Дзейныя асобы:
Турэмшчык — мужчына гадоў 40
Вязень — мужчына гадоў 35
Дзеянне адбываецца ў камеры Вязня. Абстаноўка мінімальная: стол і зэдлік, прымацаваныя да падлогі, а таксама нары.
Па камеры туды-сюды ходзіць Вязень. Двойчы пранізліва рыпяць дзверы — уваходзіць Турэмшчык.
Турэмшчык. Здароў!
Вязень (стрымана). Прывітанне.
Турэмшчык (сядае на зэдлік). Што ты ходзіш туды сюды, як Марка па пекле? Прысядзь. Ці ты думаеш, што калі ты ходзіш, дык ты не сядзіш? (Рагоча.)
Вязень. Гэтыя жарты патыхаюць нават не казармай, а проста старымі смярдзючымі анучамі. (Сядае на ложак.)
Турэмшчык. Не разбіраешся ты ў анучах. І ніколі не разбіраўся... Анучы, якія намотваеш на ногі... Мы ж пра іх гаворым? Дык вось, анучы павінныя быць свежымі і мякенькімі, як скура дзіцяці. Іначай ты імі ўсе ногі сатрэш. (Памаўчаўшы.) Але дзе ж табе такое ведаць — ты ж у войску не служыў. Ты ж усё жыццё па «вумнай часці» лічышся.
Вязень. А ты дагэтуль мераеш усіх гэтай меркай — служыў ці не служыў у войску?
Турэмшчык. Ну, калі б ты служыў, табе і тут было б лягчэй.
Вязень. Чаму гэта?
Турэмшчык. Ты б ведаў, што ёсць парадак і што ўсе абавязаныя яго выконваць. Што начальства сказала, то і рабі. А то табе загадваюць, а ты стаіш, як х... хер на вяселлі.
Вязень. Мне не падабаюцца гэтыя загады, вось і не выконваю.
Турэмшчык. Ці мала што каму не падабаецца... Мне таксама шмат чаго не падабаецца, але ж ёсць парадак і дысцыпліна.
Вязень. Гэта турэмны парадак.
Турэмшчык (з’едліва). А мы з табой дзе?.. Можна падумаць, ты на волі парадку трымаўся! Калі б так было, мы б з табой цяпер не тут размаўлялі.
Вязень. Дык ты паразмаўляць прыйшоў?
Турэмшчык. А чаму ж не! Але здаецца, што з табою размаўляць — як аб сценку галавой біцца: ні атвету, ні прывету. Чаму ты такі ўпарты нейкі, зацяты?
Вязень. Апынешся на маім месцы — пагляджу я, які ты будзеш лагодны і рахманы.
Турэмшчык. А я не буду на тваім месцы! Ведаеш чаму? Таму што я незаменны. Кожнай уладзе патрэбны Турэмшчык. Кожнай! Гэта ты мог на плошчы крычаць, што як толькі вы прыйдзеце да ўлады, дык разбурыце старыя турмы і будзеце пільнаваць правы чалавека. Гэты, каторы цяпер кіруе, таксама так крычаў, пакуль не прыйшоў да ўлады... Таму я за сваю будучыню спакойны.
Вязень. Думаеш, на тваё месца ахвочых не знойдзецца, калі ўлада пераменіцца?
Турэмшчык. Не ведаю, не ведаю... Вось ты пойдзеш на маё месца — ахоўваць ворагаў улады? Вашай, (Са здзекам у голасе.) спра-вя-длі-вай улады...
Вязень. Бррррр!
Турэмшчык. А я табе пра што кажу?.. Турэмшчыкам быць можа далёка не кожны. (Напявае:)
Калі мяне на суд прывёз канвой,
То пракурор гырчаў, як сука злая,
А я стаяў збялелы, сам не свой,
І паўтараў: «Спакуха, Бог не фраер!»
Вязень. Слухай, ты ж не заўсёды быў турэмшчыкам...
Турэмшчык. Ага, малады быў, дурнаваты, адукацыю хацеў атрымаць. Вышэйшую... Слухаў такіх, як ты. Добра, што спыніўся своечасова, а то зараз бы выскачыў, задраўшы штаны, — і за табою следам, у камеру.
Вязень (насмешліва). А цяпер ты дзе?
Турэмшчык. Не трэба так ставіць пытанне. Я адсюль магу выйсці. І ўвогуле, я тут — прабыў змену, а потым магу ісці куды захачу: хоць у піўнуху, хоць на хакей, хоць у тэатр...
Вязень. І што, даўно ты ў тэатры быў?
Турэмшчык. Я сказаў «магу», а не «пайду». Магу ісці, магу не ісці — я чалавек вольны.
Вязень. Вольны чалавек не стане пазбаўляць волі іншых.
Турэмшчык. А я цябе волі і не пазбаўляў. Я прыйшоў на працу і выконваю яе. Сумленна выконваю, між іншым. Вы ж самі ўвесь час паўтараеце, што народ у нас — працавіты і старанны. Вось і я такі ж.
Вязень. Дзе ж тут у вас працавіта і старанна? Ты сам чуў, як дзверы рыпяць? Вы б іх змазалі.
Турэмшчык. А яны таму і рыпяць, што так задумана. Вось захочаш ты ўцячы. Здабудзеш дзе-небудзь ключ ці яшчэ якім спосабам прыдумаеш адамкнуць дзверы, толькі пацягнеш іх на сябе — і ўвесь паверх пачуе гэтую сігналізацыю.
Вязень. О, дык вы тут мух не ловіце — вялікія розумы працуюць над кожнай драбязой.
Турэмшчык. Здзекуйся, здзекуйся... Людзі не дурнейшыя за цябе ёсць.
Вязень. Ды я веру, веру. У цябе вунь нават вышэйшая адукацыя... Слухай, а яна табе тут спатрэбілася? Вартаваць можа і абы-хто.
Турэмшчык. Вядома! Я рапарты без памылак пішу — начальству гэта вельмі падабаецца. А табе нашто была твая вышэйшая адукацыя? На мітынгах жа можна было і неадукаванаму выступаць...
Вязень. Мая адукацыя адкрыла мне цэлы свет! А напоўніцу выкарыстаць яе на карысць радзіме я планую пасля таго, як мы прыйдзем да ўлады...
Турэмшчык. Зноў завёў сваю катрынку!
Вязень. Ты не верыш, што мы прыйдзем да ўлады?
Турэмшчык. Да ўлады ты мог бы прыйсці і цяпер, проста ты не хочаш... Ну што ты на мяне так глядзіш? Усё ж проста — выконвай правілы і падымайся па ўладных прыступках хоць да самага верху. Проста выконвай правілы.
Вязень. Але ж я супраць усёй гэтай сістэмы.
Турэмшчык. А ніхто цябе і не заклікае быць «за». У глыбіні душы ты можаш быць зацятым ворагам улады. У вольны ад працы час, а то і на працы, але цішком, ты можаш расказваць показкі пра ўладу і смяяцца хоць з самага галоўнага... Але тупа выконвай правілы! Нікога не хвалюе, што ты думаеш, калі ты гэта не носішся са сваімі прынцыпамі, як дурань з дзвярыма.
Вязень. Дык ты мяне прыйшоў жыццю вучыць?
Турэмшчык. А хто цябе навучыць, як не родны брат? Павінен жа табе хоць нехта даць параду.
Вязень. Позна мяне ўжо вучыць.
Турэмшчык. Гэта праўда — трэ’ было ў дзяцінстве цябе болей таўчы, тады з цябе, можа, толк бы выйшаў.
Вязень. Думаеш, тады б мы абодва тут турэмшчыкамі служылі?
Турэмшчык. Хто ведае, хто ведае... Праца гэтая, дарэчы, вельмі някепская і няпыльная. Вельмі шмат выгадаў — акрамя добрага акладу. Некаторыя вязні за паляпшэнне сваіх умоваў гатовыя добра даплаціць.
