Шараговы нумар

Пераклад: 
сучасная чэшская паэзія, вершы па-беларуску, чэшская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(Běžné vydání)

Эльзасцы

Я сплю з табой
знадворку ідзе дождж падае як ён прывык
стары Жэўжык круціцца і ні шум
дажджавы
сьмерць падыходзіць да мікрафону
і зноў адыходзіць
мэталы мякчэюць прымаўкі рагавеюць
сьвет усё меншы
межы высоўваюць кіпцюры але не кранаюцца зь месца

Паралелі адна адну ігнаруюць абодва полюсы ўдаюць аднолькавую
 незацікаўленасьць
караблі згараюць ад ганьбы далёка ад вады бель вечных сьнягоў
 ня ўмешваецца
словы сьлізгаюць па паверхні сьвету адзін плюс адзін па-ранейшаму два
пасярод усеагульнай абыякавасьці
плянэце старасьць не пасуе як і нам яна сівее а срэбныя манэты ўсё яшчэ
 ў модзе
як і нам да сёньня бракуе блакіту
войны заканчваюцца скандалам як і сабантуі каму шанцуе ў картах таму
 і ў каханьні
разумныя пакідаюць права дзейнічаць ідыётам
ісьціны скідваюць скуру холад удакладняецца
маршчыны атабарваюцца на лбах заўсёднікаў
шылы трымцяць ад пяшчоты ідуць на дно
сэрца Эўропы памалу аблупляецца
акцыі самагубцаў растуць
я сплю з табой дэманы цішком строяць з нас кепікі
загнутыя косы бакоў гэтак жа зьдзекуюцца зь іхнай цішыні дождж хавае твар
 у кроплях
навіны дня шкварацца ў тлушчы гісторыі
кулісы далечы абгортваюцца перцам страху
уцёкі зь вёсак у гарады пасьпяхова працягваюцца працоўныя масы
 ўсё глыбей занураюцца ў багну шлягераў
стэрэафонныя парэшткі ўчорашняга дня бразгочуць ад сьмеху маладых
 барбараў
маладыя німфы з беспамылковасьцю экстрасэнсаў
крочаць па вяровачцы за грызунамі
пэрыфэрыя ўляглася й храпе ў нас пад дзьвярыма маё распаленае вуха б’е
 ў звон трывогі ў заднім памяшканьні далёкай Поўначы
бэтон дае ўрок абыякавасьці
старая курва Монапры ў захапленьні
 ад люстэркавых акуляраў юнага Фнака
суставы часу на нейкі час пасінелі
ў віражы апісаным сола Бада Паўэла
надмагільныя помнікі выварваюць брудную бялізну мёртвыя пякуць хатні хлеб
татэмы прымяраюць капелюшы зьнясіленых багоў
Папярэднік паказвае нам язык

