Дхаммапада

Пераклад: 
класічная паэзія, вершы па-беларуску, беларуская мова, тарашкевіца, пераклад

(урыўкі)

Разьдзел першы. Парныя вершы

1

Мысьль ідзе раней за зьявы,
мысьль кіруе, мысьль стварае.
Калі мысьль заганы брудзяць,
то за словамі і дзеяй
горыч цягнецца, нібыта
колы за жывёлай сьледам.

2

Мысьль ідзе раней за зьявы,
мысьль кіруе, мысьль стварае.
Калі мысьль чысьцютка зьзяе,
то за словамі і дзеяй
слодыч цягнецца, падобна
ценю — стала, неадрыўна.

7

Тых, хто песьціць зрок і цела,
хто нястрыманы ў пачуцьцях,
у ядзе неўмеркаваны,
неруплівы, слабавольны —
тых перамагае Мара*,
як вятро — слабое дрэва.

*Увасабленьне зла, «Злыдзень», д’ябал, спакусьнік.

8

Хто ня песьціць зроку ані
цела, стрыманы ў пачуцьцях,
у ядзеньні ўмеркаваны,
непахісны, з пэўнай воляй —
тых не пераможа Мара,
як вятро — вяршыню з камня.

11

Хто нязначнасьць лічыць значнай,
а істотнасьць неістотнай —
сутнасьці не ўсьведамляе,
кепскія гадуе думкі.

12

Той, хто значнасьць лічыць значнай,
неістотнасьць — неістотнай,
сутнасьць той усьведамляе,
слушныя гадуе думкі.

13

Як у дом зь дзіравым дахам
дождж няспынна працякае,
так у дух недасканалы
пранікае жарсьць няспынна.

14

Як у дом з надзейным дахам
дождж зусім не працякае,
так у дух спрактыкаваны
жарсьць ня здольная пранікнуць.

Разьдзел другі. Добрасумленнасьць

21

Хто добрасумленны — вечны,
несумленны — уміручы.
Хто зважае — несьмяротны,
не зважае — той як мёртвы.

22

Зразумеўшы гэта цалкам,
чалавек сумленны, мудры
цешыцца з добрасумленьня
ў краі ўсіх Высакародных.

25

Хай з абачлівасьці пільнай,
самастрыманасьці, меры
востраў свой утворыць мудры:
плынь яму ня страшнай будзе.

28

Калі дбайнасьцю нядбайнасьць
праганяе мудры знаўца,
шчасна з мудрасьці цьвярдыні
пазірае на няшчасных —
бы з гары на тых, хто ўнізе,
ён глядзіць на неразумных.

29

Хто сярод нядбайных дбае,
хто між тых, што сьпяць, чуйнуе, —
бы магутны конь — слабога,
абганяе той нямудрых.

Разьдзел трэці. Мысьль

33

Дух — упарты, мітусьлівы,
ненадзейны і свавольны, —
мудры выпрастае спрытна,
як стралу — выробнік стрэлаў.

34

Рыбу выцягнеш на бераг —
месца не знаходзіць, б’ецца...
Вось і мысьль так мітусіцца,
каб унікнуць з царства Сьмерці.

35

Не суняць яе, бо надта
ўсё прыемнасьцяў шукае.
Утаймуй яе — як знойдзеш!
Стрыманасьць прыносіць шчасьце.

40

Цела як крохкі гарлач усьвядоміўшы,
мысьль збудаваўшы магутнаю крэпасьцю,
Злыдня бі мудрасьцю. Адваяванае
абараняючы, будзь непрывязаны.

41

Цела гэтае, авохці,
на зямлі ляжацьме хутка
безь сьвядомасьці — нікому
не патрэбнае палена.

42

Ворага катуе вораг,
ненавісьнік ненавісных —
наша мысьль без кіраваньня
нас катуе нават горай.

43

Ні бацькі таго ня зробяць,
ані іншае сваяцтва,
што зрабіць пад кіраваньнем
наша мысьль для нас патрапіць.

Разьдзел чацьвёрты. Квет

47

Хто зьбірае кветкі асалодаў
з мысьляю залежнаю, такога
быццам вёску, што заснула,
змые прэч паводка сьмерці.

49

Як пчала, што не зьнішчае
колеру ні паху кветкі,
сок зьбярэ і адлятае —
так мудрэц па вёсках ходзіць.

51

Быццам колерам яскравы
квет бяз водару: такою ж
ёсьць і ладная прамова
без пладоў сваіх, учынкаў.

