Роджаны пад Сатурнам. Дзея 2.

беларуская драматургія, беларуская літаратура XX стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца

П’еса паводле раману Віктара Вальтара “Роджаныя пад Сатурнам”

Сцэна 9. ІНТЭРНАТ

Тугоўскі (сядзіць за сталом і піша. Ліст працягваецца): "Бывайце, паважаная Галена Уладзіміраўна! Жадаю Вам шмат шчасьця і посьпеху ў жыцьці. Памятайце толькі, што ў тыя даўгія зімовыя ночы, калі ўсе будуць спаць, калі толькі я адзін запалю лямпу ў сваім пакоі і пачую, што я адзін на сьвеце, абсалютна адзін… (Робіць паўзу, уздымае галаву, напружана глядзіць у залю, нібы там нешта пачуўшы – потым зноў піша:) …што няма тых дзіўных вочак, у якія я любіў глядзець у цяжкія, бяссонныя ночы, я ўспомню пра Вас як аб адзінай жанчыне, каторай я пісаў ліст і ад каторай хацеў бачыць пацеху і шчасьце. Хачу скончыць свой ліст уласным перакладам знакамітага ўкраінскага паэта Франка:

(Устае і дэклямуе, да публікі:)

Як пачуеш ўначы за сваім ты вакном,
Што хтось плача і клікае цяжка, —
Не ўзірайся туды, не дрыжы, не глядзі,
Не глядзі ты ў той бок, мая пташка!

То ня ёсьць сірата, што бяз бацькі блукаў,
Не галодны бядняк, мая зорка:
Гэта плача мая неўцішыма туга,
То каханьне маё плача горка...

(На момант закрывае твар рукамі, уздрыгвае, нібы плачучы – аднак рэзка прыбірае рукі:)

Не зьвяртайце ўвагі на слова “пташка”: па-беларуску будзе “птушка”. Зразумейце маю думку!

(Зноў закрывае твар рукамі і ўдае, што плача. Празь нейкі час уздыхае, дастае насоўку, выцірае вочы і нос, засоўвае насоўку ў кішэню.)

Так, яшчэ раз жадаю, жадаю Вам усяго найлепшага. Пётра Тугоўскі».

(Вяртаецца да стала.)

А цяпер яшчэ адзін ліст – у Чэска-ўкраінскі камітэт... (Піша, расьцягваючы словы:) «Прашу мяне выключыць з дапамогі па майму ўласнаму жаданьню»... Гатова. (Укладае лісты ў канвэрты, адзін па адным іх шпурляе за кулісы. Пасьля сядае за сталом тварам да публікі, склаўшы рукі, самазадаволена ўсьміхаецца, дрыгае нагой, глядзіць у залю і строіць гледачам ідыёцкія міны. Нямая сцэна працягваецца, пакуль публіка не пачне сьмяяцца. Раптоўна спахапляецца:) Божа, што я нарабіў? Як жудасна! Я зьнішчыў тое, да чаго сам імкнуўся, што было мэтай яго жыцьця, у імя чаго ехаў у Прагу! Якой барацьбой, якімі мукамі была даступна стыпендыя, і цяпер я так лёгка ўласнай рукой адкінуў яе! А што скажуць бацькі? Чаго ім каштавала выправіць мяне ў Прагу?

(Нэрвова ходзіць па пакоі.)

Не, скончыць з усім аканчальна і беспаваротна! Хай руйнуецца маленькае, эгаістычнае шчасьце старых... Жыцьцё згубіла для мяне ўсякую ілюзію. Вось я і скончыў самагубствам...

Голас Астральнага чалавека: Ха-ха-ха!

Тугоўскі: Што я такога сьмешнага зрабіў...эээ... сказаў... эээ.... напісаў?

Голас: Хіба адмовіцца ад стыпендыі – гэта самагубства?

Тугоўскі: Ну, у маёй сытуацыі – так. Гэта нават горш.

Голас: Эх, Тугоўскі, а я так у цябе верыў!

Тугоўскі: А што ты мне прапануеш – застрэліцца? Сьмешна! Чаго я дасягну сваім стрэлам? Можа быць, узбудзіцца грамадзянства? На першых часах — зразумела, але потым скажуць: «Ах, дурны Тугоўскі, і сапраўды, відаць было, што зь яго нічога добрага ня выйдзе». Яшчэ які-небудзь насьмешнік толькі пасьмяецца над маім трупам. Не…

Голас: Навошта страляцца? Чым так страляцца, дык лепш загінуць у імя якой-небудзь ідэі. (Тугоўскі спыняецца на адным месцы й пачынае зацікаўлена ўслухвацца.) Усё роўна гінуць, дык лепш гінуць так, каб цябе хоць успомнілі будучыя пакаленні.

Тугоўскі: Гм, а неблагая ідэя…

Голас (шэптам): Слухай уважліва. У адной з суседніх з Чэхаславакіяй дзяржаў ёсьць пэўныя людзі — загартаваныя ў барацьбе паўстанцы. (Тугоўскі кідаецца да стала і пачынае занатоўваць ягоныя словы.) Табе давядзецца нелегальна перайсьці граніцу і наладзіць зь імі сувязь і сетку паўстанцкай арганізацыі… Калі б вы маглі аднавіць ува ўсёй дзяржаве тэрор, вы маглі б сказаць, што зрабілі вялікую справу. Кроў чалавека вы пералілі б на алтар Бацькаўшчыны. А людская кроў ніколі ня гіне дарэмна і на гістарычных вагах важыць вельмі шмат. Дык чым губляць сваё маладое жыцьцё бяссэнсава, лепш загубіць яго з карысьцю для грамадзянства, у імя гісторыі. Як табе такая ідэя?

Тугоўскі: Знакаміта! Толькі я страляць ня ўмею.

