Рокаш

сучасная беларуская проза, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

*Рокаш — гістарычна, шляхецкі бунт супраць караля або вялікага князя.

Дзень быў жаночы — серада.

Замкавы скразняк ледзь заўважна варушыў цяжкія аксамітныя габелены. Развешаныя на сценах паміж вертыкальнымі проймамі вокнаў белыя рыцары на чырвоных тканінах ажылі і стрымгалоў несліся ў пагоню за пераможаным ворагам.

Галоўны суддзя вайсковага трыбуналу Вялікага Княства Літоўскага Лявонці Жаба паварушыў у боце пальцамі левай нагі. Сырыя замкавыя скразнякі неслі паветра, набрынялае вільгаццю мінулых стагоддзяў, а ў Жабы ад такога паветра заўжды круціла пальцы на левай назе. Прычым у такую фігуру, што паказаць каму старонняму было сорамна.

Ды яшчэ гэты жаночы дзень... Жаба з задавальненнем перанёс бы пасяджэнне трыбуналу на які-небудзь з мужчынскіх дзён — панядзелак, аўторак або чацвер. Але з вялікакняскай канцылярыі ён атрымаў недвухсэнсоўны загад на дарагой паперы вержэ, з якой сонечныя промні саслізгваюць, быццам з люстэрка: трыбунал мусіць адбыцца ў жаночы дзень, каб падсудны глыбей адчуў сваю правіну і нікчэмнасць.

Таксама ў загадзе было адзначана, што адбыцца трыбунал мусіць не ў старой сталіцы — Вільні, а ў новай — у Менску, дзе і было здзейсненае злачынства.

Паправіўшы судзейскую мантыю, якая пачала муляць пад левай рукой, Жаба падняў вочы ад масіўнага дубовага стала, дзе перад ім ляжалі дакументы па сённяшняй справе, і агледзеў нешматлікіх прысутных.

— Слухаецца справа...

Справа ад яго сядзеў пракурор Клеафас Гардзей — нерухомы сталёвы твар, абодва вусы апушчаныя долу, як пальцы рымскага патрыцыя ў знаку «смерць». Форменны сіні мундзір, пашыты ў найлепшага сталічнага краўца, сядзеў на Гардзею да цынічнасці элегантна.

—... па абвінавачанні падпалкоўніка Люцыяна Халецкага...

Суддзя ўпершыню ўжывую пабачыў падсуднага. У Халецкага былі розныя вочы: у левым гарэлі сасмяглыя пясочныя выдмы афрыканскай пустэльні, з правага глядзелі сцюдзёныя арктычныя таросы. На ім быў вайсковы зеленкаваты мундзір з не па форме расшпіленым верхнім гузікам — насуперак прымаўцы, Халецкі планаваў надыхацца перад непазбежнай смерцю.

Абапал яго стаялі блізнюкі-вартаўнікі, чые твары былі сцёртыя шлемамі з апушчанымі маскамі. У руках у кожнага быў аўтамат — пра несімвалічнае прызначэнне зброі сведчылі рулі, наведзеныя на падсуднага.

—... у дзяржаўнай здрадзе, рокашы і спробе сілай змяніць дзяржаўны лад.

Жаба паглядзеў на апошнюю групу прысутных у зале. Вялікі князь Вільгельм Панятоўскі бязвольна апусціў рукі, якія стаміліся трымаць манаршую веліч. Злева ад яго сядзеў выносісты канцлер Дамінік Радзівіл, чый голас нагадваў трубы на радавым гербе. Справа красаваўся міністр абароны, ён жа вялікі гетман, Мікалай Сапега, які атрымаў мянушку «Ліс» не ў гонар свайго герба, а за ўласныя якасці характару.

Яны выступалі на працэсе як бок, пацярпелы ад рокашу.

***

Рокаш — слова кароткае, злое і ёмістае.

У ім ёсць і рок-н-рольны рытм. Ёсць у ім і «каша», у якую змешваюцца, блытаючыся, час і прастора. І тады на свет з’яўляюцца такія кентаўры, як «шэсць гадзін паўночнай шыраты» і «сорак градусаў пасля абеду». У такую часіну ўпарадкаваць час і прастору можа толькі сталёвая воля.

