш.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Маўчаць! Разысціся!
ДРУГІ МУЖЫК: Ды пайшоў ты, казёл смярдзючы! (Шпурляе кульбу, цэлячы ў Генерал-маёра, але той ухіляецца, і кульба трапляе ў Брунетку).
БРУНЕТКА: Авой, забілі! (Падае.)
ДЫКТАТАР: Ага! Тэракт?! Схапіць усіх!
ТРЭЦІ МУЖЫК: Хлопцы, так, бяры, што пад рукі пападзецца. (Аглядаецца, хапае і падымае над галавой столік Апавядальніка.)
АПАВЯДАЛЬНІК (ускочыўшы): Куды? Пастаў на месца! Гэта ж рэквізіт! А, зрэшты, ваяваць дык ваяваць! (Бярэ крэсла.) Я з вамі.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Усіх схапіць? А хто працавацьме?
ДЗЯЛОК: Мо, кітайцаў выпішам?
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Пабачым. Цяпер галоўнае — задушыць бунт у зародку.
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: Так, дапусціць рэвалюцыю нельга ні ў якім разе.
БРУНЕТКА (ускочыўшы на ногі): Рэвалюцыя! Дзе рэвалюцыя? Матулечка родная, ратуй!
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР (павучальным тонам): Бо хто памалу едзе, той далёка вязе, а хто спяшаецца, той часта спатыкаецца.

Разыходзяцца створкі варот і выбягаюць чарнашапачнікі са шчытамі. Размахваючы дручкамі налева і направа, накідваюцца на людзей. Але гэтым разам ніхто разбягаеца, усе адбіваюцца ад чарнашапачнікаў чым можа: рукамі і нагамі, Дворнік палкай з насаджаным на яе дзеркачом, Трэці мужык столікам, а Апавядальнік крэслам. Чарнашапачнікі не чакалі такога супраціву: урэшце, пакідаўшы хто шчыт, а хто дручок, яны адступаюць назад, за вароты, якія зачыняюцца перад носам у паўстаўшага народа.

ПЕРШЫ МУЖЫК (малоцячы загіпсаванай рукой па варотах): Адчыняй, а то выламаем.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР (звесіўшыся праз поручань): Я табе выламаю, вароты дзяржаўная маёмасць, будзеце адказваць у судзе па законе.
ПРАХОЖЫ (ляснуўшы па варотах захопленым у чарнашапачніка дручком): І адкажам, анягож! Вось проста зараз і пачнём.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Ды што з імі зубы сушыць. (Аддзірае рукамі са створкі варот скрыню «СКАРГІ».) Ламай іх нахрэн.
ПРАСІЦЕЛЬКА: Аёй, сынок, што ты робіш, куды ж скаргі кідацьмем?
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Ды якія бляха-муха скаргі, ты што, цётка, апошнія глузды згубіла? (Стукае з усяе сілы «СКАРГАМІ» па варотах.)

Людзі навальваюцца на вароты, якія ўрэшце пачынаюць паддавацца.

ДЫКТАТАР: Ну не, я сваю ўладу без бою не аддам, мне яна не за так, не на дурніцу дасталася. Вайны захацелі? Добра, будзе вам вайна. (Дастае з кішэні пісталет.)
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР: А мо яшчэ дамовімся?
ДЫКТАТАР: З бандытамі не дамаўляюцца, іх знішчаюць, як шалёных сабак.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Правільна, зладзім ім крывавую лазню. (Таксама ўзбройваецца пісталетам.)
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Людзі, апамятайцеся, што вы робіце, усякая ўлада ад Бога, бунтаваць — гэта грэх.
Д’ЯБАЛ: Так ужо і ўсякая. (Смяецца.) Ха-ха-ха...
БЛАНДЗІНКА: Вы тут як сабе хочаце, а я тэрмінова эвакуіруюся на гістарычную радзіму.
БРУНЕТКА: І я. Я ж параненая!
ДЫКТАТАР: Не, застаньцеся.
БЛАНДЗІНКА: Я не магу, я крыві баюся.
БРУНЕТКА: А ў мяне ад яе алергія — гнайнікі на скуры выскокваюць і валасы на галаве выпадаюць. (Здымае з галавы парык.) Во, пераканайцеся. (Паварочваецца, каб вышмыгнуць).
ДЫКТАТАР (крычыць): Стаяць, шлюндры, я сказаў!
НАМЕНКЛАТУРНЫ КАДР (падняўшы угару рукі): Усё, асабіста я ў гэтым не ўдзельнічаю.
ДЗЯЛОК: А я ўвогуле тут выпадкова. Я ж бізнесмен. (Аглядаецца, шукаючы пяты вугал.)
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: А я па ўзросце не прыдатны да ваеннай службы, дый раматус у мяне.
ДЫКТАТАР: Вось што яно! Так-так: адзін, значыцца, міратворац, другі бізнесмен сраны, трэцяга раматус скруціў, бабы рускія... Як рабаваць, дык разам, а адказваць мне аднаму?
ПІСЬМЕННІК: Я з вамі да канца, дайце мне зброю.
ДЫКТАТАР: Не, ты мне патрэбны як беcстаронні сведка. Глядзі ў два вокі. Каб мне потым раман-успамін напісаў. (Страляе ў Прахожага, які лупіць як апантаны па варотах столікам, ці хутчэй тым, што ад яго засталося. Прахожы падае.) Пацэліў!

