скісла закусь

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

***

Не смяюцца, не плачуць
Рохкаюць, свецяцца лычыкамі
Розныя фантазіі пампуюць з інтарнэту
І назад у інтарнэт
На тое ж яны і фантазіі
Задушэўныя размовы
Калі толькі пад градусам
Душэўныя песні з радыё
І навіны таксама душ-душэўныя
Душэўны міліцыянт
Падправіць табе фрызуру і адпусціць
Галоўнае не раздражняць яго толькі
Бо хто яго ведае, што ў яго за фантазіі
Лепей рохкнуць. І ўсміхнуцца
Можна памахаць хвосцікам. Альбо сцяжком
Галоўнае рабіць гэта без рэзкіх рухаў
І з невялікай амплітудай
А, яшчэ абавязкова пераканацца што сцяг правільны
Бо калі няправільны не дапамогуць ні фантазіі, ні інтарнэт
Такія парадкі
Рох-рох
Лічу да трох і самаліквідуюся
Што лавіць на чужым свяце жыцця
Чужога жыцця РАЗ
Рохкаць ды тарашчыцца ДВА
Гагатаць ды весяліцца,
Жэрці прафсаюзны шашлык — ТРЫ!
Пах!

***

Лю́быя суседзі рухаюць мэблю
Рыхтуюцца да п’янкі
Я ж брыдкі чужынец-дыверсант
Кшталту янкі
Алькаголю ня прагну. Дзяўбу малаточкам
Адмысловы фры-джэзз (дарэчы таксама амерыкоская гадасьць, нашы людзі яго на дух не пераносяць)
Схаваўся адзін
На сваёй паўвыспе (прыватнік-эгаіст як ёсць)
Каб дзяўбсці, дзяўбсці, дзяўбсці па мазгах
Не, па цвіках
Не, дзяўбу ж па справе
Я дэпутат вольнага сходу
Дасылаю марзянкі сваім выбаршчыкам
Ну натуральна, што ж яшчэ ім дасылаць.
А яны чакаюць, вельмі чакаюць
Ня маю права іх падводзіць
Бо негуманна
Хоць гума і не дэфіцыт
Трэба дзяўбсці
Трэба страляць
З флаконаў у кубкі
Трэба бабахаць
З рондаляў у талеркі
Ба-Ба-Ба-БАХ! Ба-Ба-Ба-БАХ!
ДР-р-р-р-рр
Нехта строчыць з пэрфаратару, здалі нэрвы
Ну, канец замірэнню — цяпер толькі вайна!
Ура! Вайна!

звычайнае вар’яцтва

Дах сарвала, і нясе, нясе
Крыху нязручны час для разглядання дэкарацыяў
Рукі на месцы ранейшым. Але не на месцы.
Ногі ў скрынцы бляшанай
Віно сустрэчаў у даўжэзным куфлі
Выпіваю-заліваю-па-поўнай і качуся далей, далей!
Адміністратары свядомасці захлынаюцца ў сваіх пустых кабінэтах.
Канторскія пацукі!
Вішчаць і дасылаюць адчайныя дурныя SOSы
Маўляў — «Карабель, здаецца, тоне, ратуйце!» Ха-ха!
Дзе ж было вашае пацучынае чуццё раней?!
Берагу ўжо ня будзе, калі хтосьці яшчэ не ўразумеў
Можаце вішчэць і захлынацца
Я больш ня ем з вамі ў свірнах
Я больш ня корпаюся з вамі па схоўніках
Мне начхаць на ў схоўніках
Правілы паводзінаў
Цяпер я птушка
Асабістага палёту
Свайго вуха Човен
І ўласнай рукі Вока
І нейкай сястры мядбрат
У мінулым
Так што няхай ёй перададуць сьвечку
І яблык за добрыя паводзіны
Няхай-няхай

***

Дабрыня мая не мае межаў
Тата рымскі з біскупам плачуць у знямозе
Зайздросцяць
Дурасць жа розная канцэнтруецца
Пульсуе ў скронях і спакваля распушчаецца
У навакольнай лужыне
Ні кругоў на вадзе
Ні бурбалак
І смуга над вадой тым больш — не
Якая рафінаваная прыгожая дурнота
Няйнакш як для лохаў
Складаю сырую салому
У выглядзе промняў
І пазлаў, для іншага кшталту лузэраў —
Бразэраў з-пад магазу
З гладкімі, бы горкі ў аквапарку,
Бы голеныя шчокі чыноўніка,
Мазгамі
Пырскае дробны гарох
Інстынктаў-жаданняў
Звіліны не фільтруюць
Згніла мембрана
Інверсны кантраверанс
І пляма
Марскія солі
Раз’елі прас
Скісла закусь

***

Больш няма месца
Рамантыцы
Мы крочым восеньскай слотай цераз парк
Надыходзіць час рашучых дзеянняў
Верыць у якія яшчэ не хочацца
Але выконваць трэба
Ні па чыім загадзе
Па законе восені
Бы вусені
Скурчваемся ў лісці
Паасобку
Ні да чаго больш не прагныя
І ўсё больш адсутныя
Ссохлыя лялькі

Krupnik

Арэхавы жвір
Арэхавае каханне
Восень — чыстая класіка
Тужлівых самакапацеляў
Розум траціць вастрыню
Спрыяльны час для рознай дурасці
Шпацыр праз парк
На кірмашык па гародніну, усяго толькі
Высокамастацкія ў небе пошугі
Карысных думак накалупаць колькі б
Трэба працягваць рух наперад
Умоўныя хуткасці не перашкода
Ва ўмоўным сьвеце
На ўсё можна нарыхтаваць
Спасылак і зносак
Пакуль не наткнешся на чыйсьці кулак, канечне
Каларытныя персанажы
Пасябруюць з табой за грошы
Зусім ненадоўга, да наступнага пакупніка
Да надыходу цемры
Ловіш змены надвор’я
Пасьля занураешся
У стаячую чорную ваду
І ціха грабеш
Праз прахалодныя вулкі
Замест ратавальнай камізэлькі — пляшка ў кішэні
Замест пункту прызначэння — шэпт паветра
Плывеш і ўсё глыбей пражываеш
Жвір пад нагамі і смак арэхаў

***

Запалі электрычнасць
Асвятлі калідоры
Поўнае ночы
Што чакаюць на крокі
Што палююць на рухі
Што хварэюць на цябе
Што клічуць цябе
Ужо не вяртацца
Ужо не вяртацца
Ісці да канца
Па калідорах
Поўнае ночы
Выспамі цемрадзі
Па аскепках спадзеваў
І святла
Чакаеш цяпла
Дарэмна чакаеш цяпла
На небе ўжо поўня
Ў тваіх руках непазбежнасць
За табой — электрычнасць
Унутры цябе — пустата
Марных сноў цішыня
Запозненая цішыня
Незавершаных рухаў
Недадуманых думак
Дыяментавых начэй
Выпадковым ахвярам
Прысвячаецца

***

Не стала ў горадзе радасці.
І бліжэйшым часам не будзе —
Паведаміла цётка, ашчэрыўшы зубы
Ейны вечар, падобна, задаўся
Кавалер знаёмы заходзіў
Да яе, і за фланцам белай
Цяпер ён пайшоў, а яна ўсё тут
Бляск у вачах, нязменны бляск
Хоць і канец змены
А на вуліцы вільготнае паветра
Драпежнае ззянне рэкламных звяркоў
Плююцца ілюмінацыйныя морквы
Важна пазяхаюць машыны, едучы міма
Пускаюць пáру
Пад покрывам ночы
Скочваемся з гары
На чырвонае святло, зноўку
За цыркам грамадзяне, начніцы
Смярдзючая рэчка і міліцынты ўдвух-утрох
Усё смачнейшае пітво
На сёння ня наша
Ня з намі тыя, хто быў нам больш да спадобы
Вельмі простая, што паўтараецца, сітуацыя
Альбо гісторыя

***

У падводнай лодцы мала паветра
У падводнай лодцы нельга паліць
Затое ціха і няма суседзяў
Затое можна хадзіць голымі

Мы ў падводнай лодцы
Мы ў падводнай лодцы
Без адзеньня й суседзяў
Мы ў падводнай лодцы

Мы спяваем і крыху танчым
П’ем смярдзючую гарбату і радуемся
За сваю самоту, сваю адсутнасць
Для навакольнага свету

Мы ў падводнай лодцы
Мы ў падводнай лодцы
У самоце й адсутнасці
Мы ў падводнай лодцы

Надыходзіць дзень Ж у падводнай лодцы
Усплываць, папаўняць запасы
Смярдзючай гарбаты й паветра
Адказваць на розныя простыя пытанні

Мы на паверхні, ня ў лодцы
Мы на паверхні, ня ў лодцы
Змушаныя і безабаронныя
Мы на паверхні, ня ў лодцы

***

Мне 300 з гакам гадоў
А я так і не навучыўся
Праводзіць час эфектыўна
Упільноўваць выгады
Клеіць дзяўчат
Пускаць пыл у вочы
Быць пераканаўчым
Клеіць хлапцоў
Лезці пад спадніцы і майкі
Лезці ў дэталі
Рухаць справы
Дасягаць мэтаў
Заваёўваць кагосьці
Дабівацца свайго
Увесь час у чаканні
Перманентных мікрацудаў
Столькі часу сплыло
Чаго чакаць
Толькі смак напояў
Нязменна-стабільны
Толькі смак напояў
Са мной разам
Успаміны
І ты

***

мы купім піва і пойдзем у парк
а потым на плошчу, на дзіўную дзею
з цьмяным сцэнарам, але яснай ідэяй
выйсці гучна сказаць «фэ»
я пры табе, ты пры мне
трымаем адно аднаго, каб не згубіцца
вецер і вільгаць прымушаюць нас танчыць
нам няма больш за што чапляцца
мы нічога даўно не чакаем
прамянялі свой час на бурбалкі й ўражанні
таптанне ў прыцемках сярод дрэваў
і маленькія моманты шчасця тут, на лавах
што здараецца, не вяртаецца
што вартае, тое адбудзецца
насамі хлюпаючы
выдаляемся
абмацваючы адно аднаго
змерзлымі пальцамі
я пры табе, ты пры мне
усё часова, усё ненадзейна
холад і бурбалкі
утрымліваюць нас у адным вымярэнні,
больш-менш
зменіцца сезон
зменяцца абставіны
хтосьці іншы пасядзе на лавы
хтосьці іншы пойдзе на плошчу
мы каналізуемся
да іншых гарызонтаў
уласнага эгаістычнага шчасця
з бурбалкамі, канешне
хто пры табе, хто пры мне
шэрай адліжнай ноччу
мы зноўку ў парку
рамаўляем з ліхтарамі і дрэвамі
шукаем цяпло
чакаем вясну
мяняем свой час на прывіды
паміж чарговымі паці
плюндры ды меткі памяці

***

па-за часам
па-за
кліча дзева
з гаўбца
знікае жыццё
жоўкне лісце
парахнее глеба
пад ботам
дзева кліча
забыцца
горад грувасціцца
шэрым і чорным
светлафоры канаюць
у лужынах
пакінуць, пазбавіцца
заклікаюць
альбо
высока ўзляцець
ды згубіцца
па-за часам
па-за сэрцам
па-за

***

Ліхтары
Крапае дождж
Прамая трансляцыя
З парку горкага.
Ці салодкага?
Змяшаныя пахі
Шамаценне лістоты
Вусны насупраць
У кадры
Выпадковыя мінакі
Не сапсуюць нам кайфу
падзення адно ў аднаго
спіць кавярня
нам пакінуўшы крэслы, сталы,
І ратавальны парасон —
хаця прамокнуць да ніткі было б не менш захапляльна
ноч ўліваецца ў вены
мы ўдыхаем яе скурай
валасамі, пазногцямі
адное адным
да світання
да ружовых аблокаў
у прасветах між дрэваў
да нарастальнага гуду звар’яцелых машын
спазмаў і сутаргаў нявольнага гораду
удзень тут дзеткі
зведаюць уціск ад пяшчотных бацькоў
бацькі зведаюць уціск
ад пяшчотных мянтоў
і шмат яшчэ ад каго, пяшчотнага
класічны парк горкага
але ўначы тут наш
Парк салодкага
пад шатамі галінаў
пражываюцца жыцці
да наступных разоў
калі ўсё здарыцца натуральна
і па-сапраўднаму
чаго так часта бракуе
і без чаго так шмат горкага
спытай у дрэваў

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Бяссонне. Дзясяты састаў.
У шафе пустая валізка.
Я б толькі зайздросціць не стаў,
што так да вакзала блізка.

Я ўзыходзіў на вогнішча двойчы і тройчы,
І сякераю сек свае рукі і пальцы,
Каб яны не цягнуліся да цябе днём і ноччу,
Каб адчайны загад мой чулі: баяцца!

Не завыеш,
Не заплачаш,
Не ўратуеш,
Не прап’еш,
Фарш зямлі мы,
Не іначай.
Фарш зямлі.
Маўчы і еш.

на канапе сядзеў японец у акулярах
(не ўпэўнены, што японец,
ніколі не ўмеў адрозніваць
азіятаў) і ў масцы.
дык вось, ён зірнуў на мяне
вачыма Сіро Ісіі,
маўляў, смелы, халера, —
на калідор, без маскі.