ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ
Клетку трэба ўвесьці ў стан раўнавагі
забясьпечыць страхоўкай
раскруціць канаты
шчыльна прывязаць
рукі да кратаў
ногі пакінуць вольна раскінутымі
прыадкрыць пяшчотны пол
З прыведзеных радкоў вынікае,
што лірычная суб'екціха адчувае пагрозу з боку ўласнай сэксуальнасьці,
то бок грамадзкай канвэнцыі,
паводле якой жанчына ёсьць далікатнай, адданай мужчыну істотай,
таму ў яе настае вымушаная патрэба «ачышчэньня»
патрэба пазбавіцца ад зародкаў
праміскўітэту,
садамазахізму,
радасьці ад мастурбацыі,
аральнага ці групавога сэксу.
Трэба быць жанчынай зь вялікай «Ж»!
Нашае цьверджаньне мы абгрунтоўваем вершамі:
Усмоктваюся ў дождж. Калі мяне пабеляць
апошнія зімовыя кветкі сьцюжы, калі я стану
марозна-пяшчотнай, магчыма, тады я гэтае суровае места-пярэабуўку,
адрынутае далечынёю, якая настала,
магчыма, тады я гэтае паноўнае места ў сабе...
ну што? (Падману?)
(Лэгенава, 1991, ст. 13)
МЫ ЕДЗЕМ У АЎТОБУСЕ
(або малы зрэз соцыюму)
Колькасьць месцаў для сядзеньня: 54
Колькасьць занятых месцаў: 36
Час: 17.50
0º С
Free wifi zone
Месца н. 53:
Інтэлектуал.
Думае пра студэнтку.
Месца н. 52:
Студэнтка.
Пра інтэлектуала ня думае.
Месца н. 51:
Фэйсбук
Месцы н. 49 + 48:
Студэнткі, учора бухалі:
«Курва яна».
«Дурніца».
Месцы н. 45 + 44:
Інстытут гісторыі Славацкай АН
«Ян Палах быў герой. Забіў сябе – дзеля радзімы».
«Анна Карэніна таксама сябе забіла – дзеля мужчыны».
«А вось Плат – дзеля жыцьця, але ж была добрай да дзяцей,
не дала ім глядзець, як памірае».
Месцы н. 41 + 40:
Фэйсбук
Месца н. 39:
Службовец банкі Татра:
кладзе фірмовы канвэрт
і фірмовую асадку
ў фірмовую торбу.
Месцы н. 37 + 36 + 35 + 34:
Гучны сьмех.
Месца н. 32:
Gmail
Месца н. 31:
Фэйсбук
Месца н. 29:
Фэйсбук
Зь месца н. 28
тэлефануюць:
«Я ж кажу мля што мне гэта дарма пройдзе, ня чуеш?»
Месцы н. 25 + 24:
Пара.
Спробы (не)заўважна дакрануцца да геніталіяў.
Месца н. 22:
Багамолка.
Сочыць за парай на месцах 25 і 24.
Месцы н. 21 + 20:
На дадзены момант маці + дзіця.
Месца н. 19:
Бацька?
Бяз бацькі.
Месца н. 17:
Фэйсбук
Месца н. 16:
Gmail
Месца н. 15:
Фэйсбук
Месцы н. 13 + 12:
Літаратары.
«Ты ж бачыў. І гэты нудзіла там быў.
І тая патэтычная вярблядзь.
А той квазіпразаік? Па-мойму, поўны дэбіл».
Месцы н. 11 + 10:
Фэміністкі.
Месца н. 9:
Фэйсбук
Месца н. 7:
Вячэра.
(тварожна-вішнёвы штрудзель, пірожнае з какава)
Месца н. 3:
Сьпіць.
Месца н. 2:
Пляцачына.
Месца н. 1:
Памылка.
Кіроўца –
нуль бяз палачкі.
ПУБЛІЧНЫ ВЫСТУП
Неабходна заставацца спакойнай
Дыхаць глыбока і памалу
абмежаваць міміку
жэстыкуляваць умерана
эфэктыўна выкарыстоўваць інтраспэкцыю
гэта значыць
седзячы – ня дрыгаць нагой
стоячы – не хістацца з боку ў бок
утрымліваць пазыцыю на адным месцы
у абодвух выпадках – галоўнае, не апускаць вачэй.
Рэагуй дасьціпна
апэратыўна
і нязмушана.
Вымаўляй выразна,
прамаўляй гучна.
У далейшым выкарыстай
тэорыю на практыцы.
Ці
ня выкарыстай.
На сцэне гавары выключна пра тое,
што хочаш быць самастойнай эмансіпаванай жанчынай
што цябе ня лёгка запалохаць
што ты ўмееш быць
(жорсткай)
ненавідзіш вёску
сама прыехала ў вялікі горад
і сім-тым у жыцьці прайшла
Ці
не прайшла.
Скажы ім:
у цябе эмацыйны склад
ты прызнаеш духоўныя каштоўнасьці
і з таго часу знаходзісься ў пошуках
(мужчыны)
рэгулярна робіш спробы самагубства
баісься
хочаш пэўнасьці
Ці...
Зноска:
пададзеныя факты ня мусяць адпавядаць праўдзе,
галоўнае –
пакінуць уражаньне.
ГІСТОРЫЯ ХВАРОБЫ
(псыхіятрычнае аддзяленьне)
Пацыент
студэнтка Марцэла,
незамужняя, бязьдзетная,
пасьпяховая вучаніца катэдры псыхалёгіі.
Паступіла па ўласным жаданьні.
Цяперашні стан захворваньня
пацыентка не ўказала ніякага захворваньня
Анамнэз:
сямейны
жыве ў паўнацэннай упарадкаванай сям'і
Маці не разьведзеная
ўсё жыцьцё кахае бацьку Марцэлы.
сэксуальны
першая мэнструацыя ў трынаццаць гадоў
страта дзявоцтва ў шаснаццаць
за плячыма тры сур'ёзныя стасункі
безь ніякіх прыкметаў паэтычнасьці,
унутранай разарванасьці
ці дэпрэсіі.
сацыяльны
пацыентка лічыць сябе таварыскай
не выяўляе праяваў сацыяфобіі
лёгка ідзе на знаёмства зь людзьмі
падтрымлівае сяброўскія суседзкія і міжчалавечыя адносіны.
Заключэньне:
Дыягназ
нявызначаны.
Рэкамэндацыя
Не лячыць.
Выскачыць.
СЯМЕЙСТВА
Пралка выключаная. Сьвятло не гарыць.
Плойка off –
валасы прыбраныя з рукамыйніку,
ванны, падлогі.
Ложкі засьцелены. Паштовая скрынка правераная.
Нямытага посуду няма.
Бялізна сушыцца. Шкарпэткі падабраныя па парах.
Хвілінка адпачынку:
Новы час стварыў для вас вобраз дасканалай жонкі,
спраўдзьце, якім патрабаваньням вы адпавядаеце.
Барбара – няўрымсная, здольная рабіць дзьве рэчы адначасова
і пры гэтым выслухаць нараканьні
Барбара – сэксі. Бегае па кватэры голай,
ня сварыцца, не пярэчыць, багоміць свайго мужа.
Барбара мае рэпрэзэнтатыўную функцыю,
доўгія ногі, экзатычныя рысы твару,
грудзі трэцяга памеру – акурат у далонь,
зіхоткую ўсьмешку і белыя зубы.
Барбара ніколі не была зь іншым мужчынам.
Прыход каханага:
Абед.
Вячэра.
Сэкс.
Сон.
Раніца наступнага дня:
Рэчы ў валізе.
Пралка выключаная. Сьвятло не гарыць.
Плойка off –
валасы прыбраныя з рукамыйніку,
ванны, падлогі.
Ложкі засьцелены. Паштовая скрынка правераная.
Нямытага посуду няма.
Бялізна сушыцца. Шкарпэткі падабраныя па парах.
Ён сыходзіць, пакінуўшы ў кватэры
адну Барбару.
РЭЦЭНЗІЯ
(У чым сутнасьць)
С. Адзіночка, славацкая паэтка, дэбютавала нізкай вершаў «Павуціньні» ( ),
у якой зрабіла спробу экспэрымэнту,
натхніўшыся меркаваньнем сацыялістычнага крытыка Паўла Д.,
які сьцьвярджае, што прыкметай добрага творцы ёсьць пераадоленьне канвэнцый,
але згаданая спроба не дасягнула посьпеху,
было пацьверджана, што сапраўдная натура аўтаркі –
патэтычная і рэзка-сэнтымэнтальная,
таму ейны пачын пакідае ўражаньне няшчырасьці і непраўдападобнасьці,
напісаў крытык Ёзэф В.
у пэрыядычным выданьні «Славацкія верхагляды».
Сама аўтарка прызнаецца: «Гэта гульня».
Такія прыёмы ў паэзіі,
піша далей Ёзэф В.,
нельга азначыць за мастацтва.
Нібыта неканвэнцыйная дыкцыя,
цынічны падыход да жыцьця й творчасьці –
бессаромны ПАДМАН!
Адзіночка спрабуе пераканаць чытача.
Гвалціць вершы,
каб дэкляраваць сваю намогу
ня быць адзіночкай.
Пераклаў з славацкай Макс Шчур, 2013 г.