52

Быццам колерам яскравы
і духмяны квет — такою ж
ёсьць і ладная прамова,
што прынесла плод учынкаў.

54

Супраць ветру не вандруе пахкі водар
валяр’яну, ні язьміну, ні сандалу.
Супраць ветру слава мудрага вандруе:
чалавек сапраўдны пахкі ўсебакова.

58

Як з адкідаў, з гурбы сьмецьця,
кінутай каля дарогі,
можа лотас нарадзіцца
з чыстым водарам прыемным,

59

так паміж людскіх адкідаў,
між сьляпых прасталюдзінаў
раптам мудрасьцю зазьзяе
той, хто голас Будды слухаў.

Разьдзел пяты. Дурань

60

Як ня сьпіш, то ноч даўгая,
ёджана* — як ледзьве крочыш.
Дурню — доўгая самсара,
бо ня знае праўды Дхаммы**.

*Адзінка адлегласьці, 10-11 кілямэтраў
**Буддавага вучэньня.

61

Спадарожніка ня маеш,
што табе прынамсі роўны?
Лепш адзін тады вандруй ты,
чым у таварыстве дурня.

63

Дурань помніць, што ён дурань —
значыць, ён амаль што мудры.
Дурань лічыць сябе мудрым —
дурнем правільна завецца.

64

Хоць усё жыцьцё хай дурань
будзе мудраму сядзелкай —
Дхаммы ён спазнае столькі ж,
колькі лыжка — смаку супу.

65

На імгненьне хай разумны
каля мудрага прысядзе —
Дхамму ён спазнае тут жа,
бы язык, што суп смакуе.

71

Плён благі памалу сьпее,
малако памалу кісьне —
дурня камма* прыпякае,
бы агонь, схаваны ў прыску.

*Карма

73

Той пашаны патрабуе
і павагі ад манахаў,
прывілеяў між дамамі
і ад розных родаў вучты.

74

«Толькі мне за ўсё хай дзячаць
людзі сьвецкія й манахі,
ад мяне адно залежаць
ува ўсякіх абавязках», —
гэтак думае афэлак,
поўны прагнасьці і пыхі.

75

Так нічога не здабудзеш
і Ніббаны не дасягнеш —
гэта добра ўразумеўшы,
бхікху*, пасьлядоўнік Будды,
хай ня цешыцца з пашаны
й дасканаліцца ў самоце.

*Манах.

Разьдзел шосты. Мудрэц

80

Як вадой кіруе арашальнік,
як стралу выроўнівае збройнік,
як цясьляр выпроствае драўніну,
так сабою сам кіруе мудры.

81

Так, як камень маналітны
вецер нават не зварушыць —
ані ўхвала, ані закід
мудраца не агаломшаць.

82

Як ставок празрысты, чысты,
з глыбінёй некаламутнай —
так ад Буддавае дхаммы
прасьвятляецца вучоны.

85

Небагата са сьмяротных
на другі трапляе бераг —
пераважная іх большасьць
толькі топчацца на гэтым.

87

Мысьлі збаўлены нядобрай,
хай мудрэц да добрай мкнецца,
з дому выйшаўшы ў бяздом’е,
у самоце без спакусаў.

Разьдзел сёмы. Архат

91

Хто ўсьвядоміў — той сыходзіць,
не спакусіцца прытулкам:
быццам сажалку той лебедзь,
пакідае ўсе прыстанкі.

92

Хто майна не назапашваў,
меру ў ежы разумее,
хто ў пустым і без прыкметаў
сьвеце вольнасьці існуе —
гэткіх, як у небе — птушак,
цяжка вызначыць кірунак.

94

Тым, чые пачуцьці ўтаймаваныя,
быццам коні, стрыманыя фурманам;
хто заган пазбыўся й фанабэрыі —
нават і багі зайздросьцяць гэтакім.

95

Хто, нібы Зямля, неразбуральны;
пэўны, быццам Індраў слуп; цнатлівы;
быццам тое возера, празрысты, —
нараджацца больш ужо ня будзе.

99

Шчасныя лясы, бо шчасьця
не шукаюць там натоўпы.
Хто бяз жарсьцяў — будзе шчасны
там, дзе асалод ня прагнуць.

Разьдзел восьмы. Тысяча

100

За тысячаслоўны вырак,
сэнсу важкага пазбыты,
лепшы мудры сказ адзіны,
што дае супакаеньне.

103

Той — над тысячамі тысяч
атрымае перамогу,
той — выключна над сабою:
вось сапраўдны пераможца.