Голас (уподсьмех): Ня ўмееш? А як жа ты думаў сябе застрэліць? Зрэшты, застрэліцца ніколі не позна. А вось налажыць галавой за Бацькаўшчыну – гэта было б геройствам. Толькі спачатку ты павінен адпомсьціць Загорскаму за тое, як ён усё жыцьцё цябе прыніжаў, прымушаў цябе на яго ПРАЦАВАЦЬ, зьдзекваўся зь цябе, увёў у цябе з-пад носу Вярхоўскую, прымушаў цябе праць ягоную брудную бялізну...

Тугоўскі: Хопіць! Хопіць, окей? Я ведаю. Добра, я яму адпомшчу. Угаварыў. Толькі як?

Голас: Не турбуйся. Яны ўжо самі ідуць сюды. Прычакай свайго часу!

Сцэна 10. ГУЛЬНЯ Ў КАРТЫ

Заходзяць Бурак, Серада, Загорскі, з пляшкай і картамі, сядаюць за стол.

Тугоўскі: Як вы сюды трапілі?

Загорскі: А табе клопат? Раздавай, Бурак.

Тугоўскі: Усё ў карты рэжацеся? Нябось, на грошы? А на заняткі хто за вас пойдзе?

Серада: Чыя б карова мычала! Ты сам там калі-небудзь быў? Валет.

Тугоўскі: Сам такі! Быў! На лекцыі залатазубага прафэсара! Які заклікаў увесьці ў Беларусі капіталістычнае рабства! Пасьля гэтага нагі маёй там не было!

Бурак: А што, сацыялістычнае рабства лепшае, па-твойму? Дзесяць.

Тугоўскі: Ты маўчы! Селянін, а буржуем прыкідваешся! Сялянскі кажух табе сьмярдзіць! Рэнэгат!

Загорскі: А што, лепш плябеем заставацца, як ты? Туз.

(Тугоўскі хоча кінуцца на яго з кулакамі.)

Голас Астральнага чалавека: Чакай! Яшчэ ня час!

Серада: А ці праўда, хлапцы, што наш Тугоўскі ў Вярхоўскую закахаўся?

Загорскі: Праўда, я сам ягоны ліст чытаў. Толькі нічога зь іхнага каханьня ня будзе. Яна ж інтэлігентка, дачка папа – а ён плябей...

(Тугоўскі зноў хоча кінуцца да Загорскага, каб задушыць.)

Голас Астральнага чалавека: Кажу, пачакай!

Серада: А вось учора Бурак прыходзіць да мяне і кажа: пазнаёміўся з графіняй! Я так і пакаціўся са сьмеху... Дама.

Бурак: Што тут сьмешнага? Праўда, яна можа і кухаркі іншай ня варта, але затое, браце, зямлі – больш 600 гектараў. Яна нават зьбіралася яе на мае дакументы перапісаць. Хто ведае, можа быць, старыя часы вернуцца і яна атрымае зямлю…

Загорскі: А ты станеш графам! Ха-ха!

Бурак: Усё можа быць! Я ведаю ў Падэбрадскай сельскагаспадарчай акадэміі некалькі ўкраінцаў, такім самым чынам улаштаваных на «паёк» да чэшак. Цяпер жывуць, маюць дзетак і канчаюць вучыцца. Кароль.

Тугоўскі: Агідна слухаць! (Зьбіраецца сысьці.)

Серада: Слухай і вучыся!

Бурак: Во-во! Восем.

Тугоўскі: Гэтыя ўніверсітэты не для мяне. Чым спаць на пуховых пярынах у прыгожай віле, дык лепш кроў на далонях, чым гэтая праціўная пярына. Лепш чэсны чорны кавалак хлеба, чым нячэсны мільён.

Загорскі: Чэснасьць… (Пачуўшы, што Загорскі ўзяў слова, Тугоўскі зараз жа сыходзіць, каб ня слухаць яго.) Дык з боку чэснасьці атрыманьне намі стыпендыі з камітэту ад чэшскага народу, можа быць, таксама нячэсна. Што мы, скажыце, зрабілі для яго? (Усе круцяць галовамі: маўляў, мы ні пры чым.) Ды што мы… Вунь беларускія міністры атрымліваюць палітычную стыпендыю, сядзяць у найлепшых чэшскіх кафэ, п’юць каву і гуляюць у шахматы. Гэта таксама, па-твойму, нячэсна?

Тугоўскі (з-за кулісаў, нечакана): Нячэсна!

Загорскі (спахапіўшыся): Зноў прайграў! Трасца матары! Так нячэсна!..

Серада: Нічога, табе можна прайграць, не прападзеш.

(У Загорскага звоніць мабіла ў кішэні.)

Загорскі: Алё? (Устае й адыходзіць убок, размаўляе па тэлефоне з сваёй каханкай. З-за кулісаў тут жа вяртаецца Тугоўскі і сядае на ягонае месца за сталом.)

Серада: Ведаеш, Бурак, навіну? Загорскі ў нас зрабіў такую кар'еру, што можна зусім махнуць рукой на стыпендыю. Напэўна, ні адзін з нас ня зробіць такой кар’еры. Ён закахаўся ў адну багатую чэшку, якая служыць дзесьці прыказчыцай у нейкай багатай чэшскай фірме, мае сваю вілу і, галоўнае, слухайце, грамадзяне, дала яму падпіску ў тым, што будзе выдаваць штомесячна 600 крон чэшскіх, пакуль ён не атрымае палову дактарату…

Тугоўскі: Ня можа быць! 600 крон — гэта больш нашай стыпендыі!

Загорскі (хаваючы мабільны ў кішэню, уздыхае, прыкідваецца няшчасным): Але ж і цяжкое гэта жыцьцё... Гэта такі, грамадзяне, кантроль, што ён горш самога камітэту. Жанчына трымае цябе ў сваіх руках — кантралюе кожны твой крок, кожны дзень, абдымаючы цябе за шыю, пытаецца: «Які ты здаў сёньня экзамэн?»

Серада (іранічна): Небарака...

Бурак: Лепш, я думаю, апраўдвацца перад ёю пацалункамі, чым дакумэнтамі зь пячаткай школьнай… Жанчына можа адкласьці на адзін год, а прафэсар экзамэну не адкладзе.

