Слава і вечнасьць

Пераклад: 
класічная нямецкая паэзія, вершы па-беларуску, нямецкая літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Дзяцінскім, і жахлівым, і занудным...

(Kindisch und schaurig und wehmutsvoll...)

Дзяцінскім, і жахлівым, і занудным
здаваўся часта мне матыўчык часу:
зірніце, ці яму цяпер я падпяваю?
услухайцеся, ці гульлівы перазвон
не ператварыўся ва ўрачысты,
ці не гучыць
звысок, нібы з высокай генуэзскай вежы,
матыў дзяцінскі, і пры тым жахлівы,
жахлівы і занудны.

1877

Ecce Homo

Так, мне творца мой вядомы!
Я, як той пажар, бяз стомы
сам сябе кармлю і ем.
Што міну — як вугаль гасьне,
што крану — палае ясна
мной, сапраўдным полымем!

1882

Скептык прамовіў

(Der Skeptiker spricht)

Жыцьцё прайшло напаў —
дух з тропу рухам стрэлак зьбіты.
Ты марна тут шукаў —
і ў пошуку яшчэ, нібыта?
Жыцьцё прайшло напаў —
пасьля ўсяго, што перажыта,
чаго шукаць падстаў?
Падстаў шуканьня менавіта!

1882

«Pia, Caritatevole, Amorosissima»*

З могілак Campo Santo

Сваёй авечкі воўну
рахмана лашчыш ты,
твой позірк зьзяньня поўны
агню і мілаты,
настолькі любай сэрцу
другой такой няма —
сьвятло адзінаверцаў,
Amorosissima!

Чаму ж сышла так рана,
раптоўна, у журбе?
І хто ж быў той каханы,
што не кахаў цябе?
Плач вочы засьцілае,
адказу мне няма —
маўчыш, нібы жывая,
Amorosissima.

*Набожная, ласкавая, вельмі любая (лац.)

1882

Люблю вас, о грабніцы...

(Dich lieb’ich, Gräbergrotte!..)

Люблю вас, о грабніцы,
хлусьлівы мармур ваш!
З вас ад душы цьвяліцца
карціць мне, не інакш.

Ды тут не да сьмяшка мне —
стаю, раву раўмя:
вось твой партрэт у камні,
пад ім — тваё імя.

Нашто казаць камусьці,
як цалаваў твой твар,
нібы ня маюць вусны
за мармур іншых мар?

Няўжо магільны камень
я, блазан, пакахаў?
Тваё імя таксама
я з плачам цалаваў.

1884

Ніколі хваля не спачне...

(Die Welle steht nicht still...)

Ніколі хваля не спачне,
ноч ласьціцца да сонца —
кажы не «Так заўгодна мне!»,
а «Гэта ў маёй моцы!»

Спрадвечны розгалас крыніц
з вышыняў вуха ловіць...
На іх пачатку бог стаіць —
сам вечны пачатковец.

1884

Дзень адгучаў...

(Der Tag klingt ab...)

Дзень адгучаў, пажоўкла радасьць, дагарэла
сьвятло апоўдня.
Як доўга шчэ? Выходзяць зоркі, поўня,
вецер і шэрань. Больш марудзіць мне ня трэба:
як сьпелы плён, мяне зьдзьме подых з дрэва.

1885

Песьня апоўначы

(Das Mitternachtslied)

О, чалавек! Прарочы
паслухай сьпеў глыбокай ночы!
«Сном памерлых
я спала, ды раскрыла ўрэшце вочы —
сьвет невымерны
болей, чым нават дзень прызнаць ахвочы.
Жалобы плынь
плытчэйшая за бездань асалоды.
Жаль кажа: Згінь!,
а асалода прагне быць заўсёды —
у вечнасьці бяздоннай быць заўсёды!»

1885

У новыя моры

(Nach neuen Meeren)

Я хачу туды і веру —
у сябе й ва ўласны спрыт.
Генуэзскую галеру
вабяць хвалі і блакіт.

Сьвет — як новы, у глыбокім
час з прасторай дзённым сьне,
і Тваё, Бясконцасьць, вока,
пазірае на мяне!

1887

Зільс-Марыя

(Sils-Maria)

Я тут сядзеў, чакаў няведама чаго,
па-за дабром і злом, атульвала ўсяго
між ценем і сьвятлом бязмэтная гульня —
і часу акіян у самым сэрцы дня.

І тут, сяброўка, я адчуў сябе двакроць —
сам Заратустра мне зьявіўся мімаходзь.

1887

Да Гётэ

(An Goethe)

Да Непазбыўнасьці
меў піэтэт —
бог надурыў цябе,
бедны паэт.

Сьвет-кола круціцца,
мкне без рамня.
Нудным — бязглузьдзіца,
блазнам — гульня.

Вольна мяшаюцца
зьнешнасьць і сэнс.
Вечна вар’яцкае
вабіць нас спрэс.

1887

Цяжар свой зашпурні на глыбіню!..

(Wirf dein Schweres in die Tiefe!..)

Цяжар свой зашпурні на глыбіню!
Забудзь, чалавеча! Забудзь, чалавеча!
Вось боскае мастацтва — забываць!
Калі хочаш ляцець,
калі хочаш быць у вышынях як дома:
закінь тое, што ў табе найцяжэйшае, у мора!
Вось яно, мора, і сам кінься ў мора!
Вось боскае мастацтва — забываць!

