П’еса на адну дзею
ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ
Папуліст, ён жа Прэзідэнт, ён жа Дыктатар
Імперац
Нацыяналіст
Д’ябал
Апавядальнік
Маёр, ён жа Генерал-маёр
Моцны Гаспадар, ён жа Эфектыўны Менеджар
Пісьменнік
Дзялок
Наменклатурны Кадр
Брунетка
Бландзінка
Два ахоўнікі
Паўтузіна чорнашапачнікаў
Шасцёра мужчын
Дзве жанчыны
Дворнік
Прасіцелька
Прахожы
Дзея адбываецца ў адной з краін, што атрымалі незалежнасць пасля развалу камуна-расійскай імперыіі.
Сцэна дэкаравана вось якім чынам: справа, на даляглядзе відаць некалькі шматпавярховікаў і завадскіх труб, а перад імі соваецца, дыміць трактар. Калі падымаецца заслона, на сцэне нікога няма, затым з боку правай кулісы чуваць галасы.
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Ану, хлопцы, кідайма працу!
ПЕРШЫ ЖАНОЧЫ ГОЛАС: А дзяўчаты?
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: І дзяўчаты таксама.
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Так, досыць, усё, гамон.
ТРЭЦІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Правільна! Дарма, кажуць, нават каза не скача.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: І татка мамку не цалуе.
ПЕРШЫ ЖАНОЧЫ ГОЛАС: Хто аб чым, а галодны пра хлеб.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Гэ, ды я не аб тое.
ДРУГІ ЖАНОЧЫ ГОЛАС: Дзе хлеб? Мне дайце, у мяне дзеці галодныя, другі дзень без крошкі ў роце сядзяць.
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Пайшлі з намі, атрымаеш.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: І праўда, чаго нам траціць? Гайда ўсе!
ПЯТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: А мне б, браточкі, закурыць. Так курыць хочацца, што ажно вушы пухнуць.
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Закурыш, таварыш, абавязкова закурыш. Хадзем.
ШОСТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Стойце! Стойце!
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Чаго табе? Давай, не затрымлівай, кажы.
ШОСТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Я наконт выпіць.
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Ага! Ну што — вып’еш, чаму не.
ШОСТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Гарэлачкі?
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: А то.
ШОСТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Паўлітра?
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Як належыць
ШОСТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Эх! Ды я... куды толькі скажаце.
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Усё, досыць балбатаць, рушым.
На сцэну, з-за правай кулісы, выходзіць гурт мужчын і жанчын. Мужчыны ў
спецоўках і кашулях з закасанымі па локці рукавамі, жанчыны ў рабочых халатах.
Адначасова, з процілеглага боку, з’яўляецца ІМПЕРАЦ у касцюме-тройцы.
ІМПЕРАЦ (ускінуўшы руку): Людзі, стойце!
Гурт замірае. У гэтую хвіліну ў залу за спінамі гледачоў убягае АПАВЯДАЛЬНІК.
АПАВЯДАЛЬНІК: Пачакайце мяне! ( Бяжыць па праходзе да сцэны).
ІМПЕРАЦ: А ты хто такі?
АПАВЯДАЛЬНІК: АПАВЯДАЛЬНІК. (Забягае на сцэну.) Выбачайце. Фу, ледзь паспеў. Я тут (паказвае ўбок рукой), у буфеце. Зрэшты, не важна. Зараз, толькі аддыхаюся крыху. Ляцеў на ўвесь дух. Во (праводзіць далоняй па лбе), як мыш мокры. (Некаторы час стаіць, абапіраючыся аберуч на калені, затым раптам кідаецца направа).
ІМПЕРАЦ: Куды? Стой, каб цябе!
АПАВЯДАЛЬНІК: За рэквізітам.
ІМПЕРАЦ: За якім яшчэ к чорту рэквізітам?
АПАВЯДАЛЬНІК: Я мігам, на адной назе.
ІМПЕРАЦ: Не, ну бачылі! (Разводзіць рукамі.) Проста натуральны шалапут!
Апавядальнік тым часам выбягае за правую кулісу, але амаль адразу вяртаецца са столікам і крэслам, якія ставіць за тры крокі ад авансцэны і сядае. Затым, выцягнуўшы з унутранай кішэні пінжака стос аркушаў, пачынае іх перабіраць, хуценька праглядаючы адзін за другім.
ІМПЕРАЦ: Доўга яшчэ будзеш корпацца?
АПАВЯДАЛЬНІК (падняўшы ўгору палец): Хвілінку.
ІМПЕРАЦ (нецярпліва): Што, дома не мог разабраць?
АПАВЯДАЛЬНІК: Дзе там! — дома жонка капрызная, дзеці малыя. (Нарэшце знаходзіць патрэбны аркуш.) Ага, вось і ён. Так, што тут у нас? (Прабягае вачыма па тэксце.) П’еса называецца «Партрэт дыктатуры». ( Падымае галаву.) Вось назва дык назва. Ха-ха. (Апускае галаву.) І ідзе без перапынку. (Падымае галаву.) Чаму без перапынку? А як жа буфет!
ІМПЕРАЦ: А ў цябе адно буфет у галаве?
АПАВЯДАЛЬНІК: «Адно»! Ды ў мяне тут ( круціць рукой ля скроні) шмат чаго рознага.
ІМПЕРАЦ (кпліва): Анягож.
АПАВЯДАЛЬНІК: Не, насамрэч (Глядзіць у аркуш). Дзея пачынаецца ў дзевяностых гадах дваццатага стагоддзя, адразу пасля развалу камуністычнай імперыіі.
ІМПЕРАЦ (злосна): Не камуністычнай імперыіі, а вялікага Савецкага Саюзу.
АПАВЯДАЛЬНІК: Гэта адно і тое ж. А сканчаецца.... сканчаецца ( пераварочвае аркуш), халера яго ведае калі. Хаця канец так альбо інакш павінен быць, як і ўсяму, што нарадзілася і жыло. Можа, аўтар забыўся пазначыць?
ІМПЕРАЦ: А можа, хопіць адсябяціны?
АПАВЯДАЛЬНІК: Добра, хопіць дык хопіць. Праехалі, як той казаў. Такім чынам, на сцэну выходзіць народ ( паказвае рукой на гурт), і Імперац ( паказвае рукой на Імперца).
