Я...
Я гарнуся да пяшчотаў таму капелюшы
спаўзаюць мне на вуха
Зьбяднелы рамавальнік употайкі пакрывае золатам нядзелю
з загнаным у куток вуснаў напятым языком
Наркотык перапраўляе мапы Я сплю з табою каб
лепш бачыць цябе дзіця маё
праз акуляры кругоў пад вачыма
А раніцай у мяне ўяжджае ліфт чаю
*
Зіма набліжаецца
вецер непрыхавана сьвішча
з газэтных загалоўкаў
“Часам і канкрэтыка”
Таямнічым чынам чым далей тым болей прадаўцоў
за стойкамі ў паўзмроку крамаў падмяняецца адчужанымі
агентамі
Засьпець іх на змове
ў фатальнай адсутнасьці сьведкаў
Толькі дарогі па-ранейшаму выпраўляюцца ўва ўсе бакі
па ўсюдыісную разьвязку
ДРЭВА БОЛЬШ ЧЫМ ЗВЫЧАЙНА
СКВАПНАЕ НА СВАЁ ЛІСЬЦЕ
У далечы, хто ведае, можа, мязга холаду
і надалей уздымаецца ў сярэдзіне шклянога чэлесу
ЛЕТА
1
Лета сон аранжавых навесаў
павольна прымружаных там наверсе
ў пустэльні фасадаў
2
Адну за другой пыльныя старонкі
вуліц страчаны ўсё глыбей ля дна гарадзкога гарніла
бяспамятнай кнігі Тварам да каханьня ўпэўнена адразу
і наўскос пакуль лета з далечы наступае на цела
аднекуль збоку Пакуль з-за павароту кволым зьзяньнем рэек
пазяхае пусты сусьвет
3
Цішэй раварысты толькі крыху каляровай рабізны
пад хваляй у лісьці гарадзкіх дрэваў
Для перамогі дастаткова крыху прыўзьняцца ў сядле
на фоне расплаўленага далягляду Адсалютаваць
дням далёкім франтонам
4
Лета вылюднелая роўнядзь
як вялікі сьляпы фасад кінатэатру РЭКС
5
Вось і яно як пяшчотна імжыць неба на асфальтавую вечнасьць
магчыма разам з бэжавым колерам выцьвілых строяў Канец сэзону
несумненна на цягамоташных праспэктах
бяз памяці
пад тутэйшым пылам дрэвы ў нідзейнасьці выгнаньня
6
На гарадзкой мяжы выгба каналу
толькі бясконца адцягвае ўвагу места
ад места пераводзячы яе
на позех расчараванай у сабе разлогі
7
Паўусьмешка сьвятла на даляглядзе
дзён Азірнуцца Яшчэ раз з парогу аддаць пашану пацямнелай
вуліцы
лішнім позіркам Вакол замковай адтуліны ў мэтале рой дробных
зарубцаваных ранак
ад вечна няўпэўненых ключоў
*
Памёр ды што вы
а ад чаго
ды бадай ад таго што тут штодня хадзіў усё тут мераў
сваімі крокамі
што ўсьміхаўся клаўся спаць калі быў час спаць
а прабуджаўся калі быў час уставаць
Памёр ад сваёй манэры апранаць паліто
і здымаць паліто зноў і зноў падцягваць ківач гадзіньніка
і кусаць пазногці
любавацца панарамай трымаць дыету
казаць пра ўчорашнюю праграму “Знакамітая была штука”
і паўтараць тое самае пасьлязаўтра
*
Ад чаго ад чаго? Ну ад таго што так дбайна сьцягваў крайнюю плоць
і выкідаў шкарлупіны ў сьмецьце што здавальняўся словамі
знаходзіў страчаную бадзёрасьць духу завязваў матылёк
плаваў кролем слухаў Майлза Дэйвіса
падціраў сраку зьвесна ажно шыю выкручваў нахіляючыся
па-над
а галоўнае не пераставаў чакаць Заліты цёплым алеем
нядзелі
бясконца выглядаў свой момант
*
Памёр Зь піяніна засталіся вісець недарэчныя махры цішыні
На незабудаваных надзелах як вечны сьпірт
гарыць толькі разгубленасьць ад суботняга вакууму
самота расьсявае свае маразільныя камбінаты свае Зімовыя палацы
з пухнатай вусьцілкай пасрэднага джазу
для сярэдняй клясы
бяз словаў праходзіў скразьнякамі ў спартзалях паўзмрокам
кравецкіх салёнаў
памёр ад таго што быў за дурня ўсім і нікому
*
Памёр ад таго што ўвесь час губляўся на паваротах у жанчынах
