Алесіны Прыгоды на Тым Баку

сучасная беларуская драматургія, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

(мюзікл)

Прысвячаецца героям 2020 года

Дзейныя асобы

Алеся
Каралева
Яўпат Няўпад, ён жа Кандуктар
Кот
Тамтарам
Цімтарам
Шапавал
Марцовы Заяц, ён жа Вястун
Княгіня

У эпізодах:

Голас Аўтара, Конь, Соня, Спартовы каментатар, Птах Доўда, Валет

Масоўка:

Жаўнеры, Жывёлы

СЦЭНА ПЕРШАЯ. ДЗЕ БЕЛЫ ТРУС?

Пасярод сцэны, пад дрэвам, сядзіць дзяўчынка, Алеся, у яе на руках Белы Трусік. Побач ляжыць кніжка.

АЛЕСЯ
(Пазяхае)

Спякота... Нудота... І дрымота.

А можа, кніжку пачытаем? Га? Глядзі, што ў нас: «Алесіны прыгоды ў Цудазем’і». Падабаецца назва? Тады слухай. «Раздзел першы. Углыб трусінай нары». Бачыш, там і пра цябе пішуць!

(Чытае, збіваючыся.)

«Алесі надакучыла сядзець на беразе побач з сястрою проста так, без усякага занятку. Раз ці два яна зазірнула ў кнігу, якую чытала сястра, але там не было ні малюнкаў, ні гутарак. „І які толк у кнізе,“ падумала сабе Алеся, „калі там няма ні таго, ні другога?“ Таму яна пачала падумваць, ці не сплесці сабе вянок з рамонкаў, і ці варта дзеля такой радасьці наагул уставаць і зьбіраць рамонкі... (хоць ёй не надта добра думалася, бо гарачыня наганяла на яе дрымоту й дурноту)...»

(Дзяўчынка пачынае засынаць. На матыў даволі такой зануднай калыханкі аднекуль з-за сцэны гучыць песня.)

ПЕСНЯ АЎТАРА

АЎТАР
(Спявае)

Дзяньком пагодным, залатым,
Наш човен нас вязе
Па нетаропкае рацэ,
Спакойнае вадзе...
І тры сястрычкі веславаць
Спрабуюць па чарзе.

І вось ім казку расказаць
Гучыць загад няўмольны,
А тут — спякота, млосна мне,
Я дыхаць ледзьве здольны!
Аднак адзін я супраць трох
Цікаўніц неспатольных.

Дзяўчынка засынае і выпускае з рук Трусіка. Той знікае за ейнай спінай у дупле дрэва.

АЎТАР
(спявае)

І тут раптоўна Белы Трус
Прабег кудысь імгненна:
У камізэльцы зграбнай ён,
З гадзіннікам кішэнным.
На жаль, яго вам паказаць
Не дазваляе сцэна.

Алеся тут жа прачынаецца і сядае з шырока расплюшчанымі вачыма.

АЛЕСЯ
Што? Белы Трус? У камізэльцы? З гадзіннікам?

(раптоўна ўсвядоміўшы, ускоквае)

А людцы мае! Дзе ён? Сняжок! Сняжочак! Ён што, растаў? Нядзіва, у такую спякоту! Сняжо-ок!

(звяртаецца да публікі)

Што? Уцёк? Куды уцёк? У нару? У гэтую?

(за спінаю ў яе нара)

А божа, сапраўды — нара! Ды яшчэ якая здаравенная... Як яе раней не заўважыла? Лезці туды ці не лезці, вось у чым пытанне... А можа, не трэба? Га? А што, калі яго там з’ядуць? І ён болей не вернецца?

Карацей, я лезу. Хутка вярнуся!

(Алеся знікае ў нары, музыка ўзмацняецца. Зацямненне.)

АЎТАР
(спявае)

Дык будзь уважлівы, глядач,
І не перабівай!
Дзяўчынка наша праз нару
Трапляе ў дзіўны кр-ааааай!

ГОЛАС АЛЕСІ
Ааааай!!!

(Драматычная музыка, на матыў «Песні аўтара».)

Ну і глыбокая гэтая нара, скажу я вам! Пасьля такога падзення мне не страшна зваліцца і са сходняў! Ды што там, нават калі давядзецца скаціцца з даху нашага дому, я і тое не пікну!

(Паўза. Напявае Песеньку аўтара.)

Уніз, уніз, уніз... Няўжо гэтае спаданне ніколі не кончыцца?

(Паўза)

Цікава, колькі гэта ўжо міляў я праляцела? Я, бадай, ужо набліжаюся да цэнтру зямлі...

(Паўза)

А што, калі я падаю скрозь зямлю? Як будзе цудоўна, калі я прылячу да людзей, што ходзяць галовамі ўніз! Здаецца, іх завуць антыпаты...

(Паўза)

Трэба будзе запытацца ў іх, як называецца тая краіна. Выбачайце, вы не ведаеце часам, дзе гэта я апынулася?

СЦЭНА ДРУГАЯ. ЦЯГНІК

(Уключаецца святло. Мы ў купэ цягніка. Вакол Алесі сядзяць розныя жывёлы.)

АЛЕСЯ
Спадарыня, вы не падкажаце, гэта Новая Зеландыя? Ці Аўстралія?

(Спадарыня маўчыць, жывёлы выбухаюць смехам, рагочуць нейкі час. Алеся зьдзіўлена на іх пазірае.)

КАНДУКТАР (уваходзіць, строга — яго можа згуляць той жа актор, што і Яўпата Няўпада.)
Вашыя квіткі, калі ласка!

(Жывёлы тут жа прыціхаюць і пачынаюць даставаць квіткі.)

Дзе твой квіток, дзяўчынка? Паказвай!

ЖЫВЁЛЫ (хорам)
Не прымушай яго чакаць, дзіцё! Ягоны час дарагі: адна хвіліна каштуе ажно тысячу рублёў!

КАНДУКТАР
Згубіла? То пашукай пад сядзеннем.

АЛЕСЯ (баязліва)
На жаль, у мяне няма квітка, выбачайце... Там, дзе я сядала на цягнік, не было кáсы.

ЖЫВЁЛЫ (хорам)
Там, дзе яна сядала, няма месца пад будынак касы. Зямля там дарагая: адзін квадратны метр каштуе тысячу рублёў!

КАНДУКТАР
Няма чаго апраўдвацца! У такім разе ты мусіла купіць квіток у машыніста!

ЖЫВЁЛЫ (хорам)
У таго, хто вядзе паравоз. А пáра ж дарагая: адзін толькі клуб каштуе тысячу рублёў!

АЛЕСЯ
Усё вам тысяча рублёў... Які сэнс з вамі гаварыць!

ЖЫВЁЛЫ (шэптам)
Лепш наагул нічога не кажы. Мова ж дарагая: адно слова каштуе тысячу рублёў!

АЛЕСЯ
Сёння ўначы я дакладна прысню гэтую тысячу рублёў!

(Паўза)

Скажыце, а вы ўсё робіце хорам? І нават думаеце?

ЖЫВЁЛЫ (спяваюць. Кандуктар цягам песні разглядае Алесю ў тэлескоп, мікраскоп і оперны бінокль.)

ПЕСНЯ ПАСАЖЫРАЎ

Мы ўсё робім разам, хорам —
Ходзім, думаем, гаворым.
Пры кандуктары суворым
Мы звычайна ні «гу-гу».

Заставайся, дзетка, з намі,
І навучышся таксама
Ў цягніку з праваднікамі
Згодна думаць у нагу!

КАНДУКТАР
Ты едзеш не туды!

(Сыходзіць.)

ЖЫВЁЛЫ (наперабой)
Перасядзь на іншы цягнік!

Ёй давядзецца вяртацца інкогніта, пад выглядам багажу!

На яе трэба прычапіць цэтлік «Асцярожна, крохкае»!

«Асцярожна — рохкае, як парася!»

Яе трэба адправіць па пошце, у яе ж посны выгляд!

Яе трэба паслаць тэлеграмаю!

Хай сама цягне цягнік усю дарогу!

