Бытавы авангард

сучасная беларуская паэзія, вершы, беларуская літаратура XXI стагоддзя, беларуская мова, наркамаўка

(антыапавяданні)

маё абмежаванае кола не трэба нават вынаходзіць вунь яно коціцца коціцца не спыняецца спрабую ўсталяваць яго на ровар не атрымліваецца мабыць ровар не адпавядае а хто ж яго ведае ў маім абмежаваным коле ўсякі ведае

мая тэрміналогія скрозь музычная цяжка мысліць іншымі катэгорыямі таму ў літаратурных спрэчках я ўдзельнічаю толькі як чытач сваіх уласных твораў

так мяне прачытае больш людзей лічу я але хутчэй за ўсё ніхто не прачытае бо мне падабаецца памыляцца

я чакаў цябе там дзе ты мяне не чакала і таму нам так утульна разам

лухта ў самых яскравых сваіх тлумачэннях патрабуе менавіта тых ведаў якімі я на жаль валодаю дасканала

мы ехалі дадому а нехта тым часам мяняў замкі рэчаіснасці і гэта было чароўна

быць тут і нешта рабіць тут каб у цябе нарэшце спыталіся што ты тут робіш

мы спрачаліся і спрачаліся спрачаліся і спрачаліся спрэчка перарасла ў вызваленчы рух мы вырашылі ратаваць чужую радзіму бо тут усё зразумела

прапаную вам паставіць падабайку на месцы нашай сустрэчы бо тут у хуткім часе з’явіцца аўтазапраўка і будзе позна

калісьці мой дрэнны почырк адпавядаў сутнасці лепш чым гэтыя літары ў сучаснай апрацоўцы

рабі сваю справу так каб я рабіў сваю і ўсё будзе выдатна

нават дзеля вас не паеду ў горад другі раз каб потым другі раз ехаць дадому і пра вас думаць

нешта ствараеш нават не ўяўляючы што а потым ужо і не цікава бо гэта ж мінулы дзень у стане найвялікшага заняпаду

толькі ты нешта разумееш у гэтым пакуль я тут спрабую надаць словам нябачны колер

шукаў сэнс там дзе ён быў і неяк мне так стала ніякавата што я пачаў рабіць усё дзеля адваротнага

магчыма гэта хлусня але гэта мая хлусня і я ведаю праўду лепш за іншых

вастрыня ляза зроку рызыкоўны вобраз

мінулае падаецца мне цудоўным але я туды не паеду з прычыны вялікай стомленасці чаканнем будучыні

каб усе прасіліся да мяне ў сябры трэба мне з усімі сябраваць а гэта выглядае досыць камічна

тут калька і тут калька а там наогул туалетная папера кажуць паважаныя незалежныя эксперты і я ім давяраю з пэўнага гледзішча трэба ўдакладніць колькасць ахвяр збыту

гукі не адгукаюцца і людзі таксама жыццё не тое каб але здаецца мне хутчэй за усё ці амаль цалкам

хаваўся ў абсурдзе і глядзеў каб усё было ясна зразумела і понятно

у нас на паліцах можна знайсці розныя гатункі вынікаў станоўчыя адмоўныя і беларускія

нязмушаны дзень мусіць перайсці ў нязмушаны тыдзень месяц год нязмушанае жыццё ў вязніцы

справядлівасць датычыцца мяне толькі тады калі гэта маё вымушанае супрацьлеглае меркаванне

пасля гэтага тыдня можна адразу пачынаць наступны бо каму патрэбны такі адпачынак

што я магу зрабіць з гэтым калі так ужо атрымалася што немагчыма паставіць кропку і ўсё працягваецца працягваецца канае ашчадна

мы робім адну справу нехта палову нехта чвэрць а нехта стаіць і назірае во мы малайцы наша справа жыве

сваё сумленне мы пазычылі чужым людзям каб яны нарэшце аддалі тое што нам належыць

думкі якія я лічу сваімі напэўна нехта яшчэ лічыць сваімі але гэта ўжо толькі пасля мяне

яна добра валодае словам але аб чым гэта кажа акрамя таго што гэта прыгожая прыгожая пафасная аператыўная хлусня

штодзень адно і тое соваць тамы з месца на месца а потым стомлена жаваць бутэрброд і пісаць агляд свайго бурлівага жыцця

падабаецца не падабацца паспрабуйце толькі мяне ў гэтым пераканаць а я і не прашу не прашу сумныя бравады каштоўныя парады і родныя далягляды абрыдлі як казала некалі баба Соня а яна ведала

яны кажуць які прыўкрасны наш свет заходзьце калі ласка мы рады ўсім а насамрэч гэта гасціннасць бяздомных

трымайся за поручні трымайся трымайся такі сёння дзень такое сёння жыццё трымайся за гэты момант бо хутка выходзіць