Услед страляе і таксама трапляе ў кагосці Генерал-маёр.

ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Ура! І я якуюсь сволач падстрэліў.
ДЫКТАТАР: Волі, свабоды, лепшага жыцця захацелі? Дык напачатак пакаштуйце свінцовага гароху! (Страляе.)
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (стрэліўшы): Ха, яшчэ адного ўлажыў!

У шэрагах нападнікаў паніка. Яны адхлыньваюць ад варот, як марская хваля ад берага, акрамя трох падстрэленых, якія застаюцца ляжаць. Некаторыя бягуць за кулісы, іншыя ўглыб сцэны, а Апавядальнік ратуецца скокам у глядацкую залу.

ДЫКТАТАР: Што, не салодка прыйшлося, не да спадобы? Думалі, я размазня, хлюпік, слабак, на якім ездзіць можна, трапло несусветнае, што толькі языком малоць, як цяля хвастом круціць, умее? Меркавалі, нахрапам яго, голымі рукамі возьмеце? Не-е, я вас усіх здужаю, усім шыі паскручваю, так нахілю, што ракам у мяне хадзіць будзеце, і яшчэ па калку ў сраку ўстаўлю, каб не забываліся.
Д’ЯБАЛ (з даху вежы): Так, устаў ім яйцы. Ха-ха-ха...

Дыктатар бяжыць з балкона прэч, за ім Генерал-маёр, затым знікаюць астатнія, акрамя Пісьменніка, які застаецца, каб усё ўбачыць на свае вочы. І не дарма, бо неўзабаве разыходзяцца створкі варот, з якіх выбягае Дыктатар з пісталетам у руцэ, Генерал-маёр, чарнашапачнікі і ахоўнікі.

ДЫКТАТАР (паказвае на падстрэленых): Гэтых прыбраць.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (да чарнашапачнікаў): Выконвайце. (Чарнашапачнікі зацягваюць падстрэленых за вароты.)
ДЫКТАТАР: Астатніх знайсці і арыштаваць. Калі будуць аказваць супраціўленне — страляць без літасці. І нічога не бойцеся, усю адказнасць я бяру на сябе.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Гэта іншая справа. (Камандуе ахоўнікам, паказаўшы рукой углыб сцэны.) Вы — туды. (Ахоўнікі бягуць углыб сцэны.) Астатнія — за мной. (Выбягае з чарнашапачнікамі за кулісу.)
ДЫКТАТАР (да гледачоў): А вы што тут? Чаго не бачылі? Чаму па хатах не седзіце? Пазубаскаліць, пасмяяцца прыйшлі? З мяне пасмяяцца? У-у-у, дзермакраты, лібералы смаркатыя, паслугачы амерыканскія, падсцілкі французскія. Ненавіджу, усіх ненавіджу! (Страляе па гледачах.)
АПАВЯДАЛЬНІК (крычыць): Людзі, ратуйцеся, гэта вар’ят! (Уцякае па праходзе.)

Чуваць голас: «Заслону, заслону давайце!» У пісталеце Дыктатара заканчваюцца патроны, і ён, у бяссільным шале, шпурляе ім аб сцэну.

Д’ЯБАЛ: Ага, ага, і гэтым паддай жару! Гы-гы-гы.... (Рагоча, аж заходзіцца.)

І тут даюць заслону.

2019 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Тэлевізар не слухаюць, на дэманстрацыі не ходзюць, адкрываюць дзверы бадзягам, у той час, калі бадзяжніцтва ёсць не што іншае, як крымінальнае злачынства, якое караецца катаржнымі працамі да пяці гадоў, як саміх бадзяг, так і асобаў, што далі ім прытулак.

Гурскі (злёгку асалапеўшы): Няўжо штаны? (Забірае ў чорта штаны і ўважліва іх разглядвае.) Ты ў гэтым упэўнены?

Чорт: На ўсе сто!

Гурскі: А ці не тыя гэта самыя, за якія я аштрафаваў... гэтую, як яе... Чорт, выляцела з галавы прозвішча. Руд... Руд... Не, не Рудую. А! Успомніў — Рудкевіч. Так, пазнаю іх. Во — бел-чырвона-белыя палосы. Але як яны апынуліся ў маёй спальні?

ПРЭЗІДЭНТ: ...Таму прысвойтваю табе чарговае званне.
МАЁР: Падпалкоўніка?
ПРЭЗІДЭНТ: Не, генерал-маёра. (Дастае з кішэні генеральскія пагоны і прыкладвае іх Маёру на плечы.)
АПАВЯДАЛЬНІК (да гледачоў): Бачылі, во гэта кар’ерны рост, гэта я разумею. Як у нас у тэатры: з суфлёраў у галоўныя рэжысёры адным махам.

АЛЕСЯ
(спявае, на матыў песні «Муры»)

Яўпат Няўпад сядзеў на муры,
Яўпат Няўпад кульнуўся згары.
Дзе ў яго ручкі, ножкі, вушкі,
Паспрабуй ты разбяры.