Загорскі (махае рукой): Прымацкі хлеб – сабацкі! (Уздымае Тугоўскага за каўнер, выцягвае яго з-за стала й зноў сядае на сваё месца. Зноў пачынаюць гуляць у карты, Загорскі раздае.)

Тугоўскі (за сьпінаю Загорскага): Як нізка ты маральна ўпаў – прасіць хлеба ў жанчыны! (Паказвае Сераду й Бураку на мігі, якія ў Загорскага карты: двойка, сямёрка, туз…)

Загорскі: Не прасіць, а заслужыць!

Бурак: Па-мойму, у паступку Загорскага няма нічога амаральнага: ён бярэ ад яе грошы з самай добрай мэтай вучыцца на доктара і дапамагчы ёй у жыцьці.

Серада: Вось скажы, Тугоўскі, што б ТЫ рабіў, каб у цябе была дзяўчына? (Тонкім галаском, сьмеючыся:) Ты, напэўна, ня ведаў бы, што і рабіць? (Усе сьмяюцца.)

Тугоўскі (нібы ня чуючы іх): А старое каханьне як? Га, Загорскі?

Загорскі: Старое каханьне? Вярхоўская, ты маеш на ўвазе?

Бурак: Выглядае, што цяпер яна засталася без жаніха... (Серада і Бурак зноў рагочуць.)

Загорскі (какетліва): Ну што, грамадзяне, вы разумееце? Адной жанчыны мужчыну мала. Якое бы блюда смачнае ні было, а калі яго ўжываць штодня, дык яно прыядаецца. Жанчын, грамадзяне, трэба мяняць, як блюда. (Бачачы, што зноў прайграў:) Трасца матары!

Серада (пляскае ў ладкі): Брава, Загорскі! Брава! Ты ўсіх нашых беларусаў за пас заткнуў. (Заграбае ягоныя грошы.)

Загорскі (злосна): Дый Вярхоўская ўжо, між намі, ня першай сьвежасьці. Хай во застаецца Тугоўскаму...

Тугоўскі (абурана, ледзь знаходзіць патрэбныя словы, заікаецца ад хваляваньня, ходзіць вакол стала, ня ведаючы, як падступіцца да Загорскага): Я… Я папрашу вас адсюль выйсьці! Іначай я вас адсюль выкіну!

Загорскі: Што за ідыёт…

Тугоўскі: Што?? Ты назваў мяне плябеем?

Загорскі: Не, ідыётам.

Тугоўскі: Ах так!

(“…прарвалася ў Тугоўскага. І не паспелі апамятацца прысутныя, як звонкі ўдар па твары прарэзаў цішу пакою. Усе паўскоквалі з мейсца. Загорскі падляцеў да Тугоўскага, але ў гэты момант другі ўдар разнёсся ў паветры з не меншай сілай”.)

Вось табе! За ўсё! За плябея і за ідыёта!

(Тугоўскі з Загорскім пачынаюць тузацца. Загорскі яўна дужэйшы і больш спрактыкаваны: валіць Тугоўскага на зямлю. Бурак і Серада кідаюцца іх разьнімаць. Загорскі махае рукой і вяртаецца да стала. Тройца працягвае гуляць у карты, Тугоўскі сядзіць на зямлі або зьбірае па падлозе адарваныя гузікі.)

Голас Астральнага чалавека: Памсьціся!! Надышоў твой момант!!

Тугоўскі: Памсьціцца! Цяпер Загорскі будзе памятаць мяне на ўсё жыцьцё. Плебей памсьціцца патрыцыю…

(Тугоўскі незаўважна падпаўзае да стала і вымае з кішэні ў Загорскага тэлефон. Той нічога не заўважае, гуляючы ў карты. Грошы ў яго скончыліся – ён прайграе свае боты, а неўзабаве і нагавіцы. Бурак і Серада весела яго абдзіраюць. Тугоўскі звоніць па мабіле Загорскага:)

Тугоўскі (па-чэску): Гало? Божэна?

Голас Бажэны (з акцэнтам): Так, каханы… Ой, хто гэта?

Тугоўскі: Студэнт Тугоўскі, калі ведаеце.

Голас Бажэны: Я такога ня ведаю.

Тугоўскі: І ня трэба. Толькі выслухайце мяне. Пан Загорскі зараз знаходзіцца ўва Ўкраінскім інтэрнаце, адзін квартал ад вас, і гуляе ў карты! Ён прайграў ужо 600 корун!

Голас Бажэны: Ах…

Тугоўскі: Калі хочаце яго ратаваць, дык зараз жа мусіце ісці ў інтэрнат, інакш ён аканчальна прайграецца і аддасьць свой апошні касьцюм.

(Загорскі і сапраўды здымае пінжак ды складае на стол да нагавіцаў, застаецца ў адной кашулі.)

Голас Бажэны: Зараз. Хвіліну пачакайце…

(Бажэна тут жа выходзіць з-за кулісаў – Тугоўскі, наадварот, хаваецца.)

Бажэна: Пан Загорскі, я прашу вас зараз жа вярнуцца дахаты! 

(“…голасна прамовіла яна, адчаканьваючы кожнае слова. Загорскі ўстаў, бледны, як папера, і паспешна падышоў да яе”.)

Загорскі (у адной кашулі, цалуе ёй рукі): Бажэна! Я зараз… Дазволь мне тут адыграцца. (Паказвае ёй карты – чатыры тузы.) Я зараз выйграю шмат грошай!

Бажэна: Ах, нягодны! Ты ня маеш права называць мяне па імені! Зараз жа зьбірайся са мной дахаты!

Загорскі (абурана, злосна): Ну, гэта яшчэ паглядзім… Можаце ісьці. Я вас не трымаю!

(Бажэна закрывае твар рукамі і з плачам сыходзіць. Загорскі зь пераможным выглядам кідае карты на стол.)

Чацьвёрка!

Бурак (флегматычна): Флэш раяль.

Загорскі: Трасца матары! Трэба пазваніць Бажэне.

