Нікчэмнасьці

Пераклад: 
сучасная чэшская паэзія, вершы па-беларуску, чэшская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

*
Калі зьбярэмся разам
настане фініш фразам
Зьбярэмся ўсе калі
каб болей не былі

Прыйдзе гамон А
Прыйдзе гамон B
Прыйдзе гамон C
Прыйдзе гамон D
Прыйдзе гамон E
Прыйдзе гамон F
Прыйдзе гамон G

Не ў такой пасьлядоўнасьці
а ўперамешку

Сьмерць нас перамяшае
сьмерць усё перамяшае

Зьбярэмся ўсе калі
каб болей не былі

*
Я ў галаве сваёй такі самотны,
Я ў галаве сваёй такі самотны,
Я ў галаве сваёй такі самотны,
Я ў галаве сваёй такі самотны

Варон пудлівых хмары
і вуліцаў пласты
што цягнуцца
бяссэнсава куды

*
Мне ўжо так доўга хоць памры,
сяджу з анёламі, у роспачы

вянок ва ўсе бакі тырчыць

Я сам у сваім сэнсе
у сваім сэнсе сам

Пішу паламанымі словамі

памалу корпаюся
ў памежжы пустэчы

Мне ўжо так доўга хоць памры,
сам сабе незразумелы
і сьмяротны

*
Усё ясна, цяпер у маёй галаве
чыста як у труне

Будзем разам мастурбаваць
маленькая хударлявая цыганачка
між забойствамі і куплянкамі

Доўгая і павольная фраза,
гэтая фраза, непрапарцыйна
кароткая

Забойствы й куплянкі

Выдыхлыя похвачкі пахнуць лёгкімі
Лёгка дыхаюць аблокі

*
Я ўжо не пішу вершаў
вершы — гэта лухта
Аднойчы адна жанчына мне сказала,
а мы, тыя, што ня пішуць,
нам што рабіць
Як выгаварыцца

Не хачу больш пісаць,
хачу быць з тымі,
што засталіся нямымі.

Гэта толькі ў дзяцінстве
я ўгледзеў пробліск надзеі
ўхапіць вершам сьвет
Але нічога не зьмянілася
вершы — гэта лухта

З Кнігі нататкаў

19.

Так, зноўку
восень
Страшэнны цяжар
ветру, варон
і часу

23.

Тут
віхры травы
калюжына
вывернутае дрэва

Ценкая паціна ценю

на падсьветленых
камянях
рас
сыпаная чырвань

26.

Стомлены
сталым
паўтораньнем
словаў
і ажыцьцяўленьнем
усемагчымых
магчымасьцяў
чакаю, што будзе

І ўсё выразьней
усьведамляю
бясьсільле
й бескаштоўнасьць
словаў
у параўнаньні з усё больш
невымернай
сапраўднасьцю

Усё гэтак жа
будзе падаць
дождж
і ператвараць усё
ў мёртвую
бясформавую матэрыю

28.

Выпадкова вызначанае месца
ў адвольна выбраным
часе: Засечкі ў зморшчаных
камянях, якімі запісаная пасьлядоўнасьць

Маршчыністая скура, нацягнутая
на абрыс дрэва
нагадвае пра старэньне

Расхістаныя дзьверы
і ўсёзарастаючая трава

31.

Цераз поле
вырваных валуноў
што ўтвараюць
фігуру
без усякага
сэнсу
з выдрапанымі на баках
выявамі
што нічога
ня значаць

Выпадковая
адвольнасьць дзеі
і адвольная
выпадковасьць сымбаляў

32.

Усьведамляючы паўнату
дзеяньня не знаходжу
ў ім сэнсу
Словы перашкаджаюць
у размове
А тое,
што было тайным,
ужо ніколі
ня зьявіцца,
а праваліцца
ў нябачную глыб,
дзе ўрэшце само сябе
пахавае

Пустэча набудзе новыя сэнсы

33.

З колішняй
такой аформленай
і рэзкай сапраўднасьці
прасяваю пыл
Выявы
і абрысы
паламаных рэчаў
што яшчэ засталіся

Успаміны

Парэшткі
якія немагчыма
прачытаць

37.

удоўж ценяў
што тырчаць
збоку
і разьбіваюць
дарогу
на абрыўкі
палёў

удоўж ценяў
што тырчаць
у бакі
і разьбіваюць
поле
на абрыўкі
дарог

43.

Нечульлівасьць
і абыякавасьць
усяго,
чаго немагчыма
дашукацца
Руіны дрэў
што ссыпаліся
ў пласты
Цень

які перасоўваецца сонцам
рыўкамі
адмярае час,

адзначае
Фіксуе нас у памяці

52.

