Сталовая «Сьвет»

Пераклад: 
класічная чэшская проза па-беларуску, чэшская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

Па зашклёнай сьцяне сталовай сьцякалі срэбныя струменьчыкі вячэрняга дажджу, па пляцыку ішлі, угнуўшыся, некалькі мінакоў, што прытрымлівалі капелюшы ці парасоны.

З салончыку на другім паверсе ў сталовую пранікала вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам. Спадарыня буфэтчыца нацадзіла ў куфлі піва, пакінула яго адстаяцца, а сама пайшла ў прыбіральню.

Адчыніўшы дзьверы, яна ўбачыла, што які мэтр над падлогай вісяць пэрфараваныя туфелькі, над імі засунутыя ў клетчатую жоўта-чырвоную спадніцу ногі, а далей палітончык зь бязвольнымі рукамі ў рукавах і дзявочай галавой, выкручанай на кляпу... На паяску ад доўгага плашча засілілася на дужцы вэнтыляцыйнага акенца дзяўчына.

«Мда», сказала спадарыня буфэтчыца, прынесла драбіны, адна з прадавачак прыўзьняла павешаную, а спадарыня буфэтчыца адрэзала яе доўгім салатным нажом. Ускінуўшы дзяўчыну на плячо, яна занесла яе ў будуар за пультам, паклала на разгрузачны стол, паслабіла зашмаргу.

І ўзьняла вочы.

За зашклёнай сьцяной сталовай стаяў пад дажджом мужчына, вырачыўшыся на разгрузачны стол.

Спадарыня буфэтчыца захінула вакно шырмай з кардону.

Потым прыехала «хуткая».

Малады лекар убег у сталовую, пакуль два санітары выцягвалі насілкі. Лекар паклаў на дзявочыя грудзі вуха, узяў дзяўчыну за запясьце, адхінуў кардонку і паказаў на мігі санітарам ужо сюды не хадзіць.

«Мы тут лішнія», сказаў ён.
«А нам што зь ёю рабіць?», спыталася спадарыня буфэтчыца.
«З моргу прыедуць», сказаў лекар.
«То хай не марудзяць, бо мы тут ежу і пітво прадаём».
«Ну тады зачыніцеся на хвілінку», параіў доктар, выбег пад дождж, і «хуткая» зь віскам рванула зь месца.

А ў сталовую з салончыку на другім паверсе пранікала вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам. Пры зашклёнай вітрыне стаяла некалькі разявакаў, яны прыціскалі да яе далоні, і тыя былі белыя й ненатуральна вялікія. Па-над імі зіхцелі цікаўныя вочы.

Потым да дзьвярэй падышоў высокі маладзён. Ён зусім прамок, абодва рукавы ў яго былі белыя ад таго, як ён хістаўся ад сьценкі да сьценкі. Ён узяўся за дужку і хацеў ужо зноў сыходзіць.

Спадарыня буфэтчыца адамкнула.

«Заходзьце, чалавеча, хоць павесяліце мяне», сказала яна, а калі ён увайшоў, пляснула над ім рукамі: «Вас што, трамвай пераехаў? Ці са скалы ўпалі?»
«Яшчэ горай», сказаў ён, «заўчора ад мяне нявеста ўцякла».

І цёр бруднымі рукамі вочы.

«Вы ўжо і заручаны? Я дык вас яшчэ з жанчынай ня бачыла», зьдзівілася буфэтчыца, апускаючы ў ракавіну пустыя паўлітровікі. Потым даліла ў куфлі піва, паставіла іх адзін пры адным у маленькі ліфт, апусьціла заслонку і націснула на кнопку. Адзін куфаль яна шпурнула па мокрай цынкавай паверхні барнай стойкі, той дасьлізгаў акурат маладзёну пад руку й спыніўся.

Маладзён адпіў, выцер бот аб масянжовы шасток і глядзеў, як з чаравіка капае вада.

«Уцякла», сказаў ён, «мы акурат зьбіраліся павячэраць сухім хлебам, якраз натаўклі, а яе тут собіла згадаць, што яна з баронскай сям’і, і адразу ў крык: „Карлічак, я б тваёй маман у зубы ручную гранату сунула!“ Я яе супакойваю: „Дзяўчо, ну ня трэба так перад вясельлем!“ А яна ўзяла раскладны нож, сьцізорык такі, жаб рэзаць, і ўваткнула яго ў дзьверы. Той зачыніўся, яна парэзалася. Я ўжо і акно зачыніў, каб ня выскачыла. Ёй самагубства як бэйсбалісту мячык».

«Сухога хлеба на вячэру натаўклі?», дзівілася спадарыня буфэтчыца.

«Ну так. А яшчэ хацела, каб мы разам забіліся», працягваў ён, «кажа мне: „Ведаеш, Карлічак, а давай адчынім акно, возьмемся за рукі й выскачым“. Ну то мы ванну прынялі, надзелі ўсё самае прыгожае, я пазіраю ўжо ўніз на двор, у прорву, каб ня скочыць на якое дзіця, гляджу — а на другім паверсе антэна ну так па-дурному нацягнутая, што калі б мы з чацьвёртага паверху скочылі, мы на чацьвёртым жывём, то нам той дрот дакладна ці то вуха адрэзаў бы, ці то нос, ажно брыдка было б глядзець», сказаў ён, а піва абцякала яму рот, нібы рэдзенькія вусы.

«А вам не начхаць, вы ж мёртвыя будзеце», сказала буфэтчыца й склала рукі, прыгожая, як статуя на страсе міністэрства сельскай гаспадаркі.

А ў сталовую з салончыку на другім паверсе пранікала вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам.

«Я эстэт, і гэтым усё сказана», прамовіў маладзён, «а вось нявесьце маёй начхаць. Яна неяк ужо была прыдушылася паяском ад плашча, ледзь уратаваў. Як пачала раўсьці: «Нашто ты мяне назад прывёў, крэтын, я ўжо ў лімбе была!» Суседзі ў сьценку грукаюць, крычаць: «Спадар Карлічак, што вы там робіце? У нас тут дзеці!» А тая ім у адказ: «Я тых вашых дзяцей пазабіваю і дом падпалю!» Дай думаю яе суцешу: узяў яе за руку і за нагу ды хацеў раскруціць, але не разьлічыў, дык яна галавою прабіла ў дзьвярах фанеру на самы калідор і ўляцела ў суседку, тая кленчыла ля ключовай дзіркі. А дзеўка мая ёй і кажа: «Шаноўная, мы з Карлічкам можам у сябе дома рабіць што хочам, скажы, Карлічак?», маладзён усьміхаўся, і ягоныя запаленыя вочы былі аблямаваныя чырваньню, як тэрміновая тэлеграма.

«Кашмар», сказала спадарыня буфэтчыца, «вы толькі гляньце! Гэтая свалата сабе ўжо і табурэткі папрыносіла!» Яна падцадзіла ў куфаль піва і выйшла з-за пульта да зашклёнай сьцяны, на другім баку якой пад зьлівай стаялі дзясяткі цікаўных: шапталіся, некаторыя ўжо ўселіся на табурэты і прыціскалі далоні да шыбы, быццам аб яе грэліся. Выглядалі яны ўсе як пачвары.

Спадарыня буфэтчыца адпіла з куфля, закінула галаву назад, зірнуўшы на зашклёную сьцяну нібы з-пад акуляраў, адступілася на крок і плюнула рэштай піва ў той празрысты мур. Піўная пена цякла па зашклёных партрэтах.

«Праскія», сказала яна, паціснуўшы плячыма.

І вярнулася да краніка, дацадзіла піва ў куфлі, шпурнула адзін зь іх па мокрай цынкавай паверхні барнай стойкі, і той дасьлізгаў акурат маладзёну пад руку й спыніўся.

«Хлопча», сказала буфэтчыца, «як дзе што дзеецца — адкуль я там толькі бяруся. Летась шпацырую ўдоўж чыгункі, з другога боку ідзе дзяўчына, а як пад’ехаў цягнік, то яна скочыла пад лякаматыў, ды так, што з насыпу мне пад ногі выкацілася ейная галава. І вачыма лыпае!»

Аднак маладзён быў заглыблены ў сябе, як складная швейная машынка.

«Усё адно я яе ня кіну», сказаў ён. «Ейная фрыгіднасьць праславіла чэскую графіку. А вось была б у мяне нармалёвая баба — то што тады? Мы б любіліся, а абсалютная графіка была б абы-дзе».

Ён падняў куфаль, і піва цякло яму пад кашулю.

А ў сталовую з салончыку на другім паверсе пранікала вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам. З рэстарацыі ўніз прыходзілі па ліфце падносы з засохлай пенай у пустых куфлях.

«Яшчэ яна мяне ўсё папракала ў тым, што я вар’ят, але як можна быць вар’ятам і пры гэтым хадзіць на фабрыку і вось гэтымі рукамі рысаваць з дакладнасьцю сотай долі мілімэтра корпусы машын у профіль і тармазы для рэактыўных лятакоў...»

«Не, ну гэта ўжо ўсе межы пераўзышло», усхадзілася спадарыня буфэтчыца.

Некалькі разявакаў сядзелі на сьлізкіх спружыністых галінах і, як у трамваі за поручні, трымаліся за кроны ліп, і з гэтай птушынай пэрспэктывы зазіралі роўна ўніз, у сталовую, за крыху прыадхінутую кардонную шырму, дзе на разгрузачным стале ляжала тая, што павесілася.

«Ніводнае няшчасьце мяне не абміне», занаракала спадарыня буфэтчыца. «Неяк іду ўначы цераз Кэрчак, сышла з дарогі, цёмна, рукамі ў кустах мацаю, як сьляпы Гануш у курантах... і цуп кагосьці за сьцюдзёную руку! Запалкай чыркнула, падымаю — а на мяне павешаны мужык язык высалапіў. Во дзе лье!..» сказала яна, пазіраючы па-над галовамі цікаўных на натрыевыя ліхтары, за якімі вецер прыадкрываў галіны акацый і асьветлены гадзіньнік на Лібэньскім палацы.

А ў сталовую з салончыку на другім паверсе пранікала вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам.

У замкнутых зашклёных дзьвярах зьявіўся добра прапаласканы хлопец у спэцоўцы, паказваючы скрыню для піўной тары.

Спадарыня буфэтчыца ўпусьціла яго, узяла тару, пачала цадзіць у яе піва і дзівіцца:
«Чалавеча, такі файны хлопец, а апрануцца ня ўмееш!»

«Гэта ў нашай фабрыцы такая мода», кажа манцёр. «Пасьля працы фарсуюць, а на працы апранаюцца так, што дай ты рады! Нейкі час былі ў модзе залатаныя спэцоўкі. Усе цэхі зьзялі клоўнскімі латкамі, як на балі валацугаў. Потым пачалі насіць спэцоўкі, змацаваныя драткамі. Тады ўся фабрыка храбусьцела як марыянэткі. Але сёньня ўжо ў трэндзе дабітыя чаравікі», сказаў хлопец і паказаў працоўны бот без падэшвы, з масянжовым дротам замест матузкоў. «А адна калашына ў штанах мусіць быць або адрэзаная, або пажаваная махавіком», і малады манцёр адступіўся, каб яго як сьлед разгледзелі.

«Фацэт», пахваліла яго буфэтчыца, ставячы ў скрыню поўныя слоікі піва.

«А дзяўчаты сёньня на фабрыку ходзяць як кіназоркі, тады як па фабрыцы ходзяць у гумавых ботах з пашчамі як у акулы», сказаў маладзён, і мокрыя хвалістыя рудыя валасы ў яго зьзялі, як катушкі медзі. «А спадарыня буфэтчыца, чаго гэта людзі там пад дажджом чакаюць?»
«Наверсе ў знакамітасьцяў вясельле», падняла тая вочы да столі.

І па-знаўску глядзела на прыгожага манцёра, які пальцам усё папраўляў адну шлейку, што ўвесь час у яго падала. Калі той сышоў, буфэтчыца спыталася:
«Ну а вы як? Падабаецца яшчэ на фабрыцы?»

«А то», сказаў маладзён. «Бяз фабрыкі, як і без сваёй дзяўчыны, я жыць не магу. Яны ж мне там маю першую выставу зладзілі», расчуліўся ён. «Зладзілі-такі! Але сьпярша давялося пасварыцца з намдырэктара, які мне параіў, каб я сваю графіку разьвесіў у залі ўначы. Ну, я туды пракраўся і свае артэфакты на тэму „Асалода дотыку“ наляпіў на панэльную сьцяну. А намдырэктара па культуры, як гэта раніцай убачыў, жахнуўся, крыху мы зь ім павалтузіліся, я яму паліто парваў... але вэрнісаж быў. Рабочым спадабалася. У музычнай паўзе сьпявалі сьляпыя дзеці, над якімі на ўвесь балкон цягнуўся транспарант: „Сьцеражэм нашу еднасьць як вока ў лобе“. А сёньня фабрыка хваліцца, што першы раз я выстаўляўся на родным прадпрыемстве...»

А ў сталовую з салончыку на другім паверсе спускалася вясёлая музыка і гамана, што выбухала нястрыманым сьмехам. Першай спусьцілася нявеста пад белым вэлюмам, маладая, вочы яе зьзялі алькаголем, яна паварочвалася да жаніха і спакушала яго на лесьвіцы. А халастыя з шаферкамі трымаліся за парэнчы і спрабавалі ўхапіць шлейф. Нявеста сьпявала і, адбіваючы такт вясельным букетам, зьбегла ўніз па лесьвіцы да зашклёнага ўваходу, крычала на разявакаў, потым выбегла пад срэбныя пруты дажджу, расхінула рукі, закінула галаву, ейныя валасы й капялюшык скукожыліся пад ліўнем, і вада вылепіла контуры яе гожага цела. Жаніх і астатнія госьці з радаснымі крыкамі далучыліся да маладой. Потым усе ішлі цугам па другім баку вуліцы, нявеста паварочвалася да іх зь венікам-букетам у руцэ і дырыжыравала агульны сьпеў і марш. «Во гэта вясельле, як мае быць,» сказала спадарыня буфэтчыца, злазячы са скрынкі з-пад бутэлечнага піва. «А вашая нарачоная — яна ўчора ўцякла?»

«Не, заўчора», сказаў маладзён, церучы чырвонае вока, «дый няма дзіва, што ўцякла. Яна, небарака, абчыталася жаночых раманаў і біяграфій славутых людзей. Яна так хацела, каб у мяне былі два пакоі, дзе я прымаў бы гасьцей, а сваёй абсалютнай графікай займаўся б па вечарах замест хобі. Таму яна ўвесь час і пагражала мне то мінуўшчынай, то будучыняй, то каханкамі, і каторы зь іх што зь ёю рабіў ці толькі хацеў рабіць, то бацькамі, маўляў, уцячэ да іх, а ў тых яшчэ сем гадоў таму быў радавод, і адзін іхны продак быў камэргер рымскага папы. Але што толку, калі авансу за палучку ці пераводу хапала зь ёю на два дні? А потым мы таўклі малатком усохлы хлеб, ці яна хадзіла здаваць бутэлькі, ці разразала які-небудзь свой жакет і заносіла ў пункт прыёму другаснай сыравіны. Але нейкі стымуль у гэтым быў, бо ў астатнім мы жылі па-абсалютнаму». Да зашклёных дзьвярэй падышлі два ахоўнікі правапарадку.

«Ну нарэшце», сказала спадарыня буфэтчыца, пакуль міліцыянты вытупвалі з ботаў ваду. «Мне вунь тыя афэлкі ўчынілі з гэтага паноптыкум», і паказала на разявакаў, якія прыціхлі, іхныя вочы зьзялі чаканьнем. «Здурэць зь іх можна», сказала яна, «нашто такія людзі патрэбныя? Толькі сьмяротныя пакараньні глядзець!»

І, зірнуўшы на маладога міліцыянта, услупянела: «Вы што, падкручаны мяч няўдала злавілі?» Міліцыянт дастаў кішэннае люстэрка, прагледзеў сіняк пад вокам і сказаў:
«Гэта яна мне капытом».

Старшына дадаў:
«А я што казаў? Ня лезь у гутарку з п’яным вясельлем. Слова за слова, і наш юны герой датаргаваўся з жаніхом да фінгала».

«Затое затрымаў! І чык-чырык — пад замок», паказаў малады жэстам і зноў стаў мацаць пальцам брыво.

«Дык дзе тое дзяўчо?», паінфармаваўся старшына.

«Тут», сказала спадарыня буфэтчыца і адхінула кардонную шырму. А зашклёная сьцяна сталовай запоўнілася белымі далоньмі, у сьпіны пярэдняга шэрагу ўпіраліся далоні задняга, некалькі цікаўных пасярод зьлівы віселі на кандэлябры, нейкі дзядок стаяў у кароне ліпы, як павіян, а вецер шкуматаў заслоны і драпіроўкі дажджу...

Малады міліцыянт дастаў нататнік і паправіў капірку. Спадарыня буфэтчыца хадзіла ўдоўж шыбы і зьлёгку плюнула аднаму разяваку ў твар, але той нават не зварухнуўся, і плявок сьцякаў па шкляной сьцяне як малочная сьляза.

«Ну за што мне гэта, я ж тату ланцугом не забівала!», усклікнула спадарыня буфэтчыца і цюкнула яшчэ аднаго лупатага па лбе, потым уразвалку адышлася, разьвязала фартух, прыкрыла піўныя краны, пасьля чаго распусьціла свае неверагодныя валасы, скручаныя ў тэрмітавае гняздо, сьціснула вуснамі шпількі, а потым зноў, нібы заплятаючы пяцікіляграмовую пляцёнку, закруціла валасы ў сэрпантын, а калі прымацавала іх шпількамі, увайшла ў каморку і села на крэсла.

«Гэта добра, што вы прыйшлі», сказаў старшына. «Расшпіліце ёй блюзку. Яна без дакумэнтаў, гатоўкай у яе пры сабе... трыццаць галержаў...» Потым да зашклёных дзьвярэй прабілася нявеста і зацюкала па іх пакорным пальчыкам. Маладзён ёй адамкнуў.

Нявеста зайшла, зьняла срэбную туфельку і выліла зь яе ваду. Ейныя падмаляваныя вочы пацяклі.

«Дык што?», сказала яна. «Вы мне жаніха адпусьціце або не?»
«Не», сказаў міліцыянт.
«А чаму гэта?»
«Таму што ён мяне пашкодзіў пры выкананьні».
«Ды ў вас жа там ерунда», сказала нявеста, нахілілася да крану й напілася вады, якая ўвесь час цякла ў ракавіну.
«У мяне там вока сіняе, як капірка», сказаў міліцыянт, зірнуўшы ў круглае люстэрка.
«Ня трэба было нас чапаць. Вы першы пачалі. А зараз заканчвайце. Калі вы яго адпусьціце?»
«Толькі заўтра!»
«Ну то я вас тут пачакаю, пойдзем разам спаць, бо я ў сваю шлюбную ноч сама спаць ня буду».
«Вы ня мой густ», сказаў міліцыянт і ўстаў.

«А божачкі, ну то іншага знайду», усклікнула нявеста, павярнулася, нібы ў вальсе, і зьвярнулася да маладзёна: «А вы, вам я падабаюся?»

«Падабаецеся», сказаў той, «вы падобная да маёй дзяўчыны, што ўцякла. У вас такі ж погляд, як у яе тады, калі яна ўпершыню прыбегла да мяне ў падвал, з такім чамаданчыкам, у якім у дзяўчат лялькі, і таксама амаль босая, у адных туфельках з пэрфараваным язычком, і з валасамі такімі ж, застрыжанымі, як у дзяўчат зь дзіцячай калёніі ў Костамлатах... Да таго ж! У вас на воку сіні цынк, як драбок халцэдону. Падабаецеся, вы ў маім гусьце».

«Вы мне таксама», сказала нявеста і набрала ў срэбную туфельку вады, падняла яго за абцас як шкляны келіх і з асалодай выпіла. «Пра густы не спрачаюцца», сказала яна і прычмокнула.

Малады міліцыянт прысеў, старшына адхінуў шырму і пачаў дыктаваць:

«Невядомая, рост недзе сто шэсьцьдзясят сантымэтраў, апранутая ў касьцюмчык у жоўта-чырвоную клетку. На нагах чорныя туфелькі з пэрфараваным язычком. Ружовая блюзка ўпрыгожаная карункавым каўнерчыкам з маленькімі ружачкамі на кончыках...»

Малады міліцыянт устаў і пайшоў зачыніць дзьверы, празь якія маладзён і нявеста выйшлі пад каралевыя вісюлькі вечаровага ліўня. Потым зноў сеў і пісаў тое, што яму дыктаваў старшына...

Потым прыехала машына з моргу.

«Калі мая дзяўчына ўпершыню да мяне прыйшла», сказаў маладзён.
«Ня чую!», выкрыкнула нявеста, і вецер аднёс ейныя словы ад вуснаў прэч.

«Калі мая дзяўчына», крычаў ёй на вуха маладзён, «прыбегла да мяне першы раз, дык я быў акурат дарабіў пасьмяротную маску свайго сябра. А яна мне: зрабі і мне такую, я новае жыцьцё пачынаю. Я паклаў яе на стол, нацёр вазэлінам, засунуў у нос варонкі з газэты, а потым стаў ліць ёй на твар вадкі гіпс... Шыя была прыкрытая ручніком, як пасьля забойства... Я трымаў яе за руку і адчуваў сэйсмаграфію ейнага сэрца...»

«Хораша!», крыкнула нявеста, і вецер сарваў зь яе капялюшык і ўмомант аднёс яго ў чорнае неба.

Потым маладзён спыніўся і пазіраў на сквэрык пад натрыевымі ліхтарамі, дзе віхура паадрывала ад тычак маладыя таполі, і тыя гнуліся так, што мачалі галінкі ў калюжыны.

«Патрымайце дрэўца», гукнуў маладзён, разарваў свой гальштук напалам і прывязаў як сьлед таполю да тычкі.
«Што вам да тых дрэўцаў?», крычала нявеста.
«Трымайце як сьлед!»
«Што вам да тых дрэўцаў, кажу?»
«Паламаюцца яшчэ».
«Ну і ня хай! А вам што?»
«Гэта агульнаграмадзкія дрэўцы, яны настолькі ж мае, як тое, што я думаю і раблю, належыць грамадзтву. Спадарычна! Я ўжо агульнаграмадзкі, як грамадзкая прыбіральня або парк».

З гэтымі словамі ён сарваў зь нявесты мокры і брудны шлейф і моцнымі рухамі, нібы дырыжыраваў аркестрам, разарваў шоўк на палоскі, зь якіх зрабіў матузкі.

«А калі гіпс засох», крычаў ён, «я ня мог яе зь яго дастаць, хіба толькі стамескай. Давялося ёй паўгалавы абстрыгчы, і гэта нас зблізіла. Як яна казала, з той пасьмяротнай маскай у яе пачалося новае жыцьцё. Тры дні яна мне спавядалася, я ад тых споведзяў біўся аб сьценку галавой. Балазе, у мяне была пад рукой бочка дзёгцю для ізаляцыі сьцен скляпеньня... Дык я ў ролі спаведніка мачаў у той дзёгаць швабру і пад уражаньнем тых споведзяў крэмзаў па белай сьцяне, а яна мне тым часам апавядала, як яе пад ручку вадзілі ў шпітальнай кашулі ванітаваць у прыбіральню, бо адзін яе кінуў, а яна ўначы ляжала ў парку ў Стромаўцы і ад жалю ела зямлю... І гэтак далей, так доўга мне спавядалася па-чорнаму, ажно зьбялела, а я на белую сьцяну падвалу выкрамзаў цэлую бочку чорнага дзёгцю. Яшчэ шматочку ня будзе? Матузкі скончыліся!»

«Адрывайце», сказала нявеста і падставіла плячучок.

Маладзён узяў ды моцным рыўком, як адламваюць галінку, ці як кантралёр торгае ў трамваі за раменьчыкі, нараз сарваў зь яе рэшту вясельнага строю.

Бліснула маланка, а паўголая нявеста стаяла пасярод грамадзкага сквэрыку.

«Ведаеце», сказала яна, «зрабіце і мне пасьмяротную маску!»

1965

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Дзед зусім адурэў ад страху, але быў гатовы лепш пайсьці ў турму, чым выкінуць жывыя грошы ў вакно.

Пераклад:
Макс Шчур

Быць — вось у чым рызыка. Рызыка, што быцьцё будзе для нас нудным, калі мы яго не зразумеем. Але разуменьне — у засваеньні. А засваеньне магчымае пасярэдніцтвам красы.

Пераклад:
Макс Шчур

Кілпатрыка забілі ў тэатры; забойцу брытанская паліцыя так і не знайшла; паводле гісторыкаў, яе рэпутацыя ад гэтай няўдачы не пацярпела, бо хутчэй за ўсё сама паліцыя забойства й арганізавала. Раяна турбуюць іншыя моманты загадкі. Яны гэткія цыклічныя: здаецца, у ёй паўтараюцца й спалучаюцца падзеі з самых далёкіх краін і эпох.

Пераклад:
Макс Шчур

А потым дзень, дзень па абедзе
калі прадпісаныя скончыліся дні.
Усе ў сьвяточным,
крыху ўгнуўшы плечы,
наперадзе цаглянай брамаю труну выносяць,
сонца — тлустая нявеста ў белым,
іржа на горцы, быццам залаты абклад.