Пасьля двух тыдняў пераходу мы ўрэшце дапялі да гарадзкіх муроў. У той вечар ужо само гэта здалося нам дастатковаю перамогай: палонныя ўсё-ткі завялі нас туды, куды трэба. Відовішча горада, які нам наканавана здабыць, нас папросту захапіла.
На рокашы спадары рыцары, належна абапіўшыся, прапанавалі выслаць у горад парлямэнцёра з ультыматумам, а абмеркаваньне астатніх пытаньняў адклалі да раніцы.
Ультыматум быў стандартны, складзены загадзя яшчэ перад пачаткам паходу. У ім мы імем нашага караля й ягоных хаўрусьнікаў па ўсім хрысьціянскім сьвеце заклікалі ўладара горада да мірнай і безумоўнай перадачы ключоў нашаму ваяводзе, іначай замест нас пад муры прыйдзе ўдзесяцёра большае войска, і тады гараджанам ніякай літасьці ня будзе.
Натуральна, мы блефавалі. Падмацаваньня нам чакаць не было адкуль. Уласны кароль ад нашых службаў, дый ад нас саміх адмовіўся на крыжы. Рэч у тым, што, пакуль мы хадзілі, у краіне пачалася грамадзянская вайна, справакаваная ворагамі з усходу, і ягоная вялікасьць тэрмінова адклікала нашае войска дамоў.
Але ж з нашымі плянамі гэта не супадала. Лёгка разграміўшы ў лясной засадзе варожы аддзел, у якім палова ваяўнікоў паходзіла акурат з гораду і зь сякерай на горле панаапавядала нам пра тое, што іхныя сваякі й землякі здольныя заплаціць за палонных агромністы выкуп, мы абвясьцілі супраць гораду крыжовы паход, пра што належна нашага спадара караля й паінфармавалі. Праз тыдзень нам прыйшоў адказ у выглядзе галавы нашага вястуна, загорнутай у пэргамэнт з анатэмай. Гэтак мы ўваччу ўласных суайчыньнікаў ператварыліся ў авантурыстаў і здраднікаў. Іншымі словамі, шляху назад у нас не было.
Прачнуліся позна, абмыліся халоднай вадой з рачулкі й пабудзілі парлямэнцёра. Той сьцьвярджаў, што ўначы абышоў вакол увесь горад, але не знайшоў брамы. Думалі яго на месцы сьцяць, але невялікая жывая сіла нашага войска, значна паменелага пасьля анатэмы, змушала нас берагчы кожнага афэлка. Паны-рыцары пастанавілі, што далейшыя нашыя дзеяньні мы абмяркуем на працоўным абедзе.
Працоўны абед, як заўжды, зацягнуўся й перарос у вячэру. Упэўненыя ў нашай перамозе, мы загадалі прынесьці на імправізаваны стол, па-хуткаму арганізаваны зь некалькіх збраяношаў, усе нашыя харчовыя запасы. “Каб ні кроку назад”, патлумачыў галоўны заўгас нашай выправы, граф Н-скі.
Чым менш заставалася закусі, тым болей рос наш баявы апэтыт. Шляхам пайменнага галасаваньня была ўхваленая ідэя штурмаваць горад пасьля заходу сонца – то бок неадкладна. Камандуючым, здаецца, лёсаваньне прызначыла князя М-скага, які, на шчасьце, аказаўся найстарэйшым і найцьверазейшым з нас.
Залуналі сьцягі, зараўлі рогі – стомленым і галодным ваярам уставаць па гудку на працу ня надта хацелася, але прыгон ёсьць прыгон. У той жа момант, нібы па якім суроку, паліў дождж. Цецівы лукаў намоклі, і нашыя стрэлы нават не даставалі да краю гарадзкога мура, як і драбіны. Здавалася, з кожнай пераадоленай прыступкай мур толькі вырастаў угару. Некалькі жаўнераў не ўтрымалася на коўзкіх папярэчынах і паляцела ўніз, пераламаўшы ўсе косьці. Рыцьцё падкопаў ператварылася ў гразевую ванну. У дадатак, абаронцы пэрыядычна акочвалі нас з вышыні не гарачай смалой ці алеем, а памыямі – гэтую зьнявагу мы трывалі моўчкі (ня першы раз!) і мужна абцякалі. Сілы былі няроўныя, асабліва калі ўлічыць адсутнасьць з нашага боку катапультаў і манганэляў. Адзінай нашай штурмавой прыладай было загостранае бярно, якое тут жа ступілася аб валуны стогадовае мураванкі. Бязьлітасны дождж тушыў паходні й фітылі, не даючы ім як сьлед разгарэцца, і неўзабаве мы цалкам перасталі арыентавацца ў цемры. Недзе праз гадзіну пасьля пачатку штурму прагучаў сігнал спыніць атаку.
