Бязглуздая кніга

Пераклад: 
дзіцячая брытанская паэзія, вершы па-беларуску, брытанская літаратура XIX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

1

Жыў дзядуля па прозьвішчы Лемеш,
барадаты ён быў — ну як эміш:
«У маёй барадзе
птушанят — што ў гнязьдзе!»
Заміналі яны яму, кеміш?

2

Ходзіць дзеўчына родам з Танзаніі
з матузкамі заўжды разьвязанымі.
Цюцькі з чорнымі крапкамі
ёй памахваюць лапкамі
як пярэднімі, гэтак і заднімі.

3

Жыў на сьвеце стары з носам-хобатам,
што даводзіў нам: «Што б вам там хто бы там
ні казаў, не насаты я —
гэта ў іх псіхапатыя!»,
і заходзіўся жудасным рогатам.

4

На гары жыў стары непаседа:
разьбірала няўрымсьлівасьць дзеда.
Апрануў даўні строй
ён бабулі старой
і ў адведкі пабег да суседа.

5

Выйшла ў сьвет маладая гарэзьніца —
на каптур птушкі селі ды гнезьдзяцца.
«Ну і ліха бяры!
На маім каптуры
птушкі з цэлага сьвету хай рэзьвяцца!»

6

Ведаў я маладзіцу ў Галіцыі —
пагражала бабуля спаліць яе.
Толькі ўнучка: «Лухта!
На, спалі лепш ката,
я ж пайду цябе выдам паліцыі!»

7

Грубіяна старэнькага з Чылі
ў школе гжэчнасьці не навучылі.
Звычка ёсьць у дзядулі:
раздаваць людзям дулі
на прыступках, якіх не вашчылі.

8

Жыў старэнькі музыка ў Батсване,
Што няспынна лупіў па тымпане.
Людзі кажуць: «О, людцы!
Не маглі б вы заткнуцца?
Гэтак выклікаць можна паўстаньне!»

9

Неяк панічка з-пад Канатопу
ў цьвёрды грунт увайшла, што той штопар —
«Во дзе быў укрунтас!»,
гуў народ укруг нас,
«Во дзе гонару — на ўсю Эўропу!»

10

Раз аса аксакала-каўказца
аж на дрэва загнала — во трасца!
Дапякае аса,
а каўказец: «Ас-са!»
Аксакал ёй так проста ня здасца.

11

Дзедка трэлі пілікаў на флейце,
толькі ў бот яму ўлез, — не самлейце —
вуж рэкордна вялікі!
Дзень і ноч дзед пілікаў,
і вужака зматаўся нарэшце.

12

Ёсьць дзяўчына адна з Улан-Батара —
падбародзьдзе ў яе даўгаватае.
Толькі арфу дзе знойдзе —
і тады падбародзьдзе
ужывае замест мэдыятара.

13

Па кішэнях дзядок на Сэйшэлях
носіць грошай заўжды роўна шэлег.
Каб ня мёд ды цыбуля,
то памёр бы дзядуля:
толькі тыя яму й па кішэнях.

14

Жыў дзядуля на востраве Іскія —
звычкі меў ён папросту садысцкія:
наглынаўшыся фігаў,
нагамі ён дрыгаў —
чую й сёньня ягоныя віскі я!

15

Човен гніў у хляве год каторы...
Дзед залез у яго: «Я на моры!»
«Тут ня мора, а хлеў!»
Дзедка ледзь не самлеў
і пасьля быў тры дні не ў гуморы.

16

У дзяўчыны-красы ў Трансваалі
думкі ў бок маракоў дрэйфавалі,
і яна караблі
вывучала зь зямлі —
не каб кінуцца ў бурныя хвалі.

17

Быў дзядок маладжавы з Малдовы —
лад жыцьця вызнаваў ён здаровы.
Калі быў малады —
на стале спаў заўжды.
Каб на мяккім паспаць — што вы, што вы!

18

Жыў у Белае Бераставіцы
дзед, што езьдзіў на белай асьліцы,
ды вушэй задаўгіх
так баяўся той псіх,
што ад страху ня мог не спруціцца.

19

Доўга бабця з французскага Брэсту
выдавала сябе за нявесту.
Пад сасной на дварэ
бабця ела пюрэ,
што сама гатавала з агрэсту.

20

Быў аднойчы стары пэруанец,
Што надзвычай любіў пабуяніць.
Не каб ціха сядзець —
роў стары, як мядзьведзь,
ды ірваў валасы, падшыванец.

21

Піў бязглузды стары з Катманду
без усякай патрэбы ваду.
Як дапіў соты гляк,
круглы стаў як кругляк:
«Так ваду я ўсю перавяду!»

22

Маладая красуня-крыцянка
апраналася дужа няцямка.
Мех у чорную крапінку
зашпіліла на запінку —
«Ну скажыце, чым я не шляхцянка?»

23

Усьміхаўся стары астраўлянін,
калі людзям яго прадстаўлялі.
Пад «Калінку-малінку»
ён сьпяваў «Купалінку» —
часта беднага перакрыўлялі.

24

Жыў дзядок абыякавы ў Ракаве —
ну такі да ўсяго абыякавы!
Малатком яму ракаўцы
увалілі па макаўцы —
стаў цікавіцца ўсім дзедка, як і вы.

25

Смага дзедку замучыла ўлетку —
вунь суседка! Нясе піва дзедку!
Піва стыне яшчэ
й дзедку вусны пячэ —
дзед прагнаў разам зь півам суседку.

26

Маладая дзяўчына са Снову
набыла каптурок у абнову,
ды такі ён высокі,
што зрабіла тры крокі —
і назад. Трэба ўшыць напалову!

27

Дзед адзін веры даў без прычыны мне,
што на двор дзьверы шчыльна зачынены​,
і пакуль сабе хроп,
зьелі ўвесь гардэроб
пацукі, прашчыміўшыся ў шчыліны.

28

Запыталіся неяк брусэльцы
дзеда ў сьлівавае камізэльцы,
ці пасуе яна —
крыкнуў дзед: «Ды ражна!
Лепш вачэй на яе не казельце!»

29

Дзед з далёкай зямлі Мінэсоты
меў страшэнна рыплівыя боты.
Як наведваў Дулут,
дык цікавіўся люд:
«Дзед! Скажы, носіш боты з чаго ты?»

30

Во дзе вочы былі ў маладзіцы —
для такіх замалыя й вачніцы!
Не пасьпее зірнуць —
людзі ўпрочкі бягуць.
Гэта ж трэба такой нарадзіцца!

31

У дзьвярах села дзеўка-нарвэжка —
во трывалая! Як качарэжка!
А вазьмі прышчымі —
запяе «до-рэ-мі».
Не раскусіш такога арэшка!

32

Быў аднойчы дзядок на Арбаце,
што трымаўся адно на гарбаце:
«Ты вазьмі малачай
і ў ваду памачай —
во нап’есься гарбаты ўжо, браце!»

33

Нейкі дзед у карэйскім Бусане
харчаваўся выключна трусамі.
Зьеўшы іх васямнаццаць,
стаў у твары зьмяняцца,
зьзелянеў... Рэшту ўявіце самі.

34

Жыў дзядуля няўрымсьлівы ў Дзятлаве —
проста так часта бегаў па дзятліне.
Ды бамбізы-чмялі
так яго данялі,
што спакойны ён стаў і падатлівы.

35

Жыў дзядок недзе пад Куршавэлем —
даў ён кожнай з дачок гожы вэлюм,
даў вуду і сачок
і паслаў тых дачок
да садочку на лоўлю фарэлін.

36

Дужа гжэчны стары жыў на Патмасе,
першы з Патмасу па далікатнасьці!
А дачка накрычала —
то зваліўся з прычала
і ўтапіўся па ўласнай халатнасьці.

37

Эксцэнтрычны дзядок з Гарадзеі
хітры быў — а мае ж дабрадзеі!
Ён купіў жарабца
й прэч адтуль — гоп-ца-ца!
Людзі ўсьлед яму моўчкі глядзелі.

38

Быў калісьці дзядок у Квэбэку —
жук жыцьця не даваў чалавеку.
«Не казыч ты мне шыю,
бо шылам прышыю!»
Во як жук зацкаваў недарэку!

39

Жыў дзядуля пад горадам Філы,
а разумны ж быў дзед — бог ты мілы!
Сеў на пальме ў ціхмень
і глядзеў цэлы дзень
на руіны й старыя магілы.

40

Маладая флейтыстка ў Кувэйце
парсюкам грала джыгі на флейце.
Ад пранізьлівай трэлі
тыя проста шалелі.
Вы ня сьвіньні, таму не шалейце.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Ну быў я піратам, муціў акіян —
цяпер во на пэнсіі, камісавалі.
Вахторам на службу ўзялі ў рэстаран —
сяджу тут і згадваю морскія хвалі.

Пераклад:
Макс Шчур

«Калі я быў Прывід зусім малады,
хлапчук зь мяне ўдаўся зухвалы!
Усе на слупах мы сядзелі тады,
нам лусьцікі з маслам да чаю заўжды —
хоць сьвята, хоць ноч — падавалі».

Пераклад:
Макс Шчур

Канец эпохі, ціша ў сьвеце.
Век дасказаў, што меў на ўвеце —
дазьзялі слынныя прамоўцы,
сышлі ў нябыт майстры ў рыфмоўцы,
адваяваў ваяр суворы,
мысьляр дамазгаваў, акторы
дайгралі, скульптар скончыў творы,
мастак запоўніў фрэскай сьцены,
і крытык вырак, хто зь іх цэнны.

Пераклад:
Макс Шчур

Так, дасягнуўшы росквіту, у прах
імпэрыі сыходзяць пачаргова,
бо прадчуваюць: іхны ўзьнёслы гмах
ня ёсьць, на жаль, увасабленьнем Слова.