Ухвала шаленства

паэзія, вершы, беларуская мова

Каляды 2013

Узыход на гару агаляе горад,
апаўзае ўніз небакрайняя плоць.
Ён у цэнтры orat, далей – laborat.
Шэраг зыркіх вышак – ахоўны плот.

Незразумела, зь якое радасьці
я, сюды прыехаўшы юнаком
пад уплывам мараў гаручай вадкасьці
машынальна яго называю «дом».

Колькі часу, сілаў у яго ўбухаў –
пракапаў, як выгнілы апэльсін,
ды за смогам сьвятла маіх целазрухаў
з вышыні такой не відаць зусім.

Ані Кафка ня ведае праўды-маткі,
ані котка з дальнабойнымі агнямі ўваччу,
што я ўжо шаснаццаць гадоў падаткі
патаемна іншай зямлі плачу.

Трэба стан рахунку? Давайце выгуглім:
гэтым целам выпіты ладны штоф...
Скарына перад сабачым выгулам
стаіць, не ўзіраючыся ў Нішто,

і ня бачыць гурбаў лайна сабачага –
ён і ўдзень бачыць толькі мур цемнаты.
Стары мост пераходзіць раку абачліва,
па кроках, ня ўскок, як маладыя масты.

Сьцяг складае й раскладвае самалёцікі,
забыты ўсімі ўгары, з нуды.
Не глухія ня цямяць яго сэміётыкі,
а глухія глядзяць, як заўжды, не туды.

Хтось у дом увайшоў, і сьвятло зашкаліла,
быццам гук, азарыла пралёт пад столь...
Ну давай, як бабця ў Аргентыне: за Сталіна!
За Радзіму! – няхай не вайна – па сто.

Няхай жывуць твае імаверы
нябачна, сам іх дабраславі...
Павольна, быццам пляма крыві
агонь расьцякаецца па паперы.

M(a)y day

Зрабіць учынак малайца,
схадзіць да лекара
(што як пачухаць два яйца
для вас ці некага),
як бы паскудная аўца
ўва мне ні некала.

Астатак грошай прагуляць
як непатрэбныя –
усякіх кніжак накупляць
заместа прэміі,
хоць і шкада: свае жа ж, пляць,
амаль што крэўныя.

Наўкол дзяўчат да дваццаці
ганяюць іншыя –
вось бы і мне каго зграбсьці,
каб формы пышныя!
На жаль, ня быў яшчэ ў жыцьці
настолькі ўвішны я.

Якую мову ні спрабуй,
каб з кім скантачыцца –
навошта гэткі абалдуй
вунь той сабачніцы?
(Цярпець сабакаў не магу й
не перайначуся.)

Прыйсьці пад раніцу дамоў,
з каханай лаяцца –
няўжо ж мы, рыцары, дамо ў
хлябала лапачцы?
Усё адно пасьля вымоў
спрабуем ласьціцца...

Вось так сыходзім у нішто
мы, невыносныя.
Як ні закусвай салам сто –
усьмешка посная.
Ну, хто мне з вас закіне, што
люблю адно сны я?

*
На вёсцы дні – нібы шуфляды:
адзін ідзе на пераклады,
другі суцэльна – на ўспаміны,
на кшталты іншай пісаніны.

На вёсцы дні – нібыта соты,
пчалінай поўныя работы,
якая поўніць чорным мёдам
сланечнік-крыжаванку года.

Спаўзае сьнег расталай лявай
зь дзіцячай коўзанкі бялявай,
з пагор'я стрэхаў, як забіты,
цярушыцца на кілябіты.

Нясе цягнік агонь бэнгальскі,
сабе абпальваючы пальцы,
пасьпець каб да алімпіяды...
На вёсцы дні – нібы шуфляды.

Самапародыя

Начное неба – боскі дэсктоп,
у галаве – вясновы Eintopf,
замест лямбарду зьнясу ў сэкс-шоп
узнагароды я.
Мноству мэтафар і фраз наву-
чаны, зрыфмую, як Азнавур
верш “нязмушаны” й назаву:
«Самапародыя».

