П’еса на дзве дзеі
ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ
Вера
Маці
Бацька
Тадзік
Суседка
Домакіраўнік
Квартальны
Кантрабандыст
Тэлевізар
Два дружыннікі
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Кватэра ў шматпавярховым доме. Бедна. У правым куце ложак на якім пад коўдрай ляжыць бацька, у левым тэлевізар. Вечар. Паўзмрок. На буфеце, які стаіць справа ля сцяны, гарыць газавая лямпа. Злева вакно, якое выходзіць на вуліцу. Па вуліцы праходзіць дэманстрацыя. Чуваць поклічы: «Няхай жыве Прэзідэнт!, Прэзідэнту нашае шчырае, рабочае „дзякуй!“» Натоўп крычыць: «Ур-рра!!!» Чуваць песня: «З Прэзідэнтам крочым па краіне, Мы яго адданыя сыны...» Каля вакна, паклаўшы на батарэю ацяплення рукі, сядзіць маці. Паступова дэманстрацыя аддаляецца і ўрэшце наступае цішыня.
Адчыніўшы дзверы, размешчаныя ў глыбіні кватэры, уваходзіць Вера, у паліто, з гаспадарчай сумкай у руках.
Вера: Мама, гэта я.
Маці: Чую, дзетка.
Вера: А чаму вы ў поцемку сядзіце?
Маці: Дык няма ж сямі гадзін.
Вера: Ну? Мне падалося ўжо восьмая ( Здымае паліто і вешае на кручок ля дзвярэй).
Маці: Мо не распраналася б, холад.
Вера: Нічога, я звыклая. У нас у цаху ўжо тыдзень, як на вуліцы — дзесяць градусаў. Рукі толькі цэпнуць (З сумкай падыходзіць да стала, які стаіць пасярэдзіне пакоя і над якім звісае лямпачка без абажура). Тата, уставай, я хлеба прынесла, а яшчэ малака і нават павідла. Павідла сёння давалі. Чуеш, тата? Мама, што з татам?
Маці: Ён не хоча гаварыць.
Вера: Чаму гэта? (Выкладвае на стол з сумкі прадукты).
Маці: Ня ведаю. За дзень ні слова не сказаў.
Вера: Няўжо ніводнага?
Маці: Ніводнага.
Вера (прысеўшы на ложак ля бацькі): Ну, што здарылася? Чаго ты маўчыш?
Маці: Паміраць мусі надумаў.
Вера (плюецца праз плячо): Цьфу, цьфу, цьфу. Тата, што ты выдумляеш? Уставай, з’ясі хлеба з малаком, будзе інакш.
Маці: Бачыш, і да цябе не аказваецца. Набраў сабе ў галаву і...
Вера: Чакай, мама. Тата, ты захварэў? Што табе баліць?
Маці (моцна накульгваючы падыходзіць і сядае за стол): Ды нічога яму не баліць. Кажу табе — зацяўся. Паглядзі на яго, мала бракуе на мумію выпетрыўся, адно толькі скура ды косці засталіся.
Вера: Пэўне, калі не есці , што яшчэ можа ад чалавека застацца?
Маці (са слязамі на вачах): Хоча сысці, пакінуць тут нас адных. Я ведаю — ён ужо недзе тама.
Вера: Дзе, мама, там, дзе? І ці існуе тое «тама» ўвогуле?
Маці: Калі і не існуе, то ўсё роўна лепей чым тут.
Вера: Не, не, паслухайце мяне: я ведаю — усім зараз цяжка, але далей будзе лепш, толькі лепш, паступова крок за крокам з кожным днём пойдзе да гэтага. У нас сёння ў абедзенны перапынак агітатар выступаў, дык казаў: яшчэ крышку пацярпець засталося, і ўсё наладзіцца, і, як калісь, закрасуе.
Маці: Божа (круціць галавой), дачушка, і ты верыш у гэтую лухту?
Вера: Веру, мама, веру, бо што яшчэ застаецца?
Маці: Ага-ага.
Вера: І Прэзідэнт тое самае кажа.
Маці: Але-але.
Вера: А іначай як, мама, і навошта жыць?
Маці: Твая рацыя.
Тут загараецца лямпачка над сталом, адначасова ўключаецца тэлевізар, а таксама пачынае шыпець і капаць, а затым цурчэць і зноў капаць вада з крана ў ракавіне на кухні, дзверы ў якую размешчаныя ў глыбіні сцэны, злева ад уваходных. Далей, пакуль гарыць святло, тэлевізар не выключаецца.
Тэлевізар (пастаўленым мужчынскім голасам): Сёння, на сумесным пасяджэнні Дзяржкамітэта па стабільнасці і спакою і Міністэрства прапаганды і агітацыі, Прэзідэнт зрабіў шэраг важных агульнапалітычных заяў. У прыватнасці, ён сказаў, што не пацерпіць якога-кольвек умяшання ў ягоныя суверэнныя правы як гаранта стабільнасці і спакою, ад каго б яны ні зыходзілі: як ад унутраных ворагаў, так і знешніх — асобных краін, і гэтак званых міжнародных арганізацый.
Вера: Мама, зрабі, калі ласка, цішэй.
Маці: Цішэй ужо, дочка, не зробіш, на мінімуме.
Вера: Дык прыкрый, я ўсё гэта ўжо чула, на рабоце па гучнагаварыцелю перадавалі.
Маці: Зараз. (Падбірае з падлогі тоўстую старую коўдру і накідвае яе на тэлевізар, затым задувае газавую лямпу.)
Вера: А вядро пад ваду стаіць? (Ідзе на кухню.)
Маці: Ды стаіць, стаіць, дзе яму яшчэ стаяць.
Вера (выходзіць з кухні): А днём ваду не ўключалі?
Маці: Не, пашыпела толькі з паўгадзіны ў кране, і ўсё.
Вера: Дык ты што, у прыбіральні не была?
Маці: На вуліцу хадзіла.
Вера: А бацька?
Маці: Бацька! А навошта муміям у прыбіральню?
Вера: Ну, мама, ведаеш што...
Маці: Што, мо не праўду кажу?
Чуваць стук у дзверы
Маці (з трывогай): Хто гэта можа быць? (Устае).
Вера: Сядзі, я сама адчыню (Ідзе да дзвярэй, але затым, спахапіўшыся, абарочваецца і, паказваючы пальцам, гаворыць напаўголаса) Тэлевізар, мама, тэлевізар.
Маці: Ай, каб яго! (Скідвае на падлогу з тэлевізара коўдру).