Волю Халецкага гартавалі, акунуўшы ў стыла-шэрыя воды Стыксу, дзе яшчэ немаўлём купаўся Ахіл. Такую волю не праб’юць ні атамная бомба, ні сяброўская прапанова наліць яшчэ па адной.

Няспешным, але ўпэўненым крокам ён зайшоў у будынак тэлерадыёкампаніі, размешчаны на беразе Свіслачы.

— Я падпалкоўнік Халецкі, — сказаў ён, цвёрда гледзячы ў вочы вахцёру. — Я бяру будынак пад свой кантроль.

Немалады вахцёр адклаў неразгаданы красворд (ён акурат разважаў над словам з дзевяці літараў «форма дзяржаўнай улады, пры якой уладар або кіруючая група ажыццяўляюць сваё кіраванне прамым дырэктыўным шляхам; часта суправаджаецца рэпрэсіямі», першая літара «д», шостая і сёмая «ту») і глянуў падпалкоўніку ў вочы: яго апёк позірк левага вока, а потым замарозіў позірк правага. Непаслухмянымі рукамі ён адключыў апаратуру, якая блакавала праход у будынак. Халецкі махнуў рукой, і з-за ягонай спіны нястрымнай лавінай пацяклі аўтаматчыкі і ўварваліся ў будынак, рыхтык вада з горнага возера, якая прарывае дамбу.

Гэта былі адборныя байцы: яны бачылі ў цемры не горш за катоў, рухаліся з хуткасцю і грацыяй гепардаў ды знішчалі на сваёй дарозе ўсё жывое, як саранча.

Халецкі зайшоў у апаратную, і ад электрычнага поля, якое ўтварала ягоная сталёвая воля, узвылі і сталі адзін за адным перагараць засцерагальнікі. Не зважаючы на лёгкі шызы дым, які пацягнуўся ад перагарэлай апаратуры, падпалкоўнік паведаміў відэааператарам:

— Вяшчаць будзем. Зварот да нацыі зробім. Рыхтуйце тэхніку.

Праз дзесяць хвілінаў на тэлеканалах былі прыпыненыя ўсе перадачы, на экранах з’явіўся твар чалавека з рознымі вачыма. Ён угледзеўся ў камеру і абвясціў:

— Я, падпалкоўнік Люцыян Халецкі, абвяшчаю, што з гэтага моманту ўся паўната дзяржаўнай улады ў Вялікім Княстве Літоўскім пераходзіць у рукі...

***

Рукі ў Клеафаса Гардзея былі чыстыя і дагледжаныя, як у кожнага, хто займаецца інтэлігентнай працай з дакументамі. Гэтымі рукамі пракурор даўно напрактыкаваўся звязваць у адзін тугі вузел артыкулы Крымінальнага кодэкса і людзей. Найвышэйшым пілатажам ён лічыў завязаць у адзін вузел тое, што падаецца паралельнымі прамымі — чырвонае і мокрае, пераход вуліцы на чырвонае святло і замах на дзяржаўную ўладу...

Але насамрэч Гардзей ганарыўся не сваімі ўмелымі рукамі — ягоным сапраўдным гонарам былі вусы. Іх ён пялегаваў, даглядаў і па некалькі разоў на дзень расчэсваў, разглядаючы ў люстэрка кожны волас. Перад кожным судовым пасяджэннем пракурор надаваў вусам адмысловую форму, якая паказвала падсуднаму, на што варта настроіцца. Вусы ўгару — значыць, падсуднаму будзе палёгка: на самым суровым пакаранні пракурор не настойвае. Адзін вус дагары, а другі апушчаны — знак таго, што пракурор вагаецца. А калі абодва вусы апушчаныя долу, то на літасць разлічваць не выпадае.

