(гратэскавая мэлядрама)
Асобы:
Мэліса
Грацыя
Гарга
Вялікая заля, калісьці раскошная, але цяпер яе муры поўныя расколін, насьценныя фрэскі аблупіліся. Шафа, акно, дзьверы, стол, ложак, карціна, на якой выяўлены суровы граф Фэлісья. Старая служка, стогадовая Гарга, назірае, як у косьці гуляюць дзьве 88-гадовыя сястры-блізьнючкі, Грацыя і Мэліса – зьбяднелыя арыстакраткі.
Мэліса (кідае сваю пару касьцей): Дзевяць! Высокі нумар! Прайграеш!
Грацыя (кідае сваю пару касьцей): Адзінаццаць! Выйграла!
Мэліса: От каза, заўжды ты выйграеш!
Грацыя: Слава Матцы боскай!
Мэліса: Ганьба гэтай курве інцэстознай!
Грацыя: Сама ты курва, парахно старое!
Гарга: Маркізы Грацыя й Мэліса, хопіць блюзьнерстваў, дзеля памяці вашага высакароднага бацькі графа Фэлісьі!
Мэліса (да Гаргі, румзаючы): Заўсёды ёй выпадае ісьці на сьвята! Фартуна несправядлівая!
Гарга (Мэлісе): Жыцьцё таксама несправядлівае, спадарычна. Зьмірыцеся з выракам костак…
Мэліса (Гарзе): Рот закрый! Думаеш, раз мыеш за намі начныя гаршчкі, то самая мудрая?
Грацыя (Гарзе): Праўду Мэліса кажа! Варухні сваёй гнілой сракай і прынясі мне ўстаўныя зубы!
(Гарга, угнуўшы плечы, памалу сунецца ўглыб сцэны. Мэліса раптам тузае яе й рэзка спыняе.)
Мэліса (Гарзе): Стой, пудзіла! Сама пайду!
(Мэліса адыходзіць углыб сцэны і вымае з шафы вячэрнюю сукенку, перлавыя пацеркі, парык зь ядвабных сьветлых валасоў, вахляр і ўстаўную сківіцу, якую тут жа як найхутчэй засоўвае між сваіх бяззубых дзяснаў.)
Мэліса (стогне ад асалоды, што мае зубы): М-м-м!
Грацыя: Махлярка! Чаго ты іх сабе ўставіла? Яны сёньня мае!
Мэліса: Эгаістка! Не дасі ўжо ані пару сэкунд панасіць! На!
(Вымае зубы і аддае іх Грацыі. Грацыя, удаючы перабольшаную агіду, перадае іх Гарзе. Гарга выцірае іх фартухам і вяртае Грацыі, тая ўстаўляе зубы сабе ў рот.)
Грацыя: М-м-м, прыйдзі да мяне, усьмешка графіняў Фэлісья!
Мэліса: Усьміхайся, сястрычка… Нашая родавая ўсьмешка вабіла кавалераў, як маяк – начных матылькоў…
Грацыя (Гарзе): Гэй, мумія з каростай! Убяры мяне ў сьвяточныя строі!
(Гарга дапамагае ёй надзець сукенку. Грацыя адчувае, што папрыгажэла, і камічна фігуруецца ў строях.)
Гарга (Грацыі): Калі будзеце трымацца ў ценю, спадарычна, то ніхто й не заўважыць, што яны залатаныя…
Мэліса: І не рабі там рэзкіх рухаў, Грацыя, бо тканіна працёртая, парвацца можа…
Грацыя (Мэлісе): Манюка, завідзюка, падлюка! Хочаш мяне паралізаваць! Гэтую сукенку насілі нашая бабця й нашая маці, ёй зносу няма! І нішто не забароніць мне танчыць у ёй да сьвітанку!
Мэліса: Упартая, як Дэльфін…
Грацыя: І хопіць ужо згадваць нашага сабаку!
Гарга: Беднае чатырохногае стварэньне, давялося мне зрабіць зь яго гуляш…
(Грацыя й Мэліса кідаюцца за Гаргай наўздагон, даючы ёй падсрачнікаў.)
Мэліса: Маўчы, калека! Ніколі больш гэтага не кажы!
Грацыя: Каб ніхто ня ўведаў, што дочкам графа давялося зжэрці бедную адданую жывёліну!
Гарга: Ат, праўды ня ўтоіш: мы зьелі ня толькі Дэльфіна, але й нашых катоў і коней!
Мэліса: Сьціхні, поскудзь! Забудзь пра гэты сорам, або мы табе язык вырвем!
(Маркізы кідаюцца на стогадовую бабульку, зьнярушваюць яе і ў чатыры рукі заціскаюць ёй рот. Гарга люта супраціўляецца. Амаль на мяжы самленьня задыханыя маркізы спыняюцца, каб перавесьці дых.)
Грацыя: Паветра. Паветра…
Мэліса: А-а, нейкі кіпцюр мне хоча вырваць сэрца…
Гарга: Спакойна, маркізы, а то зноў сэрца абедзьвюх схопіць.
Грацыя (Гарзе): Твая рацыя, страхалюдзіна. Лепш ашчаджу энэргію на баль. Падай мне пацеркі…
(Гарга начапляе на шыю Грацыі пацеркі.)