Тэлевізар (пастаўленым мужчынскім голасам): А таксама выразіў непакой у сувязі з спекуляцыямі на тэму атамнай электрастанцыі, што разгарнуліся ў сродках масавай інфармацыі некаторых краін, асабліва памежнага рэгіёну, здзейсненыя, як вядома, па заказу і на грошы нядобрасумленных дзеячаў ад палітыкі, а таксама розных закулісных махінатараў. Разам з тым, адзначыў далей Прэзідэнт, мілітарызацыя памежнага са станцыяй рэгіёна рухаецца сямімільнымі крокамі, што не можа застацца па-за ягонаю ўвагаю. І гэта нягледзячы на ўзважаную і міралюбівую палітыку, якую ён праводзіць.
Вера адчыняе дзверы. Уваходзіць Тадзік. Гэта відавочна хворы чалавек, худы, няголены, у зацяганай ватоўцы, гумовых ботах і вязанай шапачцы на галаве.
Вера: Ты?
Тадзік: Я.
Вера: Выпусцілі, ці збег?
Тадзік: Як жа, збяжыш, усе тры гады ад званка да званка адтарабаніў.
Вера: Вось як. Ну то праходзь. (Тадзік праходзіць. Вера зачыняе за ім дзверы.) Сядай.
Тадзік: Дзякую, я пастаю (Сцягвае з галавы шапачку). Добра вечар, маці!
Маці: Добры, зяцёк, добры (Падабраўшы з падлогі, накідвае на тэлевізар коўдру. Убок.) Каб ён спрах, гэтакі добры.
Тадзік: Бачу, канспіруецеся?
Вера: Даводзіцца.
Тадзік: Але, цяперака ўсе гэдак. Нас, у лагеры, вечарам прыгоняць з працы, пасадзяць перад тэлевізарам, маўляў, слухайце, а мы толькі ўдаём, што слухаем, а насамрэч спім седзячы; і вы не паверыце — з адкрытымі вачыма спім, бо ходзяць між радамі днявальныя і калі ўгледзяць, што вочы заплюшчаныя, лупяць па галаве кіямі. (Аглядаецца.) А дзе бацька?
Маці: Вунь на ложку, пад коўдрай грэецца.
Тадзік: Бацька, га, бацька!?
Вера: Не крычы, ён усё роўна не пачуе.
Тадзік: Што, захварэў?
Вера: Так, хворы. Ну а ты? Расказвай: куды ўладкаваўся?
Тадзік: Тута ў кацельні пакуль прытуліўся. Хацелі ў калгас адправіць, але нешта там у іх не склеілася.
Вера: Думаеш, у калгасе было б лепш?
Тадзік: Не ведаю. Дый, па праўдзе, мне ўжо ўсё роўна.
Вера: Ужо? Чаму ўжо? Табе, здаецца, заўсёды было ўсё роўна.
Тадзік: Ну ты скажаш таксама.
Вера: І скажу. Гэта ж тваё любімае выслоўе: «Па цымбалах мне ўсё». А я, памятаеш, як злавала, калі гэта чула: крычала, сварылася, плакала нават. Дык што, цымбаліст, адказвай — даіграўся?
Тадзік: Малады быў, дурны.
Вера: Няўжо паразумнеў?
Тадзік: Анягож.
Вера: А я думаю, якім быў — такім і застаўся.
Тадзік: Не, не. Зрэшты, табе відней.
Вера: Ясная рэч. Дык чаго ты прыцёгся? Ці мо — праведаць?
Тадзік: Так, пабачыцца... і яшчэ.
Вера: Ну-ну, давай выкладвай, не саромся.
Тадзік: Гэта... Вера... можа ў цябе....
Вера: Што ў мяне? Ды не цягні ты ката за хвост.
Тадзік: ...грошай крыху будзе мне пазычыць.
Вера: Ха-ха, я так і ведала, так адразу, як убачыла цябе, і падумала.
Тадзік: Што ты падумала?
Вера: Мама, глядзі, не пра нас, тры года не бачыўшы, пытаецца, ці хоць жывыя...
Тадзік: Ну, жывыя ж!
Вера (махнуўшы, маўляў «змоўч», рукой): ...і галоўнае не пра сына, як там ён на чужыне, ці жывы-здаровы, мо, чуваць што, мо, вестачку падаў, — а пра грошы на пляшку.
Тадзік: Дык паміраю, калі не вып’ю зараз, далібог аддам канцы.
Вера: Го, навіну мне знайшоў! Ну аддасі і што?
Тадзік: А-а-а... вось як! А, ты, Вера, раней такая была...
Вера: Якая такая? Патурала табе, закрывала вочы на тое як ты са сваімі дружбакамі сардэчнымі расслабляўся штовечар. Ну што, чаго маўчыш?
Тадзік: А што казаць?
Вера: Праўду, ага, яе самую.
Тадзік: Навошта яна табе?
Вера: Навошта? Добра. Ты даўно сябе ў люстры бачыў? Мама, дзе нашае люстра?
Маці: Пад ложкам.
Тадзік: Ня трэба.
Вера: Чаму: спалохаўся? страшна? Ну то калі сябе баішся ўбачыць, паглядзі, нештачкі табе не менш цікавае пакажу. (Хапае Тадзіка за крысо і цягне да вакна.) Вось, глядзі, і як мага, на ўсе вочы, што вы нарабілі. Ага, вы — ты і твае дружбакі-прыяцелі. Ну, не адварочвайся, глядзі, глядзі.
Тадзік: А што, куды глядзець?
Вера (паказвае рукой у вакно): Проста, перад сабой глядзі. Што бачыш?
Тадзік: Нічога.
Вера: Нічога?
Тадзік: Так, нічога. Ноч і ўсё.
Вера: Вось, у кропку патрапіў, якраз яе і бачыш — ноч. І гэдак ва ўсёй краіне, паўсюль, адна толькі ноч: і раніцай ноч, і днём, і вечарам, і нават ноччу яна самая — чорная, тлустая як сажа, хоць бяры і на хлеб яе намазвай, заместа масла.
Тадзік (жахнуўшыся): Гэта не мы!
Вера: О не, менавіта вы! Вы — балбатуны пустыя, хвалькі фальшывыя, апівошыны няшчасныя. Бо дзе вы ўсе былі — хаваліся, калі трэба было на вуліцы выходзіць, сценка на сценку станавіцца з чорнашапачнікамі і біцца, біцца да крывавай юшкі з носа, да выбітых з рота зубоў, да перабітых-пераламаных рук і ног? А калі рушылі танкі, заместа таго, каб узводзіць барыкады і бараніць іх паміраючы да апошняга, за бацькоў сваіх нямоглых, за жонак і дзяцей родных, урэшце, за годнасць і проста людзьмі звацца, шыліся як пацукі па кутах? І не трэба закрывацца рукамі — не дапаможа. Гэта па-першае, а па-другое, шаноўны мой былы мужанёк — сам падумай: якія грошы, адкуль? У нас усё па картачках. Ці ты гэтага не ведаеш?
Тадзік: Ведаю.
