Жабін скачок

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

*
Маўкліню стаўка
жабін скачок парушыў
булькатам вады

*
У сьлівовы пах
уварвалася сонца
сьцежкай між дзьвюх гор

*
То праводжу я,
то мяне – вось і восень
у гарах Кісо

*
Блохі ды вошы,
конь змачыў сена побач
зь месцам, дзе я сплю
 
*
Ціхне з храму звон,
водар кветак гайдае
купал вечара

*
Месяц на месцы,
і ўсё ж яно пустое
Летняя Сума

*
Той самы Месяц!
Абыходзіць сажалку
да самой зары

*
Грыб мацутаке!
Заткнуў за вуха лісток
з дрэва бяз назвы

*
Голас зязюлі –
як нізка пралятае! – 
па-над вадою

*
У восеньскай мжы
Фудзі ня бачна ўвесь дзень!
Ну ці ня дзіва

*
Во дзе дарога!
Ніхто па ёй ня пройдзе
ў восеньскі вечар

*
Абуджайся ўжо,
пойдзеш да мяне ў сябры,
соня-матылёк

*
Вераб’ям малым
мышкі падаюць з нары
голас у адказ

*
Восень настае
Думка хіліцца ўжо ў сон
Чайны павільён

*
Тут жа ночылі
і гандляркі забавай
Вярба і месяц

*
Бліскавіцы ўдар
пранікае скрозь цемру:
чаплі крык скрозь ноч

*
Хто выкшталцоны –
ня згадвае саторы
пры бліскавіцы

*
“Падарожнік” хай
будзе мне мянушкаю
Першы дождж зімы

*
У полі бялець
мне, працятаму наскрозь
стрэламі ветру

*
Гайда, малеча!
Хадзем хутчэй паглядзім
на россып градзін

*
Воблака кветак,
азваўся звон – з Уэно
ці з Асакусы?

*
Ты матыль, а я –
соннае ўяўленьне
майстра Чжуан-Цзы

*
Чаго толькі ні
выклікаюць у думках
кветкі сакуры!

*
Першы дзень года!
А я адзін, згадваю
вечары ўвосень

*
Вусеня сьпевы
прыйдзі паслухаць у мой
манашы будан

*
Храм, Сума: чую,
флейта пяе бязь дзьменьня
ў засені сосен

*
У Ёшыно мы
сакуру ўбачым з табой,
капялюш з кары

*
Вясна сыходзіць
птушкі гукаюць, у рыб
уваччу сьлёзы

*
Магіла, трымці:
маім голасам плача
восеньскі вецер

*
У летняй траве
ўсё, што засталося ад
мараў ваяроў

*
Разгарнуў вахляр
і ўдаю, што п'ю сакэ
ў адцьвітаньня час

*
Гжэчнасьці выток:
у сэрцы краіны сьпеў
пры сяўбе рысу

*
Старая вёска:
няма ніводнай хаты
без сваёй хурмы

*
Звон не загучаў
Што там такое зь вёскай?
Вясновы вечар

*
Нат у Кіёто
сумую па Кіёто!
«Ку-ку» зязюлі

*
Летнія дажджы
Ногі карацейшыя
ў чапляў вадзяных

*
Навандруй начэй
каб вершы мае спазнаць!
Восеньскі вецер

*
Прадавец прынад
кукуе з далечыні па-
зязюлінаму

*
Жанчыны мыюць
клубні Быў бы тут Сайгё
напісаў бы больш

*
Беламу маку
на памяць матыль крыло
сваё адарваў

*
Восень Празь дзесяць
гадоў бывай, дом ува
ўжо родным Эдо

*
Усё, што маю –
свой сьвет: дом, такі ж лёгкі,
як пусты гарбуз

*
Першы сьнег падаў
роўна столькі, каб сагнуць
лісткі нарцысу

*
Іду ў сталіцу –
яшчэ прайсьці паўнеба! –
па хмарах сьнегу

*
Так зімна, і ўсё ж
спаць разам сёньня ўначы –
такая радасьць!

*
З кветак сакуры
цешуся, праходжу ў дзень
па пяць, па шэсьць ры

*
Вясна сыходзіць
Яе ў бухце Паэтаў
дагнаў я ўрэшце

*
Рогі аленя
разгаліноўваюцца –
нашыя сьцежкі

Пераклады зробленыя паводле ангельскіх падрадкоўнікаў Робэрта Эйткена і Дэйвіда Барнгіла.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Такі лівень, што
ня толькі поўні – нават
сумо ня будзе

Пераклад:
Макс Шчур

Вось гэты келіх
пазалаціў бы й выпіў:
поўню над шынком

Пераклад:
Макс Шчур

У залю, з залі ходзяць сьвецкія ільвіцы —
пра Мікэлянджэлё ім не нагаварыцца.

Пераклад:
Макс Шчур

Быццам бурбалку пабачыў,
быццам мроя праляцела —
хто на сьвет глядзіць падобна,
той цару ня бачны сьмерці.