Назіраньні

Пераклад: 
сучасная чэшская паэзія, вершы па-беларуску, чэшская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

***

Ён ня ўмее гаварыць «не» і шмат гаворыць
пра тое, што іначай нельга
Ён слухае, а сам пад сталом
засоўвае руку ў нагавіцы
слухае рамантычную музыку
сёрбае віно
На жаль яна папаўнела
кажа ён у роспачы
зь ёю ўсё яшчэ можна размаўляць
зь ёю нават весела
Ён нясьпешна курыць і азіраецца
на хударлявых

*
Зацята спрабуе быць забаўнай
яны гуляюць у карты
у яе акурат мэнструацыя
і нянавісьць да бацькоў
нянавісьць да адпачынку
яна выглядае як маці
увесь час адварочваецца ад яе
прадчувае, што ёй ня выйграць

*
Ён хоча выглядаць крута
выдаткаваў на гэта шмат грошай
адмовіўся ад некалькіх хобі
зьмяніў погляды
Замовіў сабе
ўіскі з дыетычнай колай

*
Блакітны й ружовы
мне сумна
нясмачна есьці
хадзі да басэйну
хадзі ў краму
тут камары
у мяне доўгія пазногці
блакітны й ружовы
выблююся сама

*
Надзеў нэонавую цішотку
й выправіўся ў бар
Цішотку замовіў праз e-shop
таму што той выклікаў у яго асацыяцыю з сэкс-шопам
На нешта спадзяваўся
Папоўначы быў ахвочы нават заплаціць

***

Хачу цішотку з Рэмбо
хай бы мяне трахалі шэфы
а я ўсьміхалася б кіраўніцы аддзелу
так, як хацеў вялікі Рэмбо:
гэта ён, калі паміраў, пашаптаў сваёй сястры

***

Адчуваю валокны адзеньня на голай скуры
выхіляюся з акна
ігнарую званок зь невядомага нумару
маўляў у яго было няшчаснае дзяцінства
са зьдзіўленьнем спраўджваю што
плесьня ў ракавіне пахне кардамонам

***

Я гэта яна
мы зноўку
цалуемся
над каляскай

***

Замест крамы слодычаў
у мяне твая спэрма
галава адключаная
раем спажываньня

***

Насцы мне ў рот, золатка
павесялімся

Не хачу працаваць
не хачу думаць

Насцы мне ў рот, золатка
за працоўным сталом

***

У мяне зацяжарала сэрца
І што цяпер?
Падмятаю сьцяжыну
Да храму

***

Я прывязала цябе
яечкамі за крэсла, о так
Ты сказаў мне
што шчыра мяне кахаеш

***

Майму каханку
баліць рабрына
як той Адам
ён ня можа сьмяяцца

***

Раніца панядзелка
спэрма ў валасах

***

Я золату казала «вы»,
я золатам ванітавала
Золата, золата тваё
ўва мне ападае
Чакаем моцную зьліву
але ж імжаць адны блёсткі

***

Ён выліўся
і тут жа ўсмактаўся
ў тваёй кватэры
вялікі акварыюм
дробныя рыбы
я яго даткнулася
бадай выпадкова

***

Ты замілаваны прагрэсам
замілаваны ўпарадкаванасьцю
я іншае пакаленьне
я люблю рэтра
люблю бруд
я не каштавала жуйкі «Пэдро»
ня памятаю часоў камунізму
я іншае пакаленьне
я магу адмяжоўвацца толькі ад грамадзтва спажываньня
ты іншае пакаленьне
але ябеш чотка

***

Я надта вузкая
для мёртвых
і надта вільготная
для жывых

***

Табе неабавязкова да мяне хадзіць
я манатонна зьбіраю пачуцьці шуфлікам
тым часам бабуля
зьбірала курыны гной голай рукою

***

Сяджу ў ваньне і плачу
ўжо гадзіну зь мяне цячэ
і спыніць немагчыма
Ты трахаеш мяне толькі таму, што спачуваеш
зь мяне цячэ і немагчыма
спыніць

***

Пачуцьці
гэта для жонак
я магу суложыць і ненавідзець напоўніцу
магу сысьці
не заплаціўшы

***

Мой каханак трахае да болю
мой каханак любіць кроў
шампанскае і белыя сукенкі
мой каханак католік

***

Ён кончыў
і выцер чэлес сурвэткай
А я сьмяялася
якая ж я ахайная гаспадынька!

***

У сваім жыцьці я чужаніца
назіральнік за сваім целам
раб свайго голаду
Чакаю, як вызначуся:
я магу выбраць памаду
але ня маю свабоды

***

Я ўстаю аб адзінаццатай
а чацьвёртай выпіваю першую чарку
танчу ў кватэры мыю бялізну
выкідаю посуд
Калі б я не была баязьліўкай
пайшла б як усе закупацца

***

Штораз як нап’ецца
расказвае як ад яго сышла жонка
да раніцы
Ня цяміць, чаму ён адзін

*
У вольны час сядзіць у эратычным чаце
што-што, а пагаварыць ён майстар
толькі вольнага часу ў яго няма, ён увесь у працы, увесь у чаце
Ня цяміць, чаму ён адзін

*
Ён незадаволены
Але ня хоча нічога зьмяняць
Хворы, але ня хоча ісьці да лекара
Робіць выгляд, што ён не адзін

***

Яшчэ ўчора я
на тваім сьцягне
чытала вершы.
Сёньня я прыбіраю.

***

На дэманстрацыі супраць супэрмаркета
пачалі паліць голых дзяўчат
я ўцякла
ў чужой кашулі

***

Быць для травы каханьнем, якога не было
Заслухацца першым-лепшым
прыдарожным чаротам
і абвергнуць вецер...
Залезьці высока
і адчуць сваё цела:
стаць косткай папярок мяса

======

З інтэрвію аўтаркі для парталу city-dog.cz :

Ты выдала дзьве нізкі, «Нюхаць агонь» і «Прынады». Чым яны адрозьніваюцца?