ІМПЕРАЦ: Як ты мяне назваў?
АПАВЯДАЛЬНІК: Імперцам. А што, ня так?
ІМПЕРАЦ: Не, усё правільна. Між іншым, я гэтым ганаруся.
АПАВЯДАЛЬНІК: Сцяг у рукі. А цяпер, калі няма больш пытанняў, давайце, пачынайце, выйшлі ж ужо.
Гурт прыходзіць у рух. Імперац ускідвае руку.
ІМПЕРАЦ: Людзі, стойце!
ПЕРШЫ МУЖЫК: Чаму стойце, чаго?
ІМПЕРАЦ: Размова ёсць.
ДРУГІ МУЖЫК: Ну колькі можна гаварыць, усё гаворым і гаворым, здурэць можна.
ІМПЕРАЦ: Усяго два словы.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Не, чакай, вось я табе зараз сапраўды скажу два словы: дзе грошы?
ІМПЕРАЦ: Якія грошы?
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Ты тут дурня з сябе не рабі і не падміргвай, я табе не дзеўка. Нашыя! Якія яшчэ?
ТРЭЦІ МУЖЫК: Ага, у мяне на ашчадкніжцы тры тысячы рублёў ляжала, якраз на «Запа- рожац».
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: А я на «Жыгулі» збіраў: пяць год манахам жыў! Нічога, ні выпіць сабе не дазваляў, ні закусіць. Дык што цяпер, нашыя грошы цю-цю, так выходзіць?
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Ай, што грошы, хай спачатку адкажа, дзе хлеб падзеўся, у яе во (паказвае на Другую жанчыну) дзеці другі дзень не еўшы сядзяць.
ПЯТЫ МУЖЫК: А папяросы куды папрападалі? (Наступае на Імперца). Эх, урэзаў бы, ды пэцкацца неахвота.
ШОСТЫ МУЖЫК: А гарэлка? Браточкі, во толькі ўчора было: паліцы ў крамах пад бутэлькамі ламаліся, а сёння каб адно горла прамачыць — дык невядома якая праблема, быццам на Месяц злятаць.
АПАВЯДАЛЬНІК: Праўда-праўда. Гэта дзіва, што ў буфеце тое-сёе засталося.
ШОСТЫ МУЖЫК (да Апавядальніка): Што, што там засталося?
АПАВЯДАЛЬНІК: Нічога, проста прывярзлося нешта. Не звяртай увагі, грай далей.
ШОСТЫ МУЖЫК: Ага, найграеш тут, на хворую галаву ( Да Імперца). Ну, што язык праглынуў? Адказвай перад народам!
ІМПЕРАЦ: А што адказваць, у мяне нічога няма — во (выварочвае кішэні), глядзіце.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Не, ну калі ў цябе няма, дык куды ўсё падзелася, не вадой жа змыла?
ІМПЕРАЦ: Я не браў. Клянуся!
ТРЭЦІ МУЖЫК: А хто, калі не ты? Вайны не было, засухі, наваднення, як і іншых караў Божых таксама не назіралася. Га?
ІМПЕРАЦ: Не ведаю, сам як бізун голы застаўся. Учора ў сталоўку не было за што схадзіць; каб жонка не паклала ў партфель бутэрброд, так і прабрындаў бы ўвесь дзень не папалуднаваўшы.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Ты нам зубы сваею жонкаю з партфелем не загаворвай, а зараз жа шукай грошы.
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: І хлеб, так, найперш хлеб.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: Мне і скарынкі даволі, абы дзяцей накарміць.
ПЯТЫ МУЖЫК: І мне.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Што табе?
ПЯТЫ МУЖЫК: Хоць пацярухі насыпце.
ШОСТЫ МУЖЫК: І я, і я!!!
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Што, што і ты?
ШОСТЫ МУЖЫК: На сівуху згодны.
ІМПЕРАЦ: Увага! Ціха! Я знайшоў выйсце. Слухайце ўсе сюды. Вось зараз далучымся да вялікай Расіі і ўсё як з рога дастатку пасыплецца: і хлеб, і тытунь, а гарэлка — што вада з краніка ў лазенцы пальецца. Гаранцірую, прычым адразу.
ПЕРШЫ МУЖЫК: Та-ак, значыцца, зноў у тую ж дрыгву.
Другі мужык: Дапраўды, колькі можна!
ТРЭЦІ МУЖЫК: Ага, ведаем, нахлябаліся ўжо ўдосталь.
ІМПЕРАЦ: Не, вы гэта не тое... Зразумейце, мы ў адзіночку не выжывем, як рудыя мышы прападзем, у нас жа нічагутка нямашака (загінае пальцы) — ні нафты, ні газу, ні.... гэтых, як іх?
АПАВЯДАЛЬНІК( падказвае): Кедравых арэшкаў.
Трэці мужык: І селядца.
АПАВЯДАЛЬНІК (зірнуўшы ў аркуш): У гэтую хвіліну, на сцэну выходзіць Нацыяналіст у народным строі.
Выходзіць НАЦЫЯНАЛІСТ у народным строі.
ІМПЕРАЦ (скрывіўшыся): А, Нацыяналіст завітаў.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Заторкніся, гад. ( Да народа.) Не слухайце гэтага юду.
ІМПЕРАЦ: Вось як ты мяне трактуеш.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Менавіта так — як здрадніка і падлюгу. А вам, людзі, вось што скажу: на- самрэч, у нас няма ні нафты, ні газу, ні шмат чаго яшчэ. Затое ў нас ёсць рукі і галовы.
ІМПЕРАЦ: Ха! А што твае без нафты і газу рукі і галовы?
НАЦЫЯНАЛІСТ: А што твая нафта і газ?
ІМПЕРАЦ: Як «што»? Усё, вось што!
НАЦЫЯНАЛІСТ: Усё? Дурань ты маляваны. Ага. У Еўропе нідзе няма ні таго ні другога, ні гэтых самых...
АПАВЯДАЛЬНІК (падказвае): Кедравых арэшкаў.
ТРЭЦІ МУЖЫК: І селядца.
НАЦЫЯНАЛІСТ: І селядца. А жывуць — дай бог усім астатнім.
ІМПЕРАЦ: Вось параўнаў дык параўнаў! То ж Еўропа, культура!
НАЦЫЯНАЛІСТ: А мы што, з іншага цеста вылепленыя, ці пальцам робленыя?
