На тэму здрадніка і героя

Пераклад: 
класічная аргенцінская проза па-беларуску, аргенцінская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(Tema del traidor y del héroe)

Платонаў Год, як вір,
выштурхвае зь сябе ўсе наватворы,
а ўсё старое цягне ў бездань вод,
і людзі ў ім, танцоры,
пад дзікі гонг вядуць свой карагод.

Ў. Б. Ейтс, «Вежа»

Пад яўным уплывам Чэстэртана (снавальніка і аздобніка элегантных таямніц) і прыдворнага дарадцы Ляйбніца (вынаходніка загадзя прадугледжанай гармоніі) я прыдумаў наступны сюжэт, які, магчыма, аднойчы распрацую і які ўжо зараз у пэўным сэнсе апраўдвае змарнаваныя мною вечары. У ім трэба прапісаць дэталі, падчысьціць яго, пазбавіць нестыковак; некаторыя яго аспэкты пакуль не былі мне зьяўленыя звыш; сёньня, 3 студзеня 1944 года, я бачу яго такім.

Дзеяньне адбываецца ў якой-небудзь прыгнечанай і нескаронай краіне: Польшчы, Ірляндыі, Вэнэцыянскай рэспубліцы, любой паўднёваамэрыканскай ці балканскай дзяржаве... Лепш сказаць, ужо адбылося, бо апавядае наш сучасьнік, а сама гісторыя мела месца недзе ў сярэдзіне ці на пачатку ХІХ стагодзьдзя. Дапусьцім (каб спрасьціць сабе задачу), у Ірляндыі; дапусьцім, у 1824 г. Апавядальніка зваць Раян, гэта праўнук Фэргуса Кілпатрыка — юнага героя-прыгажуна, чыю магілу няўцямным чынам зганьбавалі, чыё імя зьзяе ў вершах Браўнінга і Гюго, чый помнік узвышаецца на фоне шэрых пагоркаў і чырвоных балатоў.

Кілпатрык быў кансьпіратарам, затоеным і мужным кіраўніком змовы; падобна да Майсея, што з Маабскай пустэльні разгледзеў Зямлю абяцаную, на якую яму было не наканавана ступіць, Кілпатрык загінуў напярэдадні пераможнага паўстаньня, плян якога вынасіў і высьніў. Набліжаюцца сотыя ўгодкі ягонай сьмерці; абставіны забойства па-ранейшаму цьмяныя; Раян з імпэтам бярэцца за напісаньне біяграфіі змагара й спраўджвае, што чыста дэтэктыўны бок таямніцы — не галоўнае. Кілпатрыка забілі ў тэатры; забойцу брытанская паліцыя так і не знайшла; паводле гісторыкаў, яе рэпутацыя ад гэтай няўдачы не пацярпела, бо хутчэй за ўсё сама паліцыя забойства й арганізавала. Раяна турбуюць іншыя моманты загадкі. Яны гэткія цыклічныя: здаецца, у ёй паўтараюцца й спалучаюцца падзеі з самых далёкіх краін і эпох. Гэтак, усім вядома, што пакліканыя на агляд цела жандары знайшлі пры ім запячатаны ліст з папярэджаньнем не хадзіць у той вечар у тэатар; Юлій Цэзар па дарозе на месца, дзе яго чакалі кінжалы ягоных сяброў, таксама атрымаў цыдулку, якой не пасьпеў прачытаць і ў якой выкрывалася ўся змова ўлучна зь імёнамі здраднікаў. Кальпурнія, Цэзарава жонка, прысьніла, што выдзеленую яму Сэнатам вежу разбурылі*; а напярэдадні Кілпатрыкавай сьмерці па ўсёй краіне невядома хто распаўсюдзіў непацьверджаныя чуткі пра пажар круглай вежы ў Кілгарване, што магло быць успрынятае як благі знак, бо Кілпатрык быў родам адтуль. Гэтыя (і іншыя) паралелі між гісторыямі Цэзара й ірляндскага рэвалюцыянэра наводзяць Раяна на думку пра таямнічую структуру часу, рысунак якога паўтараецца. Ён згадвае пра падзел гісторыі на дзесяць эпохаў, прыдуманы Кандарсэ; пра яе фармальныя апісаньні, прапанаваныя Гегелем, Шпэнглерам і Віка; пра людзей Гесіёда, што дэградуюць з залатога веку ў жалезны. Згадвае пра перасяленьне душаў — дактрыну, што жахала кельцкіх айцоў царквы і якую сам Цэзар прыпісваў друідам Брытаніі; пачынае думаць, што перш чым стаць Фэргусам Кілпатрыкам Фэргус Кілпатрык быў Юліем Цэзарам. З гэтых цыклічных лябірынтаў яго выводзіць адзін кур’ёзны факт, толькі каб завесьці ў іншыя, яшчэ больш блытаныя і неадназначныя лябірынты: а менавіта той, што словы аднаго жабрака, які размаўляў з Кілпатрыкам напярэдадні ягонай сьмерці, былі прадказаныя Шэксьпірам у «Макбэце». Каб гісторыя пераймала саму сябе — гэта само па сабе дзіва; каб гісторыя пераймала літаратуру — гэта ўжо проста неверагодна... Раян выяўляе, што ў 1814 годзе Джэймз Алекзандэр Нолан, самы даўні з усіх сяброў нашага героя, пераклаў на гэльскую асноўныя драмы Шэксьпіра, і сярод іх — «Юлія Цэзара». Апрача гэтага, ён знаходзіць у архівах артыкул Нолана пра швайцарскія Festspiele: грандыёзныя перасоўныя гістарычныя рэканструкцыі з удзелам тысячаў актораў, што аднаўляюць падзеі мінуўшчыны ў тых самых гарадах ці гарах, дзе яны адбываліся. Зь іншага, неапублікаванага дакумэнту выплывае, што незадоўга да забойства Кілпатрык апошні раз старшыняваў на сходзе кіраўнікоў паўстаньня і падпісаў сьмяротны прысуд невядомаму здрадніку, чыё імя было зацёрта. Выносіць такія прысуды не належала да звычак спагадлівага Кілпатрыка. Раян праводзіць вышукі (ягонае расьсьледаваньне — адно зь белых месцаў сюжэту) і раскрывае загадку.

Кілпатрык быў забіты ў тэатры, але ж тэатрам быў увесь горад, і лік акторам быў легіён, а драма, увянчаная ягонай сьмерцю, цягнулася шэраг дзён і начэй. Вось што адбылося:

Другога жніўня 1824 года змоўцы правялі сход. Краіна была ўжо гатовая да паўстаньня, але нешта ўвесь час яму замінала: у кіраўніцтве быў здраднік. Фэргус Кілпатрык даручыў ягонае выкрыцьцё Джэймзу Нолану. Той выканаў загад і ў прысутнасьці ўсіх абвясьціў, што здраднік — гэта сам Кілпатрык. Прадстаўленыя ім доказы абвінавачаньня былі неабвержныя; рэвалюцыянэры асудзілі свайго правадыра на сьмерць. Той падпісаў уласны прысуд, але папрасіў аднаго: каб ягонае пакараньне не нанесла шкоды Бацькаўшчыне.

І тады Нолан задумаў дзіўны праект. Ірляндыя абагаўляла Кілпатрыка; найменшае падазрэньне ў ягонай несумленнасьці паставіла б пад пагрозу ўсё паўстаньне; Нолан прапанаваў такі плян, паводле якога пакараньне здрадніка сьмерцю стала б прыладай нацыянальнага вызваленьня. Ідэя палягала ў тым, каб асуджаны загінуў ад рукі невядомага забойцы пры сумысьля драматычных абставінах, якія закранулі б уяўленьне народных масаў і прысьпешылі паўстаньне. Кілпатрык даў клятву суўдзельнічаць у гэтым праекце, які даваў яму шанс ачысьціць сваё імя і ўвечніць ягоную сьмерць.

Празь недахоп часу Нолан ня змог як сьлед прадумаць акалічнасьці шматлюднага спэктаклю; яму давялося пазычаць у іншага драматурга — свайго ангельскага ворага Ўільяма Шэксьпіра. Ён увёў у тэкст сцэны з «Макбэта», «Юлія Цэзара». Інсцэніроўка, публічная й патаемная, заняла некалькі дзён. Асуджаны на сьмерць прыбыў у Дублін, браў удзел у дыскусіях, дзейнічаў, прапаведаваў, аспрэчваў, прамаўляў патэтычныя словы, і ўсе гэтыя неўміручыя ўчынкі былі па нотах расьпісаныя Ноланам. Сотні актораў супрацоўнічалі з галоўным пэрсанажам; асобныя ролі былі складаныя, асобныя чыста эпізадычныя. Усё, што было сказана і зроблена ў тыя дні, засталося ў гістарычных работах і палымянай памяці Ірляндыі. Кілпатрык, праўдзіва захоплены сваім падрабязна расьпісаным лёсам, які азначаў для яго выкупленьне і згубу, колькі разоў узбагаціў тэкст свайго судзьдзі ўласнымі імправізаванымі ўчынкамі й рэплікамі. Гэтак разгортвалася ў часе п’еса зь вялізнай колькасьцю дзейных асоб, і ўрэшце 6 жніўня 1824 г., у лёджы з хаўтурнымі фіранкамі, папярэдніцы лёджы Лінкальна, доўгачаканы стрэл працяў грудзі здрадніка і героя, які між двух выранаў небутафорскай крыві ледзь здолеў вымавіць некалькі апошніх прадугледжаных словаў.

Запазычаныя ў Шэксьпіра пасажы Ноланавай п’есы — далёка ня самыя драматычныя; Раян здагадваецца, што аўтар уставіў іх у свой тэкст дзеля таго, каб нехта ў будучыні даведаўся праўды. Ён разумее, што сам ёсьць часткай Ноланавага твора... Пасьля пакутлівых разваг, Раян пастанаўляе замоўчаць сваё адкрыцьцё. Ён публікуе кнігу, дзе ўслаўляе свайго героя; магчыма, і гэта ў сваю чаргу было ўжо прадбачана.

1944

* Паводле Плютарха і Тытуса Лівія, Сэнат дазволіў Цэзару мець у якасьці ўпрыгожаньня на страсе ягонага дому франтон, каб падкрэсьліць ягоную значнасьць, і менавіта разбурэньне франтону прысьніла Кальпурнія. У Шэксьпіра яна сьніць статую Цэзара, зь якой струменіць кроў, і ў ёй мые рукі натоўп. (Заўв. перакладніка)

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

А ў сталовую з салончыку на другім паверсе пранікала вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам. Пры зашклёнай вітрыне стаяла некалькі разявакаў, яны прыціскалі да яе далоні, і тыя былі белыя й ненатуральна вялікія. Па-над імі зіхцелі цікаўныя вочы.

Пераклад:
Макс Шчур

Дзед зусім адурэў ад страху, але быў гатовы лепш пайсьці ў турму, чым выкінуць жывыя грошы ў вакно.

Пераклад:
Макс Шчур

Абапершыся на балюстраду,
сьпінаю да мяне стаіць
стары ў жоўтым капелюшы,
ужо мёртвы.

Пераклад:
Макс Шчур

чакаю моманту калі
сам верш
стане маім спосабам прамовы, не
загадзя ўрачыстай дэклямацыяй,
а выказваньнем праўды