Казка для тэатру на матывы расейскага фальклёру
Скамарох-весялун
Едзе цар да Марысі — запрашаць у царыцы. Сядзіць у рыдване напарфумаваны, за царом гайдукі — напудраныя парыкі, за імі куфэрак, поўны ўсякіх цукерак. Усё як сьлед, без лухты — едзе цар у сваты!..
Цар
З царскай волі Хвеська твой
Зьнік бязь ведама кудой!
Карацей, я так залатвіў,
Каб разьліўся ён вадой.
Каб адной ня мучыць плоць —
Замуж за мяне выходзь!
Ну а што? Мужык я ладны,
Прытулю, сагрэю хоць...
Марыся
Не пасьпеў яшчэ Хвядос
З хаты высунуць свой нос,
Як зьляцеліся вароны
Да Хвядоса на пакос!..
Цар
Ты, дзяўчына, не дурэй!
Як даюць — бяры скарэй!
У цябе ж ня кожны вечар
Царскі поезд ля дзьвярэй!..
Так што гутарцы канец:
Час зьбірацца пад вянец.
Нашатырны сьпірт панюхай,
Каб ад шчасьця не здурнець!
Марыся
Лепш зірну на каляндар,
Ці ўжо едзе гаспадар.
Іншай, дружа, што бяз мужа,
Лепш схадзі мазгі папар!
Цар
Едзе, дзе ж! Лічы, што тут!
Ды ня вернецца той чмут!
Ён дзе-небудзь у Ганконгу
Есьць з кім-небудзь там грыб-фрут!
Ну мазгі хаця б напруж:
Дзе сама, а дзе твой муж?
Як няма цяпер Хвядоса —
То маёй ня стаць чаму ж?
Марыся
Хоць сячы мяне мячом,
Пугай бі ці таўкачом,
А ў жыцьці мяне царыцай
Не відаць тваім вачом!
Цар
Ох, Марыська, быць бядзе:
Да яе канфлікт ідзе.
Мне прывезьлі тут з Парыжу
Гільятыну кагадзе!
У сьвятле яе нажа
Будзь маёю зараз жа!
У мяне ж таксама нэрвы!
Усяму свая мяжа!
Марыся
Ды пайшоў ты ўрэшце прэч!
Прычапіўся, быццам клешч!
Увалю табе патэльняй —
Потым костак не зьбярэш!
Цар
Гэй вы там, што на двары, —
У палон яе бяры!
Гэта што яшчэ за мода —
Посудам па ўладары!
Пакаштуеш смак турмы —
Сьціхнуць у мазгох шумы.
Як ты, дзеўка, ні натурся —
Шлюб мы возьмем да зімы!..
Марыся
Каб злавіць мяне, даўбас,
Малавата сіл у вас!
То да будучай сустрэчы,
Напішы мне іншы раз!..
(Марыся ператвараецца ў галубку ды ляціць прэч.)
Скамарох-весялун
Хвядосава дарога трывала год без малога. Шмат зьеў ён хурмы, шмат халвы — а свайго не выпускаў з галавы! Дзіваў у сьвеце — няма куды дзеці, ды патрэбнага дзіва знайсьці немажліва. Пераймаецца хлопец: што, як часу ня хопіць? Пастанавіў без гістэрыкі: паплыву да Амэрыкі! Плыве наш мараход бязьмежных вод пасярод, наперадзе захад, а ззаду ўсход. Тут на марахода ўзлавалася прырода. Было ўсё як трэба — і раптам бура зь неба! Карабель — хрусь! — і разьбіўся ўдрузг!.. Сонца бліснулі промні, Хвядос апрытомнеў: ляжыць на хвалі, рукі-ногі не адпалі. Бачыць — астравок, тырчыць, як паплавок. Дапяў да берагу, думаў — трапіў у Амэрыку! З мапаю зьверыўся — не, на іншым ён беразе! Востраў Буян! От, чортаў акіян! Можа, мапа ўвяла ў зман? Сядзіць Хвядос, ікае, аглядае месца нязвыклае...
Хвядос
Колькі я на бзік цароў
Ні наведаў астравоў,
Не было такога месца,
Скуль карцела б так дамоў.
Што за край! З нуды б усох:
Спрэс каменьне, спрэс пясок...
Вока нават не пацешаць
Ні рачулка, ні лясок!
Ды каб тут крыху яды,
Не было б яшчэ бяды.
Каб знайшлася лебяда, дык
Пажаваў бы й лебяды!..
