Пра Хвядоса-стралка, здатнага дзецюка. Частка першая

Пераклад: 
класічная руская паэзія, вершы па-беларуску, сатыра, руская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Казка для тэатру на матывы расейскага фальклёру

Скамарох-весялун

Верце ці ня верце, а жыў на белым сьвеце стралок Хвядос — сама здатнасьць ды маладосьць. Выглядаў Хвядоска ня брыдка й ня боска: ні румяны, ні бледны, ні багаты, ні бедны, ні ў псоце, ні ў злоце — звычайны, дый годзе. Абавязкі стралковы — рыбалка ды ловы. Цару дзічына, Хвядос — малайчына. У цара гасьцей — што ў рыбе касьцей. Адзін з Швэцыі, другі з Грэцыі, трэці з Гавай — і ўсім есьці давай! Таму амараў, сяму кальмараў, каму сардзін — а здабытчык адзін! Ледзь на дзень узялося, гукаюць Хвядоса: кліча прыганяты ў царскія палаты! Цар — сам апенька, мазгоў жменька, але злосьці ў цара аднекуль — гара. Глядзіць на Хведара, як пятніца на сераду. Ад страху ў Хведара пот з-пад швэдара, грукат у чэрапе, буркат у чэраве — тут, што называецца, казка й пачынаецца...

Цар

Тут пасол ад англічан
На расол да нас прымчаў,
А карміць яго няма чым,
Хлеба й костак апрача.

Выпраўляйся, братка, ў гай,
Ды яства нам нацягай —
Хоць глушца, хоць курапатку —
Нам бяз розьніцы, бадай.

А як не — не вінаваць:
Я цябе павінен сьцяць.
Тут дзяржаўнае пытаньне —
Цяміш, што хачу сказаць?

Хвядос

Я ж яшчэ ня страціў клёк,
Каб такога не прасёк!
Не абораю хлеб крою,
Разумею твой намёк.

Быць або ня быць... вайне —
Вызначаць выключна мне:
Не здабуду курапаткі —
Край навала паглыне!

Каб ангельскага пасла
Лютасьць нашча не ўзяла,
Галавы не пашкадую:
Будуць стравы да стала!

Скамарох-весялун

Загад цароў — цьвярдзейшы ад сухароў. Пашле па мядзьведзіцу — пойдзеш па мядзьведзіцу, бо трэба, куды ж Хвядоска падзенецца! Або ўпалюй зьвера — або паля ці сякера. Абышоў ён абшар у сто лясоў, сто імшар, а ўсё дарма — здабычы няма! Стома бярэ, ноч на дварэ. Знайшоў, не знайшоў — а трэба дамоў. Раптам бачыць — птушка, галубка-вуркатушка, сядзіць, не хаваецца, ружжа не лякаецца...

Хвядос

Што за кляты дзень такі —
Зьвер джгануў на ўсе бакі...
Дык падстрэлю вунь галубку:
Пачастунак хоць які!

Дый, агулам беручы,
Ад глушца яе, лічы,
На талерцы не адрозьніш,
Як з падліўкай запячы!

Галубка

Не чапай мяне, стралок,
Бо ня велькі будзе толк —
Мной падушкі не напхаеш,
Не напоўніш казанок.

Для заморскіх для дваран
Лепш цялушка ці баран,
А ўва мне — якое мяса?
Так, ня мяса — сьмех курам!

Хвядос

Ці то пах падзьмуў п’янкі,
Ці юраць лесавікі,
Ці ўвушшу ў мяне, крый божа,
Вывіх здарыўся які?

Ці то сёньня заранёў
Цар парадак новы ўвёў:
Гаварыць па-людзку птушкам,
Не ўжываць птушыных моў?

Галубка

Не рабі бяды, Хвядос —
Лепш дамоў мяне б занёс.
Як парог мы пераступім —
Свой спаткаеш шчасны лёс.

Буду праць і цыраваць,
Крыўды буду дараваць,
Гатаваць, блашчыц выводзіць
І на скрыпцы шчыраваць!..

Хвядос

Дзіўна — што за нелады?..
Ат, жыві — такой бяды!..
Гайда ў торбу: дома скемім,
Хто, навошта і куды!

Скамарох-весялун

Прынёс Хвядос пярнатку ў сваю, значыць, хатку. Сядзіць скрушны, галаву ўгнуўшы. Падставай маркоты — сур’ёзныя турботы. Ня выйшлі ловы — Хвядоса ў ковы, цар не жартуе, насьмерць закатуе. Сядзіць Хвядос панылы, рыхтуецца да магілы. Згадаў пра птушку, лясную вуркатушку. Глядзіць — а каля грубкі замест галубкі стаіць гожая дзяўчына, гонкая, бы асіна!..