(Пачынае шукаць у кішэнях мабільны тэлефон – але кішэняў няма, як і пінжака з нагавіцамі. Бурак зь Серадом перагаворваюцца цішком, усьміхаючыся. Раптоўна Загорскі здагадваецца:)

Гэта, відаць, Тугоўскі мяне здаў жонцы! Варта было абламаць яму рэбры... Хадзем яго шукаць! (Серада, Бурак і Загорскі выбягаюць прэч.)

(Задаволены Тугоўскі выходзіць на сцэну зь іншага боку, кладзе мабільны тэлефон Загорскага ў кішэню ягонага пінжаку, што застаўся на стале.)

Тугоўскі (да публікі): Нарэшце мая помста дасягнула мэты! Ужо ўся кар’ера Загорскага загінула, больш ён не будзе гаспадаром у прыгожай віле! Гэта варта адсьвяткаваць!

Сцэна 11. У КАРЧМЕ

(Тугоўскі сядае за стол, шырокім жэстам скідае зь яго рэчы Загорскага.)

Тугоўскі: Піва мне! Я плачу!

Афіцыянтка: Калі ласка. (Ставіць на стол куфаль і забірае рэчы Загорскага, схіліўшыся да падлогі.)

Тугоўскі (ацэньваючы вачыма ейную фігуру): Якія ж прыгожыя жанчыны гэтыя чэшкі… (П’е з куфля.)

(Выходзіць айцец Кірыла, нібы кудысьці сьпяшаючыся.)

Айцец Кірыла! Ты куды? Сядай! Сёньня фундую я! Гэй, спадарычна! Яшчэ адзін куфаль!

Кірыла: Здароў, Тугоўскі! За што п’ем?

Тугоўскі: За маю сьмерць! Будзьма! (Чаркаецца з прынесеным афіцыянткаю куфлем на стале.)

Кірыла: Ты што, стыпэндыю атрымаў? То віншую, братка!

Тугоўскі: Ды не – я ж кажу: я памёр! Адмовіўся ад стыпэндыі.

Кірыла: Што? Ты звар'яцеў? А дыплём?

Тугоўскі: Не хачу я дыплёму! Вышэйшая школа рыхтуе толькі кар’ерыстаў і лёкаяў для капіталістаў, да чаго калісьці заклікаў залатазубы прафэсар палітычнай эканоміі. Таму я яе кінуў. Я памёр для тых, хто прывёў мяне ў Прагу, каб я вяртаўся назад прафэсарам. Аказваецца з мяне выйшаў не прафэсар — бадзяга…

Кірыла (у роспачы, круціць галавой): Ты паэт, Тугоўскі. Гэтым усё сказана.

Тугоўскі: Вядома, паэт! Зараз і верш прачытаю:

“Як пачуеш ўначы за сваім ты вакном,
Што хтось плача і клікае цяжка, —
Не ўзірайся туды, не дрыжы, не глядзі,
Не глядзі ты ў той бок, мая пташка!...”

Кірыла (перабівае): Не, ты паэт не такі, які творыць сабе славу і славу свайму народу вершам, але паэт па натуры, па свайму ўспрыманьню сьвету, па свайму падыходу да жыцьця. Ты безумоўна загінеш…

Тугоўскі (трывожна): Чаму я загіну?

Кірыла: Ты зрабіў велізарную памылку, што пакінуў унівэрсытэт. Ты паэтычна падышоў да лекцый, да таго самага залатазубага прафэсара, ты занадта блізка прыняў да сэрца яго сьцьверджаньні і паэтычна абурыўся.

Тугоўскі: Ну і няхай сабе паэтычна! Пляваць! Вып’ем за новага Тугоўскага! За новага чалавека, які пойдзе ў народ, каб самому стаць народам, а?.. Падымай куфаль… Вып’ем за маю будучую жонку — простую сялянку!

Кірыла: Во, за тваю жонку-сялянку п’ю. Проці гэтага нічога ня маю. Але я думаю, што ты можаш быць прафэсарам і мець жонку-сялянку.

Тугоўскі: Альбо афіцыянтку! (Праводзячы вачыма афіцыянтку, якая прынесла ім куфаль Кірылу.) Не, ну прыгожыя ж гэтыя чэшкі, скажы?

Кірыла: Ты нешта зашмат думаеш аб іх. Плюнь, дружа! Ня варта думаць аб гэтым.

Тугоўскі: Як ня думаць, айцец Кірыла, мяне ж ніхто яшчэ ў жыцьці не кахаў… (уздыхае) Ты разумееш, што гэта значыць? Дваццаць чатыры гады я рос на зямлі, не ведаючы, што такое каханьне цела, — як пчала, што ўпіваецца ў кветку, не маючы магчымасьці пацалаваць пах, каб на вуснах засталася кроў… (Ужо крыху падпіты.) Паслухай мяне. За піўным сталом заўсёды лепш кідаць філязофскія думкі і спавядацца. Галоўным чынам я кінуў унівэрсытэт з-за Вярхоўскай. Калі б яна кахала мяне, я гатоў бы прыносіць сябе нават у ахвяру і зрабіць якую-колечы кар’еру, як іншыя беларускія студэнты!

(Кірыла пазірае на яго зь недаверам.)

А што? Ці ты лічыш, як і ўсе нашыя беларусы лічаць мяне, напэўна, няздольным ні да чаго? Не, брат, я належу да тых людзей, якія здольныя на безразважнасьць! Слабыя людзі моцныя сваім адчаем! І сёньня, калі я ў адчаі, я моцны!

Кірыла: Кінь ты, Гамлет няшчасны! Зноў пачынаеш плясьці дурніцы. Выпі піва лепш, супакойся.

Тугоўскі (п’е, выцірае рот рукавом): Ах, айцец Кірыла! Справа ня ў Гамлеце, ня ў піве, справа ў маім жыцьці… У мне самім… Я вырваў з болем сваё каханне, кажу табе шчыра, айцец Кірыла, пакінуў у сваім сэрцы глыбокую рану, якая вечна застанецца са мной, пакуль будзе цячы кроў у жылах. Я памёр для гэтага сьвету, памёр для інтэлігенцыі, якая панясе эўрапейскую панскую культуру на Беларусь. Я сам сябе зажыва пахаваў у яму, каб ня стаў тым, каго болей усяго ненавіджу: інтэлігентам, які ненавідзіць рабочых, бо яны сьмярдзяць. Не ведаю, што такое творыцца са мной: можа быць, я вар’яцею, але я кахаю яго!

(Кірыла зьдзіўлена азіраецца, адкашліваецца, быццам яму няёмка ў таварыстве Тугоўскага.)

Яго! Чалавека паніжанага і абражанага. (Кірыла ўздыхае з палёгкай.) Сам я паніжаны і абражаны, сам я ўсё жыцьцё рос у склепах, пад падлогай тых, хто саладзіўся жыцьцём, сам я насіў на сваім твары пляму «плябей», і таму як мне ня стаць у шэраг паніжаных і абражаных? Так, чалавеча, я звар’яцеў. Вып’ем за маю сьмерць! Ну, падымай куфаль за духовую сьмерць Тугоўскага!

Кірыла (махае рукой): Філосаф-самавук… Не крыўдуй, але ты занадта паэтычна аднёсься да Вярхоўскай. Падумай, каго там кахаць? Па-мойму, гэта толькі пахучы кавалак мяса. А ты паэтычна ідэалізаваў яе, ты закахаўся ў яе — што з-за яе пайшоў бы скочыць, як баран, у ваду! Ведаеш, каб кахаць і быць каханым, трэба сьпярша зрабіць добрую кар’еру! У наш капіталістычны век, каб быць каханым, трэба мець капітал або займаць высокае палажэнне на грамадскай драбіне! Будзь ты самым першым прыгажуном у свеце, але служы ты ў абозе, ні адна жанчына ня гляне на цябе! І, наадварот, будзь ты самой пачварай, але займай міністэрскае крэсла, — ты не адаб’ешся ад чароўнага полу. А ты…

Тугоўскі (змрочна): Дык што, для яе я павінен таксама стаць кар’ерыстам, таксама, скончыўшы ўнівэрсытэт, павінен стаць панам, запамятаць аб сваім сацыялізьме і купіць сабе аўтамабіль? Не… Не хачу. Я яшчэ знайду ў сабе досыць сілы, каб адкінуць такое жаданьне! Я хачу знайсці такую жанчыну, якая кахала б мяне як чалавека, незалежна ад таго, якое палажэнне я займаю. Без каханьня, без жанчыны я жыцьця сабе не ўцямлю… Я хачу яшчэ выпіць гэтую чару каханьня да дна… Слэчно! Абсэнту!

Афіцыянтка: Для вас – усё што-заўгодна.

Тугоўскі: Сядайце, вып'ем з намі!

Афіцыянтка: За што п'яце?

Тугоўскі: За маю сьмерць!

Афіцыянтка: Ха-ха! Ну то будзьма!

Кірыла (устаючы з-за стала, кладзе Тугоўскаму руку на плячо): Паэт ты, Тугоўскі, паэт… У гэтым тваё няшчасьце. Ну, мне час ісьці. Я думаю, мы цябе яшчэ ўлаштуем на стыпэндыю.

Тугоўскі: Не, айцец Кірыла, дзякую за ласку. Усё скончана. Я еду на гэтых днях... на Бацькаўшчыну.

Кірыла (не разумеючы): А-а, да бацькоў, у пераведы? Што ж, шчасьлівай дарогі... Вернесься – заходзь… Усяго.

Афіцыянтка (млее, падаючы на крэсла): А-ах...

Тугоўскі:  Што з вамі?

Афіцыянтка: Ох... Ох, мне блага.

Тугоўскі (гістэрычна, спалохана): Вы хворая? Што з вамі, кажыце! Можа, сіфіліс? Я чуў, што ў другой стадыі сіфілісу...

Афіцыянтка: Ох, не магу. Я зараз звалюся. Паглядзіце, як б’ецца маё сэрца. (Прыкладае ягоную руку сабе да грудзей.)

Тугоўскі: Я праводжу вас дахаты. Далёка да вашага дому?

Афіцыянтка: Вось ён…

Тугоўскі: Тут? Карчма – ваш дом, вы тут жывяце?

Афіцыянтка (стогне): Так… (Сьмеючыся, падхапляецца.) Я пажартавала! Мне зусім ня блага!

Тугоўскі (зьбянтэжана): Дык вось як. А я думаў…

Афіцыянтка: …што я хворая? Ну нічога, мой хлопчык, мой студэнцік. Вы, я бачу, студэнт. Па вашым акцэнце чую, што ня чэх. Ну што ж, студэнты ў нас тут частыя і каханыя госьці... (Заглядае ў ягоны партманэт.) Ого, у цябе шмат грошай! Купі мне папярос. І партвэйну! Ну, цалуй мяне, мой мілы студэнцік… Бяры маё сэрца.

Тугоўскі: Эх, што будзе, тое будзе! (Узасмок цалуецца з афіцыянткай.)

Вярхоўская (з авансцэны, да публікі): Нарэшце яны засталіся адны. Можна было рабіць, што яны жадалі, схаваныя ад усіх людзей, ад усяго свету, ад усіх маральных законаў. З кожным выпітым бакалам ён рабіўся больш і больш прагавітым да ласкі, да жанчыны, каторую шукаў цэлае жыццё, а яна рабілася больш студзёнай, мармуровай. Яна сьмяялася студзёным каменным сьмехам. Ён цалаваў мяккі студзёны камень, і пакуль у яго яшчэ была памяць, ён адчуваў нейкае незадавальненьне. Але потым усё стала яму прыемным. Потым усё зьлілося ў густы туман.

(Тугоўскі падае галавою на стол. Афіцыянтка вымае ў яго з кішэняў грошы і сыходзіць.)

Сцэна 12. РАЗЬВІТАНЬНЕ

Тугоўскі (прачынаецца, пазірае вакол): Што я нарабіў? Дзе мае грошы? (Ляпае сябе па кішэнях.) Згубіў… Згубіў сваю нявіннасць і навекі згубіў сваё здароўе… Як трагічна… Як дзіка, як жахліва! Загінуў не ў імя вялікіх ідэй, дзе-небудзь у турме, у барацьбе, як тыя героі-беларусы, аб якіх несьліся чуткі з Бацькаўшчыны, а як брудны чарвяк у памыйнай яме жыцця… Ах, сьмейся, паяц, над каханьнем Тугоўскага! Гэта ўсё той пракляты Сатурн! Гэта тая сіла прыроды, што гоніць чамусьці матыля на вагонь і прымушае яго апаліць крыльлі! Разумнага ў гэтым няма нічога, а між тым, гэта імкненьне матыля, і яго спыніць бясьсільна якая-небудзь лёгіка... Застрэліцца! Толькі дзе ўзяць рэвальвэр?

Голас Астральнага чалавека: Зьбірайся! Цягнік у Карпаты адыходзіць празь дзьве гадзіны пятнаццаць хвілін.

Тугоўскі (раптоўна згадвае): А, я ж абавязаўся ехаць у Карпаты!.. Халера... (Устае, пачынае пакаваць валізу.) Зьбіраўся ехаць чыстым, ідэальным юнаком, а зараз павязу з сабою бруд, жахлівую хваробу вялікага места. Чым я лепшы за тых кар’ерыстаў, буржуазных «інтэлігентаў»? Я брудны, нягодны, няварты насіць імя чалавека... (Зачыняе валізу.) Эх, паеду куды-небудзь далёка-далёка і ў якой-небудзь глушы буду тварыць сваё жыцьцё. Прэч з гэтых шумных гарадоў, каб ніхто ня ведаў, дзе загінуў, як скончыў сваё карыснае жыцьцё Тугоўскі... (Выходзіць з валізай на авансцэну.) Бывайце, блакітныя вочкі Вярхоўскай. Ня бачыць вас болей, не лавіць вашых усмешак, не дрыжаць пад вашым святлом, не шукаць у вас пацехі і забыцьця… Бывайце. Сьвяціце іншым людзям, якія пойдуць на ваш блеск, як магніт на далонь. Сьвяціце! Красуйцеся!

(Да яго падыходзіць Вярхоўская, кранае за плячо.)

Вярхоўская: Добры дзень, грамадзянін Тугоўскі. Куды гэта вы сабраліся?

Тугоўскі (амаль ня гледзячы на яе, рашуча, амаль весела): Зьяжджаю ў Карпаты, Галена Ўладзімераўна.

Вярхоўская: На лыжах катацца? А вучоба?

Тугоўскі (уподсьмех): Вучыцца? Самаўдасканальвацца? Для чаго? Каб стаць фабрыкантам, ці што? Дый што мяне тут трымае? Можа быць, ласкі жанчын? Ах, гэтыя ласкі… Колькі я імкнуўся да іх, як прагавіта раскрываў свае вусны, але кожны раз дарэмна! (Вярхоўская пасаромлена апускае галаву.) Аднойчы я пакаштаваў гэты салодкі напітак — ласку, і вось якім горкім ён аказаўся! А колькі я мучыўся з-за гэтага. Колькі мук перацярпеў ад вас. І цяпер мучуся. І нават сёньня ня ведаю нічога пра сваё каханьне.

Вярхоўская (ціхім голасам): Каханьне трэба заслужыць...

Тугоўскі: Правідлова, Галена Уладзіміраўна, але мне некалі будзе служыць.

Вярхоўская: Як гэта некалі?

Тугоўскі: У Карпатах я зьбіраюся перайсці польска-чэшскую граніцу і далучыцца да беларускіх партызанаў! Таму цяпер я хачу сказаць вам апошняе «даруй». Калі шчыра, спачатку я думаў застацца ў Празе, пайсьці працаваць на будоўлю... Але потым зразумеў – што лепш сьмерць!

Вярхоўская: Вы хочаце быць новым Каліноўскім?

Тугоўскі: Я ня думаю, Галена Уладзіміраўна, аб вялікай ролі… Можа быць, мая праца будзе зусім маленькай, нявартай нават увагі, можа быць, я нават загіну яшчэ ў сьнягах Карпат пры самым пераходзе граніцы, а можа нават яшчэ на вакзале – але я сваё бязьлітаснае жыцьцё пакладу ў імя справы.

Вярхоўская: Ваша нянавісьць да сучаснага ладу пахвальная, але хіба дзеля гэтага трэба пераходзіць Карпаты?

Тугоўскі: Ну, Альпы ўжо пераходзіў Ганібал.

Вярхоўская: Няўжо трэба ў кагосьці кідаць бомбы і выбіваць шкло ў будынках? Няўжо няма іншых спосабаў выявіць сваю нянавісьць, хаця б, напрыклад, культурным спосабам? Мне здаецца, якраз для беларускай справы вы былі б больш карысны як інжынэр, чым як бомбакідальнік.

Тугоўскі: Аб гэтым ня будзем спрачацца. Мы з вамі ўсё адно ні ў чым не пагодзімся. Дапусьцім, што страляць у іншых, каб потым быць самому расстрэляным, ёсьць асаблівы від самагубства. Я выбраў сабе гэты від самагубства, бо лепшага не знайшоў, і ўсё. Якія тут могуць быць яшчэ гутаркі? Так што, Галена Уладзіміраўна, бывайце. Не хачу казаць — назаўсёды, але — навекі… Болей мы ніколі, ніколі не спаткаемся.

Вярхоўская (пакрыўджана): Ну, што ж. Шчасьлівай дарогі.

(Разварочваецца і хутка сыходзіць.)

Тугоўскі (спыняючы яе, наўздагон): А, яшчэ забыў вам паведаміць! Грамадзянін Загорскі больш ня будзе спаць у прыгожай віле. Яго жонка-чэшка – дзякуючы мне, хе-хе, – знайшла ў інтэрнаце сярод карцёжнікаў, калі ён прайграў усе свае грошы.