ІМПЕРАЦ: Ім амерыканцы дапамагаюць.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Глупства! Ніхто нікому за дзякуй не дапамагае. Калі мы пабудуем нашую нацыянальную, самастойную, вольную дзяржаву, вось тады ўсё і будзе.
ПЕРШЫ МУЖЫК: І як доўга будаваць?
ДРУГІ МУЖЫК: Во-во, гэта галоўнае пытанне.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Шчыра — не ведаю, як доўга, але ведаю, што трэба як след пастарацца, напружыць усе сілы, зацягнуць паясы і цярпець, цярпець... Толькі так і ніяк іначай можна агораць гэтую дарогу. І хай не мы, дык нашыя дзеці напэўна ўбачаць сонца ў аконцы.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Аёй-аёй, ну колькі можна цярпець? Усё церпім і церпім.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: І паясы зацягваць. У мяне ўжо зацягваць няма куды, жывот да хрыбта прыліп.
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: А я? На мяне паглядзіце — на плотку высахла, адно скура ды косці засталіся.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Сапраўды? Дай памацаю..
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Я табе памацаю, мацальшчык тут мне знайшоўся. Жонку мацай.
ПЯТЫ МУЖЫК: Не, вы як хочаце, а я не згодны цярпець, я зараз курыць хачу.
ШОСТЫ МУЖЫК: А ў мяне галава. (Хапаецца абедзьвюма рукамі за галаву.) І сэрца. (Хапаецца за сэрца) Як барані хвост трасецца. Хоць шклянку віна наліце!
АПАВЯДАЛЬНІК: І мне. (Да гледачоў.) Мо, з вас хто пляшачку выпадкам прыхапіў?
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: А дзеці! Як яны без хлеба абыдуцца? Яны ж не вырастуць, так недаросткамі і застануцца! (Плача горкімі слязьмі.)
На сцэну з правай кулісы выбягае ПАПУЛІСТ у чырвоным спартовым касцюме і чорных туфлях.
АПАВЯДАЛЬНІК (вылупіўшыся): А гэта што за боўдзіла? (Глядзіць у аркуш.) Вось дык нумар, гэта ж наш дыктатар, уласнай, так бы мовіць, персонай. Праўда, пакуль толькі Папуліст. Але бачылі, які спрытнюга? Як чорт з табакеркі выскачыў. Гэта нездарма, нешта будзе, паглядзім.
ПАПУЛІСТ: Будзе-будзе, а як жа. Найперш адкажаш за боўдзілу. (Паказвае Апавядальніку кулак.)
АПАВЯДАЛЬНІК: Выбачайце, выскачыла, больш такога не паўторыцца.
ПАПУЛІСТ: А за «папуліста» галаву адарву.
АПАВЯДАЛЬНІК: Мне? Завошта? Я гэтага не пісаў. (Паказвае аркуш.) Вось, самі ўчытайцеся. (Падае аркуш Папулісту.) Тут так напісана.
ПАПУЛІСТ (узяўшы аркуш, чытае): «На сцэну з правай кулісы выбягае Папуліст у чырвоным спартовым касцюме і чорных туфлях». Чорт! (Скамечвае аркуш і кідае яго пад ногі).
АПАВЯДАЛЬНІК: Дык калі маеце прэтэнзіі (падымае аркуш), прад’яўляйце іх не мне, а аўтару.
ПАПУЛІСТ: І прад’яўлю, за мной не заржавее, не сумнявайся. Я яму гэдакую прэтэнзію прад’яўлю, што дзясятаму пісаць нешта болей закажа.
АПАВЯДАЛЬНІК: Воля ваша. І яшчэ: я тут не сам па сабе, а на службе. (Выпроствае аркуш.) Таму прашу ставіцца адпаведным чынам.
ПАПУЛІСТ: Вой, таксама мне службу знайшоў. Я вам, мужыкі і дзяўчаты, вось што скажу: няма чаго цярпець, зацягваць паясы, напружваць сілы і іншае таму падобнае, як тут некаторыя местачковыя дзеячы раяць. (Глядзіць на Нацыяналіста.)
НАЦЫЯНАЛІСТ (саркастычна): Вядома, з неба ўсё ўпадзе, як манна.
ПАПУЛІСТ: І Расія: можа дасць, а можа і дулю выкруціць.
ІМПЕРАЦ: Натуральна. Толькі калі ў хаўрус уступім, з агульнымі межамі, гаспадаркай, валютай і іншым, што дзяржаву вызначае, тады нікуды не дзенецца.
ПАПУЛІСТ: Магчыма, але я ведаю дзе і без гэтага грошы ўзяць, каб зажыць нарэшце як мае быць: весела, заможна, шчасліва, адным словам — на поўную губу.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Ну-ну, і дзе?
ІМПЕРАЦ: Ага, вельмі цікава.
ПАПУЛІСТ (наставіўшы ківун як рулю пісталета на Імперца): У цябе забраць і (пераводзіць палец на народ ) ім аддаць.
ІМПЕРАЦ (моцна здзівіўшыся): У мяне?
НАЦЫЯНАЛІСТ ( здзівіўшыся не меней ): У яго?
ДРУГІ МУЖЫК (пачухаўшы патыліцу, глыбокадумна): А нешта ў гэтым ёсць.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Вядома, але калі толькі затым па справядлівасці падзяліць.
ПЕРШЫ МУЖЫК: Хлопцы, дзе ж вы такое бачылі, каб нехта нешта па справядлівасці
дзяліў? Такое толькі ў казках бывае, ды і тое не ўва ўсіх.
ПАПУЛІСТ (наступаючы на Імперца): У цябе, у цябе. Ці скажаш, што нічога не маеш?
ІМПЕРАЦ: Калі і маю, дык усё нажытае непасільным трудом.
ПАПУЛІСТ: Ха-ха-ха... непасільным. Гляньце на гэтага карупцыянера: ён, і яшчэ Моцны Гаспадар — гэта такія зладзюгі, такія круцялі, такія прайдзісветы, што свет не бачыў. З-пад сучкі яйка выцягнуць! У мяне два, не, тры бітком набітыя чамаданы кампрамату! На іх кляйма няма дзе ставіць!
НАЦЫЯНАЛІСТ (махнуўшы рукой): Ай, лухта гэта.
