Трыа Buben Naruszewicz Baisan выпусціла альбом "1937". Праграма на вершы паэтаў трыццатых была запісаная на студыі дзяржаўнага радыё, яе прэзентацыя адбылася ў праграме “Тэрыторыя гуку” на Першым канале.
Пад акампанемент гітары Нарушэвіча і электроніку Бубена на ўсю краіну загучалі вершы Юлія Таўбіна, Яўгеніі Пфляўмбаўм, Алеся Дудара, Міхася Чарота, Уладзіміра Дубоўкі, Тодара Кляшторнага. Цяпер альбом даступны для праслухоўвання ў інтэрнэце.
Каментуюць стваральнікі:
“Мы цешымся, што афіцыйная прэзентацыя адбылася на цэнтральным радыёканале, бо менавіта там мусяць гучаць нацыянальныя героі. Канцэпцыя альбома вельмі простая і сумная: па кожнаму з паэтаў прайшоўся 37-ы год. Іх лёсы не пакідаюць нас абыякавымі, як і лёсы нашых сем'яў: расстраляны продак Улада Бубена, Іван Мезін, быў апошнім старастам Чырвонага касцёла, пераследаваліся і два прадзеда Алеся Плоткі. Сёння мы імкнемся вярнуць паэзію 30-х у сучасны кантэкст, калі ўжо не кожны счытае сэнс вокладкі з фарамі машыны пад домам”.
Трыа Buben Naruszewicz Baisan утварылася на аснове супрацы паэта Алеся Плоткі (Baisan) з культавым электронным музыкам Уладам Бубенам. Разам з гітарыстам Леанідам Нарушэвічам (гурт “Князь Мышкін”) яны выдалі шэраг альбомаў. Сярод іх вылучаюцца альбомы Bulbahuana, які ўвайшоў у топ-3 лепшых электронных альбомаў Беларусі 2017 і “Папяросы” – пераклад кнігі Юрко Іздрыка. (Урыўкі публікаваліся на «ЛітРАЖы»).
У планах трыа – рэліз альбома “З нажом на Сонца” (часткі паэмы "Калі асядае муць" Тодара Кляшторнага) і выступ у Ракаве 30 чэрвеня.