Ягорка

сучасная беларуская проза, фантастыка, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

— У далёкім царстве, у трыдзясятым гаспадарстве жылі-былі тры браты, усе тры — Ягоркі...

— Як так — усе тры з адным імем? Хіба так бывае, Аднарукі? У нас калі браты — усіх па-рознаму клічуць. Вунь у Ваўчаняці, напрыклад, брат Хлапун. А каб іх клікалі абодвух Хлапунамі, як бы мы іх разрознілі?

— Шустрая ты, Рудзеля, слова сказаць не даеш... А гэтыя Ягоркі ўсе паміж сабой розныя былі: адзін драўляны, другі залаты, а трэці каменны. Так іх і называлі, так і разрознівалі міжсобку.

Аднарукі паварушыў прутком у вогнішчы, вакол якога сядзела дзятва і слухала ягоны расповед. Падтрымліваць цяпельца стала ягоным абавязкам пасля таго, як мужчына страціў адну руку і быў ужо непрыдатны ні для палявання, ні для якой іншай мужчынскай працы.

— І сталі Ягоркі высвятляць, хто з іх мацнейшы: адзін кажа — я, другі — не, я... І пагадзіліся яны сысціся ў чыстым полі, каб падужацца, памерацца сіламі. Выйшлі спярша залаты і драўляны Ягоркі. Стукнуў драўляны — увагнаў залатога па калені ў зямлю. Стукнуў у адказ залаты — увагнаў драўлянага па пояс. Ясна стала, што залаты мацнейшы, быць яму галоўным над драўляным.

Мужчына агледзеў дзяцей: тыя сядзелі моўчкі, некаторыя слухалі яго з адкрытым ротам, быццам баяліся прапусціць хоць бы слоўка з аповеду. Агонь, раскладзены на бетоннай падлозе, кідаў на іхныя твары нязыркае святло, адваёўваючы ў цемры колькі было змогі.

— Выйшаў залаты Ягорка супраць каменнага. Стукнуў ён каменнага — і не ўвагнаў таго ў зямлю ні на дробачку, але адкалоў ад пляча ў каменнага Ягоркі маленькі каменьчык. Раз’юшыўся каменны брат, сказаў слова запаветнае і ператварыўся ў цмока лютага — вочы ззяюць агнём, так што здалёк бачна, з ноздраў дым ідзе. Зароў ён страшным голасам і дзьмухнуў агнём на залатога Ягорку, а потым праглынуў яго. І драўлянага брата таксама праглынуў.

Аднарукі замоўк і пацягнуўся да паленца, якое хацеў падкласці ў вогнішча. Цішу прарэзаў няўпэўнены дзявочы голас: — Гэта ж казка, праўда?

— Не, Рудзеля, гэта не казка, — адказаў ён, не гледзячы ў бок дзяўчынкі. — Так яно і было. Цяпер каменны брат жыве ў пячоры і валадарыць над усім нашым краем. Усе мы яму служым і ахвяры носім.

— Якія ахвяры? — голас дзяўчынкі гучаў запатрабавальна, настойліва.

— Цікаўнай Тэклі абарвалі нос у пекле, — Аднарукі яўна не хацеў адказваць на гэтае пытанне. — Будзеш такая цікаўная, дык і не вырасцеш.

Голас мужчыны неспадзявана стаў сіплым, быццам у горле ў яго штосьці перасела і гукі праз гэтую перашкоду прарываліся з цяжкасцю — былі нейкія пакамечаныя.

***

Але Рудзеля вырасла.

Яна была ўжо зусім вялікая — сустракала сваю трынаццатую зіму, калі Аднарукі памёр.

Зіма ўвогуле была цяжкой: ад сцюдзёных маразоў не вельмі ратавалі руіны дамоў, у якіх жыло Рудзеліна племя. Здабываць пацукоў, чыім мясам карміліся ў цяжкую часіну, стала значна цяжэй: яны таксама хаваліся ад халадэчы. Голад і холад даканалі многіх.

У той дзень Рудзеля вярнулася, цягнучы за сабой галлё для вогнішча — усё, што ёй удалося здабыць на балаціне.

Дзяўчына пасунулася да агню, каб пасушыцца пасля паходу па глыбокім снезе, калі раптам адчула, як яе схапілі дужыя мужчынскія рукі, прыўзнялі ў паветра і моцна сціснулі. Рудзелі звязалі рукі за спінай. «Магчыма, той жа вяроўчынай, якой я вязала галлё», — прамільгнула раптоўная думка.

— А-а-а-а-а! — завішчала яна, але крык загруз у нейкай анучы, якую ёй засунулі ў рот. Ануча была шорсткай, мокрай, непрыемнай, і выпхнуць яе не атрымлівалася.

Думкі ў галаве сталі блытацца: хутчэй за ўсё анучу вымочвалі ў адвары мухамораў.