108

Якую б хто ахвяру ў гэтым сьвеце
ўвесь год штодня сумленна ні прыносіў —
усё гэта ня вартае і чвэрці
пашаны, справядліваму адданай.

109

Хто шануе справядлівых,
сталых духам — той чатыры
мае цноты: век працяглы,
шчасьце, хараство і сілу.

110

Хто б хацеў пражыць стагодзьдзе
без даброці, без самадхі?* —
Лепей дзень пражыць адзіны
ў засяроджанасьці й ласцы.

*Засяроджанасьць, унутраная пэўнасьць.

112

Хто б хацеў пражыць стагодзьдзе
маладзейным, слабавольным? — 
Лепей дзень пражыць адзіны
ў дзейнасьці і поўнай сіле.

113

Хто б хацеў пражыць стагодзьдзе
і ня бачыць сэнсу рэчаў?
Лепей дзень пражыць адзіны,
рэчаў сэнс уразумеўшы.

Разьдзел дзявяты. Зло

121

Злое не недаацэньвай:
«Ува мне яго ня знойдзеш!»
Дажджавыя кроплі часам
і гарлач напоўніць могуць.
Так і дурань паступова
зло па кропельцы зьбірае.

122

Цноту не недаацэньвай:
«Ува мне яе ня знойдзеш!»
Дажджавыя кроплі часам
і гарлач напоўніць могуць.
Так і мудры паступова
цноту пакрысе зьбірае.

123

Як з грашыма нешматлюдны
караван — злачынных сьцежак,
як хто хоча жыць — атруты,
пазьбягаць злых дзеяў варта.

124

Непараненай далоньню
льга набраць атруту й несьці.
Хто бяз раны — у бясьпецы.
Зла няма, як зла ня робіш.

125

Хто асобу неразбэшчаную бэсьціць,
хто даверлівага, чыстага пакрыўдзіць —
зло вяртаецца такому дурню, быццам
жменя пылу, што шпурнулі супраць ветру.

128

Ні ў нябёсах, ні сярод акіяну,
ні ў глыбокай горнай пячоры —
анідзе няма ў сьвеце месца,
дзе нас сьмерць не падпарадкуе.

Разьдзел дзяcяты. Кáра

131

Раз бяспраўна боль прыносіш
шчасьця прагнае істоце,
бо сабе дабра жадаеш —
не чакай па сьмерці шчасьця.

133

Не кажы брыдоты ўсякай,
бо адказу прычакаеш —
гнеў у мове толькі шкодзіць,
за яго бывае кара.

134

Калі ты ўвесь не трымціш, як
гонг той бронзавы разьбіты,
значыць, ты дапяў Ніббаны:
гнеў цябе не закранае.

135

Як дубцом кароваў гоняць
пасьвіцца ў адзіным статку,
гэтак сьмерць і старасьць жыцьці
накіроўваюць істотаў.

136

Дурань, калі робіць кепствы,
кепстваў сам не ўсьведамляе.
Дзеі ўласныя дурныя,
як агонь, яго катуюць.

143

Ці ж сумленную асобу
ў сьвеце знойдзеш, што папрокаў
пазьбягае бездакорна,
быццам конь слухмяны — пугі?

144

Быццам добры конь, хлыстом удараны,
будзь імпэту поўны і стараннасьці,
веры, паслухмянасьці, заўзятасьці,
прагнасьці да праўды, непахіснасьці,
разуменьня правільнага, пільнасьці —
і пакуты немалой пазбавісься.

Разьдзел адзінаццаты. Старасьць

146

Што за сьмех? Якая радасьць?
Сьвет наўкол палае стала!
Хоць ты ў цемры невідушчы,
а паходні не шукаеш?

147

Глянь на ўяўны вобраз цела —
скрутак болю ганарлівы,
хворы веліччу намераў,
што трываласьці ня мае.

148

Цела тое — ў заняпадзе:
крохкае гняздо хваробаў,
уміручае, гнілое —
існа, сьмерць жыцьцё вянчае.

149

Адкідаюць іх з пагардай,
як гарбуз падгнілы ўвосень:
косьці, шэрыя, як голуб.
Як палюбіш іх, зірнуўшы?

150

Збудавалі места з костак,
перамазаўшы іх плоцьцю;
старасьць, пыху, крывадушнасьць,
сьмерць у сьцены ўмуравалі.

151

Царскія вазы старэюць яркія —
так і цела выцьвітае ў старасьці.
Толькі не старэе Дхамма слушная:
добрыя міжсобку ёю дзеляцца.

