Інвэнтарызацыя

паэзія, вершы, беларуская мова

1.

Менавіта адсюль
з гэтай купальні
з гэтай ванны
з гэтага кута пад гэтай страхой
на працягу шаснаццаці гадоў
асабліва пры сонечным надвор'і
быў самы выгодны выгляд
на супрацьлеглую сьцяну
з плямістай кафляй
то бок на зьнешні сьвет
на сябе
на кніжныя старонкі
на мокрыя аркушы паперы

Легчы апошні раз
сюды
пад касую сьцяну паддашку
што наводзіць на думкі пра піраміду
ўключыць ваду
скласьці рукі
і зьнерухомець

Вось цяпер зразумела што значыць
sub speciae aeternitatis

2.

Зазірнуць у бясконцыя глыбіні
лябірынт паўзабытай мінуўшчыны
дзе прадметы ад нерухомасьці
склеіліся паверхнямі
як скура сіямскіх блізьнятаў
так доўга яны ляжалі
пыліліся й чакалі цябе
ў гэтым доме
у якім ты даўно не жывеш

Дзеля чаго?
Чаму б іх цяпер ня выкінуць?
Хіба ты калі-небудзь яшчэ будзеш у іх зазіраць?
Не
яны ляжалі тут ня дзеля нейкае будучыні
а менавіта дзеля гэтага моманту
замест падарунку да твайго 39-годзьдзя
каб ты
менавіта цяпер
у новай якасьці так званага «пераможцы»
азірнуўся назад
сутыкнуўся зь імі твар у твар
і са зьдзіўленьнем даведаўся
што тваё тутэйшае жыцьцё было цікавейшым
чым ты думаў
дый сам ты быў цікавейшы
ў якасьці вечнага аўтсайдэра

3.

Сафіін выбар у мініятуры:
што ўзяць а чаго ня браць з сабою
што аднойчы яшчэ прыдасца а што не
што скінуць з паветранай кулі жыцьця назаўжды
а што пакінуць на борце
да наступных пярэбараў
перабіраньня зярнятаў ісьціны
Папялушкай

А што калі да таго ж
за вокнамі бахаюць стрэлы
ці гарлае разьюшаны натоўп
або ў дзьверы грукочуць нагамі
а ты нават ня можаш як сьлед засяродзіцца
на папярэднім жыцьці

добра ўцякаць толькі тым, хто нічога ня мае
за душою
як табе ў маладосьці
уцякаць за душою

4.

Вызваляць сваю кватэру
гэта ў прынцыпе тое самае
што капаць сабе магілу
(дзед апавядаў)
зьнішчаць уласнае жытло
ўласнымі рукамі
зь нейкай збачэнскаю асалодай
якую павінны адчуваць самагубцы

Горка думаць, што палова
адкапаных табою праз гады імёнаў
для цябе нічога ўжо не азначае
што палова тваіх рэліквій
была непатрэбных
нават табе
і што папярэдніх дваццаць гадоў жыцьця
дзень па дні
сустрэча па сустрэчы
лёгка зьмяшчаецца
ў дзьвюх невялічкіх скрынках
якія ты можаш узяць
а можаш і ня ўзяць з сабою
ў новае жыцьцё
іншы й той самы сьвет
на дне чарговае піраміды

5.

Калі натрапляеш на допісы аб каханьні
як уласныя
адрасаваныя розным жанчынам
(тады яшчэ дзяўчатам
якіх ты да адной выдатна памятаеш)
так і адрасаваныя табе ў розныя гады
рознымі жанчынамі
(тады яшчэ дзяўчатамі
зь якіх ты прыгадваеш ужо ня ўсіх)
то ствараецца адчуваньне, што ты пісаў
адной і той самай асобе
і што ўсе адрасаваныя табе прызнаньні
таксама пісала адная й тая ж асоба –
настолькі лісты падобныя паводле стылю
выразаў
шантажысцкай лексікі
уласна, яны адрозьніваюцца толькі почыркамі

вось так: калі ўсьведамленьне біялягічнай уміручасьці
дасягае ў полымі жарсьці свайго апагею
то ўсе людзі раптоўна робяцца
адной адзінай закаханай асобай

ажно сьмешна: акурат тады
калі мы дасягаем стану поўнай узаемнай заменнасьці
мы чамусьці здаемся самі сабе незаменнымі
ды яшчэ й спрабуем пераканаць у гэтым іншых

6.

