(VIII разьдзел з кнігі “Грымасы ўсясьветнай вайны. Успаміны партызанскага атамана”, 1930 г., Прага, выдавецтва “Вшэтэчка і кампанія”, ст. 116-125)
Удоўж літоўска-польскай мяжы да лютага 1923 г. была абвешчаная нэйтральная зона (лінія фэльдмаршала Фоша). У нэйтральную зону было забаронена ўваходзіць польскім і літоўскім рэгулярным часткам, і насельніцтва гэтай зоны апынулася цалкам пад уладай партызанаў абодвух варагуючых бакоў. Зона была, апроч нязначных выключэньняў, населеная літоўцамі, і польскія партызаны тут бязьлітасна рабавалі. Апрача таго, яны ўчынялі наезды і на літоўскую тэрыторыю. Памежная арганізацыя літоўскіх партызанаў-“шаўлістаў” не магла самастойна даць рады з польскімі лятучымі аддзеламі, і гэтак я атрымаў загад паслаць у нэйтральную зону карны аддзел з мэтай ліквідацыі польскіх партызанаў. Мае партызаны атрымалі ў дапамогу памежнае апалчэньне і літоўскіх “шаўлістаў”. Польскія партызаны ўсімі сіламі адступілі і занялі старыя акопы ўдоўж невялікай рачулкі, што ўпадае ў Нёман каля места Друскенікі (улюбёнае месца адпачынку маршала Пілсудзкага). У траўні 1922 г. там адбыўся бой, які скончыўся поўнай паразай польскіх партызанаў. Характэрна, што атаманам польскіх партызанаў быў, як выявілася, рускі афіцэр, які нават насіў форму рускага (царскага – перакл.) афіцэра... Палякі сярод іншага разьлічвалі выкарыстаць партызанаў “Зялёнага дубу” і для ліквідацыі майго штабу, але адмовіліся ад гэтага пляну, бо ў Вільні даведаліся, што атаман Дзяргач падтрымлівае са мною сувязь.
На другі дзень пасьля бою каля Друскенікаў польскія партызаны з новымі сіламі (насамрэч, гэта былі перапранутыя жаўнеры) зрабілі спробу захапіць нэйтральную зону. Тады здарыўся нечаканы выпадак, які скончыўся трагічнай сьмерцю камандзіра беларускіх партызанаў, паручніка (былой расейскай арміі) Грынька, паходжаньнем зь віленскай губерні. Літоўскія шаўлісты, дэмаралізаваныя ўчорашняй бітвай, адмовіліся ваяваць, таму я загадаў іх раззброіць. У момант, калі паручнік Грынько праводзіў раззбраеньне літоўскіх стралкоў, пачуўся нечаканы стрэл, які параніў паручніка ў мяккую тканку нагі. Віноўнікам няшчаснага здарэньня быў ротны беларускіх партызанаў Мазоль. Празь дзьве гадзіны пасьля здарэньня я атрымаў ад паручніка Грынька цыдулку з просьбай дапамагчы яму зь перапраўкай у шпіталь у Аліце. Паручнік пісаў, што рана сьцякае крывёй і што ў іх на посьце няма мэдычнай дапамогі. Я адразу ж патэлефаванаў у штаб Чацьвёртай пяхотнай дывізіі ў Аліце. Калі ў тэлефоне пачуўся гудок, я спытаўся:
“З кім я гавару?”
“З ад’ютантам. Што вам патрэбна?”
Я патлумачыў і папрасіў, каб па параненага афіцэра тэрмінова выслалі санітарную машыну. На маю просьбу ад’ютант груба адказаў:
“Гэта ня ваш клопат. Партызаны падпарадкоўваюцца выключна нам. Што вы за камандзір, калі нават ня ўмееце па-літоўску...”
Праз тры гадзіны паручнік мне зноў даслаў цыдулку з рашучай просьбай, каб яго забралі, кровацячэньне вельмі моцнае. Тады я зьвярнуўся непасрэдна ў вайсковы шпіталь у Аліце, адкуль позна ўначы выслалі санітарную машыну, але на той момант паручніка Грынька ўжо везьлі ў Аліту на возе. Паколькі паручнік прабыў 15 гадзін без мэдычнай дапамогі, у яго здарылася заражэньне крыві, і на другі дзень раніцай Грынько памёр у аліцкім вайсковым шпіталі. Гэты выпадак вельмі дэмаралізаваў беларускіх партызанаў, якія пачалі называць літоўцаў “туркамі”...
Тым часам у Жэнэве вырашэньне віленскага пытаньня схілялася на карысьць не Літвы, а Польшчы, ці больш слушна – польскай дыпляматыі. Тады ў Коўне прыйшлі да высновы, што застаецца адзіны спосаб ціску на Лігу Нацый – паўстаньне супраць польскай акупацыі. Адразу пасьля гэтага Цэнтральная ўправа Зьвязу літоўскіх стралкоў (дывэрсійны аддзел) прыслала мне распараджэньне нумар 27, якое ўскладала на мяне асабістую адказнасьць за выкананьне загаду пачаць паўстаньне.
Гэты загад быў для мяне вялікай нечаканасьцю, таму што мы плянавалі пачаць паўстаньне толькі ўлетку наступнага, 1923-га года. Аднак загад ёсьць загад, і я з тактычных меркаваньняў пастанавіў пачаць паўстанцкі рух у вобласьці Белавескай пушчы, якая распасьціраецца ў Бельскім павеце Гарадзенскай губерні на адлегласьці 350 вёрст ад майго тагачаснага штабу і літоўскай мяжы... Першая спроба падняць паўстаньне ў Бельскім павеце скончылася паразай, палонныя партызаны былі расстраляныя ў Беластоку пры вельмі цьмяных абставінах, якія выклікалі абурэньне ўсяго насельніцтва ня толькі на Віленшчыне й Гарадзеншчыне, але і ў самой Польшчы. Падчас расстрэлу адбылося наступнае здарэньне. Пасьля двух залпаў адзін партызан, усяго толькі паранены, пачаў прасіць літасьці... Трэці залп таксама ня ўдаўся. Тады да параненага падышоў польскі афіцэр і застрэліў яго. Сваім жаўнерам ён сказаў: “Гэта была куля літасьці”.
Пасьля расстрэлу трупы партызанаў паклалі на машыну і павезьлі па вуліцах Беластоку нібы ў жалобнай працэсіі, каб прадэманстраваць іх насельніцтву і запалохаць усіх ворагаў Польшчы... Усё насельніцтва выйшла на вуліцы праводзіць жудасны картэж, за якім цягнуўся чырвоны сьлед чалавечай крыві...
Выстаўленьне напаказ расстраляных “бандытаў” мела зусім адваротны эфэкт: супраціў нібы аўтаматычна пачаўся па ўсіх “крэсах всходніх”.
Атаман бельскага аддзелу Герман Шыманюк-Парыш (“Скамарох”) са сваім партызанскім аддзелам спустошыў у мястэчку Кляшчэлі польскія крамы, раззброіў жандараў і паліцыю, захапіў станцыю Чарэмхі і паслаў у Варшаву тэлеграму, у якой патрабаваў ад польскага ўраду, каб той вывеў свае акупацыйныя войскі. Пры гэтым ягоны аддзел пачаў зьнішчаць дровы, нарыхтаваныя польска-французскай канцэсіяй на вываз за мяжу.
У сакульскім, лідзкім, слонімскім і іншых раёнах пачалося адкрытае паўстаньне, прычым да паўстанцаў пачалі пераходзіць і жаўнеры-беларусы з польскіх палкоў мясцовых гарнізонаў. Атаманы лятучых партызанскіх аддзелаў выклікалі паніку, тэрарызавалі польскіх памешчыкаў, адміністрацыю, духавенства. Пачаліся ўсеагульныя ўцёкі з “крэсув всходніх” у цэнтральную Польшчу. Асабліва адзначыўся ў паўстаньні атаман Муха з сваім аддзелам коньнікаў.
Аднойчы партызаны атамана Мухі даведаліся, што багаты ксёндз (вялікі вораг праваслаўнага насельніцтва) з парафіі Н. (не магу ўжо згадаць назвы) сабраў вялікую суму ў далярах для пакупкі земляробчых прылад у Вільні, куды зьбіраўся выправіцца ў суправаджэньні вайсковай аховы. Адначасова партызаны ўведалі, што да згаданага ксяндза зьбіраецца па дарозе ў суседнюю парафію заехаць малады сьвятар, які акурат быў туды прызначаны. Атрымаўшы гэтыя зьвесткі, атаман Муха адразу ж даслаў пану ксяндзу цыдулку наступнага зьместу: “Заўтра а дванаццатай гадзіне прыеду да вас па тры тысячы даляраў. Муха”. Ксёндз ня толькі не спалохаўся, а пастанавіў падстроіць Муху пастку, разьмясьціўшы ў сябе дома шэсьцярых жандараў. На наступны дзень аб 11-й гадзіне да дому ксяндза пад’ехала брычка, у якой сядзеў малады сьвятар, што ехаў у суседнюю парафію. Ксёндз яго чакаў, бо загадзя ведаў, што малады калега будзе праяжджаць празь ягоны хутар. Госьця сустрэла “гаспадыня” і завяла яго ў пакой. Прывітаўшыся, ксяндзы селі за стол з пачастункам. Завязалася гутарка, і ксёндз апавёў свайму маладзейшаму калегу пра “бандыта” Муху. Госьць зьніякавеў у твары ад страху і пачаў хутка разьвітвацца, каб самому крый бог ня трапіць у мітрэнгу.
“Ня бойцеся! Я падрыхтаваў гэтаму бандзюгу неспадзяванку... На кухні сядзяць шасьцёра дужых жандараў”.
Госьць супакоіўся, а падпіты гаспадар самазадаволена пляснуў сябе па кішэні і сказаў:
“Вось тут у мяне тры банкноты, па тысячы даляраў кожная!”
Ягоны госьць яшчэ ніколі ня бачыў тысячадоларавай купюры і папрасіў ксяндза іх яму паказаць. Гаспадар дастаў з кішэні мяшэчак і пачаў яго разьвязваць, і тут госьць кажа яму ціхім голасам:
“Маўчаць! Ні зь месца! Я – Муха”.
Гаспадар ажно рот разявіў, убачыўшы рулю рэвальвэра.
“А цяпер давайце мне свае даляры. Акурат ужо дванаццатая”.
Узяўшы мяшэчак з далярамі, госьць загадаў ксяндзу, каб той падышоў да печкі, адчыніў засланку і засунуў усярэдзіну галаву. Гаспадар без пярэчаньняў выканаў загад атамана Мухі, бо ведаў, што ягоны госьць жартаў ня любіць. Тады атаман Муха узяў са стала разрэзаны яблык, паклаў яго ксяндзу на сьпіну і сказаў:
“Кладу сюды гранату. Варта вам зварухнуцца – яна ўпадзе і выбухне”.
Госьць сышоў, сеў у брычку, разьвітаўся з гаспадыняй і зьехаў...
Адзін з сваіх каронных нумароў атаман Муха паказаў каля станцыі ... (“Loninec”: высьветліць, пра які пункт гаворка, не ўдалося – перакл.). З Варшавы ў Вільню ехаў цягнік, у якім ехалі ваявода віленскі Даўнаровіч (Downarowicz), арцыбіскуп Лазіньскі (Łoziński) і кіраўнік паліцыі “крэсув всходніх”. Аддзел партызанаў разьмясьціўся ўдоўж чыгуначнай лініі ў месцы, дзе быў невялікі пад’ём. Там партызаны густа намазалі рэйкі тлушчам і чакалі цягніка... Як толькі цягнік выехаў на рэйкі, намазаныя тлушчам, колы паравоза перасталі круціцца (хутчэй, пачалі пракручвацца – перакл.) і вагоны спыніліся.
Партызаны ўварваліся ў вагон аховы, дзе было больш за дваццаць жандараў, раззброілі іх – жандары самі адкінулі стрэльбы і рэвальвэры – пасьля чаго загадалі ўсім пасажырам здаць зброю. Пасьля гэтага яны вывелі віленскага ваяводу з вагону, загадалі зьняць нагавіцы і... урачыста надавалі яму па срацы за ўсе крыўды і правіны кіраўніка польскай адміністрацыі акупаванага краю. Гэтая гісторыя неўзабве разьнеслася па ўсёй Польшчы. Амаль увесь польскі друк вельмі яхідна пісаў пра тое, што ваявода заслужыў лупня... У вядомым варшаўскім сатырычным часопісе “Муха” выйшла зьдзеклівая карыкатура з выявай таго, як беларускія партызаны караюць прадстаўніка польскіх уладаў на “крэсах всходніх”...
Беларускія партызаны карысталіся вялікай сымпатыяй мясцовага і асабліва праваслаўнага насельніцтва, якое цярпела ад жорсткага прыгнёту як мясцовай адміністрацыі, так польскага духавенства. Падкрэсьліваю – польскага, а не каталіцкага, таму што на ўсходніх крэсах поймы веравызнаньня і нацыянальнай прыналежнасьці настолькі цесна пераплеценыя, што на пытаньне “Якой вы веры?” людзі збольшага адказваюць: “Польскай”.
Менавіта гэтая “польская вера” была і ёсьць прычынай нецярпімасьці з боку каталікоў-палякаў да праваслаўных беларусаў – ці, як іх называюць, раскольнікаў (схізматыкаў). Але мушу адзначыць, што ў самой Варшаве адміністрацыя і духавенства, і асабліва польская інтэлігенцыя з былой Расеі выяўляла да праваслаўных расейцаў вялікія сымпатыі.
У 1922 г., час найвялікшага размаху паўстаньня, праваслаўнае насельніцтва і духавенства перажывалі цяжкі пэрыяд рэлігійнага перасьледу: праваслаўныя цэрквы зачыняліся, і нярэдка польскія ксяндзы прыходзілі ў цэрквы разам з паліцыяй, перарывалі набажэнствы і апячатвалі храмы. Праваслаўным сьвятарам было забаронена выконваць абрады: вянчаньні, адпяваньні й г.д. Архіепіскапы: віленскі Еліфэрый, гарадзенскі і беластоцкі Ўладзімір і япіскап бельскі і холмскі Сергій былі арыштаваныя і заключаныя ў каталіцкі кляштар пад Кракавам, пасьля чаго іх выслалі з краіны... Мушу адзначыць, што праваслаўны мітрапаліт Георгі, які прызнаў аўтакефалію праваслаўнай царквы ў Польшчы, сам перасьледаваў праваслаўных япіскапаў, якія засталіся верныя адзінству праваслаўнай царквы і найсьвяцейшаму патрыярху Ціхану.
Царкоўная палітыка прывяла мітрапаліта (аўтакефальнай польскай царквы) Георгія да трагічнага канца. Архімандрыт Смарагд, раззлаваны дзейнасьцю мітрапаліта Георгія, выехаў у Варшаву, каб асабіста на яго паўплываць. Бурлівая сустрэча адбывалася сам-насам, і калі мітрапаліт рашуча адмовіўся прызнаваць догму адзінства праваслаўнай царквы і патрыярха Ціхана за яе кіраўніка, архімандрыт Смарагд некалькімі стрэламі з рэвальвэру забіў мітрапаліта...
Гэтая падзея падліла яшчэ болей алею ў агонь, і паўстанцкі рух набыў такія маштабы, што ўвесь польскі друк і грамадзкасьць пачалі біць трывогу, вінавацячы ўладу зь бязьдзейнасьці й бездапаможнасьці... Вось што пісала польская цэнтральная газэта “Rzeczpospolita” ў адной зь перадавіцаў:
“На чале паўстанцаў стаіць былы паручнік расейскага войска В. Разумовіч (псэўданім “Хмара”), які сёньня служыць у літоўскім войску... Ён і беларускі міністар Ластоўскі (старшыня кабінэту міністраў Рады БНР) заключылі тайныя дамовы зь Літвой, Нямеччынай і Савецкай Расеяй і, маючы значныя фінансавыя сродкі, намагаюцца ня толькі адарваць “Крэсы” ад Польшчы, але і наагул зьнішчыць польскую дзяржаву”, і г.д. Адначасова варшаўскі сэйм накіраваў польскаму ўраду запыт пра падзеі на ўсходніх межах, патрабуючы энэргічнага ўмяшаньня. Неспакой у Варшаве яшчэ ўзрос, калі цягнік, у якім ехаў кіраўнік дзяржавы маршал Пілсудзкі, ледзь ня трапіў у катастрофу, апынуўшыся ў раёне вялікага ляснога пажару ў Белавескай пушчы... Пасьля гэтага было абвешчанае надзвычайнае становішча і ўведзеныя буйныя карныя аддзелы польскага войска, бо паліцыя і жандары былі ўжо настолькі дэмаралізаваныя, што кідаліся ўцякаць пры адной вестцы пра набліжэньне партызанаў Хмары... Са зьяўленьнем карных аддзелаў пачалі дзейнічаць і палявыя суды – разгарнуўся “белы польскі тэрор”...
Але партызаны, нягледзячы ні на што, працягвалі змаганьне, адначасова зьбіраючы сапраўдныя подпісы пад мэмарандумамі і скаргамі, якія пасярэдніцтвам літоўскай улады былі прад’яўленыя Лізе Нацый і Лізе правоў чалавека і грамадзяніна ў Парыжы. У скаргах былі зафіксаваныя шматлікія факты пра вандалізм карных аддзелаў, мясцовай паліцыі і жандармэрыі, якія адыгрываліся на мірным насельніцтве, ня кажучы ўжо пра палонных партызан. Вось адзін з многіх прыкладаў.
У Горадні быў арыштаваны камандзір аддзелу Мелянкевіч (Melenkiewicz) – той жа, што ў 1920 г. прыяжджаў на нараду ў Сярэю (Сейрыяй). Арыштаванага перадалі палітычнай паліцыі – там яму зьвязалі за сьпінай рукі і прывязалі іх да дужкі дзьвярэй. Насупраць Мелянкевіча сеў паліцэйскі сьледчы, побач зь ім быў тайны агент з дрэсіраваным сабакам. Пачаўся допыт з катаваньнем, што ні ў чым не саступала сярэднявечнай інквізыцыі. Цягнуўся допыт некалькі гадзін, прычым на Мелянкевіча цкавалі сабаку, які ўрэшце разарваў яму яечка. Заліўшы рану ёдам, Мелянкевіча адправілі ў турму. На настойлівыя просьбы яго праз паўгода выпусьцілі на волю да суду, пад заклад. Мелянкевіч уцёк у Літву, дзе і да сёньня жыве ў Коўне.
У 1922 г. на месца падзей прыбыла кантрольная камісія Лігі Нацый, неўзабаве пасьля чаго Ліга правоў чалавека і грамадзяніна ў Парыжы заклікала ўсе народы сьвету, каб яны выказалі пратэст супраць польскага “белага тэрору”. З Варшавы ў Коўна ў сваю чаргу даслалі ноту зь пералікам стратаў, панесеных польскай дзяржавай, і з патрабаваньнем, каб дзейнасьць партызанскага атамана Хмары, у сапраўднасьці афіцэра літоўскага войска Вячаслава Разумовіча, была спыненая... З фронту мяне адклікалі ў Цэнтральную ўправу Зьвязу літоўскіх стралкоў, дзе старшыня сп. Путвіньскі (Putwiński) і ягоны намесьнік сп. Міхалькевіч (Michalkiewicz) азнаёмілі мяне з тэкстам польскай ноты і загадалі не пакідаць будынку “Зьвязу стралкоў”. У Коўне вырашаўся мой лёс – выдаць або ня выдаць мяне Польшчы... як таго, хто “з уласнай волі” кіруе паўстаньнем...
Дзякуючы энэргічнай абароне сп. Путвіньскага і падзеям, якія акурат адбыліся ў клайпедзкай вобласьці, мой лёс быў вызначаны: мяне ня выдалі палякам, а зноў адправілі на фронт.
Пераклаў з чэскай Макс Шчур, 2018 г.