24.03.2018

Памёр Ніканор Парра

Пакуль мы былі на зімовых вакацыях, прыйшла сумная навіна: 23 студзеня 2018 г. у веку 103 гадоў памёр Ніканор Парра, знакаміты чылійскі антыпаэт і бязбожнік, які адным зь першых у гішпанамоўнай літаратуры – гэта значыць прыблізна адначасова з Гамбровічам і Букоўскім, – пачаў адкрыта сьцябацца з мадэрнізму й Высокай Паэзіі.

Паводле ўспамінаў Алехандро Хадароўскага, ужо ў 1940-х гг. Парра лічыўся ў Сант’яго культавым аўтарам, а ягоныя вершы цытаваліся напамяць цягам начных застольляў прасунутай моладзі. На ангельскую ягоныя вершы перакладалі Гінзбэрг, Фэрлінгеці, Ўільямс, Лэвэртаў.

У беларускім літаратурным кантэксьце, які толькі ў 90-х нарадзіў шэраг уласных “хуліганаў”, – Жыбуля, Бурлак, Пшанічнага, Прылуцкага й іншых, – імя Парры застаецца малавядомым. Хіба ў 2005 г. ўэб-часопіс “Невідочнае места” напісаў пра яго наступнае: “Чылійскі “антыпаэт” Ніканор Парра—бадай, першы й найбольш пасьлядоўны з лацінаамэрыканскіх постмадэрністаў, а на мой (М. Шч.) густ дык найбольш значны, непаўторны й сур’ёзны (!) гішпанаамэрыканскі паэт другой паловы ХХ стагодзьдзя. Ягоная “антыпаэзія” ўдае сабой стылістычную і ідэалягічную процівагу паэтам авангардысцкага накірунку (Нэруда, Пас). У сваёй прамове з нагоды атрыманьня прэміі Хўана Рульфо Парра, задаволены магчымасьцю згуляць сваю ўлюбёную ролю infant terrible, без усякай пашаны й сораму “перамывае косткі” клясыкам гішпанаамэрыканскай літаратуры, ад Борхэса да Габрыэлі Містраль. Пры гэтым нельга не заўважыць, што сам Парра шмат у чым застаецца нашчадкам свайго суайчыньніка Вісэнтэ Ўідобро і гішпанца Гомэса Дэ Ля Сэрны зь ягонымі грэгэрыямі”.

Што тут дадаць? Толькі: hasta siempre, камандантэ Ніканор!

http://www.elcomercio.com/tendencias/chile-despedida-nicanorparra-escrit...

На фота: “Зараз вярнуся”, артэфакт Ніканора Парры