П’еса для студэнцкага тэатру паводле раману В. Вальтара “Роджаныя пад Сатурнам”
Асобы
Галена Вярхоўская
Пётра Тугоўскі
Кірыла Бурачэўскі
Загорскі
Тамашэвіч
Станкевіч, ён жа Старшыня
Бурак
Серада
Алена, студэнтка мэдыцыны
Бажэна
Афіцыянтка
Голас Астральнага Чалавека
Голас пакаёўкі
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
Сцэна 1. ПРАЛЁГ
На сцэне – усе пэрсанажы апроч Тугоўскага і Вярхоўскай.
Тамашэвіч: Грамадзяне! Вы чулі навіну? Знайшлі Тугоўскага!
Усе: Знайшлі? Дзе?
Тамашэвіч: У Карпатах!
Усе: Жывы?
Тамашэвіч: Не. Замёрз у гарах.
Усе (сьпярша ня ведаюць, радавацца ці гараваць. Урэшце ўздыхаюць, нібыта жалобна – насамрэч, з палёгкай:) Аёй-аёй... Якое няшчасьце...
Бурак (круціць галавой): Казаў я яму – апранайся як сьлед.
Серада: Ня езьдзі на лыжах бяз шапкі...
Тамашэвіч: Вось усё, што ад яго засталося. (Паказвае сшытак.) "Споведзь самагубцы". Кніга для ўсіх!
(Усе кідаюцца да кнігі.)
...і ні для каго!
Усе: А-а... (Пачынаюць разыходзіцца.)
Тамашэвіч: Як той казаў – як яго – Заратустра! А вы што падумалі? (Глядзіць па баках у разгубленасьці.)
Вярхоўская (выходзіць на авансцэну, да публікі, урачыста): З усіх беларускіх студэнтаў у Празе гэтую кнігу чытала толькі я – Галена Вярхоўская. І ня проста чытала. Я нават ведаю напамяць асобныя яе разьдзелы...
(Усе пэрсанажы зноў сыходзяцца ў гурток, уважліва слухаюць.)
Напрыклад…
(Спрабуе згадаць, але ёй гэта не ўдаецца – тады яна забірае ў Тамашэвіча сшытак, гартае яго, знаходзіць патрэбную старонку й чытае “замагільным” голасам, як дзіцячую страшылку.)
"Сёння ўночы, у 12 гадзін, да мяне прыйдзе прыгожая паненка ў белым, імя якой — Смерць. Яна пацалуе мяне і ахопіць мяне ў свае абоймы. Я пачую яе моцнае дыханне і яе смех. І я скажу ёй у яе абоймах: “Я не хачу чакаць таго часу, калі ты, Смерць, паклічаш мяне. Я сам іду да цябе, я ляту ў твае абоймы. І скажа мне прыгожая Смерць: “Мілы мой, любы. Бачу, ты шчыра пакахаў мяне. Вазьмі моцную вяроўку, абві каля свае шыі і падыміся разам са мной на моцны сук. Я абдыму цябе моцна за шыю, і мы так заснём, і будзем калыхацца на суку. Сосны будуць спяваць нам свае гімны."
(Усе пляскаюць у ладкі. Вярхоўская патэтычна працягвае:)
Як толькі я даведалася пра тое, што Пётра Тугоўскі замёрз у Карпатах, мне стала шкада, што мая шчырая сяброўская любоў больш не зможа яго сагрэць, і што я так мала была знаёмая з ім. На жаль, нават нашу першую сустрэчу я прыгадваю цьмяна. Адбылася яна неўзабаве пасьля таго, як я прыехала зь Вільні вучыцца ў Прагу.
Сцэна 2. У СТАРШЫНІ
Голас пакаёўкі: Спадар старшыня, да вас тут грамадзянін Тугоўскі...
Старшыня (за сталом, нешта піша): Ага...
Голас пакаёўкі: І грамадзянка Вярхоўская зь Вільні.
Старшыня (рэзка прахапляецца): Вярхоўская! Зь Вільні! Прасіце, прасіце...
(Уваходзяць з аднаго боку Тугоўскі, з другога – Вярхоўская з валізай.)
Старшыня (кідаючыся да Вярхоўскай, паціскае ёй руку, радасна): Галена Уладзіміраўна! Прыехалі? Ну дзякаваць Богу!
Вярхоўская: Напэўна, не чакалі мяне?
Старшыня: Як жа? Чакалі, яшчэ як… Вы нам вельмі патрэбны былі. Вам не хацелі выдаць стыпендыі, таму што вас не было ў той час у Празе, але я пастараўся абараніць вас. Вам ужо ёсць стыпендыя.
Тугоўскі: Спадар старшыня! Я вельмі патрабую пагутарыць з вамі. Можа, удзеліце мне пару мінут. Пытанне майго жыцця і смерці…
Старшыня (Тугоўскаму, ня гледзячы на яго): Пачакайце крыху. (Да Вярхоўскай.) Я толькі што з міністэрства. Стыпендыю можаце атрымаць ужо заўтра, у Чэшска-Украінскім камітэце! А што датычыць паступлення ва ўніверсітэт, дык вам дапамогуць вашыя сябры.
Тугоўскі: Так як жа, пане старшыня, магу я ўсё ж спадзявацца калі-небудзь на стыпендыю?
Старшыня (неахвоча): Так… абавязкова, грамадзянін, абавязкова. Праз месяц будзеце мець стыпендыю. Ну, самае большае — праз два…
Тугоўскі (уподсьмех, дражнячы): Можа быць, праз тры… Можа быць, тагды, калі якраз спыняцца заняткі ва ўніверсітэце?
Старшыня (злосна): Гэта не ад нас залежыць. Гэта залежыць ад чэшскага ўрада. (Да Вярхоўскай.) І на які ж вы думаеце паступіць факультэт?
Вярхоўская: Я? (Ганарліва.) Вядома, на філасофію!
Тугоўскі (нібы толькі цяпер заўважае Вярхоўскую. Да публікі): На філасофію! Гэтая прыгожая жанчына мае яшчэ мазгі Саламона. Такую бы пацалаваць раз — і памерці!
Вярхоўская (тонам выдатніцы гаворыць даўно завучаныя фразы): Я не належу да тых, якія глядзяць на навуку як на дойную карову. Я ведаю, што ў вас тут усе толькі тэхнікі ды медыкі. А між тым на Бацькаўшчыне патрэбны грамадскія працаўнікі, знаёмыя з гісторыяй. Я думаю аддаць усе сілы барацьбе за вызваленне беларускага народу. А калі гэтага будзе патрабаваць справа — я заўсёды змагу быць міласэрнай сястрой. (На слове “міласэрнай” строіць вочкі Старшыню.)
Тугоўскі (злосна, падыходзіць да Старшыні й бярэ яго за плячо): А ўсё ж дазвольце вас запытаць, пане старшыня! Чаму вы прынялі на маё мейсца некалькі эмігрантаў з Балгарыі? Такога Шабунеўскага, напрыклад… Ці ведама вам, што яны беларусы? І ці ведама вам, што яны не сёння, дык заўтра пяройдуць у расейскі камітэт?
Старшыня (падае Тугоўскаму сьпіс, ня гледзячы на яго): Вось папера, бачыце. Вы стаіцё ў спісе, але вам адмоўлена… (Замілавана, да Вярхоўскай.) Дык кажаце, міласэрнай сястрой?
Вярхоўская: Я расла ў абставінах поўнай свабоды. Мой бацька-поп...
Тугоўскі (да публікі): Дачка папа!
Вярхоўская: ...ніколі не хадзіў за мной па слядах і ніколі не пярэчыў мне, таму што вельмі любіў мяне. Пры тым трэба зазначыць, што я вырасла і мой ідэал аформіўся ўжо ў часе рэвалюцыі. Я вырасла на кнігах Пісарава, Чарнышэўскага, Маркса. У Харкаве, куды мы пераехалі пад час вайны, на мяне вялікія ўплывы мелі педагогі, першымі вітаўшыя рэвалюцыю. Потым я прыняла чынны ўдзел у грамадскай справе і была старшынёй рады старастаў нашай гімназіі.