Мэліса: Ты ж не забылася, сястрычка? Сапраўдныя пэрліны мы прадалі. Але калі прыкрыеш пацеркі вахляром, то і гэтыя, фальшывыя, будуць выглядаць як сапраўдныя.
Грацыя: Не раскалупвай мне рану! Я й так увесь мінулы баль прастаяла ў ценю й абмахвалася вахляром, нібы ў тропіках. Але ж… Парык сюды! (Гарга надзяе ёй парык.) І штучныя вейкі, памаду, пудру! (Гарга падае ёй скрынку з макіяжам, што стаіць на стале.) Вось так! Так! І так! Я зноў маладая!
(Грацыя танчыць, камічна рухаючыся, як маладзіца. Мэліса з Гаргай глядзяць на яе з захапленьнем.)
Грацыя: Нарэшце мая форма адпавядае зьместу… Час разьядае цела, але не душу… Глядзіце… Вось яна якая, дачка графа Фэлісьі!
Гарга (плачучы): Грацыя, даражэнькая, ты рыхтык як у старыя часы, калі твой пас быў тонкі, як мой мезенец, ну зусім не зьмянілася!
Мэліса: Прашу цябе, сястрычка, склей сёньня ўвечары мужыка, і няхай ён цябе абцяжарае! Графу патрэбны ўнук, які заручыць трываньне ягонаму прозьвішчу, нашаму прозьвішчу…
Грацыя: Не сумнявайся, Мэліса. Мае вабы неадольныя. Я яго спакушу, і ён улье сваё палкае семя ў мае вантробы.
Гарга: Але ж, маркізы, прачніцеся. Вы хочаце немагчымага. Ужо шмат гадоў таму вам выразалі яечнікі, праз ракавую пухліну…
Грацыя: Маўчы, чарцяка! Цуды здараюцца!
Мэліса: Калі сьвятая Панна паспагадае, то Госпад можа запачаць дзіця ў любой частцы нашага цела – у вуху, у цыццы, у тлустай кішцы!
Грацыя: Ці ў самых мазгах, каб дзіця магло зьявіцца на сьвет як Мінэрва, што нарадзілася з чэрапу Зэўса!
Гарга (сабе пад нос): Вар’яткі прымхлівыя, мужчынскі вужака ня любіць завялых кветак!
(Чуецца кляксон старажытнай карэты. Мэліса адчыняе вакно й высоўваецца зь яго, за ёю Грацыя.)
Мэліса: Яна ўжо тут, любенькая! Па цябе карэта прыехала!
Грацыя: Які кашмар! Яшчэ большы плякат на яе прычапілі! Гэта ўжо яны перабаршчылі, скаты!
Мэліса: Сама ты пераборшчваеш. Ніхто і не заўважыць…
Грацыя: Ды надзень акуляры, дурніца! Кожная літара памерам з маё перадплечча: “Асьвяжыцеся зь Люлю!” Гэта я, дачка графа Фэлісьі, вымушаная рабіць рэкляму газіраванаму напою!
Мэліса (надзяваючы акуляры): І праўда, большай ганьбы я яшчэ ня бачыла! Сястрычка, нікуды ня едзь!
Гарга (разьюшаная): Ды годзе ўжо! Вярніцеся на зямлю! Час маладосьці мінуў і ператварыў вас у старых банкрутак! А спадара графа забілі невядомыя, засунуўшы яму галаву ў дупу ягонага каня! Ніякія залётнікі па вас не прыедуць, а ўласнай карэты ў вас няма! Да таго ж, рэкляма ўсіх людзей ператварыла ў курваў… Усе прадаюцца. Чым вы лепшыя?.. Уся годнасьць да пары, пакуль ня ўлезеш у самую гразь. Няма чаго баяцца, хопіць! Ад пачатку вякоў усе маркізы Фэлісья – зь яйцамі! (Да Грацыі.) Не перажывай, дзяўчынка мая, твая шляхетнасьць зацьміць напоі Люлю! Шуруй на сьвята!
(Грацыя з Мэлісай робяць глыбокі ўдых, напаўняючы лёгкія гонарам. Грацыя прыхарошвае свае строі і папраўляе ўстаўныя зубы, каб прадэманстраваць адважную ўсьмешку.)
Мэліса: Мужнасьці табе, сястрычка. У мяне ўжо страўнік пусьцейшы за вачніцу сьляпога. Бяры кайстру, і каб прывезла яе поўную канапак, м-м-м, з шынкай і маянэзам…
Грацыя (беручы са стала кайстру): Так і зраблю, сястрычка: з шынкай і маянэзам… (Да Гаргі.) На дварэ гразюка. Мне нельга забруджваць туфелькаў. Падхапіся ты, прадоньне маршчыністае, і занясі мяне!
(Грацыя залазіць Гарзе на сьпіну, тая на дрыготкіх нагах выносіць яе са сцэны. Мэліса высоўваецца ў дзьверы й крычыць наўздагон.)
Мэліса: І не забудзься за тымі канапкамі пра тое, што ты павінна прывезьці яшчэ поўную похву семя!
(Цела Мэлісы працінае сутарга. Яна пачынае з пажаднасьцю сябе лашчыць. Цяжка дыхаючы, яна набліжаецца да партрэту графа, глядзіць на яго й трасе галавой, каб пазбавіцца ад сваіх палкіх думак. Яна пачынае глыбока дыхаць і супакойваецца, паступова набываючы выгляд і голас маленькай дзяўчынкі.)