Завея пускае нам пыл у вочы
шматкі краявіду вісяць на валаску сарказму
алейныя петлі магнітафонных стужак плаваюць на паверхні
гісторыя завяршаецца масакрай дзіцячых лялек
на капусным полі непадалёк ад Ніцы
паэзія памалу скісае й робіцца літаратурай
нямы пералік дрэваў
у мядовых глыбінях вітрынных шыбаў
шоўк пажараў чэзьне
бялізна даляглядаў высыхае сярод маўклівых твараў
вылюднелыя набярэжныя моўчкі глынаюць загіблых
ліхтары выстройваюцца ў чэргі ў вечаровых калідорах
зямельныя ўчасткі выпаленыя сьпіртам таемных альфавітаў
аўтаматы выгаўкваюць апошнія пасланьні
на абыякавае вуха Слана
Зуб пасярэдзіне сьвету зьзяе
сваёй адсутнасьцю
газ прыкладвае палец да вуснаў докаў
косьці асьвятляюць імглу прадмесьцяў
закінутыя пад’ёмныя краны мастурбуюць пад прамоклай балоньню
самотныя склады мараць пра пустыя рагланы
пустым рагланам гэта да аднаго месца
начныя вакзалы ціха выпраўляюцца
ў кругасьветнае падарожжа
музэі толькі мяняюцца месцамі
шэрыя войскі гарадоў страчваюць раўнавагу
на каберцы адзінага падпітага языка
сонныя тралейбусы вылізваюць рэха
з талерак мокрых невялічкіх пляцаў
дажджлівыя лякаматывы аруць палі плоці
мокрыя кусты сьмярдзяць сьцятым помнікам
ноч памірае стоячы
плыткі выспаў бязгучна круцяцца ў моры
рыжыя дроцікі восаў трапляюць сонцу ў жывот
драўляны палец-ківун у бэнзінавых ручаях
іржавыя львы прарываюць халсьціну лета
арол корпаецца ў жалязяцы
аксамітнай цягліцай
кіты марнеюць у цені нядзелі
сцакі бадзёра падымаюцца па сіхле дня
таполя ліжа задніцу бясконцасьці
мяшок для ветру пасёрбвае пакрыху з прасторы
мост праводзіць цанзуру ракі
сьмех парваў цішу
а трава яе зашывае
лье дождж рэчы чым далей тым хутчэй псуюцца
не губляючы хітраватай усьмешкі
млосьць высоўвае свой покер-фэйс
са старонак пэрыядычна гартаных слоўнікаў
адзін нумар Франс-Сўар хутка праганяе другі
змагарныя лёзунгі ўжо ня ведаюць што прыдумаць
начныя цягнікі пераяжджаюць межы
везучы кантрабандай адны анэкдоты
карціны пераходзяць з рук у рукі
хворых на катаракту
адзінкавае раней ці пазьней распускаецца ў тыповым
эканамічная неабходнасьць супраціўляецца патрэбам гульні
colorless green ideas sleep furiously
сэрца ляніва пазяхае на сваім троне
унутраныя палацы адкланьваюцца
пад залпамі нашых друкарак
забытая рука высыхае на дужцы наступнага панядзелка
целы разыходзяцца са шкадаваньнем у салодкай гнілі паветра
народныя ўмельцы разьюшана фастрыгуюць плянэту што ўлезла ў даўгі
алкашня перабягае з вэрнісажу на вэрнісаж
дурні падстаўляюць ілбы сьвятлу
юныя садысты жаруць свой біфштэкс
волаты раптам наклалі ў порткі
дрэсіраваныя сабакі працуюць звыш нормы
просты грамадзянін цішком зьдзьмувае пыл са сваіх сьвятых
матулі мастурбуюць сваімі пестункамі
мае каханкі паехалі на супольныя зборы
шкеты цэляць у нас з рэвальвэру
дзядулі выціскаюць апошняе з сваіх выдыхлых дударскіх мяхоў
пасярод памятага натоўпу пасажыраў перапоўненага Касмапалітэну
заўтрашнія жакеі лятуць на прывіды панельных дамоў
юнакі-фотамадэлі будуюць новую Эўропу
плэйбоі на пляжы пасыпаным сьветлым тытунём
сумуюць па скараварках
курцы галасуюць за сонца
час кладзе яйкі ў пустую бэйсбольную лавушку
хлопцы Элінгтана ўжо тут
са сьвяточным тортам
звышсамцы ўзору 2000-га году харчуюцца шрубамі
мілавідныя немкі ладуюць жываты сапсаванай капустай
шэйхі ўжываюць ваніль замест пудры
негрыцянскія прымадоны пазіруюць у вокнах Захаду
эскімосы дрэмлюць на сваіх роварах-сьнегаходах
Трэці сьвет косіць вокам на наш марцыпан
чырвоны Кітай надураны блакітным Дунаем
Італія паказвае зубкі сваіх букатак
3:0 на карысьць Чайнатаўну
Нью-Ёрк гучыць глухавата
у Амэрыцы недахоп фанэры
зямная куля зьнікае ў пысе старога блазна Муны
а ў роднай Чэхіі сонца ўсё яшчэ залаціць пустыя футбольныя стадыёны
пацёмкінскія вёскі працуюць над сваёй паныласьцю
Фудзіяма круціць хвосьцікам
фэміністкі сьнедаюць як асілкі
рыбная юха ў пошуках мужа
лінія Мажыно па-ранейшаму ў дзеўках
траянскі конь паўстае на дыбкі перад аслабленай Біржай
неандэрталец пераходзіць вуліцу на чырвоны
Рама-Крышна сьлізгае носам па рукаве
Будда храпе ў будцы суфлёра
Ісус вяртаецца ўсё яшчэ крыху зьніякавелы
і пытаецца афіцыянта дзе тут умывальня
Бог-бацька нястомна выпісвае непакрытыя чэкі
Фантамас праяжджае ў джыпе па Рамблас
засыпаных завеямі канфэці
графіня Батары жыве па суседзтве з Сэвільскім флягелянтам
Элвіс Шырспажыў на таксі ўразаецца ўва ўласнае хаўтурнае шэсьце
Фэрнандэль абвяшчае вайну Гадзілу
Тото млее ад нудоты
Какошка распускае тусоўку
Рутэр чысьціць аўтазавод
Кобліга не заслугоўвае лепшага прозьвішча
Кодэш пад дажджом разьлічваецца з Дамінгесам
Брэжнеў бярэ нумар Вожыка
Мао муркае з-пад яец
Трамі Янг буркае з чэрствага пудынгу
Sonny Boy як ні круці Sunny Boy
генэралу Кітабджы Хану на ўсіх начхаць

