Дзейныя асобы:
Пупок — галоўны гусар Хутара, уладальнік спадчыны Дзядоў, якую планамерна прагульвае з сябрукамі.
Цыбуля — падпявала і ануча.
Коваль — былы гусар, які вырашыў пасталець.
Рацыя, жонка Коваля — жанчына ў фрыгійскім каўпаку.
Панацэя, сястра Рацыі — феміністка.
Дзяды — былыя жыхары Хутара, якія ўзнесліся на нябёсы.
Казёл — жывёліна з асабістай думкай.
Усе, апроч казла, апранутыя ў быццам-народныя касцюмы.
Першы акт
Сцэна першая
Хутар. На ўскраіне — Пупок і Цыбуля, у прыкметнай напрузе. Цыбуля сядзіць на бервяне, жуе травінку, Пупок ходзіць кругамі вакол бервяна.
Пупок: Чаму ён не ідзе? Ён страціў да нас інтарэс? Ён больш не будзе з намі гультайнічаць? Як гэта расцэньваць? Мы ж гусары! Мы павінны гудзець!
Цыбуля: Нам больш будзе.
Пупок: Маўчы, таварыш! Мы не павінны ў гулянкі імкнуцца па выгадзе, мы ўсе як адзін, як Дзяды нашы, павінны гультайнічаць да пасіненьня на злосьць ворагам. Хай чарцям моташна стане!
Цыбуля: Я як лепш жадаў. Мы ж можам проста цяпер пайсьці вунь у той лясок і як звычайна.
Пупок: Гэта ты што, прапануеш сяброўства на скурнасьць прамяняць? Я табе хачу нагадаць пра ідэалы. (Пераходзячы на крык.) Не для таго Дзяды моцна пілі, каб мы зараз паасобку швэндаліся!
Цыбуля: Я як лепш жадаў.
Пупок: Вось што. Раз Коваль не ідзе да нас, мы пойдзем да Коваля! Мы павінны быць разам!
Сцэна другая
Дом Коваля. Коваль стаіць на двары і чыніць нейкі механізм.
Да плота падыходзіць Пупок, за ім цягнецца Цыбуля.
Пупок: Здароў, братачка! Чым заняты, чаго да нас не цягнешся?
Цыбуля: Прывітанне.
Коваль: Здарова і вам. Ня цягнуся, не цягне. Латаю паваротны механізм, каб паварочваць было лягчэй.
Пупок: Што значыць — не цягне? Ты зусім, ці што? Ад калектыву адрываешся?
Коваль: Ды не... Я стаміўся, хлопцы, пастаянна гасьціны гэтыя — у мяне ўжо нутро згарэла, хачу рамонкавай гарбаты. Хачу, каб бутэрброды еліся нармальна, а не праз сілу. І далей, хачу, каб як трэба... Вось і ўсё.
Пупок: Табе не сорамна кідаць таварышаў?
Коваль: А я не кідаю... Хочаце, я вам што-небудзь палатаю? Амаль бясплатна?
З акна дома высоўваецца маладая жанчына.
Спадарыня: Мілы, ідзем абедаць!
Коваль: Гэта жонка мая, Рацыя. Я пайду абедаць, а вам добрага настрою.
Пупок: Жонка?! Ты што, ажаніўся?! Калі паспеў, чаго на вяселле не паклікаў?!
Цыбуля: Во як.
Коваль: Ды якое вяселле, на свята грошай няма. Мы ціхенька, мы жывем разам.
Пупок: І як?
Коваль: А добра! Сам не нарадуюся і ўсім раю! Хоць парадак у доме зьявіўся. І ўтульнасць.
Пупок: Нас на бабу прамяняў?
Коваль: Пры чым тут гэта? Я жыць хачу! І наогул, я кажу, што стаміўся, больш няма сіл гуляць.
Рацыя: Прывітаньне, сябры мужа майго! Давайце вы пагутарыце ў іншы раз, а цяпер мой муж павінен харчавацца.
Пупок: Прамяняў!
Цыбуля: Абеды гатуе, кажаш?
Пупок: Цыц! Ну і чорт з табой! Пайшлі, Цыбуля, гультайнічаць без яго.
Сцэна трэцяя
Двор хаты Пупка. Двор закінуты, дом выглядае хоць і багата, але пэўна старым. Відаць, што гаспадар не любіць рамантаваць нічога сам.
Пупок стаіць на ганку ў позе прамоўцы. Каля яго размяшчаецца велізарны барабан, у які ён лупіць час ад часу для эфекту. Цыбуля стаіць у двары, у выглядзе слухача.