Марыся

Хвесь, вітаю!.. Ты ды я —
Мы цяпер адна сям’я.
Не журыся! Я — Марыся,
Жонка верная твая.

Што ж ты, дружа, — анямеў?
Скамянеў — ні бе, ні ме...
Ці ж каптур або сукенка
Непрыгожыя на мне?

Хвядос

На цябе, мой галубок,
Я б глядзець бясконца мог,
Толькі не наканавана
Нам пабрацца, трасца ў бок!..

Быў я сёньня на зары
Пры царовым пры двары,
І задаў мне цар заданьне:
Так і так, глушца прыпры!

Хай дзічыне й не пара —
Не вярэдзіць лепш цара.
Згода, думаю, здабуду,
Дзякуй хоць, што не зубра.

Прабадзяўся я ўвесь дзень,
А здабычы — хоць бы цень:
Аніводнай людзкай птушкі,
Дробязь нейкая і дрэнь!..

Так што зараз жанішку
Не да скокаў на лужку.
Цар сказаў: «Глушца ня знойдзеш —
Заўтра голаў адсяку!»

А ці ж буду я такім
Запатрабаваны кім?
Палягае ўвесь мой цымус
Толькі ў розуме маім!..

Марыся

Ат, да сэрца не бяры —
Будзе ежа пры двары!
Ціт Кузьміцкі й Хрол Фаміцкі —
Мне на вочы, раз-два-тры!

(Марыся пляскае ў ладкі — зьяўляюцца два дужыя малойцы.)

Як уцямілі ў чым брак —
То парупцеся, раз так!

Малойцы

Не турбуйся, гаспадыня,
Досьвед маем, як-ніяк!..

Скамарох-весялун

А цар ды дыплямат за стол селі акурат. Цароўна зь нянькай — тут жа, па сьняданку тужаць. Усе чакаюць ад Хведара пачастунку наеднага. Патрэбны для гавэнды добры стол бяседны! А на стале пуста: морква ды капуста, пятрушка ды кмін — ня пір, сьмех адзін. Госьць пазяхае, батфортам віхае, у абрусе дзюрачкі прапіхае. Цар сам не заўважае, як Хвесю пагражае й матку ягоную зьневажае. Тут, бы зь неба — каравай хлеба, ікра, балык, тушаны індык, сьцярляджая юшка, флякі зь цялушкі, і такой во смачнішчы — найменьняў да тышчы! Пры гэткай бяседзе — як ня быць гавэндзе!

Цар

Нас цікавіць пазарэз
Навуковы ваш прагрэс:
Як у вас там бручку сеюць —
Са шкарлупінай ці без?..

Пасол

Ес!

Цар

Нас цікавіць пазарэз
Стрававальны ваш працэс:
Як у вас там п’юць какаву —
З сухарынаю ці без?..

Пасол

Ес!

Цар

Нас цікавіць пазарэз
І такі яшчэ замес:
Як у вас там ходзяць бабы —
Ці то ў майтках, ці то без?

Пасол

Ес!

Нянька

Памаўчаў бы пры гасьцях,
Ці ўжо розумам зачах?
У цябе ж пра баб выключна
Кожнай гутаркі працяг!

Цар

Зноў ты ў тую ж дзьмеш сурму?
Змоўч, ці пойдзеш у турму!
Я ж у палітычных мэтах
Галаву дуру яму!

Дзеўцы год пайшоў які,
А лядачая, як кій!
Вось і мкнуся я завабіць
Амбасадара ў зяцькі!

Каб уцяміў ён намёк,
Не пакрыўдзіўся й ня ўцёк,
Трэба тонка падыходзіць —
Несур’ёзна і здалёк.

Нянька

Ды за гэткага пасла
Я б і тое не пайшла!
Так і зіркае, падлюка,
Дзе б што стырыць са стала!

Ён табе ўсё «ес» ды «ес»,
А тым часам есьць ды есьць.
Адвярніся — скарб дзяржаўны
Праглыне імгненна ўвесь!

Цар

Рот зашый і не брашы,
Ці з палацу прэч чашы!
Празь цябе ўжо паўцякалі
Ад мяне ўсе аташы!

Кагадзе быў шпанскі гранд —
Гэткі моднік, гэткі хрант,
Па брыльянце ў кожным вуху —
Чым табе не варыянт?

Ты ж прыклала сілы ўсе,
Каб на цьвік гішпанец сеў —
Ён ад злосьці палітычнай
Ледзь тады не акасеў!..

Нянька

Помню, дзе ж там!.. Гэты гранд
Жор усё, што акупант:
З галавою ўлез у місу,
Аж заляскаў тлушчам бант!

Зьесьць усё, што не дасі,
А спытаеш — «сі» ды «сі»
Паўтарае, як той попка,
І ўмінае івасі!

Цар

Я за гэткі падыход
Твой згнаю паганы род!
Я з табою не жартую,
А зусім наадварот!

Вунь, нямецкі фэадал
Сотні іншых фору б даў,
Дык табе ж яго карцела
Падбухторыць на скандал.

Як, скажы, яму ў карэц
Дохлы трапіўся тхарэц?
Ты ж сапраўдная злачынка,
Гэта ж можна адурэць!..

Нянька

Твой нямецкі фэадал
Ежу трушчыў, што вандал!
Ён і ў зграі крумкачынай
Сьпёр бы, а не галадаў.

Фанабэра — «я-а» ды «я-а»,
Сам жа горшы ад зьвяр’я!
Дай салому — зьесьць салому,
Бо чужая, не свая!..

Цар

Ну, шпіёнка, вось вазьму
Й запратору — у турму!
Наагул, я дзядзька добры,
Ды мяжа ёсьць усяму.

Вось скажы мне ў пары слоў,
Дзе б я мужа ёй знайшоў?
Ты ж сама, дурніца, бачыш —
Кот наплакаў жаніхоў!

Каб іх тут стаяла раць,
Льга было б перабіраць.
А як не — хапай любога:
Воўку ў зубы не глядзяць!..

Цароўна

Калі ты расейскі цар,
То ў Расеі і ўладар,
А ў мой лёс ня сунь ты носа
І пра шлюб мазгоў ня пар!

Поўны дом тых аташоў —
Пад крысом і то б знайшоў.
У мяне ад іх парфумы
Прыступ ледзь не надышоў!..

Цар

Горка рэдзька, ды ядуць,
Кепска замуж — ды ідуць.
Ды яшчэ ў пытаньнях гандлю
Трэба татку падмагнуць.

Я пад гэты гаманок
Лес ім сплаўлю ды пянёк.
Ухваляе ўся грамадзкасьць —
Толькі ты мне папярок!..

Цароўна

Колькі б ты сабе ні роў,
Я кажу табе ізноў:
Самастойная асоба
Мае права на любоў!

У замужнія жанкі,
Можа, я пайшла б такі, —
Калі б твой стралок Хвядоска
Папрасіў маёй рукі!..

Цар

Цыц, дурніца, не пярэч!
Цесту месца там, дзе печ!
Ты сальфэджу давучыла?
Ну й пайшла ў сьвятліцу прэч!

А нахабніка стралка
Я аднаджу, шэльмака:
Бізуноў яму прапішуць —
Дасьць з палацу драпака!..

Скамарох-весялун

Зьбіраць для цара навіны быў генэрал павінны. Барадою замаскіруецца — і ў горад кіруецца. Вынюхвае, дзе вядуцца ўсякія іншадумцы. Падслухвае, што чуваць дзе — мо, гавораць аб здрадзе? Дзе што пачуе — у нататнічак занатуе. А роўна а сёмай — у царовай прыёмнай.

Цар

Што сумуеш, камандзёр?
Вушы ў карты хтось надзёр,
Ці мо бражкай абапіўся,
Ці дапёк цябе адзёр?

Ці ўжо служба дастае,
Ці салдатаў не стае,
Ці ў тваёй гармаце руля
Працаваць перастае?

Дакладай усё, як ё,
Пра няшчасьцейка сваё —
Мушу ведаць падрабязна:
Хто, чаму, нашто й чыё!..

Генэрал

Быў я ў Хвеські паглядзець
Кагадзе, як ён жывець,
Ды стральчыху як пабачыў —
З ганку ўпаў і ўзьняўся ледзь.

Тры дні запар — не брашу! —
Шаблі нават не нашу.
Гэтак мройнасьць разабрала,
Што вось-вось аддам душу!

Нават грэшны меў парыў —
Ледзьве вершык не стварыў!
Лекар кажа, ад каханьня
У мяне душэўны зрыў!..

Цар

Я ўдавец, а гэты цмок
Першым жонку прывалок!?
Мне ў палац прывезьці кралю
Без усякіх адвалок!

А стралка на раз-два-тры
Зьмесьці прэч зь зямной кары,
Каб ён болей не надумаў
Ацірацца пры двары!

Генэрал

Кралю мог бы я ўмыкнуць,
Ды народ знахабнеў — жудзь!
Ім скажы, чыя ідэя, —
У труху цябе сьцяруць!

Дзёрзкі стаў цяпер народ,
Не кладзі ім пальца ў рот, —
Мы Хвядоса не шануем,
А народ — наадварот!

Цар

Ты ў нас гэткі грамацей
Штосуботу ці часьцей?
Ці табе ўсё, як міністру,
Патлумачыць папрасьцей?

Каб прэтэнзій у людзей
Не было да нашых дзей,
Дзей выключна па закону,
Гэта значыць — тайна дзей!

Ну а я, чаго ўжо там,
Не пакрыўджу — ордэн дам!
Тут жа выкаваць да заўтра
Загадаю кавалям!..

Скамарох-весялун

Цэлы дзень ваяр моршчыў потны твар. Вынаходзіў спосаб — як так пазбыцца Хвядоса б? Хацеў думкай бліснуць — ды ўсе думкі кіснуць. Тут пашчасьціла яму згадаць пра куму — Бабу Югу, касьцяную нагу. Схаджу да яе, хай рады дае!.. А тая сярод дубровы зьбірае зёлкі, ня дровы, атрутны напой прыдумляе новы. Як убачыла генэрала — усе гербарыі пагубляла. Так тужыла ў глушы па сваяцкай душы!..

Баба Юга

Ты чаго як нежывы?
Што ня лезе з галавы?
Ці то швэд ля Пецярбургу,
Ці то турак ля Масквы?

Вунь, кары з асіны зьеж —
І да часу аджывеш:
Я прыроду прапаную,
А ня хімію табе ж!

Ведай, што ў кары асін
Ёсьць карысны вітамін, —
Ад яго шчэ з генэралаў
Не загнуўся ні адзін!

Генэрал

Ды ня хворы я, Юга!..
Лепш вавёрак расшугай —
Ёсьць сур’ёзная размова,
То хадзем глыбей у гай.

У стралках адзін хлапец
Зух такі, што апупець!..
Я павінен так залатвіць,
Каб настаў яму капец!

Калі голаў кат сьсячэ —
Пагалоска дапячэ...
Будзь ласкавая, парай мне,
Зьнішчыць як яго яшчэ?

Баба Юга

Баба дзеду варажы:
Кляты ў пяты, тры крыжы,
Карта віна, дамавіна —
Пра стралка мне адкажы!

Раз хапае спрыту ў ім
Ваяваць з царом самім,
Хай да заўтра вам здабудзе
Шыты золатам кілім.

А на ім Расеі каб
Быў відаць буйны маштаб.
Як кіліму ён ня знойдзе —
Дык на ім віна была б.

Генэрал

Во дык бабка! Во дзе ас!
Мне б мазгоў тваіх заквас!
Хоць вымай цябе са ступы —
І міністаркай да нас!

На цара крыўдуе фрыц,
Можа кашу заварыць —
Дык табе і ў партызанах
Я б даверыў сьпіну крыць!

За дабро плачу дабром:
Хоч — куніцай, хоч — бабром,
А як не — магу манэтай,
Золатам ці серабром!..

Баба Юга

Годзе, крыўды не чыні —
Грошай не вымай ані!
Я ж табе ня дзеля грошай,
Я ж ад чыстай дабрыні.

Ты, як што — адразу ў гай
Па падмогу прыбягай.
Не зьвяры ж мы тут, у лесе,
Нам прыдацца — толькі дай!..

(працяг будзе)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Зноў ты нешта не ў сабе!
Вунь і ваўка на губе!
Ой, змарнуеш ты здароўе
Ў палітычнай барацьбе!..

Пакаштуй заечы гной —
Во дзе сродак, брат ты мой!
Мёд яго пераўзыходзіць,
Мабыць, толькі смакатой!

Праўда, горла ён дзярэ,
Хто-ніхто зь яго і мрэ,
Але хто ператрывае —
Тых і старасьць не бярэ!..

Пераклад:
Макс Шчур

От, нішто сабе ўмалот!
Мне хапае ўзнагарод!
Вунь, шэсьць штук ужо й на сьпіне —
Я як елка ў Новы год!

Сунімаць чарговы раз
Шчыры гнеў народных мас
Для мяне няма карысьці:
Сам за зло трымай адказ!..

Недарэка зь недарэкаў — а як закукарэкаў! Злуецца цар, — ды паспрабуй, удар! Іншы стаў час, не даруюць абраз! Выйшаў цар з палаца, воўкам зірк — а на пляцы ўся чыста краіна пасьпела сабрацца!

Пераклад:
Макс Шчур

Настане час у ноч сысьці мне —
што ж, я гатовы! Пагатоў
«Ты сыдзеш», кажа мне ў лаціне
птах ibis зь нільскіх берагоў.

Пераклад:
Макс Шчур

калі б я хацеў быць
клоўнам
я б паехаў
у Галівуд.

адзіны неабходны
паэтычны акт
гэта напісаньне
верша
а ўсё што ідзе за ім
гэта
прапаганда