* * *
Міхалу Рукевічу
Ружовы фламінга, гарбатая сумная птушка
Ашчэпкамі крылаў, пабітых бязлітасным шротам
Дацягне да Індыі скрозь забайкальскія пушчы,
За тысячы ўзмахаў — да родных індыйскіх чаротаў,
І будзе карміць птушанят малаком і крывёю.
Мне крылаў хацябы ашчэпкі- у неба за ёю,
Але не на поўдзень. Дамоў у гняздо радавое.
* * *
Яшчарка прыткая звольніць свой бег па каменнях,
Ноч упадзе, нібы чорная птушка, на горад,
Есці не хочацца, кава вячэру заменіць,
Колькі той кавы, мо, рэкі ўжо і азёры!
Адасабляюся ад пазаўчора і ўчора,
Хлушу сабе, што з нуля пачынаю ад заўтра,
Анігіляцыяй пахне начная прастора,
Юзам па ёй пралячу ў разбуральным азарце.
Цягнецца ноч. Халадзеюць каменні, і памяць
Яшчаркай лёгкай звальняе свой бег мітуслівы,
Божа ласкавы! Не хочацца мучыць і раніць,
Еднасць знікае. А ты — заставайся шчаслівым.
2.11.11.
* * *
Слотная раніца так нечакана прымусіць
У выпадковай кавярні спыніцца на кубачак кавы,
Мокрыя вуліцы, дзе не чуваць Беларусі,
Плошча. Кавярня. І слота. І водар Варшавы.
Асірацела сяджу з гэтым кубкам espresso -
Тройчы глытнеш і ўнутры заскуголіць самота —
Арка вакна, за якім каралеўскае места,
Белая раніца, гмахі, палякі І слота.
Ехаць дадому. Цяпер. Проста зараз. Не потым.
19-20.10.15
* * *
Клінам ляцяць да нялюбага выраю птушкі
Ад маразоў, не чакаючы першага снега,
Хтосьці зрабіў, што адвеку на небе нязрушна
Альфа расстання, а потым вяртання амега.
Нам, нібы птушкам, пісалася ў небе каханне,
Недзе ляціць, пазначаючы літары, статак.
Едзем па кругу, вяртанне ідзе за растаннем,
Можа адное яднае канец і пачатак
Азбукі нашай, якая ніяк не звядзецца:
Ёсць там амега — у вочы твае наглядзецца.
18.10.17.
* * *
Нам Гасподзь маляваў над краінай вялікую поўню
Адмысловымі фарбамі, нібыта німб у святога,
Вось такім гэты снежань і гэтую поўню запомнім -
Асаблівы на свята для ўсіх падарунак ад Бога.
Галаву падымі — не бяда, што варушацца хмары,
Онікс ззяе з нябёсаў, праз іх прабівае прамень,
Дасць спагаду табе, дасць лагоду, усмешку на твары,
Дзякуй шчыра за ласку, за ноч і за заўтрашні дзень.
Залатое, як поўня, хай шчасце не выб’ецца з рук —
Елка ў хаце чакае, а столь упрыгожыў павук.
31.12.17
Мара
Далакоп не паспее, рыдлёўку аб камень зламае.
Адыйду за мяжу, да адзіных любімых і родных,
Далягляд зашпілю на маланку, што скрадзена ў маі -
Ольштын, Кракаў, Варшава не вартыя нашага Гродна.
Мімаходзь азірнуся, за спіну закінуўшы стому,
Усміхнуся ўспамінам. І ўрэшце пакрочу дадому.
20.12.18.
* * *
Асцярожна жыві, кожны дзень як іспыт ці экзамен,
Каляровыя пазлы жыццёвай запечанай смальты
Раздае табе доля, нібы прадавачка ў краме,
А ўзамен патрабуе штодзённага зграбнага сальта.
Безсэнсоўна скакаць — ні афішы, ні публікі ў зале.
Апраметная выйдзе з табой прывітацца ў фінале
Ты ўздыхнеш і закруціш апошняе сальта-мартале.
28.12.18.