Тугоўскі (да публікі): Я думаю, дзе я яе бачыў! Яна была ў Харкаве ў эвакуацыі, як і я! Гэта знак лёсу!
Старшыня (беручы валізу Вярхоўскай): А як у вас з кватэрай? Калі няма, дык пакуль што ў мяне… Можаце паставіць хаця б свае рэчы.
Вярхоўская (забірае ў яго валізу): Не… Не… Дзякую. У мяне тут ёсць знаёмыя студэнты і студэнткі. Я ў іх...
Старшыня (разгублена): Можа, будзеце ў нас абедаць?
Тугоўскі (разводзіць рукамі): Ды я б з задавальненьнем…
Вярхоўская: Не, дзякую, я абедала. Гэта ўсё?
Тугоўскі (злосна): Да пабачэньня, пане старшыня! Я ўжо нічога ад вас не хачу!
(Гучна “грукае дзьвярыма”, але за імі тут жа спыняецца і падслухвае.)
Старшыня (да публікі): Ну, не хоча, дык што будзеш рабіць? (Да Вярхоўскай.) Ах, пачакайце, я зусім запамятаў. (Ідзе да стала, корпаецца ў паперах.) Ёсць тут у нашай Грамадзе чалавек па прозвішчы… Тугоўскі! (Моршчыцца, быццам прагучала нешта агіднае.) Вы мо не ведаеце? Не? Кажуць, што ён дзесьці загінуў, што яго ўжо няма ў Празе… Ён нідзе не паказваецца, ніколі не бывае ў Студэнцкім доме, словам — прапаў чалавек і толькі…
(Тугоўскі, які да гэтага моманту падслухваў, абурана сыходзіць.)
Я вельмі хацеў ведаць, што з ім, бо яму якраз цяпер з вамі выпісана стыпендыя. Дык вось, да вас мая вялікая просьба: расшукайце яго якім-небудзь чынам праз студэнтаў. Яны, напэўна, ведаюць, дзе ён, і паведаміце, што ў яго ёсць стыпендыя. Няхай ён зойдзе да мяне.
Вярхоўская: Добра… Тугоўскі яго прозвішча? Так, я пастараюся. Добра. Да пабачэння!
(Да публікі.) Натуральна, ніякага Тугоўскага я шукаць не зьбіралася. Мне проста было патрэбна, каб старшыня адчапіўся ад мяне са сваімі лёстачкамі. Але неўзабаве я выпадкова дачулася, што Тугоўскі жыве ў інтэрнаце, у адным пакоі з сваім земляком Янам Загорскім, студэнтам мэдыцыны.
(Сыходзіць.)
Сцэна 3. ІНТЭРНАТ
Сьціпла абсталяваны пакой: стол і два крэслы. Загорскі каля люстэрка, завязвае гальштук (да бясконцасці). Уваходзіць Тугоўскі.
Тугоўскі (Загорскаму): Не відаць мне стыпендыі... Яны мяне ўжо ў мёртвыя залічылі. Я для ўсіх – пустое месца!
(Нейкі час стаіць у чаканьні рэакцыі Загорскага, але той не зьвяртае на яго ўвагі.)
(Да публікі.) Што рабіць? Можа, застрэліцца? Толькі дзе ўзяць рэвальвэр? З другога боку – такую дзеўку спаткаў!.. Здаецца, я калісьці яе ўжо ў Харкаве бачыў! Гэта невыпадкова! У жыцьці няма выпадковасьцяў! Скажы, Загорскі?
Загорскі (абыякава): А-а, Тугоўскі! Кінь! Хадзем на рандку!
Тугоўскі (да публікі, сядзіць за сталом): Загорскі стаяў перад люстэркам і завязваў свой модны і дарагі гальштук. Ён належаў да тых людзей, якія думаюць больш аб фраках, смокінгах, вясёлых балах, чым аб якіх-небудзь ідэях. Медыцына яго цікавіла пастолькі, паколькі яна давала яму магчымасць жыць у Залатой Празе, дыхаць шумным паветрам вялікага места. Як музыкант ён прыймаў удзел у розных квартэтах і часта іграў па розных карчомках. Капрызная фартуна какетліва ўсміхалася яму і пасылала прыемнасці жыцця. Гэты прадстаўнік «залатой моладзі» прывык глядзець на жыццё як на жанчыну з рэстарана, якая за грошы рассыпае ласкі. Я доўга глядзеў на яго працу над сваім туалетам, нарэшце не вытрываў і прамовіў:
(Да Загорскага, гледзячы на кішэнны гадзіньнік.) Але вы тры гадзіны праводзіце перад люстэркам, як Венера, збіраючыся на баль!
Загорскі: Слухайце, не вынасіце на паказ старых рэчаў: мне здаецца, яны крадзеныя. (Тугоўскі чырванее і сканфужана хавае ў кішэню гадзіньнік.) Мне здаецца, вы адкульсьці ўкралі... гэтыя словы.
Тугоўскі (да публікі): Загорскі ніколі не лез за словам у кішэню. На славеснай дуэлі з ім цяжка было справіцца. (Да Загорскага). Давайце пагутарым сур’ёзна, грамадзянін Загорскі. Вы вось медык, не раз і не два пападалі ў трупны пакой, каб застацца адзін на адзін з трупам...
(Загорскі пазірае на яго так, быццам Тугоўскі мае на ўвазе сябе. Тугоўскі вывозіць з-за кулісаў на каталцы прыкрыты прасьцінаю “труп”. Загорскі тым часам сам загортваецца ў белую прасьціну, нібыта зьбіраючыся стрыгчыся ці галіцца. Бярэ нажніцы, падроўнівае вусікі.)
Тугоўскі (штурхаючы каталку): Скажыце, ці не задумваліся вы тады над пытаннямі жыцця і ці не рабілася вам тады крыху жудка ў гэтым суседстве ашчэраных чарапоў?
Загорскі (парфумуецца): Не, я нічога гэтага не перажываў. Я стараўся хутчэй працаваць анатамічным ножыкам. (Робіць у паветры пару рухаў небясьпечнай брытвай.) Асістэнт па анатоміі пахваліў мяне й сказаў, што з мяне выйдзе добры доктар.
(Падыходзіць да цела пад прасьцінай, становіцца сьпінай да публікі і пачынае ў ім корпацца. Цягам далейшага дыялёгу ён пэрыядычна вымае з-пад прасьціны нейкі кавалак мяса – нешта чырвонае – і адкідае ўбок, за кулісы. Тугоўскі паводзіцца, як ягоны асыстэнт цягам апэрацыі – стаіць з падносам і падае яму то нажніцы, то брытву, то кухонны нож і д. т. п.)
Загорскі (“апэруючы”): Трэба вам наогул зазначыць, што медыкі менш усяго філасафуюць. Яны глядзяць, што смерць — гэта проста загана якой-небудзь матэрыі, смерць якіх-небудзь матэрыяльных клетак, якія мы можам пабачыць пад мікраскопам сваімі ўласнымі вачыма, і ўсё.
Тугоўскі (зазіраючы праз плячо Загорскаму): Значыць, па-вашаму, нічога няма там?
Загорскі (адкідаючы кавалак мяса): Гэта мы прапануем вырашаць гадалкам, папам і ксяндзам, старым у футлярах забабонаў.
Тугоўскі: Значыць, калі так, то скончыць жыццё самагубствам — простая штука! Раз там, на небе, нічога няма, дык узяў узвёў курок — і ўсё…
Загорскі (з паўзамі, “зашываючы”): Самагубства — гэта… іншая рэч. Па-мойму, самагубства… часцей усяго бывае… самагубствам.
Тугоўскі (падыходзячы бліжэй да авансцэны, хутчэй да публікі): А калі ў чалавека самагубства ідэйнае? Калі ён, паглядзеўшы жыццё ад пачатку да канца, пабачыў нейкую заканамернасць ува ўсім, пабачыў, што ўсё жыццё не выпадкова, што ад самага маленства да старасці чалавека вядзе нейкая сіла акрэсленымі дарогамі — аднаго да шчасця, а другога да няшчасця, калі, нарэшце, сабраўшы ўсе жыццёвыя факты, ён стварае тэорыю шчасця і няшчасця ў жыцці і бачыць, што тэорыя няшчасця пацвярджаецца, тады скажыце — нашто яму жыць?