-Што ж, значыць – аблога, – уздыхнуў галоўнакамандуючы князь М-скі (калі поўным тытулам – то былы, бо акурат цяпер ягоныя землі весела канфіскавала за непаслухмянасьць каралеўская адміністрацыя). Разам з князем з палёгкаю ўздыхнула ці ня ўсё войска, для некаторых гэты ўздых быў апошнім.
Спалі мы ў тую ноч, як пшаніцу прадаўшы. Некаторыя прысьнілі, што горад ужо наш, і раніцай вельмі зьдзівіліся, што ўсё яшчэ прачнуліся на зьнешнім баку ўмацаваньняў. Іншыя дзівіліся, што прачнуліся наагул: толькі дурасьць і некампэтэнтнасьць ворагаў не далі ім выразаць нас усіх уначы, як цар Ірад немаўлятаў. У гэтым цудзе мы ўбачылі перст божы і ўверавалі, што рана ці позна горад будзе вымушаны адчыніць нам сваю браму, якой мы пакуль так і не знайшлі.
Падлічыўшы на ранішняй лінейцы страты, мы аддалі войску загад чакаць далейшых загадаў, а пакуль мы будзем раіцца – з пашанамі пахаваць загіблых у часе штурму. Першым чынам на нарадзе паўстала пытаньне далейшага фінансаваньня аблогі. Яго мы вырашылі лёгка й элегантна, стварыўшы з гэтай мэтай спэцыяльны аддзел жабракоў і калек, у які аўтаматычна ўвайшла недзе траціна нашага войска. У падтрымку ім быў выдзелены ўжо наяўны аддзел палкавых курваў, якіх было пастаноўлена разаслаць па навакольлі на падзаробкі. Рабаваць ці рэквізаваць паблізныя вёскі мы адмовіліся: гэта магло наладзіць супраць нас цывільнае насельніцтва й прыцягнуць у край дадатковыя сілы тутэйшага караля. Асобным пунктам рыцарам дазвалялася выяжджаць час ад часу на паляваньне, а збраяношам лавіць рыбу й зьбіраць грыбы – прычым у хрысьціянскія сьвяты ўлучна з мухаморамі.
Другім чынам мы пастанавілі стварыць пры войску аддзел выведкі й прапаганды, што было на той час вельмі сьмелым наватарскім ходам у ваенным мастацтве. Прапагандысты мусілі аб’яжджаць прылеглыя да гораду вёскі й пераконваць людзей паспалітых ня езьдзіць у горад гандляваць правіянтам, бо жыхары гораду – паганцы, грэшнікі, чарнакніжнікі, чарадзеі, садаміты й людаеды, а іхны ваявода прадаў душу д’яблу ўв абмен на няўдачу нашага першага штурму. На гэтай падставе ўсе добрыя хрысьціяне павінны былі далучыцца да нашага Крыжовага паходу Любові, як мы яго называлі.
У прапагандысты тут жа запісаліся дабрахвотнікамі ўсе прысутныя рыцары, у выніку чаго галоўнага выведніка зноў давялося вызначаць лёсаваньнем. Ім стаў барон О-скі, таленавіты лазутчык, які ўжо зьдзейсьніў у жыцьці не адну вылазку за межы сваіх уладаньняў, пераважна з мэтай накрасьці дроваў. Баронавай задачай было трапіць любым коштам у горад і сабраць пра яго абаронцаў як мага болей усякай інфармацыі. Да выкананьня сваіх новых абавязкаў барон зь неўласьцівым яму імпэтам прыступіў у той жа дзень.
Вяртаньня барона мы, па шчырасьці, зачакаліся. Ён уваліўся ў лягер увечары й нападпітку ажно праз тыдзень, і сьпярша толькі махаў рукамі ад перанасычанасьці ўражаньнямі. Допыт барона вёў сам князь М-скі:
-Ну што, быў у горадзе? – Барон ікнуў і кіўнуў адначасова. – І як там у іх? Шмат золата?