ЯО: Першая — гэта нэапаганская, духоўная, зьлёгку эратычная паэзія, больш сымбалісцкая і больш традыцыйная. Другая — сумесь хайку і сэксуальнай паэзіі.

Сэксуальнай паэзіі?

ЯО: Усё пачалося з таго, што я заўважыла: жанчыны досыць часта пішуць пра сэкс, але ненатуральна. Я падумала, што трэба знайсьці для гэтага цікавейшую форму.

Чаму цябе так цікавіць гэтая тэма?

ЯО: Мяне цікавіць пэўны сакральны (мэтафізычны) аспэкт сэксуальнасьці, які пераплятаецца з першаплянавай лініяй вершаў — гэты аспэкт там зьяўляецца ажно з другога прачытаньня. Таксама — міты, міталёгія, не адарваная ад рэальнасьці тут і цяпер, а ўбудаваная ў яе, якая выяўляецца міжволі, асабліва ў «найніжэйшых» рэчах. Я хачу выклікаць больш глыбокія пытаньні: што для чытача значыць сэксуальнасьць, як ён зь ёю абыходзіцца. Што яшчэ здаецца нам нармалёвым, што — цікавым, а што — перабор. І калі нам нешта агіднае, то чаму?

Калі я зачытвала сваім калегам урыўкі з «Прынадаў», то падумала: не, гэтага не магла напісаць жанчына, гэта мужчынскае бачаньне сэксу...

ЯО: Думаю, мая полавая прыналежнасьць не выклікае пытаньняў. (Сьмех) Калі гэта напісала жанчына — значыць, гэта жаночы погляд. І жаночае перажываньне, хаця традыцыйна мы ўспрымаем гэтую палярнасьць іначай.

Да таго ж, лірычны суб’ект і аўтар — не супадаюць...

ЯО: Менавіта. Цалкам яны і ня могуць супадаць. Я не кажу, што мае тэксты — зусім пра некага іншага, ці што я ў іх не адбіваюся. Натуральна, адбіваюся. Але ёсьць людзі, якія лічаць, быццам усё, што я пішу — насамрэч праўда. Гэта глыбокае непаразуменьне. Але ў выпадку жаночай творчасьці гэтак бывае часта. Яе ўспрымаюць так, быццам яна павінна быць абавязкова вэрысцкай. А вось калі б тое самае напісаў мужчына, ніхто б і не падумаў, што гэта праўда слова ў слова.

А за тваімі вершамі няма памкненьня правакаваць?

ЯО: Калі б я хацела правакаваць, то напісала б іх крыху па-іншаму.

Як?

ЯО: Я стараюся, каб мае вершы не былі пошлымі. Не пераступаць мяжу вульгарнасьці. Думаю, што можна апусьціцца нашмат ніжэй. Тым часам я хачу, каб верш значыў нешта большае.

Хто, па-твойму, твой чытач?

ЯО: На нядаўнім чытаньні ў Кошыцах (Славаччына) я спраўдзіла, што маім чытачом можа быць і сямідзесяціпяцігадовая дама. (Сьмех). Ёй вельмі спадабаліся вершы. Хацелася б, каб мая паэзія ўспрымалася як забаўная, але не дурнаватая, і каб у ёй быў свабодны, разьняволены погляд. Я не настолькі ўжо і пераймаюся сваёй жаноцкасьцю...

Не пераймаесься сваёй жаноцкасьцю?

ЯО: У сэнсе фэмінізму. Я не хачу, каб мяне ўспрымалі як актывістку. У выніку мяне, магчыма, так і ўспрымаюць, але гэта маё вольнае самавыказваньне. Я імкнуся дашукацца самой сутнасьці пэўных рэчаў і выказаць іх, магчыма, груба, але па-свойму праўдзіва. Грубасьць такога выказваньня мяне вабіць. Маёй мэтай было гаварыць пра сэксуальнасьць натуральна, бяз хвосьціку няёмкасьці. Без сарамліва-сьмешнасьці.

Хто цябе натхніў?

ЯО: Яна Чэрна, яна ж Гонза Крэйцарава (паэтка, дачка Кафкавай каханай Мілены Есэнскай, сярод іншага — муза і каханка Эгана Бонды, М. Шч.). Калі казаць пра канкрэтныя літаратурныя творы — то «Эратызм» Жоржа Батая і «Мэтафізыка сэксу» Юліюса Эвалы.

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

відавочна
што з нас аднойчы будзе
яшчэ адно пакаленьне бацькоў

якія ня ведаюць пра сьвет

ні халеры

Пераклад:
Макс Шчур

Я ўжо не пішу вершаў
вершы — гэта лухта
Аднойчы адна жанчына мне сказала,
а мы, тыя, што ня пішуць,
нам што рабіць
Як выгаварыцца

Пераклад:
Яўген Бяласін, Макс Шчур

Любых рэлігій гіджуся дазваньня,
але выконваць радасна сьпяшу
усе абрады тых веравызнаньняў,
дзе выпіўка залічана ў імшу.

Пераклад:
Макс Шчур

Паэзія нічога не дае. Яна залішне заглыбленая сама ў сябе, каб яшчэ кагосьці цікавіць. Яна замкнулася ў сабе, у сваёй пазбаўленай зьместу выключнасьці, тым часам як рэальны сьвет ідзе далей сваёй дарогай да катастрофы, і ніхто ўжо яму ў гэтым не зьбіраецца замінаць. Паэзія ўмее толькі аплакваць страчаны сьвет, і больш нічога.