Пэтр Крал

Petr Král (1941 – 2020) – чэска-францускі паэт, перакладнік, эсэіст, кінакрытык. Скончыў праскую кінаакадэмію, працаваў рэдактарам у выдавецтве “Орбіс”, у 1968 г. эміграваў у Парыж. Пачынаў як сюррэаліст, пазьней збочыў у вобласьць “пешай мэтафізыкі”. Выдаў дзясяткі кніг па-француску (прэмія Жана Арпа за франкафонную літаратуру, 2016 г.) і па-чэску. Камандор францускага ордэна Мастацтваў і Пісьменства (2010 г.)

Пераклад:

Завея пускае нам пыл у вочы
шматкі краявіду вісяць на валаску сарказму
алейныя петлі магнітафонных стужак плаваюць на паверхні
гісторыя завяршаецца масакрай дзіцячых лялек
на капусным полі непадалёк ад Ніцы
паэзія памалу скісае й робіцца літаратурай
нямы пералік дрэваў
у мядовых глыбінях вітрынных шыбаў

Пераклад:

Пуза мясісты помнік што чакае
свайго адкрыцьця за півам калі
зь яго сарвуць кароткую заслону саколкі

Пераклад:

Заклятымі ворагамі паэзіі ёсьць як усякая думка пра дасканаласьць, так і памкненьне аўтара заняць нейкую, хай сабе нават нэгатыўную пазыцыю ў дачыненьні да “спэктаклю” культуры.

Пераклад:

На маім вясельлі будзе па пары ад кожнага віду жывёлы
і па пары ботаў ад кожнага чалавека

Пераклад:

Спалучыць у сабе паэта з каханкам і рэвалюцыянэрам, як хацелі сюррэалісты? Я дакладна не рэвалюцыянэр; што да паэта й каханка, то яны – толькі супрацоўнікі прыватнага агенцтва, якое мае – баюся – адзіную мэту: застацца прыватным.