Мэліса (да партрэта): Тата, яны ўжо сышлі. Урэшце мы сам-насам, ты і я. Загавары да мяне, калі ласка! Чуеш? Навошта ты заўжды прыкідваесься глухім? Тата!!! (Зрабіўшы поўны паварот, яна пачынае гаварыць голасам графа.) Маўчы, дурніца! Будзеш так раўсьці – нехта яшчэ пачуе. Я казаў табе, каб ты трымала ў сакрэце, што я раблю табе гонар размовамі са мной. (Голасам дзяўчынкі.) Так, так, ты павінен быць толькі мой! Гэтая сястра-зладзейка і так скрала ў мяне сьвяточную сукенку, пацеркі, парык, зубы, вахляр, усё чыста! Не хапала яшчэ, каб яна прысабечыла і маю галюцынацыю! Тата, ты любіш мяне? (Голасам мужчыны.) Ідыётка, я казаў табе, не называй мяне “татам”! Для цябе, для служкі й тваёй сястры я – спадар граф… (Голасам дзяўчынкі.) Даруй… Спадар граф, вы любіце мяне? (Голасам мужчыны.) О, божухна Ісусе, трыма цьвікамі прыбіты! Чаму ты ня даў мне сына? Бабы думаюць адно сэрцам, якое нездарма мае форму сракі. Дурніца, дурнейшая за тысячу дурніц: любові тваёй грош цана! (Голасам бабкі.) Ведаеш, спадар граф, калі б ты мне быў дазволіў легчы пад мужчыну й рассунуць ногі, то любоў прынамсі прынесла б табе ўнука, што насіў бы тваё прозьвішча! (Голасам мужчыны.) Разважаеш, як курва! Вы, дзьве самкі, належалі мне гэтак жа, як мае сабакі, дрэвы й коні. Вашыя похвы былі часткай маіх уладаньняў. А я ніколі не трываў уварванцаў на сваіх землях! (Голасам юрлівай старой.) То мужчын кахаць ты не дазваляў, сябе кахаць не дазваляў – што мне было рабіць з сваёй жарсьцю? (Голасам мужчыны.) Саромся, прасталытка: ты нават стала была на карачкі перад сваім сабакам! (Голасам бабкі.) А што мне было рабіць, калі ты замкнуў мяне ў гэтым халодным маёнтку? (Голасам мужчыны.) Ха, я ўласнаручна адчыкрыжыў яму яйцы ў тваёй прысутнасьці! (Голасам бабкі.) Тата, я цябе ненавіджу! (Голасам мужчыны.) Ведзьма, я табе ня “тата”! (Голасам дзяўчынкі-садысткі.) Тата, тата, тата!
(Уваходзіць Гарга.)
Гарга: Што з вамі, маркіза?
Мэліса: Нічога…
Гарга: Зноў сама з сабой размаўляеце?
Мэліса: А табе што!
Гарга: Што, старасьць зусім мазгі праела, га, маркіза?
Мэліса: Не размаўляй так са мной, мумія самаўлюбёная! Сьлізь жабіная! Ваніты засохлыя! Дупа чарвівая! Сьмярдзючка языкатая! Гадзюка…
Гарга: Гадзюка – ну, якая? Нахабная, паўдохлая, сраная? Дайце волю ўяўленьню, маркіза… Мала таго, што зубы пагублялі – дык і абразы пазабывалі.
Мэліса (плача): Ты выйграла… Ты як той час, усё нішчыш… Ты як багна, што заўжды ўрэшце праглынае скарбы… Ты як пеўнік, каторы кожную раніцу абвяшчае нам, што мы набліжаемся да сьмерці… Пакінь мяне, я спаць хачу, пайду лягу…
Гарга: Вашая сястра вернецца на золку, маркіза. Пайду зачыню акно. Бо ўдзень мужчыны – ягняты, а ўначы – ваўкі.
Мэліса: А хто табе сказаў, што ваўкі горшыя за ягнятаў? Зачыняй ужо і прастуй! Твая брыдкасьць вымотвае мне ўсе нэрвы!
(Гарга замыкае аканіцы на тры завалы.)
Гарга: Першым завалам замыкаю ўраган тваіх патаемных думак… Другім завалам замыкаю кіпучую магму тваіх пачуцьцяў… Трэцім завалам замыкаю ненажэрны апэтыт тваіх прагных вантробаў…
(Гарга зацягвае фіранку перад графавым партрэтам, тушыць сьвятло і сыходзіць. Мэліса, зь якой нам відочны толькі сылюэт, пачынае разьдзявацца, пры гэтым дэклямуючы або напяваючы.)
Мэліса: Ах, вольная дарожка,
Якой ніхто ня ходзіць!
Ах, востры нож, зь якога
Ня ўпала ні крывінкі!
Ах, мой анёл бязь ценю!
Ах ты, мая надзея,
Што паміж ног драмае!
(Мэліса надзявае дзявочую начнушку, запальвае ліхтар, адмыкае тры завалы, адчыняе акно і падае зь яго ліхтаром нейкія знакі…)
Мэліса: Дарога адкрытая, акно адкрытае, я адкрытая! Хай прыйдзе, хай увойдзе! Затрымлівацца годзе! Хай зьявіцца ільвом ды з вогненным ілбом!