Барон толькі вырачыў вочы і выпрастаў рукі ў бакі, нібы спрабуючы абняць сваю жонку. У войску вельмі любілі яго за красамоўства. Мы паспакайнелі: палонныя не схлусілі, горад заможны.
-Колькі ўсяго абаронцаў? – працягваў князь. – Пешых, конных, лучнікаў?
-Ат, абаронцаў! – умяшаўся хтосьці падпіты – не выключаю, што гэта мог быць і я. – Ты пра галоўнае скажы: дзеўкі там якія?
Барон тут жа звузіў размах рук з шырыні “жонка” на шырыню так званай асінай таліі й высалапіў язык. Нашым намётам пранёсься зайздросны стогн. Толькі прысутныя палкавыя курвы, што акурат вярнуліся з працоўнай зьмены, пагардліва гмыкнулі й люта неўзьлюбілі барона. Адна зь іх, смачна харкнуўшы, падала барону збан піва, якое мы за час ягонай адсутнасьці навучыліся варыць з жалудоў. Аднак піць піва барон ня стаў – замест гэтага ён дастаў з кішэні срэбную біклагу зь нейкім загадкавым нэктарам (“Трафэйная!”, здагадаліся мы), прыклаўся да яе на хвілінку – і, нікога не пачаставаўшы, зноў схаваў яе ў кішэнь, пасьля чаго нарэшце разгаварыўся.
Паводле ягоных словаў, абкладзены намі горад быў ледзь ня новым Ерусалімам, дзе, што праўда, барон ніколі ня быў. Я запамятаў зь ягонага аповеду толькі асобныя факты. Напрыклад, ня толькі фартыфікацыі, але й астатнія збудаваньні былі ў горадзе мураваныя, што значна зьніжала шансы ператварыць яго ў папялішча. Драўляным посудам там практычна не карысталіся. У якаснай імпартовай вопратцы, якой у нас было днём з агнём не дастаць нават па лініі царквы, хадзіла ня толькі арыстакратыя, але й дзеці. Усе ксяндзы нібыта былі пісьменныя. Адбіраць у жабракоў міласьціну было забаронена. За выкананую працу разьлічваліся не гарэлкай ці перапіхам, а цьвёрдай валютай. Ну і гэтак далей.
-А яшчэ бачыў іхны рыцарскі турнір, – працягваў барон. – Яны ў іх там кожныя выходныя, у час кірмашу. Адразу пасьля выступу цыркавых мядзьведзяў. Во дзе, я вам скажу, відовішча! Так тыя мядзьведзі скакаць умеюць...
-Ты пра рыцараў давай, – нагадаў барону князь М-скі.
-А што тут даваць... – махнуў рукою барон. – У іх там нават на конях збруя лепшая, чым на мне. І панцыр, і шлем, і нават пальчаткі – з суцэльнага жалеза! Ніякай скуры! Забрала на шлеме ня толькі апускаецца, але й падымаецца! (У нас з рыцара здымалі шлем звычайна разам з галавой.) А налакотнічкі там якія, паны, налакотнічкі! І нават на адным месцы, не пры дамах кажучы, адмысловы мэталічны чарапок!
Мы зьбянтэжана пазіралі на свой баявы рыштунак, пераважна мангалоіднага ўзору.
-Усе ўмовы створаныя для рыцарства. Ня тое што ў нас... – ледзь ня плакаў ад расчуленасьці значна падпіты барон. – І так, як мы, між іншым, у іх ужо не ваююць. Тактыкай “набег нахрапістай сьвіньні” не карыстаюцца. Як мне казалі, увесь упор у іх на перавагу ў стралковай сіле. Прычым лукі, спадары – гэта ўжо ўчорашні дзень. Цяпер у іх там у модзе такі кішэнны мэханічны лучок – ну дзіва, дый па ўсім! Зь яго нават цэліцца ня трэба, ён сам пацэліць! Дастаткова яму шапянуць, прыкладам, “вока” – і ён табе – бац! – і ў самае вока!..
З кожным баронавым словам рабілася ўсё больш відавочным, што заваяваць горад яшчэ сёлета, як абяцала камандаваньне, нам ня ўдасца.