КОНЬ
Не звяртай увагі, даражэнькая, хай плявузгаюць. Але не забудзься на кожным прыпынку набываць сабе зваротны квіток. Ён каштуе ўсяго тысячу рублёў.

АЛЕСЯ (раззлавана)
Не буду я нічога набываць! Я наагул выпадкова трапіла ў цягнік! Я нядаўна яшчэ была ў трусінай нары і цяпер шкадую, што ў яе ўлезла!

(Жывёлы змаўкаюць.)

Дарэчы, вы не бачылі тут майго труса? Чуеце? Белага Труса? Яго зваць Сняжок! Апошні раз ён быў у камізэльцы з кішэнным гадзіннікам...

(Жывёлы больш яе не слухаюць, а спяваюць сваю песню, даволі бязладна.)

Мы ўсё робім разам, хорам —
Ходзім, думаем, гаворым.
Пры кандуктары суворым
Мы звычайна ні «гу-гу».

Заставайся, дзетка, з намі,
І навучышся таксама
Ў цягніку з праваднікамі
Згодна думаць у нагу!

КОНЬ
А зараз нам трэба пераскочыць ручай! Трымайцеся!

АЛЕСЯ (занепакоена)
Што-о? А-а-а!

(Жывёлы падаюць адна на адну. Зацямненне.)

СЦЭНА ТРЭЦЯЯ. КАРАЛЕВА І КОТ

(Алеся ляжыць на зямлі, па-над ёю ўзвышаецца Каралева.)

КАРАЛЕВА
Ты адкуль? І куды кіруешся?

(Алеся ўстае і моўчкі кланяецца.)

Глядзі мне ў вочы, адказвай ветла і не круці ўвесь час пальцамі.

АЛЕСЯ
Добры дзень, вашая...

КАРАЛЕВА
Каралеўская вялікасць.

АЛЕСЯ
Ого! ...Вашая каралеўская вялікасць.

КАРАЛЕВА
Адказвай, як ты сюды трапіла?

АЛЕСЯ
Сваім ходам, вашая каралеўская вялікасць.

КАРАЛЕВА
Ня ведаю, што ты маеш на ўвазе пад сваім ходам. Хадзіць па наваколлі па-свойму магу толькі я.

ПЕСЕНЬКА КАРАЛЕВЫ

Паўсюль дарогі роўныя,
Паўсюль дамы сучасныя,
Паўсюль лясы, дзе рыскае
Драпежнае звяр’ё.

Якое ўсё каштоўнае,
Якое ўсё карыснае —
І самае прыўкраснае,
Што ўсё гэта маё!

А з якой пушчы ці з поля ТЫ сюды прыйшла? Пакуль думаеш над адказам, пакланіся, каб зэканоміць час.

(Алеся кланяецца. Каралева пазірае на секундамер.)

Вось так, малайчына... Так, пара адказваць. Як будзеш гаварыць, то адкрывай раток трошачку шырэй і не забывайся дадаваць «Вашая Вялікасьць».

АЛЕСЯ
Я прыйшла ні з пушчы і ні з поля...

КАРАЛЕВА
Я так і падумала.

АЛЕСЯ
...Вашая Вялікасць. Я прыйшла сюды з берагу рэчкі, дакладней, з нары, а яшчэ дакладней — з цягніка...

КАРАЛЕВА
Кланяцца забываеш.

АЛЕСЯ
...таму што ад мяне ўцёк мой белы трусік Сняжок. Я яго шукаю.

КАРАЛЕВА
Белы?

АЛЕСЯ
Так.

КАРАЛЕВА
Трус? Белы Трус?

АЛЕСЯ
Так. (Радасна.) Вы яго бачылі?

КАРАЛЕВА (хапаючы Алесю за руку)
Бяжым!

(Яны кідаюцца бегчы. Алеся цяжка дыхае. Жвавая музыка: песня Каралевы ў паскораным варыянце.)

КАРАЛЕВА (спявае скарагаворкай)

Паўсюль дарогі роўныя,
Паўсюль дамы сучасныя,
Паўсюль лясы, дзе рыскае
Драпежнае звяр’ё.
Якое ўсё каштоўнае,
Якое ўсё карыснае —
І самае прыўкраснае,
Што ўсё гэта маё!

АЛЕСЯ
Мы паспеем яго дагнаць?

КАРАЛЕВА
Хутчэй! Без лішніх размоў!

АЛЕСЯ
Мы ўжо блізка?

КАРАЛЕВА
Ані блізка! Блізка было дзесяць хвілінаў таму! Хутчэй!

(Паўза.)

Гані! Гані! Стоп! (Рэзка спыняецца.) Цяпер можаш крыху адпачыць.

АЛЕСЯ (задыханая)
Выбачайце, вашая вялікасць... але ў мяне... такое адчуванне... што за столькі часу... мы з вамі не крануліся з месца!

КАРАЛЕВА
Што ты сабе дазваляеш? Што значыць «не крануліся»? Кранешся тут з вамі!

АЛЕСЯ
Не крыўдуйце, вашая вялікасць... Але навокал жа ўсё тое самае, як і было дагэтуль!

КАРАЛЕВА
Ясна, што тое самае! А як, па-твойму, павінна быць?

АЛЕСЯ
Ну, у нашай краіне, калі бегчы вельмі доўга й вельмі хутка, як вось мы, то звычайна трапляеш у нейкае іншае месца.

КАРАЛЕВА
Нейкая адсталая ў вас краіна! Вось у нас, як бачыш, табе давялося бегчы з усяе моцы, каб застацца на тым самым месцы. А калі ты яшчэ й хочаш некуды трапіць, трэба бегаць як мінімум у два разы хутчэй!

АЛЕСЯ
Не-не-не, я не хачу ўжо з вамі нікуды бегаць... Я хацела б толькі знайсці свайго Белага трусіка. Я думала, мы яго дагонім...

КАРАЛЕВА
Дзе там, цяпер ужо яго не дагоніш. Наколькі я чула, пакуль ты сабе падала ў нары і ездзіла ў цягніку, ён паспеў паступіць на каралеўскую службу і вяртацца дамоў не збіраецца.

АЛЕСЯ
Што значыць не збіраецца? Ён жа мой! Што за бязглуздзіца!

КАРАЛЕВА
Можаш лічыць гэта «бязглуздзіцай», калі так хочаш, але я ў сваім жыцці чула такую бязглуздзіцу, у параўнанні з якой гэтая — проста тлумачальны слоўнік!

АЛЕСЯ
І што мне рабіць? Як мне яго вярнуць?

КАРАЛЕВА
Няма нічога прасцейшага. Табе трэба ўсяго толькі стаць каралевай, як я.

АЛЕСЯ
Як вы!?

КАРАЛЕВА
Так, як я. (Падае руку для пацалунку.) Дзякаваць не трэба.

(На дрэве пачынае з’яўляцца Чэшарскі Кот. Алеся ігнаруе пададзеную руку)

АЛЕСЯ (збянтэжаная)
Ну і... як мне стаць каралевай?

КАРАЛЕВА
Не забягай наперад. Усе падрабязнасці ты даведаешся на каралеўскім кракеце. Запрашаю! (Зноў падае руку для пацалунку.)

(Алеся глядзіць на ката.)

Чуеш? Ты што, не радая?

АЛЕСЯ (глядзіць на Ката, потым прахапляецца.)
Га? Ах, ну вядома, я вельмі радая, дзякуй за запрашэнне...

КАРАЛЕВА
Куды гэта ты ўсё глядзіш?

АЛЕСЯ
Выбачайце, Ваша Вялікасць, мне здаецца, што на дрэве я ўбачыла катá.

КАРАЛЕВА
Ката?? Цярпець не магу катоў. Асабліва тлустых і пухнатых. Што ён там робіць, на дрэве?

АЛЕСЯ (здзіўлена)
Па-мойму, ён усміхаецца.

КАРАЛЕВА (гістэрычна)
Цярпець не магу катоў, якія ўсміхаюцца! Я што, павінна на гэта глядзець? Пачакай тут, я зараз схаджу прывяду свайго кáта, каб ён адсёк гэтаму катý галаву.

(Сыходзіць.)