(Мэліса ажно падскоквае й адступаецца. У вакно ўлазіць мужчына ў масцы, захутаны ў плашч, з капелюшом на галаве. Ён паступова набліжаецца. Яна жэстам спрабуе яго затрымаць.)
Мэліса: Чакай, незнаёмы! Маўчы! Нічога не кажы! Я хачу, каб ты застаўся для мяне таямніцай… Непазнавальнай, як твар Бога… Маўчы, і ўсе шэсьць маіх вуснаў будуць твае! Сапраўдным аб’ектам каханьня можа быць толькі цень…
Невядомы (нападабняючы зьмяю): С-с-с…
Мэліса (кладучыся ў ложак на сьпіну і круцячыся так, што ейная начнушка бессаромна задзіраецца): Срэбны вужака, не глядзі на маё цела: гэта ўжо завялая кветка. Глядзі, як цячэ чырвань маёй душы, нібы рака ў час паводкі… Няхай час схавае сваё карэньне ў пустых калодзежах… Цень жывёліны ўва мне расхінае табе абдымкі, як расьпяцьце!
(Невядомы спыняецца ля ўзножжа ложку. Мэліса на каленях падпаўзае да яго, расхінае ягоны плашч і бачыць пад ім вялізны чорны чэлес. Яна лашчыць яго, як рэліквію.)
Мэліса: О, чэлес бясконцы на сьцежцы, раскрытай рукамі
да самых глыбіняў, дзе скура стаецца сусьветам.
Зьмяюка сьвятая, што я залюляла ў суквецьці.
Сукупнасьць сьлядоў, што пазначылі нашы дарогі…
(Мэліса як найшырэй разяўляе рот і праглынае частку чэлеса. Раптоўна з графавага партрэта падае фіранка. Старая адскоквае назад і падае на сьпіну, задзёршы ногі. На ейным твары зьяўляецца д’ябальская грымаса.)
Мэліса (мужчынскім голасам): Нягоднік, ты хочаш, каб яна зацяжарала! Хочаш спаскудзіць сваім прастанародным семем яечнікі маркізы! Забаронены сад, храм дачок графа Фэлісьі! Я цябе вылегчаю, хамуйла! (Голасам старой.) Не, спадару, другі раз – ня трэба! Я ўсё яшчэ пакутую, згадваючы, як ты біў мяне па вуснах адрэзанымі сабачымі яйцамі! У забароненым садзе ўжо павукі завяліся! Я хачу адчуць гэты чорны скіпэтар у сваіх нетрах! (Голасам мужчыны.) Здрадніца, ты не дазволіш, каб у цябе ўвайшоў чэлес лёкая! Бяры нажніцы! (Голасам дзяўчынкі.) Не вазьму! (Голасам мужчыны.) Зараз жа! Я што сказаў!
(Мэліса, нібы змагаючыся з чужой воляй, вымае з-пад падушкі вялізныя нажніцы для абстрыганьня кустоў.)
Мэліса (голасам дзяўчынкі): Не, тата, я не хачу! (Голасам мужчыны.) Ты мусіш! Выраж гэтае сарамаценьне пад корань!
(Мэліса набліжаецца да невядомага, каб адрэзаць яму чэлес. Той адступаецца і гнеўным жэстам скідае зь сябе плашч, капялюш і маску. Гэта – Гарга.)
Гарга: Кіньце, маркіза! Я ня дам вам псаваць такі цудоўны пісюн! Стары дзед, што вырабляў іх са сьвіной скуры, нядаўна душой загавеў… Новага ў нас ужо ня будзе… Вы і так іх цэлыя тузіны паадчыквалі… Хопіць ужо.
(Мэліса заходзіцца гістэрычным крыкам. Вывіваецца ў ложку.)
Мэліса: Ведзьма заразная! Душагубца! Ты зьнішчыла маю ілюзію! На халеру ты мне адкрыла, што незнаёмы – гэта ты?
Гарга: Ды ведалі вы гэта, з самага пачатку! Не прыкідвайцеся авечкай!
Мэліса: Падла тупое! Адзіная праўда – гэта праўда мары!
Гарга: Дурата! Праўда толькі тое, што можна памацаць!
Мэліса: А тваю самасьвядомасьць – як ты яе памацаеш? Хіба скруху можна памацаць? А думка – калі гэта не матэрыя, то што тады? Кажу табе, доўбня, што нашае цела сплывае, як брудная рака, што сьвет, які ты кранаеш, працякае ў цябе скрозь пальцы, што будучыня таго, што здаецца табе рэальным – толькі попел! Давай, апранай плашч, капялюш, маску! А я разрэжу гэты плябейскі фалас напалам!
Гарга: Ражна! Кожная з гэтых прыладаў каштуе шалёных грошай! А ў вас ужо ні цэнту не засталося, маркіза! Калі хочаце, каб ілюзія жыла – не чапайце чэлесу.
Мэліса: Не чапаць? Ды ты трызьніш, зводніца! Без кастрацыі невядомы зможа мной авалодаць! А калі я страчу дзявоцтва, Спадар Граф выгане мяне з сваіх уладаньняў!
Гарга: Спадар Граф ужо толькі гурба спарахнелых касьцей! І вы даўно не нявіньніца!
Мэліса: Што ты вярзеш, бязмозглая?