Голас
Хто ахвочы да яды —
Папрашу таго сюды!
У мяне яды як гразі,
У мяне яе пуды!
Вось, напрыклад, калачы, —
Ледзь патрапіў дапячы, —
Вось зь індычкі смажанінка,
Вось кампоцік з алычы!
Вось каўбасы, вось сыры,
Вось паўцэнтнэра ікры,
Вось карыбскія амары,
Вось данскія асятры!..
(Зьяўляюцца сталы з прысмакамі.)
Хвядос
Гэта што за дзіўны цуд?
Гэта хто гаворыць тут?
Пасярод нябёс і мора
Не схаваесься ж у кут!
Выбачайце, вашамосьць,
Пакажыцеся, як ёсьць!
Не па-людзку, каб самотны
Частаваўся ежай госьць!
Тут на высьпе, бачыць бог,
Сумаваць лягчэй удвох —
Перакінемся дзе ў дурня,
Дзе віна асушым рог!..
Голас
Пакажыся! Хай бы мне
Паказаў хто сам мяне!
«Ці няма мяне, ці ёсьць я?»,
Часам думка прамільгне!..
Маю клопат — будзь здароў!
Ежа ёсьць — няма зубоў,
Ёсьць тытунь — няма чым нюхаць,
Зэдлік ёсьць — няма клубоў!
Так за тысячу гадоў
Задзяўбло — ня знойдзеш слоў!
Засіліўся б — ды ня маю
Нават шыйных пазванкоў!
Хвядос
Во сустрэча! Задарма,
Як на сподку атрымаў
Штось-Чаго-Ў-Суцэльным-Сьвеце-
Наагул-Нідзе-Няма!
Чым у роспачы й нудзе
Тут за днём праседжваць дзень,
Можа, сплавайма ў Расею,
Штось-Чаго-Няма-Нідзе?..
Асьвяжыся, павандруй,
Зь белым сьветам пасябруй!
Што за жытка без прыгодаў?
Жудка нейкая, даруй!..
Голас
Супраць гэткіх пэрспэктыў
Я ня буду і ня быў!
Я б да пчол палез у вулей —
Толькі каб у каляктыў!
Загадаеш — хоць руду
Буду рыць, калі знайду!
Безь пітва й бязь ежы буду
Пад тваю скакаць дуду!
Я да кожнай працы зух,
Траплю ў замак і ў катух,
Калі трэба, дык здабуду
Спрэжку падкаваных мух!..
Хвядос
Мухі, блохі, вош ці бзьдзюль —
Зь іх мне будзе скутку нуль,
Бо на спрэжцы тых кузурак
Я ня выплыву адсюль!
Лепш здабудзь мне флёт ці струг,
Плыт ці ратавальны круг,
Раз такі таленавіты
Ты ў падобных штуках друг!
Каб а пятай, раніцой,
Быць на моры, брат ты мой,
Бо ў Расеі нас, мяркую,
Зачакаліся з табой!..
Скамарох-весялун
А цар між тым не марнуе часу — прымае амбасадара племені папуасаў. Усе апрача гэтага басмача ў Парыжы-Лонданы далі стракача! Цар скача конікам перад ідалапаклоньнікам: вось табе дочухна, бяры яе й кончана! Значыць, блага ўсё сапраўды, раз дайшло да такой бяды! Блага, ды яшчэ не задужа — абы дачка не засталася бяз мужа!..
Цар
Добры дзень, вясёлы час!
Рады бачыць вас у нас!
Вэры гуд, салям алейкум,
Бона сэра, вас іст дас!
Ваш узрост? Папа, мама?..
Жонка ёсьць альбо няма?
Раскажыце нашай фройляйн
Між вачыма чатырма!
Нянька
Красамоўствам, чорт стары,
Голаў іншаму дуры!
Твой пасол саскочыў з пальмы,
Выбачай, таму дні тры!
Хай надзеў бы ён, гізун,
Хоць якую драбязу —
Бо за выняткам караляў
Ён жа голы, як бізун!
Цар
Ты шпіёнка, бачыць бог!
Каб табе язык адсох!
Ты ж ужо мне ўсіх чужынцаў
Заштурхала за парог!
Я чакаю іх гады,
А яна — гаў-гаў з буды!
За каго ж цароўну нашу
Замуж я аддам тады?
Нянька
Ды ў яго ж — пагляд лася,
Скура ў плямінах уся,
Бы зязюлінае яйка,
Нос з кальцом — ну парася!..