Вера: Дык чаго ж ты, калі ведаеш, прыпёрся? Ці, мо, мяркуеш, я прадукты, якія атрымала, на грошы абмяняю, табе аддам, а сама, з бацькамі, буду сядзець, зубы на паліцу паклаўшы? Вось, сёння, на тыдзень атрымала — глядзі ўсё на стале, — чатыры буханкі хлеба, два літры малака, тры пачкі крупы, сетка напаўгнілой бульбы і паўлітровы слоік павідла. І ўсё, бачыш, усё зараз у сумцы прынесла. І выжывай як хочаш утраіх, а калі не хочаш, дык калі ласка — можаш засіліцца вось на дроце ( паказвае на дрот на якім вісіць лямпачка), ці з вакна скачы, нікому ніякай справы, па цымбалах адным словам.
Тадзік: Дык мо павідла..
Вера: Што? Табе аддаць каб ты знёс і выменяў на спірт?
Тадзік: Ай, сэрца! (Хапаецца рукой за сэрца). Вой як баліць! (Сядае на крэсла ля стала). Усё, не магу болей трываць, паміраю (Задраўшы галаву, спаўзае з крэсла долу).
Маці (пляснуўшы рукамі): Вера, ратуй, яшчэ, крый божа, сапраўды сканае. Паглядзі, аёй! — зелянее.
Вера (мітусіцца): Ага. Божа, што рабіць? Мо вады? (Кідаецца на кухню.)
Маці: Стой! Што яму тая вада? Маё націранне, яно ж на спірце.
Вера: А тыя як, мама?
Маці: Нічога, як-небудзь. Не марудзь, дачка, грэх гэта вялікі, не дапамагчы.
Вера кідаецца да буфета, адкуль дастае пляшку, заторкнутую коркам з газеты. Выдраўшы зубамі корак, яна варочаецца да стала і, укленчыўшы каля Тадзіка, падае пляшку.
Вера: На, выпі, толькі не памірай, чуеш, не памірай!
Тадзік прыпадымаецца і схапіўшы пляшку абедзвюма рукамі, задраўшы галаву, пералівае спірт з пляшкі сабе ў горла.
Тадзік (адкінуўшы пустую пляшку ўбок): Дзякую! Фу... (Аддыхваецца.) Я аддам, як толькі... нешта... дык адразу... (З цяжкасцю падымаецца на ногі.)
Маці: Ага, чакай баба Пятра, сыру з’ясі. Але, дзякуй богу, хоць ачуняў.
Вера: Ці надоўга? Чуеш, Тадзік, ты больш сюды не прыходзь, прашу, калі тут (прыкладвае руку да грудзей) у цябе да нас нешта колішняе засталося, будзь ласкаў, забудзь дарогу, няма ў нас нічога і не будзе, бо няма скуль узяцца. Так і ведай, сам неяк выкручвайся, не катуй нас, пашкадуй.
Тадзік: Добра. (Ідзе да дзвярэй углыб сцэны, затым абарочваецца.) Ну, то бывайце. (Спахапіўшыся.) А шапка?
Вера (падняўшы з падлогі шапку): На, вось твой скарб.
Тадзік: Яшчэ раз дзякую і... і не памінайце ліхам.
Маці: Ідзі ўжо з богам. (Тадзік выходзіць.) І ўсё ж шкода мне яго. Такі хлопец быў — добры, услужлівы.
Вера: Што праўда, то праўда. (Зачыняе за Тадзікам дзверы.) Толькі, мама, ведаеш, ёсць такая прыказка: лішняя дабрата — дурата.
Маці: Ёсць, і бадай слушная; але што зробіш, калі мы ўжо такія.
Вера: Якія, мама, такія?
Маці: Добрыя залішне.
Вера: А можа, баязлівыя?
Маці: Можа, але на гэта ў нас былі падставы. А яшчэ мы спадзяваліся, што нараджаем дзетак, а затым і так неяк выратуемся.
Вера: Але не тут было, га, мама? Зрэшты, у гэтага медаля ёсць і адваротны бок — хоць перастанем пакутаваць. Вунь, паглядзі на тату. (Падыходзіць да ложка.) Тата, мо ўсё ж такі падымешся, з’ясі чаго?
Маці: Ага, уставай, чуеш, уставай, а то ляжыш, як доўбня. (Плача.) Памрэш тут, а нам хавай цябе. А як?
Вера: Мама, не трэба.
Маці: Труну нават купіць няма за што.
Вера: Мама, прашу.
Маці: У мяшок папяровы засунуць, кінуць у яму, як сабаку, засыплюць, і ўсё.
Вера: Мама, калі ласка, хопіць!
Чуваць грукат у дзверы.
Маці (устрывожана): Хто там яшчэ?
Вера (напаўголаса): Мама, тэлевізар! (Маці скідае з тэлевізара коўдру.)
Тэлевізар (пастаўленым мужчынскім голасам): Гледзячы на пакуты другіх народаў, адзначыў Прэзідэнт, крывавыя міжусобіцы і разруху, мы яшчэ больш цэнім стабільнасць і спакой, якія ўдаецца захаваць у нашай краіне. І далей запэўніў, што ён не дасць падмануць сябе і ўцягнуць у канфлікт.
Зноў чуваць грукат, затым уладарны голас: «Адчыняйце! Зараз жа адчыняйце!»
Вера: Іду ўжо, іду.
Тэлевізар (пастаўленым мужчынскім голасам): У прыватнасці, я зраблю ўсё, каб ніхто і ніколі не падтачыў падмурак нашага будынку стабільнасці і спакою. Але, нагадаў Прэзідэнт, гэта магчыма пры адной умове...
Вера адчыняе дзверы. Адпіхнуўшы яе ўбок, у пакой увальваюцца два дружыннікі, за імі квартальны, домакіраўнік і суседка.
Суседка (высунуўшыся наперад і тыркаючы перад сабой пальцам): Вось яно, вось!
Маці: Што яно?
Суседка: Гэта самае — кубло.
Маці: А божачкі мае! Якое кубло?
Суседка: Змяінае: і на дэманстрацыі не ходзюць, і тэлевізар не слухаюць.
Квартальны: Тэ-эк, і на дэманстрацыі, кажаш, не ходзюць і тэлевізар не слухаюць.
Суседка: Ага, не ходзяць і не слухаюць.
Тэлевізар (пастаўленым мужчынскім голасам): ... а менавіта, калі кожны з нас будзе ўносіць сваю лепту ў агульную справу. Пры гэтым, галоўнае — гэта кансалідацыя вакол Прэзідэнта, дзеля пабудовы яшчэ больш стабільнага і спакойнага грамадства.
Квартальны: Тэ-эк, змяінае, кажаш, кубло?
Суседка: Змяінае, Прэзідэнтам клянуся, змяінае.
Квартальны: Тэ-эк. (Падыходзіць да тэлевізара і павялічвае гук да максімуму.)