-Затое бухаць, як мы, там ня ўмеюць! – не стрымаўшыся, выгукнуў хтосьці, але гэта ня надта падбадзёрыла рыцараў.
-А можа, і сапраўды, паспрабаваць выклікаць іх на турнір у п’янстве? – прапанаваў я, але мой шэпт патануў у адзінагалосным замагільным маўчаньні.
-Растрыбушыць бы гэты іхны мур якім-небудзь трэбушэ... – скрушна скалямбурыў барон. Тыя, хто ведаў, што такое трэбушэ, стрымана рагатнулі.
-Турнір! – нечакана падтрымаў маю ідэю наш гетман. – Геніяльна! Мы выклічам іх на турнір! Іхны рыцар супраць нашага! Як у сівую даўніну! Хто пераможа, таго і горад! Як я раней не даўмеўся!
Мы пераглянуліся: у кантэксьце баронавага аповеду было відавочна, што князь М-скі звар’яцеў.
Натуральна, мы недаацанілі досьціп нашага правадыра: як выявілася, пад “турнірам” ён меў на ўвазе зусім ня рыцарскія двубоі, а традыцыйныя ўва ўсёй Эўропе камандныя спаборніцтвы скамарохаў, па-тутэйшаму мінэзінгераў ці трубадураў. Што праўда, прафэсійных мэнэстрэляў між нас не было, былі толькі казачнікі, затое кожны з нас ведаў процьму гераічных песень, якімі нам усім дурылі галовы зь дзяцінства, а нашая мова, як некаторым з нас казалі ў манастырскай школе, была самай мілагучнай у вядомым нашым манахам вакольным хрысьціянскім сьвеце. То бок у нас быў нашмат большы шанс перамагчы ў турніры песенным, чым у сапраўдным – за яго мы і ўхапіліся, як дурні за торбу.
На загад князя М-скага нашыя канкурэнтаняздольныя лукі былі тут жа пераробленыя вайсковымі майстрамі ў ліры. На ўсіх слупах у навакольлі горада былі разьвешаныя меркаваныя гарадзкія шпіёны, што дзікім лямантам і Хрыстом-богам заклікалі ў тутэйшай мове ўсіх, хто здольны трымаць танальнасьць і не баіцца гнілых яблыкаў, зьявіцца ў наш лягер у суботу на Турнір Вялікага Шлема, на якім вызначыцца далейшы лёс горада й краіны. Мы былі перакананыя, што атлусьцелыя сэрцам у сваім дабрабыце гараджане ня здолеюць крануць душаў журы так пераканаўча, як нашыя загартаваныя маркоўна-грыбной дыетай галасы. Да слова, журы складалася з нашых закладнікаў, заморскіх гасьцей-таргашоў, чый заблукалы караван нам пашчасьціла затрымаць днём раней – у залежнасьці ад вынікаў спаборніцтва мы зьбіраліся або канфіскаваць іхнае майно, або адпусьціць іх на ўсе чатыры бакі.
І вось настаў той вялікі дзень. Нагнаная намі з вакольных вёсак шматлікая публіка не магла дачакацца, калі яе адпусьцяць дадому. Нашым шарагоўцам былі раздадзеныя заўзятарскія транспаранты. Паяцы на падагрэве жанглявалі ўсохлымі да памераў арэху галовамі нашых загіблых герояў. Палкавыя курвы абыходзілі гасьцей з келіхамі, у якія зьбіралі ахвяраваньні ў любым выглядзе. Князь М-скі нэрвова паглядаў на сонца, каб не прапусьціць моманту, калі можна будзе з чыстым сумленьнем запісаць гарадзкім тэхнічную паразу.
А той момант з кожнай гадзінай няўхільна набліжаўся. Стомленыя, мы ўжо зьбіраліся плюнуць і ісьці сьвяткаваць перамогу, як раптам зь нечаканага для нас боку, аднекуль з флянгу, на нас рынуўся цэлы натоўп падпітых гарадзкіх, што разьвязна гарлалі, галёкалі й махалі рукамі ў наш адрас. Асаблівай зьнявагай для нас была прысутнасьць у натоўпе жанчын – няўжо яны так мала нас паважаюць, што не баяцца выставіць супраць нашых песьняроў нават баб? Пры звычайных абставінах мы, вядома, скарысталіся б іхнай бяззбройнасьцю й пасеклі гэтых гулякаў на вугорскі гуляш, але ж міжнародная Хартыя па правядзеньні небаявых турніраў, кулачных баёў і інтэлектуальных дыспутаў дазваляла ўжываць гвалт толькі да першай кроплі крыві.