Нават я, як ні круці,
Зь ім ня легла б у жыцьці!
Дык няўжо ж дзяўчыне нашай
Замуж за яго ісьці?..
Цар
Падштурхне абставін ціск —
З прыску зробіцца прыіск!
Дый дзяўчо з такім лычом — не
Хараства апошні піск!
Ёй падыйдзе ўжо з гарбом,
І рабы, і нават гном,
Бо, як бачыш, і рабыя
Не штурмуюць дом гуртом!..
Нянька
Так, ды ў іх з народных рыс —
Есьці ўсё, ня толькі рыс!
Прыгадай з тапазу вазу:
Зжор, паганец, і ні лыс!
Запрасіў бы хоць біткі,
Асятра ці грузд які —
Дык жарэ ж усё, што бачыць:
Парцаляну ды цьвікі!
Цар
Што ні просіць — гэта госьць!
Штабялямі ўсё паднось!
Мы ж цьвікоў ды парцаляны
Маем прыгаршчы, нябось!
Хоча вазу — божа, сыць!
Дай, чым просіць, закусіць.
Як наесца, мо й цароўну
Паспрабуе спакусіць!..
Нянька
Дай атруту аташу —
Зьесьць за мілую душу!
Можа, ён не небясьпечны,
Ды сачы за ім, прашу!
І скажы яму: «Зяцёк,
Есьці — еж, ды дай зарок,
Што ў запале не закусіш
І цароўнай незнарок!»
Цароўна
Зь ім на баль ці карнавал?
Поўны нонсэнс! Чысты шал!
Ён і так зусім нягеглы,
Дык яшчэ і канібал!
Ды няхай мяне, басяк,
Азалоціць — а ніяк
Да яго мяне ня ўзбудзіць
Гэты афрадызіяк!
Цар
Лепш пасла б ты ў кабінэт
Запрасіла тэт-на-тэт.
Перацерпіш — пакахаеш!
Ён благіх ня мае мэт.
Як разгледзіць людаед
Ужывую твой партрэт,
Назаўжды да людаедзтва
Страціць колішні імпэт!..
Цароўна
Ты ўжо ный сабе ці не —
Выбіраць урэшце мне!
Чым быць жонкай людаеда —
Лепей курчыцца ў труне!
Іншы лёс, калі б Хвядос
Прапазыцыю прынёс —
Вось найлепшы з кандыдатаў,
Во дзе муж дзявочых кроз!..
Цар
Што ты ўсё, як какаду,
Пра яго ў адну дуду!
Іншых клопатаў ня маеш?
Дык табе я іх знайду!
Паміж намі, твой стралок
Есьць на дне марскім пясок,
А паколькі ён тапелец,
То яму не да жанок!..
Цароўна
Ну, раз так — тады байкот:
Ежы браць ня буду ў рот!
Атрымай, татусю, помсту —
Палітычны апэркот!
Не схачу глытаць ікры,
Як звычайна, па вядры,
І на глебе пахудзеньня
Акалею раз-два-тры!
Цар
Тут куды ні трап пляўком —
Між міністраў, сваякоў
Спрэс навокал вальнадумцы,
Сабатажнікі вакол!
Ну й жыцьцё! Бяда зусім!
Спачуваньня ані ў кім!
Лесьніком мо ўладкавацца
Дзе ў глухім бары якім?..
Скамарох-весялун
Год мінуў, пачаўся другі — вярнуўся Хвядос на родныя берагі. Дахаты прыйшоў, а хаты й не знайшоў — адзін каркас, ды вакол папас. А пад карнізам камочкам шызым стулілася птушка — галубка-вуркатушка...
Хвядос
Ну, каханая, давай,
Мужаньку на стол зьбірай!
Каравай хутчэй з жароўні
Найрумянейшы вымай!
Налівай наедны боршч
Ды крыху мяне патоўшч,
Бо з гародніны заморскай
Мне зусім не да любошч!
Не відаць яе нідзе —
Толькі ў коміне гудзе...
Падазронае маўчаньне:
Мабыць, сьведчыць аб бядзе!
(Галубка ператвараецца ў Марысю.)
Марыся
Ну, зь вяртаньнем, мужанёк!
Доўга ж ехаў ты здалёк!
Ці забыўся пра Марысю,
Што прапаў на цэлы рок?
Там, напэўна, за мяжой,
Шмат забаваў — дык няўжо й
Жонцы здрадзіў ты каханай
З прыгажуняю чужой?