Дождж
у вітрынах кнігарняў паміж радкоў гойсае шчуралоў
Лэстэр скептычна намазвае лусту сьвету
бяззубы Рычы тузаецца ў калючым дроце
пакрытым зіхоткай шэраньню утопіі
Прэвэр дырыжуе аркестрам будзільнікаў
Супо просіць аганьку
Збынек піша «сьцежкі дажджоў змываюць сьцежкі людзкія»
і сыходзіць
негр засяроджна назірае за рухам у лініях сваёй далоні
паліцыянт вынюхвае ў кожнай сустрэчнай выпарэньні ейнай кухні
суфлёр памірае пры выкананьні абавязкаў
з пагаслым мэтэарытам у руцэ
Мэсьё й Мадам запрашаюць
мурашы гарбацяць
а львы б’юць лынды
мой нос ладзіць мне сабатаж
бажніцу скасавалі
восень заквашвае будучы партвэйн
нябожчыкі пахнуць ружамі
ружы селядцамі
чэрствая скарынка б’е трывогу
прырода курыць толькі свае цыгары
Id гарэзьнічае
чэлесы падымаюць галовы супраць сваіх гаспадароў
мае косьці ўсьміхаюцца будучыні
скрозь старэючы фасад
наркотык выбівае вока страўніку
піва зьзяе ў байніцах
васіліск пырскае сьлінай на грэчку
мяч пралятае па-над саванай
ключовая адтуліна наракае што ейная маці сьсівела
арганізм пантуецца напрадвесьні
а тое адказвае яму тым жа
FOOD зьзяе ўначы
нафтадаляр удае ўсёведаньне
цэнзар хрумкае свой мічурынскі яблык
бліжнія зноў і зноў паліруюць свой бохан
я чым далей тым болей нявінная Дзева
а мая звышгукавая бабуля выпускае з касьцёлаў паветра
прастуджаная Прыгажосьць абкусвае хлярафіл
парэшткі акрабатаў ажываюць ад гонару
малако спаніэляў улягаецца
ля ільдзяных лап Сфінкса
рука тэорыі намацвае штосьці ў кішэні павер’я
абцяжараная падаткамі галіна ламаецца ў вэнтылятары
сьветлыя іголкі дажджу расшумеліся ў зялёным вуху
Сіесты белая хвароба захопіць сінюю зону для паркоўкі
варыкознавенны птах знуджвае абшарпаную зорку
скура дзьвярэй аплядуе адсутным сонцам
падгарэлыя пінжакі асядаюць на дно кар’ераў
скрыпка ўжо доўгія гады сікае крывёй
мэтраполія прымае парад свайго сэзоннага ўраджаю гальштукаў
прадмесьце патрабуе сваёй долі сажы і полавага фаршу
безыменныя статуі чаргуюцца ў турнікеце дзён
бліжнія-хвашчы сыдуць з дарогі
й прыадкрыюць бледную сьлізістую абалонку тыдня
у заапарку Тўары драпежнікі ляніва разьдзіраюць на шматкі рэклямнага манэкена
пасярод пустэльні муру цагліна немым крыкам гукае дапамогі
ад нябёсаў адклеілася матавая капірка і ў апошні раз лашчыць
масу схаладалага Праса
ліфт вяртаецца на першы паверх пусты як субота пасьля абеду
вулічныя гадзіньнікі ўмываюць рукі
адзін цягнік пакрывае другі
будынак радыё абрастае тонкімі валаскамі
бізуны кусаюць паветра
нягледзячы на яго салёны смак
Плошча Згоды прыўкрасная па-ранейшаму
сонца старая камізэлька
чалавек баран
галоўнае ня кідаць курыць
мае мілавідныя лякіраваныя чаравікі ў пануючым паўзмроку салёнаў
перасталі ўжо званіць адзін аднаму
папяровым ружам няма куды сьпяшацца
самалёты на ўскрайку аэрадрому
ўдаюць што яны ні пры чым
пра рэшту падбае шахта для сьмецьця