Гарга: Калі сапраўдны невядомы быў улез у вакно, то вы не адрэзалі яму таго, чаго пазбыўся сабака. Згадайце, маркіза: я ж сама была зрабіла вам аборт вязальнай сьпіцай…
Мэліса: Маўчы, трасца! Спадар Граф далей жыве ў маіх мазгах… Яшчэ ўчуе цябе, седзячы там… Нельга, каб ён уведаў пра тую ганебнасьць… Ніколі! Ніколі! Я хачу забыць твае словы, вычысьціць ад іх вушы, каб мая душа была чыстай, нібы накрухмалены фартух!
(Мэліса пачынае румзаць, як малая. Гарга зачыняе акно, кідае свой касьцюм пад ложак, абдымае Мэлісу і лашчыць яе зь вялікай пяшчотай, каб суцешыць.)
Гарга: Гаротніца мая, хопіць пакутаваць… Ня бойся… Страціш ты памяць… Ніхто не адшукае гэтых згадак у лябірынце тваіх мазгоў… (Сьпявае ёй калыханку.)
Сьпі, мая любоў,
Прыйдзе бык – яго ты
Ўколеш між рагоў
Дзідай з пазалотай.
(Мэліса засынае, закалыханая голасам Гаргі.)
Мэліса (паўсонная): Цёмная ночка душы… Ня трэба мне зоркі… Мне хопіць сьветлячка…
(Чуюцца крыкі Грацыі.)
Крыкі: Ратуйце! Дапамажыце! Гарга!
(Гарга ўскоквае, Мэліса ачомваецца, але не да канца.)
Мэліса: Што… робіцца?
Гарга: А я ведаю?! Вашая сястра кліча! Чакайце тут, маркіза! (Крычыць да закулісься.) Іду!
(Гарга сыходзіць. Мэлісу калоціць ліхаманка. У бясконцай скрусе яна ходзіць туды-сюды.)
Мэліса: Душа як дрэва, разьдзетае восеньню…
Адлятаюць пажаўцелыя згадкі…
Цямнее ляк старога піяніна…
Хмарка дрэйфуе ў глыбінях мора…
Кветка народзіцца, папахне – і вяне…
(Уваходзіць Гарга, з намогай валачэ Грацыю. Саджае яе ў крэсла. Грацыя ня мае на сабе ні парыку, ні пацерак з фальшывых пэрлін, ейны вахляр паламаны, строі парваныя й запэцканыя гразёй, з рота цячэ кроў.)
Мэліса (ачуняўшы): Грацыя, што ў цябе за выгляд! Што з табой здарылася? І дзе кайстра з канапкамі?
Грацыя: Сьвіньня ненажэрная, ня бачыш, што я сьмяротна параненая? А табе ўсё канапкі з шынкай і маянэзам! Каб цябе трасца! Глядзі!
(Грацыя расьціскае кулак і паказвае ўстаўную сківіцу, разламаную напалам. Адкідае яе як мага далей.)
Грацыя: Напалам! Капцы цяпер усьмешцы маркізаў Фэлісья! Капцы вахляру, парыку і сьвяточным строям! Фальшывыя пэрліны патанулі ў брудзе! Больш мы на сьвяты ня пойдзем! А харчавацца будзем пацукамі й прусакамі!
Гарга: Але ж маркіза, дзеля ласкі божай, хто нарабіў столькі бяды?
Мэліса: Скажы, сястрычка, хто?
Грацыя (заглыбленая ў сябе): Прыяжджаю я на баль, сьвежая, як яблык на золку; лёкаі, асьлепленыя маёй красой, ня бачаць ганебнага рэклямнага шчыта “Асьвяжыцеся зь Люлю”; я абмахваюся вахляром у цёмным кутку галоўнай залі, удаючы галаўны боль, каб не давялося танчыць пры яскравым сьвятле; набіраю поўную кайстру канапак, азараю пэрыядычнымі ўсьмешкамі кавалераў, папросту канчаткова ўпісалася ў бамонд! Да мяне набліжаецца прыгожы шляхціц, вусны налітыя цёмнай крывёй, погляд – як два кінжалы, змазаныя мёдам; далоні шырокія й цёплыя, у іх лёгка зьмяшчаюцца мае напханыя бавоўнай грудзі; нізкі хрыплы голас рудога жарабца, апэтытны ўзгорак на месцы прарэху, і перадусім – чорныя як смоль кучаравыя валасы, што вольна ападаюць на плечы, як крылы… Донар магічнага насеньня бярэ мяне за пас, гіпнатызуе мяне, цалуе мяне! Усе мае дзевяць брамаў-адтулінаў адчыняюцца, я хачу, каб ён уварваўся ў мяне ўраганам, узараў мяне й засеяў! “Хадзі!”, кажа ён, і гэтае палкае слова спапяляе мае мазгі. Адчуваю, што мае яечнікі трымцяць, нібы клюшні галодных крабаў. Я іду за ім, па-ранейшаму элегантная, але душа мая скуголіць як сука. Ён вядзе мяне ў сад, пад вязы. Вецер падзьмувае п’янкім водарам магнолій. У рамантычным жэсьце я, нібыта млеючы, дакранаюся валасоў, каб вецер ня зьдзьмуў мой парык. Ён кідаецца на мяне, падобны да звар’яцелага каня. Ягоныя рукі ператвараюцца ў кіпцюры. Ён