ПАПУЛІСТ: Што лухта?
НАЦЫЯНАЛІСТ: Усё: лухта і трызненне сівой кабылы.
ПАПУЛІСТ: Бач ты яго, адвакат знайшоўся.
ДРУГІ МУЖЫК: А мо і сапраўды лухта?
ПАПУЛІСТ: Не слухайце гэтага фашыста.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Гэта я фашыст?
ПАПУЛІСТ: Ён нас габрэям прадасць.
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Я не хачу пад габрэя! Мне і пад нашым добра.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Асабліва пада мной. Пагатоў я, як той піянер з барабанам — заўжды гатоў!
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Як ты мне са сваімі заляцаннямі апрыкраў. Божа мой божа, так і пэцнула б па пысе!
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Дык на, пэцні, калі гэдак карціць. (Падстаўляе пысу.) Толькі ручку не скалеч.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: А мне ўсё роўна пад кім, абы дзеці не галадалі.
ДРУГІ МУЖЫК: Дык што, народ, каго падтрымаем?
ТРЭЦІ МУЖЫК (кіўнуўшы галавой на Папуліста): Відаць, яго давядзецца — надта ж гладка гаворыць.
ДРУГІ МУЖЫК: Во, што ты! Як па-напісанаму чэша.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Ды і сам мацак хоць куды, і спрыту, відаць, стае.
ПЕРШЫ МУЖЫК: А я супраць: мякка сцеле, каб не прыйшлося мулка спаць.
ДРУГІ МУЖЫК: І я нешта засумняваўся, нечага ў яго не хапае.
АПАВЯДАЛЬНІК (сам сабе): А як па мне, дык не нечага не хапае, а наадварот — шмат чаго залішне.
ДРУГІ МУЖЫК: Дый замалады, каб цэлай краінай кіраваць. Хай мо спачатку раёнам якім альбо горадам паспрабуе.
ПАПУЛІСТ (скрывіўшыся): Э, што раён, альбо горад.
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Во які: хоча, каб усё і адразу.
ПАПУЛІСТ: Менавіта так — усё і адразу, бо я на гэтую галеру дзеля вас іду. Ну а што малады, дык маладосць не загана.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: Гэта праўда. Вось мой таксама калі малады быў, дык бывала як... А зараз...
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Ну што, што ён у цябе зараз, дагаворвай.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: Нічога.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Нічога? Зусім? (Смяецца).
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: А табе ўсё смешачкі.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: А што, не ведаеш прыказкі: каб не смяяліся і не цешыліся, дык даўно павесіліся б. ( Да Папуліста.) Ці не праўда?
ПАПУЛІСТ: Праўда! Толькі спачатку мяне выберам прэзідэнтам, а ўжо пасля павесялімся.
ТРЭЦІ МУЖЫК: А не ашукаеш?
ПАПУЛІСТ: Я? Ніколі і нізавошта! Зразумейце нарэшце: я ж свой, з народа, у мяне маці прачка.
ТРЭЦІ МУЖЫК: А бацька?
ПАПУЛІСТ (паказаўшы на Нацыяналіста пальцам): Фашысты забілі.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Во хлус, дык хлус. Цьху! У квадраце. Людзі, хіба вы аслеплі, не бачыце, як ён прагне ўлады, ірвецца да яе? Падмане, як піць даць падмане.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Не, мы бітыя сабакі.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Яму ж толькі гэтую самую ўладу ўзяць, а там — хоць насы сабе паадкусвайце, хоць валасы на галовах адзін аднаму скубіце, — нічога з ім не зробіце, усіх у ланцуг закляпае. Гэта ж воўк у авечай скуры.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Ну, як што, зубы, нябось, палічым.
НАЦЫЯНАЛІСТ: У пекла завядзе.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: А што пекла? Мы пекла не баімся — і там людзі жывуць.
ПАПУЛІСТ (убок): Трэба каваць жалеза, пакуль гарачае. (Да народа.) Урэшце, мужыкі, давайце так дамовімся: пяць гадоў дайце, мне больш не трэба. І калі не атрымаецца, нешта пойдзе не так, ці не дам рады, бо і такое магчыма, — саступлю месца першаму-лепшаму, а сам падамся ў вёску. А яшчэ: каб не перадумаў і было куды з’язджаць, жонку наперад адпраўлю, хай сядзіць, трусоў разводзіць.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Навошта такія ахвяры?
ПАПУЛІСТ: Не-не, гэта маё апошняе слова. Мая жонка зараз — гэта ўся краіна, увесь народ, усе вы!
ТРЭЦІ МУЖЫК: Ого, такому хочаш не хочаш, а паверыш.
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА (напаўголаса Другой): Мушу нешта сказаць.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА (напаўголаса Першай): Гавары.
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА нешта шэпча Другой.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: Дык а што ты думала, гэдакі мужчына!
ІМПЕРАЦ: Але як ён кіравацьме, у яго ж нават каманды няма?
ПАПУЛІСТ: Няпраўда, ёсць! (Выкідвае руку налева.) Вось мая каманда.
На сцэну з левага боку выходзіць МАЁР у вайсковай форме.
ПЕРШЫ МУЖЫК: Гэта хто?
АПАВЯДАЛЬНІК: Не бачыш? Маёр!
ТРЭЦІ МУЖЫК: Усяго толькі?
АПАВЯДАЛЬНІК: Нічога, праз дзень-два генерал-маёра атрымае.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Гэта іншая справа.
ДРУГІ МУЖЫК: У такім выпадку вырашана: пакуль ён ( паказвае пальцам на ПАПУЛІСТа) кіравацьме, а там пабачым.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Так, хай паспрабуе. (Штурхнуўшы локцем Чацьвёртага мужыка). А ты што скажаш?
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: А што я? Я як усе.
НАЦЫЯНАЛІСТ: Эх, такую магчымасць страцілі! Ці надарыцца яшчэ калі?
ІМПЕРАЦ: Ага, пашкадуеце. Без вялікай Расеі...
НАЦЫЯНАЛІСТ: Сціхні! Каб цябе халера ўзяла, разам з тваёй Расеяй!
ПАПУЛІСТ (замахаўшы на апанентаў рукамі): Усё, ідзіце, ідзіце вунь за кулісу і там лайцеся сабе, колькі ўлезе, а тут няма чаго.