АЛЕСЯ (наўздагон каралеве)
Не, пачакайце! Вы куды? А як мне трапіць на той ваш кракет? Чуеце?

ПЕСНЯ КАТА

КОТ (спявае)

Калі ёсць толькі галава,
А тулава няма,
То хоць сячы, хоць адрывай —
Стараешся дарма.

Лепш гэткіх абалдуяў вы
Распачалі б адлоў,
Што маюць толькі тулавы,
А самі без галоў.

(Алеся пляскае ў ладкі.)

АЛЕСЯ (асцярожна)
Паважаны спадар Кацейка!

(Кот усміхаецца яшчэ шырэй.)

Ага, пачатак яму спадабаўся... Вы так хораша спяваеце! Скажыце, а чаму вы ўвесь час усміхаецеся?

КОТ
Таму што я з Добрушу. Дабрушанін.

АЛЕСЯ (здзіўлена)
Дабрушанін?

КОТ
Ну проста добры я, вось чаму.

АЛЕСЯ
Ага. А я думала, што вы з Чэшару... Я і не ведала, што каты ўмеюць усміхацца.

КОТ
Вядома, умеем. Проста не ўсе з нас любяць усміхацца. Чула прымаўку: «Добра ўсё ўмець, але не добра ўсё рабіць?» Дык гэта пра нас.

АЛЕСЯ
А вы праўда зусім не баіцеся, што вам адсякуць галаву?

КОТ
Ат, ведаеш... Сякеры баяцца — у лес не хадзіць.

АЛЕСЯ
Дарэчы, лес... Ці не падкажаце вы, кудою адсюль ісці?

КОТ
Гэта залежыць ад таго, куды ты хочаш патрапіць.

АЛЕСЯ
Ды мне, бадай што, без розніцы...

КОТ
Тады ўсё роўна кудою.

АЛЕСЯ
Мне абы толькі куды патрапіць...

КОТ
О, не перажывай. Ты пэўна трапіш абы-куды, калі толькі зойдзеш досыць далёка.

АЛЕСЯ
Гм... Вось цікава, а што за людзі жывуць абы-дзе?

КОТ
У адным баку жыве Шапавал, у другім — Марцовы Заяц. Можаш наведаць любога—яны абодва вар’яты.

АЛЕСЯ
Але я не хачу да вар’ятаў!

КОТ
А што ты зробіш! Мы ўсе тут вар’яты. І я. І ты.

АЛЕСЯ (абурана)
Адкуль вы ведаеце, што я вар’ятка?

КОТ (здзіўлена)
А хто ты яшчэ? Іначай ты б сюды не трапіла.

АЛЕСЯ
Я трапіла сюды толькі таму, што мой Белы Трус прапаў, ведаеце.

КОТ
Ведаю. І сам, дарэчы, люблю прападаць. Час ад часу. Паказаць?

АЛЕСЯ
Лепш пакажыце мне, кудою ісці да гэтага Шапавала... Ці да Марцовага Зайца...

КОТ (здалёк, знікаючы)
У любым выпадку давядзецца пайсці цераз лес, дзе нішто не мае імёнаў. Шчасліва заставацца! Сустрэнемся на кракеце!

АЛЕСЯ
Кацейка, вы дзе? Расталі? Расталі... як той Сняжок. Адна ўсмешка засталася! Катоў без усмешак я нагледзелася, але каб усьмешку без ката! Гэта самая дзіўная штука, якую я бачыла ў жыцьці!

(Уздыхае.)

Ну што ж, кот знік — бадай, і я пайду. Пакуль гэтая вар’ятка не вярнулася...

СЦЭНА ЧАЦВЁРТАЯ. ЛЕС, ДЗЕ НІШТО НЕ МАЕ ІМЁНАЎ

АЛЕСЯ (ідучы, сама з сабою)
Цікава, што гэта за лес, дзе нішто не мае імёнаў? І што станецца з маім імем, калі я туды траплю? Мне зусім не хацелася б яго страціць! Таму што ў такім разе мне абавязкова дадуць новае імя — пэўна ж, якое-небудзь немілагучнае...

(Паўза. Гучыць драматычная музыка — матыў наступнай песні.)

Нават неяк страшнавата. Але назад не пайду нізавошта. Што ні кажыце, пасля такой гарачыні вельмі прыемна апынуцца ў такім цяністым і прахалодным... — у чым такім?

(Паўза.)

Я маю на ўвазе, прыемна апынуцца пад — пад — пад вось гэтым, зразумела!

(Паказвае на дрэва.)

Цікава, які ў яго саманазоў? Бо як на мяне, дык яно безназоўнае...

ВАЛЬС ДРЭВАЎ

Калісьці быў цудоўны час,
Па ім мы ціха слёзы льём:
Былі імёны ва ўсіх нас,
І кожны клікаў нас імём!

Ці ж вінаватыя мы ў тым,
Што адракліся каранёў?
Цяпер самотна мы стаім,
І моўчкі лёс — без слоў! — клянём.

У нас сваіх імёнаў брак
Гадоў мо дзвесце, можа — сто...
Калі імя тваё ніяк,
То, значыць, ты і сам — ніхто.

АЛЕСЯ
Чакайце, і праўда! А хто я такая? Зараз згадаю, калі толькі змагу! Абавязкова згадаю!

ДРЭВЫ (спяваюць)
Ах, пашкадуй нас, небарак —
Чужыя мы адны адным...
Калі імя тваё ніяк,
То будзеш ты, як мы, нікім.

АЛЕСЯ
Так я і думала! Не магу згадаць!

(Сядае і плача.)

Хто ж я такая? Во дзе таямніца!

(Перастае румзаць.)

Трэба спраўдзіць, ці памятаю я нешта з таго, што раней ведала. Пагледзімо: чатыры на пяць — дванаццаць, чатыры на шэсць — трынаццаць, а чатыры на сем... Аёй-аёй!

Паспрабуем геаграфію. Лондан — гэта сталіца Парыжу, а Парыж — гэта сталіца Рыму, а Рым... Не! Усё зусім ня так!

Паспрабую прачытаць на памяць вершык.

(Устае, складвае рукі ў замок, дэкламуе. З па-за дрэва з двух бакоў высоўваюць галовы і слухаюць Тамтарам і Цімтарам.)

Не сядзіцца ў жыце
слоніку малому,
кліча яго грэчка,
цягнуць качкі з дому.

«Мамачка, шкарлупка,»
просіць ён так хціва,
«можа б, ты нас грэчку
патаптаць пусціла?»

СЦЭНА ПЯТАЯ. ТАМТАРАМ І ЦІМТАРАМ

(Тамтарам і Цімтарам — апранутыя аднолькава, як блізняты — рагочуць. Алеся спалохана на іх азіраецца.)

ТАМТАРАМ
Шкарлупка!.. Не смяшы!

ЦІМТАРАМ
Грэчку!.. Ой, не магу!

ТАМТАРАМ
Усё не так!

ЦІМТАРАМ
Усё наадварот!

(Рэзка перастаюць смяяцца, нахмурваюць бровы. Алеся моўчкі на іх глядзіць. Паўза.)

ТАМТАРАМ
Калі ты лічыш нас васковымі фігурамі, тады ты, пэўна ж, мусіш заплаціць. Думаеш, васковыя фігуры робяцца для таго, каб на іх глядзелі задарма? Не смяшы!

ЦІМТАРАМ
І наадварот, калі ты лічыш, што мы жывыя, то магла б нешта і сказаць.

АЛЕСЯ (разгублена)
Шчыра прашу ў вас прабачэння...

ТАМТАРАМ
Не смяшы!

ЦІМТАРАМ
Ты пачала няправільна. Усё наадварот. Калі ты прыйшла да некага ў пераведы, перш за ўсё ты павінна даць «дабрыдзень» і паціснуць гаспадару руку! А потым ужо прасіць прабачэння!

ТАМТАРАМ (падыходзіць да Алесі, падае ёй руку)
Першы хлопчык.

ЦІМТАРАМ (робіць тое самае)
Другі хлопчык.

(Алеся трымаецца адной рукой за Тамтарама, другой за Цімтарама. Тыя таксама бяруцца за рукі і пачынаюць вадзіць карагод. Гучыць песьня.)

ПЕСНЯ ТАМ- І ЦІМТАРАМАЎ

Да Цімтарама Тамтарам
Лез біцца — разабрацца,
Нашто бражджотку напалам
Зламаў той не па-брацку.

Ды Жабавока ў вышыні
Лякнуліся малойцы
І так джганулі, што ані
Не ўспомнілі аб бойцы.

(Рэзка спыняюцца.)

АЛЕСЯ
Скажыце, калі ласка, кудою мне выйсці з гэтага... (прыгадваючы слова) лесу?

ТАМТАРАМ
Не смяшы! Навошта табе выходзіць з гэтага лесу?

АЛЕСЯ
Таму што мне трэба трапіць на... (прыгадваючы) каралеўскі кракет!

ЦІМТАРАМ
А там што?

АЛЕСЯ
Там мне скажуць, як мне стаць каралевай.

ТАМТАРАМ (здзіўлена)
Табе?

ЦІМТАРАМ (здзекліва)
Каралевай?

(Зноў рагочуць.)

ТАМТАРАМ
Не смяшы! Ты хто ўвогуле такая?

АЛЕСЯ
Мяне зваць... Алеся! І я прыйшла сюды, каб знайсці свайго Белага Трусіка!

(Блізняты застываюць ад такога нахабства, агаломшаныя.)

ЦІМТАРАМ
Паэзію любіш?

АЛЕСЯ
Ну, часам люблю... Дык вы не параіце, па якой дарозе я выйду з лесу?

ЦІМТАРАМ
Што б мне ёй такога выканаць...

ТАМТАРАМ (падае яму ліру ці гуслі)
Давай «Жабавокага», ён самы доўгі!

ЦІМТАРАМ
Давай!

(Удае з сябе сярэднявечнага барда, настройвае гуслі, але замест спеву балады пачынае дэкламаваць хіп-хоп.)

Упоўдне рысы барзюкі
Свярбяху ў напе а крыўляху,
Сычаша птах, і мертвакі
Ўва горбех верашчаху.

ТАМТАРАМ (далучаецца да хіп-хопу)
«Гатуйся, сыне, — Жабавок
З Дзюбдзюбам, драпны а куслівы!
Час, дабы з піхваў ты валок
Свой Крывасек жлухлівы!»

ЦІМТАРАМ
Узяўшы ў пясць вяшчарны меч,
Шманаў ваяр змяюку там і
Сям, ажна сам пачаўша цеч
Размысляй па Тамтаме.

(Блішчаць маланкі, чуецца тупат. Алеся ўстрывожана азіраецца, спрабуе звярнуць увагу Тамтарама і Цімтарама на шум, цягае іх за рукаў, але яны ў сваім запале не шманаюць.)

ТАМТАРАМ
Стаяў ён распярэджан се,
А тут не ў знакі — чуйны скокі!
З дубровы сам сябе нясе
Пачмурны Жабавокі!

(Чуецца злосны рык.)

ЦІМТАРАМ
Жабавокі! А-а-а!

ТАМТАРАМ
Ратуйся, хто можа! А-а-а!

(Зацямненне.)

СЦЭНА ШОСТАЯ. ГАРБАТА Ў ВАР’ЯТАЎ

(Стол. За ім сядзяць Шапавал, Марцовы Заяц і Соня. Атмасфера выбарчай камісіі. Падыходзіць Алеся.)

ШАПАВАЛ, ЗАЯЦ, СОНЯ (скрозь сон)
Месца няма! Месца няма!

АЛЕСЯ
Тут колькі хочаш месца!

ШАПАВАЛ
Усе месцы занятыя ганаровымі гасцямі і староннімі назіральнікамі!

АЛЕСЯ
Не ведаю, па-мойму, адзіная госця тут я.

(Сядае. Паўза.)

ЗАЯЦ
Частуйся віном!

АЛЕСЯ
Нешта я не бачу тут ніякага віна.

ЗАЯЦ
А яго і няма!

АЛЕСЯ
У такім разе не надта ветла з вашага боку мне яго прапаноўваць!

ЗАЯЦ
А з твайго боку — не надта ветла сядаць за стол без запрашэння!

ШАПАВАЛ
Цябе трэба пастрыгчы.

АЛЕСЯ
А вам трэба навучыцца не пераходзіць на асобы!

ЗАЯЦ
Выпі яшчэ гарбаты.

АЛЕСЯ
«Яшчэ»? Я пакуль яшчэ нічога не піла!

ШАПАВАЛ
Натуральна! Як ты магла выпіць яшчэ «нічога»? Дый у нас жа нічога і няма. Апроч гарбаты.

АЛЕСЯ
Усё, ваша думка нікому не абыходзіць.

ШАПАВАЛ
Ну і хто гэта, цікава, пераходзіць цяпер на асобы?

(Алеся маўчыць.)

ЗАЯЦ
Падай мне пірагу.

АЛЕСЯ
Ён не разрэзаны.

ЗАЯЦ
Ну дык разрэж!

(Алеся бярэ нож, пачынае краіць пірог.)

Што ты там марудзіш?

АЛЕСЯ
Нейкі дзіўны пірог! Як яго ні разразай, а па справядлівасці не атрымліваецца. Львіная доля заўжды выходзіць Шапавалу.

ШАПАВАЛ
Ну і што тут дзіўнага?

АЛЕСЯ
Дзіўна, што мне зусім нічога не засталося...

ЗАЯЦ
Яна проста не ўмее абыходзіцца з люстранымі пірагамі. Ты спачатку яго раздай, а нарэжаш потым.

АЛЕСЯ
Во бязглуздзіца! Хто ж так робіць?

ШАПАВАЛ, ЗАЯЦ, СОНЯ (скрозь сон)
Мы!

(Паўза. Алеся сядзіць, збянтэжаная.)

ШАПАВАЛ
Мне патрэбны чысты кубак. Перасядзьма на адно месца далей.

(Яны перасаджваюцца.)

АЛЕСЯ
І часта вы гэтак пасоўваецеся вакол стала?

ШАПАВАЛ
Як толькі выкарыстаем свае прыборы.

АЛЕСЯ
А што вы робіце, калі зноўку вернецеся на пачатак?

ЗАЯЦ
А што, калі нам змяніць тэму? Гэтая размова мяне ўжо стамляе. Я за тое, каб маладая спадарычна апавяла нам нейкую гісторыю.

АЛЕСЯ
Ну добра. Жыла-была дзяўчынка. Звалі яе Алеся. У яе быў Белы Трусік, якога звалі Сняжок. Аднаго дня Сняжок прапаў...

ШАПАВАЛ (перабівае яе, глядзіць на свой гадзіннік)
Які ў нас сёння дзень?

АЛЕСЯ
Чацвёртага.

ШАПАВАЛ
На два дні позніцца! (Зайцу.) Я ж табе казаў, што нельга мазаць гадзінніка маслам! Хлебныя крошкі патрапілі ўсярэдзіну!

ЗАЯЦ
Але ж гэта было масла вышэйшага гатунку!

АЛЕСЯ (пазіраючы на гадзіннік)
Смешная штуковіна! Паказвае дзень, а не паказвае, каторая гадзіна.

ШАПАВАЛ
А навошта? Няўжо твой гадзіннік паказвае год?

АЛЕСЯ
Ведама ж, не! Год досыць доўгі час не мяняецца.

ШАПАВАЛ
Ну вось, а мой гадзіннік не паказвае гадзіну.

АЛЕСЯ
То бок у вас заўжды адзін і той жа час?

ШАПАВАЛ
Калі б ты ведала Час так блізка, як я, ты не гаварыла б, што ён адзін і той жа. Час — не «ён», а «яна»! Гэта нашая Доля! І яна — заўжды адная і тая ж!

АЛЕСЯ
Не разумею, пра што вы.

ШАПАВАЛ
Зараз патлумачу!

(Шапавал уздымаецца, стае ў позу спевака і спявае тэнарам.)

ПЕСНЯ ШАПАВАЛА

Ўрэмена не выбірают,
Ў ніх жывут і умірают.
Большай радасці на свеце
Нет, чэм пераізбіраць.
Невазможна цех на эціх
Ні ў какую памяняць.

Крэпка цеснае аб’яцье,
Должнасць — кожа, а не плацье,
Глубака её пячаць.
З іншых возьмуць атпячаткі,
А з вар’ятаў ўзяткі гладкі —
Што з вар’ятаў можна ўзяць?

(Воплескі, Соня таксама пляскае ў ладкі скрозь сон. Шапавал кланяецца.)

Як бачыш, часы не выбіраюць. Нашая Доля такая, што ў нас заўжды пятая гадзіна.

АЛЕСЯ
Дык вось чаму ў вас столькі чайных прыбораў! Вам проста няма калі мыць посуд! У вас заўжды час на гарбату!

ШАПАВАЛ
А табе ўжо не час ісці?

АЛЕСЯ
Чаму гэта?

ШАПАВАЛ
Таму што нам з Зайцам тут трэба патрэніравацца... Пакуль Соня спіць... Запіхваць у імбрык усякую ўсячыну... Тайком, пакуль яна не бачыць...

АЛЕСЯ
Што значыць «тайком запіхваць», не разумею?

ШАПАВАЛ
Вырасцеш — зразумееш. Спадзяюся, ты не запісвала маю песню на дыктафон?

АЛЕСЯ
Нічога я не запісвала!

ШАПАВАЛ
Тады давай, бяжы хутчэй! А то не паспееш! Пачынаецца перадвыбарны марафон!

(Зацямненне.)

СЦЭНА СЁМАЯ. ПЕРАДВЫБАРНЫ МАРАФОН

СПАРТОВЫ КАМЕНТАТАР (з-за сцэны, у мегафон)
Пачынаем наўпроставую трансляцыю з галоўнай нацыянальнай спартовай падзеі гэтага году. Такім чынам, сёлета ў нас у перадвыбарным марафоне ўдзельнічаюць: Птах Доўда! (Авацыі.)

(На сцэну па адным пачынаюць выбягаць удзельнікі з нумарамі на спінах. Яны абступаюць Алесю і бягуць на месцы побач з ёю.)

Арляня! (Авацыі.) Качар! (Авацыі.) Папугайчык! (Авацыі.) Шэрая Мыш! (Авацыі.) Княгіня! (Авацыі.) І — Алеся!

АЛЕСЯ
Што? Я?

КАМЕНТАТАР
Прывітайма ўдзельнікаў нашага перадвыбарнага марафону!

(Авацыя.)

АЛЕСЯ
Можа, хто-небудзь спярша патлумачыць мне, што такое «перадвыбарны марафон»?

ПТАХ ДОЎДА
Найлепшае тлумачэнне — гэта ўдзел! Бяжы, не стой, а то затопчуць! Хутчэй!

АЛЕСЯ
Божа, як у гэтай краіне любяць бегаць... І камандаваць...

(Усе бягуць і раздаюць на бягу аўтографы публіцы. Гучыць куплет з песні Высоцкага «Красота! Среди бегущих...»)

ПЕСНЯ БЕГУНОЎ

Не жахаюць нас навіны,
Бег на месцы — спорт нявінны,
Пачаткоўцы маюць нават выгаду.
Любата! Фінал адкрыты:
Ўсе, хто выбег — фаварыты!
Бег на месцы мірыць проста на хаду!
Любата! Фінал адкрыты:
Ўсе, хто выбег — фаварыты!
Бег на месцы пераходзіць у хаду!

(На сцэну раз за разам выходзяць два жаўнеры і па адным адводзяць удзельнікаў марафону пад ручкі за кулісы. Неўзабаве на сцэне застаюцца бегчы толькі Княгіня і Алеся.)

КНЯГІНЯ (крычыць, задыханая)
Не адставай! Яшчэ крыху, і мы з табой дабяжым да старту!

АЛЕСЯ (крычыць, задыханая)
Вы хацелі сказаць — да фінішу! І там мы даведаемся, хто з нас перамог?

КНЯГІНЯ
Я хацела сказаць — да старту! Хто перамог, даўно вядома!

АЛЕСЯ
Дык а нашто тады ўдзельнічаць у гэтым перадвыбарным марафоне?

КНЯГІНЯ
Як нашто? Дзеля спартовага інтарэсу!

АЛЕСЯ
Я вас не разумею. Усё так жахліва заблытана!

КНЯГІНЯ
Гэта вынік жыцця наадварот!

АЛЕСЯ
Першы раз пра такое чую!

(Спыняецца, абедзве пераходзяць на хаду, аддыхваюцца.)

КНЯГІНЯ
У жыцці наадварот ёсць адна вялікая выгада: памяць працуе ў абодвух кірунках.

АЛЕСЯ (сумна)
У мяне памяць працуе ў адным кірунку. Я не здольная згадаць чаго-небудзь раней, чым яно адбудзецца.

КНЯГІНЯ
Не памяць, а абы-што!

АЛЕСЯ
Хм... А што вы памятаеце лепш за ўсё?

КНЯГІНЯ
Я? Тое, што адбылося на пазанаступным тыдні. Вось да прыкладу. Белы Трус.

АЛЕСЯ (занепакоена)
Белы Трус?

КНЯГІНЯ
Так, Белы Трус. Цяпер ён у астрозе, адбывае пакаранне, тады як суд пачнецца толькі ў наступную сераду.

АЛЕСЯ (у жаху)
У астрозе?! Пакаранне?! А якое злачынства ён дапусціў?!

КНЯГІНЯ
Ды ніякага, вядома! Час злачынства надыдзе ў самую апошнюю чаргу.

АЛЕСЯ
А што, калі ён не дапусціць ніякага злачынства?

КНЯГІНЯ
Ну, тады яшчэ лепей, ці не так?

АЛЕСЯ
Ну так, лепей — але найлепш было б, калі б ён зусім не адбываў пакарання!

КНЯГІНЯ (круціць галавой)
Тут ты, на жаль, памыляешся. Хутчэй, падаем ніцма!

АЛЕСЯ
Навошта?

КНЯГІНЯ
Ты што, не бачыш? Каралева ідзе!

СЦЭНА ВОСЬМАЯ. КАРАЛЕЎСКІ КРАКЕТ

(Каралеўска працэсія. Пад маршавую мелодыю песні «Трус не играет в хоккей» выходзяць Кароль і Каралева ў атачэнні ахоўнікаў, узброеных хакейнымі клюшкамі. Пасярэдзіне сцэны, побач з Алесяй і Княгіняй, працэсія рэзка спыняецца.)

КАРАЛЕВА
Стоп! Гэта вунь там што?

ВАЛЕТ
Ружавы куст, ваша вялікасць.

КАРАЛЕВА
Чаму кветкі белыя? І так мала чырвоных?

ВАЛЕТ
Не маю зялёнага паняцця, ваша вялікасць!

КАРАЛЕВА
Усё ясна! Сцяць яму галаву! Кветкі перафарбаваць! Каб былі толькі чырвоныя! Гэта мой колер!

(Жаўнеры кідаюцца выконваць ейны загад. Алеся ўстае і робіць рэверанс.)

КАРАЛЕВА
А гэта хто? Сцяць ёй галаву!

АЛЕСЯ
Вы мяне не пазналі, Вашая вялікасць? Я Алеся, я прыйшла сюды па свайго Сняжка, Белага Трусіка.

КАРАЛЕВА
А, памятаю. Ты хочаш стаць каралевай.

АЛЕСЯ
Так, я заўжды марыла... (Кланяецца.) Хаця, калі па шчырасці... Не тое каб я хацела... Але я дачулася, што Белы Трусік сядзіць у астрозе...

КАРАЛЕВА
Хто табе такое сказаў?

АЛЕСЯ
Вось, Княгіня...

КАРАЛЕВА
Усё ясна. Сцяць ёй галаву!

(Княгіню забіраюць. Алеся плача.)

КАРАЛЕВА
Не раві. Калі ён сядзіць — значыць, ёсць, за што. Ну ладна. Калі выйграеш у мяне ў кракет, можаш яго забіраць.

АЛЕСЯ
Праўда? Дзякуй шчыры, вашая вялікасць!

КАРАЛЕВА
Няма за што. Выбірай сабе фламінга замест клюшкі — і пачнём.

(Пачынаецца гульня. У ёй удзельнічаюць папярэднія персанажы: Тамтарам і Цімтарам, Заяц і Шапавал, жывёлы з цягніка і г. д. Гульня надзвычай хаатычная і ў пэўныя моманты нагадвае бойку.)

ПЕСНЯ КРАКЕТЫСТАЎ (на матыў «Трус не играет в хоккей»)

Пра нейкі вірус тут да нас даходзяць чуткі,
Падступны вораг падыходзіць да варот,
Ды толькі мы мяняць не хочам нічагуткі —
У нас кракетныя спаборніцтвы праз год.

Стаіць чарга вакол сталічнага квартала,
Але да брамы не падпусцім трох кабет.
Ў кракет гуляюць толькі прафесіяналы,
Трус не гуляе ў кракет,
Трус мае воўчы білет.

АЛЕСЯ
Го-о-ол!

КАРАЛЕВА
Не лічыцца!

(Песня працягваецца.)

Заўжды ў парадку той, хто робіць фіззарадку,
Ніякі вірус з-за мяжы не страшны нам.
Залезь у трактар, узары прынамсі градку,
Папарся ў лазні і дзярабні дзвесце грам.

Рэсурсу нам заўжды дзяржаўнага хапала,
Нам не хапае толькі ядзерных ракет.
Ў кракет гуляюць толькі прафесіяналы,
Трус не гуляе ў кракет,
Трус мае воўчы білет.

АЛЕСЯ
Го-о-ол!

КАРАЛЕВА
Не лічыцца! (Да нейкага з гульцоў.) Гэй, ты што там сабе дазваляеш? Сцяць яму галаву!

АЛЕСЯ
Тут страшна любяць сцінаць людзям галовы. Дзіўна, што тут увогуле яшчэ засталося нешта жывое!

КОТ (з’яўляецца толькі ягоная галава)
Ну як, набіла руку на кракеце?

АЛЕСЯ
Спадар Кацейка! Вельмі радая вас бачыць! Вы ведаеце, па-мойму, яны гуляюць без правілаў. Яны так б’юцца і крычаць, што нічагутка не чуваць. Ніводнага ачка мне яшчэ не залічылі! А можа, у іх наагул правілаў няма? А калі яны і ёсьць, іх ніхто не пільнуецца. Я мусіла ўдарыць сваім фламінга па вожыку Каралевы, але ён уцёк, калі ўбачыў, што я набліжаюся!

КОТ (усміхаючыся)
А як табе Каралева?

АЛЕСЯ
Зусім не падабаецца. Яна так...

(Азіраецца і бачыць, што Каралева стаіць у яе за спінай.)

Яна так моцна гуляе! У яе стальныя пальцы!

КАРАЛЕВА (строга)
З кім ты гаворыш?

АЛЕСЯ
Гэта мой сябар, кот Дабрушанін.

КАРАЛЕВА
Зноў кот! Не трываю катоў.

АЛЕСЯ
Дазвольце я вас урэшце пазнаёмлю.

КАРАЛЕВА
Ну добра, ён можа пацалаваць мне руку.

КОТ
Дзякуй, абыдуся.

КАРАЛЕВА
Што-о? Што за дзёрзкасць! Дзе мой кат?

КАТ
Я тут, ваша вялікасць.

КАРАЛЕВА
Кат, ссячы гэтаму катý галаву!

КАТ
Але ж, вашая вялікасць...

(Спявае песеньку Катá)

Калі ёсць толькі галава,
А тулава няма,
То хоць сячы, хоць адрывай —
Стараешся дарма.

КАРАЛЕВА
Што за лухта? Усяму, што мае галаву, можна яе адсячы! Ці адарваць!

КОТ (спявае)
Лепш гэткіх абалдуяў вы
Распачалі б адлоў,
Што маюць толькі тулавы,
А самі без галоў.

КАРАЛЕВА (крычыць)
Калі вы зараз жа не прашарсьціце гэтага тлустага пухнатага Ката, то страціце галовы ўсе пагалоўна!

(Галава Ката пачынае знікаць у паветры.)

АЛЕСЯ
Усё! Я болей так не гуляю! Нехта мусіць патлумачыць мне правілы гэтай гульні!

КОТ (знікаючы)
Спытайся ў Яўпата Няўпада, ён найлепшы знаўца. Вунь ён, бачыш, сядзіць на муры. Быва-ай!

(Кот знікае, застаецца толькі ўсмешка.)

СЦЭНА ДЗЯВЯТАЯ. ЯЎПАТ НЯЎПАД

АЛЕСЯ (падыходзіць да Яўпата Няўпада, які сядзіць высока на муры і глядзіць убок)
Гэта і ёсць Яўпад Няўпад? Які ён... яйкагаловы... Выкапанае яйка, цот у цот!

ЯЎПАТ (ня гледзячы на Алесю)
Як жа раздражняе, калі цябе называюць яйкам. Нечувана!

АЛЕСЯ
Я маю на ўвазе, што вы падобны да яйка, васпане. Да таго ж, некаторыя яйкі — надзвычай прыгожыя...

ЯЎПАТ
Некаторыя людзі маюць мазгоў не болей за немаўлятка!

АЛЕСЯ (сама сабе)
Яўпат Няўпад сядзеў на муры,
Яўпат Няўпад зваліўся згары...

ЯЎПАТ (раззлавана)
Кінь мармытаць там сабе пад нос абы-што, а скажы лепей, як тваё імя і што ў цябе за інтэрас.

АЛЕСЯ
Мяне зваць Алеся, і я...

ЯЎПАТ
Во дзе ідыёцкае імя! Што яно азначае?

АЛЕСЯ (пакрыўджана)
Хіба імя павінна штосьці азначаць?

ЯЎПАТ
Натуральна, павінна! Напрыклад, маё імя азначае, што я, як мяне ні круці — усебакова ўраўнаважаны і ў ідэальнай форме. А пры такім імені, як у цябе, можна мець якую хаця форму.

АЛЕСЯ
А чаму... Чаму вы седзіце там наверсе зусім адзін?

ЯЎПАТ
А таму, што нікога побач са мною няма! Вось чаму!

АЛЕСЯ
А што, калі вы зваліцеся? Мур жа тонкі.

ЯЎПАТ
Ну і няхай сабе звалюся! Каралева мне паабяцала, сваім уласным языком, што...

АЛЕСЯ
...пашле вам на дапамогу ўсю сваю конную і ратную сілу!

ЯЎПАТ (абурана)
Ты што, падслухоўвала?

АЛЕСЯ
Не, я ў кніжцы прачытала.

ЯЎПАТ
А, тады добра. У кніжцы — хай пішуць. Гэта ж і называецца «трапіць у гісторыю»... (Спявае)

ПЕСНЯ ЯЎПАТА НЯЎПАДА

Калі хто мяне памкнецца закрануць прынамсі пальцам,
Паспрабуе скінуць з мура і на друзачкі разбіць,
Каралеўскія малойцы на падмогу мне прымчацца
І нягоднікаў прымусяць зноў радзіму палюбіць.

Ві-Ай-Пі, я Ві-Ай-Пі —
Вельмі Важная Персона,
не крані, не зачапі.

На такіх як я дзяржава можа смела спадзявацца,
Я ніколі інтарэсаў чынавенства не прадам,
А калі хто выпадкова дакранецца хоць бы пальцам,
Галаву яму міністар асабіста скруціць сам.

Ві-Ай-Пі, я Ві-Ай-Пі —
Вельмі Важная Персона,
не крані, не зачапі.

Але ж нашая размова імкне наперад занадта хутка — давай вернемся на колькі рэплік назад. Дык які, ты кажаш, у цябе інтэрас?

АЛЕСЯ
Ці не маглі б вы быць такі ласкавы і патлумачыць мне правілы гульні ў каралеўскі кракет?

ЯЎПАТ
А навошта табе ведаць правілы? Ты што, выйграць хочаш?

АЛЕСЯ
Ну, мне сказалі, што калі я перамагу, я змагу забраць з сабою дамоў свайго Белага Трусіка.

ЯЎПАТ
Дзіўнае абяцанне. Каралеўскі кракет таму і называецца каралеўскі, што ў ім заўжды перамагае Каралева.

АЛЕСЯ
Але я магла б прынамсі паспрабаваць.

ЯЎПАТ
Не разумею, які ў гэтым сэнс. Па маіх звестках, сёння Беламу Трусу павінны вынесці прысуд.

АЛЕСЯ
Прысуд? Сёння? Адкуль вы ведаеце?

ЯЎПАТ
Таму што на асабістую просьбу Каралевы судзіць яго буду я!

(Надзявае парык.)

Ага, не чакала? Можаш пабляднець, калі хочаш!

ГОЛАС ЗА СЦЭНАЙ
Устаць! Суд ідзе!

(Сцэна пачынае запаўняцца ўдзельнікамі працэсу, прыносяцца сталы і крэслы, усе рассаджваюцца г. д. У клетцы прыносяць белага трусіка Сняжка.)

АЛЕСЯ
Гэта ён! Мой Сняжок! Сняжок, гэта я, Алеся!

(Да Яўпата.)

Вы ж яго апраўдаеце, праўда? Ён жа зусім маленькі Белы Трусік, ён нікому нічога не зрабіў!

ЯЎПАТ
Ты што, спрабуеш мяне падкупіць? А ты ведаеш, што табе за гэта пагражае?

(Спявае.)

Калі нехта паспрабуе паўплываць на правасуддзе,
Замінаць нам абслугоўваць каралеўскі будзе двор —
Уявіць баюся нават, што яму за гэта будзе:
Атрымае роўна столькі, колькі скажа пракурор.

Ві-Ай-Пі, я Ві-Ай-Пі —
Вельмі Важная Персона,
не крані, не зачапі.

СЦЭНА ДЗЯСЯТАЯ. СУД

(Зноў гучыць марш «Трус не играет в хоккей», які выконвае функцыю дзяржаўнага гімна. Усе ўстаюць і спяваюць.)

Рэсурсу нам заўжды дзяржаўнага хапала,
Нам не хапае толькі ядзерных ракет.
Ў кракет гуляюць толькі прафесіяналы,
Трус не гуляе ў кракет,
Трус мае воўчы білет.

ЯЎПАТ
Прашу ўсіх сядаць.

КНЯГІНЯ (сядае побач з Алесяй, шэптам)
Ты не ўяўляеш, як я радая цябе бачыць, мая дарагая сябровачка!

АЛЕСЯ (здзіўлена)
Вас памілавалі?

КНЯГІНЯ
Не, я адкупілася! Уяві, як мне пашчасціла! Цяпер я ўжо не княгіня, а пакаёўка!

АЛЕСЯ
Віншую! Скажыце, а хто гэта вунь там такія?

КНЯГІНЯ
Чэсныя журналісты.

АЛЕСЯ
Ага. А што яны там усё пішуць? Яшчэ ж нічога не адбываецца!

КНЯГІНЯ
Яны занатоўваюць свае імёны, каб не забыць іх да канца працэсу.

ЯЎПАТ
Цішыня ў судзе! Вястуне, зачытайце абвінавачанне.

ЗАЯЦ (трубіць у трубу)
Каралева Чырва спякла, бедачына,
багата святочных страў.
А Белы Трусік падкраўся злачынна
І ўсё ў Каралевы скраў!

(Каралева ўдае, што плача, выцірае вочы і г. д.)

АЛЕСЯ
Не веру!

ЯЎПАТ
Цішэй! Падсудны, вам апошняе слова!

ЗАЯЦ (Яўпату шэптам)
Што вы, да апошняга слова яшчэ шмат чаго будзе! Спярша трэба дапытаць сведкаў.

ЯЎПАТ
А. Праўда. Вястуне, паклічце першага сведку!

ЗАЯЦ
Выклікаецца першы сведка — Шапавал!

(Шапавал уваходзіць з кубкам гарбаты.)

ЯЎПАТ
Што сведку вядома па сутнасці справы?

ШАПАВАЛ (запалоханы)
Н-нічога.

ЯЎПАТ
Гэта вельмі важна.

АЛЕСЯ
Вы хацелі сказаць «няважна»!

ЯЎПАТ
Цішыня ў зале! Усе рэакцыі публікі будуць здушаныя ў зародку! А вам, сведка, варта было спярша дапіць гарбату, а тады прыйсці. Калі вы, дарэчы, пачалі яе піць?

ШАПАВАЛ (няўпэўнена)
Дзявятага жніўня?

ЗАЯЦ
Траўня!

СОНЯ (скрозь сон)
Сакавіка!

КАРАЛЕВА (Шапавалу)
Ану, здымі свой капялюш!

ШАПАВАЛ
Гэта не мой...

ЯЎПАТ
Ага! Злодзей!

ШАПАВАЛ
Мне далі яго панасіць...

КАРАЛЕВА
Ты паказанні давай, а то зараз не будзе на чым насіць.

ШАПАВАЛ
Ну добра... Я слабы чалавек, Ваша Вялікасць...

ЯЎПАТ
Памяць у цябе слабая.

(Усе смяюцца.)

ШАПАВАЛ
Я слабы чалавек, Ваша Вялікасць... Я сядзеў, нікога не чапаў, піў гарбату, а тут Белы Трус вазьмі і скажы...

АЛЕСЯ
Не было такога!

ШАПАВАЛ
Было!

ЯЎПАТ
І што ён сказаў?

ШАПАВАЛ (скрушна)
Гэтага я якраз і не помню.

ЯЎПАТ
Што ж, калі гэта ўсё, што вам ведама, можаце ісці.

(Шапавал кідаецца бегчы прэч.)

КАРАЛЕВА
І адсячэце яму там за дзвярыма на ўсякі выпадак галаву!

АЛЕСЯ
Уф... Па-мойму, гэта не суд, а цырк на дроце!

ЗАЯЦ (трубіць у трубу)
Да ведама суду, у справе з’явіліся новыя доказы. Толькі што быў знойдзены гэты дакумент.

КАРАЛЕВА
Што ў ім, што ў ім?

ЗАЯЦ
Яшчэ не глядзеў, але па-мойму, гэта ліст падсуднага... нейкай... зусім іншай асобе.

ЯЎПАТ
Ліст напісаны почыркам падсуднага?

ЗАЯЦ
Не, і гэта самае падазронае. Да таго ж, ён не падпісаны!

КАРАЛЕВА (Беламу Трусіку ў клетцы)
Бачыш, калі б ты не меў наўме круцельства, то падпісаўся б, як кожны сумленны чалавек!

ЯЎПАТ (урачыста)
Думаю, гэта дастатковы доказ ягонай віны!

КАРАЛЕВА
Сцяць яму галаву!

АЛЕСЯ
Ды вы што! Ніякі гэта не доказ віны! Вы ж нават не ведаеце, пра што той ліст!

ЯЎПАТ (з уздыхам)
Ну зачытайце.

ЗАЯЦ
З якога месца і да якога?

ЯЎПАТ
З пачатку і да канца.

ЗАЯЦ
Ты з ёю быў, казалі мне,
І нас згадаў пры ім.
Яна ж сароміла мяне:
«Ты не плывец зусім».

Ён намякаў, што я там быў
(Ім ведама і нам):
Каб хто паглыбіў ейны ўплыў,
Дзе ты ўжо быў бы сам?

Ёй даў адзін я, два яму,
Ты ж даў нам тры ўсяго;
Усё вярнулася таму,
Хто меў іх да таго.

Калі б былі яна ці я
Замешаныя ў тым,
Дарэчы б нам была твая
Падтрымка, як і ім.

Я меў уражанне ў той час,
Як ейны выбрык спеў,
Што перашкодай ты для нас
І іншых стаць паспеў.

Дык не кажы яму, што так
Цудоўна з імі ёй,
Хай гэта будзе тайны пакт
Паміж табой і мной.

КАРАЛЕВА
Тайны пакт! Я так і думала! Ён напісаў гэты ліст нашым ворагам за мяжой! Сцяць яму галаву!

АЛЕСЯ
Не дурыце галавы!

КАРАЛЕВА
Ды хто ты наагул такая?

АЛЕСЯ
Алеся! Белы трусік — мой, і я вам яго не аддам!

(На загад Каралевы жаўнеры кідаюцца да Алесі.)

ЯЎПАТ
Гм. Чакайце! Здаецца, я яе пазнаю! Так-так: двое вушэй, двое вачэй, пасярэдзіне — нос... Гэта, безумоўна, яна! Скажыце, гэта вы былі заўважаныя ў ваджэнні карагоду з асобамі, вядомымі як Тамтарам і Цімтарам?

ТАМТАРАМ, ЦІМТАРАМ (крычаць)
Яна, яна!

АЛЕСЯ
Не ведаю, ці я была заўважаная, бо там нікога не было.

ТАМТАРАМ, ЦІМТАРАМ (крычаць)
Мы там былі!

АЛЕСЯ
Вы ж першыя і пачалі вадзіць карагод!

ТАМТАРАМ
Не смяшы!

ЦІМТАРАМ
Наадварот!

ТАМТАРАМ
Яна нам яшчэ бражджотку зламала!

ЯЎПАТ
Цішэй! Абвяшчаю пастанову суду. Закон нумар сорак два. Усе, хто заўважаны ў ваджэнні карагодаў, мусіць пакінуць суд.

АЛЕСЯ
Не пайду! Гэта незаконны закон! Вы яго толькі што прыдумалі.

ЯЎПАТ (абурана)
Гэта найдаўнейшы закон у нашым кодэксе!

АЛЕСЯ
Тады ён быў бы законам нумар адзін!

(спявае, на матыў песні «Муры»)

Яўпат Няўпад сядзеў на муры,
Яўпат Няўпад кульнуўся згары.
Дзе ў яго ручкі, ножкі, вушкі,
Паспрабуй ты разбяры.

(Звонку раптоўна гучыць хор галасоў, які падхоплівае песню. Таксама — грукат бубнаў. Каралева цішком загадвае жаўнерам бегчы разбірацца.)

ЯЎПАТ (устрывожана)
Што там адбываецца?

ЗАЯЦ
Не перажывайце, гэта ўсяго толькі Леў і Аднарог б’юцца за карону.

ЯЎПАТ
Не-не! Па-мойму, гэта мяне хочуць скінуць з маёй пасады! (Да Каралевы.) Ваша Вялікасць! Вы абяцалі, што пашляце мне на дапамогу ўсю сваю сілу конную і ратную!

КАРАЛЕВА
Я паслала ўжо ўсіх, каго магла! Дакладная лічба — чатыры тысячы дзвесце сем!

ЗАЯЦ (трубіць у трубу)
Ваша Вялікасць, здаецца, людзі патрабуюць, каб вы склалі з сябе карону.

КАРАЛЕВА
Ага, так я іх і паслухалася! Гэта мая любімая карона, любімую не аддаюць!

(Гул абурэння ў судзе і за сцэнай.)

Гэй, вы там! Не пускайце іх у суд! Сцяць ім усім галаву! Усім! Пагалоўна!

(У судзе пачынаецца паніка, жывёлы хаваюцца пад сталы, жаўнеры бегаюць туды-сюды, у Яўпата Няўпада сардэчны прыступ. Алеся тым часам падкрадаецца да клеткі з Трусікам, бярэ яе ў рукі, адкрывае і дастае Трусіка, выходзіць з ім на авансцэну.)

АЛЕСЯ
Не бойся, маленькі, табе нічога не пагражае! Гэта ўсяго толькі калода картаў!

(Пры гэтых словах на сцэну ўрываюцца людзі, Яўпат з крыкам падае ўніз, Каралева скідвае з сябе карону, шпурляе яе пад ногі Алесі і ўцякае за кулісы, жаўнеры складаюць зброю. Людзі падымаюць Яўпата, той бароніцца.)

ЯЎПАТ
Асцярожней! Я Ві-Ай-Пі!

АЛЕСЯ
Ой, а што гэта за штуковіна? (Алеся нахіляецца да кароны.) Па-мойму, гэта карона! (Надзявае яе сабе на галаву.) Глядзі, Сняжок! Ну як, пасуе? Во як здораўска! Гэта значыць, што я цяпер каралева, ці што?

СЦЭНА АДЗІНАЦЦАТАЯ. ФІНАЛ

(Гучыць урачыстая музыка песні «Бывайце здаровы». Людзі разбіраюцца па парах і пачынаюць танчыць.)

ПЕСНЯ АЛЕСІ

Усе жыхары Цудазем’я і Люстра,
Маю пастанову выконвайце шустра!
Склікайце ўсіх дамаў, дзяцей, кавалераў —
На свята абрання мяне каралевай!

УСЕ (пяюць)

Частунак дармовы, ласункаў багата:
Суп будзе з катом, і з мышамі—гарбата.
Алеся залатвіла ўсё адмыслова—
Вітайма яе тройчы трыццацьразова!

АЛЕСЯ
Тройчы трыццаць будзе дзевяноста! Цікава, ці вядзе хто падлік іхных поклічаў?

(спявае)

Насельнікі Люстра, да рэдкага шчасця
Са мною спазнацца — гайда далучацца!
Не часта даецца такі прывілей вам —
Сустрэцца з законнай сваёй каралевай!

УСЕ

Напоўнеце шклянкі атрамантам, півам,
Пяском ці кудзеляй — што больш да душы вам.
Вітайце Алесю ўсе адначасова
Па дзевяць разоў дзевяностаразова!

(Алеся падносіць мікрафон да пыскі Белага Трусіка, той спявае магутным нізкім голасам на матыў песні «Жыве Беларусь» гурта «Тор».)

ПЕСНЯ ТРУСА

Шмат чаго я бачыў
Ды матаў на вус
І зразумеў адно —
Я вольны Белы Трус!

(Людзі на сцэне далучаюцца да спеву.)

Скінем кайданы мы
Ды станем у ланцуг,
Разам плячо ў плячо,
У бясконцы круг.

(Прыпеў:)
Жыве Белы Трус!

АЛЕСЯ
У маім вялізным сэрцы.

УСЕ
Жыве Белы Трус!

АЛЕСЯ
Хопіць жыць у паняверцы!

УСЕ
Жыве Белы Трус!

АЛЕСЯ
Прычакаем лепшай долі!

УСЕ
Жыве Белы Трус!

АЛЕСЯ
І будзем жыць як не жылі ніколі!

Заслона

17-21.2.2021

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Гурскі (злёгку асалапеўшы): Няўжо штаны? (Забірае ў чорта штаны і ўважліва іх разглядвае.) Ты ў гэтым упэўнены?

Чорт: На ўсе сто!

Гурскі: А ці не тыя гэта самыя, за якія я аштрафаваў... гэтую, як яе... Чорт, выляцела з галавы прозвішча. Руд... Руд... Не, не Рудую. А! Успомніў — Рудкевіч. Так, пазнаю іх. Во — бел-чырвона-белыя палосы. Але як яны апынуліся ў маёй спальні?

Не трэба так ставіць пытанне. Я адсюль магу выйсці. І ўвогуле, я тут — прабыў змену, а потым магу ісці куды захачу: хоць у піўнуху, хоць на хакей, хоць у тэатр...

Пупок: Мы запусцім у гарод да суперніка свайго агента і ён будзе знутры падрываць варожую эканоміку.

Цыбуля: А калі нас зловяць? А калі нас абвінавацяць?

Пупок: Усё трын-трава! Мы проста не прызнаемся ні ў чым — і па ўсім! І мы — не мы, і казёл фальшывы!

ПРЭЗІДЭНТ: ...Таму прысвойтваю табе чарговае званне.
МАЁР: Падпалкоўніка?
ПРЭЗІДЭНТ: Не, генерал-маёра. (Дастае з кішэні генеральскія пагоны і прыкладвае іх Маёру на плечы.)
АПАВЯДАЛЬНІК (да гледачоў): Бачылі, во гэта кар’ерны рост, гэта я разумею. Як у нас у тэатры: з суфлёраў у галоўныя рэжысёры адным махам.