Постпаэзія

сучасная беларуская эсэістыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

І. Япіграф.

«Той, хто падыдзе да нашай эстэтычнай Імшы з таго ж боку, што і я, лёгка ўбачыць, што гэтае царства ўяўнай Сьпеласьці насамрэч зьяўляецца найнясьпелейшай падваротняй чалавецкасьці, дзе пануе блеф, містыфікацыя, снабізм, фальш і дурасьць.

...Верш у нас разросься да пачварных памераў, і ўжо ня мы ім кіруем, а ён кіруе намі. Паэты ператварыліся ў рабоў — мы маглі б акрэсьліць паэта як істоту, якая ўжо ня можа выказваць сябе, а вымушаная выказваць Верш.

...выказваецца ён не свабодна, натуральна і шчыра, а ў форме, атрыманай у спадчыну ад іншых паэтаў, якая даўно ўжо згубіла кантакт зь непасрэдным чалавечым пачуцьцём; і ён ня толькі прамаўляе Паэзію, але і захапляецца Паэзіяй; будучы Паэтам, любіць веліч Паэтаў; ня толькі патрабуе, каб іншыя падалі перад ім на калені, але і сам падае перад сабою на калені.

...Каб жа паэт мог паставіцца да свайго сьпеву як да маніі або абраду, каб жа яны сьпявалі як тыя, хто вымушаны сьпяваць, хаця ведаюць, што сьпяваюць у пустату. Каб жа замест гордага «я, Паэт» яны былі ў змозе сказаць гэтыя словы з сорамам альбо страхам..., або нават з агідаю... Але ж не! Паэт павінен захапляцца Паэтам!

...І ўжо зусім сьмешныя тыя крытыкі, тыя артыкульчыкі, афарызмы і эсэ на тэму паэзіі, якія зьяўляюцца ў прэсе. Вось дзе пераліваньне з пустога ў парожняе — але адначасна яно напышлівае і такое наіўнае, такое дзяціннае, што ня хочацца верыць, каб людзі пяра не адчувалі ўсёй сьмяхотнасьці гэтай публіцыстыкі. Гэтыя стылісты дагэтуль не зразумелі, што пра паэзію нельга пісаць паэтычным тонам, іхнія газэткі проста распірае ад падобнай псэўдапаэтычнай пісаніны. Таксама вельмі пацешна выглядаюць паэтычныя вечары, конкурсы і маніфэсты...

...Толькі добраахвотным самападманам можна растлумачыць гэты нечуваны сымпліцызм, з дапамогаю якога паэты (людзі, наагул, не дурныя і не наіўныя) бароняць сябе, калі нехта закранае іхняе мастацтва. Шмат хто зь іх шукае паратунку ў цьверджаньні, што вершы яны пішуць дзеля ўласнага задавальненьня — так, нібы ўсе іхнія ўчынкі не абвяргаюць гэтай заявы. Ёсьць і такія, хто ўсур’ёз перекананы, што пішуць для народу, і што іхнія мудрагелістыя штукарскія шарады зьяўляюцца духоўнай спажывай для прасьцячкоў. Усе яны, аднак, непахісна вераць у грамадзкі рэзананс паэзіі, і ім цяжка будзе зразумець, як можна нападаць на іх з гэтага боку. Скажуць: Як гэта? Як вы можаце сумнявацца? Ці вы ня бачыце натоўпаў, якія прыходзяць на нашы паэтычныя вечары? Вялікіх накладаў, якімі перавыдаюцца нашыя зборнікі? А лекцыі, артыкулы, навуковыя працы, прысьвечаныя нам? А тое захапленьне, якім аточаныя нашыя славутыя паэты? Вы проста ня хочаце бачыць таго, што ёсьць...

Што я ім адкажу? Што ўсё гэта ілюзіі.

...Калі на канцэрце гучыць бура воплескаў, гэта зусім не азначае, што, кожны, хто аплядуе, у захапленьні ад яго. Адзін нясьмелы воплеск выклікае іншы — адзін падахвочвае другога — і ўрэшце ўзьнікае такая сытуацыя, што кожны вымушаны ўнутрана прыстасавацца да гэтага калектыўнага шаленства. Усе «паводзяцца», нібы яны ў захапленьні, хаця «насамрэч» не захоплены ніхто, прынамсі, не ў такой ступені.

...Для іх (паэтаў) усё проста: сьпявак сьпявае, а слухач у захапленьні слухае. Зразумела, калі б яны маглі прызнаць гэтыя ісьціны і зрабіць з гэтага ўсе высновы, тады мусіла б радыкальна зьмяніцца само іхняе стаўленьне да сьпеву. Але можаце захоўваць спакой: ніколі нічога ня зьменіцца ў паэтаў. І не паддавайцеся ілюзіям, быццам перад абліччам гэтых калектыўных сіл, якія фальшуюць нашае індывідуальнае адчуваньне, паэты выявяць пэўную волю да супраціву — хаця б дзеля таго, каб мастацтва не было фікцыяй і цырыманіялам, а сапраўднымі ўзаемінамі чалавека з чалавекам.

...мы ніколі не павінны дазваляць, каб якая-кольвек поза надта абмяжоўвала нашы магчымасьці, стаючыся нам затычкай у роце — а калі гаворка ідзе пра такую штучную і нават прэтэнцыёзную позу, як поза «сьпевака», нам пагатоў належала б праявіць абачлівасьць.