зрывае зь мяне пацеркі. “Аддавай пэрліны, плесень старая!”, крычыць ён голасам забойцы. Адчуўшы малую вагу пэрлін, ён здагадваецца, што яны фальшывыя. Топча іх нагамі. “Ты мяне падманула, пудзіла! Пэрлы несапраўдныя, валасы несапраўдныя, зубы несапраўдныя, макіяж несапраўдны!” Зрывае зь мяне парык, нішчыць мой вахляр, ламае зубы, ударае кулаком па твары, валачэ мяне гразёю, б’е нагамі, плюе на мяне, сцыць на мяне… На мае крыкі прыбягаюць госьці. Тыя, замест таго, каб мяне абараніць, выбухаюць зьдзеклівым сьмехам. Прыкрываючы рукамі сівізну й бяззубыя дзясны, я ўцякаю прэч. Караскаюся ў сваю карэту. Рамізьнік – не каб ударыць па конях, дык ён пачынае раздаваць маім перасьледнікам бутэлькі з напоямі “Люлю”. Усе асьвяжаюцца й згадваюць мяне па мацеры. Да рогату далучаюцца слугі. Я ўціскаюся ў сядзеньне. У мяне ляцяць пустыя бутэлькі. Коні лякаюцца. Урэшце, пад забойчыя воплескі, карэта рынецца прэч, звозячы мяне ад палацу, якога я больш ніколі ня ўбачу… Ты слухаеш, Мэліса? Я кажу – ніколі! Больш ніколі нам не апрануцца ў сьвяточнае й не пайсьці на баль! Капцы маркізам Фэлісья!
Мэліса: Аёй, з князі ды ў гразі! Мы – дзьве пустышкі, нашым зьместам былі кавалеры! Бязь іхнага прызнаньня мы толькі два маркотныя цені! І мне ня так шкада нас, колькі нашага бацькі! Ягоны труп, мабыць, варочаецца ў труне!
Грацыя: Твая рацыя, Мэліса. Мы не апраўдалі ягоных надзеяў. Ня толькі цяпер, але ўжо ў момант нараджэньня. Мы прыйшлі ў сьвет з пачварным ротам між ног… Няма сэнсу жыць далей… (Да Гаргі.) Ідзі, сьвінаматка, хутчэй прынясі нам пацучынай атруты!
(Гарга вагаецца. Нешта замінае ёй выканаць загад.)
Мэліса (крычыць): Ну што ты тут стаіш, як гнілы кіпарыс! Ты ня чула, што кажа сястрычка? Зруш зь месца свае шалудзівыя ногі й прынясі нам атруту!
Гарга: Дык вы хочаце памерці, бо саромеецеся быць самімі сабой, а ня тымі, кім увесь час прыкідваліся? Памерці, каб уратаваць гонар Спадара Графа? Ды які гонар, дуры старыя? Ваш граф Фэлісья быў звычайны гандляр наркотыкамі і зброяй, які ўклаў свой ганебны капітал у набыцьцё шляхецкага тытулу й генэалягічнага дрэва…
Грацыя: Хлусіш, гарпія!
Мэліса: З тваіх словаў тхніць смурод плебсу, ад якога цягне на ваніты!
Гарга: Гэтая сьмярдзючая плябейская гарпія – вашая маці, камэдыянткі!
Грацыя й Мэліса (затыкаючы сабе вушы, адступаюцца): Неее!
Грацыя: Хопіць! Не працягвай!
Мэліса: Больш нічога не кажы!
Гарга (упарта): Розум можа колькі хоча ўдаваць, што ня бачыць праўды, але ж тая жыве, угнездаваная ў сэрцы. Гэта для вас не навіна, маркізы: вы заўжды ведалі, што вас нарадзіла я… (Грамавым голасам.) Скіньце маскі, крывадушніцы, сядзьце й паслухайце мяне!
(Грацыя й Мэліса, нібы згіпнатызаваныя, паслухмяна садзяцца на ложак і слухаюць.)
Гарга: Жанчына, якую граф выдаваў за вашую маці, сканала бязьдзетнай ад сухотаў у глыбокіх сутарэньнях гэтай сядзібы, тым часам як я, ейная служка, згвалчаная Спадаром Графам, глядзела, як штодня расьце мой жывот. Я была яшчэ дзяўчынка, самае большае дванаццацігадовая, і нарадзіла вас побач з трупам маркізы. Гэты подлы прайдзісьвет распусьціў чутку, што ягоная жонка памерла пры родах… А мяне ператварыў у рабыню сваіх дачок-блізьнятаў, якіх ненавідзеў. “Спадар Граф!” – не сьмяшыце. Ха! Свае брудныя грошы ён убухаў у гучныя тытулы і ў гэты маёнтак, зруйнаваны замак зь неўрадлівымі землямі, пасьля чаго пачаў жыць з азартных гульняў. А забілі яго такім ганебным чынам, засунуўшы галаву ў конскую дупу, бо ягоныя супернікі падлавілі яго на махлярстве.
(Мэліса з Грацыяй пачынаюць несуцешна плакаць.)
Грацыя: Мы ўсё жабравалі спагады й ласкі ў будучыні, а сьвет тым часам трышчаў па швах, распадаючыся на чатыры брудныя ласкуты!