Вярхоўская (бы прачнуўшыся): Што? У яго была жонка? Чэшка? Ён іграў у карты? Нічога не разумею…

Тугоўскі (зларадна ўсьміхаючыся): Хіба вы не ведаеце, Галена Уладзіміраўна? Увесь Студэнцкі дом трубіў аб гэтым.

Вярхоўская: Першы раз чую… Але мне ўсё роўна… Якая справа мне да Загорскага!.. Не спамінайце болей мне гэтага імя! Я цярпець яго не хачу!

Тугоўскі: Але ж вы кахалі яго, Галена Уладзіміраўна?

Вярхоўская: Кахала, не хаваю! Але цяпер ён мне брыдкі такі, што я проста ўспамінаю часы, каторыя праводзіла зь ім разам, з дрыжыкамі па целе! (Да публікі.) Якія ўсё ж такі мы дурныя… Мы, жанчыны, ня бачым, што пад маскай часта хаваецца пусты чалавек…

Тугоўскі: Такое прыемна чуць, асабліва цяпер, ха-ха. Ну, усяго.

Вярхоўская (мяняючыся ў абліччы, ласкава): Чакайце, Пётра! Паедзеце заўтра! Сёньня – правядзіце мяне дахаты...

Тугоўскі (зьдзекліва): Дахаты? А што там будзе? Вы мне пакажаце цыцкі… эээ, выбачайце… цацкі, як заплакаўшаму дзіцяці? Я ж, па-вашаму, дзіця…

Вярхоўская (загадкава, строіць яму вочкі): Так… Можа быць, пакажу… дзіўныя цацкі…

Тугоўскі (нейкі час вагаецца, раздумвае): Цацкі? Не… Тады… (Непераканаўча.) Тады вельмі дзякую. Які я ні ёсьць, а вашай жаласьці не патрабую, і дзіцём я не хачу быць. (Ледзь ня плачучы.) Бывайце… У даўніх апавяданьнях герой перад расставаньнем прасіў ад сваёй гераіні які-небудзь талісман на дарогу і паміраў зь імем каханай на вуснах. Праўда?

Вярхоўская: Праўда! Толькі каб не выглядала вельмі смешна…

Тугоўскі (нерашуча): Так, можа быць… і без талісману… Калі-небудзь у турме я буду думаць аб вас. Ну, бывайце.

(Працягвае ёй руку.)

Вярхоўская: Памятайце, калі вы ўжо сталі на такі шлях, будзьце больш цвёрдымі і адважнымі. Жадаю вам поспеху.

(“Ён ня вытрымаў. Прыцягнуў яе да сябе, апошні раз пацалаваўшы яе гарачыя вусны…”)

Тугоўскі: Дзякуй. Вось вам на разьвітаньне ксэракопія маёй кніжкі. З аўтографам…

Вярхоўская: “Дарагой Галене Ўладзімераўне – ад героя беларускага супраціву Пётры Тугоўскага”.

(Вярхоўская плача, прыціскаючы да грудзей кніжку. Тугоўскі сыходзіць. Зьяўляецца Загорскі, пераймаючы ў Тугоўскага валізу.)

Загорскі: Галена, а вось і я! Бажэна мяне выгнала! Я ўвесь твой! (ставіць валізу). Ты не паверыш! Я перажыў цэлую трагедыю. Разьбіта маё жыцьцё і каханьне. Чэшка мяне прагнала. Прыехаў яе брат-інжынер і зазначыў мне, што я павінен выбрацца падабру-паздарову, адкуль прыйшоў, інакш падасьць на мяне ў суд за шантаж. Ну што ж, сабраў свае інструмэнты ды вось і еду. На тое мы эмігранты, каб раз’язджаць... Цяпер я іграю бадзяжным музыкантам па рэстаранах...

Вярхоўская (гістэрычна): Так вам і трэба, здраднікам!

Заляпляе яму поўху кніжкай Тугоўскага. Загорскі сядае на валізу з выглядам пабітага сабакі.

Сцэна 13. ЭПІЛЁГ

Вярхоўская (да публікі): Такой была мая апошняя сустрэча зь Пётрам Тугоўскім... Ці, дакладней – перадапошняя. У апошні раз я спаткала яго ў трамваі па дарозе на вакзал, – але ён зрабіў выгляд, што мяне не пазнаў... Я тады так пакрыўдзілася... І толькі цяпер я разумею, што гэта была кансьпірацыя... (Захіляе твар рукамі.)

Голас Тугоўскага: Ты забылася яшчэ расказаць пра сустрэчу на пляжы! І пра нашыя любошчы! Пра тое, як я заразіў цябе сіфілісам! Які быў падхапіў ад афіцыянткі!

Вярхоўская (са сьлязьмі ў голасе, перакрыкваючы Тугоўскага): Усё жыццё ён аддаў беларускаму руху, а чаго дасяг… Памёр, не дайшоўшы да зямлі абяцанай, памёр дзесьці ў пустыні, адзін, пакінуты дзікім птушкам і звярам, як падаль… Роджаны пад Сатурнам… Без дыплёму, у росквіце сілаў, ня маючы магчымасьці вярнуцца на Бацькаўшчыну, якую ён хацеў бачыць квятучым садам. (На сцэну пачынаюць выходзіць усе астатнія пэрсанажы, апроч Тугоўскага.) Хіба гэта не няшчасьце? Хіба гэтыя людзі не радзіліся пад няшчаснай плянэтай Сатурн? Хіба ня цягне іх гэты пракляты Сатурн да магілы, калі яны самі цягнуцца да жыцьця? А колькі іх? Колькі іх у Празе, што імкнуцца, можа быць, шчыра, да палепшаньня свайго палажэньня і нават цэлага народу, церпяць фіяска ў разгар сваёй працы? Колькі іх, гэтых працавітых павукоў, павуціну каторых так бязьлітасна зьмятае мятла выпадку? Я пачынаю думаць, што мы ўсе тут, у Празе, — роджаныя пад Сатурнам, што ўсе мы загінуўшыя для Бацькаўшчыны людзі… (У яе пачынаецца гістэрыка, студэнты бяруць яе пад рукі, абмахваюць веерам, б’юць па шчацэ й г.д. Вярхоўская працягвае крычаць, як Касандра.) Хто выйдзе прарокам з нашага пражскага Назарэту? Ніхто! Большасць з нас пакладзе свае косьці на чужыне, меншасьць будзе стыдацца апрануцца ў бацькавы кажух, бо ён сьмярдзіць! Так пройдзем мы, пражане, па сьвеце, як пыл, — не нацешыўшы нікога ні сваім росквітам, ні сваёй моцай, толькі жаласьцю ці пракляцьцямі!..