Вялікую частку тваіх папяровых скарбаў
складаюць нататкі з унівэрсытэцкіх лекцыяў
бязьлітасныя сьведкі змарнаванага часу
асуджаныя на рэцыкляцыю

Аднак калі падумаць
то і астатнія твае «дакумэнты»
ёсьць толькі матэрыяламі да завучваньня
такога чужога табе раптам жыцьця
напамяць
канспэктамі да выніковага іспыту
што яшчэ чакае цябе ў будучыні
магчыма ўжо заўтра

На ім табе не дадуць выбраць тэму
тэма сама даўно выбрала цябе
і ты ведаеш, што ты не гатовы адказваць
што ніякай палёгкі ня будзе
і што колькі б ні важыў твой так званы даробак
нягледзячы на ўсе твае высілкі
ты будзеш «уважаны лёгкім»
як казаў Заратустра

7.

Кватэра памалу сям-там агаляе
варыкозныя вены павуціньня
забітыя тромбафлебітам пылу
той за гады пачаў ужо нагадваць
сапраўдную тканіну
воўну
вусьцілку
Пажыві ты тут яшчэ крышку –
і ў ім бы занялося жыцьцё
а ня тое што ў тваіх паперах

Так пахне дрэва
ў старых касьцёлах

За вакном пузам уніз
вісіць агромністы месяц
нібы кулёк з жоўтай азёрнай вадою
поўнай малькоў

8.

Сустрэцца з уласнай мінуўшчынай –
гэта амаль як сустрэць іншую цывілізацыю
несумненна разумную
й чалавечную
Вось рэчы
сашрубаваныя тваймі ўласнымі рукамі
настолькі даўно
што ты ўжо ня здольны ўгадаць іхнага прызначэньня
Знакі
накрэмзаныя тваім почыркам
што напэўна калісьці азначалі нешта
важнае
Ключ да іх павінен быць недзе
ў тваёй падсьвядомасьці
ці наадварот
гэта яны ёсьць ключом да яе?
Няма часу згадваць
Трэба пакавацца

Толькі пыл зварухнецца
ў пустой шуфлядзе
як здань інсэкты
што жыла там калісьці

9.

Пераезд нездарма прыроўніваюць да пажару
У маім выпадку
пажар быў бы лепшым спосабам пераезду

На жаль, мы не культура вог ненных пахаваньняў
Мы захоўваем вернасьць склепам

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Вэртыкальныя повязі ў вершы — фіктыўныя.
У сапраўднасьці кожны радок — частка
доўгага гарызантальнага тэксту,
які на момант вынырвае, праходзячы скрозь старонку,
падобна да таго, як падземная рака выцякае на паверхню і зноў зьнікае ў пяску.

Пераклад:
Макс Шчур

Празь дзьве мяжы ў чаўночным рытме везьці ўпотай
суплёт кур’ёзаў, баек, лёсаў, анэкдотаў,
псэўдагармоніі няўстойлівы акорд.
Гадзіны ў месцы, што цясьнейшае за карцэр –
над краявідам пачало за шклом зьмяркацца,
і далягляд шаша працяла навылёт. 

Пераклад:
Макс Шчур

Не бычынае скуры – манаскай сутане
Прыпадобная бацькаўшчына. Тым ня меней,
Сьцягам вёскі заўсёды была для мяне яна,
Дзе жылі, як калісьці Вэргілі ў выгнаньні.

А цяпер? Толькі мапы стракатае контур –
Вецер гоніць яе, спапяліўшы дашчэнту,
У вульгарную суш гарадзкога цэмэнту,
Да засохлых вянкоў палявых нацюрмортаў...

Пераклад:
Макс Шчур

У часіну свайго нараджэньня яна рассоўвае ногі, не разумеючы сэнсу сваёй позы, прызначанай дарыць сьвятло, зямлю, агонь, паветра, але потым чалавеку рупіць зноў увайсьці ў гэтую клятую похву, пасьля таго як я паспрабавала нарадзіць сябе сама, выцягнуўшы сваю галаву праз сваё ўлоньне (а як што не змагла, то шукаю сьмерці і ўваходу ў сьмярдзючы бярлог схаванай ахоўніцы з функцыяй пахаваньня) я пра похву, пра сьмерць