Мэліса: Цяпер нам давядзецца плыць разам з плыньню, да самай халоднай расколіны, у якую ўпадае час…
Грацыя: …спустошаныя, бясплодныя, з адным уздыхам у целе замест душы!
Гарга: Сьціхніце, нэндзы! Каб запанавала сьвятло, не павінна застацца ні граму цемры! Згадайце ўсё цалкам! Аднае начы невядомы ў масцы ўлез у вакно і згвалціў вас абедзьвюх! Пасьля чаго, рыкаючы як сабака, паказаў вам свой наліты чырваньню чэлес! Гэта быў ваш бацька! Яму было да сракі, што вы ад яго зацяжараеце! І так працягвалася дзесяць гадоў. Дзесяць гадоў, дзесяць цяжарнасьцяў і дзесяць абортаў кожная! Нечуваны скот! Калі вецер завывае, спускаючыся з гор, мне здаецца, што я чую плач тых дваццаці эмбрыёнаў, якія ўсё яшчэ бадзяюцца па сьвеце й мараць нарадзіцца…
Мэліса: Прашу, маўчы…
Грацыя: Так, маўчы, калі ласка…
Гарга: “Калі ласка” – хто?
Грацыя: Калі ласка, матухна.
Мэліса: Матуля!
(Грацыя й Мэліса бягуць у абдымкі Гаргі. Утварыўшы клубок, усе тры плачуць.)
Мэліса: Даруй, Гарга…
Грацыя: Даруй…
Гарга: Мы трое маем так шмат чаго сказаць адна адной, што выказаць гэта можа толькі цішыня… Хай нашае доўгачаканае ўзьяднаньне ўвасобіцца ў немаце душы…
(Тры бабулькі пазіраюць адна на адну ў маўчаньні, стрымліваючы плач, што каштуе ім усё большых намогаў і напружаньня. Урэшце, у іх вырываецца доўгі ўздых.)
Мэліса: Я згаладалася…
Грацыя: І я, сястрычка… Але ў нас больш нічога не засталося.
Мэліса: Нават надзеі. Будзем галадаць, дакуль не памрэм.
Гарга: Ранавата! Нештачка яшчэ засталося.
Мэліса: Ты трызьніш, Гарга… Пацукі, не знайшоўшы аб’едкаў, уцяклі з карабля… Хіба што паспрабаваць зьесьці скуру з мэблі…
Грацыя: …ці жменю павуціньня..
Гарга: Вы можаце зьесьці мяне!
Мэліса: Што ты такое кажаш?!
Грацыя: Ты звар’яцела!
Гарга: У маленстве вы смакталі маё малако. А цяпер можаце зьесьці маё мяса. Мне ўжо будзе сто гадоў… Колькі мне таго жыцьця застаецца? Адно марнае дзьменьне… Лепш памерці, ахвяраваўшы сабой – гэта ж чыстая асалода. Калі вы мяне засоліце, то зможаце есьці мяне па скрылёчку: гэтак вы працягнеце на гэтым сьвеце прынамсі месяц! За гэты час можа здарыцца цуд! Зь неба могуць пачаць дажджом падаць грыбы… ці жабы… ці за ноч на гэтым месцы раптам вырасьце пладовае дрэва… ці збурыцца мур, за якім схаваны скарб! Трыццаць дзён – гэта цэлая вечнасьць.
(Мэліса й Грацыя спрабуюць пратэставаць. Гарга аўтарытарна ўздымае руку.)
Гарга: Ціха, кажу вам! Ніякіх пратэстаў. Забудзьце пра сэрца і слухайцеся страўніка… Каб не папсаваць мяса, атруты я піць ня буду. А вазьму й проста затрымаю дыханьне, дакуль не памру. Нясіце мяне ў ложак!
(Мэліса з Грацыяй дапамагаюць Гарзе легчы ў ложак. Служка ўладкоўваецца, склаўшы рукі на грудзях, як нябожчыца, а ейныя расчуленыя дочкі стаяць побач.)
Гарга: Настаў час засяродзіць увагу на нутраным зроку. Пазбавіцца свайго “я”, як старога паліто. Сягнуць чыстай Сьвядомасьці, якая здольная ўгледзець аблічча Найвышэйшай Істоты. Распусьціцца ўва ўсеабдымнай радасьці бясконцага зьзяньня…
(Гарга робіць глыбокі ўдых і затрымлівае дыханьне. Грацыя з Мэлісай падаюць на калені, упіраюцца лбамі ў ложак, стогнуць. Гарга з усіх сіл імкнецца ня дыхаць.)
Гарга: Ггггххх!
Мэліса: Матулечка, мы прыгатуем цябе сумленна, кавалачак па кавалачку. Гэтак твая ахвяра ня будзе дарэмнай.
Гарга: Ггггххх!
Грацыя: Мы будзем смакаваць цябе з глыбокай пашанай, матулечка. Нашая сьліна й нашыя языкі будуць лашчыць цябе зь любоўю, якой ты заслугоўваеш!
Гарга: Ггггххх!
Мэліса: Ты ўрэшце будзеш нашай, а мы ўрэшце – тваімі…
Грацыя: Мы станем адным целам, як сьвятая трой… трылёгія.
Гарга: Ггггххх!