Тэлевізар (пастаўленым мужчынскім голасам, крычыць): А хто не хоча, папярэдзіў Прэзідэнт, дык вой як моцна пашкадуе! Мы вылічым іх і выявім, дзе б і як доўга яны ні хаваліся, а затым абыдземся так, як яны таго заслугоўваюць — а менавіта знішчым, як карослівых катоў.
Квартальны: Цікава, цікава. (Змяншае гук тэлевізара да мінімуму, затым падымае з падлогі коўдру і накідвае яе на тэлевізар.) Го, а вось гэта яшчэ цікавей. (Абярнуўшыся, да домакіраўніка.) Што скажаш?
Домакіраўнік: Гэта... яно... ну.... і насамрэч... (Чухае патыліцу).
Суседка (пляснуўшы рукамі): Дык вось што яны вымудрылі? А я галаву ламаю, чаму ў іх тэлевізар то ледзь чуваць, то ўвогуле як зойме. Я ж во (паказвае пальцам направа) — за сценкай жыву, вуха прыкладу — усё-усенька чую.
Вера: Гэта хлусня.
Квартальны: Што хлусня?
Вера: Усё.
Квартальны: Э, не, гэта ўжо (паказвае пальцам на тэлевізар, накрыты коўдрай) выяўлены факт. (Да домакіраўніка.) Не дапільнаваў, га?
Домакіраўнік (развёўшы рукамі): Дзе ж такое ўпільнуеш?
Квартальны: Атрымаеш спагнанне з занясеннем у асабістую картачку.
Домакіраўнік: Завошта?
Квартальны: За хібы ў працы з добраахвотнымі памочнікамі.
Суседка: Так, (тыркае ў сябе пальцам у грудзі) я — добраахвотна, я — памочніца.
Квартальны: Вось бачыш! А ты?
Домакіраўнік: Даруйце.
Квартальны: Хэ, даруйце! Дзе ж так даравалі? Цяпер: што з дэманстрацыямі?
Домакіраўнік: З дэманстрацыямі ў мяне ўсё, як мае быць, усё занатавана. (Выцягвае з кішэні нататнік, паглядае ў яго.) Так, Міхалюкі. Яна (паказвае пальцам на Веру) была 14-га, потым 28-га — і ўсё.
Квартальны: Як, усяго два разы за цэлы месяц?
Вера: Але ж я працую да шасці вечара.
Квартальны: А пасля шасці што? Не, ну паглядзіце на яе, заместа таго, каб на дэманстрацыю ў падтрымку курса Прэзідэнта на стабільнасць і спакой пасля працы ляцець, яна дахаты кіруе.
Вера (у адчаі): Дык цалюткі ж дзень на нагах!
Квартальны (не звяртаючы ўвагі): Так і запішам.
Домакіраўнік: Слухаюся. (Дастае з кішэні аловак і паслініўшы кончык нешта чыркае ім у нататніку.)
Квартальны (кіўнуўшы галавой на маці з бацькам): А гэтыя?
Домакіраўнік: Ні разу не былі.
Вера: А божа мой! Якія ім дэманстрацыі? Бацька ўжо паўгода як хворы ляжыць, нават з ложка не ўстае, а маці, паглядзіце — яна ж ледзь клыпае.
Суседка: Не слухайце, гэта няпраўда, што старая не ходзіць. Я яе сёння на вуліцы бачыла, з падскокам у прыбіральню выдыбала, быццам у гаршчок не аправіцца, пані, бач, знайшлася.
Квартальны: Тэ-эк. Што ты яшчэ бачыла?
Суседка: А яшчэ ў іх сёння вечарам нехта быў — я ў замочную адтуліну падгледзела, — нейкі страшны, як чорт, чорны, у ватоўцы — няйначай злачынец, з катаргі збег.
Вера: Гэта мой былы муж прыходзіў праведаць, ён у лагеры тры года адбыў, толькі выпусцілі, у кацельні тут уладкаваўся.
Квартальны: А ў кніжцы наведвальнікаў адзначыўся? (Глядзіць на домакіраўніка.)
Домакіраўнік: Не, у мяне нікога не было.
Суседка (радасна): Ну што, на маё выйшла? Кубло і ёсць — прэзідэнта не слухаюць, на дэманстрацыі не ходзюць, і мужык катаржнік.
Квартальны: Усё зразумела. (Адсунуўшы крэсла, сядае за стол і махае дружыннікам рукой.) Прыступайце да ператрусу.
Дружыннікі спяшаюцца выконваць загад — першы ступае да буфета, другі ўкленчвае і заглядвае пад ложак, на якім ляжыць бацька.
Квартальны (да домакіраўніка): А ты што выслупіўся? (Домакіраўнік кідаецца дружыннікам на помач.)
Суседка: А я?
Квартальны: Давай і ты.
Суседка: На кухні пашныру.
Квартальны: Пашныр, толькі ўважлівая будзь, нічога не прапусці.
Суседка: О, я не схіблю, ад мяне нічога не ўтоіцца. (Знікае на кухні.)
Квартальны: Ну-ну. (Глядзіць на прадукты на стале, затым гідліва скідае сетку бульбы долу.) Фу, смурод.
Некаторы час усе занятыя — ладзяць ператрус. Але неўзабаве заканчваюць, бо нічога незаконнага і вартага, нават на іх погляд, не знаходзяць.
Квартальны: Ну, што?
Домакіраўнік, суседка і першы дружыннік (разам): Нічога.
Квартальны: А ўсюды паглядзелі?
Домакіраўнік, суседка і першы дружыннік (разам): Усюды.
Квартальны: А пад ложкам?
Другі дружыннік: Я лазіў.
Квартальны: І што там?
Другі дружыннік: Люстра. Во. (Паказвае рукамі, якое.)
Квартальны (расчаравана): І ўсё?
Другі дружыннік: Яшчэ пыл.
Квартальны (уздыхнуўшы): Ну, ладна. А ў ложку?
Домакіраўнік: У ложку? Дык у ложку ж стары ляжыць.
Квартальны: Вось менавіта! Ворагі, яны (паказвае пальцам на тэлевізар) — ого якія хітрыя. Праверце.
Дружыннікі набліжаюцца да ложка.
Маці (раскінуўшы перад дружыннікамі рукі): Не чапайце яго, ірады!
Першы дружыннік адпіхвае маці так, што, падаючы, яна моцна выцінаецца аб сцяну і спаўзае долу.
Вера: Мама! (Укленчвае каля маці) За што?! (Плача. Дружыннікі, між тым, ужо ля ложка бацькі.)
Першы дружыннік: Гэй, стары, устаць!
Другі дружыннік: Дзед, ты чуеш ці не?
Вера (з падлогі): Што вы да яго маеце? Хіба не бачыце, які ён?
Першы дружыннік (другому): Давай, за рукі-ногі.