Загорскі (перабівае): Ну, ведаеце што… Выбачайце, я не маю часу з вамі больш гутарыць. Але я вам раджу з вашай тэорыяй звярнуцца ў Інстытут псіхічных доследаў. (Адкідае пакрывала.) Прашу, мадмуазэль!
(Тугоўскі сыходзіць, адвозіць каталку.)
Сцэна 4. РЭСТАРАН
Вярхоўская (устае з-пад пакрывала, Загорскі падае ёй руку): Выбачайце, тут жыве грамадзянін Тугоўскі?
Загорскі: Не, ён тут больш не жыве, ён памёр для гэтага сьвету. (Сьмяецца з уласнага жарту.) Спадарычна Вярхоўская? Хадземце, я пакажу вам Прагу. Хоць вы і сацыялістка, а вас трэба ўвесці ў буржуазны рэстаран. Вы ж з добрай інтэлігентнай сям’і, і гэты сацыялізм і беларускасць у вас толькі налёты. Пачакайце… Трэба вас увесці ў чэшскае грамадзтва. Афіцыянт!
(Уваходзіць Тугоўскі, апрануты афіцыянтам (белая прасьціна завязаная ў яго вакол пояса), штурхае перад сабою каталку: на ёй паднос з бутэлькай віна й два фужэры. Ён накрывае такой жа белай прасьцінай стол, ставіць на яго фужэры, разьлівае віно. Цягам наступнай сцэны ён увесь час завіхаецца побач з падносам, нібы працуючы, насамрэч – прыслухоўваючыся да гутаркі і назіраючы за Вярхоўскай.)
Загорскі: Давайце будзем гутарыць на «ты». Тут досыць прыемна. Слухай, ты любіш палітыку… Так вось, пагутарым. Ты кажаш, што не можна завесці сацыялізму, пакуль няма капіталізму. Дык вось, па-мойму, трэба спачатку на Беларусі заводзіць паноў і купцоў. А потым іх абрабаваць.
Вярхоўская: Рабуй награбленае! (Сьмяецца.)
Загорскі: Але я ўсё ж ткі не разумею. Які ж ты думаеш будаваць на Беларусі сацыялізм?
Вярхоўская (хапаючыся за галаву): Ай, слухай, у мяне ад гэтага віна галава круціцца. Я нічога не магу думаць.
Загорскі (сьмеючыся): Кінь думаць, ты павінна думаць аб адным: аб сваіх жаночых справах… Вось ножкі ў цябе прыемныя.
(«І ён лоўкім рухам падняў яе ўбранне»: Загорскі падымае белую прасьціну, засьцеленую на стале, нібы спрабуючы ўхапіць Вярхоўскую за нагу.)
Вярхоўская (узвышаючы голас): Ну… Не забывацца! Шмат ты пачынаеш дазваляць сабе!
(Тугоўскі, задаволена ўсьміхаючыся, дапамагае ёй устаць з крэсла. Вярхоўская хістаецца.)
Загорскі (сьмеючыся): Ого, тады ты не марксістка! Марксісткі прызнаюць свабоднае каханне, а ты нейкая статуя з кляштару...
Вярхоўская (падпітым голасам): Зараз я вярнуся й пакажу табе, якая я статуя… (Выходзіць на авансцэну, мяняецца ў твары.)
Вярхоўская (да публікі, цьвярозым голасам): Нягледзячы на тое, што Загорскі, у адрозьненьне ад мяне, ня быў сацыялістам і патрыётам, я пачувала сябе зь ім упэўнена і прыемна. Ён ведаў, як паводзіць сябе на людзях. Да таго ж, ён быў будучым доктарам!
(Абарочваецца й паказвае ў бок Загорскага рукой, з жэстам балярыны, пасьля сыходзіць.)
Сцэна 5. ІНСТЫТУТ ПСЫХІЧНЫХ ДОСЬЛЕДАЎ
Загорскі (з бадуна, з хвораю галавой) апранае белы халат, потым дастае і ставіць на стол надпіс: «Інстытут псыхічных досьледаў».
Загорскі: Увайдзіце! (Бачачы Тугоўскага, захіляе твар рукамі.)
Тугоўскі: Доктар, скажыце: дзе ў чалавека знаходзяцца крыллі?
Загорскі: Сядайце.
(Тугоўскі сядае. Загорскі ўстае, дастае з кішэні халату лінейку, пачынае мераць чэрап Тугоўскага.)
Тугоўскі (пераможна): Ня ведаеце? Крыллі знаходзяцца ў мозгу! У мозгу пачынаюцца ўсе палёты, ад мозгу залежыць якасць народа, але ад чаго залежыць якасць мозгу? Я бачыў калісьці фатаграфію мозгу ангельскага пісьменніка Шэкспіра і простага ангельскага работніка. Мозг быў аднолькавых размераў, але ў Шэкспіра звіліны ішлі правідловымі і выразнымі лініямі, у той час як у работніка яны былі невыразныя і зусім не правідловыя. Дык ад чаго залежыць праца мозгу — ад звілінаў, ці ад іх колькасці, ці, можа, ад якіх-небудзь іншых прычынаў?..
Загорскі: На канапу!
(Уваходзіць Вярхоўская, пераапранутая мэдсястрой, штурхае ўсё тую ж каталку. Тугоўскі кладзецца на «канапу». Загорскі дае яму тэрмомэтр, сам сядае за стол. Вярхоўская тут жа ўскоквае да яго на калені, яны пачынаюць абдымацца й цалавацца.)
Загорскі (у перапынках між чмоканьнем): Расказвайце… што вас… непакоіць.
Тугоўскі (лежачы): Мяне непакояць мазгі, доктар. Кажуць, што ў геніяльнага нямецкага матэматыка Гаўса мозг важыў больш за ўсіх вядомых дагэтуль мазгоў — каля 3-х кілаграмаў; у маскоўскага пісьменніка Тургенева — каля 2-х з паловай, а ў італьянца Дантэ, вядомага на ўвесь свет сваёй «Боскай камедыяй» — толькі 1,5 кілаграма. (Рэзка падымаецца на «канапе», да публікі.) Зразумела, што такі чалавек, галава якога ледзь трымаецца пад цяжарам 3-х кілаграмаў, павінен быць геніяльным. Значыць, з другога боку, праца мозгу залежыць ад яго вагі. (Загорскі тым часам кладзе Вярхоўскую на стол.) Кажуць яшчэ, праца мозгу залежыць ад маленькай жоўтай матэрыі, называемай мазжачком. Хто ведае? Самі вучоныя, здаецца, на гэтыя пытанні не могуць нічога адказаць пэўнага. (Тугоўскі ўстае з «канапы» й пачынае хадзіць па «кабінэце» Загорскага, нібы разважаючы ўголас.) І дурань, і мудры нічога не ведае. Яшчэ Сакрат сказаў: «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю». Але як бы там ні было, палёты людскія і парода людзей залежаць ад мозгу. (Загорскі зь Вярхоўскай пачынаюць гучна стагнаць, Тугоўскі вымушаны іх перакрыкваць.) І, можа быць, праз 300 гадоў хтосьці прыдумае такія праменні, як зараз рэнтгенаўскія, якія праходзяць праз чарапны кошык і адразу паказваюць, што гэты чалавек будзе вераб’ём, гэты — каршуном ці сакалом… Можа быць, тады вераб’ёў будуць нішчыць, як непатрэбных? Тады запануе толькі здаровая, разумная людскасць і жыццё стане прыгожым. Аб гэтым нават думае новая навука. Але пакуль гэтага няма. Вераб’і жывуць і спакойна сабе чырыкаюць…
(Падыходзіць да Загорскага, кранае яго за плячо, адкашліваецца.)
Кг-кг! (Вярхоўская ўстае і выбягае прэч.) Скажыце, доктар, а што ў мяне за хвароба? Можа, сіфіліс? Я чуў, што ў другой стадыі сіфілісу чалавек пачынае вар'яцець...