Не заставалася нічога, як сьцяўшы зубы прывітаць ворагаў як супернікаў. Тыя тут жа кінуліся да нас абдымацца й цалавацца, лапалі нашых курваў і музычныя інструмэнты, рагаталі з нашых старых пабітых шчытоў, дапатопных кальчугаў і нястрыжаных бародаў, зьдзекліва заціскалі насы і ўдавалі ваніты – карацей кажучы, рабілі ўсё, абы толькі не выступаць першымі й захаваць за сабой выгаду апошняга слова. Што ж, мы й без таго былі ўпэўненыя ў сваёй перамозе. Князь М-скі ўзьняў руку й паказаў нягнуткім жалезным ківуном на барона О-скага. Той перажагнаўся, паслухмяна ўзяў ліру, то бок былы лук, цяпер з чатырма цецівамі, крыху яго яшчэ падладзіў, ударыўшы пару разоў графа Н-скага мячом па шлеме, які выдаваў ідэальны тон “ля” – ну і пачаў.
Ад баронавага сьпеву ў нас уваччу зьявіліся сьлёзы. Барон сьпяваў уласную баляду пра наш мілы родны кут, і кожнаму з нас паступова рабілася ясна, што мы ніколі больш не пабачым сваёй айчыны, а застанемся ў чужой зямлі ці ляжаць, ці стаяць пад мурамі гэтага клятага гораду вечна, бо з такім вісклівым голасам як у барона выйграць турнір нам у жыцьці ня сьвеціць. Некаторых нашых рыцараў так кранулі баронавы стогны, што яны ажно парываліся прыкончыць яго мізэрыкордамі, каб ня мучыўся. Іншымі словамі, барон сапраўды стараўся, таму, калі баляда ўрэшце адгучала, публіка не магла не аплядаваць выканаўцу, папіханая ў дадатак дзідамі нашых ваяроў. Журы з таргашоў-турыстаў адзінагалосна паставіла барону найвышэйшы магчымы бал.
Мы пераможна зірнулі ў бок нашых супернікаў – ну што, маўляў, ёсьць сэнс працягваць? Тыя зразумелі гэта як выклік і тут жа пашыхтаваліся абаронным парадкам у два шэрагі, мужчынскі й жаночы. Іхны правадыр, што ледзь ужо стаяў на нагах, выйшаў наперад, але замест таго, каб упасьці перад князем М-скім на калені, павярнуўся да нас сьпінай і ўзмахнуў рукамі.
Што тут пачалося! Гарадзкія загарлалі яшчэ гучней, чым дагэтуль, толькі гэтым разам – у адзін голас. Тое, што яны раўлі, нагадвала нам нейкія пахабныя частушкі, аднак публіцы такое супольнае выкананьне падабалася настолькі, што яна нібыта спантанна пачала падпяваць, пляскаць у ладкі й прытопваць драўлянымі чаравікамі, нягледзячы ні на якія дзіды. То бок неўзабаве супраць нас сьпявалі ўжо не адна, а дзьве харугвы – за намі й перад намі. Кажучы па-вайсковаму, мы трапілі ў абцугі: наёмная публіка перайшла на бок сваіх суайчыньнікаў, подла засадзіўшы нож у сьпіну нашай каманды. (Між іншым, сэнс ваяўнічай песьні, як патлумачылі нам пазьней, зводзіўся да чагосьці накшталт “Мы вам пакажам, мы вас кокнем”. Не было сумневу, што гэты падступны манэўр быў дамоўлены з публікай загадзя.)
У тое ракавое імгненьне, калі мы зьнерухомелі ў агаломшаньні, ледзь стрымліваючыся, каб самім не падтупваць у такт уласнай пахавальнай песьні, наш трэнэр па сьпевах кашталян П-скі выявіў нечаканую кемлівасьць і кінуўся да журы з пратэстам: гэта, маўляў, нечувана, за такое гарадзкіх трэба на месцы дыскваліфікаваць! Мы дамаўляліся пра індывідуальныя спаборніцтвы, а не групавыя! І аднаполыя, а не зьмяшаныя! Што гэта мне за самадзейнасьць? І гэты стадны роў вы называеце высокай культурай? – ну і ўсё такое. Журы ў складзе трох таргашоў абмянялася шматзначнымі поглядамі з сваім караванам і згодна кіўнула на ўсе патрабаваньні кашталяна. Аднак вырак журы, як выглядала, кожны зразумеў па-свойму, бо радасна заякаталі як нашыя ваякі з курвамі, так і гарадзкія – і зноў пачалі міжсобку абдымацца ды яшчэ й абменьвацца кашулямі. Спаборніцтва на нашых вачах памалу перарастала ў оргію, прыпыніць якой мы ня мелі сілаў, дый ня бачылі сэнсу. Марна спрабавалі князь М-скі з кашталянам адшукаць правадыра гарадзкіх, каб абвясьціць яму ўмовы здачы – у гурбе целаў адрозьніць яго ад астатніх так і не ўдалося.
Такім чынам, турнір у сьпевах мы, на нашую думку, выйгралі, аднак ніякіх палітычных наступстваў гэта, як ні дзіўна, ня мела – толькі вэнэрычныя. Што зробіш, калі подлыя гараджане папросту не прытрымліваліся ўмоваў культурнага вядзеньня вайны.
Тым часам нашае становішча пагаршалася з кожным днём. Акурат пасьля турніру ў нашых шэрагах набыло папулярнасьць дэзэртырства. Ня толькі простыя драбы, але й рыцары пачалі пэрыядычна зьнікаць з нашага лягеру па начах. Спачатку мы лічылі, што іх выкрадаюць ворагі або лясныя чарадзеі, і толькі пасьля таго, як адзін з лазутчыкаў вярнуўся ў чарговы раз з горада, куды быў адпраўлены ў куплянкі, мы ад яго даведаліся, што ён бачыў на кірмашы шмат нашых пад ручку з тамтэйшымі бабамі. Угаварыць іх адчыніць ці прынамсі паказаць нам гарадзкую браму яму не ўдалося. Ды што казаць, нават тыя з курваў, што яшчэ захоўвалі нам вернасьць, пачалі з галадухі разьбягацца па вакольных кляштарах, паводле іхных словаў – “у мэтах падвышэньня кваліфікацыі”. Пад ціскам гэтых абставінаў мы прыйшлі да высновы, што трэба нешта думаць, і склікалі чарговую штабную нараду.
А ўжо раніцай гарадзкая варта, што заступіла на дзённую зьмену, нашага войска пад мурамі ня ўбачыла – толькі сьвежазасыпаныя вогнішчы, зямлянкі й памыйныя ямы. Пасьля доўгіх месяцаў аблогі мы ўрэшце былі вымушаныя з ганьбаю адступіць. На тое, што ў горадзе так падумаюць, і быў увесь разьлік. Насамрэч, яшчэ ўначы мы ўсім войскам – ужо зусім нешматлікім, – зрабілі апошні рашучы рывок да перамогі: зарыліся ў зямлю літаральна з галавою й пачалі ўсімі сіламі, шлемамі, мячамі й шчытамі падкопвацца пад мур. Прычым супольна, плячо да пляча – што ваякі й збраяношы, што паны-рыцары. “У нас няма дваран, у нас усе роўныя”, сказаў з той нагоды князь М-скі – і ня схлусіў, паколькі, нагадаю, нашыя шляхецкія ўладаньні на той час былі даўно ўжо экспрапрыяваныя каронай. Губляць нам, апроч зыржавелых ланцугоў на шыях, не было чаго.
Увесь той дзень мы прасядзелі ў падкопе як мышы, па чарзе толькі падпаўзаючы да кратовай нары падыхаць, а з надыходам цемры зноў узяліся за працу. Гадзінаў празь пяць, то бок значна раней, чым мы чакалі, нам пашчасьціла ўпершыню наткнуцца на гарадзкую брукаванку і ўрэшце выбіць яе галавою барона О-скага. Ачуняўшы, барон радасным шэптам паведаміў нам, што мы сапраўды пракапаліся на нутраны бок муроў, у адзін добра вядомы яму вулічны закуток.
