*
Старая вішня
расьцьвіла: прыгадала
сваю маладосьць
*
Хвалі зацьвілі
сьнежнай пенай – позьнімі
кветкамі вады
*
Нясу ў вееры
вецер з Фудзі – успамін
пра сяброў з Эдо
*
Паваліў дрэва,
гляджу на паверхню пня –
сёньняшні месяц
*
Лівень то тут, то там
меціць, як сабака,
свае ўладаньні
*
У футры сьцюжы,
на посьцілцы завеі –
малы найдзёнак
*
Чуецца «куку»:
куды дзеліся раптам
вы, майстры хоку?
*
У водарасьцях
рой рыб: працягнеш руку –
зьнікнуць, як прымха.
*
Іпамеі я
на сьняданак ем: вось што
я за чалавек.
*
Шум крылаў шпака:
з дрэва страсае плады
ранішні вецер.
*
Мая хаціна:
на падлозе квадрат ад
круглае поўні
*
Няма хрызантэм,
засталася хіба што
горкая рэдзька
*
(У Мінакучы я сустрэў сябра, якога ня бачыў дваццаць гадоў)
На мяжы жыцьцяў,
твайго й майго, вырасла
гэтая вішня
*
Скрозь сон з дарогі
бачу: прыбіраюць да сьвят
зьменлівы сьвет
*
Родная вёска!
Плачу над пупавінай
сваёй узімку
*
Вышэй за птушак
адпачываю ў небе
на перавале
*
Па бацьку, маці
так затужыў, чуючы
крык фазаніхі
*
У той самы дзень
з Буддам нарадзілася
аленянятка!
*
Вось гэты келіх
пазалаціў бы й выпіў:
поўню над шынком
*
Пякучы, як хрэн,
угрызаецца ў цела
восеньскі вецер
*
З гары Асама
камяні ўніз зьдзьмувае
восеньскі віхор
*
За вадаспадам
хаваюся: пачатак
летняга посту
*
Летнія ліўні:
вадаспад пахавалі
ўзьдзьмутыя воды
*
Морскіх карасёў
ніжа на пруты зь вярбы
жонка рыбака
*
Куды зьнік месяц?
Кажуць, на дне мора сьпіць
звон патанулы
*
Як ноч прагудзім,
зробім вазу для кветак
зь віннай бочачкі
*
Выкшталцоны сад
быў як нежывы, пакуль
не пайшлі дажджы
*
І ў марскіх ляшчоў
зьледзянелі вусны:
рыбная крама
*
Шал па кветках і
месяцы вылечу сам
іголкай зімы
*
Вясна памалу
ўжо акрэсьліваецца:
месяц і сьлівы
*
Як іпамея
я не паказваю ўдзень
твару на людзях
*
Водар хрызантэм!
Падэшву ў садзе кінуў
стаптаны сандаль
*
У футра пер'я
захутаныя як сьлед
каччыны лапкі
*
Першы сьнегапад
недабудаваны мост
дабудоўвае
*
Сход самураяў:
гутарка рэжа вуха,
як рэдзька язык
*
Яшчэ жывыя
але зьмерзлыя ў камяк
марскія смаўжы
*
У водары сьліў
адзіны знак, «былое»,
бярэ за сэрца
*
Птах-чарацянка
атожылкам бамбуку
скардзіцца на век
*
Шлях на Суругу:
тут і квет апэльсінаў
пахне гарбатай
*
Вандроўнік жыцьцём,
ару сваю дзялянку
ўдоўж-упоперак
*
(Ясуі будуе адлюдніку дом)
Як прахалоду
пабудаваць, ведама
цясьляру з Хіды
*
Чысты вадаспад,
у хвалі нападала
ігліца з соснаў
*
У раньняй расе –
халодны брудны гарбуз
пад соўсам з гразі
*
Астуджвае рыс
жонка на далікатэс:
вячэру ў цяньку
*
Посуд таксама
згасае ў прыцемках:
прахалодны вечар
*
Пошуг маланкі! –
і зарастуць вачніцы
аўсяніцаю
*
Усе сваякі
сівыя, з кульбакамі,
прыйшлі на цьвінтар
*
(Дачуўшыся, што памерла манашка Джутэі)
Ня думай, быццам
пра цябе не згадалі
на сьвята духаў
*
Пад колер ветру –
засаджаны абы-як
сад увосені
*
Грэбень пеўніка
ў часе прылёту гусей
крывёй наліўся
*
Восень сыходзіць –
расьціскаюць далоні
плюскі каштанаў
*
Нават да дзіка
ў логава пранікае
голас цвыркуна
*
Восень мінае:
у халоднае імжы
зьнікомы ветах
*
Вандрую хворы:
за мной па счэзлым полі
мроі блукаюць