27.09.2015

Запрашаем на гойданкі ў Гайд-Парку

Выйшаў друкам чарговы – дзявяты па ліку – альманах літаратараў дыяспары “Беларус”, які Янка Запруднік у прадмове назваў “Гайд-Паркам для беларусаў замежжа”. Гэтым разам нумар багаты на пераклады, якія даслалі Віталь Воранаў (“Апошняя стужка” Бэкета), Ірына Варабей, Якуб Лапатка (“Дон Кіхот” Сэрвантэса), Віялета Кавалёва й Алег Мінкін.

Сярод россыпаў арыгінальных вершаў і ўспамінаў альманах прадстаўляе новую прозу Сяржука Сокалава-Воюша (апавяданьне “Грак”) і Макса Шчура (у тым ліку аповед “Ружовае піва”, апублікаваны і на “ЛітРАЖы”).

Таксама ў нумары нагадвае пра сябе як пра празаіка й паэта самы вядомы беларускі літаратар замежжа – спадар Зянон. Бадай, ужо таму сёлетні альманах рызыкуе патрапіць на палічку кожнага сапраўднага аматара ня толькі эмігранцкага, але і ўсякага беларускага пісьменства – чаго “ЛітРАЖ” выданьню й жадае.