Нашая высадка ці калі заўгодна вылазка цягнулася нядоўга, бо некаторыя баявыя таварышы засталіся жыўцом пахаваныя ў падкопе ў выніку некалькіх завалаў і нястачы паветра. Навобмацак правёўшы кароткую й хутчэй фармальную пераклічку, мы ўчулі цяжкі поступ вартавога і пачалі красьціся ў той бок удоўж сьцяны дому. Сапраўды, гэта быў ня прывід: узброены алебардай мужчына невысокага росту праходжваўся туды-сюды пад мурамі. Як толькі вартавы павярнуўся да нас сьпінай, сам князь М-скі на дыбачках падышоў да яго ззаду й ласкава абняў яго за шыю рукой з кінжалам.
-Вядзі нас да свайго караля! – кволым ад залішняй для сваіх гадоў фізычнай нагрузкі голасам загадаў вартавому наш геніяльны ваявода.
-Караля? – зьдзівіўся вартавы так, што ажно падскочыў, а мы зьдзівіліся, што ён так добра разумее й гаворыць па-нашаму. – У нас няма караля. У нас самакіраваньне. Выбарная дэмакратыя...
-Значыць – будзе! – зарыкаў на яго князь, што не зразумеў апошніх двух фразаў. – Ану, паказвай, дзе тут найлепшы, найвялікшы і найбагацейшы палац!
Пачухаўшы патыліцу ў намозе зразумець, у каторы з трох палацаў нам трэба, вартавы ўрэшце пастанавіў, што найлепш будзе завесьці нас да гарадзкой ратушы. З нашым прыбыцьцём там настаў пярэпалах: пачалі тэрмінова склікаць чальцоў магістрату, пабудзілі бургамістра. Мы, наадварот, ад доўгага чаканьня ледзь не заснулі стоячы.
Бургамістар прыняў нас у вялікай залі з калёнамі, дзе ў іх адбываліся нарады: мы не маглі адарваць вачэй ад залатога ланцуга на ягоным пузе, што яскрава зьзяў пры сьвечках поверх начной сарочкі.
-За якой патрэбай завіталі паны рыцары ў наш горад? – спытаўся той узурпатар, пазяхнуўшы. – Турніры сёлета ўжо скончыліся, прыходзьце налета...
-Што значыць “завіталі”? – узвысіў голас наш правадыр. – Мы яго здабылі штурмам! Пасьля амаль паўгода аблогі!
Бургамістр зьдзіўлена пераглянуўся з сваімі райцамі, у шэрагах якіх нам пачуўся прыдушаны сьмех. Некаторым зь іх ад яго зблажэла, і яны пападалі на калені, трымаючыся за жываты.
-І чаго вы, такім чынам, хочаце? – перафразаваў сваё пытаньне бургамістар.
-Мы хочам, каб вы пакляліся ў вечнай вернасьці й падданстве нашаму ўладару, Ягонай Вялікасьці каралю Артэмісіюсу Першаму!
Тут ужо пачаў сьмяяцца й сам бургамістар. Мы глядзелі на іх і ня ведалі, чым патлумачыць такую зьняважлівую для нас рэакцыю: ці то тым, што ў заваяваным намі горадзе ніколі ня чулі пра нашага караля, ці то тым, што тутэйшыя звычкі адваротныя ад нашых, і што там, дзе мы плачам, у іх тут прынята хіхікаць або рагатаць.
-Гэта немагчыма, – сказаў урэшце бургамістар, сяк-так супакоіўшыся.
-Немагчыма? – іранічна папытаўся князь, нібы між іншым кладучы правую руку на дзяржальна мяча – але ж бургамістар спыніў яго жэстам.
-Немагчыма, – паўтарыў ён, – бо Ягоная Вялікасьць кароль Артэмісіюс Першы болей не кароль і не Вялікасьць. Вашую краіну ўжо колькі месяцаў як захапілі ўсходнія суседзі. Няўжо вы пра гэта ня чулі?
Мы стаялі, разявіўшы раты. Мы сапраўды пра гэта ня чулі, бо ў запале аблогі зусім не цікавіліся навінамі з радзімы.
-А так яму й трэба! – не ўтрымаўся барон О-скі. – Будзе ведаць, як чужыя маёнткі канфіскаваць!
Пачуўшы “канфіскаваць”, наш заўгас граф Н-скі тут жа знайшоўся і ўратаваў становішча:
-У такім разе, мы патрабуем, каб горад выплаціў нашаму войску кантрыбуцыю ў памеры дваццаці бочак золата й трыццаці бочак піва! – кінуў ён у твар бургамістру.
Бургамістар і ягоная сьвіта рэзка пасур’язьнелі.
-Ні ў якім разе, – прамовіў гарадзкі галава ці лепш сказаць пуп, яўна абураны нашай прапановаю: па ім было відаць, што піва ён любіць ня меней за золата. – Ні ў такім, ні ў сякім.
-Тады вы ніколі ня выйдзеце жывыя з гэтай залі! – прыгразіў князь М-скі, выцягнуўшы-такі меч.
На гэта бургамістар узьняў руку з каштоўным пярсьцёнкам – і з-пад калянады, што вяла ўдоўж сьценаў залі, зьявіліся жаўнеры, узброеныя алябардамі, як і вартавы. Мы зразумелі, што падступныя гарадзкія завабілі нас у пастку, а перамовы з намі вялі толькі каб выйграць час.
-Магу прапанаваць вам на выбар два выйсьці, – ласкава-строгім тонам спаведніка сказаў бургамістар. – Або вы зараз жа складаеце зброю й застаяцеся ў нашым горадзе як госьці – у такім разе я абяцаю пасяліць вас у найлепшым пастаялым двары й асабіста заплачу за цэлы тыдзень вашага тут пражываньня. Або вы разам са зброяй выпраўляецеся за межы нашых муроў і ідзяце на ўсе чатыры бакі, але каб не бліжэй за пяцьдзясят міляў ад горада. Падумайце. Тэрцыюм нон датур.
Мы стаялі перад ім моўчкі, як аблітыя памыямі, што многім з нас нагадала дзень першага штурму. Цэлых паўгода нашых цудам уратаваных жыцьцяў дзякуючы мудраму кіраваньню князя М-скага пайшлі кату пад хвост. Гэтая думка была для нас у тым стане невыносна цяжкой, нашмат цяжэйшай за зброю. Мы былі стомленыя, галодныя, а некаторым, як мне, карцела ў суточкі яшчэ ў падкопе. Адным словам, вялікага гераізму ніхто з нас у той сытуацыі ня выявіў. Неўзабаве на падлогу пачалі падаць першыя мячы – хаця дапускаю, што першы зь іх проста выпаў з рук некаторага з заснулых рыцараў, а за ім ужо пацягнуліся астатнія, яшчэ прытомныя.
Такім чынам, рэшта нашага мяцежнага крыжацкага войска падзялілася на дзьве прыблізна роўныя паловы: палову годных і палову разумных. У апошні раз мы зірнулі адны на адных і напасьледак яшчэ абняліся. З сваімі былымі братамі па зброі мы разьвітваліся без папрокаў, крыўдаў і шкадаваньня. Пакуль кожны абняўся з кожным, за вокнамі разьвіднела.
Я, як вы ўжо здагадаліся, застаўся ў разумнай палове. Годным я ні ў чым не зайздросьціў, хіба толькі ў тым, што яны на ўласныя вочы пабачаць-такі гарадзкую браму. Сорам прызнацца, але да сёньня ня ведаю, дзе яна знаходзіцца, бо мяне гэта неяк перастала цікавіць адразу пасьля таго, як я стаў гарадзкім.
Месяц-другі мы з калегамі-здраднікамі й сапраўды жылі ў гатэлі ды вывучалі тутэйшую мову. Потым – разышліся хто куды. Я спачатку нейкі час выступаў на турнірах, але ўжо на другі год завязаў з рыцарствам. Пазнаёміўся з тутэйшай жанчынай, навучыўся чытаць і пісаць. Неўзабаве адкрыў сваю цырульню, да сёньня зарабляю стрыжкамі пад гаршчок. Час ад часу пускаю кроў жылай, але ўжо ня з горла.
Што стала з тымі, хто вярнуўся на радзіму – а сярод іх князем М-скім, графам Н-скім, баронам О-скім, кашталянам П-скім – ня ведаю. Магчыма, яны былі памілаваныя новай уладай як ворагі папярэдняга караля й надалей служаць бацькаўшчыне верай і праўдай. Хаця ня думаю, што ім вярнулі іхныя маёнткі. Зрэшты, ёсьць верагоднасьць, што мы зь імі яшчэ ўбачымся, калі ўсходні кароль абвесьціць супраць нашага горада чарговы крыжовы паход.
Ліпень 2016 г.