Дружыннікі сцягваюць коўдру і, узяўшы бацьку за рукі і ногі, скідаюць на падлогу.
Вера: Тата! (Як была, на каленях, мкнецца да бацькі).
Першы дружыннік (тыцнуўшы Веру мыском чаравіка ў плячо): Прэч! (Вера падае на спіну.)
Квартальны (да дружыннікаў): Ну, што там?
Другі дружыннік (прыглядаючыся): Вошы, як быццам. (Адступае на крок.)
Квартальны (ускочыўшы на ногі): Вошы?
Першы дружыннік: Яны самыя. (Адступае следам за першым.)
Квартальны: Развялі тут, блядзь, антысанітарыю. (Хапае з буфета лямпу і выплёхвае газу з бачка на ложак.) Вось як трэба. (Кідае лямпу на ложак і, абціраючы аб штаны рукі, адыходзіць да стала.) Такім чынам, падсумуем: выяўлена кубло падворагаў народа.
Суседка: Я, я выявіла.
Квартальны: Тэлевізар не слухаюць, на дэманстрацыі не ходзюць, адкрываюць дзверы бадзягам, у той час, калі бадзяжніцтва ёсць не што іншае, як крымінальнае злачынства, якое караецца катаржнымі працамі да пяці гадоў, як саміх бадзяг, так і асобаў, што далі ім прытулак. (Да Веры, якая паднялася на ногі і аглядаецца вакол, быццам нешта згубіла.) Пакуль жыві, але каб цягам трох месяцаў прысутнічала на кожнай дэманстрацыі, якая праходзіцьме ў нашым раёне ў падтрымку курса Прэзідэнта на стабільнасць і спакой, і каб тэлевізар — не так... (Скідае з тэлевізара коўдру.)
Тэлевізар (тоўстым мужчынскім голасам): Я скажу па-прастому, па-рабочаму: усё, што сказаў Прэзідэнт, я падтрымліваю цалкам і безумоўна. Трэба і надалей трымаць курс на стабільнасць і спакой, а тых хто гэтаму замінае — нішчыць як прусакоў на кухні!
Квартальны (павялічвае гук тэлевізара да максімуму): ...а так...
Тэлевізар (сіпатым жаночым голасам, крычыць): І я падтрымліваю. А тых, хто супраць, як пустазелле з агароду вырывацьмем — з коранем і за плот.
Квартальны: ...увесь час працаваў. (Змяншае гук тэлевізара да мінімуму.) Зразумела?
Домакіраўнік: Так точна.
Квартальны: Асабіста прасочыш.
Домакіраўнік: Слухаюся.
Суседка: А мне, мне можна сачыць?
Квартальны: Не можна, а абавязаная. І раз на тыдзень справаздачу ў пісьмовай форме. Пісаць хоць умееш?
Суседка: Крыху. У школе то вучылася, ды практыкі даўно не было.
Квартальны: Нічога, крамзоль як здолееш, я разбяру. (Павялічвае гук тэлевізара да максімуму.)
Тэлевізар (пастаўленым мужчынскім голасам, крычыць): І апошняе: яны да таго прагнуць улады, нагадаў Прэзідэнт, што гатовыя дзеля яе захопу на ўсё. Таму, даў ён дакладныя і недвухсэнсоўныя ўказанні, ваша задача стрымаць іх любымі сродкамі. Пры гэтым нішто і нічога не павінна вас спыняць; усю адказнасць я бяру на сябе.
Квартальны, домакіраўнік, два дружыннікі і суседка выходзяць.
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
Той самы пакой. Вечар. Над сталом гарыць лямпачка, працуе тэлевізар, а на ложку, пад коўдрай, ляжыць маці, абкруціўшы галаву шарсцяной хусткай.
Тэлевізар (пафасным жаночым голасам, дэкламуе):
З самага сэрца ўзята песня гэта.
Ты — бацька ўсіх спраў, наш Прэзідэнт!
Ты вышэйшы ўсіх багатыроў на свеце,
Я ўслаўляю цябе, наш Прэзідэнт!...
Адчыніўшы дзверы, ўваходзіць Вера, у паліто і з сумкай.
Вера: Мама! (Здымае паліто і павесіўшы яго на кручок, праходзіць да стала, на які кладзе сумку, затым наблізіўшыся да тэлевізара, змяншае гук да мінімуму.) Мама!
Маці: Га? Што?
Вера: Гэта я.
Маці: Бачу, дзетка. (Сцягвае хустку з галавы.)
Тэлевізар (працягвае дэкламацыю):
Ты вырваў нас у зграі хцівай,
Да праўды паказаў нам шлях,
Квітнее край, табою зберажоны:
Ты — Бог, наш Прэзідэнт!
Вера: О, божа! (Закрывае вушы далонямі.) Не, што заўгодна, толькі не гэта. (Выцягнуўшы коўдру з кута, накрывае ёю тэлевізар.)
Маці (замахаўшы рукамі, у жаху): Што ты! Што ты! (Паказвае пальцам направа.) Там, слухае.
Вера: Яна на дэманстрацыі. Будзе выступаць. Медаль за пільнасць атрымала, дык стаіць на трыбуне, на паліто начапіўшы, каб усе бачылі.
Маці: А ты?
Вера: Сышла.
Маці: Аёй, дачушка! Чаму? Навошта ты гэдак рызыкуеш?
Вера: Мама, не пытайся. (Сядае на ложак каля маці.) Даелі, далібог даелі.
Маці: Так, тут як вытрываць.
Вера: Але нічога, яшчэ паваюем. Ну а ты, мама, мо спала?
Маці: Падрамала крыху.
Вера: А я спалохалася, калі ўвайшла.
Маці: Чаго?
Вера: Як чаго? Ты ж не заставіш мяне адну, га, мама, не заставіш?
Маці: А! Вось ты пра што. Не ведаю, дачушка, шчыра — не ведаю.
Вера: Не, не кажы так, не засмучай мяне.
Маці: Ды і бацька чакае, трэці месяц пайшоў, як няма.
Вера: Мама, скуль ты ўзяла, што ён чакае, гэта фантазіі.
Маці: Не. Не, не фантазіі.
Вера: Ну, усё можа быць. Але нават калі і так, яму ж нічога не каштуе там яшчэ крыху пачакаць.