Я сплю з табой
а ласае мяса занепадае

1979

Заўвагі

...старая курва Монапры ў захапленьні ад люстэркавых акуляраў юнага Фнака — Monoprix, Fnac: французскія супэрмаркеты

Бад Паўэл — Bud Powell (1924 — 1966), амэрыканскі джазавы піяніст

Франс-Сўар — France Soir: «Вячэрняя Францыя», газэта

...colorless green ideas sleep furiously — «бясколерныя зялёныя ідэі разьюшана сьпяць» (анг.): вядомы прыклад сынтаксічна слушнай пабудовы бессэнсоўнай фразы, прыдуманы Ноамам Чомскім

...пасажыраў перапоўненага Касмапалітэну — гульня слоў «Cosmopolitan» (часопіс) і «мэтрапалітэн»

...ў пысе старога блазна Муны — Aguigui Mouna (1911 — 1999): вядомы парыскі вулічны прамоўца і бадзяга

лінія Мажыно — сыстэма памежных абарончых збудаваньняў у міжваеннай Францыі, названая імем тагачаснага міністра абароны André Maginot (1877 — 1932)

Рамблас (ці папросту La Rambla) — пешаходны бульвар у Барсэлёне

графіня Батары — Эржэбэт Батары (1560 — 1614): вядомая вугорская арыстакратка, садыстка і сэрыйная забойца

...Элвіс Шырспажыў на таксі ўразаецца ўва ўласнае хаўтурнае шэсьце — як адзначае сам аўтар, «верш быў напісаны да таго, як на хаўтурах Элвіса Прэслі ў натоўп урэзалася машына і задушыла дваіх чалавек»

Фэрнандэль, Тото — французскія комікі

Оскар Какошка (1886 — 1980) — аўстрыйскі мастак

Рутэр — Walter Reuther (1907 — 1970): амэрыканскі прафсаюзны дзеяч

Кобліга — літаральна «булачка», «пончык» — František Kobliha (1877 — 1962): чэскі мастак

...Кодэш пад дажджом разьлічваецца з Дамінгесам — магчыма, маецца на ўвазе гішпанскі мастак-сюррэаліст Оскар Дамінгес (1906 — 1957)

Трамі Янг — Trummy Young (1912 — 1984): амэрыканскі джазавы трубач

...Sonny Boy як ні круці Sunny Boy — цяжка сказаць, каторага зь як мінімум трох джазавых «Соні Бояў» мае на ўвазе аўтар

Кітабджы Хан — Kitabgi Khan (1843 — 1902): пэрсідзкі генэрал, сузаснавальнік кампаніі British Petroleum

Лэстэр — Lester Young (1909 — 1959): амэрыканскі саксафаніст

...бяззубы Рычы — магчыма, Рычы Хэйвэнз (1941 — 2013), амэрыканскі сьпявак

Жак Прэвэр (1900 — 1977) — французскі паэт

Філіп Супо (1897 — 1990) — французскі пісьменьнік-сюррэаліст

Збынек — маецца на ўвазе Збынек Гаўлічэк (1922 — 1969), чэскі паэт-сюррэаліст, псыхіятар.

...белая хвароба — Bílá nemoc: п’еса Карэла Чапэка

Тўары (Thoiry) — заапарк непадалёк ад Парыжу

Плошча Згоды — Place de la Concorde: плошча ў Парыжы

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

На маім вясельлі будзе па пары ад кожнага віду жывёлы
і па пары ботаў ад кожнага чалавека

Пераклад:
Макс Шчур

Пуза мясісты помнік што чакае
свайго адкрыцьця за півам калі
зь яго сарвуць кароткую заслону саколкі

Пераклад:
Макс Шчур

Вэртыкальныя повязі ў вершы — фіктыўныя.
У сапраўднасьці кожны радок — частка
доўгага гарызантальнага тэксту,
які на момант вынырвае, праходзячы скрозь старонку,
падобна да таго, як падземная рака выцякае на паверхню і зноў зьнікае ў пяску.

Пераклад:
Макс Шчур

Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні