Раструшчанае люстра

Пераклад: 
паэзія, вершы, беларуская мова, пераклад

*
І храмавы звон
трымціць, імітуючы
голас цыкадаў

*
З чым ні параўнай
не зраўняецца ні з чым
новы маладзік

*
Раньняя восень!
Што ў лягуны, што ў поля –
зялёны колер

*
Лотасы ў стаўку
пакінулі да сьвята
ахвяраў духам

*
Вісячы масток!
За жыцьцё чапляецца
вісус-вербалоз

*
Твар заплаканай
удавы старой: поўня-
спадарожніца

*
Вярбовы лісток
пакрыты пацінаю:
лісьце восені

*
Употайкі тут
сябруеш з амялой? кпіць 
гандляр узімку

*
Зранку і ўвечар
тужу па Мацусіме
як па каханай

*
Чырвоны квет сьліў!
Каханьне да схаванай
за тонкім тулем

*
(Аддаючы мой саламяны прыстанак сям'і з дочкамі)

З хаты старой час
сысьці, даць месца гульням
у дочкі-маці

*
За вадаспадам
хаваюся: пачатак
летняга посту

*
(З нагоды прыгожых краявідаў вакол дому майстра Шуа)

І горы з намі
кіруюцца ў альтанку
для маляваньня

*
Жураўліны крык!
Рве душу мне як вецер
лісьце бананаў

*
Выспы а выспы!
Раструшчанае люстра
летняга мора

*
Летнія дажджы
вярталіся сюды ўжо
пяць соцень разоў

*
Маляваць бровы
замест пэндзліку можна
кветкай сафлору

*
Навакол спакой,
працінаюць камень скал
галасы цыкад

*
Летнія дажджы
зьбірае імклівая
Магамі-рака

*
Як падзякаваць!
Сьнегу прывідны водар
у летнім ветры

*
Пэрліна духу!
Над Хагуро зноў зьзяе
сьвяціла Будды

*
Дзень поўны сонца
нясе ў мора нябыту
рака Магамі

*
У садзе тваім
якіх зёлак узяць мне,
каб спаць наймякчэй?

*
Сьліва, сваёй ты
ня лі лістоты на млын
ветру восені

*
Такі лівень, што
ня толькі поўні – нават
сумо ня будзе

*
Сама па сабе!
Нат поўні ня трэба ёй,
гары Ібукі

*
Вісяць на сьцяне
нібы на сасьне кроплі
сандалі Сайгё

*
Разлучаюць нас,
як малюска й ракушку,
пальцы восені

*
Не чарніліца?
Падняў – кропелькі расы
ў камні з выемкай

*
Зазімкі ў садзе:
танчэйшы за маладзік
голас жамяры

*
Сьнег засумаваў:
над Буддам няма страхі – 
куды ж тут падаць

*
Калі пойдзе град –
зафундую поўны кош
белых ікрынак

*
Што ж набываць на
апошні ў годзе кірмаш
паляцеў крумкач?

*
Як адлюдніца
ў сваім будане – белая
азалея

*
Лепш ня будзь, як я,
кажа палова дыні
другой палове

*
У доме маім
няма буйных камароў –
прычына зайсьці

*
Хутка паміраць
але сьмерці – ні слыху
толькі цыкада

*
Стрэлка ня можа
ніяк прымасьціцца на
тонкай травінцы

*
І лясных дзікоў
зганяе ў адзін статак
восеньскі ўраган!

*
Глядзім на поўню:
у пакоі нікога
прыгажэйшага

*
І цвыркун згадаў
што даўно ўжо ня цвыркаў
каля жароўні

*
Хіра й Мікамі
пакрытыя сьнягамі:
мост зь белых чапляў

*
Колькі ні расьці – 
парасткам бамбука стаць
мусіш у канцы

*
Голас зязюлі
Поўня цэдзіць праменьне
скрозь сіта вецьця

*
Летнія дажджы –
ашмоцьце вершаваных
стужак на сьцяне

*
Вяршыня лета:
сьпёка палае нібы
цела хворага

*
Адзіноты жаль!
Нат цвыркун павесіўся
з суму на цьвіку

*
Ні рыб, ні птушак
мы думак ня ведаем
Провады году

*
Жнівеньскі месяц –
ажно да майго ганку
крадзецца прыліў

*
Спадарожніца-
восень, з табою – хоць да
Камацугавы

*
Ажывім агмень!
Гаспадаровы скроні
пакрыла шэрань

*
Іпамеі квет!
Вось і я свой п'яны твар
высунуў з акна

*
З марскім прылівам
зоркі лезуць на скалы
паспаць з дарогі

*
Нат іпамеі
нават яны ўжо цяпер
мне не сяброўкі

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Вось гэты келіх
пазалаціў бы й выпіў:
поўню над шынком

Пераклад:
Макс Шчур

Нат у Кіёто
сумую па Кіёто!
«Ку-ку» зязюлі

Пераклад:
Макс Шчур

Ты ёсьць Любоў: табе багаты
хай, як Хрысту, цалуе пяты
й ідзе з табой па сьвеце, сам
майно раздаўшы беднякам,

альбо ў імя тваёй любові
абвесьціць хай паход крыжовы
вайне, падману — усяму,
што несла выгаду яму.

Пераклад:
Макс Шчур

Быццам бурбалку пабачыў,
быццам мроя праляцела —
хто на сьвет глядзіць падобна,
той цару ня бачны сьмерці.