НАЦЫЯНАЛІСТ і ІМПЕРАЦ выходзяць, прычым у розныя бакі.
ПАПУЛІСТ (да АПАВЯДАЛЬНІКа): Гэй, чаго сядзіш як намалёваны? Трыбуну давай вынось.
АПАВЯДАЛЬНІК: Я? І не падумаю. Гэта не мой клопат, ёсць рабочыя сцэны, вось хай яны і выносяць.
ПАПУЛІСТ: От, будзем тут нейкіх рабочых чакаць. Ідзі, я сказаў.
МАЁР: Няхай, я збегаю. (Бяжыць за левую кулісу.)
ПАПУЛІСТ: І канстытуцыю захапі.
ДРУГІ МУЖЫК: Навошта канстытуцыю?
ПАПУЛІСТ: Прысягу прымаць. Гэта святое. Каб потым усё жыццё па ёй будаваць, і каб ні кроку ўбок, а найстражайша, ад першай і да апошняй літары, як запісана. Я жэстачайша гэта буду кантраліраваць.
За-за кулісы выходзіць Маёр з трыбунай на карку і канстытуцыяй пад пахай.
МАЁР: Мужыкі, дапамажыце.
Мужыкі дапамагаюць Маёру паставіць трыбуну пасярод сцэны, пасля чаго, не марнуючы дарэмна час, за трыбуну становіцца Папуліст і паклаўшы руку на канстытуцыю, якую падсунуў маёр, прамаўляе.
ПАПУЛІСТ: Заступаючы на пасаду прэзідэнта ўрачыста клянуся верна служыць народу, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, абараняць Канстытуцыю, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі (Сыходзіць з трыбуны). Вось і ўсё. Я Прэзідэнт. Прычым з вялікай літары. А вы ўсе марш працаваць.
Народ сыходзіць направа, прыхапіўшы з сабой трыбуну з канстытуцыяй.
ПРЭЗІДЭНТ: Ну што, маёр, прызнавайся, ці спадзяваўся на такое?
МАЁР: Калі шчыра — дык ні сном, ні духам! Думаў, пакуражымся крыху, імперцавай крыві пап’ем, і ўсё.
ПРЭЗІДЭНТ: Ого, а што наперадзе?
МАЁР: А што?
ПРЭЗІДЭНТ: Чорт яго ведае. Будзем дзейнічаць паводле сітуацыі. Але пячонкай прадчуваю — нас чакае нешта вялікае.
З левай кулісы выглядвае МОЦНЫ ГАСПАДАР.
АПАВЯДАЛЬНІК: Але насяра. Чыя гэта такая? (Глядзіць у аркуш). Дык гэта ж Моцны Гаспадар, той самы карупцыянер, на якім кляйма няма дзе ставіць.
Моцнага Гаспадара заўважаюць Прэзідэнт і Маёр.
ПРЭЗІДЭНТ (вабячы Моцнага Гаспадара пальцам): Ідзі сюды.
МАЁР: Хадзі, не бойся.
МОЦНЫ ГАСПАДАР (нясмела падыходзіць): Пан Прэзідэнт, калі вы накот таго, што на мне кляйма няма дзе ставіць і што быццам бы я з-пад сучкі яйцо выцягну, дык гэта паклёп, далібог паклёп.
ПРЭЗІДЭНТ (прыабняўшы Моцнага Гаспадара за плечы): Ды не пераймайся ты гэдак, і мы добрыя цацы. Але калі хочаш у нашую кампанію (заглядвае Моцнаму Гаспадару ў вочы), а я па вачах бачу, што хочаш, давядзецца падзяліцца.
МОЦНЫ ГАСПАДАР: Я гатоў.
ПРЭЗІДЭНТ: Я так і думаў. Адзначым поспех. Маёр, налівай.
МАЁР: У мяне ўсё з сабой ( Дастае з кішэні пляшку і пласмасавы кубачак. Напоўніўшы кубачак, падае яго Прэзідэнту).
ПРЭЗІДЭНТ: Ну, будзьма! (Выпівае і перадае кубачак Моцнаму Гаспадару).
МОЦНЫ ГАСПАДАР (пусціўшы слязу): Пан Прэзідэнт, я за вас... для вас... што вы... да мяне... за мяне...
ПРЭЗІДЭНТ (паляпаўшы Моцнага Гаспадара па плячы): Чаго ты, мы ж свае людзі, няўжо не паразумеемся? Давай, як кажуць, не грэй (Моцны Гаспадар выпівае).
МАЁР: А зараз я дзюбну. (Налівае ў кубачак сабе і выпівае.)
АПАВЯДАЛЬНІК: А мне?
ПРЭЗІДЭНТ: Што?
АПАВЯДАЛЬНІК: Хоць на донцы.
ПРЭЗІДЭНТ: Яшчэ чаго. Калі ўсім наліваць, дык ніякага каньяка не хопіць.
АПАВЯДАЛЬНІК: Эх! (Да гледачоў.) А яшчэ хваліўся, што свой, з народа, што маці прачка. Але што вы хочаце, калі з гразі ды ў князі...
ПРЭЗІДЭНТ: Добра, хлопцы, хапілі па кроплі — і годзе. Спраў па горла, час не чакае. (Да Моцнага Гаспадара.) Ты зоймешся гаспадаркай.
МОЦНЫ ГАСПАДАР: Слухаюся!
ПРЭЗІДЭНТ: Перш-наперш разбярыся з тытунем, пастарайся, каб не бракавала.
МОЦНЫ ГАСПАДАР: Не пытанне. У амерыканцаў гэтага дабра куры не клююць. Зараз жа зафрахтую карабель.
ПРЭЗІДЭНТ: І гарэлкі падкінь, я абяцаў.
МОЦНЫ ГАСПАДАР: За гарэлкай да галандцаў заскочым. Яны за літровую пляшку «Раяля», калі оптам, караблямі браць, 20 амерыканскіх цэнтаў просяць. А тут у розніцу думаю па даляра паўтара-два пусцім, каб наварыцца як мае быць заадно.
ПРЭЗІДЭНТ: Натуральна. Але што за «Раяль»?
МОЦНЫ ГАСПАДАР (скалануўшыся): Спірт. Бррр... 96%. Разводзіцца вадой адзін да трох. Сумесь на выхадзе — ліхаведзь што!