Тамашэвіч: Грамадзяне, грамадзяне! (Вярхоўскую адпускаюць.) Я ўсё ж такі думаю, што і наша зямля можа радзіць быстрых розумам Ньютонаў і Плятонаў. Я думаю, што і ў нашай грамадзе ёсьць людзі, якія могуць быць прарокамі… (Папраўляе гальштук; відавочна мае на ўвазе сябе.) Такім чынам, дзякуй спадарычне Вярхоўскай за ейныя кранальныя словы. Хто яшчэ мае што сказаць пра нябожчыка?

Студэнтка мэдыцыны: Пётра Тугоўскі быў найпрыгажэйшым мужчынам у нашае грамадзе!

Серада: Пётра Тугоўскі ня быў мне вінаваты ні кроны!

Бурак: Пётра Тугоўскі заўжды даваў мне сьпісваць на занятках!

Тамашэвіч: А зараз давайце паслухаем, што думаў нябожчык пра ўсіх нас. (Падыходзіць да магнітафону і ўключае гук.)

Голас Тугоўскага: Як дзіўна створаны ўсе гэтыя маленькія людзі, усе гэтыя тэхнікі Жукі, Буракі, Малевічы! Яны мяняюць свае адносіны залежна ад поспеху чалавека. Яны лашчацца, яны каля яго, пакуль грыміць слава, пакуль чалавек ідзе ўгару і высока нясе сваё імя... Эх, хацелася б кінуць у іх вочы ганебны крык з горыччу і злосьцю, але чалавек прымушаны маўчаць, ён прымушаны цярпець іх насьмешкі…

(Тамашэвіч выключае запіс і пляскае ў ладкі. Усе яго неахвоча падтрымліваюць.)

Загорскі: Спадарства, сказаць мушу я! Вы ня ведаеце галоўнага! Рэч у тым, што гэта я быў самым блізкім да Тугоўскага чалавекам!

Усе (зьдзіўлена): Што-о? А кім? Братам?

Загорскі: Ягоным альтэр-эга! Я заўжды зайздросьціў ягонай удумлівасьці, чалавечнасьці, дабрыні, а ён зайздросьціў маім грошам і мужчынскаму шарму. Насамрэч, я ведаў Пётру з малых гадоў. Мы разам гадаваліся ў Дзьвінску. Ягоная маці служыла ў маёй маці пакаёўкай і прала нам бялізну... У мяне была цацка, маленькі аўтамабіль – ён любіў яго гэтак жа, як і я, толькі належаў ён мне...

Голас Тугоўскага з магнітафону: Маўчы, сабака!

(Тамашэвіч спалохана адскоквае ад дынаміка.)

Я табе пакажу плебея!

Загорскі (падыходзіць да магнітафону, зь якога гучаў голас Тугоўскага, і выключае яго): Няма дзіва, што нашыя шляхі зноў перасякліся ў Празе. Мы былі зь ім, як дзьве душы ў Гарэцкага. Нават кахалі адную і тую ж дзяўчыну! Скажыце, ці можа быць большая еднасьць?

(Становіцца на калені перад Вярхоўскай.)

У імя свайго памерлага сябра я прашу тваёй рукі, Галена! Ты згодная стаць маёй жонкай?

Вярхоўская (круцячы адмоўна галавой): Так!..

Усе: Горка, горка! Чалавек – гучыць горка!

(Вярхоўская з Загорскім цалуюцца ўзасос.)

Тамашэвіч: Грамадзяне, а як мы ўсё-ткі ўшануем памяць Тугоўскага?

Бурак: Адкрыем яму мэмарыяльную шыльду!

Вярхоўская (адрываючыся на момант ад вуснаў Загорскага): Выдадзім уласным накладам "Споведзь самагубцы"!

Серада: Паставім у ягоны гонар спэктакль!

Тамашэвіч: Выдатныя прапановы! Давайце за іх галасаваць. Хто "за"?
(Галасуюць.) Адзінагалосна! А цяпер, грамадзяне, у гонар нашых маладых, зайграем "Лявоніху"!

(З магнітафону гучыць “Лявоніха”. Загорскі бярэ пад рукі Вярхоўскую, астатнія пэрсанажы таксама разьбіраюцца па парах і ўтрапёна танчаць, хто як умее, бяз ладу і складу, бы ў ліхаманцы – літаральна “да ўпаду”.)

2011, 2017

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Тамашэвіч: Кажуць, грамадзяне, што беларусы – не нацыянальнасць. Але давайце разбяром навукова пытанне аб нацыянальнасці...
Усе: Ды ну на фіг... Балалайка, ты закалупаў...

Пераклад:
Макс Шчур

Да кожнай няўдачы
я магу ставіцца толькі як да частковага вызваленьня
Вызваленьня ад забабонаў ад марных намаганьняў
ад фальшывых абавязкаў прымусу
ад перасьцярог страху трывогі і сораму
ад крывадушнасьці і гвалту над сабой
ад самападману няпраўды і хлусьні

АЛЕСЯ
(спявае, на матыў песні «Муры»)

Яўпат Няўпад сядзеў на муры,
Яўпат Няўпад кульнуўся згары.
Дзе ў яго ручкі, ножкі, вушкі,
Паспрабуй ты разбяры.

Пераклад:
Макс Шчур

Настане час у ноч сысьці мне —
што ж, я гатовы! Пагатоў
«Ты сыдзеш», кажа мне ў лаціне
птах ibis зь нільскіх берагоў.