152

Недалёкія асобы
рыхтык, як быкі, старэюць:
нарастае толькі мяса,
мудрасьць жа не нарастае.

153

Не адным самсары* колам
я прайшоў, не адшукаўшы,
дзе ён, дому цела дойлід.
Стала ўцелаўляцца — мука.

*Самсара — перараджэньне.

154

Дойлід, я цябе спанатрыў!
Дому ўжо не адбудуеш —
паламаліся ўсе рэбры,
прагніла страха дашчэнту.
Са сьвядомасьці распадам
я дапяў канца жаданьняў.

155

Не пражыўшы, як сьвятыя,
ні багацьця не прыдбаўшы,
разважаюць, быццам чаплі
сярод сажалкі бязрыбнай.

156

Не пражыўшы, як сьвятыя,
ні багацьця не прыдбаўшы,
як бяз стрэлаў лукі, стогнуць,
лежачы, па прамінулым.

Разьдзел дванаццаты. Сам

158

У сабе найпершым чынам
умацуйся, як належыць,
а тады — вучы астатніх.
Мудры чыстым быць павінен.

159

Каб жа сам рабіў ты тое,
што рабіць астатнім раіш!
Стрыманы, вучы няўрымсных.
Стрымліваць сябе — няпроста.

160

Сам сабе гаспадаром ты —
хто ж яшчэ б табе загадваў?
Толькі сам сябе суняўшы,
знойдзеш на сябе управу.

161

Зло ў табе бярэ пачатак,
зараджаецца, гняздуе.
Зло дурнога нішчыць, быццам
дыямэнт — крышталік просты.

162

Чалавек з благой маральлю
быццам плюшч па дрэве ўецца.
Сам сабе ён тое робіць,
што яму зрабіў бы вораг.

164

Хто вучэньне арахатаў,
годных, Дхамме паслухмяных,
дурнавата зьневажае
і трымаецца аблудаў,
да бамбуку той падобны —
плён яго зьнішчае ўласны.

Разьдзел трынаццаты. Сьвет

170

Быццам бурбалку пабачыў,
быццам мроя праляцела —
хто на сьвет глядзіць падобна,
той цару ня бачны сьмерці.

171

Глянь на сьвет, зіхоткі, нібы
ўладарова калясьніца! — 
Там, дзе ў пастку трапіць дурань,
там разумны не паддасца.

172

Той, хто быў раней нядбайны,
а пасьля нядбайнасьць кінуў,
асьвятляе сьвет, як Месяц,
што зьявіўся з па-за хмары.

174

Гэты сьвет ёсьць невідушчым.
Мала тых, хто ясна бачыць.
Бы зь сілá ў нябёсы — птушка,
не шматлікія ўзьлятаюць.

175

Лебедзі лятуць за сонцам,
узьлятаюць чарадзеі —
мудры сьвету пазьбягае,
перамогшы войска Мары.

178

Чым адзін валодаць сьветам,
чым патрапіць на нябёсы,
чым камандаваць Зямлёю —
лепей Увайсьці ў Цячэньне.*

*Г. зн. дасягнуць першай стадыі прасьвятленьня.

"Дхаммапада" па-беларуску на Ютуб:

 

Спадабаўся матэрыял? Прапануем пачытаць:

Пераклад:
Макс Шчур

Хто стрымае хвалю гневу,
быццам воз неўтаймаваны,
вазаком заву такога!
Рэшта — проста лейцы сьцяла.

Пераклад:
Макс Шчур

Мастацтва — толькі цень, як каровы ці гарбата —
пакіньце будучыню адкрытай, не прызначайце сустрэч, усё ўжо тут
з узыходам Месяцу й ціхай музыкай у памяці фанографа —
толькі падумайце, якое дзіва! хтосьці ўстае і проста ідзе па вадзе.

Пераклад:
Макс Шчур

Спрадвечны розгалас крыніц
з вышыняў вуха ловіць...
На іх пачатку бог стаіць —
сам вечны пачатковец.

Пераклад:
Макс Шчур

От, нішто сабе ўмалот!
Мне хапае ўзнагарод!
Вунь, шэсьць штук ужо й на сьпіне —
Я як елка ў Новы год!

Сунімаць чарговы раз
Шчыры гнеў народных мас
Для мяне няма карысьці:
Сам за зло трымай адказ!..

Недарэка зь недарэкаў — а як закукарэкаў! Злуецца цар, — ды паспрабуй, удар! Іншы стаў час, не даруюць абраз! Выйшаў цар з палаца, воўкам зірк — а на пляцы ўся чыста краіна пасьпела сабрацца!