ПРЭЗІДЭНТ: А не патруцяцца?
МОЦНЫ ГАСПАДАР: Хрэн з імі, хто і атруціцца — пахаваем. А хлеба купім...
ПРЭЗІДЭНТ: Вось не хапала, валюту марнаваць. Нічога, не паны, пераб’юцца: рэпы там на агародах няхай вырасцяць, буракоў, морквы, цыбулі — гэта смачна і карысна, — бульбы таксама можна. Усё, ідзі, выконвай. Не, чакай, яшчэ адно. Ты цяпер будзеш называцца не Моцны Гаспадар, а Эфектыўны Менеджар.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Як скажаце, мне ўсё роўна — ці так, ці гэдак (Выходзіць).
ПРЭЗІДЭНТ: А цяпер ты, маёр. Адказвацьмеш за бяспеку галавой. Гэта галоўнае, бо ворагі не спяць у шапку.
МАЁР: А хто ў нас ворагі?
ПРЭЗІДЭНТ: Так адразу і не скажаш, пагатоў па прозвішчах, але неўзабаве выявяцца. Бо такога, каб у дзяржаве ды без ворагаў, ад стварэння свету не было і надалей не прадбачыцца. Таму прысвойтваю табе чарговае званне.
МАЁР: Падпалкоўніка?
ПРЭЗІДЭНТ: Не, генерал-маёра. (Дастае з кішэні генеральскія пагоны і прыкладвае іх Маёру на плечы.)
АПАВЯДАЛЬНІК (да гледачоў): Бачылі, во гэта кар’ерны рост, гэта я разумею. Як у нас у тэатры: з суфлёраў у галоўныя рэжысёры адным махам.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (выструніўшыся): Служу Савецкаму...
ПРЭЗІДЭНТ (перапыніўшы): Каму-каму служыш?
АПАВЯДАЛЬНІК (падказвае): Вам, пан Прэзідэнт, вам.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Цьфу! Вам, пан Прэзідэнт!
ПРЭЗІДЭНТ: Гэта іншая справа! А то Савецкі Саюза нейкі ўспомніў. Забудзь. Усё. Пайшоў служыць. І гядзі, каб ні-ні, нават муха мне без дазволу не зумкала.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Буду старацца!
Генерал-маёр паварочваецца і па-вайсковаму, задзіраючы ўгару ногі, выходзіць за левую кулісу. Адтуль жа з’яўляецца Д’ЯБАЛ.
АПАВЯДАЛЬНІК: Маці Божая, ратуй! (Жагнаецца і, зпоўзшы з крэсла, хаваецца пад столік.)
Д’ЯБАЛ: Дык што, пан Прэзідэнт, з вялікай... ха-ха... літары, як я і прадбачыў — наша ўзяла?
ПРЭЗІДЭНТ: Так, дзякую!
Д’ЯБАЛ: «Дзякую», як у вас кажуць, не масла, на хлеб не намажаш. Ты мне душы, душы давай.
ПРЭЗІДЭНТ: Ужо дзве ёсць.
АПАВЯДАЛЬНІК (калоціццца ад страху пад столікам): А-ва-ва-ва...
Д’ЯБАЛ (зазірнуўшы пад столік): Усяго дзве?
ПРЭЗІДЭНТ: З маёй тры.
Д’ЯБАЛ: Не багата.
ПРЭЗІДЭНТ: Будзе больш.
Д’ЯБАЛ (прысеўшы на кукішкі, глядзіць на Апавядальніка): Упэўнены?
ПРЭЗІДЭНТ: А куды яны з карабля пасярод мора дзенуцца?
Д’ЯБАЛ: Што ж, пабачым (Устае). І памятай, назад дарогі няма.
ПРЭЗІДЭНТ: Ведаю і гатовы на ўсё. Толькі як дзейнічаць далей — незразумела, наабяцаў жа цэлы воз — і тое, і гэтае, і пятае, і дзясятае.
Д’ЯБАЛ: Вой, таксама мне біном Ньютона знайшоў. Выкінь з галавы, што наабяцаў, а замест гэтага патрабуй паўнамоцтваў, маўляў, нічога не магу зрабіць, ні з чым даць рады, бо звязаны па руках і нагах законам, незалежным судом, нарэшце, парламентам. Вось калі адзін усё буду вырашаць — якія прымаць законы, а якія адкласці, каго судзіць, а каму дараваць, а галоўнае грошыкі , грошыкі, якія ў дзяржавы ёсць, уласнаручна што-каму-куды-колькі размяркоўваць, — тады ўсё і наладзіцца. Зразумеў?
ПРЭЗІДЭНТ: Зразумеў, што ўжо там.
Д’ЯБАЛ: І спакайней, без лішніх нерваў. Не мітусіся, не ты першы — і не ты апошні. А як што — свісці. Я тут непадалёку. І старайся, старайся, мне без свежых душаў (кладзе лапу сабе на горла) — край. (Выходзіць.)
ПРЭЗІДЭНТ (пасля паўзы, да Апавядальніка, зазірнуўшы пад столік): Гэй, хопіць там сядзець, вылазь ужо.
АПАВЯДАЛЬНІК: А гэты самы, з рагамі які, пайшоў? Калі не, дык нізавошта не вылезу.
ПРЭЗІДЭНТ: Ды няма яго, няма. Давай, не зацягвай прадстаўленне, а то выцягну, як гада. (Апавядальнік вылазіць.) Ну, што там па тэксце далей?
АПАВЯДАЛЬНІК (прысеўшы за столік): Што далей? (Глядзіць у аркуш) Так, дзе яно? А далей горла не зашкодзіла б змачыць, у роце — як у пустыні Сахара, а на душу быццам камянёў навалілі, гэдак пагана.
ПРЭЗІДЭНТ: Нічога, пацерпіш.
АПАВЯДАЛЬНІК (з крыўдай): Вядома, як бабу цалавалі, дык завушніцы абяцалі, а як баба раджаць...
ПРЭЗІДЭНТ: От, кінь! І каб да мяне болей са сваімі прымаўкамі не лез. Чуеш?
АПАВЯДАЛЬНІК: Ага, знайшоў. Далей з-за правай кулісы чуваць галасы.
За-за правай кулісы чуваць галасы.
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Як было, так і засталося.
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Дзе там, яшчэ хужэй стала.