(Збарвеўшы тварам, Гарга затрымлівае дыханьне, як можа, падскоквае й выкручваецца на ложку, нібы ў эпілептычным прыпадку. Раптам грыміць званок.)
Грацыя: Га?
Мэліса: У дзьверы звоняць!
Гарга (выдыхае): Ааааа! Ну хто там ужо нам жыцьця не дае!
Грацыя: Ды яшчэ сярод ночы…
(Мэліса адкрывае акно. Пакой залівае ранішняе сьвятло.)
Мэліса: О, ужо дзень!
(Гарга падхопліваецца з ложку. Папраўляе свае рэдкія валасы й дрыпае да дзьвярэй.)
Гарга: Іду ўжо!
(Гарга сыходзіць. Блізьнючкі туляцца ў абдымках і маркотна дэклямуюць верш, які нібыта ведаюць напамяць з даўніх часоў.)
Грацыя й Мэліса (разам):
Пазбыўшыся маскі, што так і ня стала нашым абліччам
мы, як дзьве статуі з солі, распускаемся паступова
ў гэтым акіяне хімэраў.
Сьвет – пусты й нікчэмны спэктакль, дзе па сцэне
скача сьмерць на кані й размахвае чорным штандарам.
Адзіная праўда – сьвіст ейнай касы пад нямым абыякавым небам.
(Грацыя адыходзіцца да шафы й вяртаецца з бутэлькай.)
Грацыя: Ну, годзе. Вып’ем атруты.
Мэліса: Давай, сястрычка.
(Грацыя разьлівае вадкасьць у два фужэры. Сёстры гучна чаркаюцца.)
Грацыя: Быцьцё растае як дым, і толькі ў нашых снах пры гэтым шугае агонь.
Мэліса: Калі вяртаесься на пачатак, то сьмерць ператвараецца ў хрост.
(Яны набліжаюць фужэры да вуснаў з рашучым намерам памерці. Тут уваходзіць Гарга, якой амаль не відаць пад ношай: двума шырокімі сьвяточнымі строямі, двума вахлярамі, двума пацеркамі, двума парыкамі й двума футараламі зь дзьвюма штучнымі сківіцамі.)
Гарга: Дачушкі, што вы робіце? Стаяць! Хіба мы ня выгадалі крыху часу, каб мог здарыцца цуд? Вось і ён! Пара сьвяточных строяў, пара пацерак, пара вахляроў, пара парыкоў, пара штучных сківіц, пажыцьцёвы кантракт, грошы, ежа, фатографы й рабочыя, што ня могуць дачакацца, калі ўжо адрэстаўруюць гэты сьвінарнік! У нашае аконца заглянула сонца, маркізы!
(Грацыя й Мэліса забываюць пра фужэры і ў зьдзіўленьні кідаюцца да Гаргі, выхопліваючы ў яе сукенкі й іншыя рэчы…)
Мэліса: Але адкуль гэта ўсё?
Грацыя: Што за насланьнё?
Гарга (шчасьліва ўсьміхаецца): Счакайце сэкунду!
(Гарга сьпяшаецца вон. Кароткая паўза. Гарга вяртаецца, несучы здаравенную бутэльку асьвяжальнага напою “Люлю”, зробленую з кардону й вышынёй у мэтр семдзесят. Ставіць яе перад партрэтам графа.)
Гарга: Гэта спонсарскі дар ад “Люлю”! Яны хочуць, каб вы сталі тварамі іхнай новай рэклямнай кампаніі! Дзьве маркізы-блізьнючкі, два аднолькавыя склады: “Лю” і “лю”!
Грацыя: Гарга, але…
Гарга: Ніякіх мне “але”!
Мэліса: Канец канцоў… Спадар Граф…
Гарга: Ніякіх мне спадароў графаў! Мы страцілі ўсё! Ператворым нашае падзеньне ўва ўзьнясеньне! Хай крах будзе толькі зьменай кірунку! На новай сьцяжыне маркізы будуць несапраўдныя, затое зазіхцяць веліччу, граф будзе хлусам, затое бліскучым імітатарам, зруйнаваны дом стане палацам, а старасьць, з дапамогай макіяжу – вечнай маладосьцю! Хопіць ганебна прыкідвацца тымі, кім вы ня ёсьць… Настаў час ганарыцца тым, чым вы ёсьць: выдатнымі курвамі, нанятымі для продажу сіропу! Падпісвайце кантракт і апранайцеся, бо фатографы ўжо гараць нецярплівасьцю!
(Грацыя й Мэліса падпісваюць кантракт і хуценька хутаюцца ў строі, надзяваюць парыкі, пацеркі, устаўляюць зубы. Усьміхаюцца й абмахваюцца вахлярамі. Кожная з свайго боку прыхіляецца да кардоннай бутэлькі перад партрэтам. На шыі ім Гарга ўрачыста вешае, нібы нейкую ўзнагароду, рэклямныя шчыты. Грацыя дэманструе склад “Лю”, Мэліса – “лю”.)
Мэліса (да Грацыі, скрозь зубы): Заўжды ты перамагаеш! У цябе “Лю” зь вялікай літары!
Грацыя: А што, я ж нарадзілася на хвіліну раней за цябе!
Гарга (падбягае да дзьвярэй і расчыняе іх насьцеж): Маркізы гатовыя! Прашу, спадары фатографы!
Заслона хутка апускаецца.
2003 г.