Маці: Ты гэтага не ведаеш. Можа — ого! — яшчэ як каштуе, можа яму кожны дзянёк там без мяне ў знакі даецца. Мне сон прысніўся. Зараз табе раскажу. (Прыпадымаецца і, падбіўшы пад спіну падушку, ямчэй уладкоўваецца ў ложку.) Ну, слухай. Сунецца твой бацька па каменнай раўніне, адзін з тысячы на тысячу такіх, як ён, новапамерлых. Над галавой усю дарогу вісіць і гэдак бязлітасна паліць сонца, што шмат хто не вытрымлівае і падае, а ўпаўшы ўжо не падымаецца, а навекі застаецца ляжаць сярод тых камянёў, а да таго ж яшчэ змеі паўсюль, яшчары, павукі, яшчэ якісь гады, і ўсе вялізныя, жудасныя, хапаюць то таго, то сяго і ці цягнуць пад каменні, ці нікуды не цягнуць, а разрываюць на кавалкі і жаруць, альбо глытаюць цалкам. Але бацьку твайго не чапаюць. І вось, выходзіць ён, і з ім яшчэ колькі тых, хто ўратаваўся ў каменнай пустыні, на бераг мора-акіяна, па якім плаваюць акулы і іншыя драпежныя рыбы, а таксама розныя марскія пачвары, якім і назвы няма. І як ні вусцішна, як ні крычыць і ні курчыцца ад жаху душа, трэба заходзіць у ваду і плыць, бо назад не сунешся. Невядома, колькі тое мора-акіян забрала, ды толькі ацалелыя, сярод якіх і наш вандроўнік, апынаюцца ўрэшце на беразе вострава, перад высокай-высокай гарой, з пляскатай вяршыняй, якая вызірае то там, то сям з аблокаў. Да той вяршыні вядуць стромкія, пакручастыя сцежкі, па якіх падымаюцца тыя, каго не забрала каменная раўніна і мора-акіян. І кожны з іх, каб падняцца, выбірае сваю. Гэта, вядома, няпростая задача, бо мала таго, што са сцежкі лёгка сарвацца, няўзнак паставіўшы не туды нагу ці яшчэ што, і пакаціцца кумільгам уніз, альбо каменем паляцець у расколіну, дык вакол кружыць гібель вялізных чорных птушак, выглядваючы ахвяр, і знячэўку, склаўшы крылы, падаюць долу, каб схапіць таго альбо сяго небараку, якога нясуць затым у сваіх кіпцюрыстых лапах у гнёзды на пракорм птушанятам. Адзінкі ўзыдуць на вяршыню, не багата апынецца там, перад мурам, які цягнецца ў адзін і ў другі бок, так што не бачна ні канца таму муру, ні краю. А ў тым муры — брамы, якія адчыняюцца то перад адным, то перад другім з тых, хто здолеў агораць дарогу, выдзюжаў да іх шлях. І вось клыпае ўздоўж мура і наш мацак, як раптам насупраць расчыняецца брама і ў пройме з’яўляецца вартавы ў залатым шлеме і з дзідай у руцэ. «Ты хто?», пытаецца ён у бацькі. «Міхалюк Стась», адказвае бацька. «Міхалюк, кажаш, Стась?», перапытвае вартавы і ступае ўбок. «Ну, то праходзь». Глядзіць бацька у пройму і бачыць горад-сад, які раскінуўся да далягляду на пагорках. І ўсё-усенька, што там ні ёсьцека, а ёсьцека тама безліч усяго, што душа пажадае, гэдакай нябачанай любасці і прыгажосці, што проста магнэсам цягне зараз жа ўвайсці ў браму. Як тут працінае яго думка: што, калі ўсё ж не прападзе, то напэўна згубіцца, заблукае ён у тым горадзе-садзе. «Ну, ты ідзеш, ці як?», пытаецца між тым вартавы, але бацька адмоўна хітае галавой: «Не». «Чаму?», здзіўляецца той. «Хіба ты не пакутнік?» «Пакутнік», пацвярджае бацька, «але баюся. Жонка мая, Люба, павінна зараз падысці, дык каб не згубілі адзін аднаго, мо, я тута, перад брамай яе пачакаю». «А, вось у чым справа! Добра, чакай», дазваляе вартавы. Вось так і стаіць ён тама каля брамы, мяне выглядае.
Вера: Але ж гэта не сон, а цэлая гісторыя.
Маці: Вось, пакрыжуюся (хрысціцца), нічога ад сябе не дадала.
Вера: Я веру табе, мама, веру. Каб мне Андрэй прысніўся, каб ведаць, што ён жывы-здаровы, што ў яго ўсё добра, дык... (Плача.)
Маці: Ну што ты, дзіцятка маё гаротнае (горне галаву Веры да сябе), пэўне, што жывы-здаровы і ўсё ў яго як найлепей, бо што там з ім можа стацца дрэннае?
Вера (праз слёзы): Так, мама, і маё сэрца нешта такое падказвае.
Маці: Вось, а сэрца мацярынскае не памыляецца, яно ведае.
Чуваць стук у дзверы.
Маці: Чуеш?
Вера: Што?
Маці: Стукаюць. (Шэптам.) Тэлевізар, Вера, тэлевізар.
Вера: Тэлевізар? (Глядзіць на тэлевізар, потым, быццам не хочучы, падымаецца і, ступіўшы да тэлевізара, скідае з яго коўдру.)
Тэлевізар (пафасным жаночым голасам, дэкламуе):
Ластаўкай хацеў бы стаць,
Ластаўкай хуткакрылай,
Лёгкай і стрункай целам.
Каб пабываць у Прэзідэнта...
Стук у дзверы паўтараецца.
Вера: Іду, іду.
Маці (шэптам): Гучнасці, гучнасці дадай.
Вера: Ай, мама.
Маці: Што ты, дачушка, што ты!
Тэлевізар (працягвае дэкламацыю):
Каб хоць раз убачыць,
Як ён усміхаецца,
Слухаючы размовы новых,
Створаных ім людзей...
Вера адчыняе дзверы. Уваходзіць кантрабандыст.
Кантрабандыст (акінуўшы памяшканне хуткім, учэпістым позіркам): Добры вечар!
Вера: Добры! Вы хто?
Кантрабандыст: Я?
Тэлевізар (працягвае дэкламацыю):
І памёр бы ў тое ж імгненне —
Шчаслівы!
Вера: Дык я вас слухаю.
Кантрабандыст: А ці туды я патрапіў? Вы Міхалюк?
Вера: Яна самая. А як ваша прозвішча?
Кантрабандыст: Маё прозвішча вам нічога не скажа.
Тэлевізар (працягвае дэкламацыю):
Дык хай ён славіцца навек!
За то, што шчасце даў народу,
За то, што мары затаённыя
Ён зразумеў і разгадаў...
Вера: Вось як. У такім выпадку, можа, скажаце, хто вы і чаго хочаце?
Кантрабандыст (кіўнуўшы галавой у бок маці): Гэта вашая сваячка?
Вера: Маці. У яе адабрала сярэдзіну, яна не ўстае. А што такое? У чым урэшце справа?
Кантрабандыст: У тым, што я маю ліст ад вашага сына.
Вера: Ад Андрэя? (Хапае з падлогі коўдру і накрывае ёю тэлевізар.)
Кантрабандыст: Гэта не небяспечна?
Вера: Не, не бойцеся, нічога.