што скарыстаўшыся зубачысткай скрупулёзна яе разглядваў
памёр бо расчуліўся жахлівай гісторыяй мяккай адкрывалкі кансэрваў
бо прайграў зацятую бітву зь дзьвярыма лядоўні
і зь вечкам куфру
ад таго што доўга і марна званіў у чужыя дзьверы
і ад таго што пасярод пустога белага дня
час ад часу дазвоньваўся
*
Места наш лес нехта нас тут шукае
з надыходам ночы
Леў з далёкага скрыжаваньня Данфэр-Рашро
бронзавы
Джымі
бессаромна пранікае за намі ў ложак
ТРОЙЧЫ
1
Ішла на сустрэчу, спружынячы ў вясновым сьвятле разам
з рабізной фасадаў, і ў азарэньні думала, што жыць –
выдатна
і марна
(мая рука ўздымаецца ў пустэчы
да нізу крумянкаў)
яна не баялася, без тактычных манэўраў выплёсквала
свае думкі, хай гэтым і назаўжды адсякала сябе
ад найбліжэйшых людзей
(пальцы нясьпешна знойдуць ці хутчэй угадаюць, амаль
самі створаць зь нічога
тую да млосьці вузкую шчылінку на сутоках дзьвюх акругласьцяў
зь якой зноўку дыхне, вынырне на паверхню
засунуты ў адно месца сьвет)
не затрымалася вокам на сваім выцьвілым улоньні што зьнікала
ў квяцістых
дзіцячых майтках; ужо дзяўчынкай яна глядзела рашуча
наперад
і далей, у глыбіню прасторы і дня,
пакуль з мэталічным грукам не наткнулася на іхную масу,
адначасна сьвятло
і боль
(ён ужо быў у табе, або гэта толькі я яго цяпер адчуваю?)
боль, вастрыё
і зьзяньне болю
2
Бістро надвячоркам ці ўласна ўжо раней, пасярод
белага дня, у пярэрве між адным і другім узьбіцьцём дзённага
пылу:
ня больш за счапленьне выпадковых дэталяў. Фрагмэнты целаў
у люстрах на сьценах, хвалявітасьць чорнай ніткі, лярвы
ці толькі капешкі тытуню
побач з попельніцай на бары;
сям-там дзынькат драбязы, усплёск вады
ў ракавіне, побач зь якой неўзабаве вырасьце калянада
вымытых, перавернутых шклянак. Шаргатлівы гук, што
да часу хаваўся, нашэршаны, у адсунутай пушачцы запалак, на другім канцы
бару такі далёкі твар новага наведніка.
Гэтак жа і рыхлаватая бляндынка-касірка
сфастрыгаваная абы-як: нібы нараджае шуфляду касы,
упёртую ў сьцягно
пад закасанай спадніцай, туліцца да яе
ўсім валам свайго мяса, валаскоў, уздыхаў,
прагных начэй праводжаных недзе на другім
канцы горада –
быццам і ўначы яна жыве напалову тут,
адчужаная й бессаромная, як у сябе дома. Вітрынка з цукеркамі
напалову захіляе ейны чырвоны твар, толькі рука бармэна
за стойкай падымае пляшку і зьлівае адтуль у фужэр
рэшту віна, апошні глыток учорашняга сьвяткаваньня.
У нерухомым твары – ціша, толькі ў кутку рта,
нацягнутага ўсьмешкай,
здаецца, яшчэ пульсуе астатак адліву. Твае ногі
абцяжараныя стомай дня,
ступні пякуць як жароўня, косьці тарахцяць. Знадворку
хтосьці часам вытрацца аб шыбу і зноў зьнікне
за прыклееным плякатам, каб у апошні раз ненадоўга
вынырнуць крыху далей. Вось і ўсё,
больш нічога. Суцэльны сьвет.
3
Праца і мітрэнгі, сваркі. З-за стала з паперамі
мне на шчасьце відаць за вакном хвалі лісьця,
у супольных намаганьнях
і ўзаемных сутыкненьнях я глыбей пранікаю ў цябе;
нават калі зьяжджаеш на вайну належыць каб вечар раптоўна
прарвала навальніцай
і каб на рагу мітусіўся
заблукалы гурток кітайцаў.
Корпаюся ў паперах і пры гэтым гартаю дрэва,
пад спадніцаю ты нясеш мне залеву,
грымоты маёй вайны заціхаюць далёка ў Кітаі.
Сьвет штохвіліны й паўсюль
прысутны ўвесь цалкам.