Вязень. Я табе заплаціць не змагу — няма чым.
Турэмшчык. Ды я з цябе і не прашу — ты ж мне не чужы чалавек. Я наадварот — дапамагчы хацеў... Хочаш — дзевак прывяду? Ну, гэтых, з высокай ступенню безадмоўнасці... Тут ёсць такія дзяўчаткі — вышэйшы клас! (Прыцмоквае.) Калі я ім паабяцаю тэрмін зменшыць, яны на ўсё пагодзяцца.
Вязень. І ты іх паслугамі карыстаешся? У цябе ж сям’я...
Турэмшчык. Ведаеш, гэта як з прынцыпамі — пакуль ты трымаеш іх пры сабе, іншых гэта не закранае. Мая сям’я — гэта святое, ты яе не чапай! А дзяўчаткі — гэта мой бонус да службы...
Вязень (дэкламуе).
"Гульня з агнём, двудушнасці задушша,
Дзяцінае шальмоўства каралёў..."
Турэмшчык. З агнём гуляўся акурат ты. Гуляўся — і дагуляўся, як тая дзяўчынка з запалкамі.
Вязень. Затое маю чыстае сумленне.
Турэмшчык. Неўжыванае, ці што? (Рагоча.)
Вязень (крывіцца). Зноў твае тупыя жартачкі...
Турэмшчык (нечакана пасур’ёзнеўшы). Ну ладна, давай па-сур’ёзнаму: я зараз адчыню дзверы і дапамагу табе ўцячы.
Вязень. Куды?
Турэмшчык. Як — куды? На волю. Пойдзеш да сваіх паплечнікаў, разам падымеце рэвалюцыю. Народ прыслухаецца да чалавека, нявінна кінутага за краты... Ты ж ведаеш — народ наш любіць пашкадаваць нявінна пакрыўджаных! А ты будзеш не толькі нявінны вязень рэжыму — ты яшчэ і герой, які ўцёк з-пад варты! Табе дамалююць анёльскія крылы і залаты німб...
Вязень. Вось не чакаў, што родны брат прыйдзе мяне так тапорна правакаваць. Значыць, я зараз за дзверы — а там мяне ловяць і замест гэтай камеры запіраюць у які-небудзь каменны мех, дзе і павярнуцца будзе нельга?
Турэмшчык. Які ж ты недавярак...
Вязень. Альбо іншы варыянт. Я ўцякаю, а сярод маіх сяброў на волі пускаюць чутку, быццам я ўсіх прадаў і падпісаўся быць даносчыкам.
Турэмшчык. Вось, значыць, як ты пра роднага брата думаеш...
Вязень. А што мне думаць, калі я сяджу за кратамі, а ты мяне ахоўваеш?
Турэмшчык. Як наш бацька некалі казаў, драч драчу не дзярэ аччу. А мы з табой у адных бацькоў нарадзіліся ды выгадаваліся...
Вязень. Толькі апынуліся па розныя бакі кратаў.
Турэмшчык. Ну, глядзі сам. Мая справа — прапанаваць, твая — адмовіцца. (Падымаецца і выходзіць, дзверы рыпяць толькі адзін раз.)
Вязень (застаўшыся адзін, ідзе следам за Турэмшчыкам. Але не даходзіць да дзвярэй. Прыслухоўваецца.). Сышоў. І дзверы не зачыніў за сабой. Сысці? А куды? Нават калі гэта не правакацыя і мяне не зловяць... Пакуль я за кратамі, я герой. Я — сцяг барацьбы. З маім імем можна выходзіць на мітынгі. Калі я выйду, то... што? Што патрабаваць замест майго вызвалення? І што рабіць мне самому — зноў змагацца за сваю вузкую лавачку ў падполлі?
Вязень вяртаецца і сядае на сваім ложку. Дзверы рыпяць, зачыняюцца; чуваць, як у замку паварочваецца ключ.