Лазьня

Памяці Ю. Б.

У лазьню разам не схадзілі:
то час, то сорам не даваў.
“Папарымся ўжо на радзіме”,
бязь веры, жартам дадаваў,

“Ну не Адам я целам, кеміш,
такія гены – што ніяк.
Дарма бажыўся Караткевіч:
“Найлепшы афрадызіяк!”

А да мужчынскага братэрства,
піўка і “Беларусь ТБ”
я ставіўся заўсёды чэрства,
ня ў крыўду сказана табе”.

Цяпер, як буду ў Беларусі
(калі чакаць не задзяўбе),
схадзіць у лазьню памяць змусіць –
і безь цябе, і за цябе.

*
Юрась, мы павалілі латышоў!
Хвілін назад ніхто ўжо не адліча –
ты рады, пэўне ж, хоць твайго аблічча
я на трыбунах так і не знайшоў.

Яго я бачу ў сьне ці не часьцей,
чым кагадзе ў жыцьцёвай куламесе...
Хто гэта плача? Нашая “Алеся” –
за ўсіх тваіх няспраўджаных дзяцей.

*
Раніца
Балаболкі касьцёльных званоў
Мястэчка выходзіць пасьвіцца

Вясковае сонца
мае колер, як хатнія яйкі
мача пасьля п'янкі

Птушыная дзюба покае
сьпелым зярняткам
з клёкатам

Касьцёлы мацуюць зямлю да неба
стандартныя, як шрубы –
паўсюль пасуе любы

Верш на пленэры

Прыморская лябараторыя па пераадоленьні чалавека
й вывядзеньні ягонага новага кшталту -
homo pinguinus

Тыповае лягернае дольчэ фар ньентэ
перад пачаткам масавых дэпартацый

На сонцы сохнуць мэдузы, ракавіны, вагіны
Рукі ператвараюцца ў клюшні

У статку без патрэбы абліччы й нават целы -
адрозьніваюцца толькі колеры плавак,
як колеры плыўнікоў у рыбак

Гамагенная ананімная маса
пад гіпнозам адзінай усемагутнай багіні -
асэксуальнасьці -
варушыцца сонна
і бессаромна

У марской вадзе распускаюцца ўсе грахі

Аналяг бабілёнскай вежы наадварот -
усе мовы зноў склейваюцца ў адзін
цестападобны кавалак безьзьмястоўнага мармытаньня -
бабілёнская яма

Раніцай – танцы для дзяцей у вадзе
Увечары – танцы для вар'ятаў на сушы
Кола эвалюцыі замкнулася

Пару стагодзьдзяў таму
ў гэтых мясьцінах
нашыя вэнэцыянскія продкі
лавілі рыбу
будавалі парты
змагаліся за сваю незалежнасьць
і залежнасьць астатніх
а на супрацьлеглым беразе мора
адзін ірляндзец
пісаў «Уліса»

Сёньня мы можам
ужо толькі валяцца на сонцы
як цела архаічнага падводнага пудзіла
за тры дні да раскладу

Па дарозе ў Італію

Бэнзін трох краін намяшаны ў машыне –
ганяецца цюцька за Белым Трусом;
то ўлева, то ўправа па горнай цясьніне
пятляе той – замак, няўлоўны, як сон.

Гара паўстае навальнічнаю хмарай,
выблісквае сьнегам – і зноўку блакіт.
З ласкавасьцю хатняй авечкі рахманай
дае пад лыжню яна стрыгчы бакі.

Тунэль нас нясе, бы лятак, дзе турбіны
вісяць усярэдзіне – тушы акул...
Ён выкіне нас у прастору краіны,
усе нашы Прагі паходзяць адкуль.

La escritura de Dios

На руках, абмарожаных сонцам, вадой абгарэлых,
бы раптоўныя вершы ў замуляным сшытку тулягі,
аднаўляюцца памяцьцю скуры архіпэлягі,
мапы выспаў далёкіх, што памятаюць аб галерах,

праз тры дні ўваскрасаюць, на часе ўтвараюць пяцельку,
найпрасьцейшы зародак яшчэ невядомых галяктык –
гэтак з новапрывезеных кніг абдзіраецца плястык
і зьмяняецца ў колеры хамелеон у засьценку.

*
Што вы кажаце, выбачайце? Urobim vam zdjencia,
паўтарае сваю прапанову дзядок,
што выйшаў яшчэ раз зірнуць з вышыні на Прагу.
Не, дзякуй, ня трэба. Мы самі.

Праз тыдзень: 90-гадовая старая памалу сунецца па вуліцы,
няпэўным дзіцячым крокам яе спрабуе дагнаць ейны сабачка,
зь першага погляду шчанючок, але насамрэч –
яшчэ большы доўгажыхар за гаспадыню,
каб спытаць у яе позіркам,
ці не прынесьці ёй прынамсі кіёк,
але тая нават не заўважае ягонай просьбы.
Ёй ад яго ўжо нічога ня трэба,
і гэта ня меней сумна,
чым у першым выпадку.

Майстар

Прыходзіць, як у госьці да найлепшага сябра,
гаворыць пра ўсё:
што хварэе, ня любіць цыганоў, гуляе
на кампе ў стралялкі, што Крым заўжды належаў Расеі,
а ў краіне – поўны бардак;
жартуе, гарлае, як грабалаўскі Пэпін
(ніколі не сустракаў між чэхаў ніводнага Швэйка) -
ужо празь якую гадзіну ад яго пачынае балець галава,
я даю яму зразумець, што мне час сыходзіць -
тады ён урэшце зьбіраецца, амаль пакрыўджаны
на тое, што я ня маю пачуцьця гумару:
маўляў, калі б не магчымасьць пагутарыць,
ён ад гэткае працы даўно звар'яцеў бы -
цудоўна, да пабачэньня. Лепш вы, чым я.
Толькі калі ўрэшце струмень гарачай вады
пасьля трох дзён чаканьня дакранаецца да маёй скуры,
я, нібыта ў дзяцінстве, адчуваю разам з асалодай
нешта накшталт згрызотаў сумленьня. 

*
Да мяне прыяжджаюць у госьці,
каб вярнуцца ў сваю маладосьць,
дзе я чуюся дзіркаю ў мосьце,
як для ліку запрошаны госьць.

Мне ў сваю дык ня трэба вяртацца,
я зь яе й не зьяжджаў нікуды:
ці мне шэсьцьдзесят, ці мне шаснаццаць –
я ня помню. Забыў за гады.

Ухвала шаленства

Ты мёртвымі народжаны, ня мной...
   Борхэс, «Сыну»

Пацалунак перад сэксам – на дарожку:
да аргазму разьвітаўшыся з сабою,
мы, нібыта два вар'яты ў клетцы-ложку,
пераходзім да сьмяротнага двубою.

Да двубою? Сапраўды? А сэкунданты?
Хто змагаецца за нас, як ня мы самі?
Мне нагадвае ўсё гэта сўінгэрз-парты
паміж нашымі далёкімі бацькамі.

Нашы целы, насамрэч, нам не належаць,
нам іх толькі аддалі на карыстаньне
з той надзеяй, што празь іхную драпежнасьць
дух няўлоўны сам аднойчы целам стане.

Прыгарад

Як і ў курортным гарадку,
свае тут мінусы і плюсы,
і з плюсаў, мабыць, самы тлусты –
адсутнасьць яхтаў у стаўку;

свой псыхіятар, магістрат,
замест турыстаў – імігранты,
ну і бліжэйшы за Піран ты;
цябе ня спаліць Герастрат

дзеля празьмернае красы –
ты выміраеш ад нудоты,
мне ж і бяз ракавін чутно тут,
як шэпчуць мора галасы.