*
Таропкія расфасаваныя фарсуны
не ўцякуць Чым хутчэй яны нясуцца з банку на абед
цераз усе стравы да абавязковай кавы
і чарачкі
чым больш зьвіняць ключамі шчоўкаюць сківіцамі сакваяжаў
звоняць па мабільным проста з ванны
прабіваючы сабе крэдыт да самога неба
тым хутчэй час-хітрун іх звозіць
у сваім фургоне для пераездаў
Толькі астатні ўломак азіраецца на ўсе бакі
ў сквэры
маючы сам для сябе ўсю прастору цэлы
дзень асьветленую сонцам крыгу
што памалу растае ў негарачыні
бязчасься
*
Заплечнікі селі на каркі высалапленым маладзёнам
больш за тое: асядлалі іх Штодня ўсё больш напханыя,
яны гоняць іх на пашу спражанай вуліцай
Сям-там пад кедам агрызак шурпатая бляшанка
за плячыма толькі шум марных паведамленьняў
тэкстаў
Ідуць з навушнікамі і ровам
усё таго ж гамэрычнага маўчаньня ўвушшу пабляднелае лета
ўсё цягнецца на праспэкце выкачаным у пыле Плянэты
бязгучна гаснуць
у малочнай смузе гарадоў Сям-там нехта кіне
пляшку з-пад піва
і закрэсьліць яшчэ адну альтанку яшчэ адно курортнае мястэчка
калісьці гасьціннага сьвету
Яны валяць валам Пераможна мінаюць
і прысвойтваюць
У краме абвараная разьнічыха махае сякерай
і таўчэ бледнае кураня
РЭСТАРАЦЫЯ
Жваць свой кавалак нагадаць целу крывавае цёмнае
дно Удыхнуць крыху духу ў цыгарэтны дым
потым знадворку на сонцы знайсьці вітрыну
з прасьветленымі пляшкамі
І зноў зьехаць Вярнуць яшчэ адзін горад
бруднай імгле сьвітаньня Лёгкай скамячанасьці
прасьціны вакол жывой раны
яшчэ аднаго нездабытага цела
ЧАКАЕМ
1
Чакаем рэдкіх аўтобусаў
крыху махлюем
Вакольнае места трымаецца на плаве
Сьвятло зьяўляе
сьлізгае
Мы
магчыма ўсё яшчэ
2
Апоўдні места выходзіць у горад
з гурткамі тых, хто сьпяшаецца
Яно шырыцца запавольвае на сонцы свой трушок
быццам хоча спаткаць само сябе і адзіным
выкрутам сябе абмінуць
3
Фанабэрысты тут і цяпер
выкшталцонейшы роўна на цыгару
што тырчыць на фоне пустэчы
НА РАГУ
1
На рагу разьюшана абвярганы ветрам
я бог ведама чаму ўсё яшчэ бачыў як на далоні
цэлае цудоўнае жыцьцё перад сабою
2
На прыпынку пасярод вуліц першай паловы дня
ясных і змоўклых
палацаў
стаіш ужо нейкі час як забыты лёсам
у чаканьні амністыі
3
Ранішняя вуліца
сьпярша амаль пустэльня Толькі потым у сьветлавых завеях
некаторыя няўпэўненыя цені зноўку па ёй праносяць
колькі водбліскаў на валізах
*
І зноў як на пачатку гэтага дастаткова
сам галышом супраць войска сваіх прыхамацяў
сьвет навокал як пусты дом вышараваны
сьвятлом – ніхто нікога нічому ня вучыць –
а насупраць на рыштаваньні муляры бязважкія выбеленыя
сонцам
амаль як анёлы на перакуры
*
Часам здаецца што жывеш ужо толькі сьвятлом
Ісьці далей ну вядома але пры гэтым заўжды быць тут
крыху выпадкова
трымаць у сабе свой верасень
З кожным крокам вакольнае места памалу аблупляецца
фарба па-над стрэхамі месцамі яшчэ вільготная
па-над стрэхамі і ў раптоўных прагалах
пэрпэндыкулярных вуліц
на дне якіх мільгае сьвежы эскіз
іншага места
Карціны старыя і новыя нашыя і нічые
– вясна вяртаецца да нас
і робіць выгляд што не пазнае нас –
У памяркоўным сонцы нядзельнай раніцы
паступова прабуджаюцца далёкія кірмашы з парапэту
Эйфелевай вежы
Пасланьне моманту ўключае ў сябе і смутак асірацелых рэчаў
якія акурат кіруюцца нам насустрач ад далягляду
– зрэшты пра гэта ўжо можна прачытаць ледзь не ў газэце –
Часам адзінай таямніцай сустрэчных дамскіх
крамак
ёсьць самі іхныя ўладальніцы
Вулічным гандлярам гадзіньнікамі не хапае шрубкоў
Недзе ля вусьця на вуліцу сыходзіць сіняватае сьвятло
адсутнага сьнегу
блакітнае сэрца басэйну нязьменнае й недасяжнае ў далёкім