Загорскі (папраўляючы на сабе адзеньне, валасы й г.д.): У вас што, першая стадыя была?
Тугоўскі (чухаецца між ног): Здаецца, не. Я быў у лекара, але ён нічога тады не знайшоў. Аднак у мяне пэўнасці няма.
Загорскі (вядзе яго зноў да «канапы», кладзе): Гэта ўсё ад нерваў. (Бярэ тэрмомэтр, глядзіць на тэмпэратуру.) Па-мойму, у вас нічога няма.
Тугоўскі: Што значыць па-мойму? (прыпадымаецца на канапе) Вы няўпэўнены? Дзе ж тады аб’ектыўная пэўнасць? Можа быць, я нашу ў сабе бацылы, толькі іх не ўдаецца знайсці?
Загорскі: У вас ёсць адна нязначная хвароба, фактычна, яе і хваробай няможна назваць. Я б назваў яе па-французску, але вы па-французску не разумееце. Гэта хвароба ад таго, што вы даўно не мелі жанчыны…
Тугоўскі (радасна ўскрыквае): Праўда? Дык я здаровы? (Саскоквае з канапы.)
Загорскі: Ну, як вам сказаць... Каб вы аканчальна сталі здаровы, я магу вам прыпісаць толькі адно лякарства: жанчыну… (Сядае за стол і пачынае пісаць.)
Тугоўскі (сьмеючыся): Вельмі дзякую, доктар, але дзе яе ўзяць? Дзе ўзяць сапраўднае каханне, калі яго няма?
Загорскі (піша – насамрэч, выпраўляе надпіс "Інстытут псыхічных досьледаў" на "Інтэрнат псыхічных досьледаў"): Знайдзіце сабе якую-небудзь бабульку і жывіце з задавальненнем. Тут ужо медыцына бяссільна што-небудзь дапамагчы.
(Загорскі ставіць на стол выпраўленую таблічку і сыходзіць. Тугоўскі стаіць пасярэдзіне сцэны.)
Сцэна 6. ІНТЭРНАТ
Тугоўскі (да публікі, патэтычна): Я ўсё жыццё сваё шукаў сапраўднае каханне, але не мог знайсці. І вось – знайшоў! Перадавая жанчына, належыць да сацыялістычнага "Паступовага аб'яднаньня" – можа, і мы зь ёю паступова аб'яднаемся, га? (Рэзка мяняючыся ў настроі.) Але ж ведаеце, доктар, кажуць, яна кожны дзень гуляе з Загорскім. Можа, хутка і вясельле будзе. Але я ўсё-ткі пешчу сабе надзеяй, што калісьці яна зразумее маю душу, не прамяняе мяне на Загорскага. Няўжо яна адкіне мяне за тое, што я не элегантны, нялоўкі, як селянін у ботах, што трапіў у паркетную залю? Напэўна, яна зразумела б мяне, калі б я напісаў ёй пра свае сумненьні, што я радзіўся на сьметніку, але ўсё жыцьцё сваё цягнуўся да сонца... Ідэя! Можа, мне ёй напісаць? (Кідаецца да стала, пачынае пісаць.) "Прывет вам і паклон, сьвядомыя жанчыны! Як кахаю вас!" (Да публікі.) Я мог бы напісаць ёй, што кахаю яе за яе погляды, за яе «свецкасць», за тое, што ў яе яшчэ ёсць ідэалы і яна гарыць чымсьці вышэйшым, не так, як іншыя жанчыны, якія ўяўляюць з сябе толькі, кажучы груба, кавалак мяса, якому мейсца толькі на кухні… (Нейкі час прынюхваецца да водару «з кухні», з-за кулісаў.) Мяса… На кухні… (Раптоўна камячыць паперу, рэзка ўстае). Няўжо я ня варты яе? Ня варты яе каханьня?
Голас Астральнага чалавека: Не! Бо ты нарадзіўся пад Сатурнам!
Тугоўскі (сьмеючыся): Што вы, доктар, я нарадзіўся пад Дзьвінскам! (Абарочваецца.) Доктар? Хто гэта? Дзе вы? (Пачынае бегаць па пакоі і шукаць Астральнага чалавека.)
Голас: Уплыў планет на жыццё чалавека ёсць падобны ўплыву Месяца на марскія хвалі. І ўсё жыццё чалавека залежыць ад таго, пад якой планетай ён радзіўся. Радзіўся ён пад Сонцам — жыццё яго будзе светлым, радасным, шчаслівым; радзіўся ён пад Сатурнам — жыццё яго пойдзе па крывой арбіце, будзе нясталым, поўным непрыемнасці і напоўніць чалавека песімізмам і меланхоліяй. Павер мне, Астральнаму чалавеку... Людзі, якія радзіліся пад Сатурнам, звычайна не выносяць падуладнасці, не пужаюцца думкі аб сабе грамады, але разам з тым баяцца быць смешнымі, яны недаверлівыя, працавітыя, любяць земляробства і навукі, не любяць войны і жаўнераў…
Тугоўскі: Вось гэта правідлова! Я цярпець не магу ні вайны, ні жаўнераў…
Голас: Пачакай, слухай далей… Людзі, якія радзіліся пад Сатурнам, абыякавыя да сям’і і дзяцей.
Тугоўскі: А гэта неправідлова!
Голас: Людзі, якія радзіліся пад Сатурнам, цікавыя да ўсяго і разам з тым сумныя. Меланхолія заўсёды кладзе на іх твар сваю пячатку. Гэтыя людзі таксама нічым не задаволены, ні адна партыя не будзе ім да душы, ні адзін палітычны лад не задаволіць іх. Гэта вечна ўсім незадаволеныя, усё крытыкуючыя людзі, рэвалюцыянеры па духу!
Тугоўскі: Брава! Вось гэта правідлова.
Голас: Вы геніяльны чалавек, грамадзянін Тугоўскі. (Тугоўскі сьмяецца.) Так, не смейцеся, — запраўды геніяльны. Хоць Загорскі адаслаў вас у Інстытут псіхічных доследаў. Можа быць, часткай ён быў правы, бо геніяльнасць і вар’яцтва — вельмі родныя сёстры і для шмат звычайных людзей геній — не больш як вар’ят. Вы геній таму, што інтуітыўна, гэта ёсць самі, без дапамогі падручнікаў, сваім дзіўным сэрцам і студзёным, за ўсім паглядаючым розумам знайшлі вялікі закон жыцця: заканамернасць.
Тугоўскі: І што мне цяпер рабіць?
Голас: Пішыце!
Тугоўскі: Заяву на стыпэндыю?
Голас: Споведзь! "Споведзь самагубцы"!
Тугоўскі: Споведзь самагубцы? Гм… (Сядае за стол.) Не, я спачатку ліст напішу... (Абвяшчае.) "Ліст соснам". (Нібы дыктуючы сам сабе.) «Мілыя сосны! Сёння, калі прыгожы восеньскі дзень разалье сваю чырвоную кроў на захадзе, і калі ён пачне сінець, і калі наступіць вечар, у лес да вас прыйдзе чалавек, каб пагутарыць апошні раз. Ён скажа так: (Паўза. Ён відавочна заблытаны. Нібы пачынаючы спачатку:) “Мілыя сосны! Роўна 24 гады таму назад у маленькім месцы, у сям’і работніка, у склепе, радзіўся чалавек...”
Уваходзіць Кірыла.
Кірыла: З кім ты тут гутарыш? Усё пішаш? Ён усё піша, піша, і нагой усё калыша… Што ж ты пішаш такога? Дысертацыю якую-небудзь? Можна паглядзець?
Тугоўскі (суха): Не. Гэта ліст... Дахаты. (Хавае паперу ў кішэню.)
Кірыла: Тэк-с… Але ты спальню выбраў знамянітую. Відаць, тут нямала павукоў начуе… Вунь якія кросны насучылі яны.
Тугоўскі: Лепшай спальні ў Празе не знойдзеш, айцец Кірыла.
