Пераадкрыты кантынэнт

Пераклад: 
сучасная чэшская паэзія, вершы па-беларуску, чэшская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Між сківіцаў

(Mezi čelistmi)

Канец нядзелі й вяртаньне
ў горад Прага нагрэтая пастка ўсё яшчэ патыхае сьпёкай
гармонік агароджаў складзены Колішнія прадмесьці
перамесьціліся на поўдзень засталася пустэльня з магіламі зганьбаваных выспачак
 пасярод праежджай часткі
прабоіна ў цемры карчмы
пустыя склады і дзесьці паблізу гарачае дыханьне прагных сабак

Інвэнтарызацыя аб’едкаў у глыбінях дамоў валет б’е казырнага додзіка
адлегласьць між целам атупелага таткі і найбліжэйшым да яго
целам нерухомай мамкі Пуза мясісты помнік што чакае свайго адкрыцьця
 за півам калі
зь яго сарвуць кароткую заслону саколкі

Эпоха

(Epocha)

Брава

так ляцелі
што ўжо ня чулі ўласнага галасу
ані грукату колаў
навокал

кубы запоўнілі прастору
а яны запоўнілі кубы

а раз іх было ўсё болей
то некаторых вынішчалі

а раз выразалі
то гулялі на ўсе сто

а раз гулялі то
скакалі ўзьляталі
да сузор’яў У цемру

Сія-тыя дзівіліся
зь дзівоснай эпохі

слупянелі на ходніку
над жменяй дзіцячых костак

побач з куранячымі Над саплёй
на бардзюры

Потым ужо не слупянелі
Далей бялела цягнулася
безгалосая пустка

Там

(Tam)

Божухна
там наперадзе зноў нешта зырыць
перадплеччы пад’ёмных кранаў
зацёклыя ў жэсьце «гайль!» у полі
над імі як дурніца
вісіць хмара
і ёлупу ўсьміхаецца
ці ня заўтрашні дзень

Пэўнасьці

(Jistoty)

У арсэнале Праўды — мокрая вуліца, падсохлая дарога,
плошча Згоды пасярод пустэльні суботы.
Пратэрмінаваныя кансэрвы Дабра, сапсаваныя кансэрвы Зла.
Стрыечніца Шчасная — тая, што выйшла за абы-каго.

Ня ведаю незаікастых словаў, у спадчыну мне іх ня дадзена.
Ведаю толькі глей калідору, даждлівы ліхтар,
тлушч і гіпс, цела, а ў ім —
чорны звон без намеру, што муціць, абы муціць, цемру.

Даніна

(Hold)

З часоў знаёмства ўсьцяж цябе пільную:
на сходнях, ростанях чакаю, як афэлак,
нідзе ці недзе, у гадзіну тую й тую,
уздыхам роспачным прашу спагады ў стрэлак

гадзіньніка, ліжу зацёклым вокам
абрысы вежаў, ці пад навальніцай
стаю слухмяна, ці пад сьнегам мокрым,
вартую, як вар’ят, самотную масьніцу

ў траве, маўчаньне саду пад дажджынай,
на пятачку «Ў анёла» бачу: хтосьці тоўсты
шукае нешта ў порцыі нішчымнай...
Зноў, карацей, жыву, калі папросту.

Днее

(Břeskná)

У дрэвах сьпее ўжо сьвітаньне ўпотай.
З плято начнога ў цела вузкі карцэр,
на месца між астатніх зноў вяртацца.
Ключы ў кішэні дададуць грымотаў,

жалезнай прахалоды. Быццам боты,
па друзлых тварах шаргацяць тупыя лёзы.
Ісус саплівы пазірае з лужын сьлёзна.
Сьвежая злосьць у дзень ірвецца скрозь лістоту.