1888

Апошняя воля

(Letzter Wille)

Памерці як той,
сьведкам чыёй сьмерці я калісьці быў —
як мой сябар, што, быццам бог, маланкамі
й промнямі азарыў цемру маёй маладосьці.
Рашучы й глыбокі,
танцор у бітве, —

самы вясёлы з ваяроў,
самы сур’ёзны зь пераможцаў,
на ягоным лёсе паўстаў яшчэ адзін лёс —
суворы, задуменны, прадбачлівы:

ён трымцеў ад таго, што перамог,
і радаваўся, што перамог уміраючы:

ягоная сьмерць была загадам —
і загад гучаў «зьніштож»...

Памерці як той,
сьведкам чыёй сьмерці я калісьці быў:
памерці пераможна, зьніштажальна...

1888

Слава і вечнасьць

(Ruhm und Ewigkeit)

1.

Як доўга ты сядзіш ужо
на ўласным нешацунку?
Зважай! Яшчэ выседзіш тут
яйка,
яйка базылішка,
з сваёй задоўжанай жалобы.

Навошта Заратустру абпаўзаць гару? —

Недаверлівы, разьвярэджаны, змрочны
доўгачакальнік, —
і раптам бліскавіца,
яскравая, жахлівая, ударыла
з прадоньня неба:
у самой гары скалануліся
вантробы...

Як што Нянавісьць і Маланка
сталі Адным, адным Праклёнам —
па гары ўдарыў Заратустраў гнеў,
і навальнічная хмара папаўзла сабе далей.

Схавайцеся, у каго яшчэ засталася апошняя коўдра!
Залезьце ў ложкі, пестункі!
Грымоты шырацца пад купалам нябёс,
трымцяць муры і бэлькі,
б’юць бліскавіцы й пякельныя праўды —
Заратустра рассварыўся...

2.

Гэтую манэту, якою
за ўсё плаціць сьвет,
Славу — ,
я бяру толькі ў пальчатках,
з агідай кідаю яе сабе пад ногі.

Каму патрэбная плата?
Прадажным...
Толькі той, хто прадаецца,
хапаецца зашмальцаванымі рукамі
за сваю блышыную, бляшаную бразготку, Славу!

— Хочаш сабе купіць такога?
Яны ўсе на продаж.
Але ня будзь скнарам!
зьвіні поўнай машной! — 
іначай іх толькі ўмацуеш,
пераканаеш іх у іхнай Цноце...

Яны ж усе цнатліўцы.
Пашанота і Цнота рыфмуюцца.
Колькі сьвет жыве,
ён плаціць дэмагогам Цноты
бразгатам Пашаноты —
уласна, сьвет і жывіцца гэтай шуміхай...

Перад усімі цнатлівымі
хачу быць вінаваты,
зьвінавачаны ўва ўсіх сьмяротных грахах!
Перад усімі вестунамі Славы
маю адну амбіцыю: быць чарвяком,
на іхным фоне так жадаю
быць самым нізкім...

Гэтую манэту, якою
за ўсё плаціць сьвет,
Славу — ,
я бяру толькі ў пальчатках,
з агідай кідаю яе сабе пад ногі.

3.

Цыц! — 
Аб вялікіх рэчах — а я іх бачу! — 
трэба маўчаць
або казаць належна ўрачыста:
кажы ўрачыста, мая натхнёная мудрасьць!

Я бачу, як там, угары,
пераліваюцца моры сьвятла:
— о Ноч, о Моўч, о замагільны Рокат!..

Я бачу азнаку —
з найдальняй далечы
плыве памалу да мяне зіхоткае сузор’е...

4.

Найвышэйшая сьветліня быцьця!
Панарама неўміручых твораў!
Ты прыходзіш да мяне? — 
Нікім ня ўгледжаная,
тваё нямое хараство —
як? не ўцякае ад маіх вачэй?

Шчыт неабходнасьці!
Панарама неўміручых твораў!
— але ж ты ўжо ведаеш тое,
што ўсе ненавідзяць,
што люблю толькі я:
што ты вечная!
што ты неабходная!
Маю любоў здольная распаліць
заўжды толькі неабходнасьць.

Шчыт неабходнасьці!
Найвышэйшая сьветліня быцьця!
— якой не дасягне ніводнае жаданьне,
не запляміць ніводнае «Не», —
вечнае «Так» быцьця,
вечна мне быць тваім «Так»:
бо я кахаю цябе, о Вечнасьць! — —

1888

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Яны не працуюць да поту й не наракаюць на свой лёс,
не ляжаць у цемры і не аплакваюць сваіх грахоў,
ня гідзяць мяне размовамі пра свой абавязак перад богам,
між іх няма незадаволеных, няма вар’ятаў, апантаных маніяй
назапашваць рэчы,
ніводны зь іх ня кленчыць перад ніводным, ці перад продкамі, што жылі тысячы
гадоў таму,
ніводны зь іх на цэлай Зямлі не фігуруецца й не пакутуе.

Пераклад:
Макс Шчур

Мой язык, мая кроў да апошняй часьціны створаныя з тутэйшага паветра,
зямлі,
я народжаны тут ад бацькоў народжаных тут ад
іхных бацькоў і гэтак далей,
сёньня мне трыццаць сем, я здаровы як вол, я пачынаю сьпеў
і спадзяюся да сьмерці не перастаць.

Пераклад:
Макс Шчур

Ты ёсьць Любоў: табе багаты
хай, як Хрысту, цалуе пяты
й ідзе з табой па сьвеце, сам
майно раздаўшы беднякам,

альбо ў імя тваёй любові
абвесьціць хай паход крыжовы
вайне, падману — усяму,
што несла выгаду яму.

Пераклад:
Макс Шчур

Так, дасягнуўшы росквіту, у прах
імпэрыі сыходзяць пачаргова,
бо прадчуваюць: іхны ўзьнёслы гмах
ня ёсьць, на жаль, увасабленьнем Слова.