Хвядос
Я пабачыў цэлы сьвет —
Жазэфін і Генрыет,
Ды няма табе ў замежжы
Роўных гожасьцю кабет!
А што марна край чужы
Я наведваў — не кажы:
Здолеў я цару прывезьці,
Што хацеў ён, з-за мяжы!..
Марыся
А каб ведаў ты, хлапец,
Хто паслаў цябе карпець,
Дык зусім бы й не падумаў
З хаты ехаць, зьдзек цярпець!
Ты адплыў — а ён, ліхі,
Лезьці стаў у жаніхі,
Кажа: будзь маёй царыцай!
Збрыдзеў горай ад блыхі!
Хвядос
Ды няўжо! Во ліхадзей!
Вось і вер табе ў людзей,
Барані мундыру гонар,
За манархію заўзей!..
Добра ж! Я тады яму
Патлумачу, што й чаму!
Размалюю гада цалкам
Усяго пад хахламу!..
Каб ніхто й ніколі зноў
Люд ня меў за бараноў!
Што мне траціць, акрамя што
Толькі ўласных кайданоў?!
Скамарох-весялун
Узлаваўся Хвесь, склікаў люд ці ня ўвесь. Той вырашыў Хвеську падтрымаць па-суседзку. Хрол узяў кол, Язэп узяў цэп, Супрун узяў калун. Павёў іх Хведка да цара ў адведкі. Насустрач ім генэрал, каб яго воўк задраў! Падскочыў бокам, пазіркаў вокам, правёў агляд — і да цара на даклад!..
Генэрал
Там сабраўся ля варот
Гэты... як яго... народ!
Выглядае, што пачаўся
Сацыяльны закалот!
Гэта Хвеська-баламут
Без прычын бянтэжыць люд —
Падбухторвае грамадзкасьць
Нас з табой аддаць пад суд!..
Цар
Ну а ты зь якіх хвароб
Іх стрымаць ня робіш спроб?
Я ж цябе таму й трымаю,
Каб па шыі не адгроб!
Як паслужыш мне цяпер,
Дык пасьля дажджу ў чацьвер
Дам мэдаль пазачарговы —
Будзеш поўны кавалер!
Генэрал
От, нішто сабе ўмалот!
Мне хапае ўзнагарод!
Вунь, шэсьць штук ужо й на сьпіне —
Я як елка ў Новы год!
Сунімаць чарговы раз
Шчыры гнеў народных мас
Для мяне няма карысьці:
Сам за зло трымай адказ!..
Скамарох-весялун
Недарэка зь недарэкаў — а як закукарэкаў! Злуецца цар, — ды паспрабуй, удар! Іншы стаў час, не даруюць абраз! Выйшаў цар з палаца, воўкам зірк — а на пляцы ўся чыста краіна пасьпела сабрацца!
Цар
Гэта ж, вашу маць іці,
Хто такое дапусьціў?
Мы ж ня Хранцыя якая,
Каб цара скідаць ісьці!
Хто тут просіцца ў Нарым —
Хай выходзіць па адным!
Там мы вам бунтоўны розум
Вокамгненна праясьнім!
Хвядос
Што да розуму, дык ён
Сьветлы ў нас зь нядаўніх дзён!
Нам цяпер між незабудкай
І лайном кантраст відзён!
Ты нашто паслаў мяне
Ў іншаземнае турне?
Спадзяваўся, што Марыся
Жанішка не адштурхне?..
Цар
Гэта скуль жа ты, галган,
Шкодных думак нацягаў,
Што вось так людзёў прыстойных
Проста ўзяў ды абылгаў?
Па паходжаньні, узваж,
Мне яна раўня хіба ж?..
Вось і шлі вас у замежны,
Называецца, ваяж!..
Хвядос
Ты ня надта тут крычы —
Мы тут не на калачы!
А выпендрывацца будзеш —
Атрымаеш па лычы!
Пра твае злачынствы йдзе
Слава невядома дзе!
Ты ня проста ў твар мне плюнуў,
А ў душу ўсёй грамадзе!..
Цар
Гэта, Хведар, зноў хлусьня:
Мой народ — мая радня.
А пра ўласнае сямейства
Цар клапоціцца штодня!..
Зранку мажу бутэрброд,
А ў мазгах: а як народ?
Ні ікра ня лезе ў горла,
Ні кампот ня льецца ў рот.
Стану ўночы ля вакна —
Спаць ня здольны да відна,
За ўсю Русь перажываю:
Як там маецца яна?
Генэрал — вось бандзюган,
Амарал і інтрыган!
Каб ня ён, мой царскі гонар
Быў бы чысты — без заган!
Чуеш, злыдзень?! Дзе там ён?
Выйдзі вон зь людзкіх калён!
Адарваць зь цябе мэдаль бы,
Ды па храпе мэдалём!
Генэрал
Што вы, людцы!.. Я ж за вас
Столькі пацярпеў параз!..
Вока страціў! Ці ж пайду я
Супраць волі нашых мас?..
Апраўдаю. Адкажу.
Адрыдаю. Адсяджу.
Болей я не прыганяты
Й прыганятым не служу!..
А віна ўся — на Юзе!
Во сапраўдны вораг дзе!
Нават цмок, як дробны шкоднік,
Не супернік ёй, казе!
Гэй, Югася! Дзе ты ёсьць?
Стала сорамна? Выходзь!
Асабіста не стрываю,
Прапіхну клінком наскрозь!..
Баба Юга
Я — народны забабон.
Вось пасьведчаньне й купон.
Я магу адсюль хоць зараз
Зьнікнуць ветру наўздагон!
За сьпякоту й за пургу
Ўсе клянуць мяне, Югу!
А я шкодная ня болей
За рамонак з мурагу!
Выпадкова, незнарок
Не туды зрабіла крок —
Але ж я дачка прыроды,
Хай з дурных яе дачок!
Лепш сабак павесьце ўсіх
На паплечнікаў маіх:
Я нячысьцік, ды сумленьнем
Я чысьцейшая за іх!..
Хвядос
Ну вы й подлае кубло!
Аж дыханьне заняло!
Кожны валіць на другога —
Сам жа чысты, быццам шкло!
Хоць увогуле мужык
Помсьціць надта не прывык,
Толькі зараз суд над вамі
Я ўчыню без закавык!
Цар
Пашкадуй мяне, стралок!
Я — мярзотнік! Крывасмок!
Я сашлю сябе ў Варонеж,
Я сашлю сябе ў Таржок!..
Толькі не на Салаўкі —
Я ўжо юны не такі.
Сьцерагуся, што адкіну,
Не даехаўшы, канькі!
Генэрал
Прызнаю свой злы намер.
Глыбіню. Ступень. Памер.
І прашу туды адправіць,
Дзе вайна ідзе цяпер.
А ня йдзе — дык лёс любы
Я стрываю без жальбы.
Хоць у Крым на адпачынак —
Толькі ў ліпені абы!
Баба Юга
А куды ж мяне-ўдаву?
Мо на поўдзень, у Хіву?
Я і так ужо ў глыбінцы
Найглыбейшае жыву!..
Каб душы паправіць стан,
Сама тое — Татарстан!
Там лячэбных зёлак столькі!
Паспрабуй іх тут дастань...
Хвядос
Мы пасадзім вас, бадай,
У балею — і гудбай!
Дастаткова вам балеі —
Не ладдзю ж вам падавай!
Хай нясе вас акіян
Аж на востраў на Буян!
А каб вы там не зьдзічэлі —
Вось стары вам мой баян.
З-за маіх умелых рук
Ён ня здольны выдаць гук,
Ды ў адсутнасьці культуры
Будзе добры вам сябрук!
Цароўна
Што датычыцца цара —
Хай плыве. Даўно пара!
У яго свае праблемы,
Мне яны да ліхтара!
Пакараў яго сам бог
За падступнасьць і падлог!
Гэта ён, пракляты вупар,
Разьядноўваў нас, як мог!
Болей дзьмуць ня будзе губ
Узурпатар, душагуб!
Вось цяпер мы можам сьмела
Заключыць з табою шлюб!..
Хвядос
Не, з Марысяй у тандэм
Мы нікога не бярэм.
Ты пайдзі да халастога
На прадмет інтымных тэм!..
Нянька
Ты здурэў? Мазгоў няма?
Рыбка ж ловіцца сама!
Мо, ня ўсім такое шчасьце
Выпадае задарма!
Ці ты лічыш, што ў яе
Кавалераў не стае?
Ад цябе паводле хваткі
Зь іх ніхто не адстае!
У нястрымным пачуцьці
Моляць за сябе пайсьці!
Канкурэнцыя такая —
Хоць ты дустам іх труці!
Раніцой прымчалі ўраз
Турак, швэд і грэк да нас —
Атрымалі ўсе з парогу
Дулю з макам у адказ!
А якісь стралок-жабрак
Фанабэрыяй набрак!
Пад вянец цягні цароўну,
Калі розуму ня брак!..
Хвядос
Што я — турак вам ці грэк?
Я — сямейны чалавек.
З жонкай любаю, Марысяй,
Я хацеў дажыць бы век!
Цароўна
Адмаўляеш даме ў твар
У зьдзяйсьненьні даўніх мар?
Але ж я цароўна ўсё-ткі,
І мой бацька ўсё-ткі цар!
Не дасі, чаго прашу —
Вырак сьмерці падпішу!
Напасьледак папрацуе
Кат за мілую душу!
Нянька
Не юрыся лепей ты!
Наш каток даў лататы.
Татку скінулі — ён тут жа
За сякеру — і ў кусты!
Лепш натоўп нам не цьвяліць,
З масай трэба ў згодзе быць:
Дэспатызм цяпер ня ў модзе,
Дэмакратыя руліць.
Так што едзь ты лепш, мамзэль,
Куды-небудзь у Брусэль,
Раз ужо, перапрашаю,
Тут такая карусель!
Выбачай ты ёй, Хвядос:
Прачытала кніжак стос,
І ў яе ад гэтых кніжак
Стаўся ў думках перакос.
Абчыталася Дзюма —
Зладу зь ёй цяпер няма!
Хай крыху павар’яцее
Ды ўтаймуецца сама!..
Хвядос
Ты, цароўна, не бядуй,
Злосьці ў сэрцы не гадуй.
Што каханьня ў нас ня выйшла —
На мяне ты не крыўдуй.
Але ж я, само сабой,
Маю доўг перад табой,
І сам-насам не пакіну
Дзеўку зь ейнаю журбой!
Я між Тулай і Таржком
Край прамацаю цішком,
Нат на дне марскім шукацьму,
А зьвяду вас з жанішком!
Цароўна
Згода!.. Толькі ў жанішкі
Пойдзе не абы-які!
Я хачу такога мужа,
Каб былі вы блізьнюкі!
Хай ён будзе хоць кравец,
Лекар, пекар ці шавец —
Толькі копію Хвядоскі
Я хачу за мужа мець!..
Хвядос
Што ж, паводле ўяў тваіх
Недзе мусіць быць жаніх,
Ды ў Расеі, мне здаецца,
Мала знойдзецца такіх.
А каб з розумам маім —
То такіх няма зусім.
Мабыць, гэта й безь мяне ты
Зразумела перад тым.
Толькі ўзяўся — не кажы,
Што ня дуж, дапамажы.
Што ж, здабуду я, цароўна,
Блізьнюка табе ў мужы!
Ну, стары і малады —
Вымі храпу з барады!
Зараз будзе тут гулянка,
Не памінкі й не Дзяды!
Досыць кіснуць у нудзе!
Хай лепш песьня загудзе!
Гэй, зьявіся мне на вочы
Штось-Чаго-Няма-Нідзе!
Голас
Ды я тут, непадалёк —
Быў ля ганачку прылёг
І чакаў, пакуль ты скончыш
З грамадою дыялёг!..
Хвядос
Пакаштуе хай народ,
Чым багаты твой гарод!
Людзі гэткіх страваў, мабыць,
У жыцьці ня бралі ў рот!
Прапануй ім пахлаву,
Самаркандзкую халву,
І турэцкую хвісташку,
І пэрсідзкую айву!
Каб быў пір на добры лад,
Шакаляд стаў, мармэляд,
І грудзінку па-жмудзінску,
І вугорскі сэрвілят!
Сыр швайцарскі падавай —
Хоць ён зь дзірак, ды няхай!
Пагалоска пра бяседу
Каб пайшла за сьвету край!
Ну а як папросіць хто
Бражкі грамаў нейкіх сто —
Хай крыху ўжо вып’юць сёньня!..
Дзякуй богу, ёсьць за што!..
Скамарох-весялун
Быў і я на той бяседзе — спраўджваў, колькі ў мяне ўлезе. Карусь еў гусь, Мялет еў рулет, Юстын еў галянтын. А Хвядоска-стралок еў салёны гурок. Як даеў яго хлапец — тут і казцы канец! А што быў сказ абы-які — дык гэта казачнік такі. От злавіць яго б цяпер, налажыць яму ў каўнер! Ды залішніх шмат турбот — казачнік дурны ж, як бот! А як чуў я ад дзядоў, на дурных няма судоў!..