Туалет

(Toaleta)

Пільна галіся дай ранку
ранкавае запусьці вастрыё
ў гушчар шчаціньня хай дзень будзе зноў голай
роўнядзьдзю Хай пад пенай прагляне скура

Пагаліся зноў паслухайся матухну
разгладзь ейныя моршчыны выбі цень
са столак краявіду хай за гумном прынамсі ненадоўга
змоўкнуць пашчэнкі ордаў Хай яны там
цікуюць з клінкамі сыру а не жалеза

Галіся вярні занядбаным дзядзькам
шарм лёгкім подыхам адэкалёну
аголенасьцю што ледзь кранутая золатам
Пагаліся хай зноў чыстая ад пісьма скура
выйдзе іншым насустрач

Пільна галіся за тваім абліччам
ужо стаяць у чарзе наступныя

Нутраны дворык

(Nádvoří)

Голая ноч ужо ля дна і пустэльня фасаду здаецца глыбейшай
дзякуючы сваёй плыткай таямніцы Мы зноў вяртаемся ў нечапаны дзень
а вада раніцы падымаецца па касьцёльным франтоне і ўжо накладвае на трымценьне
 мазаікі
зыркасьць свайго гаючага павуціньня

Глыбіня мястэчка

(Hloubka maloměsta)

P. S. Івану Блатнаму

Пах кропу й часныку трымціць у ноздрах лета.
Кірмаш з гароднінай, насеньнем, што ў шуфлядзе
пад сонцам сьпіць за сьпінай прадавачкі. (Ірка? Квета?)
Забыты скарб — што толькі час пяшчотна гладзіць —

вось дзе раскоша. Тут дрымота — знак шляхецтва.
Пляц надвячоркам: толькі ледзьве чутны позех
у вусьці вуліц. Па-над аркай выбітыя шкельцы —
бясьпёры хвост паўліна ў гордай позе.

Едзем

(Jedeme)

Чакалі што будзем жыць спантанна шчыра бухцець
ці маўчаць цярпліва ацэньваючы перашкоды А тут адно мядовай хваляю лунае
 йржавая фіранка
ў вакне аўтобуса Лета вакол паўсюдна пранікае замест нас вылізвае да дна крэйдавую
 пустэльню вёсак
і сьцягам салютуе нашай мітусьні

*

(Ráno před cestou... — Staronový kontinent 2.)

Раніцай перад ад’ездам
ты атрымаў паперу і ручку ад кабінкі
прыбіральні, яшчэ крыху, і ты б замест ад’езду застаўся там навечна
ў шаргатлівай чарзе тых, хто зьмірыўся.
Цяпер усё-ткі бяз ручкі і тут, праскія вежы, як і спрадвеку, схаваныя
ў густой малочнай імгле, рашуча праторваць да іх дарогу
зь нябачнай ручкай у руцэ — Сьвет надалей нас вабіць сваёй шматлікасьцю,
 якая раптам
ухіляецца, не дае сябе засьпець
і разгледзець зблізку: між двума цёмнымі аганькамі кілішкаў з фэрнэтам, між
 дзьвюма па-сястрынску прахалоднымі нагамі
напінаецца толькі балона паветра, пустая далонь.
І дамскае лагво з абабіўкай чорнай спадніцы
магчыма ёсьць толькі паваротная завеса, брамка ў холад адсутных салёнаў
і начных заляў чаканьня —

Назаўтра

(Nazítří)

Вось і зноў раніца. Такая падводна-спакусная ўначы крэпасьць невялічкага гатэлю,
мазаная шчырым мёдам, зноў тырчыць з імглы як голая косьць,
твар, што асьвятляў табе дарогу сюды, як лямпада,
раптоўна — толькі ўсьмешлівае мяса.
Нічога новага; і пажада — толькі крыху разагрэтае нежаданьне,
нават каменная пыса мянта, зноў павярнуўшыся да сямейнай
куханькі, расплываецца ў амаль што чалавечай грымасе.
 Гэтак у сумневах усё можа пачацца зноўку;
зноў спыніцца на рагу, вырашыць, ці пойдзеш у левы бок, да мляўкіх шумоў места,
ці ўгару, удоўж абвостранай цішыні невысокіх муроў зь пенай акацый.
 У любым выпадку за паваротам ззаду
пакінеш некалькі магчымых лепшых жыцьцяў —

Сёньня перад палуднем

(Dnes dopoledne)

Ідзе дождж, і тых, хто рэтыраваўся да столікаў і бараў,
у зашклёную цішыню кафэшак,
аддзяляе ад шэрасьці дня толькі тонкі слой сьвятла —
так мала трэба, каб іх ніколі
не было. І мінак, што чакае канца дажджу пад стрэшкай, пазнае ў групцы побач,
 між струменямі вады,
бацьку-нябожчыка, і ледзь стрымліваецца, каб не працягнуць да яго
руку па пятак

Раўніна і платы

(Pláň a ploty)

Сьвісьцяць, гудуць па летняй залі кулі-восы,
час безбацькоўства і бязбожжа ўжо даўно.
Мэтал больш не зьвініць, і дыхаюць пакосы
задухай сена, чэскай подласьцю, затоенай віной.