*
Бібліятэка: ты прыходзіш у шпіталь
да сваяка і раптам бачыш, што ты ў моргу,
дзе кожны труп – аўтарытэт, як “Капітал”,
ды пад спатканьне вам ня выдзеляць каморку

для нэкрафілаў, то ж бо “тут вам не бардэль”,
а толькі кшталт глуханямога аквапарку.
Вось стол: паймей уласнай старасьці мадэль,
а там – пад душык, у буфэт і ў апраналку.

Тут мірна сьпіць калектывізаваны бог,
таму пакінь прыватнасьць-зброю на ўваходзе:
ніводны з тых, хто ад сябе ня выцер ног,
у храм стэрыльнай аб’ектыўнасьці ня зойдзе.

Чытаць удома – быццам дома нараджаць:
вышэй сьмяротнасьць, род працяг мець не павінны –
ды хамства менш, і сталь бацькоўскага нажа
бязьлітасьнейшая да пупавіны.

*
Нам дух даецца ў дапамогу целу,
а не наадварот. Якраз таму
дарэмна клікаць цела да саўдзелу –
яно ня служыць, служым мы яму.

Дарэмна звон яго ў бакі разгойдваць,
каб дагукацца лепшага слугі –
той прыйдзе, ды разрыву не загоіць,
а разарве кантракт ваш недаўгі.

*
Адзінай крыніцы сапраўднага шчасьця –
дзяцінства – павінна надоўга хапіць,
таму не прыгадвай яго надта часта:
пакуль што жыць можна. Пакуль не гарыць.

Калі ж несьвядомасьць – яна ж рэчаіснасьць –
напомніць аб ім праз малюнак ці пах,
яго не сьпяшайся да сэрца прыціснуць:
гняздо птушанятка ў гальлі, не ў руках.

*
І ўсё-ткі вёска лепей памятае
часы бяз кніжак і кампутара,
калі на вопратцы памятае
да горла падступала сутарга –

тады раманам ці паэтыкай
збрузьнелая й ня пахла раніца...
Калі яе любіў я й гэтакай,
то сёньня пагатоў грэх жаліцца.

*
Кастрычнік – месяц, проста створаны для вёскі,
дзе шыльды вуліц, быццам сьціплыя пагоны,
рэпрэзэнтуюць дабравольніцкія войскі
ў пярэдняй лініі круговай абароны.

Зямля нічыйная між летам і зімою,
між дзьвюх сталіцаў, між народам і самотай,
дзе нейкі час ільга пабыць былым сабою
ў бязважкім стане маладосьці несьмяротнай.

На Бадзью

І ў сьвеце думкі ёсьць поп- і рок-зоркі
што часам даюць дабрачынныя канцэрты

У залі францускага культурнага інстытуту
самае францускае, як і самае культурнае  –
гэта водар чыёйсьці “Шанэль нумар пяць”,
абавязковай больш за вечаровую сукенку

У астатнім усе робяць хто што:
сьпяць
пазяхаюць
хіхікаюць
правяраюць пошту
лістуюцца на фэйсбуку
Адзін я як той ідыёт слухаю

Ну, добра, не адзін
Зь сябрамі

Урэшце, Бадзью абвяшчае:
La philosophie, c’est moi.
Дык вось ты які, дзядуля Ален!
Аплядысмэнты

Тыя, хто прачнуўся, пачынаюць задаваць правакацыйныя пытаньні,
а я думаю пра тое, што з часоў “Тайнай вячэры”
ў дыпляматычным пратаколе набажэнства няшмат зьмянілася:
першым чынам казань, якую слухаюць даўно ўжо ня стоячы,
а седзячы, амаль лежачы (вось ён, уплыў плятанізму),
другім чынам – доўгая чарга па кароткую споведзь
з аўтографам-індульгенцыяй,
ну і трэцім і ўрэшце галоўным – спалука за кошт арганізатараў
(вось вам паціпу бардо, гэта кроў мая,
вось вам чыпсы замест маёй плоці)  

Адным словам, з тым жа посьпехам
можна было зайсьці і ў касьцёл,
як усе паспалітыя людзі,
а не выё...вацца

Шкада яшчэ толькі, што пункт чацьвёрты праграмы –
якім калісьці была публічная дэманстрацыя цудаў –
даўно і паўсюль адмянілі

Хакей

Ускінь на клюшку каўзалі,
гуляцца выбяжы ў хакей –
абы старэйшыя ўзялі
й слата засохла, быццам клей.

Хавацца до пустэльнікам,
гульню па целіку глядзець:
там на двары – ня Стэнлі Кап,
а бойка на жыцьцё і сьмерць.

З дарослай клюшкай – не нуда,
хай выклікае недавер
буйнымі надпіс – “CANADA”,
і дробнымі – “ссср”.

Нападнік ты ці “варатар”?
Змагайся там, куды пашлем...
Палае твой чырвоны твар,
зіхціць аранжавы твой шлем.

Пальчаткі нібы ў шляхцюка –
усім у вочы льду насып...
На ўскідзе брамніка рука
ўцярэ супернікам насы.

Схіліўшы рогі да зямлі,
за шайбу б’юцца два ласі...
Як пас табе не аддалі,
то й ты яго не аддасі.

Бракуе толькі нумароў,
больш красамоўных за імя –
гуляй, дакуль ня пырсьне кроў,
дакуль вачам хапае дня.

І шайбы гумавы кругляк
усе адрозьненьні ўвабраў
паміж асобамі “гуляк”:
у ім, бы ў богу, кожны – брат.

Мужчынскі групавы інстынкт
пануе, абвастрае спрыт –
якое “стоп!” ці там “астынь!”
Мы на Правы здаем іспыт!

Нам так ня хочацца прайграць,
вярнуцца з ганьбаю дамоў...
А застанецца – толькі гразь
размытых вёснамі двароў.

*
Прыемна ў сьвет вярнуцца зноў
і ўсё знайсьці на звыклым месцы –
прадметы, згадкі, формы, зьместы,
як і пакінуў перад сном –

і зразумець, што на зямлі
нішто бяз нас не зварухнецца,
куды б на казачным каберцы
мы разам зь ёю ні плылі.

*
Перагукаліся гадзіньнікі ўначы,
сьляпыя ў лесе. Дужы, новы – і стары,
што нібы ўпрошваў маладога: “Не ўцячы!
Я працягну на батарэйцы да пары,

лепш пагаворым пра супольнае: наш час,
структуру, лічбы, прынцып нашае хады…”
Ды той, другі, сьпяшаўся ранак абвяшчаць.
Пра ноч наступную ня думаў малады.

*
Калі заканчваюцца кнігі,
што набываў ты навырост,
і разяўляе позех Nihil,
аднаасобны Галякост,

ты зноўку робісься сабою,
што значыць – робісься нікім:
няма жыцьця твайму герою –
ні кніг, ні запісаў, ні кін,

адна нямая рэчаіснасьць...
Бясьпечны ўводзячы рэжым,
ты станеш зноў яе апісваць,
каб срэбрам стацца ёй жывым.

Пад Арлушу

Мне так бракуе матацыкла...
   І. Г. Крхоўскі
Служил Гаврила почтальоном...
   Л. Трубецкой

Я б так хацеў быць пафігістам,
якому пофіг пафігізм,
і ў моднай майцы Fuck the System
зьнясільваць бегам арганізм;
я б так хацеў быць хуліганам
не насамрэч, а языком –
замазваць гіпсам вушы паннам,
задурваць голаў хлапчуком;
я б так хацеў быць расьпізьдзяем,
і два-пізьдзяем, нават тры,
факірам з гадамі – хаця ім
ня скажаш: “Вушы навастры!”;
я б так хацеў быць пладавітым,
не прагучаць, а “нашумець”,
і пытля мёртвым знакамітым
такога даць – што а...ець;
я б так хацеў быць эрудытам,
каб усяму знаць меру ды
пісаць у “...” ці куды там,
дзе мала ўласнай ерунды;
я так хацеў бы быць эстэтам,
не дапускаць faux pas й pas faux
падчас шампанскага з паштэтам
на прэзэнтацыі ў сяльпо;
я б так хацеў быць экстравэртам
(няхай лічылі б, што я гей),
здымаць кіно, як Дзіга Вертаў,
пісаць, як той Жадан, Сяргей;
я б так хацеў быць экстрасэнсам,
каб сэнс валіў зь мяне трубой,
я б так хацеў заняцца сэксам
тут і цяпер – бадай, зь любой;
я б так хацеў быць проста экстра!
Я б палюбіць хацеў экстрым,
каб дзеўкі енчылі: “Маэстра,
да вас пажадаю гарым!”;
я б так хацеў быць рок-музыкам,
як, скажам, Ляпіс Трубецкой,
і бізнэсовыя тузы каб
стаялі чэргі ў мой пакой;
я б так хацеў быць рок-паэтам,
якога б не было чутно
ў шынка гармідары прабзьдзетым
праз бубнаў грук – і ўсё адно!;
я так хацеў бы быць ня псіхам,
бухаць заўсёды талакой,
бабрам быць сябрам і бабрыхам
і ўсёй прыродзе як такой;
я б так хацеў быць патрыётам
сваёй – ці іншае – зямлі,
а Юдам ды Іскарыётам
з нагі выпісваць ...дзюлі;
я так хацеў бы быць героем –
не ўсенародным, хоць чыім! –
і іншай безьліччу хяровін
(або па-чэску – píčovin);
я б так хацеў быць кімсьці іншым –
мне цалкам усё роўна, кім –
і назаляць штодзённа віршам
абы-каму абы-якім...

Але ж праклятая рэальнасьць
чужой краіны за вакном
мне не дае сябе падманваць:
мне ім ня быць. Які аблом.

*
Мы сьвяткавалі разам з коткаю Дзяды,
з маёй хваробаю і месяцам зіхоткім.
Яна мой дом абрысавала, як заўжды,
шчакой зьсярэдзіны, як і ўласьціва коткам,

кола ахоўнае стварыўшы ўкол мяне,
а потым зноў сама сабою занялася:
дурэла жвавай шэрай рыбінай на дне
на непадобным да рачнога дна паласе,

і я падумаў: “Вось найлепшы абярэг
ад неадчэпнай неўміручасьці людзкое” –
а за вакном маім гучаў сабачы брэх
і нават здані не маглі знайсьці спакою.

*
Мы дамаўляліся зь Зямлёю,
што зойдзем вечарам на кухаль,
яшчэ як раньняй мітусьнёю
сьмярдзела з навакольных кухань.

Яна сьпяшалася шчасьліва,
абы ў аблочнае завіўцы
пазбыцца дня й пайсьці на піва...
Дзень прамінуў. Я не зьявіўся.

*
Ну так, вядома, дзевяностыя фарэва...
Ды ў дзевяностых – ці жылі мы ў дзевяностых?
Зь якіх прадоньняў вырастала сьвету дрэва –
усёй так званай «сьветлай будучыні» пострах?

Не, мы тады хутчэй жылі ў сямідзясятых,
углыб расьлі, бо прадчувалі, што ноў ф'юча,
і не шманалі на сучасьнікаў зацята...
Нам і цяпер прызнацца ў гэтым небалюча.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Хто стрымае хвалю гневу,
быццам воз неўтаймаваны,
вазаком заву такога!
Рэшта — проста лейцы сьцяла.

Пераклад:
Сяргей Прылуцкі, Макс Шчур

Побач з рыбамі хачу крычаць,
жаночыя прынады,
якімі мне распаролі жывот
ад шчэлепаў да хваста.

Пераклад:
Макс Шчур

Я ўжо не пішу вершаў
вершы — гэта лухта
Аднойчы адна жанчына мне сказала,
а мы, тыя, што ня пішуць,
нам што рабіць
Як выгаварыцца

Пераклад:
Макс Шчур

«Чарапаха! Ці
даўно ўжо неба копціш?»,
пытае вулкан.