Кірыла: Ведаеш, а цябе шукаюць. Па ўсім горадзе! Не паліцыя, не, а Беларуская грамада. Ніхто не мог мне сказаць, дзе ты! Я толькі выпадкова цябе знайшоў…
Тугоўскі (сярдзіта): Не трэба было знаходзіць. Я яшчэ нічога ні ў каго не ўкраў, каб мяне шукалі.
Кірыла: Вось як… Табе дабра жадаюць, а ты надуваешся, як індык. Так ты, брат, у жыцці загінеш, і ніхто не захоча цябе падтрымліваць.
Тугоўскі: Я не прашу дабра ў людзей. Я ні ў каго нічога не прашу. Калі я й загіну ў жыцці, дык загіну… Ад гэтага нікому не будзе ні студзёна, ні горача. Я прашу пакінуць мяне ў супакоі. (Ідзе да «канапы», кладзецца на яе, накрываецца прасьцінай.) Мне ўжо абрыдла людская ўвага. Я ведаю цану людскому спачуванню.
Кірыла: Ды кінь ты. (Спрабуе сьцягнуць з Тугоўскага прасьціну.) Не накрывай на сябе плашча Гамлета — табе гэта зусім не падыходзіць. Такія Гамлеты, ведаеш, страляюцца… А страляцца, — цьху! — глупства. Тым больш, што табе жыццё ўсміхаецца. Другі на тваім месцы пацяшаўся б. Ведаеш, што табе прызначана стыпендыя, і не частковая нават, а поўная, з выдачай ботаў, касцюма і паліто? Ведаеш ты гэта?..
Тугоўскі (прыўстае): Стыпендыя? Поўная стыпендыя?!. Вельмі дзякую! (Зноў накрываецца прасьцінай і кладзецца.) Скажы ім, калі ласка, што яна мне не патрэбна.
Кірыла: Што ты, звар’яцеў? Табе не патрэбна стыпендыя? Нашто ты тады ехаў у Прагу? Я думаю, ты не герцаг які-небудзь, якому не патрэбна стыпендыя, не Загорскі які-небудзь, якому можа прыслаць матка з хаты. Ты з такой самай працоўнай грамады, як і я.
Тугоўскі (раззлавана прыўстае на “канапе”): Слухай, айцец Кірыла, не старайся мяне пераконваць. Я ўсё ўжо ўзважыў, усё падлічыў. Падвёў усе балансы ў той момант, калі быў адзін па начох у сваёй альтане. Ведаеш, ёсць моманты, больш важныя за хлеб, за ежу, за стыпендыю. Ёсць моманты, калі не хочацца ні піць, ні есць. Ты, напэўна, чуў, што ў турме часам арыштанты аб’яўляюць галадоўку? Так вось, брат: значыць, ёсць мукі і больш цяжкія, чым голад, ёсць так званыя й маральныя мукі. Вось гэтыя мукі прымушаюць мяне адмовіцца ад стыпендыі.
(Паўза, Кірыла круціць галавой, ня маючы слоў.)
Ты робіш зноў здзіўлены твар… Ну добра… Дапусцім, што я згаджуся атрымаць стыпендыю, стану студэнтам. Ну й што пасля гэтага? Жыць, калі ты чуеш поўны ўпадак сіл, калі ў цябе баліць сэрца, мучыцца свядомасць… Слухай, айцец Кірыла: жыць без таленту, без аднаго хоць якога-небудзь таленту, жыць разачараванаму ў самім сабе, жыць з пэўнасцю, што табе ўсё роўна нічога не ўдасца, згадзіся сам — немагчыма. (Зноў кладзецца на каталку і накрываецца прасьцінай.)
Кірыла: Цьфу! Адкуль ты ведаеш, што табе нічога не ўдасца? Бяры, што ты можаш зрабіць, бяры па сваіх сілах — і табе ўсё ўдасца. Каб табе нічога не ўдалося б — так-такі зусім, зусім нічога — гэта немагчыма. Ні адзін жывы чалавек гэтага не скажа. Калі ты так думаеш, тады ўжо ты, запраўды, нежывы чалавек, тады толькі рухомы труп. Тады я ў табе вельмі памыліўся.
Тугоўскі (адкідае прасьціну, ледзь ня плачучы): Так, айцец Кірыла, я стаў ужо трупам. Я — чалавек, катораму толькі што мінула 24 гады, стаў ужо трупам!.. Трагедыя, годная пяра Шэкспіра, праўда? А калі гэта так, дык нашто трупу яшчэ бадзяцца па свеце?.. Нашто яму стыпендыя?.. Няхай карыстаюць з яе тыя, хто яшчэ жывы, хто думае ў імя чагосьці разбіваць сабе галаву. Няхай твораць камедыю комікі, якія ўмеюць смяяцца…
Кірыла (бярэцца за каталку, пачынае вазіць Тугоўскага, як малое дзіця. Тугоўскі тым часам скручвае з прасьціны пятлю, каб павесіцца.): Так, брат, неўрастэнія ў цябе, вострая неўрастэнія. Можаш ісці да любога доктара: ён скажа табе тое самае. Ты думаеш, што кажаш страшэнна мудрыя рэчы. Ніколькі, выбачай. Твая, з дазволу казаць, філасофія не мае ў сабе нічога цікавага. Хоць бы што-небудзь годнае ўвагі, над чым трэба было б прызадумацца. Пустата… Пагляд на жыццё неўрастэніка.
Тугоўскі (саскоквае з каталкі на ногі, зь пятлёю): Паважаны айцец Кірыла! Ты толькі пацвярджаеш маю думку аб самім сабе. Чым далей, тым больш пераконваеш мяне, што мне жыць не варта… (Пачынае надзяваць сабе на шыю пятлю.)
Кірыла (раззлавана): Калі так, дык памірай! (Тугоўскі зь пятлёю на шыі залазіць на крэсла, спрабуе яе зацягнуць. Кірыла ад яго адварочваецца і ўвесь маналёг прамаўляе тварам да публікі, таму ня бачыць, што вырабляе Тугоўскі.) Я ў табе памыліўся. Я думаў, што ты з працоўных, з сялян ці работнікаў, што ты моцна, па-дзедаўску, гатоў чапляцца за жыццё, нягледзячы ні на якія мукі й болі. (Тугоўскі махае рукамі, нібы топіцца – задыхаецца.) Я думаў, што ты прыйдзеш у нашу грамаду і станеш у шэраг тых, хто гатоў гінуць за работнікаў, як кажуць, за вялікую справу ўсялюдскага кахання… А ты — інтэлігент, хворы інтэлігентнымі хваробамі. Такіх інтэлігентаў я цярпець не магу. Тады жадаю табе шчаслівай смерці, як і ўсякаму інтэлігенту. (Кіруецца прэч са сцэны.)
Тугоўскі (слабым голасам): Пачакай, айцец Кірыла… Пачакай…
(Кірыла паварочваецца, кідаецца да Тугоўскага, бярэ яго за ногі і садзіць у крэсла.)
Пагутарым па-сяброўску.
(Сядаюць за стол. Тугоўскі масіруе сабе шыю, потым пачынае акуратна згортваць пятлю.)
Ведаеш, ты нагадваеш таго чалавека, каторы зняў з пятлі самагубцу і зараз стараецца вярнуць яго да жыцця. (Моўчкі глядзяць адзін на аднаго: Кірыла не разумее, што мае на ўвазе Тугоўскі.) Але гэтаму самагубцу не так лёгка прымірыцца з жыццём: павінен прайсці пэўны час. Так і для мяне павінен прайсці пэўны час, пакуль я звольнюся ад уплыву маіх ідэй. Справа ў тым, што я радзіўся пад Сатурнам…
Кірыла (сьмеючыся): Кінь ты, не вер ніякім уплывам Сатурна! «Чалавек — гэта гучыць горда», разумееш?.. Горкага пачытай.
Тугоўскі (сумна): Ага. "Чалавек – гучыць горка".
Кірыла: Кожны — сам каваль свайго шчасця, і зусім (чыхае: а-а-апчхі!) начхаць на Сатурн. Бачыш, праўду кажу! Гэта тэорыя знайшла ў тваім «я» адпаведны грунт, таму што ты хворы інтэлігент. Але ўсё ж, думаю, пакалупаць цябе пальцам — дык усярэдзіне тваёй акажацца здаровы селянін. (Дастае пляшку гарэлкі і круціць ёю, вабячы Тугоўскага.) Не… Я цябе не пакіну. (Ставіць пляшку на стол. Тугоўскі робіць рукамі абарончы жэст.) А калі ты заўпарцішся, дык я пайду і заяўлю ў паліцыю пра тое, што ты толькі што збіраўся скончыць жыццё самагубствам. (Робіць уладны жэст рукой: Тугоўскі ўстае і прыносіць шклянкі.) Ты ў маіх руках! (Разьлівае гарэлку.) Зараз будзем адзначаць тваю стыпендыю! Станеш і думаць зусім інакш. За стыпэндыю!
(Куляюць па чарцы.)
Я цябе пазнаёмлю з паненкай. Дзіўная паненка, каб ты ведаў… Нядаўна толькі прыехала.
Тугоўскі: Ды ведаю я гэтую паненку...
Кірыла: Усе студэнты перасталі з-за яе вучыцца, далібог. Толькі й ходзяць да яе ў Студэнцкі дом фліртаваць. Яна выганіць з цябе ўсякую неўрастэнію! (Разьлівае зноў гарэлку.) Вылечыць з гарантыяй. У такіх выпадках, як у цябе, калі не хочацца ні піць, ні есці, адзінае лякарства — жанчына. Захочаш і піць (падымае чарку), і есці...
Тугоўскі: Гм… І доктар так казаў… Уласна, сёньня я першы раз пакаштаваў гэтае лякарства… Калі сустрэў яе ў Старшыні… Адну кроплю толькі, але думаю, што яна магла б мяне вылечыць!
Кірыла: Ну вось… Я так і думаў.
Тугоўскі (крыху падпіты): Імяніны бы якія-небудзь улаштаваць, ці што, і яе запрасіць… Можна будзе склікаць каго-небудзь з беларусаў на ўрачыстасць і яе запрасіць!
Кірыла: Усё ўжо ўлаштавана! Я акурат запрасіў усіх да цябе на кватэру, каб ты бліжэй мог з ёй пазнаёміцца… Інтымна, хе-хе…
Тугоўскі: Лоўка, айцец Кірыла, далібог, лоўка… Прыемнае, як кажуць, з карысным. Не дарма ты ў нас інжынер. Чалавечаскіх душ… А калі тыя імяніны?
Кірыла: Ды во зараз! Давай, сустракай гасьцей!
Сцэна 7. БЯСЕДА
Уваходзяць студэнты, нясуць сталы, крэслы, пляшкі, закусь і беларускі сьцяг.
Бурак: А Вярхоўская прыйдзе?
Кірыла: Вядома!
Бурак: Адна?
Серада: Дзе там адна – з Загорскім!
Кірыла: Ідзе, ідзе!
Тугоўскі: Вярхоўская?
Кірыла (спрабуючы жартаваць): Не – аўтар беларускага лемантара!
Серада: Тады не ідзе, а крывіньдзіляе...
Станкевіч (уваходзіць): Вітаю! Я аўтар беларускага лемантара. (Дастае нататнік.) Выбачайце, а што гэта за слова – "крывіньдзіляе"?
Серада: Так у нас на Віцебшчыне кажуць пра тых, у каго крывыя ногі.
Станкевіч: А-а!! (Запісвае ў нататнік.) Чакайце... А хіба ў мяне крывыя ногі?
Уваходзіць Тамашэвіч з студэнткаю мэдыцыны.
Кірыла: А вось і Тамашэвіч! Здароў, беларуская балалайка! Пачытаеш нам народныя казкі?
Тамашэвіч: Ну, калі дамы будуць ня супраць... (Цалуе ручку студэнтцы.)
Кірыла (ужо падпіты): Ну што, па адной для разагрэву?
Усе: Будзьма!
Бурак: Дарэчы, вы бачылі, якія ў гэтай Вярхоўскай (паказвае рукамі на грудзі)...
Тугоўскі: Вочы? Бачылі, бачылі...
Бурак: Што вочы! Ногі!
Серада (закусвае): Слухай, дзядзька Янка. Ты калісьці казаў, што абышоў усю Беларусь пехатой з торбай за плячыма. Скажы, калі ласка, ці сустракаў ты ўва ўсёй Беларусі хоць пару стройных жаночых ножак?.. (Студэнтка мэдыцыны робіць пакрыўджаную грымасу.)
Станкевіч (сярдзіта): У цябе толькі і стаяць у галаве жаночыя ногі.
Серада: Ой, які ты стары ўжо, дзядзька Янка. Ты не звяртаеш увагі на жаночыя ногі? Гэта не робіць табе чэсці як філосафу, дзядзька. Успомні: немец Гейнэ знайшоў, што ў немак ногі як палены, маскаль Пушкін пісаў, што ўва ўсёй Расеі не знойдзеш пару стройных ног. Ну, а скажы, як на Беларусі? Напэўна, у беларусак ногі — што дзве калоды? А вось у Вярхоўскай...
Кірыла (крычыць): Таўкачы! Сапраўды, беларусы ўсе таўкачы!
Бурак: Каралева! Да нас завітала каралева! (Студэнтка мэдыцыны адварочваецца і не глядзіць у той бок.)
Уваходзяць Загорскі і Вярхоўская. Усе паціскаюць ёй рукі.
Бурак: Бурак.
Вярхоўская: Вярхоўская.
Серада: Серада.
Вярхоўская: Вярхоўская.
Тамашэвіч: Тамашэвіч.
Вярхоўская: Вярхоўская.
Станкевіч: Станкевіч.
Вярхоўская: Вярхоўская.
Кірыла: Б-б-бурачэўскі.
Вярхоўская: Вярхоўская.
Студэнтка: Алена.
Вярхоўская: Галена.
Тугоўскі: Гамлет... Ээээ... Пётра.
Кірыла: М-можаце сесці побач з Аленай…
Вярхоўская: Дзякуй, я не хачу пакідаць кампаніі мужчын.
Серада, Бурак: Во гэта дзеўка! Гэта штосьці!
Кірыла (заікаючыся): Дазвольце мне абвясціць, што наша сённяшняя ўрачыстасць пачалася. Дазвольце мне падняць гэтую чарку за здароўе ўсіх, хто прыйшоў… Няхай жуе Беларуская грамада ў Празе!
Усе: Няхай жуе! (выпілі, пачынаюць закусваць)
Вярхоўская (да публікі): Тугоўскі не сядзеў за сталом. На яго былі пакладзены вельмі сур’ёзныя абавязкі лёкая, і ён бегаў з пакоя на кухню за гарэлкай і за-кускай.
Тугоўскі (лірычным тонам): Ці магу я прапанаваць вам... сьлівовіцы? З Сэрбіі.
Вярхоўская (смеючыся): Баюся, што я пасля яе сама апынуся ў той Сэрбіі...
Бурак: Не, пасьля яе вы паедзеце ў Рыгу!
Загорскі (адцягваючы ўвагу Вярхоўскай ад Тугоўскага): Наша грамада, як бачыце, невялікая...
Вярхоўская: Ну, справа, я думаю, не ў колькасці, а ў якасці.
Тугоўскі (натхнёна): Яна чытала Гегеля!
Вярхоўская: Але мяне дзівіць паўнагучнасць жыцця (усе гучна чмякаюць, апрача Станкевіча – і на момант перастаюць) і разам з тым тая свабода, з якой тут трымаюцца ўсе…
Кірыла: Так, тут паўнейшая свабода... Я б нават сказаў – анархія! (Дастае з кішэні чырвона-чорны анархісцкі сьцяг і павязвае яго сабе як бандану. Сьцяг выглядае на шыі крыху камічна – як сурвэтка.)
(Усе паводзяць сябе вельмі разьвязна, прыстаюць да студэнткі мэдыцыны, кідаюцца ежай і г.д.)
Тамашэвіч (цюкае відэльцам па фужэры): Я падымаю сваю чарку за здароўе нашага стыпэндыята. Грамадзяне, увесь наш беларускі рух ад самага пачатку яго, ад доктара «вызваленых навук» (Станкевіч рыхтуецца, што будуць казаць пра яго, хоча прыўстаць) Скарыны і да нашых дзён, ёсць барацьба за нашую ўласную культуру. Калі шмат нашага старога пакалення стаяла і стаіць яшчэ за «аўтаномію» Беларусі, калі нават нашыя выдатныя акадэмікі, як (Станкевіч зноў падымаецца) прафесар Карскі, яшчэ і зараз кажуць, што беларуская літаратура будзе жыць толькі як мясцовая, толькі не болей як практычны матэрыял — для збіральнікаў этнаграфіі, дык мы, «младабеларусы», ідзём далей і смела кажам словамі Янкі Купалы, прарока нашага адраджэння (паўза – дастае том Купалы, пачынае шукаць цытату)... О, знайшоў: «Годзе заходняй ці ўсходняй культуры. Для беларуса цана ім адна».
Загорскі: Лухта! Грош цана такім прарокам! Пушкіна чытайце!
Кірыла: Культура – гэта зброя, якой трэба біць буржуяў!
Тамашэвіч: Мы хочам, мы павінны тварыць уласныя беларускія культурныя каштоўнасці. Толькі паветра ўласнай хаты – Тугоўскі, адчыні фортку, калі ласка, – дасць нам магчымасць развівацца духова.
Загорскі (падпіты): Беларусы – не нацыянальнасьць!
Тамашэвіч: Кажуць, грамадзяне, што беларусы — не нацыянальнасць. Але давайце разбяром навукова пытанне аб нацыянальнасці...
Усе: Ды ну на фіг... Балалайка, ты закалупаў...
Тамашэвіч: Што такое нацыянальнасць? Зразумела, грамадзяне, мы сабраліся сёння не для заслухвання навуковых дакладаў. На жаль...
Усе: Заканчвай!
Тамашэвіч: Дзеля гэтага я не затрымаю вашай увагі на імёнах тых вучоных, якія займаліся гэтым пытаннем. (Разгортвае даўжэзны сьпіс, азіраецца навокал і зараз жа хавае яго.) Трэба зазначыць, што гэтае пытанне паднялося толькі ў другой палове і ў канцы ХІХ стагоддзя, усяго, значыць, якіх-небудзь 50 гадоў таму назад. Вучоныя яшчэ зараз спрачаюцца аб прыметах нацыянальнасці, але ў апошнія часы запанавала сярод вучоных такая думка (яго спрабуюць гвалтоўна пасадзіць, ён не даецца і пераходзіць на крык), што не мова, урэшце, не тэрыто-рыя з’яўляюцца прыметамі нацыянальнасці; ёсць народы, якія не маюць сваёй тэрыторыі, як жыды, напрыклад, — а вось што: воля самога народу! З’яўляецца ў народзе група адукаваных людзей, з’яўляецца ў групе пэўная воля, моцнае жаданне да жыцця, і гэта воля перадаецца народу! Вось тады з’яўляецца і нацыянальнасць!
Загорскі (рагочучы): Ага! Пакажыце мне гэтую групу адукаваных людзей!
Тамашэвіч: Як бы там ні было, — воля, жаданне самога народу ставіцца на першае мейсца. Калі народ хоча мець сваю дзяржаву, значыць, і ўсё: ён яе павінен мець, ён ужо ёсць акрэсленая нацыянальнасць. Дык вось, грамадзяне! Каб нас лічылі нацыянальнасцей, мы павінны развіваць у народзе волю — упартасць, жаданне быць вольным. Седзячы тут, у чэшскай Празе, мы павінны развіваць перш усяго ў саміх сябе гэтую волю, каб потым перадаць яе нашаму народу.
(Усе паступова засынаюць тварамі на стале.)
На нашай Бацькаўшчыне, паўтараю, зараз зіма. Не адзін і не два чалавекі выходзяць на дарогу і глядзяць, куды паварочваецца сонца, калі ж прыйдзе, нарэшце, сапраўдны дзень, калі засмяецца, зазелянее радасна зямля, калі прыляцяць ластаўкі — першыя весніцы вясны… Мы ўсе з вамі — гэтыя ластаўкі, грамадзяне; мы панясём культуру, уласную культуру ў свае родныя хаты. І што тады будзе, глядзіце, калі мы ўсе, далучыўшыся да сучаснай еўрапейскай культуры, з’явімся цэлай грамадой на родных палёх. Сапраўды, грамадзяне, будзе нешта новае ў гісторыі!.. (Паўза. Цішыню перарывае толькі храп. Тугоўскі крычыць:) Дык вып’ем за гэтае новае, вып’ем за вас, вып’ем за тварцоў і змагароў беларускай культуры!
Усе (прахапляюцца): Ураа! Жуе!
Станкевіч: Дазволю сабе адзначыць, грамадзяне, што, пакуль я спаў, студэнт Серада забраў мой кавалак каўбасы!
Серада: Гэта экс… экспрапрыяцыя!
Станкевіч: Гэта сацыялізм!
Усе: Жыве сацыялізм!
Станкевіч: Я пратэстую! Далоў сацыялізм! Дзе вашая культура? Выхаваньне! Усё, грамадзяне, вырашыць выхаваньне! І каапэрацыя, а не экспрапрыяцыя!
Вярхоўская (устаючы): Дазвольце і мне сказаць! Мы разумеем Беларусь па-рознаму. Янка Станкевіч думае: дайце нам незалежную Беларусь, усё роўна якую, хоць з княгіняй Радзівіл як каралевай на чале...
Тугоўскі (падпіты, перабівае яе, устаючы): Не, у нас ужо ёсьць каралева! І гэта – вы! Толькі свядомая жанчына выхавае свядомага беларуса, што толькі з малаком маткі ўвальецца ў кроў свядомасць тых, хто пойдзе за лапцюжную Беларусь. Ніякай агітацыяй мы не даб’ёмся таго, чаго можа дабіцца свядомая беларуска ў сям’і, не даб’ёмся тых уплываў, якія яна можа зрабіць на мужчыну. Будзе ў нас свядомая жанчына — будзе і беларускі рух. Дык вып’ем за здароўе беларускай жанчыны!
Усе: Трэці тост! За жанчыну! Будзьма! Ура!
Студэнтка: Чакайце! Не перабівайце жанчыну! Дайце жанчыне сказаць!
Вярхоўская: Слушна! Дык вось: для спадара Станкевіча галоўнае, каб на шыльдах жыдоўскіх крам красаваліся б беларускія надпісы і ў установах гутарылі б па-беларуску. Але я думаю: для беларускага селяніна і работніка такая станкевічаўская Беларусь зусім не патрэбна. Ці не ўсё роўна яму, што яго эксплуатуе расейскі і жыдоўскі капіталіст, ці што на фабрыцы будзе сядзець дырэктар фабрыкі — Янка Станкевіч — і размахваць залатым ланцужком на вялікім бруху, гутарыць па-беларуску і эксплуатаваць работнікаў па-старому? Я думаю, беларускі працоўны народ назаўтра пракляў бы такую Беларусь! Не, пакуль мы не зменім сацыяльных варункаў, пакуль мы не паставім у аснову нашай праграмы сацыяльнае вызваленне беларусаў, — мы будзем пустымі або беларускімі здраднікамі!
(Станкевіч, пакрыўджаны, устае за стала й дэманстратыўна сыходзіць.)
Усе: Брава! Брава!
Тамашэвіч: Вось дык жанчына!
Тугоўскі: Качаць яе, качаць!
Загорскі: Дазвольце вашу руку, грамадзянка Вярхоўская. (Цалуе ручку.) Ну, хопіць, урэшце, пра палітыку...
Тугоўскі (нападпітку): Грамадзяне! А я не баюся палітыкі, як гэтыя прадстаўнікі дваранска-памешчычых колаў на нашым грунце, як гэтыя вось беларусы з расейскіх камітэтаў! (Паказвае пальцам на Загорскага.)
Загорскі (грукае чаркай па стале): Я пратэстую!
Тугоўскі: Так… Так… Вы пратэстуеце… проціў праўды…
Загорскі (злосна): Я пратэстую проціў нягодных слоў гэтага пана! Сёння я не хачу хавацца. Тут Тамашэвіч клікаў нас кудысьці... Але я ведаю, грамадзяне, што ёсць вышэйшыя культуры, да якіх імкнуцца маладыя народы!
Тамашэвіч (абурана): Старая песня!
Загорскі: Рана ці позна вы прыйдзеце да вышэйшай расейскай культуры. Не плюйце ў старую студню, прыйдзецца вады напіцца!
Тамашэвіч: Мана!
Тугоўскі (крычыць): Дваранска-памешчычым сынкам не мейсца ў нашай сям’і. Вон!
Загорскі (сьціскаючы кулакі): Што??
Усе ўскокваюць.
Тугоўскі (агрэсіўна, машучы кулакамі): Я яму пакажу плебея… Няхай ён успомніць, што плебей стаў чалавекам!
Вярхоўская (хапае яго за руку): Супакойцеся, супакойцеся…
Тугоўскі тут жа спыняецца і ледзь ня млее ад асалоды: Вярхоўская да яго дакранулася! Асядае ўніз, агаломшаны і працьверазелы.
Кірыла (рэзка) : Сядайце!
(Усе сядаюць.)
Я, грамадзяне, вельмі шкадую, шкадую, што здарыўся падобны скандал на нашай урачыстасці. Я хацеў бы, каб на нашым свяце запанавала зноў ціша і брацкая згода. Але, з другога боку, грамадзяне, я задаволены. Скандал ускрыў цёмны бок нашага грамадскага жыцця: уласне, прысутнасць чужых, шкодных нам элементаў. Ім мейсца сапраўды, як казаў сябра Тугоўскі, у расейскім камітэце. Дзеля гэтага я па-сяброўску папрашу іх пакінуць пакой.
Загорскі (устаючы): Свіння ты, хам пасля гэтага! Я ніколі не думаў, што пападу ў такое грамадзянства. Гэтае хамства магчыма толькі ў беларусаў. (Вылазіць з-за стала, зьбіраючыся сыходзіць.) А вы, Галена Уладзіміраўна… Вы яшчэ можаце заставацца ў гэтым беларускім… гэтым… бядмлеі?
Вярхоўская (усхвалявана, чырванее): Я не пайду з вамі, вы зусім п’яны.
Загорскі: Ах, так: і ты, Брут, проціў мяне... Ну што ж. (Сыходзіць.)
Кірыла: Будзем весяліцца! Будзем думаць, што нічога не здарылася. (Усе сядзяць зьніякавелыя, змрочныя. Да Вярхоўскай:) Вы нешта засумавалі?
Вярхоўская (усьміхаючыся): Не… Я так.
Тугоўскі (да Вярхоўскай, нібы ў сьне, зачаравана): Не звяртайце ўвагі… Гэта не варта нашай увагі… А вашай увагі дык пагатоў… Як і я ня варты вашай увагі…
Сцэна 8. НА ВУЛІЦЫ
Вярхоўская (да публікі): Пасьля гэтае вечарыны Тугоўскі ўпершыню праводзіў мяне дадому. Ён гутарыў дрыжачым голасам, але на твары і ў вачох яго свяцілася задавальненне. Доўга, больш паўгадзіны, ён развіваў перад мною сваю тэорыю «роджаных пад Сатурнам». Каб паказаць сябе вучоным, ён ужываў розныя астранамічныя тэрміны і назовы зор. Я слухала яго ўважна, але ўрэшце не вытрымала.
(Да Тугоўскага.) Ваша тэорыя здаецца мне тэорыяй чалавека, які чуе сябе страшэнна змучаным, кінуў вёслы і думае плыць па цячэнні. «Няхай будзе так, як будзе», — у гэтым ваша тэорыя. У гэтым істота і фаталізму. А гэта не правідлова. Трэба жыць проціў цячэння: «Проці цячэння вады зможа толькі жывое паплыць», — у Багдановіча.
Тугоўскі (з захапленьнем): Мой любімы паэт! Мне здаецца, калі ўважна ўдумацца ў яго жыццё, яно было нешчаслівае. І я думаю, што ён, напэўна, радзіўся пад Сатурнам…
Вярхоўская (сьмеючыся): У вас усе радзіліся, напэўна, пад Сатурнам.
Тугоўскі: Чаму? Не… Талстой, напрыклад, радзіўся пад Сонцам. І таму жыццё яго было сапраўды сонечнае. А вось Дастаеўскі радзіўся пад Сатурнам. І таму жыццё яго было сапраўды жахлівае. Катарга, потым падучая хвароба, матэрыяльныя турботы. Што можа быць горш за гэта, скажыце?..
Вярхоўская (усьміхаючыся): Цікава, пад якой планетай я радзілася?
Тугоўскі: Скажыце мне ваш месяц і год нараджэння, і я вам зараз дам адказ.
Вярхоўская: Я радзілася… у ліпені месяцы… Году… А вось году якраз я вам не скажу. (Сьмяецца.)
Тугоўскі (апускаецца перад ёю на адно калена): Чаму?
Вярхоўская: Таму што вы будзеце вельмі старым, калі ўсё будзеце ведаць.
(У яе ў кішэні звоніць мабільны.)
Выбачайце. Алё?
Загорскі (з мабільным, на краі сцэны): Галена! Ну ты дзе? Хадзем!
Вярхоўская: Зараз! (Тугоўскаму.) Выбачайце, мне час ісьці...
Тугоўскі (становіцца на абодва калены, умольна): Не! Не! Чакайце!
Вярхоўская: Кіньце. Вы нагадваеце мне малое дзіця, у якога адабралі цацку.
(Тугоўскі становіцца на карачкі, раве, як малое дзіця, і выпаўзае са сцэны. Вярхоўская выходзіць на авансцэну.)
Мне было шкада, што мы так разьвіталіся, але голас майго сэрца клікаў мяне за гэтым мудаком Загорскім. На наступны дзень я атрымала ад Тугоўскага наступны ліст:
(Дастае з кішэні таўсьценны стос папераў, чытае без эмоцый, голасам сакратаркі ў судзе.)
«Высокапаважаная Галена Уладзіміраўна! Я дазволю сабе патурбаваць Вас гэтым лістом, бо пасля таго, што здарылася, я не магу маўчаць. Можа быць, Вы не прыдалі свайму ўчынку ніякага значэння; можа быць, Вы так зацікавіліся Загорскім, што забыліся, што ўсяго дзве хвіліны таму Вы гулялі са мной. Вы не зразумелі, колькі горычы і абразы нанеслі мне. А можа быць, Вы рабілі ўсё гэта свядома Вашаму сябру Загорскаму і ў павучанне мне."
Загорскі (уваходзіць, вырывае ў яе ліст, чытае ўподсьмех, перакрыўляючы): "Так, для мяне гэта добрая навука!" (Да публікі:) Так табе і трэба! (Вярхоўская падыходзіць, пяшчотна бярэ яго пад руку, зазірае ў ліст. Загорскі чытае.) "Цяпер я зразумеў, што павёў сябе як хлопчык, як закаханы гімназістык, калі думаў аб Вас, сваім каханні да Вас. Я на Вас ніколькі не злуюся і не наракаю. Было б з майго боку глупствам нападаць на Вас за тое, што Ваша сэрца не ляжыць да мяне. (Загорскі зь Вярхоўскай пачынаюць павольным крокам кіравацца за кулісы.) Вы — вольныя. Голас Вашага сэрца для Вас — адзіны закон. Гэты закон сёння выявіўся яскрава. Вы ляціце ў абоймы Загорскага, як матыль на вагонь, і не думаеце, што апаліце крылы..." (Да Вярхоўскай.) Ну, гэта нецікава, прапусьцім. "Я пішу Вам гэта не з дакорам. Пішу таму, што я больш не жадаю заставацца ў Празе і таму, што хачу сказаць Вам толькі некалькі апошніх развітальных слоў…" (пераскоквае старонкі) – І гэтак далей. (Сыходзяць.)
(Канец першай дзеі)