Беларуская Прага займела на адзін адрас болей! У леташнім сьнежні на вуліцы Korunní д. 48 адкрылася супэрстылёвая чаёўня-рэстарацыя «Mist» https://www.facebook.com/Mistinprague/ – гаспадары прызналіся, што прыдумалі назву, натхніўшыся аповесьцю Васіля Быкава «Ў тумане». Гістарычна першай культурнай імпрэзай у чаёўні стала прэзэнтацыя чэскага перакладу вершаў Максіма Багдановіча – а сёньня ўжо чытаньні белліту ў «Mist» ператварыліся ў добрую традыцыю і адбываюцца ў сярэднім раз на месяц.
Сярод іншых, у чаёўні ўжо выступілі суарганізатар чытаньняў Макс Шчур з кнігай «Галасы» і перакладамі Эмілі Дыкінсан, перакладнік Міраслаў Томэк з чэскай вэрсіяй аповесьці Ластоўскага «Лябірынты», а зусім нядаўна – дарагі госьць з Стакгольму Зьміцер Плакс зь вершамі на трох мовах і аўдыёпэрформансам.
Усе беларускія вечарыны ў «Mist» насамрэч шматмоўныя: апроч беларускай, на іх рэгулярна гучыць ангельская, чэская, калі-некалі расейская і нават швэдзкая. Студзеньскае чытаньне ў «Mist» было асабліва шматлюдным, бо яго фіксавала для свайго рэпартажу тэлебачаньне Белсат!
Наступнай у «Mist» паабяцала выступіць вядомая ў сьвеце паэтка Вальжына Морт, што прыляціць на вечарыну з саміх Злучаных Штатаў. Выступ мае адбыцца ў нядзелю 13-га траўня ў 19:30.
Наагул, травень у Празе абяцае быць беларускім: 10 траўня ў бібліятэцы Вацлава Гавэла будзе прэзэнтаваны з удзелам аўтара чэскі пераклад кнігі Зьмітра Дашкевіча «Чарвяк», а на выходных 19-20 траўня ў клюбе «Eternia» – пераклад кнігі Міколы Дзядка «Фарбы паралельнага сьвету», таксама з удзелам аўтара! Сустрэнемся на барыкадах!