Кантрабандыст: То добра. (Панізіўшы голас.) Ага, дык вось: маю ад вашага Андрэя ліст і фотаздымак.
Вера: Божа, ён жывы, здаровы?
Кантрабандыст: Калі напісаў ліст і сфатаграфаваўся, дык трэба думаць.
Вера: Так, выбачайце. Дык давайце, давайце іх!
Кантрабандыст: Ну, ведаеце, я моцна рызыкаваў — мяжа ахоўваецца як зрэнка вока, ды і тут не лепш (аглядаецца на дзверы), шпегі на кожным кроку.
Вера: Ці нам гэтага не ведаць! Дзякуем вам.
Кантрабандыст: Дзякуй у кішэню не пакладзеш.
Вера: А, вось вы пра што. Толькі ў мяне нічога няма.
Кантрабандыст: Я бачу. Але калі падумаць... (Дастае з кішэні і паказвае фотаздымак.) Пазнаяце?
Вера: Але, гэта ён — мой сынок!
Маці (з ложка): Пярсцёнак, чуеш? Вера, пярсцёнак.
Вера (пляснуўшы рукамі): Авой, і праўда, як я пра яго забылася? У мяне ж заручальны пярсцёнак захаваўся. (Да кантрабандыста.) Гэтага дастаткова, га? Дастаткова? Толькі не адмоўце, благаю, не адмоўце!
Кантрабандыст: Пакажыце яго.
Вера: Зараз. (Кладзецца на падлогу на жывот і, засунуўшы руку пад буфет, дастае пакуначак, перацягнуты гумкай). Вось ён! (Устае на ногі і, сцягнуўшы гумку, разгортвае паперку, у якую закручаны залаты пярсцёнак, падае яго кантрабандысту). Ну, што скажаце?
Кантрабандыст (пакруціўшы пярсцёнак у пальцах): Пойдзе. (Хавае пярсцёнак за пазухай, пасля чаго падае Веры фотаздымак, а таксама паштоўку, якую дастае з кішэні.) Гэта ўсё.
Вера: Дзякуем вам! Дзякуем!
Кантрабандыст: Я пайшоў. Паглядзіце, ці няма каго ў калідоры.
Вера (прыадчыніўшы дзверы і вызірнуўшы вонкі): Нікога.
Кантрабандыст (у дзвярах): Як што, мы ніколі не сустракаліся.
Вера: Вядома. Ідзіце з богам.
Кантрабандыст выходзіць, і Вера, зачыніўшы за ім дзверы, становіцца ля стала пад лямпачку, каб лепш разглядзець фотаздымак.
Маці: Ну што там, што? Які ён — мужчына, напэўна?
Вера (праз слёзы): Мужчына. І не адзін.
Маці: А з кім?
Вера: З жоначкай сваёю хіба і з дзеткамі.
Маці: Божа!
Вера: Тваімі, мама, праўнучкамі.
Маці: Дай, дай мне паўзірацца.
Вера (прысеўшы ля маці на ложак, падае фотаздымак): Вось, мама, глядзі.
Маці (узяўшы фотаздымак і ўглядаючыся): Нічога не бачу, цёмна.
Вера: Чакай, я табе лямпу запалю. (Вера бярэ з буфета лямпу і, запаліўшы, падносіць яе такім чынам, каб мацеры, якая трымае перад вачыма фотаздымак, паболела святла.)
Маці: Не, і так не бачу, нібы ў тумане ўсё расплываецца. (Аддае фотаздымак.) Вочы ўжо, дачушка, сляпыя. Але ж пісьмо ёсць, пісьмо пачытай.
Вера: Ага, зараз, мама, прачытаю. (Задзьмувае лямпу і ставіць яе на буфет, пасля чаго, прысеўшы да стала, дастае з капэрты аркушык паперы).
Маці: Ну, чытай.
Вера (чытае): «Родныя мае мама, тата, а таксама дзядуля і бабуля!» Мама, ён жа нічога пра нас не ведае, ні што Тадзік болей не з намі, ні што дзядулі ўжо няма.
Маці: Гэтага трэба было і чакаць, скуль ён мог даведацца? Але чытай далей.
Вера (чытае): «У мяне ўсе добра».
Маці: Дзякуй богу!
Вера (чытае): «Я жыву ў горадзе Ўроцлаў, гэта на поўдні Польшчы, і працую ў ІТ кампаніі».
Маці: Дзе працуе? Што гэта такое — ІТ кампанія?
Вера: Не маю паняцця. (Чытае.) «Пяць год таму я ўзяў шлюб. Маю жонку завуць Басяй. Мне вельмі шкода, родныя мае, што вы не былі ў нас на вяселлі». (Уцірае рукой з вачэй слёзы.) На якім вяселлі, сынок, мы нават пра гэта не ведалі. (Чытае далей, праз слёзы.) «Што праўда, мы тут здаём сабе справу, але, нягледзячы ні на што, не страчваем надзею — здараецца, у адначассе ўсё мяняецца, і тое, што не было магчымым сёння, становіцца заўтра як рукой дацягнуцца».
Маці: Толькі не тут.
Вера (чытае): «У нас з Басяй двое дзетак, вашых, мама і тата, унучкаў, а бабулі з дзядулем праўнучкаў — Чэсік і Марэк. Вы іх бачыце на фотаздымку, на заднім плане якога наш новы дом. Мы, як вы ўжо напэўна здагадаліся, жывем у прыгарадзе. На гэтым усё, абдымаем вас і молім Матку Боскую аб хуткай сустрэчы. Вашыя Андрэй, Бася, Чэсік і Марэк». (Падымае галаву і, гледзячы кудысьці ўбок, бярэцца рукой за сэрца.) Сэрца прыціснула.
Маці: Нічога, зараз палягчае.
Вера (паглядзеўшы ў аркушык): Тут нешта прыпісана.
Маці: Дык чытай.
Вера (чытае): «І апошняе: калі ласка, не турбуйцеся, з чалавекам, які даставіць вестку, я цалкам разлічыўся».
Маці: Во яно што. А як жа пярсцёнак?
Вера: Ай, мама гэта ўсё роўна. Што нам з таго пярсцёнка? А яму мо прыдасца.
Маці: Прыдасца, пэўне — абдзярэ такіх, як мы, і толькі яго і бачылі.
Вера: І хай, хай ратуецца, — прынамсі, не нам яго папікаць. Я ўсім, мама, хто здолеў, нягледзячы ні на што, застацца хоць крышку, хоць сама мала, чалавекам, шчыра зычу толькі аднаго — хай ратуюцца, хто як можа і на што здольны: майструюць паветраныя шары і адлятаюць на іх, куды вецер панясе, перабіраюцца на той бок пешкі, прадзіраючыся праз калючы дрот, капаюць тунэлі і, пусціўшы наперад дзяцей, уцякаюць па іх. Каб тут, мама, засталіся толькі камітэтчыкі з агітатарамі, ды домакіраўнікі з квартальнымі і дружыннікамі, а таксама ўсе як адна суседкі. І зычу ім, каб елі адзін аднаго, пакуль не паядуць дарэшты, да апошняга, каб нашая зямля ачысцілася нарэшце ад іх назаўсёды, каб болей не засмуроджвалі яны нашае паветра, каб не загаджвалі лясы нашыя і палі, а гарады іхнія хай рассыплюцца ў друз і парахню. Тыя, хто вернецца, выбудуюць іх наноў.
Чуецца стук у дзверы.
Вера: А вось і яна, лёгкая на ўспамін.
Маці: Хто?
Вера: Суседка.
Маці: А божа! Тэлевізар, Вера, тэлевізар.
Вера: Не, усё, мама, даволі. (Падыходзіць да дзвярэй.) Хто там?
Суседка (за дзвярыма): Адчыняйце, зараз жа адчыняйце.
Вера: Не адчыню. Пайшла прэч!
Суседка (за дзвярыма) Што?.. Гэта ты мне? Ды я цябе за гэта...
Вера: Ну што ты мне, што? (Адчыніўшы дзверы, выходзіць на пляцоўку.)
Маці (крычыць): Вера, не чапай яе!
Вера (за дзвярыма): Дрэнь! (Чуваць пляскач.) Дрэнь! (Пляскач.) Дрэнь! (Пляскач.)
Суседка (за дзвярыма): Ааааа! Забіваюць! Паратунку!
Маці (крычыць): Вера, дачушка, хай яе! Пакінь!
Вера заходзіць і зачыняе за сабой дзверы. Яе ажно калоціць.
Маці: Навошта ты яе чапала? Яна ж ад нас усё роўна не адчэпіцца, зараз з домакіраўніком і дружыннікамі прыляціць.
Вера: А хай хоць з прэзідэнтам. Усё, мама, хопіць нам гэтага.
Маці: Чаго гэтага?
Вера: Усяго. Ды і бацька чакае. Чакае, мама, га? Чакае, там — ля брамы ў горад-сад?
Маці: Чакае.
Вера (сядае на ложак ля маці і бярэ яе рукі ў свае): А дарогу, мама, асілім?
Маці: А як жа, бо хіба мы не пакутнікі?
Вера: То збірайся.
Маці: Я гатовая. Рабі, што трэба.
Вера: Ага, менавіта толькі тое, што трэба. Абдымемся. Ці ўбачымся яшчэ?
Маці: Не, чаму ж, вядома ўбачымся.
Вера: Ну а раптам, бо ўсё можа быць.
Вера і маці абдымаюцца, затым, рашуча падняўшыся, Вера, запаліўшы лямпу, ставіць яе на стол, пасля чаго скідвае коўдру з тэлевізара.
Тэлевізар (пафасным жаночым голасам, дэкламуе):
Калі мы яго чуем, —
Радуецца душа,
І сэрца пачынае біцца...
Вера піхае нагой тэлевізар, які, грымнуўшыся аб падлогу, змаўкае, і аўтаматычна гасне лямпачка пад столлю.
Маці: Вера!
Вера (абярнуўшыся): Што, мама?
Маці: Не, нічога.
Вера: Не бойся, мама, балець не будзе.
Маці: Я ведаю і не баюся.
Чуваць грукат у дзверы.
Вера: Праўду не баішся?
Маці: Далібог!
Вера: А то кажы.
Маці: Во крыж (жагнаецца), што не.
Зноў чуваць грукат у дзверы і затым голас домакіраўніка: «Адчыніць! Я загадваю, зараз жа адчыніць!» У адказ на гэта Вера бярэцца за буфет і суне яго па пакоі ўглыб сцэны, тарцом прыціскаючы да дзвярэй.
Суседка (за дзвярыма): Чуеце, што, шлюндры, вычаўпляюць?
Домакіраўнік (за дзвярыма): Гэта ім так не мінецца.
Вера прысоўвае да буфета стол, пасля чаго дадае ў барыкаду тэлевізар і коўдру, падняўшы іх з падлогі.
Суседка (за дзвярыма): Ага, у лагер іх нахер. А кватэру мне.
Домакіраўнік (за дзвярыма): Чаму менавіта табе, на якой падставе?
Суседка (за дзвярыма): Маёй Томе, вось-вось раджацьмем, а ейны Артурчык на цяжкай працы, наглядчыкам у турме, яму адпачынак пасля змены належыць.
Домакіраўнік (за дзвярыма): Ну, не ведаю.
Суседка (за дзвярыма): Дый хто ж, як не я, больш варты, медаль, нябось, абы-каму не дадуць.
Домакіраўнік (за дзвярыма): Гэта не я адзін вырашаю. А вось і хлопцы.
Суседка (за дзвярыма): Нарэшце.
Вера тым часам спяшаецца на кухню, адкуль выходзіць з бітончыкам у руках.
Домакіраўнік (за дзвярыма): Кувалду прыхапілі?
Першы дружыннік (за дзвярыма): А як жа.
Другі дружыннік (за дзвярыма): Вось яна.
Домакіраўнік (за дзвярыма): Дык выбівай іх нахер.
Дзверы скаланаюць некалькі ўдараў, пасля чаго чуваць здзіўлены голас другога дружынніка: «Што яны там, падперлі іх нечым?», затым голас домакіраўніка: «Лупі мацней, не можа быць, каб не далі рады,» а таксама суседкі: «Ды размахніся ты як след,» і, нарэшце, першага дружынніка: «Дай я паспрабую».
У адказ Вера палівае з бітончыка барыкаду і, укленчыўшы перад ёю, дастае з кішэні запалкі і падпальвае коўдру.
Вера (абярнуўшыся): Ну, маліся, мама, за сябе і за мяне.
Маці (моліцца):
Ойча наш,
Які ёсць на нябёсах!
Хай свяціцца імя Тваё...
На дзверы абрушваецца некалькі моцных удараў, яны трашчаць, паддаюцца, але коўдра ўжо занялася агнём, і Вера кідаецца да ложку, у матчыны абдымкі.
Вера: Мама!
Маці (тулячы Веру да сябе, моліцца):
Хай прыйдзе царства Тваё;
Хай будзе воля Твая;
Як на небе так і на зямлі....
Удары па дзвярах паўтараюцца, але полымя, ахапіўшы ўсю барыкаду, шугае ўгару, і пакой у адначассе ахутвае густы шэры дым.
Маці закашліваецца і змаўкае.
А за дзвярыма, у глыбіні сцэны, чуваць, як крычыць домакіраўнік: «Пажар! Ратуймася! Усе ўніз!» І затым роспачны крык суседкі: «Кватэра! Аааа! Мая кватэра гарыць!»
Заслона
2018 г.