як вытрымаць
той несупынны напор
брыдоты
што нападае?
Націск шаленства,
што цікуе
за рэчамі і словамі?
Рэальнасьць
у сабе нязьменна
тоіць
сваю супрацьлегласьць
І нельга асягнуць яе
словам
Урэшце як ні круці
ўсё адно
дойдзеш да межаў
Усё
тут усярэдзіне
бяз розьніцы

Сваё цела цягну па зямлі

64.

Ты адбываесься
і пры гэтым
застаесься той самай
Заўсёды

Тым часам я сам,
безь цябе,
штораз іначай
Няісны

65.

Мова мяне зьмяніла,
я ўжо сябе
не прыгадваю
Мова мяне аддаліла
Я больш да сябе не падобны

Такім я і застаўся
Перайначаны словам
я ўвесь час
недзе лішні

З Кнігі пустотаў

4.

са стрэх вісяць статуі
угнутыя сьпіны
абліччы бяз твараў
са сваім халодным страхам

перавернутыя вадою пагляды
па-над ілюзіяй вады

6.

Вызвалены ад словаў
прабіваюся ў пустату
Кут ля вакна мяне сьціскае:
сьвечкі, вуліцы і цені
Бульварамі плывуць рыбы
Як ціха сьняжыць іхнае мігценьне
Павесіцца тут ад стомы

7.

Дождж разышоўся,
межы рэчаў зьніклі

Засталася толькі мова
праз якую льга зірнуць

у сярэдзіну, скрозь сябе
якога болей няма

10.

Памру і ні лыс —
скрутак памяці
і страху

Доля была дадзеная

За межамі мовы
распасьцёрты шэпт:
просьба вачэй,
што глядзяць са сьцюжы

Усё гульня
без глыбокага сэнсу
вартая шкадаваньня

Ёсьць словы што забіваюць

Але таксама словы
што ёсьць ласкай
выкупленьня

15.

паўсюль мы жывем адны
а потым яно надыдзе і мы Раптам
Недагаворым

21.

вось і канец,
за плячыма хатулец,

дарагая малеча,
мне засталася фразаў паражнеча,

адзьвінеў канец,
залатавокі казулі самец,

во дзе адчай:
усё чакай, чакай...

казку завяршыў я —
у пятлю лезь, шыя

26.

Кастрычнік туманоў, дым вуліц
эрэгаваная Прага
лістота падае ў крывавае

Сьвятло падсякае парк,
сонца стыне
Сьнег сьвіціцца ў зьмярканьні

Замовім сані?

32.

калі сьмерці прыцісну язык да вачніц
адчайна пустых
адчайна начных

калі сьмерці крану языком рот бяз вуснаў
адчайна пусты
адчайна вузкі

калі сьмерці ўкладу язык паміж сьцёгнаў
адчайна поўных
да болю сьцёртых

33.

час адбівае час: да сьмерці
ценкія рукі, увесь час гэты бой
як біцьцё твайго сэрца,

якое дрыгаецца, рвецца
Якоча і крэхча
драўніна ў лесе, час

адбівае боязь
Гойдаецца, гойдаецца
Забоец!

34.

убач і адчуй
ці прагаворыш рота горыч

пыл і пустэча
ноч і нікчэмства
у мовы вантробах

рота горыч

35.

языком
прымушаны да мовы
асуджаны
дыхаць і
гаварыць
поўны сьмяротнай
гаворкі

 

Відэа: Макс Шчур і Міраслаў Ольшаўскі на фэстывалі "Культурус", 17.10.2018.

 

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

відавочна
што з нас аднойчы будзе
яшчэ адно пакаленьне бацькоў

якія ня ведаюць пра сьвет

ні халеры

Пераклад:
Макс Шчур

Паэзія нічога не дае. Яна залішне заглыбленая сама ў сябе, каб яшчэ кагосьці цікавіць. Яна замкнулася ў сабе, у сваёй пазбаўленай зьместу выключнасьці, тым часам як рэальны сьвет ідзе далей сваёй дарогай да катастрофы, і ніхто ўжо яму ў гэтым не зьбіраецца замінаць. Паэзія ўмее толькі аплакваць страчаны сьвет, і больш нічога.

Пераклад:
Макс Шчур

Пачуцьці
гэта для жонак
я магу суложыць і ненавідзець напоўніцу
магу сысьці
не заплаціўшы

Пераклад:
Макс Шчур

На маім вясельлі будзе па пары ад кожнага віду жывёлы
і па пары ботаў ад кожнага чалавека