памылка друку ты робіш у аркушы дзірку каб толькі яе не было а яна нікуды не знікае гэтая прыкрая памылка і трэба ж узгадніць гэта ці не з кожным чытачом

хіба я вінаваты ў сваім мінулым хіба маё мінулае выканала свае абяцанкі зрабіць мяне ўплывовым і ганаровым столькі прайшло яго што рэфлексіі тлумяць мне галаву нават у сне мінулае

прапанавалі ўдзел у конкурсе вершаў а нехта ж і за вершы іх не лічыць але я вырашыў вырашыў хай чытаюць злуюцца кпяць і зноўку чытаюць чытаюць чытаюць

яго забіваюць у сне а папраўдзе у жыцці адзін Борхес два Борхес тры Борхесы у чатырох тамах якія я не адужаў але паважаю тыя тамы

чытаць энергетычна то бок акунацца ў гучанне часам не зусім даганяючы сэнс тут галоўнае няспыннасць працэсу чароўнага захаплення

дзеля ўласнага камфорту ты падтрымліваеш пісьменнікаў набываючы іх кніжкі і дорыш ім свае таксама дзеля ўласнага камфорту

змовы замовы і час зімовы нічога не бачу ўключыце снег прыбярыце лёд людцы добрыяааааа

куды яны ішлі пазбаўляць нас ланцугоў мінулага можа на плошчу а можа ў пашчу ці адразу ў пашчу на плошчу цяжка сказаць нават зараз а тады безумоўна ў пашчы было свята

сёння сумна заўтра складана ўспомніць чаму чаму мы не разам як усе нармальныя людзі якім так сумна і складана разам

шчыры чалавек займае адразу два месцы каб на кожнае пытанне шчыра глядзець у вакно быццам там госці

пяць скрыпачоў і шэсць саксафаністаў мяне не засмучаюць бо я ж люблю розную музыку і розныя інструменты тут трэба праявіць далікатнасць і не слухаць іх усіх адначасова

надакучыла чакаць чытача актыўна дэманстраваць веданне слоў бадай прынамсі і балазе дзяліцца немагчымым што ж вы чытачы дзе ж вы чытачы я ж бадай беларус прынамсі ў сваім вымярэнні балазе язык дазваляе

слухаў скрыпку як той дурны як той дурны які цяпер музыку не любіць хлопчык ты куды паставіў пальчык а ў мяне ж быў некалі абсалютны слых ой жах

пакуль я еду нехта чакае мяне не там а нехта зусім не чакае тут шмат пытанняў а хто адкажа толькі той хто зараз мяне чытае і нічога нічога ад гэтага не чакае

не чытаю гэтага аўтара бо ён адмоўна на мяне ўплывае я пачынаю пісаць добра але як ён

першы вучань хвалюецца збіваецца другі нахабна збіваецца у педагогіцы гэта завецца пераемнасцю

гаючыя гукі флейты заплюшчыш вочы адзін канцэртмайстар адкрыеш ужо іншы музыка гэта заўсёды змены

чытаю пра пераклад з перакладу патрыятызм з патрыятызму кпіны з кпінаў няўтульна мне не з гэтага але напішу што з гэтага натуральна

няма сюжэту але мы кажам якая цудоўная нагода разблытаць сваё

гітарыст не трапіў у вершы ніводнай нотай я слухаў слухаў ну як так можна не чуць ну як так можна а потым здагадаўся што вершы мае

чытаю пра востры кут мой родны востры кут ці гастрыт ой крый божа а можа мой востры родны кут столькі адценняў мае адзін толькі вугал

іншым разам не ведаеш хто нарадзіўся і хто ўваскрос з гэтай мэтай Ганна сядзіць у архіве п’е каву робіць сэлфі і вывучае хто дзе калі і з кім у сувязі з гэтым мне хацелася б таксама знайсці час каб нарэшце прачнуцца

гэта чужы стыль я не ведаю што ты ў ім робіш што ты ў ім хаваеш дзе тут ты гэй дзе ты толькі не кажы што ты гэта я

штосьці ўва мне загінула а я жывы ляжу тут назіраю ацэньваю абставіны чужой змрочнасці тут дзесьці і мая была якая непапраўная страта

разважаем з Ганнай пра фэйкі нейкія галюцынацыі ой Ганна Ганна паэты нашыя пявіцы нашыя грахі нашыя колькі во агульначалавечага гуманізму ў гэтых фэйках

жыццёвыя калізіі наслойваюцца на сны якія бегаюць па хаце пасярод ночы каб адны пісьменнікі другім пісьменнікам пераказвалі іх прыгожай сакавітай вобразнай нашай мовай

паглядзеў на гадзіннік і адразу пачаў паважаць тое мінулае якое там бадзяецца

Ганна ў архіве вывучае голад і холад у яе там межы трываласці а дзясятай раніцы яна бярэ з паліцы модны часопіс і сядзіць на дыеце бо усё ў гэтым свеце знаходзіцца ў строгай дэтэрмінічнай узаемасувязі

бяру простую думку і раблю так каб яе не зразумелі бо мне цікава чаго не зразумеў кожны канкрэтны чалавек

во думаў буду пісаць па-беларуску каб мяне чыталі тыя хто чытае па-беларуску а даводзіцца яшчэ і перакладаць бо не ўсе хто чытае па-беларуску разумеюць маю мову

цікава ці гатовы я нарэшце адмовіцца ад штодзённых практыкаванняў у галіне словабудаўніцтва дзе я сам ёсць ледзь не галоўнай перашкодай

калі твая справа не мае сэнсу ты можаш рабіць што заўгодна каб яго не было

пакуль я іду ў «гармонік» нехта займае маё месца а я ж думаў сёння мне шанцуе і нічога не напішу пра аўтобус

Ганна ходзіць у навушніках і дрэнна чуе чуткі а пра мяне ж во кажуць што не хапае грошай і таму я перакідваю іх туды-сюды з карткі на картку і хапае

усё што я пішу гэта толькі мой погляд на тое чаго па сутнасці няма аднак паспрабуй яшчэ знайсці ўхапіць і вытрымаць

мы з Ганнай у пончыках штораз замаўляем каву бо мы сябруем з дзіцячага садка і трэба ж гэта неяк адзначыць

экс-эксперт нешта прамаўляе а экс-паэт тым часам плануе гучнае вяртанне туды дзе яго ніколі не было

маці кажа табе трэба пісаць зразумела і ў цябе будзе больш прыхільнікаў ты ж раней мог пісаць зразумела а я думаю пра сутнасць творчасці пра тое што адчуваеш зараз ці адчуваў у мінулым і як гэта перадаць і мне падаецца я пісаў зразумела аб тым чаго яшчэ не ведаў а пішу незразумела аб тым што ведаю дасканала

пішу паўсюль пішу нават дома але дома які сэнс дома і без таго кніжак поўная хата

мяне бянтэжаць людзі якія хваляць дрэнныя вершы і мае таксама мабыць яны і мае таксама лічаць дрэннымі

сумныя людзі набываюць у крамах мандарыны каб неяк упрыгожыць святочную гарэлку

кароткі шлях да сябе пралягае праз тых каго любіш

калі ты жадаеш нешта мне параіць станавіся калі ласка ў чаргу бо ты не першы

гэта дадатковая адказнасць гэта дадатковыя нервы гэта дадатковыя абавязкі гэта дадатковыя выдаткі стаміўся ўжо лічыць прыбытак

было б вельмі непрыгожа зараз адмовіцца ад таго ад чаго я адмоўлюся заўтра

непрыхаваная філасофія робіць цябе адным з самых нахабных шукальнікаў пустэчы

слухаю уважліва і адначасова думаю ну што за лухту ты кажаш во як мне лёгка выконваць адразу два дзеянні

мудры ён быў ці мудрагелісты гэта залежала толькі ад некалькіх уплывовых слухачоў

прыбраць кватэру прыбраць у кватэры ў мяне тут атмасферныя вельмі краявіды калі хочаце і вам дастанецца пыл у вочы

здаецца мае любімыя аўтары не вельмі паважліва ставяцца адно да аднаго і я ім за гэта ўдзячны

спадзявацца што нарэшце гэта скончыцца і чакаць калі ж гэта пачнецца зноў

Ад аўтара

Я пішу гэтак даўно. Так здарылася. :) 10 гадоў таму гэта ўжо было нямодна. Што тады казаць пра «зараз».

Ёсць уражанні. Мы збіраем з іх ураджай. Нехта робіць гэта ў рыфму, нехта без. Каб знайсці ці схаваць сэнс. :)

Першае «антыапавяданне» я напісаў 6 снежня 2017 года. Тады я лічыў гэта нейкім міксам з прыпавесці і афарызму.

Тыдні праз два, калі дасведчаныя людзі сказалі мне, што вершамі тут і не пахне (а я ж усё называю вершамі!), я вырашыў: няхай гэта будуць антыапавяданні. Вось і ўсё.

Знакаў прыпынку, вядома, тут няма. Я называю гэта «бытавым авангардам».

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

я не ведаю
пра што ён спявае
а яму за гэта
выдалі Нобеля
як мне польскую візу
разумееце

на задні двор грузавік падвозіць
мёртвую флору і фаўну
кіроўца апусьціўшы акенца
страляе недапалкам у патыліцу ночы

И, источая горький зной,
Поблекли в обмороке пряном
И голубика пыльных гор,
И ртутный студень океана.

Асцярожна жыві, кожны дзень як іспыт ці экзамен,
Каляровыя пазлы жыццёвай запечанай смальты
Раздае табе доля, нібы прадавачка ў краме,
А ўзамен патрабуе штодзённага зграбнага сальта.