Вакольнае нішто, як доўгі позех, зь сенажаці
разносіцца. На ўчастку паднялася на мыскі
па-над каляскай маладая маці.
Труцень як выклік уваччу труціцелькі.

Сьвятло да бляску новы дзень адшаравала,
як косьць — ён лезе ў шчыліны гальля.
Платоў трымацца, паважаць іх за трываласьць.
Вачыма бегчы мяць траву пад далягляд.

Яны

(Oni)

Ідуць перамоўцы; штось наўме, у партфэлі шэпт яхідных
тэчак не раўнаючы з-пад наносу гадоў.

Усе наноў адпаліраваныя, цьмяныя да задушэўнасьці.
Ідуць мігцець з выверанымі жэстамі ў нераце сэзону,

прарывацца ў залі й да столікаў
па-за дасягам насьпяваючых сем’яў. Ідуць поўныя намераў,
 пустэча ў іх зноў грукоча,

варта ім зрабіць крок, як у іх між ног зьзяе заўтра.
Перамоўцы, няўрымсны пстрыкат асадак, дыпляматаў,

неабходны ў іхнай працы, узрушанае трымценьне мужчынскіх кійкоў
скрозь абыякавасьць пройдзеных дворыкаў. Яны ідуць на перамовы,
 час, што шукае сабе імя,

рушыць сьляпой навалай. У кожнага зь іх на языку падрыхтаванае вітаньне
 з прычмокам,
і між адным і другім, між імі і ўсімі — тая самая бяскрайняя роўнядзь.

Толькі потым

(Až)

Такім чынам я зноўку замілавана налягаю на іншае цела, на варштат
зь белага дрэва, быццам супольны ўсхліп і сутарга
павінныя дабіць да зор і прыпадняць начны купал;
пры гэтым той нам зноў і зноў абвальваецца на галовы,
у табе я прарываюся скрозь вал целаў, каб там, на самым нізе, зноў мераць глыб
пустой прорвы.
Толькі потым, калі мы ўжо разам слухаем цішыню, якая падымаецца адтуль
і ў якой нібыта нема бразгоча неадкрытае срэбра,
нам здаецца, быццам нешта насамрэч існуе, каханьне
а зь ім, мажліва, нават сьвет —

Адтэрміноўка

(Prodlení)

Яшчэ распаленыя любошчамі ўжо нерухомеем падаем
у непрытомнасьць пазачасься У рамку не ўваходзіць толькі акруглая ўява
маёй далоні застылай там удалечы на тваіх узьнёслых грудках

Падстрэшак

(Podkroví)

Гадзіньнік у паўзмроку ўсё разьмяркоўвае лічылку
між пацямнелым чытачом і сьвежай кнігаю насупраць

1989 — 92, 1997

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Завея пускае нам пыл у вочы
шматкі краявіду вісяць на валаску сарказму
алейныя петлі магнітафонных стужак плаваюць на паверхні
гісторыя завяршаецца масакрай дзіцячых лялек
на капусным полі непадалёк ад Ніцы
паэзія памалу скісае й робіцца літаратурай
нямы пералік дрэваў
у мядовых глыбінях вітрынных шыбаў

Пераклад:
Макс Шчур

На маім вясельлі будзе па пары ад кожнага віду жывёлы
і па пары ботаў ад кожнага чалавека

Пераклад:
Макс Шчур

Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні

Пераклад:
Макс Шчур

Вэртыкальныя повязі ў вершы — фіктыўныя.
У сапраўднасьці кожны радок — частка
доўгага гарызантальнага тэксту,
які на момант вынырвае, праходзячы скрозь старонку,
падобна да таго, як падземная рака выцякае на паверхню і зноў зьнікае ў пяску.