быццам новай вайны ўжо ня будзе

Пераклад: 
сучасная чэшская паэзія, вершы па-беларуску, чэшская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

З кнігі «Яшчэ ёсьць што страціць» (Ještě je co ztratit), 2013.

можа мы дажывем да такога

(možná se toho dožijem)

можа
аднойчы скажам што

гэта змарнаваны час калі
мы будзем гаварыць пра сёньня
пра гэтыя выходныя
мінулыя выходныя
будучыя выходныя —

згадваць



можа
мы будзем сябе ўва ўсім гэтым папракаць
казаць што
мы змарнавалі плойму часу што
рабілі ня тое
і ня з тымі
будзем казаць што
гэта было лішняе
што ў гэтым зусім
не было неабходнасьці



але сёньня
на гэтых выходных
на мінулых выходных
на будучых выходных
няма
не было і ня будзе
нічога больш неабходнага

нічога больш не абыходзіць

двое смутных чалавек

(dva z těch smutnejch lidí)

мы кажам што
ўсё канец

мы сядзім разам у пакоі
мы размаўлялі
маўчалі крычалі — —
мы кажам што
ўсё канец але
нічога не сканчаецца

мы ўсё яшчэ маем
што адно адному закінуць — —

мы сядзім разам у пакоі
закідаем адно адному
кожны праведзены разам дзень
закідаем адно адному
тое што тут сядзім але
калі б мы сядзелі ня тут
рабілі нешта іншае
з кім-заўгодна іншым
мы былі б
абсалютна
гэтак жа
незадаволеныя


мы сядзім разам у пакоі
кажам што
ўсё канец гэтым разам ужо насамрэч
канец
канец
кажам мы але

нішто не заканчваецца

котраш

(kotresh)

мы сядзелі
ў карчме
ў чэскім
мястэчку
пілі
курылі і
размаўлялі пра жыцьцё —

котраш казаў што
мы павінны радавацца
котраш казаў што
ўсё ў нас атрымаецца
котраш казаў што
як бы ні было ўсё ў нас
атрымаецца што
мы павінны радавацца — —

котраш зь іншага сьвету
у ягоным горадзе ў індыі жыве
ў два разы больш людзей чым
у маёй краіне

ён можа
езьдзіць на слане і

есьці манга з дрэва

паўза

(pausa)

мы старэем
і ўсё мяняецца

у бары
дзе мы пазнаёміліся
сёньня іншыя людзі гавораць і сьмяюцца
сварацца і плачуць — —

іншыя дзяўчаты
знаходзяць у сабе сілу
пагаліць ногі
на выпадак — —

іншыя хлапцы
на іх пазіраюць
іншыя рэчы
адбудуцца сёньня ўночы — —

усё такое
якое ёсьць

ніводнае крэсла
не пустуе

манекен

(manekin)

мы старэем
і ўсё мяняецца —

з бару дзе ты
кожны дзень
некалькі гадоў
усяго пару гадоў таму
піла
танчыла
ведала кожнага
хто ўвайшоў

зрабілі кавярню

людзі прыходзяць і
сыходзяць
незнаёмыя людзі
прыходзяць і сыходзяць

ніхто ня п’е
ніхто ня танчыць

ніхто не

вяртаецца

быццам новай вайны ўжо ня будзе

(jako kdyby už nemohla přijít válka)

гаворым пра тое
што скажам дзецям
калі яны будуць тымі
калі яны будуць сімі

гаворым так
быццам ім ужо дзевяць хаця
яны яшчэ не нарадзіліся
быццам ім ужо пятнаццаць
дваццаць — —

гаворым пра тое
што скажам дзецям так
як гаварылі мабыць нашыя бацькі
ў васьмідзясятых
як гаварылі людзі пасьля вайны
як гаварылі мабыць
усе і
заўсёды і

відавочна
што з нас аднойчы будзе
яшчэ адно пакаленьне бацькоў

якія ня ведаюць пра сьвет

ні халеры

згадкі пра будапешт

(vzpomínky na budapešť)

ідэальныя маці
ідэальных дзяцей
ідэальныя жонкі
ідэальных мужоў
ідэальныя дзеці
ідэальных бацькоў

усе яны там былі

такія ж турысты як і мы
хадзілі па ходніках па якіх
цякла кроў
фоткаліся з будынкамі што
вырасьлі замест тых на
якія ўпалі бомбы —

гэта мог быць любы іншы
эўрапейскі горад
калі б ня перцы
калі б не гуляш
калі б не курорт

недзе там мы згубіліся

між тым
што я сказаў і тым
што ты пачула
між тым
што ты сказала і тым
што я пачуў
недзе там
мы згубіліся

між тым што ты падумала і
тым што я думаў што ты
думаеш
між тым што я падумаў і тым
што ты падумала што я
падумаў

недзе там мы згубіліся

шукалі адзін аднаго
і не заўважалі
маўчалі і крычалі адзін на аднаго — —

гэта магло быць у любым іншым
эўрапейскім горадзе
гэта мог быць любы іншы
эўрапейскі горад —

за перцамі
за гуляшом і курортам
горад
такі ж як астатнія —

крэдыты і іпатэкі
бары
бардэлі
гандлёвыя цэнтры і
крыштальныя замкі поўныя
расчаўленых
стомленых людзей

такіх як мы

у сярэдзіне верасьня

(v půlce září)

а ўлетку




сказаў ён

гэта даўно ўжо — —

сказала яна

недзе ў сярэдзіне
верасьня

было холадна

паштоўка з тржынцу

(pohlednice z třince)

ноч

пад вакном
тржынецкі мікрараён
тржынецкі металазавод
гэты дым
гэты бэтон
гэтыя вулічныя ліхтары
гэтыя асфальтаваныя ходнікі — —

дакладна тое самае
нехта бачыў з гэтага вакна
дваццаць-трыццаць гадоў таму

і ўсё гэта мела

дакладна той самы сэнс

алімпіяда

(olympiáda)

мы з маёй дзяўчынай паляцелі на поўдзень а ты
са сваёй на поўнач —

адпачынак

віно і вустрыцы
рыбы і ф’ёрды

пастарэлі мы
дружа

падумаў я
глядзячы тэлевізар —

чарговая алімпіяда

на балконе суседняга пакою
нехта гуляў у косткі
хтосьці выйграў
хтосьці прайграў
цяжка сказаць
наколькі гэта было важна
цяжка было
сказаць
наколькі важна

ўсё гэта было

на радзіме

(doma)

фабрыку зачынілі

алею сьсеклі

дом разбурылі

сабаку нехта атруціў

дзяўчына выйшла замуж

дзяўчына больш тут не жыве

сьцяжына

нікуды больш не вядзе

лепей ужо ня будзе

(líp už nebude)

лепей ужо ня будзе —
лепей ужо ня будзе гэта
ўжо ясна — —

лепей
мо нават і не абавязкова

дастаткова
каб

было іначай

рэквізыты

(rekvizity)

гарады фабрыкі
дачныя пасёлкі
палі лугі лясы горы

за вакном цягніка

рэквізыты

уяўляю сабе
хлушу сабе што
тут
таксама
я
мог бы
жыць

вунь тудой хадзіць дамоў
вунь туды на працу а
туды на піва

уяўляю сабе
хлушу сабе што

з вунь тым
ці з вунь той меў бы

пра што пагаварыць

як памру

(až umřu)

як памру
магчыма некаму будзе мяне бракаваць але
ніхто ўжо
ня будзе за мяне

баяцца — —

я б хацеў

як памру

ні за каго не баяцца і каб
нікога

мне не бракавала

чужое

(cizí)

я пакінуў свой горад
зьехаў
адляцеў у іншыя гарады
бачыў іншыя гарады і
жыў у іх

хадзіў па іншых вуліцах
фатаграфаваў іншыя дамы
гаварыў
на іншай мове — —

зьехаў
адляцеў у іншыя гарады і
думаў што
нешта здарыцца

што нешта зьменіцца

што іншае
будзе іншае
будзе новае
будзе лепшае

толькі чужое

большая палова

(ta větší půlka)

кажаш што
горай
быць ужо ня можа

што гэта за жыцьцё?
што гэта
за жыцьцё? — —

кажаш што
хутчэй бы ўжо
быў канец
што дай бог каб
мінула ўжо прынамсі
большая палова

гэтага ўсяго — —

кажаш што
горш
ужо быць ня можа горш
ужо не бывае
кажаш што
горш
ужо быць ня можа

быццам гэта немагчыма
толькі таму

што ты ня можаш сабе гэтага ўявіць

на шпацыры між панэльнымі дамамі

(na procházce mezi panelakama)

на шпацыры між панэльнымі дамамі
трыццаць гадоў
той самай дарогай прынамсі
двойчы на дзень

даўно ведаеш
кудой бліжэй у краму
кудой на аўтобус

ведаеш
з кім павітацца а
з кім ня варта

каторы бомж
тут тусуецца найдаўжэй і
дзе сьпіць

каторы чувак мае пры сабе
кастэт
нож
пісталет

ведаеш
у каторым пад’езьдзе
нядаўна нехта памёр і
ці пераехаў туды нехта новы

каторы сабака брэша
каторы кусае і
каторы каму належыць

праз трыццаць гадоў
на адным раёне цябе
на шпацыры між панэльнымі дамамі

мала ўжо што зьдзіўляе

ратуй мяне ратуй

(zachraň mě zachraň)

ратуй мяне ратуй
нешта здарылася —

я не хачу таго
чаго павінен
хацець
не адчуваю таго
што павінен
адчуваць

я ня ёсьць сам сабой
я ня ёсьць сам
я ня ёсьць сам сабой
самім —

ратуй мяне ратуй
нешта здарылася —

мне ня хочацца спаць і
мне ня хочацца есьці
мне ня хочацца гаварыць і
мне ня хочацца дыхаць —

нешта
здарылася



нешта здарылася

вялікія рэчы

(velký věci)

героі мёртвыя

усё
паўтараецца

бухло
заб’е ў табе
добрае

бухло
ў табе заб’е
добрае

бухло
добрае
заб’е

бухло
заб’е

заб’е — —

да раніцы ў кругласутачным

усё
паўтараецца

вялікія рэчы будзе
рабіць нехта іншы

у іншы час

у іншым месцы

апошні кімсьці наагул напісаны верш

(poslední báseň jakou kdo kdy napsal)

гэта апошні кімсьці наагул напісаны верш —

усе астатнія пасьля яго будуць толькі штучныя
вытачаныя на станку кавалкі фраз

пустыя
нецікавыя
лішнія — —

гэта апошні кімсьці наагул напісаны верш
кімсьці наагул пачуты
кімсьці наагул прачытаны

апошні верш з апошняй кропкай у канцы як
апошні пацалунак камусьці хто сыдзе і
ўжо ня вернецца як
апошні акт каханьня перад разыходам
як апошні шпацыр па знаёмых мясьцінах перад
пераездам невядома ў якую далеч —

гэта папросту апошні верш
апошні значны і сапраўдны верш

наагул кімсьці напісаны.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Пачуцьці
гэта для жонак
я магу суложыць і ненавідзець напоўніцу
магу сысьці
не заплаціўшы

Пераклад:
Макс Шчур

Я ўжо не пішу вершаў
вершы — гэта лухта
Аднойчы адна жанчына мне сказала,
а мы, тыя, што ня пішуць,
нам што рабіць
Як выгаварыцца

Пераклад:
Яўген Бяласін, Макс Шчур

Любых рэлігій гіджуся дазваньня,
але выконваць радасна сьпяшу
усе абрады тых веравызнаньняў,
дзе выпіўка залічана ў імшу.

Пераклад:
Макс Шчур

Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні