Падручнік па практычным катазнаўстве

Пераклад: 
дзіцячая брытанская i амерыканская паэзія, вершы па-беларуску, брытанская i амерыканская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(урыўкі)

Называньне катоў

Кату даць імя — не гульня й не забава,
кашэчыя ймёны — навука, сябры.
Мяне хай палічыце за дзівака вы,
імёнаў кату патрабуецца ТРЫ.
Зь іх першае — каб карыстацца штодзённа:
Пятрок, Аляіс, Валянцін ці Сямён,
Вінцук, Баўтрамей, Ясафат або Дзёма —
штодзённых існуе багата імён.
Ёсьць шмат экзатычных, у гусьце экспэртаў,
дзявочых, хлапечых, вядомых здавён:
Плятон, Тэадорых, Электра, Дэмэтра —
штодзённых імёнаў існуе мільён.
Ды кот мусіць мець і імя адмысловае,
такое, якога ні ў кога няма,
якое з усіх толькі ён заслугоўвае,
каб хвосьцік ягоны трымаўся старчма.
Такое імя будзе мець ён адзіны —
як Карыкацяра або Шмыгалоў,
як Бамбалярына ці Мармеладзіна, —
іх безьліч для котак, як і для катоў.
Але ж апрача ёсьць імя яшчэ трэцяе,
уведаць якое ня дадзена нам —
імя, што трымае ваш кот у сакрэце і
нікому ня скажа, ХОЦЬ ВЕДАЕ САМ.
Калі ён, ня ў змозе ані зварухнуцца,
на месцы сядзіць, як яго мы ня гонім,
то значыць, ён сканцэнтраваўся на думцы
пра думку пра думку пра думку аб думцы
пра свой невыказны,
пра свой невымоўны,
свой непазнавальны й шматзначны крыптонім.

Пра грызьню пэкінэсаў з дварнякамі
зь некаторымі падрабязнасьцямі
пра ўдзел мопсаў і шпіцаў і
ўмяшаньне Вялікага Ката Таўстазада

Дварняк з пэкінэсам вядомыя ўсім
варожасьцю даўняй і гневам сваім —
як рады дасі забіякам такім?
Таксама вядома, што мопсы і шпіцы,
хоць ціхія быццам і мірныя быццам,
ня супраць да бойкі між іх далучыцца
й цьвяліцца:
«Цяў, цяў, цяў, цяў,
цяў, цяў, ЦЯЎ, ЦЯЎ», —
не даючы навакольлю жыцьця.

У выпадку нашым усе талакой
захоўвалі тыдзень і мір, і спакой
(а гэта ня мала для зграі такой),
але ж у той дзень участковы бульдог
як пост свой пакінуў, так і пастарунак, —
казалі, забег па суседзтве на трунак, —
і ў гэткіх спрыяльных умовах, дальбог,
дварняк не сустрэць пэкінэса ня мог.
Упёрліся тут жа — ні кроку назад! —
іх лапы ў зямлю і пагляд у пагляд,
і ўжо яны:
«Цяў, цяў, цяў, цяў,
цяў, цяў, ЦЯЎ, ЦЯЎ», —
зноў не даюць анікому жыцьця.

Між тым пэкінэс, хто тут што ні кажы —
сабака кітайскі, чужак з-за мяжы.
Пачуўшы, што крыўдзяць паблізу свайго,
бягуць бараніць пэкінэсы яго —
штук дзесяць ці дваццаць, ці блізу таго.
Супольна ўзьнялі шмат гурчаньня і віску
яны па-кітайску (ці па-мандарынску).
Але ж наш тутэйшы сабака і сам
ня ўломак і любіць узьняць тарарам.
Яго сваякі — яшчэ тыя сабакі:
усе брахуны, бандзюкі і кусакі.
Яны за сабой прывялі дудароў,
і цэлы іх гурт «Ня быць скотам» зароў.
Пачуўшы іх, шпіцы і мопсы тады
з балкону і з ганку, з двара і з буды,
са стрэх —
у брэх:
«Цяў, цяў, цяў, цяў,
цяў, цяў, ЦЯЎ, ЦЯЎ», —
не даючы анікому жыцьця.

Такая сышлася тых цюцькаў навала —
рух стаў, і мэтро пад зямлёй задрыжала!
Асобных суседзяў прымусіў той стрэс
званіць і пажарнікам, і ў МНС.
Ды тут са скляпеньня, у час акурат,
хто вылез? Агромністы кот Таўстазад!
Пагляд шаравымі маланкамі блішча,
а як пазяхне — во дзе пашча! Бяз днішча!
З кацяраў, што любяць з бандытамі зблытацца,
ён самы кудлаты і самы бязьлітасны.
Убачыўшы іклы, нібы цюцькарэзы,
уцямілі ўсё дварнякі й пэкінэсы.
Прыйшоў іхным сваркам адразу ж канец,
бо псюк Таўстазад разагнаў як авец.

Бульдог не вярнуўся яшчэ з свайго трунку,
а зьніклі ўжо ўсе ў невядомым кірунку.

Містэр Містофілюс

Знаёмцеся: Містэр Містофілюс!
Прафэсійны містыфікот.
(Сумневаў на гэты конт
ніякіх!) Паводле профілю —
прыдумшчык усякіх дурнот.
З катоў ён адзіны ў сталіцы
ліцэнзіямі ганарыцца
на ілюзіі, фокусы, кпіны
й стварэньне наўкол блытаніны.
Ягоных кіпцяў спрытнасьць
і лёгкасьць мяккіх лап
паўторна надурыць вас
бяз цяжкасьці магла б.
Дый фокусьнікі дзякуючы яму
маглі б падвучыцца сяму-таму.
Бягом —
на шоў яго!
А людзі: Ого!
Во дзе нумар!
Хто б падумаў!
Спрыт як пума
мае той містэр Містофілюс!

Ён малы, непрыкметны, з вушэй
і да хвосьціка ў чорным увесь.
Не знайшлі такой дзіркі яшчэ,
у якую б ён тут жа ня ўлез.
Ён і ў картачных фокусах ас,
і ў напарсткі вам дасьць у каршэнь,
і пры тым увесь час
уражаньне ў вас,
што ён ловіць звычайных мышэй!
Ён і з коркам штукарыць — умелец,
а як з лыжкай чаруе! Калі
зьніклі некуды нож і відэлец,
што сэкунду таму тут былі,
і вы ўцяміць ня можаце, дзе іх падзелі —
на двары іх шукайце з наступнай нядзелі.
Бач ты яго!
Во дзе нумар!
Хто б падумаў!
Спрыт як пума
мае наш містэр Містофілюс!

Ён на выгляд — такі ж, як усе,
хто паходзіць зь сямейкі кацінай.
толькі чулі яго на страсе,
а між тым ён ляжаў ля каміна.
А калі ён хадзіў па страсе —
недзе тут ён, мы думалі шчыра.
(Нам пачулася яўна, як нехта курняўкаў!)
Не, другога такога факіра
давядзецца яшчэ пашукаць дзе!
Мы і праўда яго кагадзе
тры гадзіны шукалі па садзе,
а ён хроп пры дзьвярах, чарадзей!
Зусім жа нядаўна факір наш і ёг
з цыліндра дастаў кацянятаў сямёх!
А мы ўсе: Ого!
Во дзе нумар!
Хто б падумаў!
Нішто сабе гумар!
Дасьціпнік той містэр Містофілюс!

Інкогніта, кот-загадка

Інкогніта — злачыннасьці нябачны кіраўнік,
загадка-кот, што паважаць законы не прывык.
І Інтэрпол, і Скотлэнд-Ярд ганяюцца дарма:
куды ні едзь па выкліку — Інкогніта няма!

Такога як Інкогніта ня ведаеш нікога ты —
з прыроднымі законамі ня трацяць часу волаты:
па небе ходзіць лапамі — усімі чатырма!
Факір глядзіць разгублена: Інкогніта няма!
Хаваецца ў скляпеньні ці на даху басурман?
Кажу вам — вы ня верыце: Інкогніта няма!

Інкогніта — худы такі, і з хвосьцікам рудым,
з вачыма ўглыб запалымі — ня зблытаеш ні з кім;
высокі лоб маршчыністы — каб мне так памудрэць! —
а футра неахайнае, няголеная шчэць,
і галава вагаецца, бы ў кобры, з боку ў бок —
ён задрамаў, вы лічыце? Чуйнуе, галубок!

Такога як Інкогніта ня ведаеш нікога ты —
ён у кацінай скуры чорт, ён здань зь пякельным рогатам.
Ад вас ён не хаваецца, ды толькі нездарма
там, дзе злачынства здарыцца — Інкогніта няма!

Даверу варты зьнешне ён. (Ды ў картах — правярай!)
Ягоных лапак водціскаў ня мае Эф-Бі-Ай.
Там, дзе пабілі мопсіка або ў цяпліцы шкло,
дзе ў скарбніцы каштоўнасьцяў нібыта не было,
дзе малака — наплакаў кот, прапала пастрама —
скажу — вы не паверыце! Інкогніта няма!

Сакрэтны пратакол згубіў міністр замежных спраў,
і ў генэрала тайныя рысункі нехта скраў —
калі б знайшліся доказы, то злодзею — турма!
А так тут чорта знойдзеце! Інкогніта ж няма!
Раскрые таямніцу вам дзяржаўны камітэт:
«Тут злодзей быў Інкогніта — і зьнік, замёўшы сьлед».
Напэўна, дзесь сядзіць цяпер, аблізваецца, гад,
і ў галаве вылічвае маштаб дзяржаўных страт.

Такога як Інкогніта ня ведаеш нікога ты —
падушачкамі-лапкамі ступае ён бяз шоргату.
Заўжды з жалезным алібі (а часам і з двума):
дзе трэба вам, ніколі там ІНКОГНІТА НЯМА!
Я чуў, што ўсе бандыты, ад катоў да кацянят
(напрыклад, Ненажэра ці, напрыклад, Таўстазад),
ёсьць толькі выканаўцамі, то бок тальлёю карт,
што раздае Інкогніта — кашэчы Банапарт!

Катафей Іваныч, сталічны кот

Менскі кот Катафей не худы да касьцей —
у яго ўжо й вачэй не відно!
Есьць ён болей, чым п’е — ходзіць толькі ў «свае»
рэстарацыі і казіно.
Мы «Дабрыдзень!» крычым, параўняўшыся зь ім,
ён ідзе ў мехавым паліто:
любата паглядзець! Гэткі добры кравец
для звычайных ня шые катоў.
Ува ўсім менскім цэнтры няма такіх дэнды,
як дагледжаны кот Катафей.
Ён — у белых шкарпэтках — ківае нам зрэдку:
нават гэта для нас прывілей!

Кажуць, столік належыць яму ў «Белай вежы»,
ён у «тысячу» рэжацца там.
Ледзь устаў з-за стала — і гайда ў «Шангры Ла»,
хоць ня ўсім туды можна катам.
Ён у «Ракаўскі бровар» ідзе адмыслова,
каб «у цешчы ў гасьцях» пабываць,
але любіць ня меней пад’есьці пяльменяў
каля Ратушы ў «Нуль цэлых пяць».
Часта есьць ён рабрыну ў гастра-пабе «Гамбрынус»,
рульку ў «Старавіленскай карчме».
Крамбамбулі агністай ён жахне ў «Кухмістры»
і крывянкай закусваць пачне.
Калі з голаду пухне, то з хуткае кухні
схопіць піццу або шаурму,
а яшчэ ў «Камяніцы» біткі з паляндвіцы
асабліва смакуюць яму.

Што ж, вось так і ідзе дзень за днём, за днём дзень —
то ў адным ён шынку, то ў другім,
і раней ці пазьней тлусты кот Катафей
стане з тлустага круглы зусім.
Ад такога мэню — далібог, не маню:
кіляў дзесяць цяпер ужо ў ім.
Як яго мы пракормім? «Спакойна, я ў норме!»,
крэхча кот, «у мяне свой рэжым!
На памінках у вас яшчэ буду піць квас!»,
паўтарае ласкава ён гэтак.
Дык балюйма далей, покуль кот Катафей
не адкінуў бялюткіх шкарпэтак!

Як зьвяртацца да катоў

Калі дасюль вы дачыталі,
то ў вас на котак, значыць, талент,
і не патрэбны вам пасрэднік
у зьвязаных з катом мітрэнгах.
Вы зразумелі, што ў кашэчых
нямала рысаў чалавечых —
як у людзей, і ў котак гэтак
ёсьць розьніца ў мэнталітэтах.
Ёсьць нармалёвыя й вар’яты,
ёсьць злыдні і душой ягняты,
ёсьць хтосьці горшы, хтосьці лепшы —
усіх мае згадалі вершы:
якія гульні ў іх і праца,
як яны маюць называцца,
якія любяць асяродкі —
ды як да іх зьвяртацца ўсё-ткі?

Я нагадаць хацеў бы ўсім нам,
што кот, па-першае — ня псіна.

Сабакі наганяюць страху,
ня ўкусяць, але ж будуць яхаць,
ды ў прынцыпе душа ў сабакі
для нас не лябірынт ніякі.
(Хоць пэкінэсаў ды чаў-чаў
я ў гэты лік бы не ўключаў.)
Звычайны вулічны дварняк —
аматар выдурняцца ўсяк,
неганарысты — аж залішне,
і нат падліза разам іншым.
Яму пачухай падбародзьдзе —
і ён з табой адразу пойдзе,
дай лапу, ускудлаць бакі —
вось вы й з сабакам дружбакі.
Такі ўжо вулічны ён вісус,
што адгукнецца — варта сьвіснуць.

Зноў мушу нагадаць, аднак,
Што кот — адрозны ад сабак.

Ёсьць прынцып, хоць і не найлепшы:
«Ніколі не зьвяртайся першы».
Лічу, што ўсё наадварот.
Я — прынцыпова за зварот.
Але прашу не забывацца,
што кот ня любіць панібрацтва.
Я сам лепш капялюш здыму
і «ВАШАМОСЬЦЬ!» скажу яму.
Аднак, калі мы зь ім суседзі
і дома ў нас або ў пад’езьдзе
перасякаемся часьценька,
кажу яму я: «ВО, КАЦЕЙКА!»
Я чуў, што ён завецца Джым,
ды мы на «вы» пакуль што зь ім.

Перш, чым пагодзіцца кацяра
ў вас, беспародным, бачыць сябра,
маглі б вы, гэтакі нахаба,
наліць яму сьмятаны ў хабар;
падкінуць часам кавіяру
і да яго паштэту ў пару,
з гусі, фазана ці ласося —
ужо чаго душа запросіць.
(Я ведаю ката, напрыклад, —
ён ласавацца трусам звыклы,
а як даесьць, то ліжа лапкі,
каб вычысьціць падліўкі крапкі.)
Такія доказы павагі
не застануцца без увагі,
і ў знак спагады й дабраты
пяройдзе з вамі кот на «ТЫ».

Што ж, спадзяюся, я давёў,
як лепш зьвяртацца да катоў.

Самахарактарыстыка ката Моргана

Ну быў я піратам, муціў акіян —
цяпер во на пэнсіі, камісавалі.
Вахторам на службу ўзялі ў рэстаран —
сяджу тут і згадваю морскія хвалі.

З крывёю фазан — мне на раны бальзам,
сьмятаны калі пададуць — я ня супраць,
ды лепш пасьля зьмены прынесьлі б сто грам,
каб меў што халоднай сялёдкай закусваць.

Я гжэчны ня вельмі, брахаць не хачу —
ды футра ў парадку й ня дурань затое,
і людзі ня крыўдзяць, я сам ад іх чуў:
у Моргана сэрца, маўляў, залатое.

Жыцьцё прагуляў, добра выпіць любіў —
салодка пяяць не з пагрызеным горлам;
і ўсё-ткі дзяўчатам — бязь лішняй хвальбы —
галовы ўскружыць яшчэ здолее Морган!

Калі ў вас да некага з Хвейбараў справа,
параю адно — і ня трэба падзяк:
зьвярніцеся там да вахтора-ката вы.
Скажыце, ад Моргана. Кот мне сваяк.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Шлях угару – гэта шлях і ўніз, шлях наперад – шлях і назад.
З гэтым немагчыма зьмірыцца, але гэта так,
час ніякі ня лекар: бо пацыента ўжо няма.

Пераклад:
Макс Шчур

У залю, з залі ходзяць сьвецкія ільвіцы —
пра Мікэлянджэлё ім не нагаварыцца.

Пераклад:
Макс Шчур

Няўжо няма Адказу?
а ты адказваеш, няўжо заўсёды павінен быць нейкі Адказ?,
вось каб я мог сказаць Так ці Не —
дзякуй Богу што я ня Бог! Дзякуй Богу што я ня Бог!

Пераклад:
Макс Шчур

Ніхто не пацярпеў. Усе проста зьнікаюць. Іх ніколі не было. Беспачатная дасканаласьць.
Вось чаму Саторы суправаджаецца сьмехам
і дзэнавы майстар у гневе разьдзірае сутры на шматкі.