Апошняе, што яна чула, былі словы: — Старэйшыны вырашылі аддаць яе ў ахвяру Ягорку.

З далейшых падзеяў дзяўчына не змагла б выбраць тое, што адбывалася насамрэч, і тое, што ёй толькі прымроілася ў цяжкім сне. Яна адчувала, што яе кудысьці нясуць і ейныя распушчаныя рудыя валасы чапляюцца за пругкія галіны дрэваў. А праз імгненне гэта былі ўжо не галіны, а ласкавыя пальцы Аднарукага, які гладзіў яе па галаве і прыгаворваў: — Не спяшайся, дзяўчынка, не спяшайся вырасці...

Ачомалася яна ад холаду: Рудзеля ляжала на каменнай пліце і адчувала, як халадэча працінае ейнае цела да самых костак. Напэўна, яна ляжыць тут ужо даволі даўно, калі паспела настолькі змерзнуць...

Перад ёй быў уваход у пячору: гладкія прыступкі вялі кудысьці ўніз, адначасова вабячы і палохаючы.

Дзяўчына паварушылася і зразумела, што рукі яе ўжо не звязаныя. Можа, старэйшыны вырашылі даць ёй шанец перад страшным Ягоркам?

Рудзеля з цяжкасцю паднялася на ногі, якія не хацелі яе слухацца. Усю яе калаціла.

Калі б дзяўчына ўмела чытаць, то над пячорай, да якой яе прынеслі, яна пабачыла б вялікія літары АМЕН ГОРКА.

Ісці ў пячору ці ўцячы?

Знізу раптам даляцеў слабы подзьмух паветра. Напэўна, Рудзеля б яго не заўважыла, калі б... Калі б ён быў не такі цёплы!

Прытрымліваючыся рукой за сценку, яна стала спускацца ўніз, асцярожна ставячы ногі на кожную каменную прыступку.

Адзін паварот, другі.

Зноў прыступкі.

Унізе было не цёмна. Вядома, цямней, чым на вуліцы, але можна было сёе-тое разгледзець, калі вочы прызвычаіліся да змроку.

Пячора была вялікай — Рудзеля раней нават не бачыла такіх гіганцкіх. У тых руінах, дзе месцілася яе племя, вялізныя памяшканні не любілі: іх цяжэй абаграваць.

У глыбіню сыходзілі і губляліся ў цемры слупы, якія падпіралі столь пячоры. За адным шэрагам слупоў дзяўчына пабачыла нейкія цёмныя абрысы. Увушшу ў яе гучна затахкала — ад гэтага няяснага ценю яна не чакала нічога добрага.

Гэта Ягорка?

Рудзеля спынілася і стала ўзірацца ў цень, але той не падаваў прыкметаў жыцця.

Яна зрабіла крок наперад і зноў спынілася.

Раптам цень чмыхнуў, і ў цемры заблішчэлі драпежныя вочы, разганяючы змрок.

***

«Паважаныя пасажыры! Рух цягнікоў па другой лініі часова спынены па тэхнічных прычынах на нявызначаны час. Прыносім свае прабачэнні!»

— Што здарылася?

«Паважаныя пасажыры! Рух цягнікоў па другой лініі часова...»

— Ды што, што... Нейкая дурніца пад цягнік кінулася.

— І адкуль яны толькі бяруцца...

«Паважаныя пасажыры! Рух цягнікоў...»

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Навошта такому чалавеку з тонкай душэўнай арганізацыяй, з цікаўнасцю да прыгожага пісьменства вось уся гэтая беганіна па лесе са страйкбольнай зброяй? Навошта пастаянныя заняткі ў «качалцы»? Гэта ўсё адбірае час у літаратуры!

— Толькі дзве краіны ў Еўропе здолелі так рана і паспяхова правесці дэмакратычныя рэформы — наша Вялікае Княства і Вялікая Брытанія. Размешчаныя на розных краях еўрапейскага свету, дзве дзяржавы адначасова прыйшлі да аднаго і таго ж выніку, асвятляючы шлях іншым суседзям, — красамоўнічаў пракурор.

Адразу ж пасля сканчэння маскоўскага ўніверсітэту ён намёртва, як тупая сякера ў сукаватым палене, засеў ува ўладных кабінетах і часам толькі перабіраўся з аднаго ў другі, прычым усё большы, з усё цяжэйшай і даражэйшай мэбляй, а таксама прыгажэйшай і маладзейшай сакратаркай, падрыхтаванай для якіх заўгодна паслуг.

— На марозе, ды з ветрыкам, заснеш толькі так, — Лёшка Лайзан бярэ першую бітку. — Летась на Вынгапуры рэлейную вышку ставілі. Ну выпілі, вядома, каб сувязь добрай была. Мароз таксама за сорак. Выйшаў я папаліць, і тут жа, стоячы, заснуў. Чую, ляпае хтосьці па твары. Спрабую павекі раздзерці, а яны не раздзіраюцца. І галава як здзервянела.