З нябёсаў на Пупка глядзяць Дзяды.
Пупок (пафасна): Коваль вырашыў нам здрадзіць, вырашыў здрадзіць нам і нашым ідэалам, ён лічыць нас людзьмі ніжэйшага гатунку! Я выразна чуў гэта ў яго прамовах.
Дзяды гучна б’юць сябе па лбе далонямі.
Цыбуля: Дык гэта...
Пупок: Не, не бываць разладу паміж братоў! Я зраблю ўсё, каб вярнуць яго ў нашы шэрагі! Каб гультаяць і далей усім разам, як завяшчалі Дзяды!
Дзяды — плясь па лбе.
Цыбуля (здзіўлена): Завяшчалі? Што ж...
Пупок (б’е ў барабан): Ва ўсім вінаватыя бабы клятыя! Бачыш, у мяне па хаце прусакі носяцца? Гэта ўсё бабская змова! У мяне ні адзін механізм не працуе, самы час задарма аддаваць! Коваль адрамантаваў бы, ды цяпер ён пад бабскую дудку скача, абмінула мужчынская салідарнасць! Астылі без яго шашлыкі! Выдыхліся напоі!
Дзяды, завываючы, мяняюцца месцамі, б’юць сябе далонямі па лбе.
Цыбуля: Дык што рабіць?
Пупок (бліскаючы вачыма): Помсціць бязлітасна!
Другі акт
Сцэна першая
Пупок і Цыбуля прыводзяць да гарода Коваля казла. Казёл належыць Пупку, але дзікі настолькі, што не слухаецца нікога, затое любіць жэрці як культурную траву, так пустазельле ў аднолькавай меры.
Пупок: Мы запусцім у гарод да суперніка свайго агента і ён будзе знутры падрываць варожую эканоміку.
Цыбуля: А калі нас зловяць? А калі нас абвінавацяць?
Пупок: Усё трын-трава! Мы проста не прызнаемся ні ў чым — і па ўсім! І мы — не мы, і казёл фальшывы!
Пупок штурхалямі заганяе казла ў агарод Коваля.
Казёл радасна млее і пачынае пажыраць расліннасьць, тут жа і сера.
У гэты момант у агарод прыходзіць Рацыя, у яе руках мальберт і фарбы.
Рацыя: Хацела я аддацца выяўленчым мастацтвам, захаваць мясцовую прыгажосць на палатне! Але дзе там! Казёл непрыемны жарэ нашы травы! Казёл нелегальны сера на нашу глебу! Муж мой! Ты патрэбны мне! Прырода пад пагрозай!
Пупок і Цыбуля хаваюцца за плотам.
Коваль спяшаецца ў агарод па клічы жонкі.
Пупок: А вось — пакутуй!
Цыбуля: Ох!
Пупок: Дзяды мною ганарыліся б!
Дзяды з нябёсаў: ААААААА! Ідыёт!
Коваль: Ды тут казёл!
Рацыя: Казёл і парушальнік!
Коваль: Куды вядуць сляды казла? Сляды вядуць да плота!
Рацыя: Не можа быць, бо за плотам бачу я тваіх сяброў, яны ж людзі добрыя!
Коваль: І я так думаў! А — не, казлы яны!
Рацыя: Ці можна вырашыць усё мірна? Я жанчына, я супраць бойкі.
Пупок: Не ведаю ніякага казла! Ён твой, я ўпэўнены! Гэта ўсё баба твая падрабіла, клянуся Дзядамі! Ты што, Дзядам не верыш, ты што — здраднік?
Коваль: Казлоў я з дзяцінства не трымаю. У мяне ёсць свінкі. Тры штукі. Дзве.
Пупок: Гэта ты хлусіш усё, доказы пакінь!
Коваль: Цыбуля, чый казёл? Пупка?
Цыбуля: Я тут ні пры чым, мне касу навастрыць трэба, я тут сядзеў чакаў цябе, камень тачыльны папрасіць. Які казёл?
Пупок: Усё хлусня! Няма ніякага казла, прыгледзься, гэта свіння пераапранутая жарэ твае травы!
Рацыя: Як такое можа быць? Розум мне падказвае...
Пупок: Заткніся, дурная!
Коваль: Ах ты, сволач! Пайшоў прэч адсюль, разам з казлом і сваім падпявалам!
Коваль хапаецца за камень.
Цыбуля: Ён тачыльны? Я да цябе па камень!
Коваль: Ідзі ты лесам!
Цыбуля сыходзіць хуткім крокам.
Пупок: Ратуйся, ён монстар, ён людаед, ён нас укрыжуе!
Коваль: Каб я цябе тут больш не бачыў, прастуй!
Пупок уцякае, за ім бяжыць казёл. Коваль супакойвае жонку.
Сцэна другая
Цыбуля ідзе ў кірунку свайго маленькага дому, нешта муркае пад нос. Насустрач яму ідзе ўсмешлівая дзяўчына.
Дзяўчына: Вітанне, паважаны!
Цыбуля (спалохана): Я? Паважаны? Добры дзень.
Дзяўчына: Дазвольце прадставіцца, я — феміністка.
Цыбуля: Гэта што за слова?
Дзяўчына: Мяне зваць Панацэя і я шукаю сваю сястру Рацыю. Яна, па маіх звестках, дзесьці тут знайшла сваё шчасце.
Цыбуля: Панацэя? Вельмі прыгожае імя. Мяне зваць Цыбуля.
Панацэя: О.
Цыбуля: Проста па вуліцы ідзеш, і там справа дом Коваля. Рацыя зараз там. Толькі яны цяпер у агародзе.
Панацэя: О.
Цыбуля: Ну там гуманітарная катастрофа.
Міма прабягае Пупок.
Пупок: Там грамадзянская вайна! Там пекла! Там людажэрства!
Цыбуля: Ну...
Панацэя: О. А вы як маецеся?
Цыбуля: Ды ўсё добра, стабільненька, вось толькі каса затупілася... А тачыльнага каменя няма.
Панацэя: Патрэбныя сродкі?
Цыбуля, ажыўлена: Так, не зашкодзяць.
Панацэя: Ну дык вось вам крэдыт.
Дастае з торбачкі гаманец, вымае адтуль купюру і дае Цыбулю.
Цыбуля: О.
Сцэна трэцяя
Па вуліцы бегае Пупок і размахвае чырвоным сцягам.
Пупок: Дзяды! Дзяды! Дзяды!
Дзяды: Божа, колькі можна.
Пупок: Усе супраць мяне. Увесь сусвет супраць мяне!
Спыняецца, пераводзіць дыханне, выцірае пот.
Пупок (з гонарам): Я — супраць усяго сусвету!
Бяжыць далей.
Панацэя трымае Цыбулю за руку, гладзіць яго па далоні.
Цыбуля: А яшчэ вось хачу на заднім двары каток зрабіць, моцна люблю катацца на каньках, толькі грошай на ўсё не хапае. У нас тут з грашыма туга, бачыш якая абстаноўка вакол, усё з глузду з’ехалі. Адзін у незалежнасць кінуўся, дзіўны прыклад падае, хаця... Іншы казлоў у агарод чужы пускае, ды і дарэчы ў мяне малако адмаўляецца купляць, усё больш па зялёным віне ды па белай гарачцы. У мяне карова ведаеш якая?
Панацэя: Якая?
Цыбуля: Во якая ў мяне карова! Багатая! Малака дае, хоць заліся.... Куры ізноў жа ў мяне знатныя... Толькі трэба на ўсё сродкі для развіцця.
Панацэя, міла ўсміхаючыся: Ну дык на табе яшчэ крэдыт.
Цыбуля, хаваючы купюру ў кішэню: О, шарман.
Трэці акт
Сцэна першая
Пупок стаіць каля брамкі дома Цыбулі, трасе пачкам купюр.
Пупок: Братачка, выходзь! Выходзь!
Дзяды з нябёсаў сурова глядзяць на Пупка
Цыбуля: Што ты хочаш?
Пупок: Глядзі, колькі ў мяне грошай! Я цяпер магу днямі гультайнічаць! І цябе магу спансіраваць — забудзешся, што такое цяжкая праца! Будзем на траве валяцца, у неба пляваць і зелле ўнутр прымаць!
Цыбуля: Дзе ты грошы ўзяў?
Пупок: Прадаў тут сёе-тое з спадчыны.
Дзяды з нябёсаў: Ты прадаў нашы медалі! Ты — скаціна!
Пупок: Я ж любя! Ніхто не забыты! Цыбуля, ідзем за мной!
Цыбуля: Я завязаў. У мяне ёсць жанчына. І табе таго ж жадаю.
Пупок: Жанчына ніколі не дасць табе вастрыні адчуванняў і бадзёрасці духу! Ты памрэш спешчаным! Ты перастанеш быць мужыком.
Цыбуля: Я мужыком буду незалежна ад таго, што ты там думаеш. Мужыкоў без жанчын не бывае.
Пупок, тупае нагой: Бывае! Я — мужык!
Цыбуля: Ты — мурло.
З акна дома высоўваецца Панацэя і кліча Цыбулю абедаць.
Пупок: Хадзем са мной, братачка, я да смерці нашай табе буду грошы даваць.
Цыбуля: Ідзі ты лесам, я пайшоў абедаць.
Сцэна другая
Пупок носіцца ў двары свайго дома — у адной руцэ ў яго напаўпустая бутля, у іншай пачак грошай.
Пупок: У гэту цяжкую гадзіну! Калі ўвесь свет настроіўся супраць нас! Я абвяшчаю ўсім, што я добры! І лепшы за ўсіх, і хто сумневы ў гэтым асмеліцца выказаць, той будзе знішчаны мной!
Пупок робіць глыток і раскідвае грошы па двары. У двары з’яўляецца казёл.
Пупок: І ты, казёл?
Казёл пачынае жаваць грошы.
Пупок: Ах ты, курва! Ты вырашыў мяне апошняга пазбавіць багацця! Здраднік, ты на ворагаў маіх працуеш, ты бабам прадаўся!
Пупок бяжыць у хату, вяртаецца адтуль з нажом. Дапівае змесціва бутлі, кідаецца на казла.
Пупок: Казёл, адкажаш мне за ўсё, цябе я ахвярую Дзядам! Яны тады мне ўсё даруюць і зробяць магутным сапраўды!
Ля веснічак з’яўляецца Цыбуля.
Цыбуля: Пупок, хопіць з глузду ехаць, трэці дзень не прасыхаеш ужо!
Пупок: Ты хто такі? Я цябе не клікаў!
Цыбуля: Я ж твой братачка! Ты мне грошай абяцаў.
Пупок: Грошы мае казёл зжор, яго зараз за гэта я зарэжу!
Казёл, чалавечым голасам: Ну ўсё, хопіць з мяне! Сам раскідваецца купюрамі як непатрэбшчынай, я ж у ежы непераборлівы, што пад нагамі ляжыць, тое і ем!
Пупок: Брэшаш!
Казёл: Пайду! Пераскочу цераз плот і пайду насустрач узыходзячаму сонцу!
Пупок, дастаючы запалкі з-за пазухі: Стой, казёл! А то я дом спалю!
Казёл: Ну ўжо не-е-е-е-е!
Цыбуля: Бедлам!
Сцэна трэцяя. Фінал
Пупок, у шалёным стане, падпальвае свой дом.
Пупок (з вырачанымі вачыма): Краіну захілілі сабой! ...
Дзяды з нябёсаў: Казачны! Феерычны! Цьфу!
Цыбуля: Апупець, дай хоць барабан уратую!
Выносіць з падпаленай хаты барабан.
Пупок, гінучы ў агні: Бабы праклятыя! Ва ўсім вінаватыя! Казлы! Здраднікі! Каб вас усіх! Не здаюся! Сваіх не кідаю!
Цыбуля сядзіць на барабане, назірае за полымем.
Цыбуля: Вось дурань, жыў бы сабе, малако ў мяне купляў, не ж, вось надумаў ...
Да Цыбулі падыходзіць Панацэя. Кладзе на плячо руку і лашчыць яго.
Панацэя: Можа, крэдыт возьмеш?
Цыбуля: Давай, трэба супрацьпажарную бяспеку наладзіць. Заморскую сістэму!
Панацэя: А мы як далей будзем?
Цыбуля: Я больш ніколі не буду гуляць, клянуся ўрачыста! Будзем жыць і гаспадарку наладжваць. Пажэнімся.
Панацэя: Разумнік.
Да іх падыходзяць Коваль і Рацыя.
Коваль: Вось дык гісторыя. Згарэў гусар! Ды барабан застаўся.
Цыбуля: Барабан добры. А я змяню імя на цывілізаваны лад. Быў Цыбуля, стаў Цыбуліні.
Панацэя: О.
Рацыя: Усё гэта можна было загадзя пралічыць матэматычна, што я і зрабіла тры гады таму. І, як бачыце, я маю рацыю.
Коваль: Дык гэта, пакуль тлее, можа, шашлычкоў?
Цыбуліні: А давай.
Рацыя і Панацэя адначасова уздыхаюць.
Панацэя: Якія вы ўсё ж такі далёкія ад цывілізацыі, мужчыны!
Рацыя: Варвары!
Заслона
2018 г.