ПРЭЗІДЭНТ (да Генерал-маёра, які стаіць за левай кулісай, махнуўшы рукой): Сюды. (Генерал-маёр падбягае на дыбачках.) Вазьмі іх на памятку.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР (паказвае нататнік): Ужо ўзяў.
ПЕРШЫ ЖАНОЧЫ ГОЛАС: А абяцаў, божа мой! Не жыццё настане, а маліна.
ПРЭЗІДЭНТ: Бач, шлюндра, маліны захацела. Я табе пакажу маліну. І бабу ўчыркні.
ГЕНЕРАЛ-МАЁР: Слухаюся. (Чыркае алоўкам ў нататніку.)
АПАВЯДАЛЬНІК: Ага, во, значыцца, куды аглоблі павярнулі.
ПРЭЗІДЭНТ (да АПАВЯДАЛЬНІКа, тупнуўшы нагой ): Цыц! Скуру, гад, здзяру!
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Пэўне: абяцанкі-цацанкі, а дурням радасць.
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Хто гэта дурні?
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Мы, хто ж яшчэ.
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Ага, ёсць у нас нешта такое. Але калі не пароць гарачкі, а падысці аб’ектыўна, дык сякія-такія зрухі назіраюцца: і ўраджайнасць, трэба прызнаць, на агародах павысілася, і, што ні кажы, селядца дзякуючы Прэзідэнту не бракуе. Праўда, апошнім часам нейкі сапсаваны пайшоў — з душком.
ПРЭЗІДЭНТ: Аааа, гэта Эфектыўны Менеджар, круцель, муціць. Я яму гэта прыпомню.
ПЯТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: З куравам (кашляе), таксама палепшала. Кх-кх...
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: І «Раялям» хоць заліся.
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Адзін ужо заліўся.
АПАВЯДАЛЬНІК: Як? Няўжо! Хто такі? (Глядзіць у аркуш.)
ПРЭЗІДЭНТ (выхапіўшы з рук Апавядальніка аркуш): А табе які клопат? Што ты ўсюды свой доўгі нос ткнеш? Абяцаю, я табе яго ўкарачу.
АПАВЯДАЛЬНІК (сам сабе): Ага, укароціць ён! Рукі сабе ўкараці, а то распускае тут. (Да ПРЭЗІДЭНТа.) Аддай! (Забірае аркуш).
ТРЭЦІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Хто, хто заліўся?
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Ды аматар моцных напояў, хто ж яшчэ.
ТРЭЦІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: І што з ім, дзе ён зараз?
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Як дзе? Вядома, дзе — да Абрама на піва пайшоў. Галава з раніцы чалавеку балела — усё, больш не баліць.
ТРЭЦІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: А калі вернецца?
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Як гэта «вернецца»? Ён ужо не вернецца, ён назусім, назаўсёды выправіўся.
ПЕРШЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Як і мы ўсе неўзабаве, калі і далей папусцімся.
ДРУГІ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: Дык чаго маракуем, мужыкі ? Зараз жа выступацьмем.
ПЕРШЫ ЖАНОЧЫ ГОЛАС: А дзяўчаты?
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЧЫНСКІ ГОЛАС: І дзяўчаты, куды мы без вас.
ПРЭЗІДЭНТ (замахаўшы рукамі на Генерал-маёра): Ідзі, ідзі! (Генерал-маёр выбягае за левую кулісу. Да Апавядальніка, падскочыўшы з кулакамі). А ты будзеш падбухторваць мне народ — стаўкý на горкі яблык.
На сцэну справа выходзіць гурт мужчын і жанчын.
ПРЭЗІДЭНТ: Вы?
ПЕРШЫ МУЖЫК: Мы!
ПРЭЗІДЭНТ: А я ўжо за вамі пасылаць хацеў.
ДРУГІ МУЖЫК: Навошта?
ПРЭЗІДЭНТ: Параіцца, як жыць далей.
ПЕРШЫ МУЖЫК (кпліва): Чулі, ён з намі раіцца надумаў (Да Прэзідэнта). Ты тут хвастом не віхляй, а адказвай, чаму ў нас у краіне не лепей робіцца, а ўсё горай і горай?
ПРЭЗІДЭНТ: Я не вінаваты.
ДРУГІ МУЖЫК: А хто — Папа Рымскі?
ПРЭЗІДЭНТ: Не ён, але і не я. Бо самі мяркуйце — што я магу? Я ж звязаны па руках і нагах, у мяне няма паўнамоцтваў.
ТРЭЦІ МУЖЫК: Паўнамоцтваў? Якіх табе паўнамоцтваў?
ПРЭЗІДЭНТ: Царскіх.
ПЕРШЫ МУЖЫК: Во табе і на!
ДРУГІ МУЖЫК: Вось дык штука!
ТРЭЦІ МУЖЫК: Чакайце, мужыкі. А што гэта за паўнамоцтвы такія, царскія?
ПРЭЗІДЭНТ: Гэта калі адзін чалавек усё вырашае: і законы піша, і судзіць, і грошы лічыць, што ў дзяржаве маюцца, а не пятухі там розныя ва Ўрадзе і Парламенце. Альбо вазьміце, што ўмудрылі! — думаю, ад французаў пайшло — Канстытуцыйны суд устанавілі! Гэта ж смеху варта, нейкае пудзіла знайшлі і носяцца з ім, як жабрак з торбай.
ДРУГІ МУЖЫК: Але ж каб вось так адразу — і царскіх!
ПРЭЗІДЭНТ (рашуча): І ні калівам меншых. Трэба цвёрдай рукой наводзіць парадак. Інакш усё марна, усё пральецца ў пясок, распусціцца ў дым. Раскрадуць, расцягнуць дзяржаву па ўласных кішэнях, і больш нічога.
ТРЭЦІ МУЖЫК: А што, мужыкі, калі ў хаце няма катá, дык мышы самі па сабе па хаце гойсаюць. Мо, дамо яму гэтыя самыя паўнамоцтвы?
ЧАЦЬВЁРТЫ МУЖЫК: Няхай бярэ, толькі крый божа, каб што не так.
ПЯТЫ МУЖЫК: Правільна. (Кашляе.) Хай ужо адзін камандуе, а то камандзіраў развялося, як молі ў шафе. Кх-кх.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: А хлеб нарэшце паявіцца?
ПРЭЗІДЭНТ: І нават сала!
ПЕРШАЯ ЖАНЧЫНА: Калі?
ПРЭЗІДЭНТ: Заўтра.
ДРУГАЯ ЖАНЧЫНА: Ну вось, зноў заўтра! А сёння што есці?
ПРЭЗІДЭНТ: Бульбачкі з селядцом, сама яда. Ну а на вячэру кіслага малака шклянку добра выпіць, каб стараўнік нанач не перагаружаць. Па сабе ведаю. Дык што, народ, даяце паўнамоцтвы?
ДРУГІ МУЖЫК: Ну а куды мы дзенемся, бяры ўжо, раз іншага выхаду няма.
ПРЭЗІДЭНТ: Няма, што хочаце кажыце, а няма. Ужо паверце. Так што ідзіце і спакойна працуйце кожны на сваім месцы, а я ўжо тут пастараюся за вас, у блін разаб’юся, а даб’юся.
Панурыўшы галовы, народ выходзіць туды, адкуль і з’явіўся — за кулісу направа.
ПРЭЗІДЭНТ (да Апавядальніка): А цяпер ты.
АПАВЯДАЛЬНІК: Што я?
ПРЭЗІДЭНТ: Ну, увогуле, — як маешся?
АПАВЯДАЛЬНІК: Дзякую, збольшага. Толькі я нешта не разумею гэтай вашай, пан ПРЭЗІДЭНТ, раптоўнай цікаўнасці да маей сціплай асобы: толькі што на горкі яблык пагражалі стаўчы...
ПРЭЗІДЭНТ: Гэта я жартаваў. Што, ужо і пажартаваць нельга?
АПАВЯДАЛЬНІК: Можна. Дык, усё-ткі, што трэба?
ПРЭЗІДЭНТ: Ты вось што... Ты ідзі, гасі святло.
АПАВЯДАЛЬНІК: Навошта яго гасіць? Глядзіць у аркуш). Ды і ў сцэнарыіі такога няма
(Пераварочвае аркуш). Так, нічога такога.
ПРЭЗІДЭНТ: Э, чорт, ці мала чаго ў тым сцэнарыі няма. Давай! Выконвай! Я сказаў!
АПАВЯДАЛЬНІК: Не-не, выбачайце, але не магу. Гэта вам трэба да аўтара звяртацца, альбо да рэжысёра-пастаноўшчыка.
ПРЭЗІДЭНТ (скрывіўшыся): Ой, што тыя аўтар і рэжысёр-пастаноўшчык — хамулы нейкія.
АПАВЯДАЛЬНІК: Як — як вы іх назвалі — хамуламі? А вы з імі знаёмы?
ПРЭЗІДЭНТ: Вось толькі гэтага мне не хапала. Але калі часам іх убачыш, можаш перадаць: хай толькі мне трапяцца — абодвум рогі паскручваю. (Падзывае, махнуўшы рукой, Эфектыўнага менеджара). Сюды, бягом. (З правай кулісы выбягае Эфектыўны Менеджар з пляшкай.)
АПАВЯДАЛЬНІК (прыўстаўшы): Што там?
ПРЭЗІДЭНТ (паціраючы далоні): Вось зараз адкаркуем пляшачку.
АПАВЯДАЛЬНІК: «Раялю»?
ПРЭЗІДЭНТ: Ну,"Раялю«... Каньяку! (Паказвае пляшку). Французскі. «Мартэль». Самы лепшы. (Да Эфектыўнага Менеджара.) Кілішкі прыхапіў?
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: А як жа. (Дастае з кішэні тры кілішкі, ставіць іх на столік, ад- каркоўвае пляшку і налівае.)
ПРЭЗІДЭНТ (падміргнуўшы Апавядальніку): Бывалы мужык, прайшоў і агонь і ваду. Нездарма я яго на гаспадарку кінуў. Праўда, з селядцом даў маху.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Я не вінаваты, гэта маскалі тухліну падкінулі, а грошы ўзялі як за свежы.
ПРЭЗІДЭНТ: Ладна, пакінем гэта, хаця колькі можна на адныя і тыя граблі наступаць. Ну (падымае кілішак), каб мелася, як кажуць, і маглося. (Усе выпіваюць.) Давай адразу па другой. (Выпіваюць зноў, потым да Апавядальніка). А цяпер бі па лямпе.
АПАВЯДАЛЬНІК (паказвае на пляшку): Там яшчэ засталося.
ПРЭЗІДЭНТ: Гэта на потым. Ідзі, ідзі, рабі што кажу. Я скамандую, калі запаліць.
АПАВЯДАЛЬНІК: Эх, дзе наша не прападала. Толькі, прашу, не доўга, мне і так, баюся, дастанецца на арэхі за самаўпраўства.
ПРЭЗІДЭНТ: Нічога, хто не рызыкуе — каньяку не п’е, пагатоў французскага.
ЭФЕКТЫЎНЫ МЕНЕДЖАР: Што праўда, тое праўда.
Апавядальнік выходзіць за кулісу, затым усюды гасне святло.
Пасля гэтага са сцэне адбываецца чорт ведае што, бо нічога не бачна, але чуваць
тупат ног, нейкае шорганне, стук, таксама даносяцца іншыя гукі і галасы:
Прэзідэнта: «Давайце, хлопцы, баржджэй, пакуль не апамяталіся», Генерал-маёра:
«Не, куды ім, дурням», Прэзідэнта: «Усё роўна падналегчы не зашкодзіць», Эфектыўнага
менеджара: «Чорт, на нагу наступіў!», Генерал-маёра: «Дык цёмна, хоць вока выкалі».
Усё гэта цягнецца некалькі хвілін. Нарэшце, у Апавядальніка здаюць нэрвы.
ГОЛАС АПАВЯДАЛЬНІКА: Ну, што?
ГОЛАС ПРЭЗІДЭНТА: Не, пачакай, не запальвай.
Тупат, стук, шорганне ўзмацняюцца.
ГОЛАС АПАВЯДАЛЬНІКА: Доўга яшчэ?
ГОЛАС ПРЭЗІДЭНТА: Хвілінку, апошні штрых.
Раптам на сцэне запаноўвае цішыня.
ГОЛАС АПАВЯДАЛЬНІКА: Усё, я запальваю.
(ПРАЦЯГ БУДЗЕ)
2019 г.