...Ніколі мне не прыходзіла ў галаву прымяраць позу «майстра», «пісьменьніка», сьпелага, прызнанага творцы, бо я выступаю акурат у ролі кандыдата на званьне творцы, я той, хто хоча быць усяго толькі сьпелым — у няспыннай і бязьлітаснай сутычцы з усім, што перашкаджае майму разьвіцьцю.

...у кожным паэце жыве непаэт, які не сьпявае і ня любіць сьпеваў... а чалавек — гэта нешта большае, чым паэт».

Гамбровіч, «Супраць паэтаў», 1951 г.

ІІ. Маніхвэст.

1. Каб пісаць сёньня паэзію, трэба забыць, што такое паэзія. Наагул, каб пісаць сёньня нешта прынамсі крышку прыстойнае, трэба забыць, што такое прыстойнасьць.

2. На жаль, немагчыма забыць тое, чаго ніколі ня ведаў. Сьпярша варта азнаёміцца. Пры вялікай долі няўдачы гэта можа заняць усё жыцьцё. Калі вельмі пашанцуе — то толькі паўжыцьця.

3. Самае складанае мастацтва, як вядома — прастэча. Мудрагеліць можа любы дурань. Нездарма мастацтву паэзіі (і наагул бальшой ліціратуры) «все возрасты покорны», асабліва падлеткавы.

4. Постпаэзія, пры ўсім досьціпе — даволі сур’ёзная штука, а не штукарства і ня другасная полавая прыкмета, пагатоў не спаборніцтва ў арыгінальнасьці дзеля арыгінальнасьці ці ў красамоўі.

5. У адрозьненьне ад паэзіі.

6. Паэтычная форма выказваньня даўно адрозьніваецца ад празаічнай ня столькі зьнешне (я маю на ўвазе пісьмо «ў слупок», у прынцыпе не абавязковае, ня кажучы пра астатнюю абумоўленую традыцыяй атрыбутыку), колькі тым, што не хавае сваёй суб’ектыўнасьці — тым часам як напісаная ў радок «мастацкая проза» (пасьля двух стагодзьдзяў натуралізму, рэалізму, псыхалягізму, «шоў-нот-тэл» і г. д.) асацыюецца ў бальшыні чытачоў з прэтэнзіяй на нейкую несусьветную аб’ектыўнасьць і апрыёрную «каштоўнасьць». Калі гэта адзіная розьніца між постпаэзіяй і (пост)прозай, то для знаўцы яе больш чым дастаткова, каб іх ня блытаць. Усе астатнія жанравыя, стылістычныя й інш. падзелы ня маюць ніякага значэньня. Ну хіба што для літаратуразазнаўцаў.

7. Ня блытаць постпаэзію з постмадэрнам.* Постмадэрн — усяго толькі пэўная літаратурная (культурная, філязофская, гістарычная) зьява, у лепшым выпадку — цыклічная, у яшчэ лепшым — эпізадычная. Постпаэзія — стан суб’екту, а значыць і рэчаіснасьці.

*(Таксама ня блытаць з: 
https://www.facebook.com/ThePostPoetryProject/, http://postpoezia.blogspot.com/ або https://vk.com/postpoezia, https://de.wikipedia.org/wiki/Postpoetry і іншай падобнай "элітаратуркай".)

8. Ня блытаць постпаэзію з авангардам. Хто хоча быць авангардыстам (слэмерам, хіп-хоперам, тэкставіком-зацейнікам, завумнікам, акцыяністам, канцэптуалістам... ды хоць сюррэалістам) любым коштам — гэта значыць, быць «абсалютна (не)сучасным», як раіў Рэмбо, — хай ім будзе.

9. Постпаэзія, якой ільга даць вызначэньне — не сапраўдная постпаэзія.

Ліпень 2019 г.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Ўітмэн і Ніцшэ ўбачылі пад парэшткамі хрысьціянска-рамантычнага суб’екту нешта іншае. Ніцшэ ўбачыў мінуўшчыну, перадусім антычную, зь яго дахрысьціянскім, экстатычным, дыянісійскім, гераічна-боскім «я», а таксама будучыню — Звышчалавека. Ўітмэн убачыў «усяго толькі» сучаснасьць, але не як (гістарычны) час, а як Вечнасьць, як «сынгулярнасьць», еднасьць усіх часоў і асобаў у момант тут-і-цяпер.

Сваёй ляканічнасьцю хокку нагадвае афарызм. Хаця ляканічна сфармуляваную ў афарызьме думку можна разьвесьці на цэлы абзац, усё-ткі клясычная — я б сказаў «каліграфічная» ці «мнэманічная» — яе форма менавіта такая, а ня іншая. Гэта як фармулёўка якога-небудзь матэматычнага ці фізычнага закону: яе можна бясконца ўдакладняць, але сутнасьці (якая так ці йначай мусіць быць зразумелай кожнаму школьніку) гэта ўжо ня зьменіць.

Як гучыць радок,
які падкрэсьлівае
лятак у небе?

«Сьняжаны», паводле Садоўскага, патрэбныя для таго, каб «зрабіць падводку (няўдалую) да трагедыі былой порнаактрысы»! Смачны выраз, пагадзіцеся, пасьля якога перад вачыма паўстае ну чыстая мэлядрама, якой кніга Сіна, на шчасьце, ня ёсьць, як ня ёсьць ні кібэрпанкам, ні фантастыкай. Кніга Сіна — філязофскі раман, які называецца, калі нехта не заўважыў, «Лібіда», і «прыцягнутая за вушы» тэма цялеснай блізкасьці, плоці, сэксу й г. д. у ім адна з цэнтральных.