эпіцэнтры лета
Тое ж што будынкі тояць у глыбіні сваіх дворыкаў
часам прапануе ўжо залітая сонцам паверхня абшарпанага
фасаду Нягледзячы на расчынены насьцеж надвячорак
натоўп мінакоў на бульвары нічога ня чуў
пра цішу на паралельнай вуліцы
У паўзмроку будынкаў пасярод навязьліва каляровага сьвету
захоўваецца ціхі асадак чорна-белых фатаграфій
У іншым месцы з-за далягляду зноў ветла ўсьміхнецца
бледнае сонца
нейчай вагіны
З залатых вантробаў ювэлірнай крамы даносіцца крэхт
тым часам маё “Я” ходзіць па парку ў Вэрсалі
З краявіду толькі пусты шрыфт лета выйшаў насустрач целу
У нядзельных гарадах непазьбежна надыходзіць момант
калі трэба адступіць у лесапаркі і на могілкі
пакінуць некранутымі ўмацаваньні раскошных чужых рэзыдэнцый
на ўскрайку дня здалёк захапляцца
старымі фармацыямі
у якіх кожная драўляная шуфляда – гэта адзіночная камэра
для правінцыйнага ўдаўца-клярнэта
ці засохлай крапівы-маланкі
Тым часам пустыя прыадчыненыя куфры пазяхаюць у пустым
лябірынце
замку Сан-Анджэлё гарадзкая брама адкрывае шлях
у прыгарадную зелень якая прасьціраецца там да самай ночы
а мо і яшчэ далей да духмянага асуарыю наступнай вясны
Цяпер усё па-ранейшаму пустое золата сьпёкі
яго падрапаныя ільвы
адзінага камара зь ягоным назолістым нішто дастаткова
каб прасьвідраваць наскрозь масіў лета
Мы пражывем тое на што ў нас хопіць здатнасьці
*
Выпаўшы сюды зь нейкай загадкавай паштоўкі
нібы трапіўшы ў дужкі
мы нясем свае кардонныя сылюэты міма вітрын
поўных зацьвярдзелых скарбаў і яшчэ адчуваем на языку
прыніжальны смак схаладалай сасіскі
Рука забытая за шклом бістро
між бутэлькамі на барнай стойцы
другая насыпае каву ў кававарку На дне ўсіх талерак
чакае адна і тая ж пустая нядзеля
*
Мімаходзь я вынаходзіў новыя формы ласкавасьці
у маіх жылах пульсаваў сьцяг надзьмуваны ветрам
на далёкай страсе
джазмэнам з кружэлкі я дзякаваў за кожнае сола
Час позьні восеньскае неба парэпалася
ад ластавак
Сінія сьветлавыя стужкі на лбах аўтобусаў
першымі
даткнуліся сутоньня
Замест галеньня ўжо толькі
вытру шчаку ядвабным шалем
*
Што такое? Як звычайна вось толькі дом
побач з домам вечар заглыбляюся ў сваю бухгальтэрыю
шэптаў
сустрэчныя мінакі нясуць з працы пінжак
назад дадому
(Нават ледзь пачаты верш
азіраецца ўздагон папярэдняму)
Твая расколіна зьзяе на ўсіх паштовых марках маёй рэспублікі
(Далёкі прыбой – не адзіная штука
на якую ў мяне стаіць)
Цэлы сьвет сьцякае жоўтай крывёй у адзіным асьветленым акне
Начныя друкарні грукочуць з намі ў такт варочаюць
за нас горы
Усе мы таньчым кожнага з нас зрэжуць
пасярод гапака
*
Ноч
і Брадвэй удалечы праходзіць Нью-Ёркам
як пражылка мясам
Кружэлка была маім чорным сонцам наколькі
мне хапала быцьця я спусташаў тваю пацямнелую фабрыку
не ўнікаючы ад клопатаў увесь час баючыся
блага скончыць
у блага скляпаным сьвеце
Заставалася згатаваць сабе кавы
замест зьмірэньня з становішчам
целы раніцай зноў аддаляліся прыгажосьць дам
зьнікала за іхнымі трэніраванымі цягліцамі
мая прагнасьць заставалася ў вашым сырым прытулку
ўжо толькі як забытая пальчатка
На маім вясельлі будзе па пары ад кожнага віду жывёлы
і па пары ботаў ад кожнага чалавека
*
Я рады
што магу тут крыху пагніць
тым часам побач ля століка мабільны
пад рукой
маладая па-сталічнаму адпрасаваная Будучыня
пакутуе
ад маёй цыгары
*
У Празе
і надалей бракуе
Лісабонскай плошчы
пасярод
якой
ля пустой
падстаўкі
на парасоны
самыя крохкія
маглі б проста
бясконца стаяць
худнець і
бляднець
Лісабонская плошча
у лёгкім ветрыку
як самая далікатная
ненавязьлівая
дактрына