— Высокі суд і Ваша мосць Вялікі князь! — рэзкі пранізлівы голас пракурора пілаваў паветра не горш за электрапілу Bosch, і легкаважныя кубікі паветра сыпаліся яму пад ногі. Знакамітыя вусы пры гэтым ніколькі не пацярпелі. — Такога падступнага злачынства наша краіна не бачыла апошнія чатыры стагоддзі.

Пасля гэтага Гардзей заглыбіўся ў гісторыю і расказаў, як у сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл падчас вайны падпісаў унію Вялікага Княства са Швецыяй, чым выратаваў дзяржаву ад заваёвы больш моцнымі суседзямі. Пасля перамогі гэты ж Радзівіл правёў дзяржаўныя рэформы, канчаткова нівеляўшы ўладу манарха і ператварыўшы дзяржаву ў канстытуцыйную манархію.

— Толькі дзве краіны ў Еўропе здолелі так рана і паспяхова правесці дэмакратычныя рэформы — наша Вялікае Княства і Вялікая Брытанія. Размешчаныя на розных краях еўрапейскага свету, дзве дзяржавы адначасова прыйшлі да аднаго і таго ж выніку, асвятляючы шлях іншым суседзям, — красамоўнічаў пракурор. — І гэтую спадчыну, якую ашчадна перадалі нам продкі, толькі адзін чалавек вырашыў сплюндраваць і спляжыць. Самае прыкрае, што гэты чалавек камандаваў палацавай вартай. Як жа яму прыйшло ў галаву, што нашыя нацыянальныя прававыя і ідэйныя здабыткі можна знішчыць?

***

Знішчыць капітальны будынак не так проста. Асабліва, калі ён стаіць у атачэнні іншых, якія пляжыць не загадана.

Выбіць з такога будынка салдатаў таксама няпроста. Халецкаму і яго салдатам пакуль што ўдавалася трымаць абарону будынка, дзе месцілася тэлерадыёкампанія.

Сам падпалкоўнік ужо некалькі гадзін таму перастаў камандаваць, а проста адстрэльваўся разам з іншымі. Аўтамат у яго руках нагрэўся, і Халецкі літаральна студзіў зброю ледзяным позіркам правага вока.

Будынак тэлевізіі пакуль трымаўся, хаця пасля некаторых прыцэльных траплянняў гранат сёй-той з атлантаў, якія стаялі ўздоўж фасада, абурана абтрасаў пашкоджаныя рукі і адыходзіў у невараць. Як правіла, гаўбцы, пакінутыя без атлантавых рук, таксама нядоўга заставаліся на фасадзе.

Але будынак не здаваўся. І салдаты ў ім таксама не здаваліся, хаця іх, як тых атлантаў, заставалася ўсё менш.

Падпалкоўнік Халецкі заскочыў у невялікі пакойчык, дзе абарону трымаў толькі адзін яго падначалены — капітан Кястуціс Гяда. Ён быў народжаны пад знакам Панны, гэты знак ім апекаваўся, і Гяда ахвотна карыстаўся сваёй папулярнасцю ў паненак. Капітан ахвотна расказваў ім, што ад нараджэння мае загану — два сэрцы замест аднаго, таму ніколі не стамляецца. Не адна паненка, нібыта каляровая бязважкая мятлушка, ляцела на агонь гэтых шчыраванняў, каб праверыць, ці сапраўды бравы капітан зусім-зусім не стамляецца...

Цяпер твар Гяды быў злы, нібыта яму мімаходзь адмовіла вясковая прасцячка, і перапэцканы пабелкай і сажай. Рэзка вызірнуўшы ў ваконны праём, капітан даў чаргу з аўтамата і хуценька зваліўся на падлогу. Сеўшы так, каб яго не магла зачапіць аніякая шалёная куля, і абапершыся спінай на сценку, ён зірнуў на Халецкага.

— А скажы мне, Люцыяне, — на правах даўняга прыяцеля капітан у асабістых размовах звяртаўся да падпалкоўніка на «ты» і па імені. Голас яго цяпер гучаў лена, быццам Гяда стаяў з келіхам «Удавы Кліко» на дыпламатычным суарэ. — Тая дапамога, якую ты нам абяцаў, яна сапраўды прыйдзе? Калі гэта не падман, то ёй варта паспяшацца. Бо мне здаецца, што нашаму праціўніку хутка надакучыць браць нас зморам, і тады нам служба мёдам не падасца — ні на пах, ні па кансістэнцыі...

Халецкі пільна ўгледзеўся ў капітана сваімі рознакаляровымі вачыма, але той ужо засяроджана разглядаў аўтамат, а потым пачаў рукавом счышчаць з яго нябачны пыл. Падпалкоўнік сеў на падлогу насупраць капітана, і сонца за вакном узляцела кудысьці пад нябесны купал. У сонечных промнях Люцыян пабачыў, як у пакоі ідзе бясшумны пылавы дождж.

— Згадзіся, Кястуціс, — падпалкоўнік падладзіўся пад няспешны свецкі тон размовы, якая ні да чаго не абавязвае і вядзецца проста для таго, каб бавіць час (чаму б двум выхаваным джэнтльмэнам не пафіласофстваваць на адцягненыя тэмы ў вольны ад іншых заняткаў час?). — Згадзіся, Кястуціс, што ў гэты момант для нас падмога — паняцце далёкае і неактуальнае. Калі яна прыйдзе — добра. Але дзейнічаць нам усё адно давядзецца так, быццам мы на яе не разлічваем. Бо цяпер нас вядзе наш абавязак — гэта тое, да чаго мы рыхтаваліся ўсё папярэдняе жыццё.

Ён замоўк і заўважыў, што заваконнае жыццё таксама паддалося няспешнаму тэмпу іхнай размовы: глейкая цішыня быццам паглынула і праціўніка, і ўсю рэчаіснасць, якая не змясцілася ў перыметр будынка тэлевізіі.

Павольна, быццам праглядаючы чужы сон, Халецкі прыўзняўся і пасунуўся да вакна. За нешырокай Свіслаччу ён пабачыў тры танкі, якія выехалі на пазіцыю і збіраліся адкрыць агонь па іхным будынку.

Падпалкоўнік пабачыў, як гармата аднаго з танкаў скіроўваецца проста на яго. Чорная невядомасць глядзела на Халецкага з гэтага дула — непраглядна-чорная, як вочы той цыганкі, з якой ён пазнаёміўся даўно, у юнацтве, у адным прыморскім гарадку.

Лежачы зранку на баку ў ложку, малады Люцыян прагна назіраў, як адзяваецца яго начная госця.

— Можа, застанешся яшчэ?

— Не, дарагі мой, — нізкім голасам адказала яна, не паварочваючыся да яго тварам. — Нам з табой далей ніяк нельга — я паглядзела твой лёс на далоні.

Ён прахапіўся і сеў, зацікаўлена пераводзячы позірк з цыганкі на сваю далонь:

— І што там? Скажы!

— Не магу, не трэба табе, дурненькі, загадзя гэта ведаць, — абедзвюма рукамі яна ўзбіла свае кудзеры, і бранзалеты на запясцях пры гэтым выразна праспявалі: «Ай, нанэ, рамалэ». — Адно табе скажу: у баі ты не загінеш.

Яна палка пацалавала яго на развітанне...

І цяпер гэты пацалунак — салодкі, але з ледзь заўважным водарам дымка, — Халецкі зноў пачуў на сваіх вуснах.

А потым штосьці грымнула, свет перакуліўся ў рознакаляровых вачах падпалкоўніка. Кантузія літасціва вызваліла яго ад сузірання таго, як муры будынка рассоўваюцца перад танкавымі снарадамі. Не пабачыў ён і таго, як ягоных салдатаў, агаломшаных пасля гэтай атакі, дабіваюць асатанелыя праціўнікі, помсцячы за той час, калі яны не маглі падняць галавы пад агнём з будынка...

Нічога гэтага Халецкі не бачыў, бо ягоная памяць вярнула яго да нядаўняй размовы з вялікім князем.

— Мы жывем у свеце суцэльнага падману і хлусні, падпалкоўнік, — Вільгельм Панятоўскі глядзеў міма палкоўніка, спрабуючы прасвідраваць позіркам сценку. — Я нашу тытул вялікага князя. Вялікага, ха! А ўся мая веліч — гэта і ёсць толькі тытул. Бо сапраўдная ўлада ў нашай дзяржаве належыць канцлеру і вялікаму гетману. Падзякуем за гэта Янушу Радзівілу!

Скрыўлены ад бяссільнай злосці твар мільгануў у люстэрку — і яно трэснула і рассыпалася на друзачкі, не вытрымаўшы напругі вялікакняскага аблічча.

— Я адчуваю, што мог бы вярнуць княству сапраўдную веліч, — Панятоўскі учэпістымі пальцамі схапіў падпалкоўніка за руку. — Я ведаю, як гэта зрабіць! Але мне патрэбная падтрымка, мне няма на каго абаперціся. Скажыце, падпалкоўнік, вы ж давалі прысягу на вернасць Вялікаму княству і манарху?

...Нехта схіліўся над целам Халецкага, прыклаў вуха да цела і крыкнуў камусьці далёкаму:

— Жывы ваш падпалкоўнік!..

***

— Падпалкоўнік Люцыян Халецкі спрабаваў ажыццявіць дзяржаўны пераварот з мэтай змены дзяржаўнага ладу. У змове з групай асобаў ён планаваў усталяваць абсалютную манархію, пра што абвясціў у сваім тэлезвароце да нацыі. З гэтым зваротам ён выступіў пасля захопу будынка дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, — пералічваў пракурор Клеафас Гардзей правіны падсуднага.

Ён павярнуўся да вялікага князя, і пракурорская спіна нахілілася ў элегантным паўпаклоне:

— Вашамосць, у сваім тэлезвароце абвінавачаны казаў, што зверхнасць улады ў дзяржаве пераходзіць у вашыя рукі. Ці давалі вы абвінавачанаму згоду на выказванне ад вашага імя?

Вільгельм Панятоўскі адкрыў рот, а потым закрыў, не вымавіўшы ні гуку. Ён паглядзеў на канцлера і гетмана, якія сядзелі па баках, кантралюючы кожны ягоны рух.

Позірк маленькіх акулавых вочак вялікага князя праслізнуў па твары Халецкага, дзівам не пакінуўшы па сабе шнара, і засяродзіўся на гузіку на форме пракурора. Той паўтарыў:

— Вашамосць, ці давалі вы такую згоду Люцыяну Халецкаму — пісьмова, вусна або намёкам?

— Не, — кароткае слова растала ў паветры.

Падпалкоўнік прыкрыў вочы.

Калі ён зноў расплюшчыў іх, у левым воку ўжо плавіўся ад сквару пясок афрыканскіх пустэльняў. Вочы ў Халецкага перасталі быць рознакаляровымі.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Шустрая ты, Рудзеля, слова сказаць не даеш... А гэтыя Ягоркі ўсе паміж сабой розныя былі: адзін драўляны, другі залаты, а трэці каменны. Так іх і называлі, так і разрознівалі міжсобку.

Навошта такому чалавеку з тонкай душэўнай арганізацыяй, з цікаўнасцю да прыгожага пісьменства вось уся гэтая беганіна па лесе са страйкбольнай зброяй? Навошта пастаянныя заняткі ў «качалцы»? Гэта ўсё адбірае час у літаратуры!

Алесь Бяляцкі сказаў мне, што я вязу перадачу для Барыса Ханонавіча Хамайды. Я спытала: хто гэта? Ён адказаў, што гэта вельмі добры чалавек з Віцебску, у Менску яго затрымалі, а мне галоўнае не забыцца і правільна сказаць імя і прозвішча, калі буду перадаваць перадачу. Я ехала і, як у анекдоце пра мыла, паўтарала: «Хамайда Барыс Ханонавіч, Хамайда Барыс Ханонавіч».

Яна павярнулася спінай да дожджыку і стаяла так, заплюшчыўшы вочы і трымаючы на далонях грудзі — нібыта прапаноўваючы іх свайму адбітку ў люстры, што вісела на сцяне.