Ілля Сін. Libido. Мінск, Кнігазбор, 2018.
Узяўшыся чытаць аповесць Іллі Сіна «Libido», я і блізка не здагадваўся, што мяне чакае на старонках гэтай невялічкай кнігі з выявай раскіданых па нечым твары валасоў на чорна-белай вокладцы. Падманвацца фрэйдысцкай назвай і чакаць гісторыі чыёйсьці полавай цягі было б больш, чым наіўна грэшна.
Першыя уражанні шапталі, што горад, які намаляваў аўтар — чарговая рэінкарнацыя правінцыйнага беларускага мястэчка, дзе ранейшае віраванне жыцця некалі спынілася разам з эксплуатацыяй вузкакалейкі, што ў лепшыя часы пятляла па прамысловай зоне. Гэта мог быць і Янаўск, і Малмыгі, і нават Мірапольск (калі вы разумееце, пра што я). Зрэшты, згадка шахтаў на самым пачатку кнігі намякае ці то на Салігорск, ці то нават на якісьці горад Данбасу. Але не факт, што вока кожнага чытача ўчэпіцца за тыя шахты. Вось і я папросту не надаў гэтаму належнае ўвагі і надалей успрымаў месца дзеяння твору менавіта як зборны вобраз тутэйшага правінцыйнага беспрасвецця.
Атмасфера беспрасвецця накрэслена Сінам выдатна — чытача неаднойчы накрывае ветрам, што шамаціць «пажухлым лісцем, свежай прэсай ды іншым дробнагабарытным смеццем». Калі-нікалі гэта нагадвае пераўтворанае ў прозу расцягнутае хоку пра час звядання, хаця аўтар апісвае не восень, а вясну, хай сабе і «непераканаўчую». Пагружаючыся ў атмасферу, цяжка не заўважыць, як нарастае адчуванне ліпкасці і моташнасці. Пісьменнік, відаць, яшчэ злітаваўся над чытачамі, не давёўшы градус адчування да крайняй адзнакі. Але месцамі ў гэтым умоўным «Шахтагорску» ліпка, як у Парыжы Картасара («Гульня ў класікі»), і моташна, як у Празе Кундэры («Невыносная лёгкасць быцця»). Але месцамі вецер нясе рэха і з іншага боку. «Тут час не проста спыніўся, ён згусцеў, стварожыўся», — кажа галоўная гераіня, чым нечакана нагадвае Кніжніка з «Ночы» Віктара Марціновіча (гл. развагі пра «вечнае каля-нуля» і пад.). Калі з замежнымі класікамі рэч можа тлумачыцца (не)свядомым перайманнем, то сінхранізацыя з земляком-пісьменнікам-сучаснікам выглядае амаль цудам (калі вы разумееце, пра што я).
Ужо з першых старонак «Libido» хочацца запатрабаваць тлумачэнні. Аднак Ілля Сін нічога не тлумачыць проста ў лоб. Ён дзейнічае інакш: спачатку правакуе ўражанне, здагадку, пытанне, а потым мімаходзь дае ключыкі для чытацкага (неў)разумення. Дакладней, не дае, а ціхенечка ўпускае долу, пакуль чытач сузірае «буслянку на даху міліцэйскага пастарунку» ці сочыць за танкам, што прыехаў у двор, каб двойчы пальнуць з гарматы. «Прыемны пах гарэння фруктовых дрэваў» — для кагось казытанне нюхальнай памяці, а для кагось пытаннечка: «Што ж гэта за час такі, калі грубку топяць дровамі з садовых дрэваў?»
Першая згадка сняжанаў выклікае асацыяцыі са слэнгам, пагатоў іх («сваіх сняжанаў») абмяркоўваюць падлеткі. Прачытаўшы адпаведны фрагмент, я смяяўся, а ў галаве чамусь круціліся радкі з песні гурта «Разбітае сэрца пацана»:
Мне б за акіян — ў Венесуэлу
Пракаціць на пляж сваю Анжэлу.
І наколькі ж моцным было маё здзіўленне, калі выявілася, што сняжаны — гэта робаты для сексуальных уцех. Толькі з гэтага моманту і стала зразумелым, што даводзіцца блукаць у прасторы антыўтопіі, якая да часу ўпарта не хацела прызнавацца ў гэтым. Цікава, што сняжаны, з таго, як яны апісваюцца ў творы, нагадваюць аналагічных робатаў-андроідаў з амерыканскага фільма «Cherry 2000» (1987 г.), дзе «паломка каханай жонкі» галоўнага героя з’яўляецца сюжэтаўтваральнай падзеяй, але ў фінале ён замест робата ўсё ж выбірае жанчыну. У «Libido» наяўнасць сняжанаў з іх вабнотамі і заганамі — паўсядзённасць, якой ніхто не кідае выклік, не спрабуе запярэчыць.
Спакваля праяўляецца ў кнізе і тэма вайны: ад каменданцкай гадзіны і блокпастоў з мастамі, узарванымі «ў тую зіму» да ўзброеных мужыкоў у камуфляжы, бронетранспарцёраў і ПЗРК, з якога нехта спрабуе пацэліць у верталёт. Вайна паступова апаноўвае ў кнізе ўсё больш і больш месца, але чытач так і не даведаецца, хто з кім, чаму і за якія ідэі ваюе. Гэта, па вялікім рахунку, добра ілюструе наш сучасны свет, у якім войны сталіся фонам, абавязковай карцінкай у тэлевізары (камп’ютары), хаця масам людзей не тое, каб незразумела — нецікава ведаць пра глыбінныя прычыны тых ці іншых узброеных канфліктаў цяпершчыны. Нават, калі яны бушуюць зусім пад бокам. У суседняй дзяржаве.
«Libido» Іллі Сіна я чытаў неўзабаве пасля прагляду фільма Сяргей Лазніцы «Данбас» (2018 г.), і мяне нямала ўразіла супадзенне ці перагукванне некаторых вобразаў абодвух гэтых твораў. Часам гэта дапамагала, ствараючы пэўнага кшталту дапоўненую рэальнасць. Часам — замінала, не дазваляючы засяродзіцца на дэталях аповесці і зразумець (ці сфармуляваць) сэнс расказанай Сінам гісторыі.
Як антыўтопія яго твор не пазбаўлены сатырычных момантаў, угрунтаваных на пародыі і гратэску. Гэта і вазёканне суседа галоўнай гераіні са сняжанай («паставіў Мілу на паўзу»), і паседжанне секты, дзе праведнік аперыруе выслоўямі накшталт: «Няма лепш за куток, дзе закапалі твой трупок», і пафасная балбатня добраахвотніка, які выправіўся на фронт пасля разводу з жонкай («Адно дзеянне наступствуе іншаму, утвараючы непахісную паслядоўнасць»). Аднак сатыра тут іншая, чым у класічных творах жанру. Напрыклад, яе цяжка параўноўваць з сатырай рамана Олдаса Хакслі «Цудны новы свет». Разам з тым Сін, як мне бачыцца, даў зразумець, што не зракаецца традыцый памянёнага жанру, а прынамсі абыгрывае іх.
«Партыя супраць будучыні», — фраза, якую галоўная гераіня чытае на шпалерах, з вялікай верагоднасцю можа быць адсылкаю да рамана «1984» Джорджа Оруэла («Партыя магла гэтак умешвацца ў мінулае»). Між тым партыя і ўлада ў цэлым Сінам асабліва не апісваюцца. Ці сочыць Вялікі Брат за «Шахтагорскам»? Дапускаю, што сочыць. Не праз тэлегляд, як у Оруэла, а, прыкладам, праз тых жа сняжанаў. Чым не прылада прапаганды і кантролю! Можа таму твор і называецца «Libido»? Хоць з увагі на «на чаргу па талоны на хлеб» і «трэці месяц не плацяць заробак», ён мог бы смела называцца «Lebiada». Бо акурат лебяда — спрадвечны сімвал галодных гадоў. Партыя супраць будучыні не можа толкам накарміць людзей, але дала мужчынам гарантаваныя секс і вайну.
Галоўная гераіня аповесці — Марыя — засталася для мяне загадкай. З раскіданых па тэксце намёкаў вынікае, што ў мінулым (да разгортвання падзей аповесці) яна магла быць прастытуткай і порнаакторкай. Інтуіцыя ж падказвае шалёную версію, што перад намі састарэлая мадэль сняжаны, распрацаваная як кібернетычны арганізм. Тады нядзіўна, што Марыя вельмі мала есць. Тады «дэманы мінулага», што наведваюць яе, могуць быць інтэрпрэтаваныя як праграмны збой, з каторым вяртаюцца рэшткі раней сцёртай з яе памяці інфармацыі. Тады ўласцівае Марыі чаканне (ці прадчуванне?) Іншага можа тлумачыцца пабочным эфектам ранейшай «прашыўкі» яе ПЗП (пастаяннай запамінальнай прылады).
Разумеючы, што твор поўніцца алюзіямі і адсылкамі, я не стаў адкідаць і паралель з вобразам Марыі Магдалены — колішняй блудніцы, вылечанай ад сямі дэманаў, якая стала адданай паслядоўніцай Ісуса Хрыста. Але больш увішныя чытачы ўжо вызначылі, што «падкладкай» для «Libido» стала жыціе Марыі Егіпецкай. Адтуль жа і вобраз іншага персанажа — брата Зосіма, якога звязваюць з Зосімам Палесцінскім. Я ж быў пэўны, што гэта алюзія на Зосіму Кілікійскага, вядомага як апекуна пчолаў. І тое, што Зосіма ў фінале аповесці ідзе праз град куляў — гэткіх свінцовых пчолаў — мяне толькі ўмацавала ў гэтай думцы. У якім дыскурсе выпіваеш, у такім і пахмяляешся.
Мае асацыяцыі расквецілі чытанне «Libido» дадатковымі барвамі, але не ўратавалі ад тупіку на фінішнай прамой. У іншых чытачоў, мяркуючы з водгукаў, адбыўся аргазм і катарсіс. Ці спадзяваўся аўтар на розна(пра)чытанні? Хутчэй за ўсё. Ці верыў, што яго задуму зразумеюць? Верыў, але не да канца. Таму падстрахаваўся — змясціў дадатак з больш выразным (але ўсё адно закамуфляваным) указаннем на крыніцу свайго натхнення. Толькі адтуль я і даведаўся, што горад, дзе адбываецца дзеянне аповесці, называецца Камсамольскафасфацк (ага, многае праяснілася). Застаецца дабрацца да ўласна жыція Марыі Егіпецкай, каб прачытаць і даведацца (пастарацца даведацца!), што ж насамрэч адбылося ў фінале аповесці Іллі Сіна, магчыма прыгаворваючы, як згаданая там трохгадовая дзяўчынка: «Цяжал мой лёгкі, ялмо маё любае».